nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Магчыма, Міхалевіч казаў і праўду, але высьвятляецца, што як мінімум ня ўсю…

4 сакавіка, 2011 | 8 каментарыяў

Рэдакцыя.


Сёньня апазіцыйныя і ня толькі СМІ падалі інфармацыю, якую можна лічыць працягам гісторыі, зьвязанай зь нядаўняй сенсацыйнай заявай Міхалевіча. Паколькі мы спрагназавалі гэта і паколькі абяцалі сачыць за разьвіцьцём падзей вакол данага чалавека, падаем асноўны зьмест новаадкрытых фактаў і на нашым сайце. Каб пазьней дадаткова не тлумачыць нашу пазіцыю ў сувязі зь імі, адразу скажам: новыя зьвесткі істотна прасунулі постаць Міхалевіча ў тое месца ў гісторыі Беларусі, у якім цяпер знаходзіцца вядомы многім пан Раманчук


1.

Вось што сёньня, 04.03.2011 г., паведаміла радыё “Свабода” ў матэрыяле пад назвай “КДБ апублікаваў фрагмент ліста Міхалевіча да Лукашэнкі” (гл. http://www.svaboda.org/content/article/2328291.html)


“Цэнтар інфармацыі і грамадскіх сувязяў КДБ заяўляе, што заявы Алеся [на справе – Аляксея] Міхалевіча адносна канфідэнцыйных адносінаў з органамі дзяржаўнай бясьпекі і катаваньняў у СІЗА не адпавядаюць рэчаіснасьці, а інфармацыя, якая распаўсюджваецца ў сувязі з гэтым, паклёпніцкая.

Пра гэта гаворыцца ў інфармацыі, разьмешчанай на афіцыйным сайце КДБ Беларусі.

У паведамленьні сказана, што сьледствам рашэньне аб зьмене ў дачыненьні да Міхалевіча меры стрыманьня было прынятае «па ўзгадненьні з органамі пракуратуры на падставе вынікаў праведзеных сьледчых мерапрыемстваў, у адпаведнасьці з заяўленай ім пазыцыяй пра разуменьне ўсёй адказнасьці за зьдзейсьненыя супрацьпраўныя дзеяньні, а таксама з улікам уласнаручнага напісаньня прашэньня аб палёгцы».

Да заканчэньня сьледчых дзеяньняў Цэнтар інфармацыі і грамадскіх сувязяў прадстаўляе толькі некаторыя вытрымкі з гэтага прашэньня на імя кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнкі. Яго тэкст падаецца на сайце КДБ (гл. фрагмент расейскамоўнага, вернападданага ліста Міхалевіча Лукашэнку).


Пры такіх абставінах, паведамляе Цэнтар інфармацыі і грамадскіх сувязяў КДБ, «прымаючы пад увагу добра вядомыя характарыстыкі асобы Міхалевіча, органам дзяржаўнай бясьпекі не было неабходнасьці ўсталёўваць дадатковыя адносіны».

Ліст Міхалевіча да Лукашэнкі з сайта КДБ.

«Паважаны Аляксандар Рыгоравіч,

Я заўсёды ставіўся да Вас з павагай, і Вашы заслугі для незалежнасьці Беларусі бясспрэчныя і вельмі вялікія.

Падчас сваёй перадвыбарчай кампаніі я не сказаў нічога дрэннага ні на Ваш адрас, ні на адрас Вашых блізкіх і родных. Я як былы кандыдат шчыра шкадую, што адбыўся канфлікт і пацярпела шмат людзей.

Прашу Вас асабіста ўзяць пад свой кантроль пытаньне пра мой далейшы лёс.

З павагай,

А.А. Міхалевіч»

Паводле паведамленьня, «прычыны, зь якіх Міхалевіч пра гэта змоўчвае, а таксама факты яго дачыннасьці да парушэньня заканадаўства Рэспублікі Беларусь, у тым ліку да распаўсюджваньня паклёпніцкай інфармацыі, будуць устанаўлівацца ў працэсе правядзеньня далейшых сьледчых мерапрыемстваў».


2.

Пра тое, як Міхалевіч патлумачыў гэты факт, можна даведацца з матэрыяла Алеся Дашчынскага на радыё “Свабода”, азаглаўленага “Міхалевіч: ліст да Лукашэнкі напісаны пасьля катаваньняў” (гл. http://www.svaboda.org/content/article/2328447.html)


Алесь [Аляксей] Міхалевіч заявіў, што ліст да кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнкі, вытрымкі зь якога апублікаваныя на сайце КДБ, быў напісаны пасьля катаваньняў і зьдзекаў у СІЗА КДБ.

Алесь Міхалевіч распавёў, што гэты ліст зьявіўся 10 студзеня. А выпусьцілі Міхалевіча зь СІЗА КДБ пад падпіску аб нявыезьдзе 19 лютага. Паводле ягоных слоў, гэты ліст істотна не паўплываў на вызваленьне зь СІЗА, а наадварот, пачалася праца, каб схіліць палітыка да супрацоўніцтва з КДБ. Міхалевіч зьвяртае ўвагу, што на сайце КДБ, які падае вытрымкі зь ліста, «адмыслова і мэтанакіравана» выразана дата яго напісаньня.

[У лісьце] Міхалевіч піша, што заўсёды ставіўся да Лукашэнкі з павагай. І яго «заслугі для незалежнасьці Беларусі бясспрэчныя і вельмі вялікія». Ён таксама адзначае, што падчас сваёй перадвыбарчай кампаніі не сказаў нічога дрэннага ні на адрас Лукашэнкі, ні на адрас яго блізкіх і родных. Міхалевіч як былы кандыдат шчыра шкадуе, што адбыўся канфлікт і пацярпела шмат людзей. Ён просіць кіраўніка краіны асабіста ўзяць пад свой кантроль пытаньне пра яго далейшы лёс.

Гэта тое, што надрукавана на сайце КДБ. Ці было яшчэ што-небудзь у гэтым лісьце?

Міхалевіч адказвае: «Гэта асноўнае. Там таксама была фраза, што сваім вылучэньнем я ставіў на мэце данесьці інфармацыю пра тыя праблемы, якія ёсьць у грамадстве. Паказаць гэтыя праблемы з гледзішча простага чалавека, што гэтыя праблемы ад вас, Аляксандар Рыгоравіч, утойваюць ніжэйстаячыя кіраўнікі. То бок гэта быў ліст, у якім я тлумачыў, навошта я вылучаўся кандыдатам у прэзідэнты. На сайце КДБ апублікаваны пачатак і канец гэтага ліста».

Міхалевіч распавёў, што пісаў гэты ліст у перапоўненай камеры ў СІЗА на Валадарцы. Ён накіраваў яго адрасату 9 студзеня праз пошту з турмы на Валадарскага і потым накіраваў яго копію 10 студзеня, пасьля найбольш сур’ёзных катаваньняў, зь СІЗА КДБ.

На пытаньне, ці адмаўляецца Алесь Міхалевіч цяпер ад гэтага ліста, ён адказаў:

«Гэты ліст быў напісаны пасьля вельмі сур’ёзнага фізічнага і псіхічнага ўзьдзеяньня. Я думаю, што гэта бачна па почырку. Калі вы паглядзіце почырк гэтага ліста, то будзе зразумела, у якім стане ён пісаўся. Што тычыцца гэтага ліста, то я насамрэч пра гэта казаў падчас сваёй перадвыбарчай кампаніі, тут усё тое, пра што я казаў. Што, безумоўна, Аляксандар Лукашэнка для дзяржаўнасьці Беларусі зрабіў шмат, пра тое, што я насамрэч у сваёй перадвыбарчай праграме не сказаў нічога дрэннага ні на яго адрас, ні адрас яго блізкіх і родных. Сапраўды, што я лічу: тое, што адбылося на плошчы, а менавіта зьбіцьцё людзей — гэта вельмі дрэнна, і насамрэч шкадую, што гэта адбылося».

Міхалевіч кажа, што ня ўтойваў гэтага ліста — пра яго ведалі жонка і сябры. Але ён ня меў копіі гэтага ліста, каб зьмясьціць на сваім блогу. Ён кажа, што цалкам трымаецца таго, што распавёў на нядаўняй прэс-канфэрэнцыі й у заяве ў Генпракуратуру — пра ўжытыя да яго катаваньні.

Алеся Міхалевіча ўжо выклікалі на допыт у КДБ на 5 сакавіка а 10 гадзіне.

Ён сказаў, што ніколі не выстаўляў сябе героем.

«Я чалавек. Зразумела, што мая віна ў тым, што нам інкрымінуецца адпаведна з крымінальным артыкулам, вельмі маленькая, калі яна наогул ёсьць. То бок маёй віны ў гэтым наагул няма. Так, гэты ліст пісаўся пад узьдзеяньнем тых катаваньняў, якія нада мной адбываліся».

Навошта КДБ апублікаваў вытрымкі з гэтага ліста?

Міхалевіч: «Гэта робіцца для таго, каб дыскрэдытаваць мяне, магчыма, як палітыка. Для таго, каб паспрабаваць паказаць, што я слабы чалавек. Я яшчэ раз пацьвярджаю, што я адзін зь людзей, мяне можна фізічна зламаць, як, я думаю, можна фізічна зламаць практычна кожнага чалавека. Яны спрабуюць паказаць, што мяне вызвалілі пасьля таго, як я напісаў гэты ліст. Вельмі дзіўна, калі мера стрыманьня зьмяняецца на падставе ліста да прэзідэнта. Гэта вельмі дзіўна [дык што, ліст пісаўся не для таго, каб вызвалілі, а для таго, каб Лу-ка прыняў на працу ва ўладу?… – Рэд.]. Я ведаю, што пасьля гэтага ліста больш за месяц я яшчэ знаходзіўся ў сьледчым ізалятары і са мной праводзіліся аператыўныя мерапрыемствы».

Рэдакцыя працягвае сачыць за далейшым разьвіцьцём падзей…

8 каментарыяў

  1. pan grot кажа:

    яечка засьмярдзела баўтуном…а не прайшоў яшчэ тыдзень (ня тое што месяц).вось такія змагары-грантасосы.
    а як яны насамрэч ня ведалі,што ТАМ катуюць,у засценках ” нкус” герои славяне-россияне у шапачках чорных с глазками…вельмі сьмешна і недарэчна.
    ну-ну…няхай пройдзе яшчэ тыдзень.

  2. Siarhiej кажа:

    Я б не калупаўся ў праблемах Міхалевіча і яго адносін з КГБ. Добра ўжо тое, што ён абвінаваціў гэбілаў у катаванні.

  3. Вершнік кажа:

    Шаноўныя!Нармальны чалавек заўсёды клапоціца пра сваю скуру. Прайграўшы разумея сваю паразу і схіляю галаву перад пераможцам. Героі, што адседзяць свае тэрміны і выйдуць на волю, хутчэй за ўсё будуць забыты грамадствам. Калі чалавек не буйны, не герой і яго клапоціць уласны лёс, то гэта сведчанне ягонай адэкватнасьці. Наогул сапраўдны палітык — гэта заўсёды круцель і прахіндэй. Вялікі князь Вітаўт двойчы прымаў каталіцызм, адзін раз праваслаў’е, іншы раз круціўся, як той в’юн на патэльні і ў гісторыі застаўся як геніяльны палітык ВКЛ. Дарэчы пытанне да Ўрада і грамадскасьці Польшы : ”Вярніце каралеўскую карону Вітаўта(Александра)”, што некалі нахабна ўкралі!
    дАРЭЧЫ, жыццё паказала, што сёння на плыву Рыбакі, якія ў свой час здрадзілі прысягі, пайшлі на службу акупантам, а потым злінялі ў Канаду і ЗША. Герой Сотнікаў, якога павесілі, у сёнішніх варунках — гэта наіўны чалавек з слабым інстынктам да жыцця.

    • Рэдакцыя кажа:

      Спадар Вершнік,
      тое, пра што вы напісалі – усяго толькі сьведчаньне дэградацыі сьвету людзей у наш час. І адначасна гэта тое, супраць чаго трэба змагацца, імкнучыся ў кірунку гуманістычнага прагрэсу.
      Акрамя таго, мы і самі гатовыя былі б многае прабачыць Міхалевічу, калі б ведалі, што ён змагаецца (выкарыстоўваючы розныя сродкі) за АБ’ЕКТЫЎНЫЯ ІНТАРЭСЫ БЕЛАРУСКАГА НАРОДУ, за праўду, за справядлівасьць. Але, менавіта ў адносінах да гэтага асьпекта дзейнасьці Міхалевіча ў нас ёсьць вялікія сумневы што да яго асобы (факты, пададзеныя пра яго ў артыкуле – толькі макаўка айсьберга).
      Апошняе і ёсьць галоўным пытаньнем! Менавіта пра гэта мы ўвесь час кажам, разьлічваючы, што тых, хто будзе гэта цьвёрда ўсьведамляць, будзе станавіцца ўсё больш і больш…

  4. Вячак кажа:

    Асабіста ў мяне даверу да Міхалевіча ніколі не было як і зараз.

  5. Вершнік кажа:

    Дзякуй за адказ. Сьвет магчыма быў у ХХ стагодзі яшчэ горшым. Справядлівасьць зьяўляецца сродкам макіяжа тых ці іншых палітычных дзеянняў і не ў якім разе не палітычнай сілай. А ў палітыцы заўсёды ”сіла” была тым сродкам, які мяняў хаду падзей. Сілай зьяўляюцца ”войска”, ”улада”, ”грошы”, ”ідэі”, ”народ”, ”эліта”, ”розум”… Таму змагацца толькі за праўду і справядлівасьць — значыць быць Дон Кіхотам. Цяперашняя апазіцыя — спрэс ”папы Гапоны”, яны змагаюцца за ”справядлівасьць, дэмакратыю і уладу”. Тыя, хто плоціць ім грошы, хочуць, каб яны паніжалі легітымнасьць нашай уладыя, як унутры краіны так і за межамі краіны, у вачах міжнароднай супольнасьці. Тым самым аўтаматычна паніжаецца і легітымнасьць самой краіны. Такім чынам паціху рыхтуецца глеба, пры пэўных абставінах, да вайсковага ўмяшанне чужых краін у нашыя ўнутраныя справы. Жупел ”крывавы дыктатар” мала таго, што ён несправядлівы, але ён небяспечны для суверынітэта краіны. Гэта мы назіралі пры падзеях у Сербіі, Іраку, а зараз на Бліжнім Усходзе. Калі няма ”сілы”, трэба назапашваць яе, перш за ўсё мацаваць і развіваць уласны розум, свой уласны светапогляд на гісторыю хаця б ХХ стагодзя. Таксама палітык умея знаходзіць саюзнікаў і ўмея імі карыстацца ў сваіх інтарэсах. Нашы ”грантасосы” і ”дэмакраты” раз’ядноўваюць наша грамадства, сапраўдныя палітыкі так не робяць. Самая галоўная наша мэта : любой цаной мацаваць наш суверынітэт і незалежнасьць. З дыктатурай ці без дыктатуры гэта ня мае важкага значэнне. Сёння для нас (па майму меркаванню) дэмакратыя нясе значна больш небясьпекі страты незалежнасьці, чым аўтарытарны рэжым. Наша дэмакратычная прэса, што існуе на грошы сваіх спонсараў, вымушана гэтым спонсарам і служыць. Таму дэмпрэса нічога самастойнага, незалежнага, пазітыўнага пра нашу краіну не друкуе. Пэўныя сілы свае намаганні як раз і накіроўваюць на тое, каб улада і інтэлектуальная эліта, барані Божа, не знайшлі агульны грунт і інтарэс… У выніку прайграем мы ўсе: Улада і Народ! Уперадзі нас усіх чакаюць грозныя падзеі. Цяперашні час магчыма лепшы ў нашым жыцці. Нажаль ”разумныя жывёлы” гэтага не разумеюць…
    Дарэчы ”разумных людзей” ніколі не робіцца больш. Іх ва ўсіх краінах прыкладна 10%. Справа не ў колькасьці, а ў Эліце. Калі Эліта зьбірае разумных, тады і справы пачынаюць ісьці… Наша эліта на працягу 200 год вынішчалася пад корань…

    • Рэдакцыя кажа:

      Спадар Вершнік, з многім, што вы напісалі згодныя. Ёсьць толькі пару несупадзеньняў:
      1) Няўнасьць адной толькі сілы – недастаткова. Патрэбны яшчэ і сэнсоўны кірунак яе прыкладаньня – той, што вядзе народ да праўды, справядлівасьці, гуманістычнага прагрэсу.
      2) Названыя каштоўнасьці для нас, у адрозьненьні ад узгаданых вамі “палітыкаў”, ня проста словы, а канкрэтныя прынцыпы грамадскай арганізацыі (такія ж, як, напрыклад, матор, колы, каробка перадач у машыне).
      3) Калі мы кажам пра дэмакратыю, мы заўсёды маем на ўвазе зьмястоўную дэмакратыю – г.зн. такую палітычную сітуацыю, калі дзяржавай кіруюць лепшыя прадстаўнікі народу (найбольш высокамаральныя, адукаваныя, дасьведчаныя – г.зн. сапраўдная нацыянальная эліта), якія ў сваю чаргу кіруюцца аб’ектыўнымі інтарэсамі свайго народу. Дарэчы, распаўсюджаны на Захадзе сёньня лібералізм, які падаюць нам як “дэмакратыю”, зьяўляецца такім жа адхіленьнем ад сапраўднай дэмакратыі, як і дыктатура. Толькі што ў супрацьлеглы бок.

  6. Вячак кажа:

    На маю думку,пры ўладзе павінны быць нацыяналісты.Яны будуць клапаціцца пра НАШУ краіну,НАШ народ,дзейнічаць на карысьць НАШАЙ дзяржаве!

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы