nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Парламенцкая Асамблея Рады Еўропы (ПАРЭ) прыняла рэзалюцыю па Беларусі

28 студзеня, 2011 | Няма каментараў


27 студзеня ПАРЭ прыняла рэзалюцыю па сітуацыі ў Беларусі пасьля прэзідэнцкіх выбараў “The situation in Belarus in the aftermath of the presidential election”. Арыгінал тэкста знаходзіцца тут: http://assembly.coe.int/Mainf.asp?link=/Documents/AdoptedText/ta11/ERES1790.htm,  – падаецца ніжэй у перакладзе, узятым адсюль: http://www.svaboda.org/content/article/2289493.html.

Рэдакцыя.

1. Парламенцкая Асамблея выказвае шкадаваньне з прычыны беспрэцэдэнтнай хвалі гвалту, запалохваньня, масавых арыштаў і перасьледу палітычных апанентаў, праваабаронцаў, супрацоўнікаў СМІ, студэнтаў і грамадзян Беларусі, якія пасьледавалі за абвяшчэньнем вынікаў прэзідэнцкіх выбараў, якія адбыліся ў Беларусі 19 сьнежня 2010 году.

2. Больш за 600 чалавек былі арыштаваныя, у тым ліку кандыдаты ў прэзідэнты, у той час як напады і ператрусы праводзіліся ў дамах лідэраў апазіцыі, праваабаронцаў і журналістаў, а таксама ў офісах шэрагу няўрадавых арганізацый і СМІ. У месяц, што пайшоў пасьля выбараў, падаўленьне працягваецца больш мэтанакіравана, і сёньня па-ранейшаму не выяўляецца прыкметаў памякчэньня. Такое гвалтоўнае падаўленьне палітычных пратэстаў і мэтавыя падаўленьні палітычных праціўнікаў, праваабаронцаў і супрацоўнікаў сродкаў масавай інфармацыі ёсьць ня толькі непрапарцыйным адказам на дзеяньні пратэстоўцаў, але і наўпроставым ігнараваньнем асноўных каштоўнасьцяў, падтрыманых Радай Еўропы.

3. Вітаючы Рэзалюцыю Еўрапейскага парламенту ад 20 студзеня 2011 году пра сітуацыю ў Беларусі, Асамблея, у прыватнасьці, асуджае затрыманьне сіламі бясьпекі пасьля 19 сьнежня 2010 году Ірыны Халіп, журналісткі расейскай газеты “Новая газета”, і жорстка параненага кандыдата ў прэзідэнты Андрэй Саньнікава, а таксама пагрозу ўладаў аддаць іх 3-гадовага сына ў дзіцячы дом. Асамблея таксама асуджае працяг утрыманьня пад вартай Натальлі Радзінай, рэдактара сайта Хартыя-97, якая была затрымана пад час ператрусу супрацоўнікамі сілаў бясьпекі ў Мінску 20 сьнежня 2010 года.

4. Асамблея зноў заяўляе аб сваёй перакананасьці ў тым, што мусяць цалкам паважацца палітычныя свабоды, і што ўсе асобы і групы павінны быць у стане мірна ажыцьцяўляць свае правы на свабоду выказваньня меркаваньняў і сходаў, у тым ліку пры рэзкай крытыцы на адрас уладаў, і правядзеньня выбараў.

5. Асамблея шкадуе, што, паводле папярэдняй ацэнкі АБСЕ апошніх прэзідэнцкіх выбараў, у Беларусі, нягледзячы на некаторыя канкрэтныя паляпшэньні ў сістэме выбараў і падчас кампаніі, усё яшчэ існуе значны адрыў ад абавязацельстваў АБСЕ, у тым ліку, ад шэрагу ключавых міжнародных стандартаў для дэмакратычных выбараў, такіх, як празрыстасьць і падсправаздачнасьць у падліку галасоў, і якія былі адзначаны адсутнасьцю роўнага доступу да СМІ для ўсіх кандыдатаў і нядобрасумленнага выкарыстаньня дзяржаўных рэсурсаў у падтрымку дзейнага прэзідэнта.

6. Асамблея таксама выказвае шкадаваньне з нагоды рашэньня беларускіх уладаў не падаўжаць мандат офіса АБСЕ ў Мінску, якая захоўвае сваю прысутнасьць у Беларусі з 1998 году.

7. У сьвятле вышэй сказанага, Асамблея заклікае беларускія ўлады:

7.1. неадкладна вызваліць усіх апазіцыйных кандыдатаў і іх прыхільнікаў, журналістаў і праваабаронцаў, затрыманых па палітычных матывах;

7.2. спыніць перасьлед і запалохваньне апазіцыйных палітыкаў, СМІ і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці;

7.3. правесьці адкрытае рассьледаваньне злоўжываньняў і непрапарцыйнага ўжываньня сілы з боку міліцыі і сілаў бясьпекі супраць дэманстрантаў;

7.4. спыніць выключэньне студэнтаў з універсітэтаў і звальненьне людзей з працы ў сувязі з іх удзелам у акцыі пратэсту;

7.5. перагледзець сваё рашэньне аб закрыцьці офіса АБСЕ ў Менску і падоўжыць яго мандат ў 2011 годзе і надалей;

7.6. завяршыць працэс рэформаў выбарчага заканадаўства і практыкі з улікам поўнага набору рэкамендацыяў БДІПЧ/АБСЕ ды Еўрапейскай камісіі за дэмакратыю праз закон (Венецыянская камісія);

7.7. прыцягнуць да адказнасьці меркаваных вінаватых у зьнікненьні Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Дзьмітрыя Завадскага, у адпаведнасьці з рэзалюцыяй 1371 (2004 г.);

7.8. аб’явіць мараторый на выкананьне сьмяротных прысудаў у якасьці першага кроку да адмены сьмяротнага пакараньня, у адпаведнасьці з рэзалюцыяй 1671 (2009 г.).
8. Асамблея перакананая, што любыя санкцыі і абмежаваньні ў кантактах і ўзаемадзеяньні з асобамі, адказнымі за падзеі, у тым ліку вышэйшымі службовымі асобамі краіны, не павінны прывесьці да далейшай ізаляцыі беларускага народу.

9. Асамблея таксама перакананая ў карысьці санкцыяў у дачыненьні да тых, хто нясе асабістую адказнасьць за самыя абуральныя акты рэпрэсій, пры ўмове што яны адбываюцца праз справядлівыя і празрыстыя працэдуры. Таму яна (Асамблея) прапануе ўсім дзяржавам-сябрам Еўразьвязу, а таксама тым, якія не зьяўляюцца членамі ЕЗ, але маюць намер уступіць ў Еўразьвяз, падтрымаць мэтанакіраваныя санкцыі ў дачыненьні да беларускіх чыноўнікаў.

10. Асамблея пастанаўляе ўмацоўваць дыялог з дэмакратычнымі сіламі Беларусі, грамадзянскай супольнасьцю, апазіцыйнымі групамі, свабоднымі СМІ і праваабаронцамі. У тым жа ключы Асамблея заклікае [дзейнічаць] усе краіны Еўразьвязу:

10.1. падтрымаць і разьвіваць дыялог з грамадзянскай супольнасьцю Беларусі і інвеставаць у міжасабовыя кантакты зь Беларусьсю на ўсіх узроўнях;

10.2. разгледзець шляхі палягчэньня выдачы віз для звычайных грамадзян Беларусі, а таксама разгледзець магчымасьць стварэньня ўмоў часовага прытулку тым, хто знаходзіцца пад пагрозай перасьледу як палітычныя апаненты, праваабаронцаў і журналістаў;

10.3. заахвочваць універсытэты, каб яны адчынілі свае дзьверы для беларускіх студэнтаў, якія былі выгнаныя за палітычную дзейнасьць;

10.4. падтрымаць патрабаваньне працягнуць мандат офісу АБСЕ ў Менску;

10.5. яўна ўстрымацца ад прызнаньня [афіцыйнага] выніку прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі;

10.6. заахвочваць і падтрымліваць намаганьні па зборы і захаваньні доказаў у дачыненьні да вінаватых у сур’ёзных парушэньнях правоў чалавека з улікам адрасных санкцый і будучага крымінальнага перасьледу.

11. Што тычыцца ўласных адносін з Беларусьсю, Асамблея нагадвае, што ў сваёй рэзалюцыі 1727, прынятай у красавіку 2010 году, <…> Асамблея пастанавіла прыпыніць кантакты на высокім узроўні з беларускімі ўладамі, паўтарыўшы, што ня можа быць прагрэсу ў дыялогу зь беларускімі ўладамі без прагрэсу ў дасягненьні стандартаў Рады Еўропы.

12. У сувязі зь цяперашнім пагаршэньнем [стасункаў], Асамблея зноў пацьвярджае сваё рашэньне адкласьці кантакты на высокім ўзроўні зь беларускімі ўладамі. Яна заклікае Бюро Асамблеі не адмяняць прыпыненьня статусу сьпецыяльна запрошанага для парламенту Беларусі:

12.1. пакуль мараторый на выкананьне сьмяротнага пакараньня ня будзе абвешчаны кампетэнтнымі беларускімі ўладамі;

12.2. пакуль ня выявіцца істотны і магчымы для праверкі прагрэс ў плане павагі да дэмакратычных каштоўнасьцяў і прынцыпаў, падтрыманых Радай Еўропы.

13. Асамблея заклікае ўсе палітычныя бакі Рады Еўропы і Еўрапейскага парламенту прыняць актыўныя меры ў падтрымку іх роднасных партый у Беларусі шляхам ўмацаваньня асабістага клопату пра зьняволеных лідэраў і членаў іх сем’яў, прадстаўленьня фінансавай падтрымкі для функцыянаваньня партый, і запрашэньня іх прымаць актыўны ўдзел у пасяджэньнях еўрапейскага боку на ўсіх узроўнях.


Ад рэдакцыі:

У гэтай рэзалюцыі мы бачым станоўчая і адмоўныя рысы.

Станоўчае заключаецца ў тым, што ПАРЭ прыняла рашэньні:

– устрымацца ад прызнаньня афіцыйных вынікаў прэзідэнцкіх псеўдавыбараў у Беларусі;

– падтрымаць мэтанакіраваныя санкцыі ў дачыненьні да беларускіх чыноўнікаў;

– адкласьці кантакты на высокім ўзроўні зь беларускімі ўладамі;

– працягнуць прыпыненьне статусу сьпецыяльна запрошанага для парламенту Беларусі.

Адмоўныя моманты рэзалюцыі мы бачым у тым, што ПАРЭ:

– зноў двухсэнсоўна выкарыстоўвае словы пра “дзейнага прэзідэнта”;

– не патрабуе правядзеньня другога туру выбараў, альбо новых выбараў (пра што першымі ў беларускай інфапрасторы заўважылі мы ў дачыненьні да рэзалюцыі Еўрапарламенту);

– навешвае на ацэнку пасьлявыбарчай сітуацыі праблему адмены сьмяротнага пакараньня, “стандартаў Еўропы” й іншыя адносна другасныя, не зьвязаныя з данай вострай сітуацыяй пытаньні;

– асуджае затрыманьне сіламі бясьпекі лукашысцкага рэжыму ня толькі далёка ня ўсіх арыштаваных па надуманых зачэпках грамадзян Беларусі, а і нават ня ўсіх кандыдатаў у прэзідэнты (няма ў рэзалюцыі ўзгадваньня прозьвішчаў моцна зьбітага Някляева, галадаючага Статкевіча, Міхалевіча, тады як на асобы “жорстка параненага кандыдата ў прэзідэнты Саньнікава”, Халіп і нават Радзінай адмыслова зьвернута ўвага). Апошняе нас асабліва зьдзівіла, але… і парадавала, бо наўпрост паказала, каго “Захад” планаваў пабачыць у якасьці прэзідэнта Беларусі пасьля 19 сьнежня, а хто планаваўся ім на ролю “дроваў для рэвалюцыі”…

– і, нарэшце, Рада Еўропы і блізка не прыслухалася да слушных прапаноў Пазьняка (гл. перад папярэдні матэрыял).


Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы