nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Навуковыя веды – аснова рэалістычнага сьветагляду (частка 2: Прынцыпы рэалістычнага сьветагляду)

3 чэрвеня, 2011 | Няма каментараў

Алесь Астроўскі

2. Прынцыпы рэалістычнага сьветагляду

Выкарыстоўваючы вышэй запрапанаваныя сімвалы, сутнасьць рэалістычнага сьветагляду можна выказаць формулай:  A > ў > A,  якая азначае, што чалавек імкнецца зрабіць зьмест свайго ўнутранага сьвету максімальна адпаведным, адэкватным зьместу аб’ектыўнай рэчаіснасьці.


Для чалавека, арыентаванага такім чынам, найпершыя пытаньні ў працэсе папаўненьня, удакладненьня свайго сьветагляду такія:

– а як усё ёсьць на самай справе, у сапраўднасьці?

– як зрабіць так, каб паміж маім сьветаглядам і рэчаіснасьцю не было ніякіх скажаючых ідэалагічна-сьветаглядных “акуляраў”, “прызмаў”, “шораў” ці чаго-небудзь аналагічнага, што можа быць накінута мне па-за маімі жаданьнямі, кантролем?

Адказваючы на гэтыя ды іншыя аналагічныя пытаньні, мы па вядомых прычынах пра ўсе аб’ектыўныя заканамернасьці Сьвету распавесьці ня можам, але некаторыя прынцыпы рэалістычнага сьветаўспрыняцьця можам назваць. Натуральна, мы раім карыстацца імі ўсім зацікаўленым людзям.

Вось некалькі найбольш істотных, на наш погляд, прынцыпаў навукова-рэалістычнага сьветаўспрыняцьця:

усё, што ёсьць у аб’ектыўнай рэчаіснасьці, найперш варта падзяляць не на “матэрыльнае / ідэальнае”, а на ўзаемадзеючыя паміж сабой матэрыяльныя аб’екты (г.зн. дыскрэтныя часткі рэчаіснасьці, якія маюць памер, масу, структуру)  і  самыя розныя ўласьцівасьці гэтых аб’ектаў;

любы аб’ект і яго ўласьцівасьці зьяўляюцца рэальна непадзельнымі. Г.зн., што “энэргія”, інфармацыя, рух, работа, хімічнае пераўтварэньне, жыцьцё, мысьленьне, душа, каханьне і г.д. могуць існаваць толькі ў сувязі з пэўнымі аб’ектамі (як іх уласьцівасьці, функцыі, як іх вытворныя), якія ў сваю чаргу выступаюць у якасьці носьбітаў гэтых уласьцівасьцяў. Кінетычная энэргія ветра, вадаспада, сьвятла; генетычная інфармацыя на ДНК ці інфармацыя на флэшцы; работа аўтамабільнага матора за кошт энэргіі паліва; пераўтварэньні АТФ у працэсе жыцьцядзейнасьці клеткі; думкі Канта, зварот Каліноўскага да нашчадкаў; душа чалавека высокай культуры; любоў да Беларусі; алгарытмы кубіка Рубіка і г.д. Скажыце, ці магчыма зь пералічанага шэрагу хаця б у якім-небудзь адным выпадку аддзяліць уласьцівасьць аб’екта ад самаго аб’екта? (прычым рэальна, а не ў сваім уяўленьні)? Відавочна, што не – немагчыма. Ніводная ўласьцівасьць (у т.л. па Энгельсу “ідэальныя” – мысьленьне, душа, каханьне) не існуюць у адрыве ад свайго “матэрыяльнага” носьбіта. Між тым, менавіта тое, чаго няма ў рэчаіснасьці, патрабуюць ад нас рабіць і рэлігійнікі, і матэрыялісты. Адсюль яшчэ раз становіцца відавочным, што патрабаваньне апалагетаў энгельсаўскага варыянту АПФ падзяліць рэчаіснасьць на “матэрыяльнае” і “ідэальнае”, вызначыцца, што зь іх “першаснае”, а затым яшчэ і стаць у сваім уяўленьні аб Сьвеце на пазіцыі “аднаго з двух: матэрыялізму ці ідэалізму” – ёсьць ні чым іншым, як грубым выштурхоўваньнем людскага сьветагляду ў сьферу іррацыянальных, несапраўдных, зманлівых уяўленьняў. Аналагічнае парушэньне гэтага прынцыпу, хаця і ў іншым варыянце, дазваляюць сабе прыхільнікі рэлігійнага сьветагляду. Больш за тое – памылковыя ўяўленьні рэлігійнікаў, дзе “душа чалавека можа існаваць у аддзельным ад цела стане”, дзе “Бог існуе асобна ад Сьвету”, складаюць аснову рэлігійных міфаў і рэлігійнай веры;

у любым аб’екце матэрыяльная (надзеленая масай, памерам, структурай) частка – носьбіт уласьцівасьці – і сама гэтая яго ўласьцівасьць сістэмна зьвязаны паміж сабой. Пры гэтым матэрыяльная частка выконвае ролю базавага – г.зн. таго, без чаго існаваньне функцыянальнай уласьцівасьці немагчымае, а ўласьцівасьць аб’екта выконвае ролю нечага вышэйшага, таго, што кіруе базавым – г.зн. таго, што вызначае сэнс існаваньня данага аб’екта ў складзе нейкай больш маштабнай сістэме б’ектаў. Г.зн, што паміж носьбітам уласьцівасьцяў аб’екта і самімі гэтымі ўласьцівасьцямі існуе дыферэнцыяцыя роляў нібы па вертыкалі (пры адначасным захаваньні непарыўнай цэласьці), а не на роўных – нібы па гарызанталі;

розныя аб’екты ўзаемадзеюць паміж сабой праз свае неад’емныя ўласьцівасьці, мяняючы стан сістэмы, да якой яны належаць. Пры гэтым узьнікаюць новыя ўмовы… для наступнай фазы ўзаемадзеяньня.  Для прыкладу давайце возьмем прасьцейшую сістэмы:  кубік Рубіка + чалавек, які жадае яго сабраць (гл. малюнак). У кубіка ёсьць розныя ўласьцівасьці (маса, форма, будова, кансістэнцыя, механічная моц, колер, матэрыял, зь якога ён зроблены і г.д.), найгалоўнай сярод якіх зьяўляюцца заканамернасьці яго зборкі, вынікаючыя зь яго канструкцыі (дадаткова зьвернем ўвагу: гэты кубік стварыў ня Бог, а вугорскі інжынер Рубік. І яшчэ. Ці зьяўляюцца заканамернасьці, па якім яго можна сабраць, нечым матэрыяльным, ці ідэальным? Наш адказ – у піку энгельскаму АПФ: гэтыя заканамернасьці ні адно, ні другое – ні нешта такое, што можна адчуць, вымерыць, ні нешта такое, што праяўляе сябе ў “душы чалавека”. Алгарытмы кубіка Рубіка – гэта проста ўласьцівасьці данага аб’екта. Так, як і веданьне чалавекам алгарытмаў зборкі кубіка, альбо няведаньне іх, ёсьць уласьвасьцю чалавека). Вось калі стан сістэмы будзе такім, як пазначана лічбай 1 на сьхеме, сістэма здольна перайсьці ў іншы, больш канструктыўны, прагрэсіўны стан – 2.  Калі ў чалавека ня будзе такой уласьцівасьці, як веданьне алгарытмаў зборкі кубіка, сістэма можа альбо зусім не зьмяняцца, альбо застацца на тым жа прымітыўна-хаатычным узроўні, альбо перайсьці ў яшчэ горшы, больш дэградаваны стан (напрыклад, разбурыцца). Верагоднасьць таго, што выпадковае вярчэньне граняў кубіка прывядзе яго да самазборкі, зьяўляецца надзвычай малаверагоднай – такой, як, напрыклад, частата станоўчых мутацый у прыродзе.  Даны прыклад паказвае, што ўзаемадзеньне аб’ектаў праз іх уласьцівасьці вядзе да разьвіцьця Сьвета (так, як энтрапія вядзе да яго дэградацыі), і што канструктыўнае ўзьдзеяньне чалавека на Сьвет у першую чаргу зьвязана зь яго ведамі аб нашай рэчаіснасьці;

– трэба ўлічваць, што любы аб’ект у Сьвеце – у тым ліку кожны асобны чалавек і ўсё чалавецтва – зьяўляецца часткай Сьвета. Выйсьці за Яго межы немагчыма, бо, хто б што ні рабіў, ён усё роўна застанецца часткай Сьвета. Г.зн, што ў сваім уяўленьні аддзяляць сябе ад Сьвета, а тым больш супрацьпастаўляць сябе яму – як мінімум, недарэчна, нерэалістычна. Гэта таксама азначае, што ўніверсальныя заканамернасьці, якія дзейнічаюць у Сьвеце, зьяўляюцца тымі законамі, якія чалавек ня можа не ўлічваць. Напрыклад, мы – людзі – павінна рухацца, есьці, спаць, мусім жыць у грамадствах, павінны нараджаць, гадаваць і выхоўваць дзяцей, нашы дзеці будуць спадкаваць нашы спадчынная ўласьцівасьці ў адпаведнасьці з заканамернасьцямі, апісанымі Мендэлем і г.д. Кожны чалавек мусіць жыць у прасякнутасьці ўсяго яго быцьця гэтымі ды іншымі заканамернасьцямі і, каб жыць пасьпяхова, дасягаць сваіх жыцьцёвых мэт, мусіць ведаць тое, на чым стаіць і за кошт чаго разьвіваецца Сьвет (прычым, чым больш ведаць, тым лепш). Ігнараваньне аб’ектыўных уласьцівасьцяў нашай рэчаіснасьці ў канчатковым выніку ні да чаго добрага не прывядзе;

усё, што ёсьць у Сьвеце, існуе, як мінімум, у 4-мернай прасторы. То бок, трэба мысьліць усе зьявы рэчаіснасьці ня толькі ў 3-мернай трыганаметрычнай прасторы, але і з абавязковым улікам часу. Пры такім падыходзе, напрыклад, клетка ў нашым уяўленьні павінна пераўтварацца ў жыцьцёвы цыкл клеткі; чалавек – у яго індывідуальнае разьвіцьцё, лёс; народ – у гісторыю народу, якая цягнецца са старажытнай мінуўшчыны праз наш час у неабмежаваную будучыню і г.д. Матэрыялісты-дыялектыкі таксама казалі, што любы аб’ект ці зьяву ў Сьвеце трэба разглядаць у іх разьвіцьці. Гэта ў многім адпавядае адзначанаму вышэй. Але ёсьць яшчэ адзін асьпект – той, які вынікае з камбінацыі данага палажэньня рэалістычнага сьветагляду з папярэднімі палажэньнямі. Возьмем, для прыкладу, людскую зіготу і зададзім пытаньне: патэнцыяльная магчымасьць гэтай зіготы разьвіцца ў чалавека – гэта нешта ідэальнае? Ці ўсё ж гэта ўласьцівасьць данага аб’екта, значэньне якой адпавядае тым якасьцям, якія будзе мець канкрэтны чалавек у дарослым стане? Матэрыялісты прапанавалі такое лічыць нечым ідэальным, і, адпаведна, прыніжалі яго. Рэалістычны сьветагляд патрабуе ставіцца да патэнцыялу чалавека як да вялікай каштоўнасьці, а да патэнцыялаў народаў, усяго чалавецтва, прыроды Зямлі, усяго Сьвета на любых стадыях іх разьвіцьця, як да каштоўнасьцяў… надзвычайных;

прагрэс – гэта зьява падвышэньня ўзроўню арганізацыі сістэмы за кошт дасканаленьня яе элементаў й іх усё лепшага ўнутранага ўладкаваньня. Пры гэтым назіраецца зьява, што аб’ект пры тых жа матэрыяльных рэсурсах істотна пашырае свае функцыянальныя магчымасьці. Механізм разьвіцьця любой складанай сістэмы (біялагічныя віды, жывое на Зямлі, нацыя, людская цывілізацыя, эканоміка, культура, увесь Сьвет) адбываецца за кошт узаемадзеяньня дзьвюх зьяў – унутранай дыферэнцыяцыі сістэмы й інтэграцыі яе частак. Першае зьява заснавана на множаньні элементаў сістэмы і назапашваньні адрозьненьняў паміж імі, у выніку чаго і ўзьнікаюць аб’екты з новымі, у тым ліку з усё больш высокаўзроўневымі ўласьцівасьцямі (напрыклад, ад нежывых – жывыя, ад жывых – думаючыя, ад прымітыўных – высакародныя і г.д.). Інтэграцыя частак сістэмы –  гэта па-сутнасьці ўзаемадзеньне-складаньне, якое суправаджаецца ўнутраным уладкаваньнем (гл. прыведзены вышэй прыклад з кубікам Рубіка). Стратэгічным вынікам такога ўзаемадзеяньня і становіцца падвышэньне ўзроўню арганізацыі сістэмы. Прагрэс – гэта не заўсёды ўскладненьне, але заўсёды ўдасканаленьне. Акрамя таго, на прыкладзе эвалюцыі жывога на Зямлі бачна, што прагрэсіўнае разьвіцьцё адбываецца як самаразьвіцьцё, “энэргія” для якога бярэцца за кошт узаемадзеяньня спадчыннай зьменлівасьці (унутраная дыферэнцыяцыя) й натуральнага адбору (механізм інтэграцыі). Абедзьве гэтыя зьявы непарыўна зьвязаныя зь існаваньнем жывога як такога – г.зн., дзе ёсьць жывое, ня можа ня быць спадчыннай зьменлівасьці й натуральнага адбору, а значыць, і ня можа ня быць эвалюцыі;

уключэньне любога аб’екта ў якасьці элемента ў сістэму больш высокага ўзроўню вядзе да падвышэньне магчымасьці самарэалізацыі данага аб’екта. У гэтым схавана патэнцыйная карысьць для аб’екта стаць часткай усё больш высокаўзроўневай сістэмы. Так, напрыклад, калі аднаклеткавыя арганізмы ў працэсе эвалюцыі пераўтварыліся ў клеткі ў складзе целаў шматклеткавых арганізмаў, яны ня толькі ня страцілі свае галоўныя ўласьцівасьці (здольнасьці да абмену рэчывамі, да руху, да дзяленьня), а і зрэалізавалі сябе ў выглядзе тых уласьцівасьцяў, на якія здольны толькі шматклеткавы арганізм. На малюнку зьлева лічбай 1 пазначаны стан сукупнасьці аднаклеткавых арганізмаў у межах іх экалагічнай нішы, якія робяць “што хочуць” (напрыклад, хаатычна рухаюцца ці дзеляцца), а лічбай 2 – сістэмна зьяднаныя адпаведнымі сувязямі клеткі ў складзе шматклеткавага арганізму (верхняя частка сьхемы), дзе яны робяць… тое ж самае. Розьніца ў параўнаньні зь 1-й сітуацыяй заключаецца толькі ў тым, што дзейнасьць клетак накіравана на інтарэсы шматклеткавага арганізма (сімвалам гэтага зьяўляецца накіраванасьць стрэлак толькі  ўверх і ўправа). Гэта – адзіная плата за значна больш высокі ўзровень іх самарэалізацыі. Аналагічная сітуацыя характэрна для ўсіх сістэм – гаворым мы пра атамы ў складзе малекул, пра людзей, якія стварылі сям’ю, ці пра арганізацыю грамадства ў нацыянальнай дзяржаве на строгіх прынцыпах роднасьці, праўды, справядлівасьці, гуманістычнага прагрэса…;

у прагрэсіўным разьвіцьці Сьвета (іначай, у раскрыцьці Яго патэнцыялу ў прагрэсіўным кірунку) заключаецца зьмест і сэнс Яго існаваньня. Гэта – найвышэйшыя каштоўнасьці Сьвета. Усё іншае альбо ня мае сэнсу, альбо прызначана абслугоўваць гэты працэс – у т.л. служыць фонам, выпрабавальным палігонам, альбо грунтам для данай вышэйшай каштоўнасьці;

Сьвет – складаная, шматузроўневая сістэма, усе заканамернасьці існаваньня якой у сваю чаргу зьяўляюцца сістэмна зьвязанымі. Пры гэтым заканамернасьці існаваньня і разьвіцьця больш дробных аб’ектаў (больш базавыя законы) зьяўляюцца грунтам (механізмам) для праяўленьня заканамернасьцяў больш высокіх узроўняў арганізацыі Сьвету, а заканамернасьці існаваньня і разьвіцьця больш высокіх узроўняў арганізацыі Сьвету кіруюць больш базавымі (дарэчы, зьвярніце ўвагу, што гэтая заканамернасьць пярэчыць матэрыялістычнаму сьветагляду – бо кіраваньне ідзе ня зьнізу ўверх, а зьверху ўніз). Напрыклад, заканамернасьці жыцьцядзейнасьці клеткі зьяўляюцца грунтам для існаваньня, жыцьця арганізмаў, відаў. Але пры гэтым інтарэсы разьвіцьця арганізма накіроўваюць рэалізацыю клеткавых функцый, кіруюць імі ў целах адпаведных прадстаўнікоў віду (напрыклад, клеткі ў норме дзеляцца, альбо ня дзеляцца ў залежнасьці ад каманды, якая фармуецца на ўзроўні органа ці ўсяго арганізму), а інтарэсы разьвіцьця віда кіруюць лёсам асобін (напрыклад, жыцьцё абсалютнай большасьці ласосевых рыб заканчваецца хутка пасьля нерасту, бо так дыктуюць жыцьцёва-эвалюцыйныя інтарэсы віду);

– з прыведзенага вышэй прынцыпу вынікае, што заканамернасьці існаваньня і прагрэсіўнага разьвіцьця народу падпарадкоўваюцца заканамернасьцям чалавецтва; заканамернасьці існаваньня і разьвіцьця любой сацыяльнай групы ўнутры этнічнай нацыі-дзяржавы падпарадкоўваюцца заканамернасьцям існаваньня дзяржаваўтваральнага народу (як і, натуральна, чалавецтва); заканамернасьці жыцьця асобных людзей падпарадкоўваюцца заканамернасьцям існаваньня і разьвіцьця адпаведнай сацыяльнай групы, адпаведнага народу і ўсяго чалавецтва. Усім жа ў Сьвеце кіруе толькі сам Сьвет;

– усю гісторыю свайго сьвядомага існаваньня людзі назіралі адну ўніверсальную заканамернасьць: заўсёды, хаця не абавязкова хутка, “Дабро” перамагае “зло” – г.зн., што прагрэсіўныя зьявы – нешта больш высокае, станоўчае, канструктыўнае, прыгожае, справядлівае, добрае – раней ці пазьней бяруць верх над нечым разбуральным, прымітыўным, агрэсіўна-захопніцкім, несправядлівым, дэгенератыўным. У межах міфічна-рэлігійнага й ідэалістычнага сьветаглядаў для гэтай зьявы існуе толькі адно тлумачэньне: “Недзе за межамі Сьвету ёсьць Бог. Ён – усемагутны. Ён сочыць за тым, што адбываецца ў сьвеце, перыядычна ўмешваецца і, зьяўляючыся ўсемагутным, заўсёды перамагае. Яго мае сэнс прасіць прыходзіць на дапамогу…”. З пазіцый жа рэалістычнага сьветагляду вынікае, што “абавязковая перамога Дабра над злом” – гэта праява прагрэсіўнага разьвіцьця Сьвету, забясьпечаная ўсёй сістэмай заканамернасьцяў Яго існаваньня. Паколькі рэалістычны сьветагляд, у адрозьненьне ад матэрыялістычнага, не баіцца слова “Бог”, дык гэты зьмест існаваньня Сьвету і мэту, на якую накіраваны Яго прагрэс, на наш погляд, дапушчальна назваць “Богам”, надаючы, натуральна, гэтаму паняцьцю не міфічны, а рэалістычны сэнс (сапраўды, каб увесь час працягла не паўтараць: “сістэма аб’ектыўных заканамернасьцяў, якая забясьпечвае існаваньне і прагрэсіўнае разьвіцьцё Сьвета, скіраванае на мэту ўсё больш высокага ўзроўня арганізацыі Сьвета” – можа проста казаць: “Бог”; дарэчы, з гэтага часу, калі ў вас пытаюцца: ці веруючы вы, – можаце ў адказ запытацца: пра веру ў якога Бога ідзе гаворка? У бога Ра, Гора, Хрыста, Алаха, Будду, якога-небудзь іншага ці ў сапраўднага Бога?);

– з улікам прыведзенага вышэй, можна ўяўляць, што мы жывем ня проста ў Сьвеце, а ў межах адзінай, цэласнай Суперсістэмы Сьвет-Бог. З гэтага вынікае, што ня варта дапускаць прызнаньня існаваньня Бога за межамі рэальнага Сьвета (як і ўсялякую містыку, звышнатуральнасьць, непазнавальнасьць, трансцэндэнтнасьць і г.д), затое варта ўяўляць, што ніводная часьцінка Сьвету ня можа быць пазбаўлела ад кантролю Бога. З адзначага таксама вынікае , што рэлігія (любая) ня ёсьць адзінай крыніцай высокай маралі, набыцьця сэнсу і паўнавартасьці жыцьця. Ёсьць й іншыя, ня менш магутныя крыніцы. Так, з пазіцый навукова-рэалістычнага сьветагляду найбольш надзейным спосабам набыцьця пералічаных каштоўнасцяў прызнаецца стваральна накіраванае, праведнае жыцьцё (жыцьцё па праўдзе, справядлівасьці, накіраванае на дабро, прагрэс) і абавязковае змаганьне са злом разбурэньня, хаасу, засьмечаньня, дэградацыі, паразітычнага выкарыстаньня;

– з папярэдне адзначанага – што заканамернасьці існаваньня любой часткі Сьвета падпапарадкоўваюцца заканамернасьцям існаваньня і разьвіцьця ўсяго Сьвета – вынікае, што меркаваньні, погляды, пазіцыі, а таксама словы, справы, пастава кожнага чалавека ў такой ступені зьяўляюцца аб’ектыўна каштоўнымі, у якой яны адпавядаюць кірунку і заканамернасьцям прагрэсіўнага разьвіцьця Сьвета (і наадварот, у такой ступені, у якой яны адыходзяць ад гэтага, у такой ступені яны зьяўляюцца пустапарожнімі, бессэнсоўнымі, шкоднымі). Адсюль вынікае, што сэнс жыцьця чалавека, а таксама персьпектыва яго самарэалізацыі вызначаецца ступеньню адпаведнасьці яго жыцьцёвых мэт (і, натуральна, вынікаючай зь іх дзейнасьці) мэтам прагрэсіўнага разьвіцьця Сьвета. Гэта важна ведаць тым, хто шукае сэнс свайго жыцьця і здольны зразумець, што вышэйшай каштоўнасьцю чалавека зьяўляецца менавіта яго жыцьцёвая самарэалізацыя, а не, напрыклад, яго “індывідуальная свабода”, не “максімальны кайф”, ня “жыць, каб жыць”, ня “сэнс жыцьця ў самім жыцьці” й да т.п. прымітыўна-суб’ектыўная, адуважвальна-дэзарыетацыйная лухта;

чалавек-чалавецтва зьяўляецца сёньня найбольш перадавым, высокаўзроўневым аб’ектам у вядомай нам частцы Сьвета (хаця магчымасьці існаваньня Незямных цывілізацый нават у нашай галактыцы “Малочны шлях” адмаўляць нельга). Таму прагрэс апошняга залежыць у значнай ступені ад далейшага лёсу чалавека-чалавецтва, а канкрэтна – ад паводзін кожнага з нас. Значэньне сапраўднага Бога для людзей не ў Яго ўсемагутнасьці, а ў сіле Яго прапановы. Ён нібы маяк – толькі такі, што знаходзіцца строга ўверсе – паказвае кірунак “шляху да Бога”. Гэта кірунак сэнсу існаваньня чалавецтва і сэнсу жыцьця чалавека. Але разумовыя, фізічныя, валявыя, часавыя ды іншыя затраты застаюцца выключна на саміх людзях. Дый сам Бог “ведае”, што на вышэйшым узроўні арганізацыі рэальнага Сьвету (такім, які сёньня ў вядомым нам Сьвеце займае чалавецтва) ёсьць усё, каб чалавецтва самастойна магло ўзьняцца яшчэ на крок вышэй;

– у сувязі з апошнім варта таксама ўлічваць, што на ўсё больш прасунутых стадыях прагрэсіўнага разьвіцьця Сьвета ўсё большую ролю будуць адыгрываць таксама дэградатыўныя, соцыяпаразітныя сілы, паколькі для магчымасьці іх існаваньня ў іх будзе ўсё большы патэнцыял (бо ўвесь час будзе павялічвацца аб’ём той “экалагічнай нішы”, створанай людзьмі, на якой патэнцыйна яны могуць паразітаваць). Па сутнасьці, усе соцыяпаразітныя сілы – гэта войска д’ябла. Яны прапануюць людзям “лёгкае вырашэньне іх праблем” , “кайф жыцьця”, і да т.п., але на справе забіраюць у жыцьця сэнс, прыгажосьць, усё высокае, больш дасканалае, ведучы грамадства (дый усё чалавецтва) да спаўзаньня ўніз, да дэградацыі. Пад уплывам соцыяпаразітных сіл жыцьцё становіцца прымітыўным, таталітарным і адначасна хаатычным, касмапалітызаваным – канцлагер на сьметніку. Без абмежаваньня гэтых сіл (у т.л. без абмежаваньня іх дэструктыўнага ўплаву на пачуцьці, думкі, розум, веды і сьветагляды людзей), немагчымы далейшы прагрэс чалавецтва;

– дзейнасьць соцыяпаразітных сіл, накіраваная на выкарыстаньне людзей, грамадстваў у сваіх эгаістычных мэтах, раней грунтавалася ў асноўным на гвалце і на застрашваньні людзей (менавіта гэта і ёсьць тэрор), а таксама на рэлігійных міфах-культах. Раней гэта было іх асноўнымі прыладамі-механізмамі. У наш інфармацыйны век, калі ўсё больш людзей усьведамляюць каштоўнасьць навуковых ведаў і нацыянальна-дэмакратычнага ладу жыцьця, сумняюцца ў існаваньні розных версій міфічнага “Бога”, адначасна адкідаючы прымітыўны бальшавіцкі матэрыялізм, асноўны ўплыў соцыяпаразітных сіл накіраваны на людскую сьвядомасьць, якая такім чынам падпадае пад самыя розныя дэструктыўныя ўзьдзеяньні: адуважвальнае, дэзарыентацыйнае, шызафрэнізуючае, хаатызуючае, дэмаралізацыйнае, наўмыснае неінфармаваньне… Сьветагляды людзей зьяўляюцца сёньня галоўнай арэнай барацьбы “Дабра” і “зла” ў вядомай нам частцы Сусьвету;

– ад выніку гэтай барацьбы залежыць будучы лёс усяго чалавецтва. Таму кожны чалавек мусіць ведаць, што яго ўласная галава, а дакладней яе зьмесьціва – гэта галоўны прыз, за які ідзе змаганьне. На шчасьце, гэтая каштоўнасьць можа кантралявацца і самім чалавекам. Так, як уласны дом трэба трымаць у чысьціні, так і свой сьветагляд варта дазваляць запаўняць толькі сапраўднымі ведамі, трымаць у стане сістэмнай арганізаванасьці, не дапускаць яго дэзарганізацыі й засьмечаньня. А калі трэба (а трэба бывае), то і перыядычна ачышчаць ад самай рознай псеўда-інфармацыйнай лабуды… Нагадаем, такія дзеяньні адпавядаюць аб’ектыўнаму інтарэсу кожнага чалавека. Калі ж чалавек з уласнай волі пагаджаецца на тое, каб яго галаву запаўнялі міфы, плёткі пра “зорак”, бытавыя чуткі, хаатычны набор дробных фактаў й да т.п. сьмецьце – гэта нагадвае выбар наркамана, які рухаецца праз разбурэньне да… сьмерці (дарэчы, даная сітуацыя выбару па-мастацку выдатна прадэманстраваная ў культавым фільме “Матрыца” ў сцэне, калі галоўны герой мусіць зрабіць выбар паміж дзьвюмя таблеткамі…).

Верагодна, вышэй пададзеныя ня ўсе прынцыпы навукова-рэалістычнага сьветагляду, але, думаем, што і іх дастакова, каб усьвядоміць зьмест і значэньне апошняга. Акрамя таго, кожны дастаткова разумны і высакародны чалавек напэўна можа дапоўніць пададзенае сваімі палажэньнямі, грунтуючыся на ўласным жыцьцёвым досьведзе…



2.1. Рэалістычны сьветагляд, скіраваны ў будучыню.

І ў завяршэньні раздзела зьвярнем увагу яшчэ на адну праблему.

Навукова-рэалістычны сьветагляд абапіраецца на факты рэчаіснасьці. Але аб’ектыўна мае магчымасьць так рабіць, калі пытаньні датычаць нашага часу і ў многіх выпадках – мінулага. А на што ён можа абаперціся, калі нам патрэбныя адказы на пытаньні, якія датычаць будучыні? Факты ж пра будучы Сьвет нам невядомыя, паколькі… не існуюць. Больш за тое, для тых, хто жадае жыць сэнсоўна, гаворка пры гэтым ідзе яшчэ і пра такія рашэньні й дзеяньні, якія мусяць спрыяць прагрэсу нашай часткі Сьвета. А як даведацца, якія рашэньні й дзеяньні ідуць у прагрэсіўным кірунку, а якія могуць адхіляюцца ад яго?

У пошуках парадаў, датычных будучыні, усе рэлігійнікі зьвяртаюцца да “сьвятых пісаньняў” і да царкоўных аўтарытэтаў. У клерыкальных грамадствах, арганізаваных на міфічных догмах, такі шлях у будучыню вядзе да… застою. Матэрыялісты заяўляюць, што вераць у самаразьвіцьцё матэрыі, і гэтае разьвіцьцё (так як яны яго разумеюць) імкнуцца прысьпешваць. Чым завяршаецца такі іх паход у будучыню, многія з нас адносна нядаўна бачылі на ўласныя вочы.

Якія ж сьветаглядныя апоры, арыентыры для шляху ў будучыню ёсьць у рэалістаў?

Адно зь першых, што можа выконваць ролю такой апоры – гэта ўсьведамленьне, што многія ўніверсальныя заканамернасьці існаваньня і разьвіцьця Сьвету, якія нам вядомыя сёньня, напэўна працягнуцца скрозь час у будучыню (зьвярніце ўвагу, у папярэднім раздзеле мы называлі ня факты, а заканамернасьці). Таму веданьне іх ужо стварае пэўны грунт для прыняцьця правільных рашэньняў адносна будучыні. Так, і ў будучым рэалістычным сьветаглядзе хутчэй за ўсё захаваюць вагу такія, напрыклад, прынцыпы як: “матэрыяльны аб’ект ды яго ўласьцівасьць падзяляць нельга, яны сістэмна зьвязаны”, “аб’екты ўзаемадзейнічаюць сваімі ўласьцівасьцямі”, “наша рэчаіснасьць зьяўляецца мінімум 4-мернай”, “у прагрэсіўным разьвіцьці Сьвета закладзены зьмест Яго існаваньня”, і да т.п.

Варта таксама заўсёды памятаць, што ўсё ў Сьвеце зьяўляецца сістэмна зьвязаным. А гэта значыць, што калі мы не жадаем нешта сістэмнае пагоршыць, то павінны ўлічваць, што, напрыклад, нельга аслабляць і разбураць сувязі, якія зьядноўваюць і ўладкоўваюць сукупнасьць элементаў у сістэме, а тым больш нельга хаатычна перамешваць яе кампаненты. Падобныя дзеяньні вядуць толькі да дэградацыі. Таксама нельга вырываць з цэласнай сістэмы асобныя яе элементы і маніпуляваць імі, бо і гэта ні да чаго добрага не прывядзе. Так, напрыклад, нельга планаваць “прагрэс эканомікі”, не пралічваючы наступствы ад гэтага на вонкавае асяроддзе, дэмаграфічныя працэсы, культуру, палітыку, іншае. Адсутнасьць такіх разьлікаў – наўпроставы шлях да будучага крызіснага стану той грамадскай сістэмы, часткай якой будзе такая “перадавая эканоміка”. “Добрыя памкненьні” акажуцца мінай, закладзенай пад будучыню…

Напэўна ў будучыні таксама будзе дзейнічаць прынцып, што прагрэс сістэмы – гэта яе галоўная каштоўнасьць. Таму нашу ўвагу варта накіроўваць найперш на гэта. Сёньня для чалавецтва найбольш актуальнай зьяўляецца праблема яго гуманістычнага прагрэсу – то бок, праблема аптымальнага ўладкаваньня, арганізацыі  ўзаемадачыненьняў паміж людзьмі й народамі на Зямлі. Прапануем не забываць гэта ўсім, а асабліва тым, хто жадае мець жыцьцё, напоўненае сэнсам.

Калі ж мы дакладна ня ведаем, як канкрэтна ўладкоўваць элементы сістэмы ў прагрэсіўным кірунку (напрыклад, на фоне разнастайнасьці прапаноў у гэтым пытаньні), тады мы, як мінімум, можам стаць на бок таго, на чым заснаваны любы прагрэс – на бок унутранай дыферэнцыяцыі элементаў сістэмы, на бок іх разнастайнасьці. У такіх абставінах мы, як мінімум, павінны бараніць разнастайнасьць ідэй; разнастайнасьць відаў жывых арганізмаў на зямлі; разнастайнасьць гатункаў і парод культурных расьлін, хатніх жывёл; культурную, моўную, рэлігійную, генетычную разнастайнасьць народаў і варыянтаў іх дзяржаўнага ўладкаваньня; і г.д… Мы павінны актыўна станавіцца (асабліва ў наш час!) на бок істотнага павелічэньня колькасьці й агульнай плошчы прыродных запаведнікаў, прызначаных для захаваньня найкаштоўнага багацьця – прыгажосьці й разнастайнасьці дзікай прыроды.


Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы