nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

ДА НАРОДАЎ І ДЗЯРЖАЎ СВЕТУ: зварот а. Леаніда Акаловіча

9 жніўня, 2010 | 6 каментарыяў

Святкаванне 1000-годдзя першага ўзгадвання наймення Літва паказала, што ўрад сучаснай прыбалтыйскай Рэспублікі Летува і яе грамадскасць блытаюць два розначасавыя гістатычныя назовы – “Літва” ў значэнні Вялікае Княства Літоўскае 13-18 стст. і “Летува” ў значэнні дзяржава аднаго толькі летувіскага народу з 1918 г. – і гэтым самым свядома ўводзяць у зман як свой народ, так і народы свету. Такім чынам урад Летувы праводзіць палітыку двайных стандартаў: самі сябе называюць “летувісамі” новай Рэспублікі “Летува ХХ-га ст., мову сваю “летувіскай”, але суседнім народам накідаюць называць іх “літоўцамі” як насельнікаў старажытнай Літвы, якія карыстаюцца “літоўскай” мовай. Але ж цяперашнія летувісы гістарычна – гэта жамойць, жамойты, і мова іхная жамойцкая.

Летапісна і гістарычна назоў “Літва” паўстаў і развіваўся на тэрыторыі рассялення беларусоў-ліцвіноў. Гістарычны тэрмін “Вялікае Княства Літоўскае” (ВКЛ), а ў скарочаным варыянце “Вялікая Літва” ці проста “Літва”, адпавядае тэрыторыі распаўсюду беларускай мовы, беларускай этнічнай, этнаграфічнай і генетычнай прыродзе.

З вызваленнем Вялікім Княствам Літоўскім (Беларускім) Украіны-Русі ад татарскага прыгнёту і ўваходжаннем яе ў склад новай дзяржавы з 1320 па 1569 гады гэтая агульная дзяржава называлася Вялікім Княствам Літоўскім (у сучасным разуменні Беларускім) і Рускім (г.зн. Украінскім). Калі ж у выніку вялікай Грунвальдскай бітвы з 1413 года да дзяржавы ліцвіноў-беларусоў і русінаў-украінцаў пачала далучацца (і канчаткова ў 1422 г. далучылася) Жамойць (па-польску Жмудзь, на латыні Самагіція, а цяпер сучасная Летува) з гербам Мядзведзь, то абноўленая дзяржава набыла пашыранае траістае найменне Вялікае Княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае (ВКЛРЖ). Да ўтварэння Вялікага Княства Літоўскага Жамойць увогуле 170 гадоў існавала асобна і не мела ніякага дачынення да ўтварэння ВКЛР і вельмі малое да Грунвальдскай Перамогі ў 1410 г.

Пад час Грунвальдскай (Дубровенскай, Танэнбергскай ці Жальгірыскай па-летувіску) бітвы Жамойць-Летува была разменнай манетай паміж ВКЛР і Тэўтонскім Ордэнам і не была яшчэ складовай часткай Вялікай Літвы. Польскі гісторык Ян Длугаш нават не называе жамойцкія харугвы, якія ўдзельнічалі ў бітве 1410 г., акрамя адной – ковенскай.

Таму я выказваю рашучы пратэст навукоўцам і Ўрадам Польшчы і Летувы, Прэзідэнтам гэтых краінаў – пану Браніславу Камароўскаму і пані Далі Грыбоўскай – з-за прыпісвання перамогі пад Грунвальдам толькі двум народам Польшчы і Летувы. Тую перамогу здабылі найперш ліцвіны-беларусы, палякі і русіны-ўкраінцы.

Аднак пад час адзначэння 600-х угодкаў славутай бітвы на Грунвальдскім полі ў 2010 г. не было сцягоў Беларусі-Літвы і Украіны-Русі, а побач з дзяржаўнымі сцягамі самой Польшчы і Летувы знаходзіўся… тэўтонскі сцяг. Зрэшты, на інсцэніроўцы Грунвальдскай бітвы вельмі мала было земскіх харугваў як польскіх, так і ад ВКЛР. Апошніх, здаецца, і зусім не было відаць, бо многія беларускія рыцары польскімі інсцэніроўшчыкамі накіраваныя былі выконваць ролю “тэўтонцаў”. Не менш дзіўнай і гістарычна неапраўданай выглядала ў інсцэніроўцы Грунвальдскай бітвы дэфіляванне-джыгітоўка маскоўска-казанскай конніцы з Расеі, а не татарскай конніцы з ВКЛ і Крымскага ўлуса. Звышмерна ж і непрапарцыйна дэфілявала і летувіская пяхота са шчытамі Слупы (Калюмны). Аднак не відаць было 31 беларускіх харугваў ВКЛ з Пагоняй і 14 ўкраінскіх харугваў.

Так быў прыніжаны ўнёсак ліцвіноў-беларусоў, русінаў-украінцаў і татараў ВКЛ у АГУЛЬНУЮ ПЕРАМОГУ на Грунвальдскім полі. Адзінымі пераможцамі Польшча і Летува выставілі сябе, чым абразілі памяць продкаў-рыцараў і народаў Беларусі-Літвы і Украіны-Русі. Атрымліваецца, што палякі і летувісы і надалей застаюцца гістарычнымі ілгунамі. Такая неаб’ектыўная палітыка Польшчы і Летувы ў дачыненні да Беларусі і Ўкраіны не спрыяе ўзаемапаразуменню і добрасуседскім адносінам нашых народаў.

Мы ні ў якім разе не збіраемся прынізіць ролю і значэнне Польскага Каралеўства або Жамойцкага княства (стараства) ў змаганні з крыжакамі за сваё выжыванне і існаванне. Але мусім нагадаць палякам і летувісам, што з 93 вайсковых падраздзяленняў аб’яднанага войска Польскага Каралеўства і Вялікага Княства Літоўскага і Рускага ў Грунвальдскай бітве 1410 г. ўдзельнічала 38 польскіх харугваў, 31 беларуская (= літоўская, ліцвінская), 14 украінскіх (= рускіх, русінскіх), 2 крымска-татарскія і 1 ковенская (= летувіская) харугвы. Яшчэ адна харугва была змешаная – беларуска-польская. Яна выступала пад беларускай (ВКЛ-аўская) Пагоняй як ахоўная харугва караля-ліцвіна Ягайлы, хаця і камандавалі ёю палякі. Жамойцкай харугвай камандаваў жамойцкі ваявода Яўно, ці па-летувіску Яўніс.

Фактычна Грунвальдская перамога над Тэўтонскім Ордэнам атрымана была пераважна высілкамі трох народаў – Польшчы, Літвы-Беларусі і Русі-Украіны. Таму намінальнымі пераемнікамі славы Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага з’яўляюцца сённяшнія Беларусь-Літва, Україна-Русь і Летува-Жамойць. І тады ўсё і ўся становіцца на свае гістарычныя месцы.

Аднак некаторыя летувіскія і ўкраінскія гісторыкі пераемніцамі ВКЛРЖ лічаць толькі Летуву і Ўкраіну, выкідаючы першую па часе ўтварэння, галоўную па палітычным значэнні і геаграфічна цэнтральную частку ВКЛ – Беларусь (гл. найноўшае сумеснае ўкраінска-летувіскае выданне ў Кіеве “Україна: литовська доба1320-1569”; хоць у прадмове прызнаецца за ВКЛ статус “поліэтнічноï та поліконфесійноï державі”, але далей ідзе гаворка толькі пра “Велике Князівство Литовське … як спільну культурну спадщину двох краïн – Украïни та Литви”; амаль не згадваецца Беларусь, або пра яе ўспамінаюць мімаходзь ці як пра “Чорную Русь”). На жаль, Беларусь = Літва і для братоў-украінцаў, і пабрацімаў-летувісаў – нібыта невядомая, няісная дзяржава і краіна! Беларусы-ліцвіны залічваюцца імі ў русіны (“давні білоруси й украïнці”), якіх у ВКЛ на пачатку 15 ст. было 80%, а жамойты адносяцца да “литовців”, якім адводзіцца 20%. А дзе ж тады астатнія народы, што жылі ў ВКЛРЖ: татары, палякі, жыды…?!

Некаторыя сённяшнія гісторыкі і дзеячы Летувы і Ўкраіны не размяжоўваюць, не адрозніваюць беларусоў-ліцвіноў і ўкраінцаў-русінаў. Так, летувіскі прафесар, д-р гістарычных навук Альфрэд Бумблоўскі лічыць, што “вже за часів Міндовга до Литвы була приєднана Чорна Русь (суч. Білорусь з Новогрудком, Слонімом і Гродном)”. Хаця на самай справе на гэтак званай Чорнай Русі і ўзнікла Літва як новая беларуская дзяржава Вялікае Княства Літоўскае са сталіцай Наваградкам, дзе каранаваўся на караля князь Міндоўг. Менавіта Наваградак пачаў збіраць беларускія землі ў адну сваю беларускую (літоўскую) дзяржаву. Але паколькі ён не меў выхаду да мора ці нават значнай ракі (акрамя рэчкі Літоўкі, пры якой і сёння існуе старажытная вёска Літоўка), то сталіца Дзяржавы Вялікае Княства Літоўскае была з часам перанесена ў крывіцка-полацкі горад Вільня, які знаходзіўся ў сутоку вялікай ракі Віліі з малой рэчкай Віленкай (або Вілейкай). Першапачаткова горад Вільня зваўся Крывым горадам, дзе быў і Крывы замак на Крывой (Лысай) гары.

Дарэчы, зусім не лішнім будзе нагадаць, што на працягу ўсяго часу існавання ВКЛ дзяржаўнай мовай у княстве была ліцвінская (= старабеларуская) мова, на якой быў напісаны і знакаміты Статут ВКЛ.

У сувязі з аднабаковай узурпацыяй і своекарысным прымяненнем летувіскім і польскім урадамі гістарычных назваў “Літва”, “літоўскі” (litewski), якія зусім неадэкватныя, нятоесныя з сучаснымі паняццямі “Летува” і “летувіскі”, можна назіраць настойлівую падмену тэрмінаў з наступным накіданнем скажонага пралетувіскага погляду суседнім народам – польскаму, беларускаму, украінскаму, расейскаму ды іншым. Правяцца выправы летувіскіх дэлегацыяў у Беларусь і ва Ўкраіну. Напрыклад, яны зачасцілі ў Луцк як у “літоўскі” (г.зн. у іх разуменні летувіскі) замак, дзе праводзяць навуковыя канферэнцыі, тэатралізаваныя вулічныя прадстаўленні ды іншыя мерапрыемствы звужанага пралетувіскага характару. У нядаўна выдадзенай у Вільні трохтомнай кнізе-фотаальбоме “Didzioji Lietuva. Paveldas Baltarusijoje” (Вялікая Літва. Спадчына Беларусі) аўтар Бірута Валяніця змясціла сотні фотаздымкаў, зробленых у 2005-09 гг., з выявамі беларускіх замкаў, гарадоў і вёсак, палацаў і сядзібаў, касцёлаў і цэркваў. Але шмат якія з геаграфічных назваў зменены і падпісаны на летувіскі капыл: Мір стаў Myrius, Наваградак – Naugardukas, Гародня – Gardinas, Гальшаны зрабіліся Alsenai, Дайлідкі пераробленыя на Даілідяляс, Іўе на Івія, Лаўрышава на Лаўрушавас, Міхайлоўшчына чамусьці стала Мікалавас (?!), а наша Новае Сяло перакручана на Науякеміс, Падваранцы пераназвалі як Падваряі, Рось надпісана Рося, Cвіслач ужо Свіслочюс, Уселюб – Уселюбас, Жамыслаўль стаў Жемыславліс, Шэметава змянілася на Шямэтас, нашыя Камянец Літоўскі і Высокае Літоўскае перакладзены на Летувос Акмэнычя (Камянецас) і Летувос Аукштойі, з’явіліся Полацкас, Мінскас, а Залессе Агінскіх зусім пераклалі на жамойцкую мову Uzumedis, і г.д. і г.д. (?!)

Зноў навязваецца падмена гістарычных тэрмінаў-азначэнняў розных дзяржаўных утварэнняў Літва і Летува, бо на самай справе літоўскі ж не летувіскі (летувоскі)!

У Летуве беларусоў паступова запісваюць у летувісаў, заблытаўшы іх нацыянальную свядомасць праз летувізацыю беларускіх прозвішчаў і імёнаў на летувіскі моўна-граматычны лад. Ідзе летувізацыя беларусоў-ліцвіноў і месцаў іх адвечнага, яшчэ ад часоў ВКЛ, пражывання ў сённяшняй Летуве. Парушаюцца міжнародныя стандарты перадачы на іншыя мовы нацыянальных назваў! У цэлым Летува праводзіць палітыку летувізацыі назваў, імёнаў і прозвішчаў суседніх народаў, у тым ліку беларусаў у Летуве!

Усё вышэй пададзенае азначае, што Летува праводзіць палітыку падтасоўкі і фальсіфікацыі гісторыі ВКЛРЖ!

Заклікаю беларускую і міжнародную грамадскасць разумець сутнасць агавораных штучных, непрыгожых працэсаў і процідзеіць ім, а летувіскі бок – тэрмінова іх спыніць.

2-3.08.2010 г.

Святар БАПЦ Леанід Акаловіч


6 каментарыяў

  1. Мікола кажа:

    Вельмі ўдзячны Вам, спадар Алесь, за сапраўды беларускі сайт! Хто б яшчэ адважыўся абнародаваць такі востры матэрыял – Зварот святара Леаніда Акаловіча. Зычу Вам добрага здароўя і перамогі…!

  2. Margarita кажа:

    Шаноуны спадар. Я разумею ваша абурэнне таму што бачу паусюдна гiстарычныя фальсiфiкацыi i блытанiну у назвах. Я нават спатыкала псеуда навуковыя даследаваннi пра Лiтву цалкам узятую з Беларускай гiсторыi. Гэта сорам каб кiраунiкi краiн пагаджалiся з гэтай ганебнай з’яваи.

    Example:Напрыклад
    The Liths, or Lithuanians, united in the 12th century under the rule of Mindaugas, who became king in 1251. Through marriage, one of the later Lithuanian rulers became the king of Poland (Ladislaus II) in 1386, uniting the countries. In 1410, the Poles and Lithuanians defeated the powerful Teutonic Knights at Tannenberg. From the 14th to the 16th century, Poland and Lithuania made up one of medieval Europe’s largest empires, stretching from the Black Sea almost to Moscow.

    Read more: Lithuania: History, Geography, Government, and Culture — Infoplease.com http://www.infoplease.com/ipa/A0107730.html#ixzz0wA1DGlKW
    http://www.infoplease.com/ipa/A0107730.html#axzz0wA0UBkKD

  3. moon кажа:

    Ўсё так!

  4. Вялікі дзякуй сп. Акаловічу, што ўзняў гэтую тэму. Аб ёй даўно трэба было сказаць. На вялікі жаль Беларусь стала аб’ектам прыхватызацыі – і не толькі беларуская маёмасць, а і гісторыя, мова, культура, землі беларускага народу. Нашы суседзі не інтэрнацыяналісты, а нацыяналісты-шавіністы (польскія, летувіскія, рускія і г.д.). Яны не грэбуюць нічым, у тым ліку і хлуснёй. У беларускім грамадстве пры антыбеларускім рэжыму вельмі мала ёсць людзей, якія стараюцца абараніць народ ад такой знявагі. Сярод кандыдатаў у прэзідэнты наогул нікога няма, некаторыя з іх нават не размаўляюць на беларускай мове. Не думаю, каб гэтыя людзі не разумелі кошт духоўнай спадчыны народа. Хто не паважае народ, таму няма месца ва ўладзе.
    Яшчэ на тэрыторыі Беларусі развялося мноства грамадстваў, якія ў адкрытую лабіруюць чужыя інтарэсы, перакручваюць факты, зневажаюць беларускі народ. Нават суды выступаюць на баку антыбеларускіх элементаў, абараняючы такім чынам палітыку знішчэння беларускай нацыі. Гэта ёсць вялікая разбуральная сіла, якая дзейнічая насуперак інтарэсаў беларускага народа. Пры тым гэтая сіла дзейнічае як звонку, так і знутры краіны – у адкрытую.
    Беларус у сваёй краіне нават не мае права казаць аб сваёй нацыянальнай годнасці, аб нацыянальных інтарэсах. Усе гэтыя назовы – Нацыянальны сход, Нацыянальны парк, Нацыянальная бібліятэка, Нацыянальны…. – чысцейшай вады бутафорыя. Няхай бы так і пісалі: “Руская адміністрацыя”, “Руская бібліятэка”, “Сходка крымінальнікаў, казнакрадаў”, “Польскія крэсы”, “Ісконна руская зямля”, але “Летувісцкая гісторыя”. Вось калі б нейкаму чужаземцу расказываць пра Беларусь словамі суседзяў, то атрымалася б так: калі глядзець з таго боку, дзе заходзіць сонца, то гэта ўсходнія польскія крэсы аж да самага Смаленску, калі глядзець з таго боку, дзе сонца ўстае, то гэта ісконна рускія землі. Гісторыя, якая на гэтых землях адбывалася – гэта летувісцкая гісторыя. Да прыходу маскалёў гэтыя людзі не ўмелі размаўляць, а навучыліся размаўляць толькі з іх прыходам, прытым па-руску. І гэтыя людзі, наогул, невядома адкуль з’явіліся і прытым з 1917 года. Дыягназ – вар’яцкі дом.
    Але мы народ, мы – нацыя, і мы павінны паўстаць на шляху такой знявагі. Лемкі пачыналі сваё адраджэнне з 18 чалавек. Нас трохі больш. Мы нашчадкі носьбітаў грэнскай і свідэрскай культур, якія занялі вядучае месца ў развіцці сусветнай цывілізацыі. Усе сусветныя археалагічныя культуры, якія мелі бурнае развіццё, маюць генетычныя корні ў свідэрскай і грэнскай культурах. Культуры, якія мелі іншыя корні проста зніклі, не маючы культур-нашчадкаў. Першапачаткова ў Летуве жылі нашы беларускія продкі: свідэрцы і грэнкаўцы (з Палесся і Гомельскай акругі, уключаючы Бранскія і Чарнігаўскія землі. Гэта адны этнічныя плямёны). Яны і стварылі Кундскую культуру, якая мае генетычныя сувязі са свідэрскай. Летувісы прыдумалі казку, што на тэрыторыі Беларусі жылі балты, а потым прыйшлі славяне і балтаў выгналі. Ніякіх балтаў ніхто не выганяў. Нашчадкі свідэрцаў і грэнцаў як жылі, так і сёння жывуць на гэтай зямлі.
    Хто такія беларусы: балты, славяне, германцы ці можа яшчэ нехта іншы? На гэтае пытанне вельмі цяжка адказаць. Таму што беларусы 100% балты, 100% славяне, 100% германцы, бо гэта ўсё адно і тое ж. Гэта ўсе нашчадкі свідэрцаў і грэнкаўцаў.
    У выніку маіх аматарскіх пошукаў высветлілася, што носьбіты гаплагрупы R1a па ўсяму свету маюць свае далёкія карані ў Беларусі. І гэта не пустыя словы: сугучнасць тапанімікі, назоваў пляменаў, прозвішчаў, блізасць генетыкі, распаўсюджанне язычніцкай веры, пакланенне адным і тым жа духам, генетычныя карані археалагічных культур і г.д. Чытайце на сайце “Спадчына” пра плямёны і вы шмат чаго даведаецеся пра гісторыю Беларусі.
    У Іране і Індыі плямёны белых людзей да сёняшняга дня называюць арыямі. І сапраўды, вышэйшыя касты Індыі і самыя багатыя роды маюць пераважна гаплагрупу R1a, якая і кажа пра нашу генетычную роднасць.
    Уся гэтая хлусня сплыве, як смецце, але каб мы не былі пасмешышчам ў свеце, нам патрэбна працаваць. А хто ж яшчэ будзе працаваць?
    Я яшчэ раз заклікаю беларусаў да сумеснай працы дзеля таго, каб наш народ заняў паважанае месца сярод народаў свету.

    • Margarita кажа:

      Шаноўная Галiна,

      Цалкам згодная с вамi, трэба дзейнiчаць. На маю думку, неабходна скласцi спiс праектаў, якiя можна ажыццявiць, удакладнiць рэсурсы, магчымасцi.

      Я асабiста прапаную надрукаваць зборнiк артыкулаў каб абвергнуць фальцiфiкацыi, перакласцi яго на ангельскую цi iншую мову, каб усталяваць справядлiвасць. Я магу перакласцi на францускую мову. Надрукаваць гэтую кнiжку i распаўсюджваць у свеце.

  5. Siarhiej кажа:

    Знявагай ёсць для беларусаў святкаванне Незалежнасці не 25 сакавіка, а …, знявага – сталінскі герб і сцяг, знявага – помнікі леніну, знявага – цяпершнія падручнікі гісторыі… Як іншыя могуць нас паважаць, калі кіруючы тут урад лічыць людзей быдлякамі, а апошнія з гэтым моўчкі згаджаюцца?
    Але ўсё роўна – гэта подласць з боку суседзяў красці нашу гісторыю.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы