nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Расейскі “ядзерны парасон” і што за ім стаіць

1 мая, 2013 | Няма каментараў

Яўген Мурашка

Р.вайскоўцы 1 

 

Колькі дзён таму на сустрэчы ў Менску міністар абароны Расеі Шайгу паведаміў Лукашэнку пра намер расейскай імперыякратыі разьмясьціць у Беларусі расейскую вайсковую авіябазу. Сёлета плануецца разьмясьціць першае дзяжурнае вязьмо баявых зьнішчальнікаў (гл. http://www.svaboda.org/content/article/24966427.html).

 

 

 

 

Р.вайскоўцы 2

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Далей чытаем адзін незвычайны сваёй нахабнай адкрытасьцю тэкст (узяты адсюль: http://www.odnako.org/blogs/show_25333/):

Аб стратэгічнай значнасьці для Расеі авіяцыйнай базы ў Беларусі «Однако» пагутарыў з Канстанцінам Сіўкавым – доктарам ваенных навук, віцэ-прэзідэнтам Акадэміі геапалітычных праблем (гл. фота):

Р.вайскоўцы 3– Зь геапалітычнага пункту гледжаньня (калі глядзець ваенную геаграфію) Беларусь для Расеі зьяўляецца перадпольлем перад магчымай пагрозай Захаду. Таму стварэньне там групоўкі нашых войскаў, сяброўскія адносіны з Беларусьсю, узмацненьне яе арміі – гэта значыць узмацненьне расейскага перадпольля заходняга стратэгічнага кірунку.

Казаць пра тое, што вайна з Захадам у бліжэйшы час магчымая, вядома, несур’ёзна. Вайна ў тым напрамку малаверагодная. Але яна малаверагодная і таму, што ў нас там ёсьць дастаткова моцныя групоўкі войскаў – у асноўным, беларускай арміі. Таму стварэньне там базы і падтрыманьне абароназдольнасьці Беларусі – гэта, у першую чаргу, расейскі інтарэс.

Другі момант. Сучасныя бамбавікі й тактычныя зьнішчальнікі маюць ракеты вялікай далёкасьці стральбы, якія могуць прымяняцца з адлегласьці 200, 400 і нават 2500 км. У гэтых умовах, каб надзейна адбіць удар паветранага праціўніка, Расея павінна мець магчымасьць ўвесьці ў бой гэтыя зьнішчальнікі да таго, як бамбавікі выпусьцяць гэтыя ракеты. Гэта значыць, што так званая мяжа ўводу ў бой павінна быць аддалена ад нашай мяжы, пажадана, на 1500 км, а можа, і больш. Пралётам над авіяцыйнай прасторай Беларусі, мы адсоўваем мяжу ўводу ў бой нашых зьнішчальнікаў ад магчымай агрэсіі з паветра з таго кірунку дзесьці на 400-500 км ад нашых межаў. Гэта выключна важны чыньнік.

Нарэшце, з ваенна-тэхнічнага пункту гледжаньня. У цяперашні час, дзякуючы намаганьням «рэфарматараў», «прыватызатараў» усіх масьцяў і адценьняў, у Расейскай Федэрацыі ліквідавана вытворчасьць вялікагрузных шматвосевых цягачоў, прызначаных для транспартаваньня ракет вялікай магутнасьці.

Паўнавартасна сёньня вырабляе гэтыя машына толькі Менскі завод колавых цягачоў. Таму для таго, каб забясьпечыць нашы ядзерныя сілы носьбітамі аператыўна-тактычных ракет («Іскандэр»), рухомай базай для сістэм залпавага агню, такіх як «Смерч» і «Ураган», нам трэба мець сяброўскія стасункі зь Беларусьсю. Трэба, каб яна была ўстойлівая, каб яна была да нас прывязаная ў ваенна-стратэгічных адносінах.

З улікам усіх гэтых чыньнікаў, разгортваньне гэтай базы зьяўляецца пазітыўным і важным крокам для Расейскай Федэрацыі. У гэтым, у першую чаргу, зацікаўлена Расея, а не Беларусь. Калі па-добраму, нам трэба вяртаць падобныя базы па межах былога Савецкага Саюзу. У Арменіі яна ў нас ёсьць, плюс трэба разьмясьціць у Таджыкістане, і ўзмацніць наяўныя ва Ўзбекістане, Кіргізіі, Казахстане – ва ўсіх гэтых рэгіёнах.

Акрамя таго, нам трэба якасна ўзмацніць сістэму абарончых рубяжоў з разьмяшчэньнем адпаведных войскаў на расейска-кітайскай мяжы.

Таксама нам неабходна мець надзейную базу на Курыльскай градзе, аднаўляць нашу сістэму базаваньня баявой зьнішчальнай авіяцыі й аднаўляць сістэму назіраньня СПА і СРА на паўночных межах РФ: на Новай Зямлі, на ўзьбярэжжы кантынентальнай часткі Расеі з Поўначы.

Ідзем далей.

Вось некаторыя адказы на пытаньні, зададзеныя расейскім журналістам, прэзідэнта Акадэміі геапалітычных праблем РФ генерала Леаніда Івашова (гл. фота; тэкст узяты адсюль: http://www.nakanune.ru/articles/17705).

Пытаньне: «Як Вы ставіцеся да таго, што некаторыя эксьперты лічаць, што зьяўленьне новай базы ўдарыць па суверэнітэце Беларусі».

Р.вайскоўцы 4Беларускі народ не сумняецца ў тым, што гэта будзе карысна [яны лепш за нас ведаюць, што нам карысна, і, грунтуючыся выключна на гэтым, робяць свае справы… – Рэд.]. Незалежнасьць краіны слабне ад таго, што на тэрыторыі Польшчы разьмяшчаюцца і ўзмацняюцца групоўкі натаўскіх войскаў. Усе гэтыя хлусьлівыя запэўніваньні, што ня супраць Беларусі й Расеі існуе НАТА (а для барацьбы з тэрарызмам, наркотыкамі, нелегальнай міграцыяй і гэтак далей) – гэта ўсё дурнота. Гэта – вялікая хлусьня. Ні аднаго кілаграма наркотыкаў натаўскія войскі пакуль не злавілі, ні аднаго тэрарыста яны не затрымалі. Яны займаюцца тым, чым і трэба займацца ваеннай арганізацыі, – падрыхтоўкай агрэсіі, падрыхтоўкай да вайны. Яны скарачаюць колькасьць танкаў і артылерыі й нарошчваюць сучасныя тыпы ўзбраеньня. Вось гэта, вядома, абмяжоўвае палітычныя магчымасьці Беларусі, абмяжоўвае яе суверэнітэт. Беларусь сёньня ізалявалі. У Еўропу не пускаюць, ўводзяць санкцыі супраць кіраўнікоў толькі таму, што сёньня НАТА мацней на заходнім стратэгічным напрамку, чым Расея і Беларусь разам узятыя. Будзе парытэт, тады і ўзровень незалежнасьці Беларусі падымецца.

Пытаньне: У Беларусі ўжо функцыянуюць дзьве расейскія ваенныя базы. Перш за ўсё, гэта радыялакацыйная станцыя “Волга”. Па-другое, 43-й вузел сувязі расейскага Ваенна-марскога флоту “Антэй” каля Вілейцы ў Менскай вобласьці. Чаму гэтага недастаткова?

– Гэта асобныя элементы сістэмы ваеннай бясьпекі. Давайце паглядзім, што ў нас ёсьць на Маскоўска-Менска-Брэсцкім кірунку. У Расеі тут пустата! Мы даскарачаліся. Некалькі брыгад стаіць на гэтым напрамку і ўсё. Па сутнасьці, Беларусь прыкрывае даны кірунак. Таму мы зацікаўлены, каб і гэты напрамак, і беларускія ўзброеныя сілы ўмацоўваліся. Па сутнасьці, ідзе планаваньне групоўкі расейскіх войскаў і беларускіх узброеных сілаў на гэтым кірунку.

Для нас Беларусь яшчэ важная і тым, што зь яе тэрыторыі самы кароткі шлях для падтрымкі Калінінградскай вобласьці й балта-калінінградскай групоўкі расейскіх войскаў. У сумесных планах па ваеннай бясьпецы, нават у сістэме супрацьпаветранай абароны, прадугледжваецца варыянт перабазаваньня авіяцыйных частак у выпадку пагрозы вайны на тэрыторыю Беларусі. Сёньня проста пайшлі далей, зрабілі наступны крок з мэтай падвышэньня боегатовасьці й імгненнай рэакцыі на правакацыі НАТА, каб наша авіяцыя знаходзілася на тэрыторыі Беларусі й адпрацоўвала падчас вучэньняў ўзаемадзеяньне са штабоў па прыняцьці рашэньняў авіяцыйных частак для адбіцьця агрэсіі. Патрэбныя сучасныя сістэмы СПА, сучасная авіяцыя. С-300 ёсьць на гэтым кірунку, трэба ўжо новыя сістэмы “Фаварыт”, “Трыумф” туды ставіць. Гэта небясьпечны кірунак.

Р.вайскоўцы 5Між тым, міністар абароны суседкі Беларусі Летувы Юозас Алекас ня бачыць ніякай праблемы ў стварэньні расейскай вайсковай базы у Беларусі. Ён заяўляе, што – гэта ўсяго толькі “адна з форм інтэграцыі дзьвюх краін” (гл. http://www.belvpo.com/ru/26058.html). Ён не надае гэтаму істотнага значэньня ў сэнсе ўзьдзеяньня на рэгіянальную бясьпеку. “Мы ужо некаторы час назіраем супрацоўніцтва паміж Беларусьсю і Расеяй  і, відаць, надышоў той час, калі інтэграцыя ў вобласьці абароны паміж гэтымі краінамі ўзмацняецца. Адной зь яе формаў зьяўляецца заснаваньне вайсковых баз на тэрыторыі Беларусі”, – пракаментаваў новую сітуацыю Ю.Алекас агентству BNS.

Дадаткова ён адзначыў, што вага Расеі ў палітыцы Беларусі ўзрастае. “Што тычыцца самастойнасьці, то я думаю, што гэта моцна залежыць ад таго, у якой форме гэта ўзаконваецца.  На мой погляд, фінансавая залежнасьць, іншыя рэчы павялічаць вагу Расеі ў палітыцы Беларусі”, – распавёў Ю.Алекас.

Зьвернем увагу таксама на тое, што апошнім часам лукашэнкаўскія прапагандысты пачалі пагражаць выхадам нашай краіны з Будапешцкага мемарандума. У прыватнасьці, аб гэтым заявіў афіцыйны палітолаг Юры Шаўцоў. Паводле яго слоў, такім чынам “Менск” можа адказаць на санкцыі ў дачыненьні да беларускіх чыноўнікаў і алігархаў, уведзеныя за парушэньні правоў чалавека, фальсіфікацыю выбараў і перасьлед апазіцыі.

Р.вайскоўцы 6«Уся гісторыя з санкцыямі супраць рэжыму можа завяршыцца выхадам Беларусі з Будапешцкага мемарандуму» – заявіў ён.

Юры Шаўцоў таксама гаворыць аб наступствах такога кроку для нашай краіны: “Усё гэта азначае, што Беларусь, Украіна і Казахстан вось-вось могуць атрымаць падставу вярнуцца да свайго ядзернага статусу. І ў выніку хто-хто, а Беларусь дакладна можа разьлічваць на разьмяшчэньне на сваёй тэрыторыі расейскай ядзернай зброі. Больш за тое, беларуская ўлада ўжо валодае прыкладна 2,5 тонамі ядзерных матэрыялаў, частка якіх мае высокую ступень узбагачэньня, дастатковую, напрыклад, для хуткага прыгатаваньня “бруднай атамнай бомбы” – заявіў палітолаг у інтэрв’ю агенцтву «Росбалт» (гл. http://www.rosbalt.ru/exussr/2013/04/25/1122719.html).

З нагоды такіх заяваў ня варта забываць, што ў Беларусі захаваліся 79 шахт для базіраваньня ядзерных ракет. Пасьля пэўнай дапрацоўкі яны, відаць, здольныя прыняць расейскую ядзерную зброю на баявое дзяжурства.  Да таго ж, пад Гомелем каля вёскі Зябраўка захаваўся аэрадром, дзе ў часы СССР базаваліся стратэгічныя бамбавікі. Там і сёньня могуць прыняць расейскую стратэгічную авіяцыю.

На гэтам фоне цікава выглядае тое, што МЗС РБ рэгулярна нагадвае на розных міжнародных форумах, што для  “Менска” «мае выключнае значэньне гарантыі бясьпекі [з боку ЗША, Вялікабрытаніі й Расеі. – Рэд.], прадугледжаныя Будапештскім мемарандумам 1994 года ў сувязі з добраахвотнай адмовай Беларусі ад права валоданьня ядзернай зброяй» (гл. http://www.charter97.org/ru/news/2013/4/24/68382/).

 

=

 

Ад аўтара.

Падсумуем.

Расейскай імперыякратыі й яе вайсковай галіне захацелася ўвесьці сваю ядзерную зброю на нашу беларускую зямлю. Яны заяўляюць, што «гэтага жадаюць самі беларусы» і што «гэта падвысіць наш суверэнітэт». Тое, што пры гэтым яны плююць на свае абавязальніцтвы ад 1994 года, якія яны ўзялі ў сувязі з вывадам ядзернай зброі з нашай зямлі, іх мала хвалюе. У аналагічным пляваньні яны лёгка абвінавацяць ЗША і Брытанію…

Р.вайскоўцы 7У выніку чарговага здрадніцтва з боку Лукашэнкі Беларусь, а разам зь ёй і ўвесь наш народ, усё больш ператвараецца ў мішэнь для натаўскіх ракет. Любая няштатная сітуацыя, напрыклад, збой у нейкай сістэме – і ракеты паляцяць на Беларусь. У небе над Беларусьсю будуць разгортвацца бойкі бакоў супрацьстаяньня, а наш народ зноў стане безабароннай ахвярай імперскай палітыкі Расеі й некаторых вар’ятаў у Беларусі, якія, відаць, разьлічваюць пасьпець схавацца ад ядзенага армагедону.

Але можа адбыцца і так, што першая ж ракета якраз іх і накрые…

У многіх з нас яшчэ захаваліся ў памяці жудасныя карціны Другой сусветнай вайны. У шматлікіх хатах вісяць партрэты тых, хто не вярнуўся з той вайны, а таксама тых, каго забраў Чарнобыль.

Беларусы! Мо, хопіць жыць і моўчкі чакаць, пакуль нам на галаву пачнуць падаць ядзерныя ракеты ці радыяактыўны попел? Ці ня час спыняць гэтае вар’яцтва? Яно патрэбнае толькі расейскай імперыякратыі, а ўсім нам пагражае… сьмерцю!!! Гэта ж ня проста цынізм, гэта – тыповы сатанізм!!!

Давайце ж возьмем за рукі іншых беларусаў і выйдзем на плошчы нашых гарадоў! Давайце таксама станем жывымі ланцугамі на шляху бульдозераў у Астраўцах, на ўзьлетнай паласе пад Баранавічамі ці ў Зябраўцы!

Толькі так забясьпечым працяг жыцьця сабе і сваім нашчадкам!

 

28.04.2013 г.                 

 

 

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы