nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

АБШАРЫ ЦЫВІЛІЗАЦЫЙ ЭЎРОПЫ (частка 3)

2 жніўня, 2010 | Няма каментараў

18. ЦЫВІЛІЗАЦЫЙНЫЯ КАНФЛІКТЫ Ў ЭЎРОПЕ

Цывілізацыйныя канфлікты ў гісторыі Эўропы – найнебясьпечнейшыя. Злучэньне абшараў, рэлігій, этнічнасьці, розных узроўняў разьвіцьця гаспадаркі, тыпаў натуральнага прыросту і іншых чыньнікаў дае небясьпечны эфэкт выбуху.

Магчымасьць міжнацыянальных і міждзяржаўных канфліктаў паміж прадстаўнікамі адной цывілізацыі (кастыльцы – каталёнцы, немцы — галяндыйцы, палякі – славакі, беларусы – украінцы і т. д.) непараўнальна меншая, чым магчымасьць вайны паміж асобнымі цывілізацыямі. Чым больш далёка знаходзяцца цывілізацыі ў вертыкальнай структуры (герархіі) і чым далей адна ад адной тэрытарыяльна і часапрасторава, тым менш агульных рыс у носьбітаў розных цывілізацыйнасьцяў (розныя пануючыя маралі, прававыя сыстэмы, быт і г. д.). Напрыклад, пасьля распаду камунізму і савецкай імпэрыі ня выбухнулі войны паміж сэрбамі і баўгарамі, харватамі і славенцамі, але забівалі адны іншых сэрбы і мусьліманы-басьнякі, харваты і басьнійцы, сэрбы і альбанцы – г. зн. войны адбываліся вакол мусульманскіх супольнасьцяў, бо хрысьціянская і мусульманская цывілізацыі – розныя плянэтарна. Больш за тое, балканскія іслямскія супольнасьці надзвычай маладыя, бо ўзьніклі толькі пасьля заваёваў туркамі-асманамі хрысьціянскіх народаў і іх іслямізацыі.

Сыстэматызацыя цывілізацыйных канфліктаў у Эўрапейскай часапрасторы.

А) У час цывілізацыйнай эўрапеізацыі  фізыка-геаграфічнае Эўропы.

І. Рымска-барбарскі. Да дэградацыі Рымскай імпэрыі. Паміж Рымскай імпэрыяй і барбарамі – г. зн. часткай фізыка-геаграфічнае Эўропы ў складзе Рымскай імпэрыі (цывілізаванай) і большай часткай Эўропы па-за царствам (барбарскай). Сфармалізаваны (Z. Rykiel’ем, 2006) у адзін з пастулятаў геапалітычнага кодэксу старажытнасьці: “Мы цывілізаваныя – яны барбары”. Паўночная мяжа імпэрыі была мяжой канфлікту, а зонай – памежныя абшары, на якія набягалі барбары.

ІІ. Хрысьціянска-паганскі. У час хрысьціянізацыі Эўропы. Паміж вызнаўцамі хрысьціянскага монатэізму і паганскага політэізму. Геапалітызаваны ў пастуляце: “Мы – хрысьціяны, а яны – паганцы”.

Б). У час разьвіцьця цывілізацыі Эўропы.

І. Хрысьціянска-паганскі. Трываў як пад час цывілізацыйнай эўрапеідызацыі фізыка-геаграфічнай Эўропы, так і ў час разьвіцьця Эўропы.

ІІ. Вонкавыя.

1. Паміж цывілізацыяй Эўропы і араба-мусульманскай цывілізацыяй.

2. Паміж цывілізацыяй Эўропы і цюрка-мусульманскай.

3. Паміж Эўропай і Расеяй.

ІІІ. Унутраныя.

1. Паміж заходнім і ўсходнім хрысьціянствам.

2. Паміж каталіцкім хрысьціянствам і пратэстанцкім.

3. Паміж вуніяцтвам і праваслаўем.

ІV. У час эўрапеідызацыі сьвету. У другой палове ІІ тыс. н. э. пад час экспансіі на іншыя кантынэнты.

Сучасныя патэнцыяльныя цывілізацыйныя канфлікты ў Эўропе.

І. Вакол цывілізацый на падмурку старажытных рэліктавых этнасаў:

1. Канфлікт паміж кельта-каталіцкай і германа-пратэстанцкай у Ольстэры.

2. Канфлікт паміж баска-каталіцкай і рамана-каталіцкай цывілізацыямі.

3. Паміж балта-каталіцкай цывілізацыяй і эўразійскай.

4. Паміж балта-пратэстанцкай цывілізацыяй і эўразійскай.

5. Паміж урала-пратэстанцкай і эўразійскай.

6. Вакол вугра-каталіцкай цывілізацыі.

7. Каля грэка-праваслаўнай.

ІІ. Балканскія. Канфлікты 7 і 8 можна аднесьці як да І, так і да ІІ тыпу, т.я. грэка-праваслаўная і альбана-мусульманская існуюць на аснове старажытных этнасаў і знаходзяцца на Балканах.

8. Паміж славяна-мусульманскай і славяна-каталіцкай цывілізацыямі.

9. Паміж славяна-мусульманскай і славяна-праваслаўнай.

10. Паміж славяна-каталіцкай і славяна-праваслаўнай.

ІІІ. Эўрапейска-эўразійскія. Канфлікты 3, 4, 5 можна далучыць да І і ІІІ тыпаў.

11. Паміж рамана-праваслаўнай і эўразійскай.

12. Паміж славяна-праваслаўнай і эўразійскай цывілізацыямі.

19. КАНФЛІКТАГЕННЫЯ АБШАРЫ

Найбольш абшараў, што знаходзяцца пад пагрозай цывілізацыйных канфліктаў у Эўропе ляжаць на Балканскім паўвостраве.

1. Паўночная Ірляндыя. Канфлікт паміж германа-пратэстантамі (ангельцамі і шатляндыйцамі) і кельта-каталікамі (ірляндыйцамі). Ірляндыйская Рэспубліканская Армія (ІРА). Тэрарызм.

2. Краіна Баскаў. Паміж баскамі-каталікамі і рамана-каталікамі. ЭТА. Тэрарызм.

3. Заходнія Балканы. Босьнія і Герцэгавіна, поўнач Косава, захад Македоніі. Войны ў Харватыі, Босьніі і Герцэгавіне, Косаве.

4. Прыднястроўе. Паміж рамана-праваслаўнымі малдаванамі і расейцамі ды зрасейшчанымі.

5. Крым. Паміж славяна-праваслаўнай (украінцамі), цюрка-мусульманскай (крымскімі татарамі) і эўразійскай (расейцамі ды зрасейшчанымі).

20. ЦЫВІЛІЗАЦЫЙНАЯ ЧАСАПРАСТОРА  БАЛТА-СЛАВЯНСКАГА ЭТНАСУ. ЦЫВІЛІЗАЦЫЯ ЭЎРОПЫ І ЦЫВІЛІЗАЦЫЯ ЭЎРАЗІІ

Паводле сучасных уяўленьняў балта-славянскі этнас сфараваўся ў ІІІ-V стст. у выніку прыходу славянскага насельніцтва на абшары дзе пражывалі балцкія аўтахтоны. У выніку славяны засімілявалі балтаў, сфармаваўшы балта-славянскія гаворкі. На паўночным-захадзе пераважаў балцкі элемэнт і адбывалася паступовая славянізацыя балтаў. Славяна-язычніцкая і балта-язычніцкая цывілізацыі.

Адзінства Русі ў ІХ – ХІІІ стст. было цывілізацыйным, а не дзяржаўным ды этнічным. Славяна-язычніцкая цывілізацыя пасьля хрышчэньня Русі ў Кіеве, Полацку ды Ноўгарадзе трансфармавалася ў славяна-хрысьціянскую, а пасьля расколу хрысьціянства ў 1054 г. – у славяна-праваслаўную. Хрысьціянізацыя і, асабліва, праваславінізацыя садзейнічалі асіміляцыі (славянізацыі) балтаў.

Дзяржаўныя лады раньнефэадальных супольнасьцяў Русі былі тыпава эўрапейскімі. Традыцыі народнага веча, наёму князя з дружынаю, супольнага вырашэнья праблем тагачаснымі элітамі, канкурэнцыі паміж групоўкамі эліт – тыповыя адзнакі палітычных сыстэм дзяржаўных утварэньняў тагачаснае цывілізацыі Эўропы. У фэадальнай амаль цалкам аграрнай Эўропе рэальную ўладу мелі не сяляне, а эліты фэадалаў. Дзяржавы кіраваліся ад эліт, г. зн. зь сярэдзіны ўніз і ўверх. Паводле формы дзяржаўнага кіраваньня рускія княствы былі абмежаванымі манархіямі.

Ва ўсходніх цывілізацыях тагачаснага сьвету (далёкаўсходняй, іслямскай) склаліся традыцыі кіраваньня зьверху ўніз, г. зн. абсалютовая манархія як форма дзяржаўнага кіраваньня. Паўнамоцтвы манарха не былі рэальна абмежаваны, што прыводзіла да азіяцкага дэспатызму. Азіяцкую дзяржаўніцкую традыцыю мангола-татары перанялі хутчэй ад кітайцаў.

Уважлівы картаграфічны параўнальны аналіз розных энцыкляпэдычных крыніц паказывае, што першасныя абшары Русі знаходзіліся ў верхнім і сярэднім басэйне Дняпра, басэйне Прыпяці як прытоку Дняпра, а таксама ў верхнім басэйне Дзьвіны, верхнім басэйне Нёмана, на левым узьбярэжжы Бугу, вакол паўночнай часткі Карпат.

Русь – саманазва карэннай супольнасьці Кіеўскай Русі, якая лякалізавалася на абшарах найперш сучаснай Кіеўшчыны. Калі нават прызнаць існаваньне адзінай Кіеўскай Русі, то ў ІХ – ХІ стст. яе сукупны абшар распаўсюджваўся на сёньняшнія цэнтральную і заходнюю Ўкраіну, большую частку Беларусі (акрамя паўночнага-захаду які быў заселены пераважна балта-язычнікамі), Ноўгарадчыну, Пскоўшчыну і на частку зямель пазьнейшай Масковіі, якія былі хутчэй ускраінамі Кіеўскай Русі. Прынамсі каля 2/3 часткі абшараў Кіеўскай Русі знаходзіліся на паверхнях сёньняшніх Украіны і Беларусі. У ІХ – ХІ стст. у сярэднім і ніжнім басэйне Волгі славянскія этнасы не жылі.

Пасьля мангола-татарскага нашэсьця Русь падзялілася на заходнюю, дзе, захаваліся эўрапейскія славяна-праваслаўныя цывілізацыйныя традыцыі, і ўсходнюю. Заходнюю Русь можна назваць уласна эўрапейскай Русьсю. Яна кансалідавалася ў складзе ВКЛ. На ўсходзе Русі працэсы цывілізацыятварэньня разьвіваліся ў іншым напрамку.

Амаль два з паловай стагодзьдзі рэальнай інтэграцыі этнічных усходніх славян і канфэсійных праваслаўных з дзяржаўнымі ўтварэньнямі пад кіраўніцтвам мангола-татар (пераважна вандроўных мангольскіх і цюркскіх этнасаў), кіраваных паводле азіяцкай дзяржаўніцкай традыцыі (абсалютная манархія з азіяцкім дэспатызмам), прывялі да забыцьця эўрапейскіх цывілізацыйных узораў усходнімі рускімі ды засваеньня азіяцкіх. Паступовае вызваленьне ад мангола-татарскага заняволеньня ў 1380-1480 гг. цывілізацыйна не рээўрапеізавала ўсход Русі. Паступовая кансалідацыя вакол Масквы, утварэньне Маскоўскай дзяржавы прывяло да канчатковага засваеньня навязанай мангола-татарамі азіяцкай дзяржаўнай традыцыі з абсалютовым манархам (спачатку князем, затым — царом), кіраваньнем зьверх ўніз, азіяцкім дэспатызмам.

Пашырэньне маскоўскай дзяржавы ў паўночным і ўсходнім напрамках прывяло найперш да асіміляцыі (славянізацыі) большасьці ўральскіх этнасаў  і іх хрысьціянізацыі (праваславінізацыі). Аналягічныя працэсы праходзілі зь цюркскімі і мангольскімі этнасамі. Пасьля захопу  маскоўцамі агромністых абшараў паўночнае Азіі (Сібіру і Далёкага Ўсходу) утварылася адзіная эўразійская цывілізацыйная супольнасьць, што складалася з этнічных ўсходніх славян, фіна-вуграў, цюркаў, манголаў, палеазіятаў і іх мецісаў, аб’яднаных сумеснай азіяцкай дзяржаўніцкай традыцыяй і дэспатычным кіраваньнем маскоўскіх цароў паводле ўзору мангола-татарскіх ханаў.  Экспансія новаўтворанай эўразійскай цывілізацыі на захад была пасьпяховай у паўночна-заходнім напрамку. Эўрапейска-цывілізацыйныя Пскоў і Ноўгарад былі падпарадкаваны эўразійскай Маскве і цалкам эўразіятызаваны.

Маскоўска-літоўскія войны былі найперш цывілізацыйнымі. Толькі несумяшчальнасьцю двух кантынэнтальных цывілізацый Эўропы і Эўразіі можна рацыянальна патлумачыць жорсткасьць супрацьстаяньня эўрапейскіх рускіх ВКЛ (продкаў украінцаў і беларусаў) эўразійцам-маскоўцам.

Інакш складана зразумець, чаму этнічныя ўсходнія славяны ды традыцыйныя праваслаўныя міжсобку ваявалі. Маскоўцы палілі месты і з азіяцкай жорсткасьцю зьнішчалі мірнае насельніцтва.

Пасьля хрысьціянізацыі балцкага насельніцтва ВКЛ паводле лацінскага (каталіцкага) цывілізацыйнага ўзроу балта-язычніцкая цывілізацыя трансфармавалася ў балта-каталіцкую, а прыняцьце каталіцтва часткаю рускіх ВКЛ далучыла іх да славяна-каталіцкай цывілізацыі. Пашырэньне славяна-каталіцтва садзейнічала і асіміляцыя (славянізацыя) балтаў (традыцыйных каталікоў) на паўночным-захадзе ВКЛ. У ВКЛ узьнік падзел паміж дзьвюмя рэгіянальнымі цывілізацыямі (эўрапейскай лацінскай і эўрапейскай праваслаўнай). Геапалітычная арыентацыя эліт ВКЛ на захад (стварэньне вуніі з Польскім каралеўствам) тлумачыцца цывілізацыйнай блізкасьцю эўрапейскіх славяна-праваслаўных да эўрапейскіх лацінскіх славяна-каталікоў, чым да эўразійцаў намінальна аднолькавае праваслаўнае веры. Войны з Масквой, асабліва крывавы патоп сярэдзіны ХVII ст. толькі паспрыялі вуніі ВКЛ з Польшчай. Утварэньне Рэчы Паспалітай было следствам Невядомай вайны з Масквой, у якой загінуў кожны другі продак беларусаў.

Цывілізацыйныя ўзоры пры якіх дыстанцыя паміж царом і халопамі была велізарнаю, а жыцьцё тысяч халопаў цара нічога не каштавала для эўрапейскіх рускіх эліт не былі прыцягальнымі нават ня гледзячы на этнічную (усходнія славяны) і канфэсійную (праваслаўныя) блізкасьць.

Рэфармацыя садзейнічала фармаваньню славяна-пратэстанцкіх цывілізацыйных асяродкаў і напрацоўцы новых цывілізацыйных узораў, а выніковая Контррэфармацыя – іх зьнікненьню. Берасьцейская вунія запачаткавала трансфармацыю славяна-праваслаўнай цывілізацыі ва ўніяцкую. Канфлікт паміж эўрапейскай славяна-праваслаўнай цывілізацыяй і вуніяцкай стаўся мінай запаволенага дзеяньня, пакладзенай пад ВКЛ і Рэч Паспалітую. Лацінізацыя эліт стварала цывілізацыйную дыстанцыю паміж элітамі і сялянамі. Эўразійская Расея напоўніцу выкарыстала нутраныя цывілізацыйныя канфлікты ў ВКЛ і Рэчы Паспалітай.

Пасьля падзелаў Рэчы Паспалітай распачалася эўразіятызацыя рускіх ВКЛ, вяршыняй чаго стаў перавод вуніятаў у расейскія (!) эўразійскія (!) праваслаўныя. Частка вуніятаў перайшла ў рымскае каталіцтва.

Праваслаўныя цэрквы цывілізацыйнай Эўропы зьяўляліся гістарычна цэзарапапісцкімі, аднак пераважна, зусім, ці хутчэй — рэлігійнымі паводле зьместу і сутнасьці дзейнасьці (сэрбская, баўгарская, румынская, грэцкая, украінская аўтакефальная і г. д.). Расейская (de facto) праваслаўная царква (што de jure называе сябе рускаю, або РПЦ) паводле сваёй сутнасьці палітычна-рэлігійны інстытут. Прапаганда ў кожным храме расейскай імпэрскай ідэі (часам замаскавана, часьцей наўпроставым тэкстам) зьяўляецца (разам з рэлігійнай) адной з найвялікшых мэт РПЦ. У Расеі гістарычна ўтварыўся таталітарны маналіт: дзяржава – таталітарны палітычны рэжым – таталітарная РПЦ, наяўнасьць якога дэмаскавалася выразам “За Бога, Царя и Отечество”.

Праэўрапейскі цар Пётр І падпарадкаваў сабе праваслаўную царкву. Агульнавядомая яго нелюбоў да тагачасных азіятызаваных колаў баярства і рэакцыйнага папоўства, якія перашкаджалі эўрапеізацыі Расеі ў пачатку ХVIII ст. Ад часоў Пятра І і да 1917 г. праваслаўная царква ў Расеі кіравалася наўпростава імпэратарам праз сьвятарны Сінод, г. зн., што адсутнічаў інстытут патрыярхіі (разам з патрыярхам), характэрны найперш для праваслаўных цэркваў цывілізацыйнае Эўропы.

Відавочна, што расейскую праваслаўную царкву (РПЦ) складана назваць клясычна цэзарапапіскай, хутчэй яна сталася цэзарыскай (царскай, імпэратарскай). Пасьля прагрэсіўнага эўрафіла Пятра Аляксеевіча Раманава на расейскім троне “сядзела” шмат азіятызаваных цемрашалаў, якія наўпрост выкарыстоўвалі РПЦ як трыбуну для палітычнай прапаганды і агітацыі (найперш расейскага вялікадзяржаўнага азіяцкага шавінізму).

Другой рысай цывілізацыйна эўрапейскіх праваслаўных цэркваў зьяўляецца іх канкурэнтназдольнасьць ва ўмовах дэмакратычых палітычных сыстэм. У ВКЛ і Рэчы Паспалітай праваслаўная царква стала ўступала ў тэалягічную дыскусію як з каталіцкай, так і з пратэстанцкімі цэрквамі, выхоўваючы ў вернікаў адданасьць праваслаўнай царкве дзякуючы фармаваньню ў іх ўсходнехрысьціянскіх праваслаўных перакананьняў (старажытнасьць, першаснасьць, артадаксальнасьць, традыцыйнасьць царквы і г. д.), бо інакш, кожны праваслаўны (ва ўмовах рэальнага рэлігійнага плюралізму) мог стаць каталіком або пратэстантам. І наадварот, каталікі і пратэстанты часта de facto праваславінізаваліся (нэафіты).

Пасьля пераводу вуніятаў да праваслаўных рэлігійны склад насельніцтва былога ВКЛ наблізіўся да сучаснага, толькі абшары каталіцтва былі большымі за сучасныя, а колькасьць і ўплыў каталіцкіх (моўна і культурова спалянізаваных) эліт быў непараўнальна большым. Цывілізацыйныя канфлікты часта супадалі з сацыяльнымі і клясавымі (паміж панамі-землеўласьнікамі, хутчэй каталікамі, ды сялянамі праваслаўнымі; фабрыкантамі-каталікамі ды рабочымі, часьцей праваслаўнымі).

Пасьля расправы з трымя Вызвольнымі Збройнымі Чынамі на абшары Беларусі масава пранікаюць маскоўцы-эўразійцы (чынавенства, сьвятарства, настаўніцтва і інш.), займаючы верхнія прыступкі ў сацыяльнай і клясавай структуры. Пасьля 1863-64 гг. пачынаецца шырокая эўразіятызацыя абшараў Беларусі. Носьбітамі традыцыйных славяна-праваслаўных і славяна-каталіцкіх цывілізацыйных узораў зьяўляюцца ніжнія і сярэднія слаі насельніцтва.

У найбольш неспрыяльных цывілізацыйных умовах эўразійскага запаняволеньня нараджалася сучасная этнічная беларуская нацыя. Адбывалася паступовае разбурэньне агульналітоўскай і агульнапольскай палітычных ідэнтыфікацый на карысьць беларускай этнічна-нацыянальнай. Беларускі этнас, якому 1500-1800 год, пераўтвараўся ў нацыю.

Расейская імпэрская бюракратыя прыняла канцэпцыю трыадзінае Русі. Выкарыстоўваўся цывілізацыёнім “рускі” і “Русь” дзеля фармаваньня адзінай імпэрскай эўразійскай ідэнтыфікацыі. Эўрапейскіх рускіх ВКЛ называлі беларусамі і маларусамі, а эўразійцы-маскоўцы абвясьцілі сябе вялікарусамі. Расейская імпэрыя татальна перашкаджала нацыятварэньням (украінскаму і беларускаму) сярод эўрапейскіх рускіх. Аднак прывабнасьць эўразійскіх цывілізацыйных узораў, якія прадугледжвалі азіяцкі дэспатызм, была мінімальнаю. Цывілізацыйная несумяшчальнасьць украінцаў і беларусаў з аднаго боку і расейцаў зь іншага — была відавочнаю.

Першыя беларускія нацыянальныя адраджэнцы былі як славяна-каталікамі, так і славяна-праваслаўнымі, некаторыя мелі балцкія этнічныя карані. Таму для каталікоў паўночнага-захаду (найперш этнічнага арэалу балта-славянскага этнасу) пісалі лацінкай, а для праваслаўнай большасьці – кірыліцай. Славяна-каталіцкая і славяна-праваслаўная цывілізацыйныя ідэнтыфікацыі (“паляк” і “рускі”) паступова замяняліся мадэрновай нацыянальнай сьвядомасьцю – “беларус”.

Распрацоўвалася беларуская нацыянальная гісторыя, гаворкі й дыялекты кадыфікаваліся ў літаратурную мову. Культурніцкая і палітычная дзейнасьць беларускіх адраджэнцаў прывялі да абвяшчэньня БНР. І г. д.

У ХХ ст. на Бацькаўшчыне адбыліся наступныя цывілізацыйныя працэсы:

1. Шырокая лацінізацыя заходняй часткі беларускага этнасу разам з палянізацыяй у часы міжваеннай Польшчы.

За польскім часам у тысячах польскіх школ з польскай мовай навучаньня польскія настаўнікі ўпершыню шырока тлумачылі этнічным балта-славянам, што яны “палякі”. Частка праваслаўных, нашчадкаў ад мяшаных шлюбаў і інш., прынялі рыма-каталіцкую веру (прэстыж, пэрспэктыўнасьць і г. д.). Лацінская цывілізацыя за польскія часы ўмацавалася колькасна і якасна.

2. Глыбокая дэлацінізацыя Беларусі пасьля 1939 г.

Вялікая частка балта-славян каталікоў (этнічных беларусаў) у 1939 г. мелі польскую нацыянальную ідэнтыфіцацыю. Большасьць зь іх пасьля Другой сусьветнай вайны пераехалі ў Польшчу, канчаткова прыняўшы польскую нацыянальную ідэнтыфікацыю і засіміляваўшыся. Колькасьць этнічных беларусаў-каталікоў катастрафічна зьменьншылася найперш за конт эміграцыі ў каталіцкую Польшчу, каталіцкія Летуву і Латвію.

3. Шырокая і глыбокая эўразіятызацыя.

Адбывалася як у часы царскае Расеі, так і ў часы СССР. Шырокай эўразіятызацыі садзейнічаў далейшы наплыў з усходу эўразійскага насельніцтва, якое займала верхнія прыступкі ў сацыяльнай лесьвіцы: чыноўнікі, духавенства (за царам), рабочыя і інжынэры (пры саветах, асабліва пры другіх саветах). Глыбокай эўразіятызацыі садзейнічала найперш урбанізацыя. У другой палове ХХ ст. Беларусь стала краінай дзе меставае насельніцтва дамінуе. Як вядома места – расейскамоўнае, і карыстаецца пераважна эўразійскімі цывілізацыйнымі ўзорамі.

Каб зразумець катастрафічныя вынікі для Беларусі і беларусаў эўразіятызацыі варта паспрабаваць нагадаць некаторыя характэрныя рысы цывілізацыі Эўразіі.

Маскоўскую дзяржаву масава не закранулі а ні эўрапейскае Адраджэньне XIV-XVII стст., а ні эўрапейскія буржуазныя рэвалюцыі, а ні эўрапейскія масавыя індустрыялізацыі з урбанізацыямі і г. д. Кароткія пэрыяды адноснага пацяпленьня вонкавай і нутраной палітыкі былі зьвязаны ня з воляй большасьці азіяцкадзяржаўніцкага насельніцтва, а з воляю кіруючай асобы ды яе паплечнікаў, улада якой была неабмежаванаю (Пётр I, М. Гарбачоў).

Не эўрапейскія ідэі правоў чалавека, гуманізму з вольнасьцю асобы, нацыі ды іншых супольнасьцяў, а азіяцкія ідэі магутнасьці й вонкавай моцы таталітарнага грамадзтва панавалі й пануюць у галовах абсалютнай большасьці расейцаў. Каштоўнасьць азіяцкай імпэрыі, яе пераважна экстэнсіўнага ўтрыманьня й пашырэньня (па-расейску – “приращения”) зьяўляецца абсалютоваю і дамінуе над усімі астатнімі каштоўнасьцямі.

У апошні час расейскія імпэрскія шавіністыя традыцыйную усходне славяна-праваслаўную этнарэлігійную супольнасьць – беларусы, украінцы, расейцы – ахрысьцілі “усходнеславянскай або рускай цывілізацыяй” і праз зманапалізаваныя СМІ інтэнсіўна замбуюць насельніцтва аб неабходнасьці змаганьня з “эўрапейшчынай” (ідэямі дэмакратыі, вольнасьці, праў чалавека, гуманізму і г. д.) пад вывескаю абароны сваёй “цывілізацыйнай” ідэнтыфікацыі і ўваскрашэньня імпэрыі з цэнтрам у Маскве.

У некаторых эўрапейскіх крыніцах Беларусь, Украіна, Малдова, Сэрбія, Македонія, Чарнагорыя, часткова Баўгарыя некрытычна залічаны да нейкай мітычнай Усходнеэўрапейскай цывілізацыі, разам, вядома ж, з Расеяй, Грузіяй і Армэніяй (J. Plit паводле S. P. Huntington’а, 1997 i A. Piskozub’а, 1998). Магчыма, што гэта адбываецца пад уплывам шматлікай расейскай геаграфічнай ды іншай літаратуры, а таксама расейскай эміграцыі, якая стаіць на традыцыйных імпэрскіх шавіністычных пазыцыях.

Больш за тое, Самуэль Гантынгтан у агульным вызначэньні праваслаўнай цывілізацыі найперш канстатуе, што некаторыя навукоўцы яе вылучаюць як асобную з цэнтрам у Расеі. Аднак, агульныя рысы так званай праваслаўнай цывілізацыі (аддзеленасьць ад заходняга хрысьціянства бізантыйскім паходжаньнем, асобнасьць веравызнаньня, 200 год татарскага панаваньня, бюракратычны дэспатызм, нязначныя ўплывы Рэнесансу, рэфармацыі, асьветніцтва ды іншых заходніх плыняў) вызначаюцца ўвогуле, без успаміну на канкрэтныя этнічныя і палітычныя супольнасьці мінулага і нашага часу. Татарскае панаваньне характэрнае ў асноўным для продкаў сучасных расейцаў і ўкраінцаў, а для паўднёвых славян – турэцкае іслямскае. Бюракратыя характэрна для праваслаўных/артадоксаў, аднак бюракратычны дэспатызм – выключна для Расеі і СССР, толькі не для цывілізацыйнай Эўропы. ВКЛ і Рэч Паспалітая Абодвух Народаў былі месцам ня проста ўплываў эўрапейскіх плыняў, а іх паўнавартаснага разьвіцьця ў агульнаэўрапейскім цывілізацыйным кантэксьце.

Расейскім імпэрскім эўразійскім шавіністам геапалітычна ня выгадна ўзгадваць прынцыповую цывілізацыйную розьніцу паміж эўразійскаю Расеяй зь яе азіяцкай дзяржаўніцкай традыцыяй, ды эўрапейскімі Ўкраінай і Беларусьсю. Дзеля гэтага іхняя “пятая калёна” ў Беларусі выступае супроць разьмежаваньня сучасных этнонімаў беларус – расеец і беларуска – расейка. Тыя, найперш дзеля хутчэйшай асіміляцыі (зрасейшчваньня) беларусаў, сьхільныя ўжываць беларус – рускі, беларуска – руская.

“Расея” – гэта “Русь” у сярэднявечнай грэцкай моўнай адаптацыі. Пасьля мангола-татарскага заняволеньня землі на ўсход ад этнічнай Русі-ВКЛ (цяперашніх Беларусі і Ўкраіны) былі заселены, акрамя славянскіх –  уральскімі, цюрскімі і мангольскімі этнічнымі элемэнтамі, няшмат мелі  агульнага этнічна, ды нічога дзяржаўніцкага з сапраднай Русьсю. Аб’яднаныя вакол Масквы абшары саманазваліся Масковіяй. Пасьлней Масковія стала прэтэндаваць на традыцыю эўрапейскае Русі.

Сярэднявечнае ВКЛ ад Масковіі адрозьнівалася ня толькі вуснай і пісьмовай (у меньшай ступені) мовамі, але, найперш, наяўнасьцю эўрапейскай палітычнай сыстэмы ў ВКЛ, увасобленай у абмежаванай манархіі Вялікага княства Літоўскага. Гэта праяўлялася ў тагачаснай дэмакратыі – у рэальнай абмежаванасьці правоў вялікага князя, існаваньні парлямэнту (сойму) і рэгіянальных соймікаў, у рэальным мясцовым самакіраваньні, фармалізаваным найперш у магдэбургскім праве і ў шмат чым іншым. Эўрапейскія Рэнесанс, асьветніцтва, рэфармацыя характэрны для мінулага Беларусі (А. Латышонак, 2007) і нязначна паўплывалі на мінулае Расеі, дзе панавала клясычная азіяцкая дэспатыя (рэальная абсалютная манархія зь неабмежаванасьцю правоў цара).

У часы ВКЛ “рускай” называлася народнасьць што, мела пераважна усходнеславянскія этнічныя і, у большай ступені, праваслаўныя рэлігійныя карэньні. Тубыльцы Маскоўскай дзяржавы зваліся “маскоўцы”, “маскавіты”, “маскалямі”.

Толькі з ХVII ст. – пасьля Невядомай вайны і ўваходу ўсходу Ўкраіны ў склад Масковіі – тамтэйшыя эліты на чале з царом Аляксеем Міхайлавічам, упадабалі саманазвы “Расея” і “рускі”. Гэткім чынам, маскоўцы пасьля панаваньня Арды легітымізавалі сябе як “рускія”, фармальна прыўласьціўшы багатую ўсходнеславянскую культуру сапраўднай Русі зь яе традыцыйным праваслаўным хрысьціянствам.

Другога лютага 1869 г. Дэ Лямар разаслаў сябрам Сэнату і міністрам Францыі пэтыцыю пад назваю “Пятнаццацімільённы народ, забыты ў гісторыі”, у якой пісаў: “Рутэны мелі раней імя русінаў і рускіх і былі заняволены маскавітамі ў мінулым стагодзьдзі, пасьля чаго народ-нявольнік пераняў сабе імя пераможанага дзеля таго, каб надаць сабе бачныя правы на ўладараньне тым народам. Такім чынам імёны рускіх і маскавітаў сёньня здаюцца нам сінонімамі, тады для гісторыка яны радыкальна розныя. Гэта зьмешваньне дазволіла маскавітам прысвоіць сабе гісторыю рутэнаў. І зямля таго народу, які мы завём рутэнамі, звалася Русьсю і Рутэніяй, а той народ, які мы сёньня завём рускім зваўся маскавітамі, а іхняя зямля – Масковіяй. У канцы мінулага стагодзьдзя ўсе ў Францыі і ў Эўропе добра ўмелі адрозьніваць Русь ад Масковіі. Як жа адбылася гэтая зьмена? Выключна праз тое, што ўжо цэлае стагодзьдзе маскоўскі ўрад працуе над тым, каб дамагчыся поўнага зьліцьця значэньня абеіх гэтых назваў” (Іванишин В, Радевич-Винницький, 1994).

З усяго вышэйнапісанага вынікае, што сярэднявечная эўрапейска-цывілізацыйная руская народнасьць бярэ свой пачатак з Кіеўскай Русі, канчаткова сфармавалася ў ВКЛ і зьяўляецца продкавая форма для сучасных беларускай ды ўкраінскай нацый, мяжа паміж якімі аформілася толькі ў XVII-XVIII cтст. Разьмежаваньне паміж украінцамі і беларусамі адно з самых пазьнейшых і яно ўладкавалася як адміністрацыйная мяжа паміж ВКЛ (Беларусь) і Каралеўствам Польскім (Украіна) у складзе Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў.

Этнаканфесійныя супольнасьці могуць быць цывілізацыйнымі толькі ў тым выпадку, калі яны ўнікальныя й ня маюць дзяржаўніцкай традыцыі або дзяржавы (баска-каталіцкая, цюрка-праваслаўная і інш.). Уважлівы аналіз гісторыі і геаграфіі беларускай і ўкраінскай дзяржаўніцкіх традыцый і параўнаньне іх з расейскай прыводзяць да высноў аб іх рознай (эўрапейскай і эўразійскай) цывілізацыйнай прыналежнасьці.

Расейская праваслаўная царква гістарычна будучы часткаю таталітарнай дзяржавы зрабілася слаба канкурэнтназдольнаю ва ўмовах дэмакратыі ва Ўкраіне, дзе ўкраінскія праваслаўныя цэрквы аб’ядналі значную частку нацыянальна- і дзяржаўна-сьвядомых украінцаў. У будучай дэмакратычнай Беларусі непазьбежна ўтворыцца Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква вольная ад маскоўскага патрыярхату.

Адсюль, відавочна мэнтальная дыфэрэнцыяцыя праваслаўных хрысьціян на эўрапейцаў і эўразійцаў (найперш расейцаў і зрасейшчаных). Першым не патрэбна суцэльная палітызацыя праваслаўных цэркваў і іх зрастаньне з палітычнымі рэжымамі і дзяржавамі, а для другіх вышэйузгаданае – абсалютна неабходныя ўмовы. Сьледства цывілізацыйнай дыфэрэнцыяцыі праваслаўных хрысьціян – структурная дыфэрэнцыяцыя праваслаўных цэркваў (Украіна, будучая дэмакртычная Беларусь), а затым – гістарычна сфарміраваны падзел на эўрапейскую славяна-праваслаўную цывілізацыю і эўразійскую (расейскую).

Зрастаньне бяспраўнай РПЦ з бязбожнай дзяржавай (СССР) і яе палітычнай сыстэмай (на чале з таталітарнай КПСС) клясычна ілюструе прыклад паводзінаў вышэйшых герархаў і большасьці шэраговага духавенства РПЦ Беларусі ў час распаду савецкай імпэрыі. Сьвятары ня толькі масава не пракліналі бязбожную савецкую імпэрыю, не заклікалі да яе зьнішчэньня і абвяшчэньня незалежнасьці Беларусі й выхаду Бацькаўшчыны з складу СССР, але наадварот — сталі на праімпэрскія пазыцыі, што было выгадна на той час камуністым-бязбожнікам. Відавочна, што камуністыя-бязбожнікі для большай часткі праваслаўнага сьвятарства (частка папоў супрацоўнічала з КГБ СССР) былі бліжэй, чым незалежнікі беларусы-эўрапейцы (у вялікай сваёй частцы вернікі). Таму – што таталітарная РПЦ зраслася з эўразійскім таталітарным СССР (спадчыньнікам эўразійскае таталітарнае Расейскае імпэрыі), перадусім не магла ўявіць сваю будучыню ва ўмовах эўрапейскай дэмакратыі як дэмакратычны інстытут з уласнымі структурамі.

Надзвычай трапную характэрыстыку туранскай (эўразійскай) цывілізацыі даў гісторыёзаф Фэлікс Канэчны. Туранская (эўразійская) цывілізацыя характэрызуецца лягернай, паўвайсковай арганізацыяй грамадзтва. Народы гэтай цывілізацыі гніюць калі не ваююць. Туранскія (эўразійскія) грамадзтвы часам замяняюцца ў арміі, але ніколі не ў супольнасьці. (Ня дзіўна, бо тое – вынік качавога вобразу жыцьця). Нават пасьля ўваходу ў склад туранскай цывілізацыі ўсходняй часткі Русі эўразійскасьць перамагла эўрапейскасьць. Ня гледзячы на ўплывы іншых цывілізацый нідзе не ўведзена такой каляктыўнасьці як у Расеі. У туранцаў нават містычнае пачуцьцё павінна быць каляктыўным, а не індывідуальным.

Туранцы па-сутнасьці арэлігійныя. Палітыка татальна ўладарыць рэлігіяй, што зыходзіць хутчэй нават не з цэзарапапізму, а з азіяцкай дзяржаўніцкай традыцыі, запазычанай ад кітайцаў, манголаў, цюркаў. Вынік — царква зьяўляецца рэлігійна-палітычным інстытутам, а не рэлігійным ці пераважна рэлігійным як у цывілізацыі Эўропы. Таму дзівосы з РПЦ у Расеі й СССР (гл. кнігу айца Глеб Якуніна «Праўдзівае аблічча Маскоўскай патрыярхіі») зьдзіўляюць ды шакуюць эўрапейцаў, аднак зьяўляюцца цывілізацыйнай нормай для абсалютнай большасьці расейцаў-эўразійцаў. У Расеі не існуе і ніколі не існавала нацыяў, паколькі адсутнічалі й адсутнічаюць умовы дзеля нацыятварэньняў.

Беларусь і Украіна – эўрапейскія дзяржавы, а Расея – эўразійская.

Канстатацыя гэтага факту зьяўляецца аксіёмай для беларусаў ды ўкраінцаў і самай непрыемнай праўдай для расейскіх шавіністых, бо пазбаўляе апошніх вартых увагі навуковых аргумэнтаў аб гістарычнай і цывілізацыйнай еднасьці ўсходніх славян дзеля канструяваньня імпэрыі з цэнтрам у Маскве у складзе Расеі, Украіны і Беларусі; інакш – (паводле РПЦ) Вялікай, Малой і Белай Русі.

Расейская імпэрская прапаганда ў Беларусі і ва Ўкраіне разьлічана найперш на геаграфічна і гістарычна неадукаваных ды зрасейшчаных частак грамадзтваў, або на тых, хто яшчэ ў савецкія часы пры вывучэньні геаграфіі, гісторыі, расейскай мовы і літаратуры разам з камунізмам засвоіў расейскую імпэрскую міталёгію і па розных прычынах ня ў стане зь ёю расстацца.

Тое ж самае з новатворам-словазлучэньнем “англасаксонская цывілізацыя”. Што агульнае ў генэзісе дзяржаўніцкіх традыцый эўрапейскай Вялікай Брытаніі з афрыканскай ПАР, азіяцкай Індыяй, або з ЗША і Канадай? Блытаньне надцывілізацыйных (расавых, канфэсійных, этнаканфэсійных, моўных і інш.) супольнасьцей з цывілізацыйнымі ненавукова, таму недапушчальна нават у палітычных мэтах.

Сучасная цывілізацыйная еднасьць — гэта ня толькі мэханічнае складаньне дзяржаўніцкіх традыцый, этнічнасьці й традыцыйнай рэлігійнасьці, але й генэзіс дзяржаўніцкіх традыцый, іх гістарычная эвалюцыя, часапрасторавая арганізацыя, узаемадзеяньне, узаемаперапляценьне. Без вышэйзгаданага нельга зразумець усю складанасьць спробы геаграфічна абгрунтавана выдзеліць цывілізацыі на нашай плянеце ў пачатку ХХІ стагодзьдзя.

21. ФЭЛІКС КАНЭЧНЫ І ЯГО ВУЧЭНЬНЕ АБ ЦЫВІЛІЗАЦЫЯХ

Фэлікс Канэчны – выбітны польскі навуковец, прафэсар, знаўца філязофіі гісторыі і права. Яго навуковая творчасьць варта разгляду і вывучэньня беларускай грамадзкасьцю.

Бацькавы продкі Ф. Канэчнага (01. 12.1862 – 10. 02. 1949) паходзілі з мараўскага места Hranіca, перанесліся ў Кракаў. Бацька, ажаніўшыся з полькаю, — спалянізаваўся. Ф. Канэчны скончыў Ягелёнскі ўнівэрсытэт, доктарскую дысэртацыю абараніў у 1888 г. У 1890 г. быў удзельнікам архіўнай экспэдыцыі ў Ватыкане. У 1897-1920 гг. працуе ў Ягелёнскай бібліятэцы. Абараніў габілітацыю ў Ягелёнскім унівэрсытэце ў 1920 г.

Яшчэ восеньню 1919 г. едзе ў Вільню, дзе ў чэрвені 1920 г. застаецца надзвычайным прафэсарам у Віленскім унівэрсытэце. У кастрычніку 1929 г. зыходзіць на заслужаны адпачынак. Паводле Арнольда Тойнбі, прафэсара прымусава пазбавілі катэдры і прымусілі зыйсьці на пэнсію за абарону грамадзянскіх свабод. Зь Вільні вяртаецца ў родны Кракаў, дзе ў сталым узросьце перажывае Другую сусьветную вайну.

У працы «Аб ладзе ў гісторыі» Ф. Канэчны ва усёй гісторыі чалавецтва адрозьніў 22 цывілізацыі: старажытныя кітайскую, егіпецкую, брамінскую (Індыі), жыдоўскую, бабілёнскую,  іранскую, сірыйскую, тыбецкую, пуніцкую, шумерскую,  эгейскую, нумідыйскую, туранскую (эўразійскую),  спратанскую, аттыцкую, эліністычную, рымскую, інкаў і ацтэкаў; сярэднявечныя: візантыйскую, лацінскую, арабскую.  З старажытнасьці засталіся кітайская, індыйская, жыдоўская, тыбецкая і туранская (эўразійская) цывілізацыі, а зь сярэднявечча бізантыйская, лацінская і арабская.

Толькі дзьве цывілізацыі мысьляр лічыў сакральнымі: жыдоўскую і брамінскую. Зь несакральных цывілізацый толькі лацінская грунтуецца на прымаце духоўных сілаў. У бізантыйскай цывілізацыі прымат належыць фізычным сілам, што грунтуюцца на публічным жыцьці паводле публічнага права. Туранская, арабская і кітайская цывілізацыі грунтуюцца таксама на прымаце фізычных сіл, аднак паводле прыватнага права. Туранцы арганізаваны паводле вайсковага ўзору, а арабы і кітайцы – паводле сацыяльнага, толькі арабская цывілізацыя – полігамная, а кітайская – семіполігамная.

Візантыйская і лацінская цывілізацыі паходзяць з рымскай, таму маюць шмат агульнага: эмансіпацыя сям’і, яе монагамнасьць, прыватная ўласнасьць, наяўнасьць супольнасьцяў. Аднак цэзарапапізм прывёў да зарыентаванасьці і сфармалізаванасьці хрысьціянства, бюракратызму і этатызму, абмежаванасьці грамадзянскіх правоў і свабод асобаў. Жыцьцё агорнута публічным правам фармалізаваным дзяржавай.

Туранская цывілізацыя, паводле Ф. Канэчнага, — адлом візантыйскай. Характэрны монагамная сям’я, культ правадыра, харызма якога робіцца адзіным суб’ектам права, уладаром дзяржавы і падданых. Элімінуе этыку з публічнае сфэры да прыватнае. Не характэрна дамінацыя прыватнай ўласнасьці на сродкі вытворчасьці.

Асаблівую цікавасьць уяўляе канцэпцыя трох праваў: сямейнага, уласнасьці і спадчыннага. Камбінацыя тыпаў уласнасьці і монагаміі, полігаміі і поліандрыі дае розныя вынікі. У лацінскай цывілізацыі тры правы аддзелены і разам з пажыцьцёвай монагаміяй стымулююць гарманічнае разьвіцьцё асобы.

Цывілізацыі дыфэрэнцуюцца паводле наступных сфэр:

1. Матэрыяльнага быту, які ўлучае здароўе (погляды і практыкі ў дачыненьні да чалавечага цела) і дабрабыт (стан матэрыяльнага разьвіцьця).

2. Зьмест цудоўнага ва ўяўленьнях рэпрэзэнтантаў цывілізацый – мост паміж духоўным і матэрыяльным.

3. Духоўнага быту, які ўлучае дабро (маральнасьць, этыку) і праўду (навуку, асьвету).

Матэрыяльны быт больш паддаецца працэсам глябалізацыі, а дабро (маральнасьць, этыка) для кожнай цывілізацыі спэцыфічна.

Паводле Ф. Канэчнага чатыры чыньнікі грунтуюць цывілізацыйныя розьніцы насельніцтва:

1. Адносіны чалавека да часу, мера часу, лічэньне часу, апанаваньне часу. Адныя народы ня маюць ніякага паняцьця аб часе, іншыя – дайшлі да вымярэньня часу. Каляндар мелі многія цывілізацыі, але толькі некаторыя вынайшлі паняцьце «эра». Старажытныя эгіпцяны і кітайцы ня маюць эры, індусы ня здольны думаць у катэгорыях часу, а жыды – толькі з рымскіх часоў пачалі лічыць час ад стварэньня сьвету. Цывілізацыя Мая мела дакладную храналягічную сыстэму.

2. Суадносіны публічнага права да прыватнага. Паводле Ф. Канэчнага суадносіны публічнага права да праватнага зьяўляюцца важнай прыкметаю цывілізацый. Пры манізьме прыватнага права публічнае права стаецца толькі родам прыватнага, а пры манізьме публічнага – прыватнае становіцца часткай публічнага. Прававы манізм непазьбежна прыводзіць да няволі і недаразьвіцьця грамадзтваў з дэспатыяй галавы дзяржавы. У Рыме за часы рэспублікі і ў першы пэрыяд цэзарства ўпершыню ў гісторыі чалавецтва разьвіўся ўнікальны прававы дуалізм: прыватнае і публічнае права было падзелена.  Прававы дуалізм — унікальнае дасягненьне рымскай цывілізацыі. У сярэднявечнай Эўропе, лічыў Ф. Канэчны, каталіцкі касьцёл захаваў прававы дуалізм, у т. л. патрабаваньне да этычнасьці прыватнага й публічнага жыцьця. У лацінскай цывілізацыі прававы дуалізм захаваўся, а ў іншых – не.

3. Крыніцы права. Толькі ў старажытным Рыме права стала крыніцай маральнасьці і ўжывалася ў канкрэтных адзінкавых выпадках. У Рыме права дэсакралізавалася. Рымскае права ўпершыню ў гісторыі зыходзіла ад грамадзтва трансфармаванага ў супольнасьць, а не ад дзяржавы або ўладара. Наадварот на захадзе Азіі разьвілася такая ўсемагутнасьць дзяржавы, якую не змог падарваць нават іслам. Пазьней усход уплываў на захад, г. зн. усходняя этыка ўбудоўвалася ў заходнія інстытуты

4. Наяўнасьць або адсутнасьць нацыянальнай сьвядомасьці. Нацыі – этычная надбудова супольнасьцяў. Можна прымусова належыць да пэўнай дзяржавы. Умовы дзеля паўстаньня нацыянальнае індэнтыфікацыі: эмансыпацыя сям’і і роду, існаваньне публічнага права і пэўны высокі ўзровень агульнай асьветы. У туранскай цывілізацыі, лічыў Ф. Канэчны, этнасы не разьвіліся ў нацыі, а ўяўлялі рэальна палкі́, якія нават называліся паводле назвы камэнданта.

Фэлікс Канэчны быў перакананы, што паміж цывілізацыямі ня можа быць сынтэсу, бо інакш як трактаваць дваяка, траяка дабро і зло, прыгожае і вульгарнае, карысьць і шкоду, суаднасіны грамадзтва і дзяржавы, дзяржавы і царквы, як можна мець дваякую ці траякую этыку, у адным месцы й часе прымяняць узаемавыключаючыя чатыры пэдагогікі і г. д. Такая дарога прыводзіць да стану ацывілізацыі.

Няўдалымі ён лічыў спробы Багдана Хмяьніцкага з 1648 г. аказачыць Украіну. Казацкі лад жыцьця забіў рускае народнае пачуцьцё (эўрапейскае славяна-праваслаўнае), казакі зтуранізаваліся (эўразіятызаваліся). Гэта прывяло частку Ўкраіны да ўваходу ў склад Расеі. Берасьцейская царкоўная вунія толькі паглыбілі розьніцу ды варожасьць паміж заходнім і ўсходнім хрысьціянствам.

Ф. Канэчны адмаўляў існаваньне адзінай хрысьціянскай цывілізацыі, а таксама карэляцыю паміж цывілізацыямі і рэлігіямі. Аднак, паводле Ф.Канэчнага хрысьціянства да кожнае цывілізацыі ў працэсе хрысьціянізацыі прад’яўляла наступныя патрабаваньні:

1. Стабільнасьць монагамнага сужонства і немагчымасьць масавых разводаў;

2. Імкненьне да ліквідацыі нявольніцтва;

3. Імкненьне да ліквідацыі прыватнага суду (помсты) і ўсеагульнае ўвядзеньне публічнага;

4. Незалежнасьць Царквы/касьцёла ад дзяржаўнае ўлады. Хрысьціянства пранікала ў цывілізацыі й іх трансфармавала.

У лацінскай цывілізацыі паступова былі выкананы ўсе патрабаваньні, а ў візантыйскай – толькі тры. Царква засталася дзяржаўнай, што прынясло тэндэнцыі застою і ўпадку. У манголаў хрысьціянства не прыжылося, бо не было выканана ніводнае з патрабаваньняў, а падпарадкаваньне хрысьціянства дзяржаве ў эўразійцаў-туранцаў — фатальнае. Па сутнасьці хрысьціянскае Эвангельне не нясе ні прыватнага, ні публічнага права, а толькі зьмяняе аблічча зямлі.

Ф. Канэчны даў надзвычай трапную характарыстыку кожнай з цывілізацый, аднак ня змог да канца асэнсаваць, што цывілізацыі трансфармуюцца часапрасторава. Не заўважыў, што цывілізацыі маюць гарызантальную і вертыкальную структуру.

Гісторыязофскае вучэньне Ф. Канэчнага (найперш працы «Аб колькасьці цывілізацый» і «Аб ладзе ў гісторыі»), не зважаючы на яго лацінацэнтрычнасьць, — вартыя перакладу на беларускую мову. Больш за тое, варта, каб беларускія інтэлектуальныя эліты мелі ўяўленьне аб вучэньні вядомага кракаўскага прафэсара, ня гледзячы ні на якую палітычную кан’юктуру. Тым больш, што значная частка жыцьця Ф. Канэчнага, — прайшла ў Вільні.

22. ЦЫВІЛІЗАЦЫЙНАЕ ПЫТАНЬНЕ Ў СПАДЧЫНЕ БЕЛАРУСКІХ МЫСЬЛЯРОЎ

Адным зь першых сярод беларускіх мысьляроў цывілізацыйную праблематыку закрануў Ігнат Канчэўскі ў працы “Адвечным шляхам” (1921).

Ігнат Канчэўскі (1896-1923) – філёзаф, асьветнік, паэта і публіцыст. Адзін з тэарэтыкаў беларускае нацыянальнае ідэі. Скончыў Віленскую  рэальную навучэльню (1913). Вучыўся ў Пецярбургскім тэхналягічным інстытуце, на гісторыка-філілягічным факультэце Маскоўскага ўнівэрсытэту (1913-1916). У часы Першай сусьветнай вайны ваяваў на Румынскім фронце (1916). З 1919 г. у Вільні. Браў удзел у беларускім культурна-асьветным і грамадзкім жыцьці. Вёў вучнёўскі гурток па геаграфіі ў Віленскай беларускай гімназіі. Сябра беларускага навуковага таварыства ў Вільні. Друкаваўся ў беларускім пэрыядычным друку.

Абшары Беларусі паводле І. Канчэўскага сталіся арэнай змаганьня двух кірункаў эўрапейскай культуры: заходняга і ўсходняга. Пад эўрапейскай культурай патрэбна разумець цывілізацыю Эўропы, бо ў працах многіх мысьляроў цывілізацыя і культура выступаюць як сынонімы. Заходні і ўсходні кірункі эўрапейскай культуры варта прачытаць як лацінская і праваслаўная эўрапейскія рэгіянальныя цывілізацыі. Далей чытаем: “Граніца абодвых уплываў, падзяляючы славянства на два станы, праходзіць празь Беларусь, Украіну і хаваецца ў балканскіх краёх”. Аднак І. Канчэўскі не адрозьніваў эўрапейскую постбізантыйскую праваслаўную цывілізацыю ад цывілізацыі Эўразіі – гістарычна больш позьняга ўтварэньня.

Вялікая ўвага ў працы нададзена апісаньню двух цывілізацый (Эўропы і Эўразіі). Адзначаецца іррацыянальнасьць і таталітарызм Усходу (Эўразіі), адсутнасьць кампарамісаў, мэсіянства. Улада на Ўсходзе належыць некаму. Лёзунгі «Уся ўлада цару!» і «Уся ўлада саветам!» па-сутнасьці  цывілізацыйна аднолькавыя, эўразійскія і характэрныя для традыцыі Эўразіі.

Захад І. Канчэўскім характэрызуецца існаваньнем розных дзяржаў, рэлігій (ад каталіцтва адыйшлі розныя напрамкі пратэстанцтва), культур, перакананьняў. Спрэчкі і войны на Захадзе сканчаюцца кампрамісамі, пры якіх прайграўшы бок мае магчымасьць дзейнічаць і мець новых прыхільнікаў.

У 1953 г. Л. Акіншэвіч напісаў вартую ўвагі працу якая наўпростава называецца «Пра «цывілізацыйныя асновы» беларускага гістарычнага працэсу».

Леў Акіншэвіч (1898-1980) – гісторык, культуролаг, саветоляг, беларускі і ўкраінскі культуровы дзеяч. Нарадзіўся ў Санкт-Пецярбургу. Вучыўся ў Кіеўскім унівэрсытэце. Скончыў Кіеўскую вайсковую школу (1918). Прыняў грамадзянства БНР (1918). Супрацоўнічаў зь Інстытутам беларускай культуры. Друкаваўся ў беларускіх навуковых выданьнях і пэрыядычным друку. З 1944 г. на эміграцыі. Працаваў навуковым супрацоўнікам у Цэнтры па вывучэньню СССР ў Вашынгтоне. Супрацоўнік Беларускага інстытуту культуры й мастацтва (ЗША). Друкаваўся ў беларускіх эмігранцкіх выданьнях.

Праца пачынаецца з канстатацыі рысы найноўшай гістарычнай філязофіі – увагі да вывучэньня асобных «культурна-гістарычных цыкляў» ці «цывілізацый». Далей характэрызуецца заходнеэўрапейская цывілізацыя, падымаецца праблематыка цывілізацыйнай належнасьці Расеі.  Канстатуецца, што савецкая навука прымае марксізм, значыць ставіць гісторыю Расеі на адзін шлях зь гісторыяй Эўропы. Аднак, выяўляецца, што М. Бердзяеў, А. Тойнбі адрозьніваюць і супрацьстаўляюць Расею ды Заходнюю Эўропу. Больш таго, М. Данілеўскі ўвогуле не адносіць Расею да Эўропы.

Аднак Л. Акіншэвіч задаючы пытаньне аб цывілізацыйнай належнасьці беларусаў, украінцаў ды летувісаў і, не адказываючы на яго, мае падставы. На той час сукупнасьць гістарычных, геаграфічных і іншых ведаў не давалі магчымасьці нават прыкладнага адказу на складанае пытаньне. Расейская імпэрыя злучыла ўсходнеэўрапейскія супольнасьці, але наяўнасьць уласнай эўрапейскай дзяржаўнай традыцыі да канца XVIII ст. ды шмат іншых чыньнікаў сьведчылі аб цывілізацыйнай асобнасьці продкаў беларусаў і ўкраінцаў.

Аўтар зазначае шмат іншых праблем у працы, аднак цікавым зьяўляецца канстатацыя цывілізацыйнага разлому ў ВКЛ (паміж каталіцтвам і праваслаўем) як прычыны гістарычнай “паразы” Літвы. На думку Л. Акіншэвіча эліты ВКЛ выбралі заходні шлях разьвіцьця і заходнюю культуру (чытаем цывілізацыю), прывівалі да іншага культуровага (чытаем цывілізацыйнага) пня.

Найбольшую ўвагу да сябе прыцягвае працы Вітаўта Тумаша “Важнейшыя мамэнты культурных працэсаў Беларусі”.

Вітаўт Тумаш (1910-1998) – лекар, гісторык, літаратурны крытык, публіцыст, культурны дзеяч. Скончыў мэдычны факультэт унівэрсытэту ім. С. Баторыя ў Вільні (1937). Дзеяч беларускага студэнцкага зьвязу. У 1940-41 гг. кіраўнік Лёдзенскай філіі Беларускага Камітэту Самапомачы ў Нямеччыне. Сябра Беларускага нацыянальнага цэнтру ў Бэрліне (1941). Зь ліпеня да паловы лістапада 1941 г. бурмістр Менску. Правамоцны сябра кіраўнічай рады Беларускага інстытуту навукі й мастацтва ў Нью-Ёрку. Аўтар шэрагу навуковых дасьледаваньняў, а таксама артыкулаў у беларускіх выданьнях.

Вось некаторыя тэзы працы. Беларускі народ – заходнеэўрапейскі. Беларускі народ не жадае тварыць абсалютныя, дэспатычныя формы ўлады, але, наадварот, выяўляе сталую моцную цягу да нармаваных, дэмакратычных форм.

Узгадваецца вялікая роля веча ў Полацку. Князі дбалі пра супрацоўніцтва з народным вечам. У Кіеве – улада княза была апертая на верхавіну арыстакратыі. Тое кантраставала зь безаглядным дэспатызмам пазьнейшай Маскоўшчыны. На беларускіх землях князь – гаспадар, але не дэспат, таму ў нашых продкаў адсутнічалі вульгарная сакралізацыя валадара, ды цэзарапапізм. Цытуецца фрагмэнт з прадмовы Льва Сапегі да «Статуту ВКЛ» з 1588 г.: «І то ёсьць нашая вольнасьць, катораю мы межы іншымі народамі хрысьціянскімі хвалімся, што пана, іж бы водле волі сваёй, а ня водле праў нашых панаваў, над сабою ня маем».

Канстатуецца адкрытасьць нашых продкаў да новых рэлігійна-сьветаглядных (сынінім цывілізацыйных) павеваў, адсутнасьць рэлігійных войнаў. Зьвяртаецца ўвага на суладнасьць славяна-праваслаўных з балта-язычнікамі. Беларускі народ характэрызуецца рэлігійнай і нацыянальнай (цывілізацыйнай) талерантнасьцю да татараў, германа-пратэстантаў, жыдоў-юдэяў, расейцаў-старавераў і іншых, ды непрыняцьцем бізантыйскага дагматызму й цэзарапапізму.

Каштоўнасьць працы заключаецца ў тым, што аўтар падрабязна аналізуе цывілізацыйныя ўплывы на нашых продкаў Бізантыі, Заходняй Эўропы і Эўразіі-Расеі.

Высновы В. Тумаша наступныя: беларускія народныя радзімыя духова-культурныя асновы вызначаюцца элемэнтамі прававога ладу,  дэмакратыі, нацыянальнай (чытаем этнічнай), рэлігійнай ды й палітычнай талеранцыі, што дае падставу залічыць беларусаў да заходнеэўрапейскіх народаў.

З вонкавых цывілізацыйных уплываў найбольшае значэньне мелі візантыйскія і заходнеэўрапейскія. Бізантыйскія цывілізацыйныя ўзоры пераважаюць на землях Беларусі ад пачатку хрысьціянства – аж да XV ст.

Заходнеэўрапейскія цывілізацыйныя ўзоры прыходзяць з ХІІІ ст. і дасягаюць перавагі над бізантыйскімі ў XVI cт., ад Рэфармацыі ў Беларусі. Дамінуюць да пачатку ХХ ст. Расейска-эўразійскія цывілізацыйныя ўплывы прыйшлі з ХІХ ст.

У тым ці іншым аспэктах праблематыка цывілізацыйнасьці беларусаў, або паасобных яе элемэнтаў (найперш канфэсійнасьці ды этнічнасьці) падымалася ў працах Уладзіслава Талочкі, Казіміра Сваяка, Вячаслава Багдановіча, Міхала Рамэра, Сьвятаслава Коўша і многіх іншых.

Гэтая праблематыка патрабуе далейшай грунтоўнай распрацоўкі.

ЛІТАРАТУРА

1. Грабіньскі Ю., 1998, Беларуская думка ХХ стагоддзя. Філасофія, рэлігія, культура (Анталогія). Sławistyczny Ośrodek Wydawniczy (SOW) przy Instytucie Sławistyki PAN, Warszawa.

2. 2004, Беларуская энцыклапедыя, Toм 4. Выдавецтва Беларуская энцыклапедыя, Miнск.

3. Encyclopedia beliana, 2001, Slovenská všeobecná encyklopédia v dvanástich zväzkoch. Encyklopedický ústav slovenskej akadémie vied, Bratislava.

4. 2004, Wielka encyklopedia PWN. Wydawnictwo Naukowe PWN, Tom 6, Warszawa.

5. 2003, Visuotienė lietuvių enciklopedija. Mokslo ir enciklopedijų leidybos institutas, Vilnius, IV tomas.

6. Drecki R., 1993, Leksykon państw świata’ 93/94. Real Press, Dortmund—Warszawa.

7. Mizerski W., 2001, Tablice geograficzne. Wydawnictwo Adamant, Warszawa.

8. Mizerski W., 2008, Tablice geograficzne. Wydawnictwo Adamant, Warszawa.

9. Sawicki W., Encyklopedia geograficzna świata. Europa, TeLeM, TLM s. R . o. Liptovski Mikuláš, Slovensko.

10. Delouche F., 1999, Historia Europy. Wydawnictwo szkolne i pedagogiczne, Warszawa.

11. Duroselle J.-B., 1999, Europa. Historia narodów. Grupa wydawnictwa Bertelsmann Media, Warszawa.

12. Mazurkiewicz P., 2001, Europeizacja Europy. Uniwersytet Kardynała Stefana Wyszyńskiego w Warszawie, Warszawa.

13. Mączak A., 2006, Historia Europy. Zakład narodowy im. Ossolińskich – Wydawnictwo, Wrocław.

14. Davies N., 2008, Europa. Rozprawa historyka z historią. Wydawnictwo ZNAK, Kraków.

15. Kłoczowski J., 2000, Historia Europy Środkowo-Wschodniej. T. 1. Instytut Europy Środkowo-Wschodniej, Lublin.

16. Kłoczowski J., 2000, Historia Europy Srodkowo-Wschodniej. T. 2. Instytut Europy Srodkowo-Wschodniej, Lublin.

17. Fernandez-Armesto F., 2008, Cywilizacje. Kultura, ambicje i przekształcanie naturу. Wydawnictwo naukowe PWN, Warszawa.

18. Hantington S., 2008, Zderzenie cywilizacji i nowy kształt ładu światowego. Wydawnictwo Literackie MUZA SA, Warszawa.

19. Koneczny F., 2004, O lad w historii. Nortom, Wrocław.

20. Koneczny F., 1935, O wielości cywilizacji. Zaklad główny: Gebethner i Wolff.

21. Davies N., 2007, Europa między Wschodem i Zachodem, Wydawnictwo Znak, Kraków.

22. Gawor L., 2002, O wielości cywilizacji. Filozofia społeczna Feliksa Konecznego. Wydawnictwo Uniwersytetu Marii Curie-Skłodowskiej, Lublin,

23. Golka M., 1999, Cywilizacja. Europa. Globalizacja. Wydawnictwo fundacji Humaniora, Poznań.

24. Andrijauskas A., 2001, Lyginamoji civilizacijos idėjų. Vilniaus Dailės Akademijos Leidykla, Vilnius.

25. Banka J., 1986, Filozofia cywilizacji. Tom 1, 2, 3. ZNAK, Katowice.

26. Eberhardt P., 2004, Koncepcja granicy między cywilizacjami zachodniego chrześcijaństwa a bizantyńską na kontynencie europejskim. Wydawnictwo PAN, Warszawa.

27. Piskozub A., 2007, Granice Europy. Eurpoa jak pojęcie geograficzne. Gdańsk.

28. Piskozub A., 2007, Swiat i Eurpoa na progu XXI wieku. Gdańsk.

29. Koneczny F., O wielkości cywilizacji. Gebether i Wolf, Kraków.

30. Kowalski M., 2003, Polaryzacja zachowań wyborczych w Polsce jako rezultat cywilizacyjnego rozdarcia kraju. Przestrzeń wyborcza Polski. Oddział Akademicki PTG, IGiPZ PAN, s. 11-48, Warszawa.

31. Piskozub A., 1995, Polska w cywilizacji zachodniej. Wydawnictwo Uniwersytetu Gdańskiego, Gdańsk.

32. Skoczyński J., 2003, Koneczny. Teoria cywilizacji. Wydawnictwo IFiS PAN, Warszawa.

33. Bański J., 2008, Polska i Europa Srodkowo-Wschodnia w koncepcjach podziału Europy. Prace Geograficzne 218, Warszawa. .

34. Wallner M., 2006, Polityczne i cywilizacyjne granice Europy – między otwartością a tożsamością, http:/www. psz.pl/content/view/2920.

35. Farrington K., 2002, Dzieje imperiów. Bellona, Warszawa.

36. Krasucki J., 2005, Europa między Rosją i światem Islamu. Wydawnictwo Adam Marszałek, Toruń.

37. Pod red. Eberhardta P., 2008, Problematyka geopolityczna ziem Polskich. Prace geograficzne, Nr. 218, PAN. IG i PZ, Warszawa.

38. Paradowski R., 1996, Idea Rosji-Eurazji i naukowy nacjonalizm Lwa Gumilowa. Szkoła główna Handlowa, Warszawa.

49. Гумилёв Л., 1989, Этногенез и биосфера Земли. Издательство Ленинградского университета, Ленинград.

40. Гумилёв Л., 2000, Древняя Русь и великая степь. ACT. Moсква.

41. Гумилёв Л., 1970, Поиски вымышленного царства. Наука. Moсквa.

42. Гумилёв Л., 1997, Oт Руси до России. ДИ-ДИK, Moсквa.

43. Гумилёв Л., 1997, Koнец и вновь начало. Институт OK, Moсквa.

44. Яковец Я., 1995, История цивилизации. Nauka, Moskwa.

45. Бердяев Н., 1990, Смысл истории. Наука, Moсквa.

46. Данилевский Н., 1995, Рoссия и Европа., 6 издание. Санкт-Петербург.


Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы