nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Як пазьбегчы “афрыканізацыі” замежнай дапамогі для Беларусі

9 лютага, 2011 | 14 каментарыяў

YK (Яраслаў Крывы)

Пасьля таго, як “Захад” вырашыў “дапамагчы беларускай дэмакратыі” аж на 120 мільёнаў, на гэтыя – будучыя – мільёны, як мухі на ***, пачалі зьлятацца розныя “дэмакраты” як у Беларусі, так і ў замежжы. Натуральна, са сваімі прапановамі. На аднаго такога “дэмакрата” нас вывела радыё “Свабода” (інфармацыя вось тут: http://www.svaboda.org/content/article/2300118.html), якое падала частку яго артыкула, выстаўленага па-англійску. Мы выстаўляем гэты артыкул цалкам у перакладзе на нашу мову (узята адсюль: http://belarusdigest.com/2011/02/07/preventing-africanization-of-foreign-aid-to-belarus/; аўтар падае сябе пад нікам “YK”, у матэрыяле “Свабоды” ён падаецца як Яраслаў Крывы; верагодна, гэта таксама псеўданім). Азнаямленьне з гэтым артыкулам дапамагае даведацца пра шмат з таго, што большасьці з нас малавядомага. Матэрыял ілюструе фота канферэнцыі “доранаў Беларусі ў Варшаве” (на трыбуне бачны Сікорскі, у прэзідыюме – Мілінкевіч; на заднім плане – сьцягі заходніх краін і лозуг “Салідарнасьць зь Беларусьсю”).

Рэдакцыя.


Канферэнцыя донараў Беларусі ў Варшаве

Паколькі грамадзянская супольнасьць у Беларусі прымае абавязальніцтвы з боку міжнароднай супольнасьці па фінансавай падтрымцы [як элегантна; нам яшчэ расьці і расьці… – Рэд.], на парадак дня паўстае пытаньне, як зрабіць гэтую дапамогу эфектыўнай.

На мінулым тыдні на канферэнцыі ў Варшаве, прысьвечанай збору сродкаў, беларуская грамадзянская супольнасьць была забясьпечаная абавязальніцтвамі на 120 млн. даляраў ад 36 дзяржаў-донараў. Злучаныя Штаты паднялі свой гадавы ўнёсак дапамогі з 11 да 15 мільёнаў даляраў. Еўрапейская Камісія плануе ў чатыры разы павялічыць сваю дапамогу – да 21.5 млн. даляраў. Польшча заявіла, што падвоіць сваю падтрымку да 14 мільёнаў даляраў. Засталася адна рэч, каб атрымаць грошы – трэба забясьпечыць выніковае выдаткаваньне грошай, зь мінімальнымі злоўжываньнямі.

Многія краіны ў Афрыцы атрымліваюць мільярдныя сумы замежнай дапамогі, але людзі й грамадскія актывісты ня бачыць ніякіх прыкмет узьдзеяньня гэтых сродкаў і працягваюць жыць у галечы. Адсутнасьць вяршэнства закону і празрыстасьці ў гэтых краінах зьяўляецца асноўнай прычынай карупцыі й злоўжываньняў. Нават у разьвітай дэмакратыі, такой як Аб’яднанае Каралеўства (Вялікабрытанія), карупцыйныя скандалы адбываюцца на рэгулярнай аснове. У апошні час шэраг чальцоў брытанскага парламенту былі пакараныя за тое, што дасылалі фальшывыя рахункі-фактуры для ашуканскага атрыманьня грошай зь бюджэту. СМІ і праваахоўныя органы былі вымушаныя ўмяшацца, каб спыніць гэтыя дзеяньні.

Важна пазьбегчы “афрыканізацыі” беларускай дапамогі. Беларусь больш нагадвае многія афрыканскія краіны, чым Вялікабрытанія, з-за султанісцкага палітычнага рэжыму [новае адценьне ў характарыстыцы рэжыму Лу-кі. – Рэд.]. Тым ня менш, Беларусь адрозьніваецца ад афрыканскіх краін іншым важным асьпектам. Яна аточаная трыма краінамі Еўрапейскага зьвязу і вялікая частка заходняй дапамогі ідзе ў зьвязаныя зь Беларусьсю ўстановы ў гэтых краінах [ну, проста адкрытым тэкстам пра тое, куды ідуць грошы! Яшчэ толькі напісаць: адсоткаў гэтак 90. – Рэд.]. Важна праводзіць адрозьненьне паміж двума атрымальнікамі замежнай дапамогі – тымі, якія дзейнічаюць у Еўрапейскім зьвязе, і тымі, якія базуюцца ў Беларусі. Падыходы да кантраляваньня выніковасьці грашовых выдаткаў павінны быць рознымі для гэтых двух сітуацый.


Атрымальнікі ў Еўрапейскім зьвязе

Аказваецца, што найбуйнейшымі атрымальнікамі замежнай дапамогі для Беларусі ў Еўрапейскі зьвязе зьяўляюцца Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт (ЕГУ), “Белсат” і Еўрапейскае радыё для Беларусі. Маніторынг эфектыўнасьці ў такіх установах зьяўляецца адносна простым, паколькі яны знаходзяцца ў дэмакратычных краінах. Яны павінны публікаваць рэгулярныя справаздачы, у якіх паказваць, як яны расходуюць грошы донараў і як іх дзейнасьць уплывае на Беларусь. Для медыя-праектаў эфект можа вымярацца ростам памераў іх аўдыторыі. Важна пераканацца, што СМІ не прапаведуюць толькі для прыхільнікаў, але таксама дасягаюць апалітычнай большасьці беларусаў.

Для адукацыйных праектаў, такіх як ЕГУ, паказчык выніковасьці павінен грунтавацца на крытэрах, аналагічных тым, што выкарыстоўваюцца для любых іншых еўрапейскіх універсітэтаў. Адзінае абмежаваньне ў тым, што галоўнай мэтай іх намаганьняў павінна быць Беларусь. Посьпех можа вымярацца колькасьцю публікацый іх выкладчыкаў, колькасьцю студэнтаў зь Беларусі, а таксама іх кар’ерным лёсам пасьля заканчэньня ўніверсітэта і празь некалькі гадоў пасьля гэтага. Маніторынг таго, ці вяртаюцца студэнты ў Беларусь або працягваць удзельнічаць у рабоце па тэмах, звязаных зь Беларусьсю, мае вырашальнае значэньне [зьвярніце ўвагу, ці працуюць пры гэтым студэнты на беларускай мове, ня мае для аўтара ніякага значэньня; дарэчы, і сам ЕГУ практычна цалкам працуе на рускай імперскай мове; як і яго рэктар. – Рэд.]. Як і ў іншых універсітэтах, інфармацыя аб публікацыях прафесараў-выкладчыкаў і студэнтаў ды іншых навуковых праектах павінна быць у Інтэрнэце.

Важна таксама, што працэс прыняцьця рашэньняў і палітыка найму ўстановамі, якія базуюцца ў ЕЗ, зьяўляюцца празрыстымі. Яны маюць двайную ролю: па-першае, дапамагаюць беларускай грамадзянскай супольнасьці; а, па-другое, гадуюць новае пакаленьне беларускіх журналістаў, навукоўцаў і адміністратараў.


Атрымальнікі ў Беларусі

Беларускія ўлады [так у тэксьце; на справе ж – беларусафобскія… – Рэд.] робяць амаль немагчымым для беларускай грамадзянскай супольнасьці атрымліваць фінансавую дапамогу праз легальныя каналы. Таму забесьпячэньне транспарэнтнасьці ў Беларусі зьяўляецца больш цяжкай праблемай. Прынамсі, донарам варта засяродзіць увагу на некалькіх ключавых кірунках – сродкі масавай інфармацыі, актывісты грамадзянскай супольнасьці, і дапамога рэпрэсаваным. Варта імкнуцца не дубляваць свае намаганьні.

Дэмакратычныя актывісты ў беларускіх малых гарадах зьяўляюцца асабліва ўразьлівымі. Пасьля звальненьня з працы ім практычна немагчыма знайсьці іншую крыніцу даходу. З-за таго, што яны не гавораць на замежных мовах і не карыстаюцца сеткавымі магчымасьцямі за мяжой, яны заслугоўваюць асаблівай увагі з боку донараў. Магчыма, запрашэньне тых людзей за мяжу для працы на часовай аснове, і нават для менш кваліфікаванай працы, магло б істотна дапамагчы ім [Радзе БНР за апошнія 15 гадоў шмат разоў прапаноўвалася арганізаваць такую дзейнасьць! Цяпер ініцыятар і кіраўнік працэсу будзе іншы… – Рэд.].

Важна абмежаваць марнатраўства грошай на так званы палітычны турызм. Гэта адбываецца, калі дэмакратычныя актывісты бясконца езьдзяць на канферэнцыі й семінары за мяжу. Выдаткі на ўдзел у такой дзейнасьці могуць быць вельмі значнымі, а вынікі – сумніўнымі. Напрыклад, грошай, выдаткаваных на кароткую паездку аднаго актывіста апазіцыі ў Злучаныя Штаты, было б дастаткова для правінцыйнага актывіста апазіцыі, каб пакрыць выдаткі на існаваньне на паўгады пасьля выгнаньня з працы [і пра гэта гаваралыся “донарам” сотні разоў! – Рэд.].

У любым выпадку, донары павінны пераканацца, што механізмы падсправаздачнасьці працуюць. Правілы справаздачнасьці, аднак, павінны адпавядаць рэаліям працы ва ўмовах самага рэпрэсіўнага рэжыму ў Еўропе.


Маніторынг эфектыўнасьці замежнай дапамогі

Было б нерэалістычным чакаць, што заходнія дыпламаты будуць кіраваць фінансавай дапамогай беларускай грамадзянскай супольнасьці на мікраўзроўні. Вялікія донары ня могуць цалкам зразумець сітуацыю ў Беларусі [вядома: грошы ёсьць – розуму ня трэба. – Рэд.]. Лепшым рашэньнем можа быць стварэньне кансультатыўнай рады, якая б складалася з выбітных сьпецыялістаў па Беларусі й прадстаўнікоў дыяспары зь Беларусі. Гэтая рада павінна быць незалежнай як ад атрымальнікаў замежнай дапамогі, так і ад донараў. У ідэале, гэтыя людзі таксама павінны быць грамадзянамі іншых краін, чым Беларусь [вядома, “няма прарока ў сваёй айчыне”! Прычым, пад любым соўсам…; яўна YK – гэта закаранелы грантасмок, як мінімум, ніяк не зьвязаны псіхічна зь беларускім народам…  – Рэд.]. Гэта дазволіць зрабіць іх менш уразьлівымі для ціску з боку беларускага рэжыму [ну, дык і складзіце такую “раду” з грамадзянаў Расеі, Польшчы і Ізраілю…; і галоўнае: усю “дапамогу” забярыце сабе… – Рэд.].

Гэты орган мог бы фармуляваць рэкамендацыі, вырашаць канфлікты інтарэсаў і складаць чорны сьпіс парушальнікаў [зьвярніце ўвагу, гэтай відавочнай справы за “17 гадоў змаганьня з дыктатурай” дасёньня ня зроблена; Чытач, ты напэўна здагадваешся, чаму… – Рэд.]. Раднікі маглі б таксама дапамагчы з арыентаваньнем замежнай дапамогі на асноўныя прыярытэты, такія як забесьпячэньне насельніцтва Беларусі доступам да непадцэнзурнай інфармацыі [інфармацыі пра што? Ліберастычнай папсой, голымі задамі, стралялкамі, галівудскім сьмецьцем, рэкламным турзаньнем і г.д. жыхары Беларусі і так ужо забясьпечаны пад завязку… – Рэд.].

Вядома, выяўленьне фактаў карупцыі сярод апазіцыі наносіць шкоду рэпутацыі ня толькі тых асобаў, якія злоўжываюць, але і ўсёй грамадзянскай супольнасьці [бывае віна калектыўная, а тут запрапанавана яшчэ горшае – быць вінаватым увогуле невіноўнаму! Вяршыня цынізму. – Рэд.]. Афіцыйная прапаганда ў Беларусі, несумненна, будзе шырока асьвятляць гэтыя выпадкі ў кантраляванай дзяржаўнай прэсе [і менавіта для гэтага замежныя донары дзесяцігоддзямі пакідаюць вядомых апазіцыйных карупцыянераў у якасьці грантаатрымальнікаў? Гэта робіцца, каб потым скінуць іх віну на ўвесь беларускі народ? – Рэд.]. Але, магчыма, такую ахвяру варта рабіць, каб пераканацца, што вялікая частка замежнай дапамогі дасягае сваёй мэты [не зразумела, пра якую “ахвяру” з боку “Захаду” кажа аўтар? Няўжо выстаўленьне карупцыянера ў апазіцыі на публічнае агляданьне – гэта ахвяра? Па-нашаму, гэта – справядлівасьць! А, можа, мы запраўду дачакаемся, калі саньнікавы-халезіны-міхалевічы-раманчукі будуць выстаўленыя на сонейка самім “захадам”? Наўрад ці.. – Рэд.].



Ад рэдакцыі.

Параўнаньне гэтага тэкста з тым, што падало радыё “Свабода”, дазволіла выявіць, што рэдакцыя радыё схавала ад беларусаў ідэю YK аб стварэньні Кансультатыўнай рады, якая б кантралявала расходаваньне 120.000.000 баксаў і складалася з каго заўгодна, але толькі не з… рэальных сьвядомых беларусаў, якія здольныя думаць пра інтарэсы беларускага народу. Натуральна, не падала “Свабода” і недарэчнага абгрунтаваньня такой прапановы: маўляў, неўключэньне ў раду сьвядомых беларусаў грамадян Беларусі зробіць такую раду “менш уразьлівай для ціску з боку беларускага рэжыму” (зноў “беларускага”…).

Самы час нагадаць вядомую прымаўку: дапамажы Божа разабрацца зь “сябрамі”, а з ворагамі мы як-небудзь і самі разьбярэмся…

Не падало самае свабоднае радыё і пацьверджаны аўтарам факт, які напэўна ведае, што кажа, што аказваецца, за паўтара дзесяцігоддзі карупцыйных скандалаў (!) у шэрагах “беларускай апазіцыі” вакол “донарскай дапамогі з боку Захаду” ў “заходнікаў” дасёньня няма чорнага сьпісу парушальнікаў выкарыстаньня дапамогі. Пабаяліся, відаць, што ў каментарах хто-небудзь напісаў бы, што такія дзіўныя паводзіны педантычнага “Захаду” могуць быць патлумачаныя толькі тым, што заходняя “дапамога беларускай дэмакратыі” на справе прызначаецца толькі для таго, каб большасьць грошай падаткаплатнікаў заходніх краін выкрадалася іх жа бюракратамі яшчэ да мяжы зь Беларусьсю, а пазасталая меншая частка  выкарыстоўвалася для фармаваньня на нашай беларускай зямлі сваёй агентуры і забесьпячэньня яе грашыма, каб потым зь яе дапамогай мець магчымасьць зьдзяйсьняць свае ліберастычныя планы ў Беларусі.

Параўнаньне прапановаў YK з тым, што неабходна рабіць у Беларусі, каб усталяваць сапраўдную беларускую дэмакратыю (пра што ведаем, напрыклад мы – сябры рэдакцыі), дазваляе зрабіць выснову: ночага якасна новага, што б сапраўды стала пагражаць існаваньню праімперскага беларусафобскага этнацыднага султанісцкага рэжыму Лу-кі, “Захад” на сабраныя 120 мільёнаў даляраў рабіць і не зьбіраецца! Усе раней вядомыя акторы ў цэлым застануцца пры сваіх інтарэсах… А гэта, у сваю чаргу, азначае, што грашовы вецер з Захаду, які пагражае стаць бурай, толькі ўскладняе ўмовы самаарганізацыі беларускага народа на барацьбу за свае аб’ектыўныя дэмакратычныя інтарэсы.

У сувязі з такім багажом пазьбегчы “афрыканізацыі” замежнай дапамогі для Беларусі, пра што нібы клапоціцца аўтар, ну, ніяк не атрымаецца…

У сувязі з гэтым цяжка не пагадзіцца з нашым рэдактарам, які пад узгаданым вышэй артыкулам на “Свабодзе” разьмясьціў свой каментар (які, на дзіва, на гэты раз быў адразу выстаўлены):

Алесь Астроўскі, Гародня

Цытата: “грамадзянская супольнасьць заручылася донарскай дапамогай памерам 120 мільёнаў даляраў”.  —

Калі б беларусы дакладна даведаліся, што маюць на ўвазе “заходнікі”, калі кажуць пра “грамадзянскую супольнасьць у Беларусі” (што гэта такое на самай справе?) і “дапамогу ёй” (на якія сапраўдныя мэты?), то большасьць беларусаў закрычала б: “заходнікі, забярыце назад свае 120 мільёнаў і не давайце ні цэнта ні на якую дапамогу ні якой грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі!”…

Калісьці так і будзе. Калісьці беларусы зразумеюць, што заходні фінансавы імперыялізм пагражае іх будучыні ня менш, чым расейскі тэрытарыяльны…

(канец каментара)


Усяго лепшага, сябры.

Жыве Беларусь – Наша Зямля!

14 каментарыяў

  1. Пазбегнуць “афрыканізацыі” можна толькі адным шляхам – стварэньне нацыянальна-патрыятычнага руху. Што б хто не пісаў, але я ведаю толькі адно, што ніхто і ніколі не дасць ніякіх грантаў беларусам на абарону іх нацыянальных інтарэсаў. Па-гэтаму, нацыянальным патрыётам не трэба разлічваць на нейкую дапамогу і нам давядзецца як і раней працаваць без ўсякай дапамогі. Гэтыя грошы для нацыянальна-патрыятычнага руху ствараюць вялікую перашкоду. Яны ствараюць цэлую армію людзей, якія працуюць на каланізацыю краіну, шматлікія з якіх нават не усвядамаляюць гэтага і маюць вялікую абіду на тых, хто аб гэтым кажа. На вялікі жаль, гэта праўда. Рэжым, канешне, душыць ўсё нацыянальнае і ўсемагчымымі спосабамі, але і іншыя суб’екты таксама сваю дзейнасць скіроўваюць супраць беларускіх нацыянальных сілаў, бо толькі нацыянальна-патрыятычныя сілы здольны абараніць беларускі народ ад рабства і жабрацтва. Выжыць ў такіх умовах нацыянальна-патрыятычным сілам крайне складана, але патрэбна не толькі выжыць, патрэбна яшчэ і працаваць, бо у беларусаў іншага шляху няма, каб палепшыць сваё жыццё і быць гаспадарамі на сваёй зямлі. Па ўсяму бачна, што беларусы яшчэ не паспелі, каб жыць для сябе і працаваць на сябе. Лу-ка будзе яшчэ доўга знаходзіцца пры ўладзе. На палітычным полі няма зменаў сілаў.

    • Siarhiej кажа:

      Галіна Арцёменка: “ніхто і ніколі не дасць ніякіх грантаў беларусам на абарону іх нацыянальных інтарэсаў”

      У мяне ёсць асабісты досьвед, калі невялікія грошы пайшлі на абарону нашых інтарэсаў – падтрымку беларускага культурніцкага праекту, нажаль, не магу тут распавесьці.

  2. Яўген Мурашка кажа:

    “…заходнікі, забярыце назад свае 120 мільёнаў і не давайце ні цэнта ні на якую дапамогу ні якой грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі!…”
    Менавіта, так і трэба казаць.
    Прывяду клясычны прыклад вынікаў такога рода дапамогі.
    Месца дзеяньня – Гомель, пачатку 90-х. Дзеючыя асобы – Віктар Карняенка, Уладзімер Кацора, Андрэй Толчын, усе належаць да АГП. В.Карняенка – кіраўнік абластной арганізацыі, У.Кацора – гарадской, А.Толчын – дэпутат гарсавета. Ствараецаа Фонд імя Сапегі. Пра усе падрабязнасьці не ведаю. Сп. Карняенка звольніўся з працы. Потым узнікае рэсурсны цэнтар “Грамадзянскія ініцыятывы”, А.Толчына там ужо няма ( цяпер навошта ён там?) На Палескай 52 набываецца прыватны дом, на імя сп.В.Карняенкі, робіцца еўрарамонт і пераўтвараецца у офіс АГП. Набываецца каля дзесятка кампутараў і іншай аргтэхнікі.
    Да іх мы (грамадскія арганізацыі) пачалі прыходзіць каб нешта надрукаваць, але у абмежаваннай колькасьці, карацей мы сталі залежнымі ад іх. Калі аднойчы мне спатрэбілася надрукаваць некалькі соцень улетак, так як на “Гомсельмашы”, дзе я працаваў і быў старшынёй прафкама першага у Беларусі незалежнага прафсаюза Канфедэрацыя Працы Бtларусі (старшыня М.Собаль), меркавалася звольніць паўтары тысячы працаўнікоў, я прыйшоў да іх.
    Сп.Карняенка, на маю просьбу адказаў – Ну з дзесятак штук мы можам. Я сказаў ім – дзякуй – пайшоў,. Я паехаў у Салігорск, да незалежнага прафсаюза гарнякоў (старшынёй быў, цяпер нябожчык, Іван Юргевіч) дзе мне без праблем, надрукавалі 800 штук. Звальненьне удалося спыніць
    Гэты цэнтар стаў манапалістам, такія цэнтры узьніклі ва усіх абласных гарадах. Я не аднойчы прапаноўваў сп. Карняенкі, аб небясьпекі утрыманьня такой колькасьці аргтэхнікі у адным месцы. У выпадку рэпрэсій і канфіскацыі, мы усе выходзілі з інфармацыйнай прасторы. Але гэта папярэджаньне было не узята пад увагу. У гэты перыяд, сп.Карняенка, практычна адышоў ад актыўнай палітычнай дзейнасьці толькі быў назіральнікам, усім гэтым займаўся сп.Кацора. Усю сваю энэргію сп.Карняенка накіраваў на супрацоўніцтва з Фондам пана Паўла Казанецкага, Польшча ), праз якога ішлі грантаўскія патокі у Беларусь. Па Гомельскай вобласьці, імі кіраваў сп.Карняенка, без яго згоды, ніводная грамадская арганізацыя, не магла атрымаць фінансаваньня сваіх праектаў. Твар сп.Карняенкі стаў шырэй, з’явіліся барскія адносіны да людзей, апрануў скураную куртку, зьмяніў аўто.
    Потым з’ехаў у Менск, прыватызаваўшы кватэру у Гомлі, і набыўшы кватэру у сталіцы.
    Цяпер ён нідзе асабіста не сьвеціцца і не праяўляе палітычнай актыўнасьці. Відаць, праз яго ідзе фінансаваньне руху “За свабоду”, ну а грошы любяць цішыню.
    Але і у цяперашніх варунках, будзе, менавіта, такая ж схема.
    У некага твар стане яшчэ шырэй, а у астатніх яшчэ вужэй.

  3. Ал-др кажа:

    Яраслаў Крывы – рэальны чалавек, вось яго персанальная старонка http://kryvoi.net/ … досыць раўспаўсюджаны тыпаж: увогуле неблагі хлопец; так, перакананы кар’ерыст, але ж адначасова і не самы апошні патрыёт. пры гэтым, атрыманая на захадзе і, па ўсіх фармальных прыкметах, прыстойная адукацыя, нейкім загадковым чынам робіць для яго другасным пытанне “афрыканізацыі Беларусі”. замест гэтага увагу і высілкі пачынаюць паглынаць праблемы “афрыканізацыі замежнай падамогі Беларусі” і да іх падобныя. пры гэтым ізноў не тое каб элемент няшчырасці з яго боку быў вельмі высокім … мяркую, сакрэт у эканамічных і “каляэканамічных” курсах, якія ён праслухаў ува ўніверсітэце, але ж гэта вялікая і складаная тэма .. да таго ж не ўпэўнены, што яна выклікае ў шаноўнага спадарства шчырую цікаўнасць … don’t shoot the messenger)

  4. Siarhiej кажа:

    Рэд.: “яўна YK – гэта закаранелы грантасмок, як мінімум, ніяк не зьвязаны псіхічна зь беларускім народам… ”
    Я ведаю YK. Прапаную трымацца прэзумпцыі невінаватасьці. Яго кваліфікацыя і досьвед забяспечвае яму прыстойны заробак і ў грантах ён, здаецца, не мае патрэбы. Паставіў ён пытанне слушна.

    • Рэдакцыя кажа:

      Спадар Сяргей, няўжо слушнасьць YK у тым, што ў Беларусі няма прыстойных беларусаў найцыянальна-дэмакратычных поглядаў, а калі і ёсьць, дык іх усіх усё роўна адным скопам трэба выключыць з магчымасьці кантролю за тым, на што пойдуць сродкі?
      А, мо, слушнасьць YK заключаецца ў тым, што ў яго прапановах адсутнічае нават намёк на неабходнасьць крытычнага аналізу ўсёй папярэдняй грантаўскай стратэгіі Захаду, якая вось ужо паўтара дзесяцігоддзі не дае ніякіх вынікаў?
      А, мо, яго слушнасьць у тым, што новая (павялічаная) колькасьць выдаткаваных рэсурсаў па Гегелю пяройдзе ў нейкую новую якасьць?
      А, мо, лепш прыслухацца да біблейскага: “новае віно ў старыя мяхі не наліваюць”…

      • Ал-др кажа:

        слушна, але ж слушная і заўвага Siarhiej-а пра тое, што YK “зьвязаны псіхічна зь беларускім народам” (маю сякія-такія падставы так лічыць) … мабыць час развязаць гэты і да яго падобныя парадоксы, звярнуўшы ўвагу на “псіхічныя сувязі” YK з некім уплывовым комплексам ідэй і ўяўленняў? “неа-ліберальная” ідэалогія, “неа-класічная” эканоміка? вашыя версіі?

        • Рэдакцыя кажа:

          Спадар Ал-др.
          Мы ня ведаем YK і таму ня можам разважаць пра баланс нацыянальна-дэмакратычнай і ліберальнай складовай у яго сьветаглядзе. Ды й гаворка не пра яго, а пра далейшую “дапамогу беларускаму грамадству з боку Захаду ў змаганьні з дыктатурай” (проста гэтую гаворку YK зноў справакаваў).
          А ў гэтым пытаньні мы, сярод іншага, маем такія Факты:
          1. Дапамога беларусафобскаму рэжыму Лу-кі з боку “Захаду” на сёньня вымяраецца мільярдамі даляраў. Абяцаліся наступныя мільярды і далёка не пад спыненьне этнацыду і прыватызацыю беларусамі “дзяржаўнай уласнасьці”!
          2. Дапамога “аб’яднанай дэмакратычнай апазіцыі” з боку “Захаду” – дзесяткі й сотні мільёнаў даляраў!
          3. Дапамога з боку “Захаду” сапраўдным беларускім дэмакратам, якія зыходзяць у сваёй грамадска-палітычнай дзейнасьці з аб’ектыўных інтарэсаў беларускага народу (якія практычна цалкам растаптаныя, абылганыя і выкінутыя на сьметнік) складае нешта каля… нуля ў любой валюце!
          4. Гэтая сітуацыя была і застаецца надалей…
          Скажыце, якія высновы павінен зрабіць кожны звычайны чалавек, мазгі якога яшчэ ня сталі кісялём ад ліберастычнай прапаганды?
          Адказ настолькі відавочны, што нам нават няёмка пра ўсё гэта ўзгадваць. А ўзгадваем толькі таму, што некаторыя ўсё яшчэ працягваюць знаходзіць нейкія ньюансы і аргуманты на карысьць заходніх цынікаў-ліберастызатараў і іх такой жа абсалютна цынічнай агентуры ў Беларусі…

          • Ал-др кажа:

            названыя факты не аспрэчваю, сп. Крывога не абараняю, у майго каментара быў іншы змест: мала назваць пэўны комплекс вераванняў “ліберастычнай прапагандай”, а служкаў адпаведнага культу “сіянакратыяй”, трэба адказаць на пытанне “у чым прычынага іх фенаменальнага поспеху?” … толькі такога кшталту веды дапамогуць не толькі згуртавацца, але і даць адказ на зменлівыя выклікі сучаснасці (эканамічныя і фінансавыя па стану на сёння?) … увогуле, апераваць цэтлікамі, не зазіраючы ў сутнасць, небяспечна нават з тактычнага пункту гледжання, а што калі заўтра “ліберасты” зробяць рэбрэндынг? 😉

      • Siarhiej кажа:

        “Важна пазьбегчы “афрыканізацыі” беларускай дапамогі.”
        – у гэтым слушнасьць, а таксама ў эфектыўнасьці, якая павінна вымярацца вынікамі. І параўнайце грошы ад МВФ для Лукі з абяцанай дапамогай: 3,5 млрд і 0,12млрд.

        • Ал-др кажа:

          3,5 млрд. – гэта пазыка, г. зн. грошы давядзецца вяртаць; 0,12 млрд. – субсідыі 5-ай калоне (без абавязкаў грашовай(!) адплаты). параўноўваць тут няма чаго, бо і першае, і другое маюць за мэту дапамагчы рэжыму спусціцца ў даўгавую яму і адтуль пачаць весці з ім “эканамічны дыялог” …

          • Siarhiej кажа:

            3,5 млрд выдадзнны пад невялікі % і вяртаць прыдзецца не гэтаму рэжыму. Калі б 0,12 млрд былі падтрымкай 5-й калоны па вэрсіі Лукі, дык гэта было б добра.

  5. Вячак кажа:

    Абы толькі грошы смактаць…..
    ПАТРЭБНЫ ПЕРАВАРОТ У МАЗГАХ БЕЛАРУСАЎ!
    НІХТО АКРАМЯ НАС САМІХ НЕ ЗРОБІЦЬ НАС ВОЛЬНЫМІ!

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы