nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Як Аўстрыя адпусьціла злачынцу, які забіваў летувісаў

16 студзеня, 2012 | Каментары (1)

Рэдакцыя

Летась у чэрвені ўсчаўся чарговы еўрапейскі скандал, які працягваецца дасёньня – аўстрыйскі суд вызваліў праз суткі пасьля арышту ў Вене расейца, былога кіраўніка атрада КГБ “Альфа”, палкоўніка (па іншай інфармацыі, цяпер генерала ФСБ) Аляксея Галаватава (гл. яго фота на фоне жалобнага шэсьця летувісаў з паходнямі). Менавіта пад яго кіраўніцтвам 21 год таму (13 студзеня 1991 года) “Альфа” брала тэлевізійную вежу ў Вільні. Тады было забіта 14 мірных летувісаў і да 1000 чалавек паранены. Праз суткі пасьля свайго вызваленьня (і праз двое пасьля арышту) Галатаваў аб’явіўся ў Маскве. “У мяне ўсё нармальна, цяпер я адпачываю”, – сказаў ён РІА “Навіны”. А адзін зь яго паплечнікаў, віцэ-прэзідэнт асацыяцыі ветэранаў “Альфы” Аляксей Філатаў дадаў: “Хачу сказаць летувіскім ястрабам [сам ён, вядома, расейскі галубок. – Рэд.]: дзірку ад бубліка вы атрымаеце, а не Галатава!”. Сітуацыя не была б такой скандальнай, калі б не было вядома, што арышт Галаватава адбыўся па еўрапейскім ордэры, выданым генпракуратурай Летувы. Менш, чым праз суткі аб арышце паведамілі СМІ Летувы, Эстоніі, Расеі, Славаччыны.



Літаральна на наступны дзень пасьля вызваленьня Галаватава генпракуратура Летувы выступіла з прэс-рэлізам (http://www.delfi.lt/news/daily/lithuania/mgolovatovo-paleidima-prokurorai-vertina-kaip-grubu-es-teises-pazeidima.d?id=47660363), у якім было заяўлена, што падобныя паблажліва-дзіўныя дзеяньні Аўстрыі зьяўляюцца грубым парушэньнем законаў Еўразьвязу. Генпракуратура падкрэсьліла, што аўстрыйскім уладам былі дасланыя еўрапейскі ордэр на арышт Галаватава, інфармацыя аб яго злачынстве, а таксама пацьверджаньне, што далей будзе выслана любая інфармацыя пра злачынцу, якую Аўстрыя пажадае. Аднак аўстрыйская паліцыя цынічна паведаміла, што часовае затрыманьне Галаватава не было працягнута па прычыне… адсутнасьці неабходнай інфармацыі зь літоўскага боку. Акрамя таго, аўстрыйскія ўлады вызвалілі злачынцу менш чым праз суткі, хоць тэрмін папярэдняга затрыманьня ў Аўстрыі для асобаў, на якіх выпісаны ордэр на арышт, складае 48 гадзін.

Яшчэ праз тры дні міністры замежных спраў Літвы, Латвіі і Эстоніі зьвярнуліся з лістом да Еўрапейскай камісіі і камісара па пытаньнях юстыцыі Вівіян Рэдынг у сувязі з прынятым Аўстрыяй рашэньнем (яўна пад ціскам “Расеі”) адпусціць Галаватава. У сумесным лісьце гаворыцца, што гэтае пасьпешлівае рашэньне аўстрыйскіх устаноў адмоўна ўплывае на эфектыўнасьць супрацоўніцтва паміж краінамі Еўрапейскага зьвязу ў крымінальных справах і топча прынцып еўрапейскай салідарнасьці. «Мы падкрэсьліваем, што еўрапейскі ордэр на арышт зьяўляецца інструментам ЕЗ, заснаваным на ўзаемным даверы, і павінен эфектыўна выкарыстоўвацца на практыцы з мэтай затрыманьня асобаў, у асаблівасьці тых, якія зьвязаны з ваеннымі злачынствамі й злачынствамі супраць чалавечнасьці», – гаварылася ў лісьце.

Яшчэ празь некалькі дзён тры прыбалтыйскія краіны падтрымалі афіцыйныя ўлады Польшчы і Чэхіі.

Аўстрыю асудзілі і некаторыя расейскія праваабаронцы. Так, Валерыя Навадворская заявіла: «Гэта змова абыякавых, змова спажыўцоў расейскага газу, гэта спроба ахвяраваць маленькай краінай у імя вялікай краіны». Яна падкрэсьліла, што ў дадзеным выпадку ні пра якую літару закону гаворкі ісьці ня можа. “Еўропа дзейнічае подла. Яна патрабуе ад краін Балтыі, каб яны былі ў сяброўскіх стасунках з Расеяй. Гэта здрадлівыя паводзіны. Еўропа за гэта заплаціць. За ўсё надыходзіць гістарычная расплата. Калі агрэсараў заахвочваюць, адплата бывае адназначнай”.

Празь месяц, у сярэдзіне ліпеня, з Аўстрыі быў атазваны “для кансультацыяў” пасол Летувы ў гэтую краіну Гедрус Пуаджунас. Пасьля гэтага пачаліся сустрэчы эксьпертаў зь Летувы і Аўстрыі. Аўстрыйскі бок так і ня змог патлумачыць, хто і на якой падставе прыняў рашэньне не перадаваць Галаватава Летуве. Таксама аўстрыйцы не змаглі выразна адказаць на пытаньне, чаго не хапала ў пададзенай Летувай інфармацыі пра Галаватава і яго злачынствы.

На пачатак гэтага 2012 году Аўстрыя па-ранейшаму застаецца без дыпламатычнага прадстаўніка Летувы.

13 студзеня 2012 году міністар юстыцыі Летувы Рэмігіюс Шымашус выказаў меркаваньне, што адмаўленьне Аўстрыяй падзей 21-гадовай даўніны зьяўляецца ганьбай (http://rus.delfi.ee/daily/abroad/litovskij-ministr-to-chto-avstriya-nazyvaet-yanvarskie-sobytiya-v-vilnyuse-ne-prestupleniem-a-istoriej-eto-pozor.d?id=63773196). «Толькі як ганьба гэта можна ацаніць, бо Аўстрыя ня толькі адпускае аднаго з падазраваных па справе ад 13 студзеня, але і пасылае іншыя сігналы саступак таталітарызму: прымае кампліменты ад Расеі, быццам краіна “прайшла тэст як прававая дзяржава”; называе студзеньскія падзеі ў Вільнюсе не злачынствам, а гісторыяй, і факты па гэтай справе ня доказамі злачынства, а гістарычнымі фактамі; ня бачыць сэнсу казаць, што тое, што адбылося – памылка, з-за якой яна шкадуе», – заявіў Шымашус ў сваім блогу. «Летува ведае ня толькі смак свабоды, але і прысмак прыгнёту. Многія еўрапейскія грамадствы ўжо ня ведаюць гэтага, наш абавязак – ненадакучліва, але ясна сьведчыць аб сэнсе волі. Што ў гэтым ёсьць неабходнасьць, паказаў мінулы год», – сказаў ен.

Тады ж еўрапарламентар ад Летувы Вітаўтас Ландсбергіс заявіў: “У гісторыі верхавода банды КДБ «Альфа» мы пакуль дасягнулі толькі таго, што гэты аматар лыжнага спорту ня зможа праводзіць зімы ў аўстрыйскі Альпах … Мы чакаем адказаў, якіх няма. І гэта значыць, што ўрад Аўстрыі дрэнна робіць і дрэнна выглядае. Калі для іх важней дагадзіць камусьці іншаму, то такія паводзіны зразумелыя. Быццам мы знаходзімся не ў адным саюзе. Можа быць, яны ўваходзяць у нейкі іншы саюз?“, – выказаў здагадку палітык.

Між тым, калі мы ўжо закранулі яшчэ адзін яскравы факт, які характарызуе сёньняшні Еўразьвяз, варта узгадаць, што ў злачынных падзеях, якія адбываліся ў Вільні 13 студзеня 1991 года, падазраюцца 23 чалавекі. Зь іх 21 – грамадзяне Расеі.

Каментары (1)

  1. Памятаю, як у 1991 г. дзесяткі тысяч асобаў выйшлі абараняць парляматн і тэлерадыёцэнтр. Маштабы народнага супраціву савецкім акупантам уражвалі. Што там дзіўнага, што расейска-савецкі бандыт, на сумленьні якога пагібель 14 мірных людзей адпускаецца. Даляры крывёй ня пахнуць. Памятаю соткі тысяч людзей, што сталі ад Вільні да Таліна (Балтыйскі шлях) з радаснымі крыкамі Летува, Латвія, Эстія, непрыклаўсемібе, лайсва. Балты выходзілі цэлымі сем’ямі, каб заваяваць свабоду атабраную ў іх у 1940 г.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы