nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

«Эскадроны сьмерці» ва Украіне: саюз бандытаў і прадажных мянтоў

9 лютага, 2014 | Каментары (1)

Юры Райхель, Іван Капсамун

Бандыты ва Ўкраіне 1Акрамя ўкраінскіх сьпецслужбаў, АМАПу (“Беркуту”), і крымінальных “цітушак” (усе яны выступаюць на баку расейскай імперыякратыі й “банды Януковіча”) у сёньняшняй Украіне ў грамадскай рэчаіснасьці голасна заявіла пра сябе яшчэ адна група – г.зв. “эскадроны сьмерці”. Зусім нядаўна лічылася, што гэтая ганебная зьява можа быць дзе-небудзь у Лацінскай Амерыцы, Афрыцы, некаторых іншых краінах. Але, каб ва Ўкраіне… Таму, калі й тут аб’явіліся “эскадроны сьмерці”, дый у такім маштабе, многім даводзіцца як мінімум, карэктаваць свой грамадскі сьветагляд. Развагі на гэтую тэму, нярэдка яшчэ каравыя, выплёсківаюцца ў інфармацыйную прастору. Лічым гэтую зьяву дастаткова істотнай, каб думкі пра яе, хай сабе і нясьпелыя, былі зафіксаванымі й на нашым сайце (узята адсюль:  http://politica-ua.com/eskadrony-smerti-v-ukraine-soyuz-banditov-i-prodazhnyx-mentov/; скарочана).

Рэдакцыя.

 

Бандыты ва Ўкраіне 2“Актывіст Ігар Луцэнка цудам ацалеў пасьля катаваньняў (яго фота зьлева), а Юры Вярбіцкі ад іх памёр (справа). Лёс трэцяга і пакуль не названага актывіста, якога захапілі разам зь імі, да гэтага часу невядомы.

«Эскадроны сьмерці» ва Ўкраіне?  [Калі так, то] беспакаранасьць і разгул бандытызму зьяўляюцца сьледствам нерэфармаванасьці праваахоўнай сістэмы Украіны.

Але захопы людзей у шпіталях, выкраданьні, катаваньні, вываз за гарадскую мяжу – прыкметы ня проста бандытызму. Гэта – мэтанакіраваныя акцыі, якія маюць прамы палітычны характар. Ня проста запалохаць актывістаў Майдана, а дэманстраваць поўную беспакаранасьць і немагчымасьць барацьбы з такімі дзеяньнямі.

Каардынацыя дзеяньняў міліцыі й груп у грамадзянскай вопратцы, якія захопліваюць людзей, прымушае выказаць здагадку, што ва Ўкраіне дзейнічаюць незаконныя фармаваньні – так званыя ” эскадроны сьмерці”. Журналіст Юры Бутусаў на сваёй старонцы ў Facebook піша, што «усё паказвае на тое, што Булатаў (гл. папярэдні наш матэрыял) мог быць выкрадзены тымі ж людзьмі, якія выкралі Ігара Луцэнка і Юрыя Вярбіцкага». Пра гэта ж сказаў і ваенны эксьперт Аляксей Арастовіч у праграме «Прамым тэкстам» на львоўскім тэлеканале ZIK.

Гэтая дзейнасьць вядзецца ў закансьпіраваным рэжыме, сувязь з дзяржаўнымі органамі адмаўляецца як самой дзяржавай, так і ўдзельнікамі [незаконных фармаваньняў]. У якасьці “эскадронаў сьмерці” звычайна могуць выступаць розныя ваенізаваныя арганізацыі, сьпецпадраздзяленьні арміі, паліцыі ці простыя найміты.

Дзеяньні «эскадронаў сьмерці» ва Ўкраіне маюць свае асаблівасьці. Як распавёў Ігар Луцэнка, яго выкрадальнікі хоць і размаўлялі па-ўкраінску, але з характэрным акцэнтам. Так рускамоўныя ў нас на вывучанай дзяржаўнай мове не гавораць. Акрамя таго, яны праявілі ўражвальнае невуцтва што да падзей, якія адбываюцца. Пытаньні, якія яму паміж катаваньнямі задаваліся, сьведчаць, што яны альбо нядаўна прыехалі, альбо наогул замежнікі, якія прыбылі з суседняй краіны.

Улада сьвядома не ўмацоўвала СБУ і ў першую чаргу контрвыведку, што зрабіла Ўкраіну літаральна раем для дзейнасьці замежных сьпецслужбаў. Улічваючы вельмі шчыльныя сувязі нашых адпаведных органаў з расейскім ФСБ, няма нічога дзіўнага, што агентура суседняй краіны адчувае сябе ў Кіеве ды ўкраінскіх гарадах гэтак прывольна.

Адзначым, што расейская ФСБ – спадчыньніца ВЧК-ОГПУ-НКВД-МГБ-КГБ – выдатна ведае, як вырошчваць і выкарыстоўваць такія фармаваньні, якія атрымалі назвы «эскадронаў сьмерці». Яшчэ ў 1930-х падобныя групы засылаліся ў краіны Еўропы для барацьбы з найбольш актыўнымі дзеячамі белай эміграцыі, украінскімі ды прыбалтыйскімі нацыяналістамі. І нават з замежнікамі – дзеячамі трацкісцкага і анархісцкага рухаў.

Падчас чачэнскіх войнаў расейскія сьпецслужбы таксама арганізавалі «эскадроны сьмерці» для актыўных дзеяньняў супраць так званых “тэрарыстаў” [нядаўна на нашым сайце выстаўленыя шматлікія матэрыялы, прысьвечаныя гэтаму пытаньню. – Рэд.]. У большасьці сваёй яны выкрадалі й забівалі праваабаронцаў ды журналістаў, якія вялі рассьледаваньні злоўжываньняў карумпаваных чыноўнікаў.

На жаль, у незалежнай Украіне гэтая ганебная практыка ня толькі не спынілася, але і працягваецца. Пры гэтым «эскадроны сьмерці» дзейнічалі практычна непрыкрыта, з выкарыстаньнем кадравых супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Спіс іхніх ахвяр досыць доўгі. А рэзанансная «справа Гангадзэ» вядомая на ўвесь сьвет (дарэчы, суд над арганізатарам забойства Гангадзэ і зьбіваньня Падольскага Аляксеем Пукачам доўжыцца да гэтага часу; заказчыкі не пакараныя).

Беспакаранасьць і разгул бандытаў – іх нават нельга назваць праваахоўнікамі, хутчэй крымінальнікамі – ёсьць сьледства нерэфармаванасьці ня толькі сьпецслужбаў, але ўсёй сістэмы, уключаючы суды і пракуратуру. Нягледзячы на абяцаньні, усе прэзідэнты Украіны палец аб палец ня ўдарылі, каб зьмяніць такое жудаснае становішча. Цяпер мы наглядна бачым усю небясьпеку для краіны і яе грамадзян гэтага.

Яшчэ адной задачай падобных «эскадронаў сьмерці», незалежна ад іх мясцовага або замежнага паходжаньня, зьяўляецца “павязанасьць” сьпецпадраздзяленьняў і ўсёй міліцыі выкраданьнямі, катаваньнямі, забойствамі. Так блакуецца магчымае ўзаемадзеяньне, хаця б часткі міліцыянтаў, з… пратэстоўцамі.

Узьнікае цалкам абгрунтаванае пытаньне: як процідзейнічаць падобным таемным злачынным групам. Бо на коне не толькі разгул бязмежжа, пагарды да жыцьця і годнасьці людзей, а й існаваньне ўкраінскай дзяржавы.

Калі ўлады ня ў стане пакласьці канец тэрору «эскадронаў сьмерці», то кожны грамадзянін мае поўнае права выкарыстоўваць любыя сродкі для сваёй асабістай аховы, абароны сваіх блізкіх. Аб такім праве народу пісаў яшчэ Томас Пэйн у сваім знакамітым памфлеце «Здаровы сэнс». Гэта права замацаванае ня толькі міжнароднымі, але і ўкраінскімі законамі.

Бандыты ва Ўкраіне 3У створанай сітуацыі варта інстытуалізаваць Народную Самаабарону, вызначыцца з камандуючым, сфармаваць штаб і каардынаваць дзеяньні з аналагічнымі структурамі ў рэгіёнах, у якіх яны створаныя [учора абвестка аб пачатку стварэньня “Ўсеўкраінкай Самаабароны” была зроблена ў штабе “Майдану”; гл. фота. – Рэд.].

Наступным дзеяньнем павінна стаць патруляваньне вуліц Кіева ды іншых гарадоў для рашучага стрыманьня бандытызму і разбою.

Асобнае пытаньне – узбраеньне самаабароны і патрулёў. Гэта апошні козыр. Ён павінен выкарыстоўвацца толькі ў выпадку працягу дзеяньняў «эскадронаў сьмерці». Практыка краін Лацінскай Амерыкі, а таксама іншых дзяржаў, у якіх у той ці іншай ступені дзейнічалі такія фармаваньні, паказвае, што як толькі ім пачыналі аказваць узброены супраціў, то дзейнасьць гэтых груп даволі хутка спынялася. Пакуль аб узброенай абароне гаворка не ідзе, але калі ўлада страціць рэшткі розуму, да гэтага справа можа дайсьці.

Асаблівую ўвагу неабходна надаць выяўленьню групаў з грамадзян іншых дзяржаў. Калі такія асобы будуць затрыманыя, то іх варта прыцягваць да крымінальнай адказнасьці па ўкраінскіх законах і ні ў якім разе не выдаваць адпаведнай дзяржаве.

Натхніцелі «эскадронаў сьмерці» і тыя, хто рабіў беззаконьне, павінны ведаць, што замах на суверэнітэт Украіны, на жыцьцё і годнасьць нашых грамадзян будзе карацца па ўсёй строгасьці закона. І гэтага патрабуе элементарная справядлівасьць – тое, дзеля чаго людзі выйшлі на Майдан.

У рэшце, voluntas populi suprema lex (воля народу – вышэйшы закон). І яна выказана дастаткова ясна”.

(канец тэксту, падаем ніжэй дадатковыя каментары да яго).

 

Мікалай Нядзілька, адвакат.

“«Эскадроны сьмерці» неабходныя ўладам для таго, каб ліквідаваць перш за ўсё палітычных апанентаў. Гэтая сістэма актыўна выкарыстоўвалася пры прэзідэнце Кучме. Але, калі тады эскадроны былі зачыненымі групамі (як мы гэта бачым з паказаньняў Пукача – імі кіравалі непасрэдна намесьнікі міністра ўнутраных спраў, а міністру толькі давалі справаздачу), то сёньня гэта набыло масавы характар​​. Гэта дакладна тычыцца сьпецпрызначэнцаў ад МУС. Пра службу бясьпекі й Міністэрства абароны я не магу казаць канчаткова. “Эскадронам” сёньня дазволена ўсё, прававыя механізмы для іх ня дзейнічаюць. Гэта, у прыватнасьці, паказваюць публічныя судовыя працэсы.

На жаль, я не магу назваць “вартавых парадку” – вартавымі парадку. Таму што яны б’юць, калечаць і забіваюць мірных людзей. Тыя, хто ловіць, выкрадае і вывозіць людзей у лес, дзе над імі зьдзекуюцца, катуюць – гэта не вартавыя парадку. Парадокс якраз заключаецца ў тым, што супраць гэтых «пярэваратняў у пагонах» павінны быць ужытыя меры, перш за ўсё, з боку сьпецпадраздзяленьняў. «Пярэваратняў у пагонах» павінна выяўляць Упраўленьне ўнутранай бясьпекі пры МУС, Упраўленьне барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю пры МУС, сьпецпадраздзяленьні СБУ ды іншыя падраздзяленьні. Але гэтага не адбываецца. Даволі невялікая колькасьць адкрытых крымінальных спраў па фактах злачынстваў з боку людзей у пагонах. Пракуратура проста заплюшчвае на гэта вочы, а калі й узбуджаюцца нейкія справы, то яны падрабляюцца.

Таму, калі вычэрпваецца пісанае права, калі яго ўжо нельга ўжываць, у дзеяньне ўступае так званае натуральнае права, якое нікім не напісана і не замацавана. Як раз права на рэвалюцыю, права на паўстаньне, права на самаабарону – гэта натуральныя зьявы. Захаваньне свайго жыцьця, здароўя – гэта права, якое знаходзіцца ў крыві кожнага чалавека. І яно дадзена Богам. Яго нельга адмяняць.

Таму мы і маем такую ​​сітуацыю на вуліцы – людзі больш ня хочуць цярпець несправядлівасьць.

Што да “расейскага чыньніку», то я не магу выключаць, што ва Ўкраіне прысутнічаюць і сьпецпадраздзяленьні з Расейскай Федэрацыі. Ва ўмовах, калі паўстае краiна, у нас недастаткова сьпецпадраздзяленьняў, якія б змаглі здушыць незадаволенасьць людзей.

Таму ўлада, верагодна, і прыцягвае гэтыя сьпецатрады з суседняй краіны. Але, ведаеце, яшчэ ў чым вялікая праблема? Да «эскадронаў сьмерці» ва Украіне далучылася арганізаваная злачыннасьць. Гэта вельмі негатыўны і небясьпечны паказчык. Ён сьведчыць, што вартавыя парадку, якія павінны ахоўваць мірных грамадзян, аб’ядналіся з арганізаванай злачыннасьцю. Утварылася вельмі небясьпечная гаручая «сумесь», якую перамагчы вельмі складана.

Гэта прымушае людзей выкарыстоўваць радыкальныя метады. У такіх умовах, а гэта ўмовы скрайняй неабходнасьці, людзі маюць права выкарыстоўваць неабходную самаабарону. Напрыклад, блакаваньне транспартных сродкаў, якія перавозяць работнікаў сьпецпадраздзяленьняў у Кіеў для здушэньня пратэстаў. Фармальна прыкметы злачынства з боку грамадзян ёсьць, але людзі дзейнічаюць у стане скрайняй неабходнасьці.

Сёньня прагнілі ня толькі міліцыя, але і пракуратура, суды. Пракуратура не рэагуе належным чынам на злачынства. Суды не выносяць аб’ектыўныя прысуды, якія грунтаваліся б на законах, Крымінальным кодэксе, Крымінальна-працэсуальным кодэксе, Канстытуцыі.

Пярэваратні ёсьць і ў органах пракуратуры, і ў судовай сістэме. Яны ёсьць і ў органах выканаўчай улады, у абласных, раённых дзяржаўных адміністрацыях… Цяпер наогул вядзецца агітацыйная праца, якая накіравана на тое, каб узаконіць дзеяньні «пярэваратняў у пагонах». «Эскадроны сьмерці» самі па сабе дзейнічаць ня могуць, таму што яны толькі выканаўцы. А ёсьць заказчыкі, якія фармуюць гэтыя «эскадроны сьмерці», якія даюць ўказаньні – каманду «фас». Іх таксама трэба выяўляць і даваць прававую ацэнку.

Сёньняшняя сітуацыя ў краіне паказвае, што кланава-алігархічная сістэма канчаткова сябе вычарпала. Зло зьняла з сябе маску. І яно тычыцца ня толькі МУС ці вартавых парадку, а ўсёй уладнай сістэмы”.

 

Аляксей Падольскі, грамадскі дзеяч.

“1. Украінскія эскадроны сьмерці – сталы сістэмны элемент ня толькі праваахоўнай сістэмы Украіны, але і важкі інструмант вышэйшых палітычных службовых асоб у барацьбе з палітычнымі й бізнэс-апанентамі, які выкарыстоўваецца значна маштабней, чым пра гэта здагадваецца наша грамадства, а тым больш – міжнародная грамадскасьць.

2. Гэты абаронены дзяржаўнай таямніцай і абсалютна бескантрольны механізм – «сямёрка», «выведка», «наружка» (міліцэйскія паганялы розных часоў) – дастаўся ўкраінскім прэзідэнтам у спадчыну ад камуністычнай наменклатуры. Першыя сакратары КПУ: і Хрушчоў, і Шэлест, і Шчарбіцкі – у барацьбе з украінскімі патрыётамі й дысідэнтамі-праваабаронцамі даручалі выкананьне самых брудных спраў: правакацый, гвалту і забойстваў – менавіта так званай «наружцы».

Гэта было як у 1950-70-я гады, так і ў час перабудовы.

3. У часы незалежнасьці гэты механізм ня зьведаў ніякіх рэформаў, якія б рабілі немагчымым яго злачыннае выкарыстаньне. Больш за тое, ён стаў яшчэ больш цынічным і брудным, бо на зьмену ідэалагічным апраўданьням камуністычнай мэтазгоднасьці прыйшлі звычайныя крымінальныя “паняцьці”.

4. Усе ўкраінскія прэзідэнты ад Краўчука да Януковіча дбайным чынам забясьпечвалі кадравую пераемнасьць і ментальна-выхаваўчыя традыцыі гэтай магутнай структуры. Напрыклад, генерал Ферэ, які быў выканаўцам злачынных жадункаў Шчарбіцкага, нават у састарэлым узросьце, на глыбокай пенсіі, меў асобны кабінет у адміністрацыі Кучмы ў некалькіх метрах ад прыёмнай прэзідэнта. «На пасадзе» і памёр.

Менавіта яго выхаванцамі былі і Юры Краўчанка, і Аляксей Пукач. А сёньня мы ўжо маем справу з вучнямі й пасьлядоўнікамі забойцы Гангадзэ. Ніякіх рэформаў, ніякіх люстрацый – бо прэзідэнтам так зручна заўсёды мець пад рукой тайнага ка́та з камандай «арлоў», якія і за сябрамі прасочаць, і канкурэнтаў прыбяруць, і журналісту галаву адрэжуць, каб не гаўкала на прэзідэнцкае сонейка.

5. На закрытым працэсе Пукача пракурор назваў устояны тэрмін гэтай службы – «сьпецуха». Так яшчэ са сталінскіх часоў на прафесійным слэнгу таптуны называюць паміж сабой злачынныя даручэньні палітычных аўтарытэтаў. Гэта не абавязкова нешта крывавае – часам нават дробнае і сьмешнае.

Сучасная таемная паліцыя Ўкраіны дае тэрарыстычны сэрвіс vip-класу: гэта можа быць і падпал, і фабрыкацыя крымінальнай справы, і захоп, і зьбіцьцё, і забойства – што заўгодна. Пры гэтым міліцэйская фірма заўсёды гарантавала чысьціню выкананьня, абарваныя канцы і абсалютную беспакаранасьць. Больш чым за 60 гадоў адзіны пракол – забойства журналіста Гангадзэ, захоп і катаваньне Падольскага і замах на жыцьцё народнага дэпутата двух скліканьняў Ельяшкевіча. І гэта нават не віна «наружкі» – падвяла любоў заказчыка балбатаць, ды яшчэ і дазволіць запісаць тое, пра што больш-менш разумная істота ня кажа ўголас нават у адзіноце.

6. Пра метады кансьпірацыі й абарону таямніцы ў гэтай службе можна і трэба казаць шмат. Але прывяду толькі адзін прыклад: кіроўца, які вывозіў мяне на катаваньні – Марыняк – быў афіцэрам-аператыўнікам. Як высьветлілася на працэсе, ні знаёмыя, ні сям’я ня ведалі, што гэты маўклівы і непрыкметны чалавек ня проста дзесьці круціць “баранку”, а ёсьць цэлы аператыўны маёр. Ну, што там знаёмыя ці суседзі: родная маці толькі падчас судовага працэсу даведалася, што сын служыў у міліцыі і ўжо амаль дасягнуў сьпецыяльнай пенсіі.

7. Зразумела, што ва ўмовах канфлікту, які разьвязаў прэзідэнт супраць уласнага народу, маштабы выкарыстаньня міліцэйскіх «эскадронаў сьмерці» выраслі ў разы. Але методыкі й характэрны почырк застаюцца нязменнымі.

8. Гэтак жа нязменнай застаецца імперская шавіністычная ментальнасьць членаў гэтай структуры, якая песьцілася дзесяцігоддзямі, была і застаецца ўмовай першапачатковага залічэньня ў шэрагі таемных катаў. Эскадроны сьмерці як учора, так і сёньня дэманструюць моцную нянавісьць да ўсяго ўкраінскага (сьпевы гімна пад катаваньні, “дапамог табе Бандэра?”, забойства толькі таму, што быў львавянінам…).

Што да непасрэднага ўдзелу расейскіх выканаўцаў – яно ня выключана, але самастойная праца расейскага боку выглядае досыць сумнеўнай. Такая самастойная дзейнасьць патрабуе дасканалай дасьведчанасьці й адносна «зямлі», і адносна аб’ектаў паляваньня.

9  Галоўным раздражняльнікам масавага асуджэньня стаў «Беркут», які знаходзіцца на паверхні, “вочы ў вочы”. Але ня менш, а магчыма, і больш пагрозьлівай зьяўляецца закансьпіраваная дзейнасьць, калі мэтай зьяўляецца запалохваньне або ліквідацыя лідараў, журналістаў, арганізатараў, безь якіх грамадства будзе нямоглым натоўпам.

10. Нават пасьля поўнай перазагрузкі ўлады пасьлядоўнае і сістэмнае раскрыцьцё, зьнішчэньне і пакараньне Сістэмы будзе заставацца амаль неажыцьцяўляльнай задачай. Па-першае, імгненная, а галоўнае – пасьлядоўная люстрацыя міліцыі, пракуратуры, СБУ і судоў – гэта плоскасьць фантазій. А дзейсныя асобы гэтай сістэмы, якія амаль пагалоўна зьдзяйсьнялі злачынствы, наўрад ці будуць энтузіястамі рубкі ўласных рук. Па-другое, хто б ня быў пераемнікам Януковіча – будзе мець вялікую спакусу самому скарыстацца гатовым прадуктам. А мы добра ведаем, што апазіцыйны рэзерв Украіны мае нямала прэтэндэнтаў на прэзідэнцтва, маральныя якасьці якіх амаль гарантуюць тайнай паліцыі захаваньне працы і гарантыі беспакаранасьці наўзамен за “высокі прафесіяналізм”.

Прыклад “справы Гангадзэ” сьведчыць, што канцы будуць абрублены. Гэтак жа, як і пры Юшчанку, будуць фальсіфікавацца справы, будуць забіваць сьведак, будуць, як Краўчанка, двойчы страляць сабе ў галаву – зачышчаць тонкія месцы, зьнішчаць доказы любым спосабам (па справе Гангадзэ, калі Сістэма апынулася ў куце, да “работы” быў прыцягнуты нават Канстытуцыйны Суд Украіны, які выключыў са справы галоўны доказ ў дачыненьні да заказчыка Леаніда Кучмы – плёнкі Мельнічэнкі).

11. Адзіным шляхам пераадоленьня праблемы зьяўляецца шлях міжнароднага сьледства і міжнароднага крымінальнага перасьледу, якое ўвасабляе Гаагскі трыбунал. Бо тыя злачынствы, якія сістэмна зьдзяйсьняла ўкраінская праваахоўная сістэма і суды, маюць усе прыкметы злачынстваў супраць чалавечнасьці – такім чынам падпадаюць пад юрысдыкцыю міжнароднага правасуддзя.

12. Безальтэрнатыўнасьць гэтага шляху дазваляе не марудзіць і не чакаць зьмены палітычнай улады. Няма ніякіх перашкод для ўкраінскага грамадства пачаць працэс прыцягненьня да крымінальнай адказнасьці тых, хто выкарыстоўвае сёньня «Беркут» і «наружку» як прыладу [палітычнай] барацьбы.

Было б памылкай таксама «дараваць» «подзьвігі» Кучмы. Менавіта такая грамадская ініцыятыва разам зь міжнародным правасуддзем зможа зьліквідаваць ва Ўкраіне злачынныя механізмы й інстытуты праваахоўнай сістэмы, якія дасталіся нам ад камуністычнага таталітарызму.

Так на міжнародных працэсах ачуньвала ад нацызму Нямеччына, а пазьней камуністычная Югаславія. За ўкраінскім прэцэдэнтам абавязкова гэтым шляхам павінны прайсьці і Беларусь, і Расея” [толькі вось “украінскага прэцэдэнту” пакуль яшчэ няма… – Рэд.].

 

Антон Прымушка , сябра Саюзу ветэранаў Аўганістану, Самаабарона Майдану.

“У СМІ цяпер вельмі часта пішуць, што міліцыя і «Беркут» выконваюць «злачынны загад», але загад павінна выконваць толькі армія – гэта прадугледжана яе статутам. За невыкананьне загаду там існуе дысбат ды іншыя рэпрэсіі. Сілавікі ж – няхай гэта будуць Унутраныя войскі, «Беркут», міліцыя – падпарадкоўваюцца толькі закону, у іх няма ніякіх загадаў. Сёньня яны сапраўды выконваюць злачынныя загады, але гэта ў корані няправільна – яны павінны кіравацца законам.

Напрыклад,  любы «ППСнік» (патрульна-паставая служба) ведае, і гэта паказана ў заканадаўстве, што гумовай дубінкай нельга біць па галаве, палавых органах і г.д. Для гумовай дубінкі існуе сьпецыяльная формула: ключыца-калена. Тое, што яны зараз робяць – за межамі закона…

Нягледзячы на тое, што людзі былі бяз зброі, «Беркут» пачаў кідаць у людзей гранаты, прычым з затрымкай, каб яны выбухалі на ўзроўні пляча.

У час супрацьстаяньня на Грушэўскага адна дзяўчынка спалохалася і страціла арыентацыю. Я закрыў яе сабой і пачаў выводзіць. Я налічыў 4 стрэлы сабе ў сьпіну, хоць у мяне не было ні дубінкі, ніякай іншай зброі…З самага пачатку «аўганцы» пазначылі, што яны не ўяўляюць ніякую партыю. Нашае заданьне – засьцерагчы людзей і міліцыю ад крыві. Калі ж «Беркут» зразумеў, што я ў бронекамізэльцы, ён падняў рулю і пачаў страляць мне ў галаву.

Калі «Беркут» штурмаваў людзей на Грушэўскага, адціскаючы іх да Майдану, яны ўварваліся ў медпункт, дзе быў велізарны чырвоны крыж на дзьвярах, кінулі гранаты і расстрэльвалі ў сьпіны дактароў. Тое ж датычыцца і казака, пра якога ўсе шмат чулі. Хіба гэтыя дзеяньні прадстаўнікоў закона?

У маім разуменьні, праваахоўнік павінен арыштаваць, надзець кайданкі, хай нават ударыць дубінкай згодна з формулай, калі чалавек супраціўляецца, даставіць у міліцыю, аформіць справу, вызначыць сьледчага, крымінальны або адміністрацыйны артыкул і пераправіць ў суд. Тое, што робяць яны – гэта бязьмежжа.

Пасьля ўсяго, што тут адбываецца – ня ведаю, як гэта назваць: рэвалюцыя, народнае абурэньне, гнеў – у нас павінен адбыцца працэс накшталт Нюрнбергскага, каб сілавікі зразумелі, якое пакараньне ідзе за іх дзеяньнямі.

«Аўганцы» неаднаразова паўтаралі, што мы ведаем, што такое кроў, і мы стаім супраць яе. У нас ёсьць людзі, якія прайшлі дзве, тры, чатыры вайны, і яны разумеюць, што зброя на вуліцы не абмяжуецца вуліцай Грушэўскага. Яна распаўзецца па Кіеве, і адразу знойдуцца банды, марадзёры, якія пачнуць пагромы.

У мяне ў Аўганістане была група з 17 чалавек, столькі ж было ў Арменіі, Азербайджане і яшчэ адным лакальным канфлікце. Таму барані Божа тых, хто стаіць па іншы бок барыкадаў, выкарыстаць зброю. Тады яны даведаюцца, што такое баявы досьвед.

Натуральна, такога ўзроўню канфлікту ня трэба дапускаць…”

 

Каментары (1)

  1. Siarhiej кажа:

    Гнойную скулу гэбізму прарвала на Украіне.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы