nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Псеўда-рэферэндум як новы метад вядзеньня захопніцкай вайны

13 мая, 2014 | Няма каментараў

Рэдакцыя.

Псеўдарэферэндум 1Расейскай імперскай бюракратыі на чале з Пуціным па ўсім відаць спадабалася тэхналогія, па якой да Расеі быў “далучаны” ўкраінскі Крым, і яны з жаданьнем рынуліся паўтараць апрабаваны сцэнар на тэрыторыі Луганскай і Данецкай вобласьцяў Украіны (гл. мапу Ўкраіны, на якой пазначаны яе паўднёва-усходні рэгіён; больш падрабязная мапа зь пяцьцю ўсходнімі вобласьцямі Ўкраіны падаецца ніжэй).  Аднак сітуацыя тут значна адрозьніваецца ад крымскай па трох прынцыповых рысах: па-першае, доля рускіх на Луганшчыне і Данеччыне істотна мешная, чым у Крыме; па-другое, тут няма расейскіх вайсковых кантынгентаў, што ўскладняе магчымасьць зьяўленьня “зялёных чалавечкаў”, а, па-трэцяе, новае кіраўніцтва Ўкраіны, а таксама ўкраінскія вайскоўцы за апошні месяц трохі апрытомнелі й пачынаюць аказваць – у адрозьненьне ад крымскай сітуацыі – усё большы супраціў расейскім агрэсарам й іх калабарантам зь мясцовых. З-за гэтых прычын Пуціну і яго падзельнікам давялося карэктаваць сцэнар імперскай анэксіі Данеччыны і Луганшчыны. У выніку яны зрабілі акцэнт на імітацыі “ўсенароднага рэферэндуму”, які й адбыўся ўчора, 11 траўня 2014 г.

 

Спачатку на тэрыторыі Данецкай і Луганскай вобласьцяў Украіны сталі пранікаць агенты расейскай імперыякратыі (розныя ФСБшнікі ды ГРУшнікі), там яны напружылі сваіх  мясцовых агентаў, далі грошы на подкуп патэнцыйных калабарантаў сярод прадстаўнікоў уладных структур, дапамаглі атрымаць зброю, арганізавалі выстаўленьне блок-пастоў на межах некаторых гарадоў, дапамаглі арганізаваць і правесьці неабходную агітацыю сярод мясцовага насельніцтва – карацей, зрабілі ўсё неабходнае, каб 11 траўня як мага лепш правесьці перад расейскімі тэлекамерамі мясцовы рэферэндум на тэму сепарацыі ад “бандэраўскай Украіны”.     

І вось тое, што мясцовыя сепаратысты-тэрарысты назвалі “рэферэндумам”, адбылося. Мы сабралі некаторыя факты, датычныя гэтай падзеі, і выставілі іх ніжэй. Каб зафіксаваць для будучыні…

Псеўдарэферэндум 2

 

Як праходзіў “рэферэндум” у Марыюпалі (падаецца паводле http://sokrytoe.net/15828-mariupol-vynosnoe-golosovanie-i-yaschiki-iz-pod-masla-vmesto-urn.html)

“Выбары ў амаль паўмільённым Марыюпалі звычайна праходзяць на 216 выбарчых участках. Вялізныя чэргі на выбарчых участках у Марыюпалі 11 траўня былі з-за таго, што працавала ўсяго толькі… 4 выбарчыя ўчасткі.

4 і 216 – розьніца істотная. Ці ня так?

Патэнцыйных выбаршчыкаў у Марыюпалі 345 тысяч чалавек. Самы вялікі выбарчы ўчастак здольны прыняць толькі 2,5 тысячы чалавек. Нават калі ўлічыць, што ўсе чатыры ўчасткі ў Марыюпалі працавалі на поўную магутнасьць, яны фізічна змаглі прыняць ня больш за 15-20 тысяч чалавек.

Але ўсё вышэйпаданае тычыцца законных выбараў з захаваньнем усіх правіл.

Што ды апытаньня, праведзенага ўчора ў Марыюпалі, то гараджане адзначылі, што:

1 . Самі бюлетэні былі без абароны, без подпісаў і пячатак, раздрукаваныя на прынтары.

2. На выбарчых участках не было сьпісаў выбаршчыкаў.

3. Не было кабінак для галасаваньня – то бок не выконвалася ўмова таямніцы галасаваньня.

4. На ўчастку ў Прыморскай райадміністрацыі бюлетэні кідалі ня ў скрыню для галасаваньня, а ў скрыню… з-пад алею [ці масла].

5. Дапускаліся выпадкі, калі адзін чалавек галасаваў за ўсю сям’ю – то бок не было персанальнага галасаваньня.

6. Дапускаліся выпадкі, калі людзі галасавалі без дакумента, які сьведчыць пра асобу.

Псеўдарэферэндум 3Да прыкладу, на ўчастку ў Прыморскай райадміністрацыі для выгоды тых, хто галасуе, арганізавалі “вынасное галасаваньне на вуліцы (гл. фота). Там стаялі два столікі, яшчэ два – на ўваходзе ў будынак.

Бюлетэні тых, хто прагаласаваў, зьбіралі ў простыя скрынкі. Апячатаныя яны былі з двух бакоў. Але апячатваць ня мела сэнсу, бо закінуць у велізарная адтуліну ў скрынцы можна было колькі заўгодна бюлетэняў.

Некаторыя марыюпальцы, якія ўжо было вырашылі паўдзельнічаць у рэферэндуме, рабіць гэтага ня сталі, менавіта гледзячы на такія скрынкі. “Гэта ж нейкая фількіна грамата!”, – сказала адна з марыюпальчанак, калі ўбачыла скрынку.

Аднак мужчына, які стаяў побач з урнай, запэўніў, што ўсё ў іх пад кантролем і пасьля яны маюць намер перасыпаць зьмесьціва скрынак у агульную апячатаную скрыню. Стаяла гэтая скрыня ў асноўнай залі для галасаваньня на першым паверсе. Тут усіх актыўна заклікалі галасаваць. І калі на вачах карэспандэнта адзін мужчына даў для атрыманьня бюлетэняў пашпарты свой ​​і сваячкі (якая ўвогуле засталася дома), яму без цяжкасьцяў выдалі дзьве паперы.

На ўсе гэтыя “дробязі ” у Данецкай Народнай рэспубліцы (ДНР) не зьвярталі ўвагі. Галоўнае, што чэргі кіламетровыя і людзі з усьмешкай. Выдатная карцінка для расейскіх ды іншых СМІ”.

На Луганшчыне (паводле http://sokrytoe.net/15822-terroristy-chetko-ispolnili-zakaz-rossiyskih-investorov-98-za-lnr.html)

Псеўдарэферэндум 4Нягледзячы на тое, што галасаваньне ў  Луганскай вобласьці адбывалася толькі на 1/3 частцы яе тэрыторыі – Цэнтральная выбарчая камісія (ЦВК) так званай “Луганскай народнай рэспублікі” аб’явіла рэферэндум аб статусе вобласьці адбылым. Паводле яе даных, агульная яўка выбаршчыкаў склала… 81%.

Кіраўнік “ЦВК” па правядзеньні псеўдарэферэндуму аб незалежнасьці ЛНР Аляксандр Малыхін паведаміў, што 94-98 % выбаршчыкаў прагаласавалі за аддзяленьне рэгіёну ад Украіны. “… На сёньняшнюю раніцу апрацавана 28 тэрытарыяльных камісій. Чакаем даныя з тэрытарыяльных камісій са складаных раёнаў – тых, дзе хлопцы трапляюць пад узьдзеяньне Нацыянальнай гвардыі. Па прамежкавых даных, за дзяржаўную самастойнасьць Луганскай народнай рэспублікі прагаласавалі 94-98 % выбаршчыкаў”, – сказаў Малыхін.

Ён адзначыў, што больш дакладныя даныя чакаюцца да 12.00 у панядзелак пасьля атрыманьня даных з праблемных тэрытарыяльных выбарчых акругаў, а таксама даных аб выніках галасаваньня жыхароў рэгіёну ў Маскве, – паведамляе РІА “Навіны”.

Па словах кіраўніка ЦВК, усяго на тэрыторыі Луганскай вобласьці было 32 тэрытарыяльныя выбарчыя ўчасткі [на ўсю вобласьць толькі 32! – Рэд.].

Данецкія сепаратысты-тэрарысты – звышлюдзі (падаецца паводле http://sokrytoe.net/15817-terroristy-chetko-ispolnili-zakaz-rossiyskih-investorov-89-za-dnr-audio.html)

Псеўдарэферэндум 5У данецкай ЦВК сепаратыстаў заявілі, што галасаваньне завяршылася ў 22.00. Вынікі ж яны аб’явілі ўжо ў … 23.30. На выніковай прэсканферэнцыі мясцовая ЦВК аб’явіла: яўка – 74,87%. “За” – 89,07,  “супраць” – 10,19. Сапсаваных бюлетэняў – 0,74. Было заяўлена, што з-за напружанай сітуацыі ўсё палічылі ў паскораным рэжыме. “Вынік канчатковы. Во даюць”, – напісаў журналіст Фёдар Іваніца.

Затым – паводле http://nn.by/?c=ar&i=128218 – сустаршыня часовага ўраду ДНР Дзяніс Пушылін заявіў: «Мы, народ Данецкай народнай рэспублікі, па выніках рэферэндуму, праведзенага 11 траўня 2014 года, і грунтуючыся на дэкларацыі аб суверэнітэце ДНР, аб’яўляем, што з гэтага часу ДНР зьяўляецца сувярэннай дзяржавай … Зыходзячы з волевыяўленьня народу Данецкай народнай рэспублікі й для аднаўленьня гістарычнай справядлівасьці просім Расейскую Федэрацыю разгледзець пытаньне аб уваходжаньні Данецкай народнай рэспублікі ў склад Расейскай Федэрацыі», — зачытаў Пушылін «заклік ДНР».

Ну вось цяпер, здаецца, усё канчаткова зразумела…

Застаецца толькі дадаць, што:

– у панядзелак выконваючы абавязкі прэзідэнта Ўкраіны Аляксандр Турчынаў на паседжаньні ВР Украіны заявіў, што “ў рэферэндуме ў Луганску прынялі ўдзел 24% грамадзян, якія маюць права голасу, а ў Данецку – крыху больш за 32%” (http://www.rbc.ru/rbcfreenews/20140512123550.shtml);

– у сваю чаргу прэс-служба Крамля паведаміла, што «ў Маскве з павагай ставяцца да волевыяўленьня насельніцтва Данецкай і Луганскай вобласьцяў і зыходзяць з таго, што практычная рэалізацыя вынікаў рэферэндумаў пройдзе цывілізаваным шляхам, праз дыялог паміж прадстаўнікамі Кіева, Данецка і Луганска»;

– паколькі “рэферэндум” быў праведзены ў Данецку і Луганску пад рулямі аўтаматаў, безь якога-кольвек назіраньня і са шматлікі іншымі парушэньнямі, яго не прызнала ніводная дзяржава сьвету (акрамя Расеі).

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы