nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

АБШАРЫ ЦЫВІЛІЗАЦЫЙ ЭЎРОПЫ (частка 2)

2 жніўня, 2010 | Няма каментараў

6. РЫСЫ ЦЫВІЛІЗАЦЫІ ЭЎРОПЫ

Цывілізацыя Эўропы сфармавалася ў выніку часапрасторавай трансфармацыі міжземнаморскай цывілізацыі пасьля падзеньня Рымскай імпэрыі, дакладней яе заходняй часткі.

1. Ёсьць найменш 900 гадоў хрысьціянскай традыцыі для абсалютнай большасьці сёньняшняй цывілізацыйнай Эўропы, апрача паўднёвага і ўсходняга ўзьбярэжжаў Эўропы, насельнікі якіх былі хрысьціянізаваныя пазьней (у XII – XIII стст.). Цывілізацыйная Эўропа ўключае каля паловы фізыка-геаграфічнае Эўропы акрамя Расеі, турэцкай Фракіі і паўночна-заходнай часткі Казахстану.

Для большасьці абшараў Паўднёвай Эўропы традыцыя хрысьціянства сягае аж у першыя стагодзьдзя нашай эры. Ніякі іншы рэгіён сьвету (паводле рэгіяналізацыі ААН) ня мае такой доўгай неперарванай хрысьціянскай традыцыі. Хрысьціянства распаўсюджвалася па фізыка-геаграфічнае Эўропе спачатку ў Рымскай імпэрыі пераважна з усходу на захад, а пасьля яе распаду — з поўдня на поўнач і паўночны-ўсход. Традыцыя хрысьціянства на паўднёвым і ўсходнім узьбярэжжах Міжземнага мора была перарвана араба-мусульманскай экспансіяй, а на Малой Азіі – цюрка-мусульманскай.  Толькі Пірынэі пасьля выгнаньня арабаў  былі дэіслямізаваны-рэхрысьціянізаваны. Хрысьціянскія каўказскія Грузія і Армэнія знаходзяцца па-за фіз.-геаграфічнай Эўропаю.

2. Раманізацыя барбараў на большай частцы захаду былой рымскай Рымскай імпэрыі пасьля яе падзеньня і найменш 900-1000 гадоў хрысьціянскай традыцыі для германскіх і славянскіх этнасаў.

3. Доўгая гістарычная традыцыя прыватнай уласнасьці (што сягае прынамсі ад сярэднявечча) ды йснаваньне ў сацыяльнай структуры насельніцтва ўплывовага сярэдняга клясу. Традыцыя аддзяленьня прыватнага права ад публічнага і наадварот, пераўтварэньня грамадзтва ў супольнасьць ды мясцовага самакіраваньня выключаюць татальны дэспатызм.

4. Традыцыя будовы супольнасьці зьнізу ўверх, г. зн. ад эліт ў сярэднявеччы і ад грамадзянскай супольнасьці ў найноўшы час. У іншых цывілізацыях мінулага грамадзтва будавалася зьверху ўніз, г. зн. арыентальна. Разьвітая грамадзянская супольнасьць узьнікла ў Эўропе і Паўночнай Амэрыцы. У іншых цывілізацыях яна або слаба разьвіта, або адсутнічае.

5. Найдаўжэйшая на сьвеце (сярод іншых цывілізацый) традыцыя прымату правоў асобы (чалавека) і шанаваньня асобы.

6. Традыцыя розных канцэпцый нацый (ад гістарычнай і грамадзянскай, да палітычнай і этнічнай. Каштоўнасьць нацыі і нацыяналізму.

7. Найбольш на сьвеце нацый і дзяржаў што належаць да ліку разьвітых і ўваходзяць у цэнтр сусьветнае эканамічна-палітычнае сыстэмы.

Паўночнаамэрыканскі цэнтр разьвітасьці абшарава большы, але толькі ў цывілізацыі Эўропы знаходзяцца абшары 20 дзяржаў, у якіх пражывае больш чым 400 млн. асоб, утвараючы найлюднейшы на сьвеце цэнтр эканамічна-палітычнай сыстэмы.

8. Традыцыя эўрапеідызацыі сьвету з часу вялікіх геаграфічных адкрыцьцяў.

9. Традыцыя эўрапейскай дэмакратыі (перанесеная ў Паўночную Амэрыку і Аўстралію).

10. Традыцыя эўрапейскай і эўраатлянтычнай інтэграцыі.

Толькі разам гэтыя рысы вылучаюць цывілізацыю Эўропы зь іншых цывілізацый.

Для Паўночнай Амэрыкі характэрны 1-я, 3-я і 10-я рысы, аднак паўночнаамэрыканская цывілізацыя існуе 300-200 год, адсюль некаторы прымітывізм (Z. Brzeziński), бо не хапае уласнай часапрасторава доўгай традыцыі.

7. ЦЫВІЛІЗАЦЫІ І АБШАРЫ (ЦЫВІЛІЗАЦЫІ І ФІЗЫКА-ГЕАГРАФІЧНЫЯ ЎМОВЫ)

Цывілізацыі шчыльна зьвязаны з абшарамі. Асобны абшар фармуе асобную цывілізацыйнасьць, але не заўсёды.

На востравах Мальта і Ірляндыя ўтварыліся лякальныя цывілізацыі (мальта-каталіцкая і кельта-каталіцкая), на востраве Вялікабрытанія – заходняе адгалінаваньне германа-пратэстанцкай, а востравы Ісляндыя, Сіцылія, Сардынія, Корсіка заселены толькі супольнасьцямі асобнымі этнічна, але не цывілізацыйна (германа-пратэстантамі і рамана-каталікамі).

Абшары эўрапейскіх паўвостраваў у большай ступені зьяўляюцца месцамі фармаваньня асобных цывілізацыйнасьцяў. Эўрапейскія Балканы прынялі найменш ак 9 цывілізацыйных супольнасьцяў: паўднёваславянскія славяна-праваслаўную, славяна-каталіцкую і славяна-мусульманскую; тры альбанскія: альбана мусульманскую, альбана-каталіцкую і альбана-праваслаўную; грэка-праваслаўную і цюрка-мусульманскую.

Абшары эўрапейскіх паўвостраваў заселены насельніцтвам:

1. Цывілізацыйна лякальным. Паўвостравы Брэтань (кельта-каталіцкая цывілізацыя), Уэлс (кельта-пратэстанцкая), Балканскі і Крым (цюрка мусульманская).

2. Цывілізацыйна сублякальным. Паўвостравы: Скандынаўскі, Ютляндыя (паўночнагерманская германа-пратэстанцкая цывілізацыя), Апэнінскі (апэнінская рамана-каталіцкая цывілізацыя), Пірынэйскі (пірынэйская рамана-каталіцкая), Балканскі.

Крыптазойскі балтыйскі шчыт гістарычна заселены этнасамі ўральскай сям’і, якіх замяшчалі паўночныя (скандынаўскія) германцы. Урала-язычніцкая цывілізацыя замяшчалася цывілізацыямі ўрала-каталіцкай і германа-каталіцкай. Апошнія ў час Рэфармацыі трансфармаваліся ў цывілізацыі ўрала-пратэстанцкую і германа-пратэстанцкую. Украінскі шчыт стаўся абшарам сутыкненья цывілізацый славяна-праваслаўнай і цюрка-мусульманскай (апошнія ўскраіны Эўропы, N. Davies, 2004), у выніку якога славяна-праваслаўны элемэнт перамог. Найвышэйшыя геалягічныя і араграфічныя структуры ў цывілізацыйнай Эўропе: Альпы, Пірынэі, Карпаты (найперш паўднёвыя) служаць хутчэй натуральным бар’ерам, які аддзяляе розныя цывілізацыі. На поўдні ад Пірэнэй жывуць ібэрыйскія рамана-каталікі, а на поўначы – заходнеэўрапейскія. Паўднёвыя сьхілы Альп заселены рамана-каталікамі з апэнінскага адгалінаваньня, а паўночныя і ўсходнія – германа-каталікамі.

Наадварот, у вялікай ступені дэнудаваныя каляданіды і герцыніды ня могуць быць бар’ерам што аддзяляе розныя цывілізацыйныя супольнасьці. Так, рамана-каталікі жывуць на паўночна-заходніх сьхілах гор Юра ў Францыі, а рамана-пратэстанты – на паўднёва-усходніх у Швэйцарыі.

Германа-пратэстанты распаўсюдзіліся на нямецкіх нізінах, а на паўднёванямецкіх узвышшах жывуць германа-каталікі (ніжнія і верхнія немцы). Продкі вугра-каталікоў і ўрала-пратэстантаў (мадзьяры) засялілі Сярэднедунайскую нізіну выцесьніўшы адтуль славян.

Надзвычай дыфэрэнцавана ўсходняе ўзьбярэжжа Батніцкага заліву і Балтыйскага мора (урала-пратэстанцкая, балта-пратэстанцкая і балта-каталіцкая цывілізацыі).

Аднак рэкі часьцей злучаюць розныя цывілізацыі. Дунай і Рэйн – вялікія германа-каталіцкія рэкі, Эльба і Везэр – германа-пратэстанцкія. Той жа Дунай зь Цісаю – вугра-каталіцкія, а на берагох Дняпра жывуць славяна-праваслаўныя. Славяна-каталіцкая цывілізацыя фармавалася ў басэйнах Віслы, Одры, Нёману, Дравы і Савы.

Нутраныя воды ў эўрапейскіх берагоў (моры, залівы, пралівы) аддзяляюць і злучаюць цывілізацыйныя абшары. На ўзьбярэжжах Балтыйскага мора і Батнічнага заліву жывуць германа-пратэстанты і фіна-пратэстанты, балта-каталікі і славяна-каталікі, а таксама балта-пратэстанты. Аналягічна Адрыятычнае мора аддзяляе рамана-каталікоў ад славяна-каталікоў, альбана-мусульман і грэка-праваслаўных. Так жа эўрапейскія берагі Чорнага мора заселены рамана-, славяна-праваслаўнымі і, нават, цюрка-мусульманскімі насельнікамі.

Заходняя частка Міжземнага мора (апрача афрыканскага ўзьбярэжжа) лучыць рамана-каталікоў аж трох цывілізацыйных адгалінаваньняў, а Нарвежскае і Паўночнае моры – трансгермана-пратэстанцкія.

Вялікія рэкі Эўропы (Рэйн і Дунай) да IV ст. н. э. аддзялялі Рымскую імпэрыю (Imperium Romanum) ад барбараў (Barbaricum) (J. Bański, 2008). Доўгія часы мяжа паміж Аўстра-Вугорскай і Асманскай імпэрыямі сягала па рэках Дунаю і Саве. Пасьля дэасманізацыі Балкан фарватэр Дунаю аддзяляе рамана-праваслаўную цывілізацыю ад славяна-праваслаўнай (румынска-баўгарская мяжа).

Аддзяляючыя і злучаючыя функцыі зьнешніх і нутраных вод зьмяняюцца часапрасторава. Напрыклад, да выгнаньня грэкаў з Малой Азіі Эгейскае мора злучала грэка-праваслаўную цывілізацыю, з часоў старажытнай Грэцыі служачы грэкам як нутраны басэйн. У наш час Эгейскае мора аддзяляе грэка-праваслаўную цывілізацыю ад цюрка-іслямскай.

У старажытнасьці Міжземнае мора надзейна інтэгравала міжземнаморскую цывілізацыю, паколькі падарожжа тагачаснымі караблямі (дзякуючы ветразям, мускульнай сіле рабоў) было найхутчэйшым і найэфэктыўнейшым. Пасьля іслямізацыі Блізкага Ўсходу, поўначы Афрыкі і Малой Азіі мора падзяліла розныя плянэтарныя цывілізацыі (хрысьціянскую і мусульманскую).

Уэльс даўно страціў незалежнасьць на карысьць Ангельшчыны, але да Рэфармацыі канал. Сьв. Юрыя злучаў кельта-каталікоў валійцаў і ірляндыйцаў. Пасьля пратэстантынізацыі валійцаў сталі дамінаваць цывілізацыяпадзелавыя працэсы, бо чыньнік рознасьці рэлігій быў надзвычай важным.

8. ЦЫВІЛІЗАЦЫІ І РЭЛІГІІ, КАНФЭСІІ, ВЕРАВЫЗНАНЬНІ

Рэлігія зьяўляецца адной з найважнейшых рыс цывілізацыі. Рэлігійны сьветагляд самы старажытны і стабілізаваны ў часапрасторы. Іншыя сьветагляды: этнічныя, нацыянальныя, ідэалягічныя, глябалістычны і г. д. узьніклі пазьней гістарычна, а таксама падвяргаліся частым зьменам і трансфармацыям. Як цывілізацыя Эўропы, так і яе драбнейшыя цывілізацыі сфармаваліся пад уплывам хрысьціянства і яго напрамкаў: каталіцтва (рыма- і грэка-), праваслаўя і пратэстантызму.

Сьветагляд эўрапейцаў і цывілізацыя Эўропы шчыльна зьвязаны з хрысьціянствам рэлігійным сьветаглядам і маральнымі каштоўнасьцямі. Больш за тое, сярэднявечнае чалавецтва, як правіла, ня ведала рэлігійнай талерантнасьці. За пераход з адной рэлігіі ў іншую асоба магла быць пакарана, а, найперш, асуджана тагачаснай грамадзкай думкай. Таму цэлыя супольнасьці праз доўгія соткі гадоў захоўвалі тую ці іншую рэлігію. Эпохі масавага пераходу ў іншыя рэлігіі (хрысьціянізацыя, іслямізацыя, Рэфармацыя, вуніятызацыя), навяртаньня на былую рэлігію (Контррэфармацыя, пераход вуніятаў у праваслаўе, рэхрысьціянізацыя іслямізаваных) — хутчэй выключэньне. Тое часта суправаджалася рэлігійнымі войнамі. Больш за тое, нельга было мець падвойную ці патройную рэлігійную сьвядомасьць (індэнтыфікацыю) быць каталіка-праваслаўным, ці вуніята-ісляма-каталіком, або кальвінісцкім юдэем).

Толькі ў некаторых выпадках рэлігійная сьвядомасьць можа быць у побыце падвоенай (праваслаўнымі-каталікамі адчувае ў побыце сябе частка вуніятаў (грэка-каталікоў) Галіцыі). Такі народны канфэсіёнім „праваслаўны-каталік” хіба што выключэньне з правілу.

Рэлігіі (хрысьціянства, іслям, юдаізм, будызм), канфэсіі (каталіцтва, праваслаўе, пратэстантызм, шыізм, сунізм і г. д.), веры (рымска-каталіцкая, грэка-каталіцкая, лютэранская, эвангельская і г. д.).

9. ЦЫВІЛІЗАЦЫІ І ЭТНАСЫ, НАРОДЫ

Тэарэтычна кожны этнас можа несьці ў сябе арыгінальную цывілізацыйнасьць. Практычна этнас можа быць арыгінальным цывілізацыйна, калі ён нясе ў сябе найперш арыгінальную рэлігійнасьць/канфэсійнасьць.

Герархія этнасаў.

1. Індаэўрапейцы, уральцы, каўказцы – матаэтнас.
2. Заходнія індаэўрапейы (раманцы+германцы+кельты), сярэднія (балты+славяны) – сумакраэтнас.
3. Славяны, балты – макраэтнас.
4. Усходнія славяны, заходнія славяны – мезаэтнас.
5. Беларусы, украінцы, палякі, летувісы – уласна этнас.
6. Палешукі, маравы, жамойты, латгалы, кашубы – мікраэтнас.
7. Заходнія палешукі, сярэднія палешукі (пінчукі) – нанаэтнас.

Абшаравыя суадносіны этнас/цывілізацыя бываюць наступнымі:

1. Мікраэтнас – носьбіт арыгінальнай цывілізацыйнасьці. Напр., ніжнія сэрбы-лужычаны – славяна-пратэстанты.
2. Большасьць уласна этнасу – носьбіты асобнай цывілізацыйнасьці. Вугры – каталікі.
3. Уласна этнас носьбіт іншай цывілізацыйнасьці. Мальтыйцы – каталікі.
4. Два ўласна этнасы і мікраэтнас – носьбіты асобнай цывілізацыйнасьці. Фіны+эстонцы+усходнія вугры – урала пратэстанты.
5. Большая частка мезаэтнасу, або амаль увесь мезаэтнас – носьбіт уласнай цывілізацыйнасьці. Заходнія славяны – традыцыйныя славяна-каталікі, а ўсходнія – славяна-праваслаўныя.
6. Большая частка макраэтнасу – носьбіт арыгінальнай цывілізацыйнасьці. Напр., большая частка раманцаў – традыцыйныя каталікі (рамана-каталіцкая цывілізацыя), а ўсходнія раманцы (румыны і малдаваны) – праваслаўныя (рамана-праваслаўная цывілізацыя). Большая частка германцаў – традыцыйныя (з часоў Рэфармацыі) пратэстанты (германа-пратэстанцкая цывілізацыя), а частка паўднёвых германцаў – каталікі (германа-каталіцкая цывілізацыя).

Суадносіны цывілізацыя/этнас. Цывілізацыі:

І. Монаэтнічныя.

1. Мікрамонаэтнічныя, г. зн. уключаюць частку этнасу. Альбана-каталіцкая, альбана-праваслаўная, урала-праваслаўная (у цывілізацыйнай Эўропе толькі эстонцы-сэту).

2. Амаль монаэтнічныя, ахопліваюць большую частку этнасу. Вугра-каталіцкая, альбана-мусульманская, балта-пратэстанцкая.

3. Уласна монаэтнічныя, зьядноўваюць увесь уласна этнас. Мальта-каталіцкая, цюрка-праваслаўная (гагаузы), баска-каталіцкая, славяна-пратэстанцкая, кельта-пратэстанцкая.

4. Надмонаэтнічныя, інтэгруюць ўвесь уласна этнас і частку іншага ўласна этнасу, г. зн. мікраэтнас.

ІІ. Біэтнічныя.

1. Мікрабіэтнічныя, уключаюць дзьве часткі этнасаў. Славяна-вуніяцкая (у ХХ ст. частка ўкраінцаў і беларусаў), рамана-пратэстанцкая (частка французаў і частка франка-швэйцарцаў).

2. Уласна біэтнічныя. Уключаюць два ўласна этнасы. Рамана-каталіцкая (румыны, малдаваны), брытанская германа-пратэстанцкая (ангельцы, шатляндыйцы).

3. Надбіэтнічныя. Урала-пратэстанцкая (фіны, эстонцы апрача эстонцаў-сету, частка вуграў).

ІІІ. Поліэтнічныя.

1. Мікраполіэтнічныя. Эўрапейская цюрка-мусульманская (крымскія татары, татары, туркі Баўгарыі, баўгары-мусульманы і іншыя).

2. Уласна поліэтнічныя. Пірынэйская рамана-каталіцкая, заходнеэўрапейская рамана-каталіцкая, апэнінская рамана-каталіцкая, паўночнагерманская германа-пратэстанцкая, славяна-праваслаўная.

3. Надполіэтнічныя. Рамана-каталіцкая, германа-пратэстанцкая, славяна-каталіцкая.

10. ЦЫВІЛІЗАЦЫІ Й ДЗЯРЖАВЫ

Цывілізацыйны падзел чалавецтва ў некаторых выпадках супадае з падзелам на гаспадарствы, у т. л. дзяржавы. Межы толькі некаторых дзяржаў у агульных рысах супадаюць зь межамі аднайменных цывілізацый, напр. Грэцыя, Расея, Вугоршчына, Ірляндыя. Аднак больш мільёна грэкаў, мільёны расейцаў, вугорцаў, ірляндыйцаў складаюць значныя, у т. л. сканцэнтраваныя супольнасьці ў іншых дзяржавах, найперш суседніх.

Іншыя цывілізацыі зьмяшчаюцца ў асноўным у межах двух дзяржаў, напрыклад рамана-праваслаўная — Румыніі і Малдовы. Большасьць – на абшарах трох і больш. Яскравы прыклад – германа-пратэстанцкая (большая частка Нямеччыны, Швэцыя, Нарвэгія, Данія, Ісляндыя, Вялікабрытанія).

Абшаравыя суадносіны цывілізацыі/дзяржавы наступныя:

1. На абшарах усіх колькасна вялікіх цывілізацый Эўропы (рамана-каталіцкай, германа-пратэстанцкай, германа-каталіцкай, славяна-каталіцкай, славяна-іправаслаўнай) знаходзяцца тры і больш дзяржаў.

У Эўропе многія дзяржавы мона-, або пераважна монацывілізацыйныя. Рамана-каталіцкія – Партугалія (94% партугальцаў рамана-каталікоў), Гішпанія (96% рамана-каталікоў, выключэньне складаюць баскі-каталікі), Андора (94% рамана-каталікоў), Манака (90%), Італія (98%), Францыя (76% за выняткам баскаў- і кельтакаталікоў брэтонцаў), Сан-Марына (90%). Германа-пратэстанцкія – Швэцыя (86% германа-пратэстантаў), Нарвэгія (90%), Данія (90%), Ісляндыя (97%), Вялікабрытанія (72%, выкл. кельтакаталікі ірляндыйцы Ольстэру). Германа-каталіцкія – Аўстрыя (85%), Ліхтэнштэйн (83%), Люксэмбург (95%). Славяна-каталіцкія – Польшча (91%), Чэхія (39%, 40%), Славаччына (60%), Славенія (82%), Харватыя (77%). Славяна-праваслаўныя – Беларусь (60%), Украіна, Сэрбія, Чарнагорыя, Македонія (67%), Баўгарыя (80%).

Больш за тое, прадстаўнікі колькасна вялікіх цывілізацый зьяўляюцца значнымі аўтахтоннымі супольнасьцямі ў іншых дзяржавах (германа-пратэстанты ў Швэйцарыі, Нідэрляндах; германа-каталікі ў Нямеччыне, Нідэрляндах, Швэйцарыі, Францыі; рамана-каталікі ў Швэйцарыі, Бэльгіі; славяна-каталікі ў Беларусі, Босьніі і Герцэгавіне, Украіне, Летуве; славяна-праваслаўныя ў Малдове, Босьніі і Герцэгавіне і г. д.).

2. Абшары трох цывілізацый Эўропы (фіна-пратэстанцкай, рамана-праваслаўнай і альбана-мусульманскай ) уключаюць у сябе па дзьве дзяржавы.

Іншыя мона- ці пераважна монацывілізацыйныя дзяржавы фінапратэстанцкія – Фінляндыя (85%) і Эстонія (78%), рамана-праваслаўныя – Румынія (87%) і Малдова (80%) і альбанска-мусульманскія Альбанія ды Косава.

3. Нарэшце трэцяя група монацывілізацыйных дзяржаў цывілізацыйна ўнікальныя – Вугоршчына (63%), Грэцыя (92%), Ірляндыя (95%), Летува, г. зн. адпаведна вугра-каталіцкая, грэка-праваслаўная, кельта-каталіцкая і балта-каталіцкая.

Абшары трох цывілізацый (вугра-каталіцкай, грэка-праваслаўнай і кельта-каталіцкай, альбанскай) у асноўным супадаюць з абшарамі пэўных дзяржаў, уключаючы часткі абшараў іншай (-ых). Аднак пэўная колькасьць аўтахтонных вугра-каталікоў, грэка-праваслаўных і кельта-каталікоў і балта-каталікоў пражываюць у іншых дзяржавах, зьяўляючыся там значнымі аўтахтоннымі супольнасьцямі (вугры ў Сямігорадзе, Закарпацьці, Ваяводзіне; грэкі на Кіпры; ірляндыйцы ў Паўночнай Ірляндыі, брэтонцы ў Францыі; летувісы ў Беларусі і Польшчы, а латгалы — ў латвійскай Латгаліі).

4. Абшар мальційска-каталіцкай цывілізацыі цалкам супадае з абшарам Мальты.

5. Абшар балта-пратэстанцкай і славяна-мусульманскай цывілізацый супадае з большай часткай Латвіі (за выключэньнем традыцыйна балта-каталіцкай Латгаліі) ды Босьніі і Герцэгавіны (за выключэньнем сэрбскіх і харвацкіх частак дзяржавы).

6. Нарэшце, абшары колькасна найдрабнейшых цывілізацый ўключаюць пэўныя часткі дзяржаў. Баска-каталіцкая – невялікія часткі Францыі і Гішпаніі; альбана-праваслаўная і альбана-каталіцкая – часткі Альбаніі; турка-праваслаўная – частку Малдовы (Гагаузія); славяна-пратэстанцкая – частку Нямеччыны (сорбы-лужычаны пратэстанты); цюрка-мусульманская, акрамя турэцкай Фракіі, частку ўкраінскага Крыма, Баўгарыі.

Біцывілізацыйныя дзяржавы Эўропы: Бэльгія (германа-каталікі флямандцы і рамана-каталікі валёны), Швэйцарыя (рамана-каталікі франка- і італашвэйцарцы, ды германа-каталікі германа-швэйцарцы), Нідэрлянды (германа-пратэстанты і германа-каталікі). Трыцывілізацыйная – Босьнія і Герцэгавіна (славяна-пратэстанты басьнійцы, славяна-праваслаўныя сэрбы, славяна-каталікі харваты).

Кожная з цывілізацый Эўропы гістарычна старэйшая за сучасныя  дзяржавы.

11. ЦЫВІЛІЗАЦЫІ І МОВЫ

Насельніцтва большасьці цывілізацый Эўропы камунікуецца ў аўтантычных для цывілізацый мовах (германскіх, раманскіх, славянскіх, балтыйскіх і г. д.). Аднак прадстаўнікі кельта-каталіцкай, кельта-пратэстанцкай; баска-каталіцкай; усходнеэўрапейскай славяна-праваслаўнай; славяна-пратэстанцкай цывілізацый білінгвістычныя. Кельты (ірляндыйцы і валійцы) акрамя кельцкіх моў хутчэй лепш валодаюць ангельскай, брэтонцы – французскай. Баскі размаўляюць як па-баскску, так па-гішпанску і па-французску (у Францыі), а украінцы і беларусы ведаюць акрамя ўкраінскай і беларускай моў – расейскую. Тое зьвязана з цывілізацыйнай асіміляцыяй (германа-пратэстанцкай, рамана-каталіцкай, эўразійскай).

Суадносіны: цывілізацыя – літаратурныя мовы.

1. Шматмоўныя цывілізацыі. Найбольш літаратурных моў стварыла германа-пратэстанцкая цывілізацыя. Апрача сусьветнай ангельскай і найбольш распаўсюджанай у Эўропе нямецкай моў, атрымалі літаратурнае афармленьне (кадыфікацыю) і распаўсюджаньне як нацыянальныя мовы галяндыйская з фляндрыйскай вэрсіяй, люксэмбуржская, швэдыйская, дацкая, дзьве вэрсіі нарвэгійскай: букмол ды нюнорск, ісляндыйская, фарэрская, фрызская.

У Рымскай імпэрыі адбываўся працэс раманізацыі мясцовых этнасаў на абшарах Міжземнамор’я – г. зн. рымскай моўнай, культурніцкай і этнічнай асіміляцыі. Аднак лацінская моўная норма не дапускала іншых кадыфікацый. Толькі пасьля падзеньня Заходняй Рымскай імпэрыі і наплыву на яе абшары варвараў ды іх перамяшаньня з раманізаваным насельніцтвам ды лацінізацыі на аснове мясцовых дыялектаў утварыліся раманскія мовы. У рамана-каталіцкім сьвеце меньш літаратурных моў чым у германа-пратэстанцкім: французская, італійская, гішпанская і партугальская пануюць, а каталёнская, галісійская, сіцылійская, сардынійская, карсіканская, мова рэтрараманцаў Швэйцарыі маюць рэгіянальнае значэньне. Латынь ужываецца найперш каталіцкім касьцёлам, у фармацэўтыцы, сыстэматыцы біёты і г. д.

2. Трохмоўныя цывілізацыі. Урала-пратэстанцкая (фінская, эстонская і вугорская мовы).

3. Двумоўныя цывілізацыі. Балты-каталікі карыстаюцца летувіскай і латыскай мовамі, у Жамойціі вядома літаратурная кадыфікацыя жамойцкай мовы (гл. артыкулы ў Vikipedia).

4. Монамоўныя цывілізацыі. Балты-пратэстанты Латвіі карыстаюцца латышскай мовай, а вугра-каталікі – вугорскай, мальта-каталікі – мальційскай.

Супольнай літаратурнай нормай эліт цывілізацыі Эўропы ў сярэднявеччы была мёртвая на той час латынь. Супольныя літаратурныя нормы (латынь і стараславянска-царкоўнаславянская) злучалі заходнеэўрапейскую і ўсходнеэўрапейскую цывілізацыі.

12. ЦЫВІЛІЗАЦЫІ І ГЕАПАЛІТЫЧНЫЯ АРЫЕНТАЦЫІ

Пошукі карэляцыі паміж цывілізацыямі і геапалітычнымі арыентацыямі справа няўдзячная, але…

У Эўрапейскім Зьвязе абшарава, дэмаграфічна і гаспадарча-палітычна пераважае германа-пратэстанцкая цывілізацыя. Таму зьвяз паміж германа-пратэстантамі Эўропы і германа-пратэстантамі Паўночнае Амэрыкі выглядае натуральна. Адсюль канструкцыя НАТО – трывалая, бо будуецца на аднолькавым цывілізацыйным падмурку.

Пасьля Рэфармацыі ў цывілізацыйнай Эўропе пратэстанцкія супольнасьці перамаглі Гішпанію й Партугалію гаспадарча, стварылі звышдзяржавы: Галяндыю, Швэцыю, Вялікую Брытанію. Толькі рамана-каталіцкая Францыя вынікова спаборнічала з германа-пратэстантамі. Каталіцкія супольнасьці сталі паўпэрыфэрыяй (за выкл. Францыі, бэльгійскіх валёнаў і іншых насельнікаў ААНаўскай Заходняй Эўропы, паўночных італійцаў, гішпанскіх каталёнцаў), а праваслаўныя – пэрыфэрыяй (выкл. грэкі і ў некаторай ступені румыны і баўгары) цывілізацыі Эўропы.

У канцы ХІХ – першай палове ХХ ст. германа-пратэстанты (Нямеччына, Вялікабрытанія, і, у меньшай ступені – ЗША) спаборнічалі між сабой за ўплывы на плянэце (паводле досьведу двух сусьветных войнаў), а ў другой палове ХХ ст. эліты былых ворагаў сталі прыхільнікамі эўрапейскае і эўраатлянтычнае інтэграцыі. НАТО і de facto задзіночаная Заходняя Эўропа ўзору другой паловы ХХ ст. – найперш супольны праект германа-пратэстанцкай, рамана-каталіцкай і германа-каталіцкай цывілізацый. З 1999 і 2004 гадоў чацьвёртым слупом НАТО і Эўрапейскага Зьвязу стала славяна-каталіцкая цывілізацыя.

Вышаградзкая група дзяржаў  (Польшча, Чэхія, Славаччына, Вугоршчына) – стратэгічны праект славяна-каталіцкай і вугра-каталіцкай цывілізацый.

У сучаснай Эўропе супрацоўнічаюць паміж саброй дзяржавы БэНіЛюксу, Балтыі, скандынаўскія, раманскія і іншыя, ствараючы праекты паводле цывілізацыйнай блізкасьці.

13. ЦЫВІЛІЗАЦЫЙНАЯ ІДЭНТЫФІКАЦЫЯ

Ідэнтыфікацыя родавая і плямённая гістарычна ранейшая ад ідэнтыфікацыі народнаснай і нацыянальнай. Рэлігійная індэнтыфікацыя ранейшая ад нацыянальнай. У этнасаў, якія недастаткова пераўтварыліся ў нацыю, можа выступаць разам з нацыянальнаю і, нават, дамінаваць.

Напрыклад праваслаўныя паўдзённай Беласточчыны ідэнтыфікуюць сябе як „руськія”. Тое зьяўляецца не нацыёнімам, бо няма нічога цывілізацыйна агульнага паміж беластачанамі і расейцамі, а  канфэсіёнімам (сынонім праваслаўныя), архаічнай народнаснай ідэнтыфікацыяй (эўрапейская Русь у складзе ВКЛ) і, вядома ж, — цывілізацыёнімам (нашчадкі эўрапейскай усходнеславянскай цывілізацыі – Русі). Больш за тое, праваслаўныя „руськія” пры неабходнасьці побытава супрацьстаўляюць сябе лацінікам-каталікам (палякам), а ўбачыўшы расейцаў разумеюць, што тыя – не свае, а “іншыя руськія”.

Вядомы на першы погляд кур’ёзны выпадак, пры якім пасля прыезду беластоцкага „руськага” з Гішпаніі яго родныя ды знаёмыя запыталі, хто такія гішпанцы – руськія ці палякі. Пачуўшы, што гішпанцы гэта палякі – усе ўсё зразумелі…  Жанчына з паўдзённага-усходу Падляшша пасьля паездкі ў Румынію паведаміла, што румыны ніякія не палякі, а руськія. Усё зразумела… Гішпанцы – палякі, а румыны – руськія (чытайце гішпанцы – каталікі, а румыны – праваслаўныя)!

Аналягічна на данацыянальным этапе засталася частка русінаў, паколькі дыялектнае адрозьненьне ад асноўнага масіву ўкраінцаў ды запозьненае ўкраінскае нацыятварэньне ў Карпатах спрыяла шырокаму ўжываньню цывілізацыёніму “русін” – “руські” дзеля самаідэнтыфікацыі. Тое выкарыстоўвае Расея дзеля стварэньня ў Закарпацьці абшару палітычнага сэпаратызму.

Цывілізацыёнімы часта карэлююцца з этнонімамі, канфэсіёнімамі, харонімамі, палітонімамі. Усім вядомы сучасныя этнонім і палітонім „поляк”, што атаясамліваюцца з сучаснай польскай заходнеславянскай нацыяй і сучаснай польскай дзяржавай. Гістарычна на абшарах былых усходніх ўскраін першай і другой Рэчы Паспалітых „паляк” функцыянаваў як канфэсіёнім, г. зн. сынонім каталік, палітонім – падданы польскай дзяржавы, а нават выступаў дзеля адзначэньня высокага шляхоцкага стану (“шляхоцкі польскі народ”). Нарэшце „паляк” выступаў як цывілізацыёнім, г. зн. абазначаў належнасьць асобы да лацінскай цывілізацыі, славяна-каталіцкай цывілізацыі. Таму этнічныя ўсходнія балты (продкі сучасных летувісаў) і ўсходнія славяны (продкі беларусаў) тады называлі сябе палякамі.

Беларус выступае як этнонім і нацыёнім.

14. ЦЫВІЛІЗАЦЫІ ЭЎРОПЫ Ў СУСЬВЕТНАЙ ЭКАНАМІЧНА-ПАЛІТЫЧНАЙ СЫСТЭМЕ

1. Абшары цывілізацый: германа-пратэстанцкай (акрамя тэрыторыі былой НДР/ГДР, Ляпляндыі на поўначы Швэцыі і Нарвэгіі), германа-каталіцкай, кельта-каталіцкай, кельта-пратэстанцкай, рамана-пратэстанцкай, баска-каталіцкай, частка абшараў цывіліцацый: рамана-каталіцкай (Францыя,Фляндрыя, Манака, Андора, Сан-Марына, поўнач Італіі, паўночна-усходняя частка Гішпаніі, г. зн. найперш Кaталёнія і Краіна Баскаў), урала-пратэстанцкай карэлююцца з абшарамі цэнтру сусьветнай эканамічна-палітычнай сыстэмы.

2. Частка абшараў рамана-каталіцкай цывілізацыі (Партугалія, Гішпанія акрамя паўночнага-усходу, поўдзень Італіі, Сіцылія, Сардынія, Корсіка), цывілізацыі: грэка-праваслаўная, славяна-каталіцкая, вугра-каталіцкая, рамана-праваслаўная Румынія, славяна-праваслаўная Баўгарыя, балта-каталіцкая, балта-пратэстанцкая, урала-пратэстанцкая (Эстонія, поўнач Фінляндыі) зьяўляюцца эўрапейскай паўпэрыфэрыяй (сэміпэрыфэрыяй).

3. Абшары цывілізацыі эўрапейскай славяна-праваслаўнай апрача Баўгарыі, альбана-мусульманскай, альбана-каталіцкай, альбана-праваслаўнай, славяна-мусульманскай і рамана-праваслаўная Малдова з Прыднястроўем, цюрка-праваслаўная Гагаузія утварылі абшарары эўрапейскай пэрыфэрыі.

15. ЦЫВІЛІЗАЦЫЙНЫЯ МЕЖЫ

Цывілізацыйныя межы супадаюць з палітычныі, этнічнымі, канфэсійнымі, прыроднымі і іншымі межамі. Аднак ня кожная палітычная, этнічная, канфэсійная і прыродная мяжа можа быць цывілізацыйнай мяжою. Больш таго, цывілізацыйныя супольнасьці твораць мяшаныя абшары, г. зн. абшары на якіх пражывае насельніцтва двух і больш цывілізацый, а таксама анклавы, г. зн. абшары ў якіх распаўсюджаны насельнікі адной цывілізацыі ў акружэнньні прадстаўнікоў іншай(-ых) цывілізацыі(-ый). Напрыклад, баска-каталікі жывуць у атачэньні рамана-каталікоў, а славяна-мусульманы ў атачэньні славяна-праваслаўных і славяна-каталікоў (Босьнія і Герцэгавіна). Мяшаныя абшары, на якіх расьселены рэпрэзэнтанты дзьвюх і больш цывілізацый – сумежжы (Паўночная Ірляндыя або Ольстэр, паўночны-захад Беларусі), а каля цывілізацыйных межаў – памежжы (Фляндрыя і Валёнія).

Цывілізацыйныя межы бываюць:

1. Лінейныя, звычайна супадаюць зь існуючымі ці мёртвымі дзяржаўнымі межамі. На захадзе Эўропы, дзе дзяржаўныя межы ўсталяваліся даўно, шматвяковая ізаляцыя аўтахтоннага насельніцтва паступова прывяла да асіміляцыі цывілізацыйных меншасьцяў.

Так дзяржаўная мяжа паміж Гішпаніяй і Францыяй аддзяляе пірынэйскіх рамана-каталікоў ад заходнеэўрапейскіх, працінаючы каталёнскі этнас на большую пірынэйскую частку ў межах Гішпаніі ды Андоры і меньшую – заходнеэўрапейскую ў межах Францыі. Нямецка-дацкая дзяржаўная мяжа, увогуле, дыфэрэнцуе паўднёвых і паўночных германа-пратэстантаў, а французска-брытанская рамана-каталікоў і германа-пратэстантаў.  Лінейна аддзяляюцца германа-пратэстанты ад славяна-каталікоў за выключэньнем часткі сорбаў-лужычан у Нямеччыне. Толькі гэта найперш вынік высяленьня мільёнаў немцаў пасьля Другой сусьветнай вайны з былых Усходняй Прусіі, Памор’я і Сілезіі, а таксама з Чэхаславаччыны (пераважна з Чэхіі) у паваенныя НДР і ФРН.

2. Абшаравыя, звычайна супадаюць з сумежжамі і памежжамі. Шырокія цывілізацыйныя сумежжы і памежжы існуюць у Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе.

Тут пасьля Другой сусьветнай вайны не адбылося татальных высяленьняў славяна-каталіцкага насельныцтва зь Беларусі і Летувы (палякі і спольшчаныя), а таксама масавых высяленьняў і перасяленьняў эўразійскага насельніцтва (расейцы і зрасейшчаныя) пасьля распаду СССР з дзяржаў Балтыі, Беларусі, Украіны і Малдовы ў Расею. Аднак у час вайны ў Босьніі і Герцэгавіне адбыліся цывілізацыйныя чысткі і шырокія цывілізацыйныя сумежжы зьніклі. Абсалютная большасьць славяна-праваслаўных (сэрбы), славяна-каталікоў (харваты) і славяна-мусульман (басьнійцы) пражыаюць кампактна. Як адзначае П. Эбэрхардт (2009) вынікам этнічных (сынонім цывілізацыйных) чыстак у Босьніі і Герцэгавіне ў час вайны стала пацыфікацыя. Асобнае кампактнае пражываньне кожнай супольнасьці ды йснаваньне міжнародна прызнаных між імі адміністрацыйных лінейных межаў (нават ахоўваемых) у большай ступені дае магчымасьць пазьбегнуць вялікай басьнійскай вайны ў будучыні.

Асноўны напрамак эвалюцыі цывілізацыйных межаў – лінеізацыя, г. зн. усё большае супадзеньне зь дзяржаўнымі межамі, а сумежжаў і памежжаў – гомагенізацыя  (за кошт эміграцыі і асіміляцыі цывілізацыйных меньшасьцяў, іміграцыі насельніцтва цывілізацыйнай большасьці зь іншых абшараў уласнае дзяржавы). Цывілізацыйныя меньшасьці ў многіх дзяржавах  Эўропы зьнікаюць.

16. ТВАРЭНЬНЕ ЦЫВІЛІЗАЦЫІ ЭЎРОПЫ (ЭЎРАПЕІДЫЗАЦЫЯ ЭЎРОПЫ)

Этапы цывілізацыятварэньня Эўропы, або цывілізацыйнай эўрапеідызацыі заходняй часткі фізыка-геаграфічнай Эўропы.

І. Ад І ст. да дэградацыі Рымскай імпэрыі. Білатэрыльны падзел фізыка-геаграфічнай Эўропы на Imperium i Barbaricum, г. зн. на міжземнаморскі монатэістычны сьвет і барбарскі політэістычны, ці на цывілізаваныя поўдзень і захад ды барбарскія сярэдзіну, усход і поўнач, яшчэ раз засьведчыў, што да народзінаў Ісуса (Езуса) Хрыста ніякай цывілізацыі Эўропы не існавала [? – Рэд.].

Раньняя хрысьціянізацыя часткі будучай цывілізацыі Эўропы. У імпэрыі адбываліся тры працэсы:

1. Часапрасторавае пашырэньне імпэрыі.

2. Раманізацыя нераманскіх супольнасьцяў.

3. Раньняя хрысьціянізацыя.

Хрысьціянізацыя – увядзеньне ў нехрысьціянскіх супольнасьцях прынцыпаў веры і этычных норм паводле навукі Ісуса (Езуса) Хрыста, якія рэалізуюць яго наказ абвяшчэньня Евангельля ўсім народам.

Першыя асяродкі хрысьціян у Эўропе ўзьніклі ў Грэцыі і ў Рыме ў І ст. У ІV ст. абшары хрысьціянства: 1. Апенінскі (ад Рыму да Монтэ-Касіна). 2. Пірынейскі (ад Гіспалісу, або сучаснай Сэвільі, — да Кардубы, суч. Кардова). У ІІІ ст. каля 7-10% насельніцтва Цэзарства – хрысьціяны. Першыя стагодзьдзі хрысьціянізацыі адзначаюцца неталеранцыяй да хрысьціян. Пасьля Мілянскага эдыкту цэзара Канстанціна Вялікага (311 г.), які паскорыў разьвіцьцё хрысьціянства і з часоў Тэадозія Вялікага (380 г.), калі яно сталася дзяржаўнай рэлігіяй Цэзарства – назіраецца неталеранцыя ў дачыненьні да нехрысьціян.

ІІ. Ад дэградацыі Рымскай імпэрыі да ХІ ст. Трансфармацыя міжземнаморскага сьвету ў цывілізацыю Эўропы. Трансфармацыйныя працэсы:

1. Вялікае перасяленьне, або вандроўка народаў.

2. Раманізацыя і хрысьціянізацыя барбараў на абшарах былой Рымскай імпэрыі.

3. Хрысьціянізацыя барбараў, германскіх і славянскіх этнасаў па-за абшарамі былой Рымскай імпэрыі.

4. Іслямізацыя ўсходняга і паўднёвага ўзьбярэжжа Міжземнага мора.

5. Уварваньне араба-мусульман і іслямізацыя большай часткі Пірынэйскага (Ібэрыйскага) паўвостраву.

17. ЭЎРАПЕЙСКАЯ ЦЫВІЛІЗАЦЫЙНАЯ ЧАСАПРАСТОРА

Этапы разьвіцьця цывілізацыі Эўропы. Разьвіцьцё цывілізацыі Эўропы зьвязана з абаронай яе вонкавых межаў ад уварваньняў (араба-мусульманскага, мангольскага, цюрка-мусульманскага, эўразійскага), з вонкавай экспансіяй (эўрапеідызацыя сьвету), а таксама нутранай трансфармацыяй – дыфэрэнцыяцыямі асобных цывілізацый розных парадкаў унутры цывілізацыі Эўропы ды іх трансфармацыямі.

1. ІХ – ХІ стст. народзіны цывілізацыі Эўропы. Пасьля хрышчэньня заходніх славян (Чэхія – ІХ ст., Польшча – 966 г.), усходніх славян (Русь: Кіеў – 988 г., Полацак – 994 г.) і паўночных германцаў (ХІ ст.) абшары цывілізацыі Эўропы больш-меньш наблізіліся да сучасных. ХІ ст. – час канчатковых народзінаў цывілізацыі Эўропы, г. зн. эўрапейскай прасторы і часапрасторы. Цывілізацыя Эўропы зьяўляецца найперш абшаравай зьяваю. У ХІІ-ХІІІ ст. хрысьціянізаваліся фінскія і балцкія этнасы, а іх абшары належылі да пэрыфэрыі цывілізацыйнае Эўропы ў ХІ ст. Да вялікай схізмы 1054 г. у маладой цывілізацыі Эўропы дыфэранцаваліся наступныя цывілізацыі: рамана-хрысьціянская, германа-хрысьціянская, славяна-хрысьціянская, кельта-хрысьціянская, грэка-хрысьціянская, урала-хрысьціянская, баска-хрысьціянская, альбана-хрысьціянская, урала-паганская, балта-паганская, славяна-паганская (да хрышчэньня памаран і абодрыцаў у ХІІ ст.), германа-паганская (да хрышчэньня швэдаў, нарвэгаў і даччанаў у ХІ ст.).

2. Ад хрышчэньня паўночных германцаў (ХІ ст.) да Рэфармацыі (1517 г., ці ХVI ст.). Двухполюсная Эўропа. Пасьля вялікай схізмы частка хрысьціян каталіцызавалася, а іншая частка – праваславінізавалася. У ХІ ст. у цывілізацыйнай часапрасторы існавалі абшары наступных цывілізацый: рамана-каталіцкай, германа-каталіцкай, славяна-каталіцкай, славяна-праваслаўнай, балта-паганскай, урала-каталіцкай, урала-паганскай, кельта-каталіцкай, баска-каталіцкай, грэка-праваслаўнай, альбана-праваслаўнай, рамана-праваслаўнай, славяна-паганскай.

Перад рэфармацыяй у пачатку ХVІ ст. цывілізацыйны падзел Эўропы выглядаў наступна. Існавалі цывілізацыі: рамана-каталіцкая, германа-каталіцкая, славяна-каталіцкая, славяна-праваслаўная, рамана-праваслаўная, грэка-праваслаўная, альбана-праваслаўная, балта-каталіцкая, кельта-каталіцкая, баска-каталіцкая.

3. Ад Рэфармацыі-Контррэфармацыі – да эўрапейскай інтэграцыі.

Рэфармацыя – рэлігійны, тэалягічны і грамадзік рух у лоне заходнега касьцёла ў ХVІ – на пачатку ХVІІ ст., у выніку якога ўзьніклі эвангелісцкія цэрквы/касьцёлы, а ў далейшай перспэктыве – пратэстанцкія.

Пасьля выступу Марціна Лютэра 31.10.1517 г. у Вітэнбэргу спратэстантызаваліся: Княства Прусіі (стварыла ў 1525 г. першы ў сьвеце ўласны эвангелісцкі касьцёл), Каралеўства Швэцыі (1527), Каралеўства Англіі (1534), Каралеўства Шатляндыі (1534), Паморскае княства (1534), Каралеўства Нарвэгіі (1536), Каралеўства Даніі (1536), Электарат Саксоніі (1539), Электарат Брандэнбургіі (1539), Ісляндыя (1541).

Вынікам Рэфармацыі было:

1. Фармаваньне амаль блізкай да сучаснай канфэсійнай карты Эўропы з большымі абшарамі пратэстантызму, чым сучасныя. Білатэральны цывілізацыйны падзел Эўропы на каталіцкую і праваслаўную зьмяніўся трыма, а пасьля Берасьцейскай вуніі (1596 г.) чатырма падзеламі хрысьціянства: каталіцтва, праваслаўе, пратэстанцтва, вуніяцтва.

2. Прыняцьце рознымі этнічнымі супольнасьцямі Эўропы той ці іншай вэрсіі хрысьціянства ўтварыла новыя цывілізацыйныя супольнасьці: германа-пратэстанцкую, рамана-пратэстанцкую, славяна-пратэстанцкую, урала-пратэстанцкую, кельта-пратэстанцкую, балта-пратэстанцкую.

Пасьля Рэфармацыі цывілізацыйная часапрастора Эўропы выглядала наступным чынам. Рамана-каталіцкая, рамана-пратэстанцкая, рамана-праваслаўная, балта-каталіцкая, германа-каталіцкая, германа-пратэстанцкая,  славяна-каталіцкая, славяна-праваслаўная, славяна-пратэстанцкая, кельта-каталіцкая, кельта-пратэстанцкая, кельта-праваслаўная і альбана-праваслаўная цывілізацыі сфармавалі асобныя палітычныя супольнасьці.

Контррэфармацыя зьліквідавала ці зьменьшыла абшары многіх рамана-пратэстанцкіх і славяна-пратэстанцкіх супольнасьцяў і стабілізавала германа-пратэстанцкія супольнасьці. Большасьць абшараў кальвінісцкага касьцёлу ў Францыі і ў Польшчы зьнікла пасьля ліквідацыі кальвінізму. Па Контррэфармацыі мапа лацінскай цывілізацыі ў Эўропе наблізілася да сучаснай.

Прыняцьце Берасьцейскай вуніі было важным момантам, пасьля якога паступова былы праваслаўны ўсход Рэчы Паспалітай стаў вуніяцкім. Іслямізацыя пераважна праваслаўнага Балканскага паўвостраву ў складзе Асманскай імпэрыі прывяла да трансфармацыі ў асноўным славяна- і альбана-праваслаўных супольнасьцяў у славяна- і альбана-мусульманскія.

4. Час эўрапейскай інтэграцыі. Цывілізацыйнае разьвіцьцё Старага Сьвету мае наступныя рысы:

а) Вынікам адкрыцьця палітычных межаў паміж дзяржавамі стала інтэнсіфікацыя міграцыйных працэсаў унутры Эўропы. Нутрана, імігранты звычайна інтэгруюцца ў блізкую культуру іншай краіны, а ў пакаленьні х – асімілююцца. Галоўны нутрыэўрапейскі накірунак міграцыі – з усходу Старога Сьвету – на захад (з эўрапейскай пэрыфэрыі да паўпэрыфэрыі і цэнтру).

б)  Вынікам масавага наплыву ў Эўропу насельніцтва (імігрантаў) зь іншых плянэтарных цывілізацый стала канцэнтрацыя імігрантаў і іх нашчадкаў у найвялікшых аглямэрацыях, адсюль праблемы зь інтэграцыяй іншацывілізацыйных у эўрапейскія дэмакратычныя супольнасьці.

Краіны германа-пратэстанцкай і германа-каталіцкай цывілізацый найбольш прывабныя для імігрантаў (каля 14 млн. асоб). Так у Нямеччыне за 7,3 млн. асоб, або больш 9% супольнасьці – чужаземцы, а ў Вялікабрытаніі – за 3,5 млн. асоб, ці больш 6% насельніцтва. Больш чым 1 млн. 200 тыс. чужаземцаў жывуць у Галяндыі, а рамана- і германа-каталіцкая Бэльгія прыняла каля 1 млн. імігрантаў, што складае каля 10% ад агульнай колькасьці насельніцтва.

Традыцыйныя рамана-каталіцкія дзяржавы менш прываблівыя для імігрантаў. Аднак у Францыі кожны трэці француз мае продкаў-імігрантаў, а ў Гішпаніі за 800 тыс. чужаземцаў.

Найбольш імігрантаў з абшарава блізкіх да Эўропы араба-мусульманскай (з краін Магрыбу) і цюрка-мусульманскай (Турэччына).

Паводле даўжыні часапрасторы можна дыфэрэнцаваць наступныя групы цывілізацый:

1. З даўжынёй прасторы, параўнальнай з сучаснымі абшарама цывілізацыі Эўропы: рамана-каталіцкая, германа-каталіцкая, кельта-каталіцкая, баска-каталіцкая, славяна-праваслаўная, грэка-праваслаўная.

2. З даўжынёй часапрасторы 900-700 год: балта-каталіцкая.

3. З даўжыней прасторы ад хрысьціянізацыі да Рэфармацыі: мёртвыя сублякальныя заходнегермана-каталіцкая, фіна-каталіцкая і паўночнагермана-каталіцкая.

4. З даўжынёй часапрасторы ад Рэфармацыі: германа-пратэстанцкая, рамана-пратэстанцкая, урала-пратэстанцкая, кельта-пратэстанцкая, славяна-пратэстанцкая.

5. Ад Берасьцейскай вуніі: вуніяцкая.

6. Ад іслямізацыі Балкан: славяна-мусульманская, цюрка-мусульманская.

7. Ад пачатку эўрапейскай інтэграцыі: індуісцкая, далёкаўсходняя, будысцкая…

Мёртвыя цывілізацыі – цывілізацыі, якія існавалі ў Эўропе да ХХІ ст.

1. Да хрысьціянізацыі: кельта-паганская, германа-паганская, славяна-паганская, балта-паганская, урала-паганская. Зьніклі, трансфармаваўшыся ў хрысьціянскія.

2. Ад хрысьціянізацыі да Рэфармацыі: заходнегермана-каталіцкая, паўночнагермана-каталіцкая, фіна-каталіцкая. Трансфармаваліся ў пратэстанцкія.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы