nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Як вош на грабеньчыку

14 мая, 2014 | Каментары (1)

Рэдакцыя.

Лу-ка 1Напад расейскай імперыякратыі на дзяржаву ўкраінскага народу з паліталагічных пазіцый зьяўляецца тыповай сітуацыяй “крука ў лесе” (гл. https://nashaziamlia.org/2007/01/20/513/), бо прымушае многіх вызначацца і публічна тлумачыць сваё разуменьне таго, што адбываецца, выказваць сваю пазіцыю. І калі “беларускія” апазіцыйныя СМІ й непасрэдна сама афіцыйная “беларуская апазіцыя” яшчэ могуць скарыстацца з прывілея маўчаньня (дарэчы, як мы сёньня назіраем, усе яны карыстаюцца з гэтага прывілея зь вялікім энтузіязмам…), гэтага не заўсёды можа дазволіць сабе той жа Лу-ка – займаная пасада прымушае яго казаць хоць нешта. Акрамя таго, “Захад і Ўкраіна”, з аднаго боку, а з другога боку “Расея” ўвесь час падціскаюць яго зрабіць адназначны выбар. Вось давайце і паглядзім, як у сапраўды больш-менш крытычнай сітуацыі паводзіць сябе “моцны прэзідэнт”, “круты палітык”, “сапраўдны мужык”, “апошні дыктатар Еўропы” і да т.п. (гэта ўсё эпітэты, якія даюць Лу-ку розныя каментатары і якім ён сам старанна падыгрывае) – гэта табе ня юных студэнтаў  у Менску разганяць, схаваўшыся за сьпінамі незьлічонай арміі жлабоў-АМАПаўцаў…

 

 

Спачатку паводзіны Лу-кі выглядалі па нарастаючай усё больш і больш непрыстойнымі. Дакладней, ня нейкія там паводзіны, а іх… адсутнасьць.

Судзіце самі, з канца лістапада 2013 г. на тэрыторыі нашай паўднёвай суседкі тыдзень за тыднем, месяц за месяцам адбываюцца драматычныя рэвалюцыйныя, а затым і ваенныя падзеі, але ўвесь гэты час Лу-ка… маўчыць. Усім становіцца ясна – “сапраўдны мужык” на справе ці то трухануўшы схаваўся ў бульбу, ці то ўсё пралічвае сваю выгаду, баючыся прагадаць. Ну, не пра міжнародную ж  справядлівасьць увесь гэты час ён думаў (хаця на чыім баку апошняя ў сітуацыі, калі вялікая і моцная краіна зьнянацку нападае на істотна меншую і слабейшую, зразумела кожнаму школьніку).  

Лу-ка 2І вось нарэшце 11 сакавіка г.г. Лу-ка падаў голас (прайшло амаль 4 месяцы ад пачатку Майдану ва Ўкраіне!). На паседжаньні Рады Бясьпекі ён заявіў, што галоўная прычына рэвалюцыі ва Ўкраіне – гэта “страшны развал эканомікі, карупцыя, якая прывяла да развалу ўлады. Карані [ўкраінскіх падзей] трэба шукаць менавіта ў гэтым”. Спрабуючы вярнуць сабе імідж мудрага палітыка і адначасна крутога мужыка, Лу-ка дадаў: «Я і не хаваю: дурным быў бы той кіраўнік, які не спрабуе атрымаць урокі з некаторых падзей. Але ў Менску Майдану ня будзе – тут няма для Майдану месца. Мы нічога не баімся. Абсалютна. Тым больш я…», – выдаў свае падсьвядомасныя страхі Лу-ка (http://nn.by/?c=ar&i=124611).

Тады ж, 11 сакавіка, ён яшчэ ўстрымаўся ад адкрытай падтрымкі захопу Расеяй часткі Ўкраіны – Крыма, затое казаў пра салідарнасьць і эканамічную падтрымку ўкраінскага народу: «Ва Ўкраіне ёсьць палітыкі, якія ўзяліся вырашаць праблемы ўкраінскага народу. Мы ні ў якім выпадку ім не перашкаджаем. Больш за тое, мы не перарывалі ніякія сувязі з Украінай, перш за ўсё эканамічныя … Мы пастаўлялі й пастаўляем туды энэргарэсурсы, прадукты, іншыя рэчы. Словам, мы адкрытыя для таго, каб падтрымліваць ўкраінскі народ у гэтую цяжкую хвіліну», — казаў Лу-ка.

Праўда, разыйшоўшыся, ён выдаў сакрэт, што па падзеях ва Ўкраіне ўвесь час кансультуецца з Пуціным, а затым і ўвогуле запрапанаваў “даверыць яму Ўкраіну”, каб да канца года ён сам мог “забясьпечыць там стабільнасьць, адзінства народу і цэласнасьць дзяржавы” (http://www.belaruspartisan.org/politic/260739/).

Аднак у той жа дзень, нягледзячы на ўсю сваю “круцізну”, Лу-ка папрасіў у Пуціна разьмясьціць дадаткова ў Беларусі да 15 расейскіх (!) вайсковых самалётаў, патлумачыўшы гэта “актыўнасьцю НАТА каля беларускай мяжы” – і дадаў: “няхай патрулююць”. Таксама ён паабяцаў дзейнічаць “выключна ў адпаведнасьці з нарматыўна-прававой базай, якая існуе паміж Расеяй і Беларусьсю”, – абгрунтаваўшы гэты чарговы акт нацыянальнай здрады так: “мы з расейцамі – адзін народ[?!! – Рэд.] (гл. http://nn.by/?c=ar&i=124610).

Лу-ка 3І вось праходзіць усяго каля 10 дзён, а “мудрага і мужнага Лу-ку” ўжо і не пазнаць… 23 сакавіка ён адназначна – адназначней не бывае – заяўляе, што “ў сітуацыі выбару Беларусь заўсёды будзе на баку… Расеі” (удакладнім: калі Лу-ка кажа “Беларусь”, ён гаворыць асабіста пра сябе…), і дадае, што “Крым — частка тэрыторыі Расейскай Федэрацыі”.

Вось яшчэ паказальныя выказваньні падчас яго выступу (гл. http://news.mail.ru/inworld/belorussia/politics/17505539/):

– «Калі вы ў мяне спытаеце (Крым – гэта дробязь, што можа быць): вы дзе ў гэтай сітуацыі – у сілу гістарычнага мінулага, таго, што мы рэалізуем адзіны праект Саюзнай дзяржавы, зьвязаныя пагадненьнямі з Расейскай Федэрацыяй, мы будзем з Расеяй, і трэба спыніць усялякія сьпекуляцыі», – сказаў Лу-ка;

– «Мы не накіроўваем сваю зьнешнюю, унутраную палітыку, ваенную палітыку супраць НАТА, супраць каго б там ні было – мы будзем узважана праводзіць палітыку. Але калі паўстане пытаньне, мы будзем з Расейскай Федэрацыяй», – падкрэсьліў ён і дадаў, што пра ўсё гэта казаў прэзідэнту Расеі Ўладзіміру Пуціну ў апошняй размове. «Вы можаце не перажываць – мы заўсёды будзем з Расейскай Федэрацыяй» – сказаў ён тыда Пуціну.

(пра гэтыя абуральныя заявы мы ўжо досыць падрабязна пісалі тут: https://nashaziamlia.org/2014/03/24/6781/).

28 сакавіка ў праграме “Шустэр Live” (гл. http://www.youtube.com/watch?v=bRPnKin-FuU) Лу-ка ўдакладніў, што гэта новае кіраўніцтва Ўкраіны нібы само сваімі дзеяньнямі прызнала, што Крым не зьяўляецца тэрыторыяй Украіны. «Вы спакойна, склаўшы лапкі, здаліся. Крым быў здадзены. Гэта хіба не дэ-факта прызнаньне, што Крым – не тэрыторыя Украіны … Чаму сышлі, чаму вывелі вайскоўцаў, калі гэта ваша зямля?!», – рытарычна, як гэта часта ён робіць, запытаўся Лукашэнка, ведаючы, што яму няма каму адказаць…

Апафеозам жа вернападданага стану Лу-кі ў дачыненьні да Пуціна і расейскай імперыі стаў вынік галасаваньня “Беларусі” на Генеральнай асамблеі ААН па пытаньні стаўленьня да злачыннай анэксіі Крыма (галасаваньне датычыла Рэзалюцыі ГА ААН пра нелегітымнасьць рэферэндуму ў Крыме і далучэньня яго да Расеі). Гэтае галасаваньне адбылося 27 сакавіка г.г. Зь дзьвюх сотняў краін, якія ў ім удзельнічалі, толькі 10 падтрымалі Расею (гл. табліцу выніковага галасаваньня ўнізе; стрэлкі паказваюць: 1 – Арменію, 2 – Беларусь, 3 – Балівію, 4 – Кубу, 5 – Паўночную Карэю, 6 – Нікарагуа, 7 – РФ, 8 – Судан, 9 – Сірыю, 10 – Венесуэлу, 11 – Зімбабвэ).

Лу-ка 4

Так, дзякуючы Лу-ку і яго “мудрай палітыцы”, Беларусь апынулася ў кампані такіх краін, як Паўночная Карэя, Куба, Судан, Сірыя, Зімбабвэ

З аднаго боку, вядома, сорамна, а з другога – прынамсі ўсё ясна…

Карацей, усё ішло звычайным прарасейскім чынам, але тут раптам…

Лу-ка 529 сакавіка Лу-ка сустрэўся з в.а. прэзідэнта Ўкраіны Аляксандрам Турчынавым (http://news.mail.ru/inworld/belorussia/politics/17825201/?frommail=1), а затым адкрыта ў інтэрвю НТВ апавёў пра зьмест гэтай сустрэчы, які ў шмат якіх пазіцыях, напэўна, істотна адрозьніваўся ад таго, што жадалі б чуць ад Лу-кі Пуцін й імперыякратыя, якая за ім стаіць.   

Сярод іншага Лу-ка ахарактарызаваў Турчынава як інтэлектуала, які ўпэўнены ў тым, што ён робіць. «І ён ня хлусіць. Калі ён кажа – значыць, кажа толькі праўду. Ён, можа быць, і ня мае рацыю, але ён так лічыць», – сказаў Лукашэнка, дадаткова адзначыўшы, што такая пазіцыя ня можа ня выклікаць павагі.

Прэзідэнт Беларусі паведаміў, што з Турчынавым яны змаглі “дамовіцца практычна па ўсіх пытаньнях”. Больш за тое, в.а. прэзідэнта Ўкраіны пра многае расказаў Лу-ку, які лічыць, што Турчынаў адэкватна ўспрымае сітуацыю і называе тое, што адбываецца ва Ўкраіне, недапушчальным і прыкладзе ўсе намаганьні, каб нармалізаваць становішча. «І я яму паверыў. І бачу, што ў гэтым ключы яны абсалютна дзейнічаюць», – сцьвердзіў Лу-ка.

У інтэрвю Лу-ка назваў вінаватымі ў цяперашнім няпростым становішчы ва Ўкраіне ня новую ўладу, а ранейшае кіраўніцтва краіны. І калі там і былі людзі, якія бачылі той развал, маштабы карупцыі й зьнішчэньне эканомікі, то яны былі дэзарыентаваныя цалкам і не маглі нічога зрабіць.

Турчынаў ня мог не сказаць, што магчымы вайсковы напад выклівае ва Ўкраіне вялікую заклапочанасьць. На што Лукашэнка паведаміў Турчынаву, што ў таго няма падставы асьцерагацца «ваеннай пагрозы» з тэрыторыі Беларусі. Больш за тое, ён прапанаваў в.а. прэзідэнта адправіцца ў любую кропку беларуска-ўкраінскай мяжы і выявіць канцэнтрацыю войскаў. Лукашэнка наўпрост заявіў, што нападаць на Ўкраіну ні ён, ні Пуцін ня маюць намеру.

«І потым ён абсалютна прафесійна распавёў, як яны будуць дзейнічаць, калі раптам што, як яны будуць абараняцца, і паказаў усю дыслакацыю сваіх войскаў. І вы ведаеце, я яго пасьля гэтага запаважаў яшчэ больш, таму што я бачу, што ён адзін да аднаго робіць тое, што ён мне сказаў», – падвёў вынік Лу-ка.

Таксама Лу-ка выказаўся катэгарычна супраць ідэі пераўтварэньня Украіны ў федэратыўную дзяржаву. «Калі вы хочаце захаваць Украіну адзінай дзяржавай … то ня трэба праводзіць федэралізацыі. Гэта заўтрашні раскол Украіны цалкам, гэта разбурыць дзяржаву», – падкрэсьліў Лу-ка.

(канец цытаваньня галоўных меркаваньняў Лу-кі).

Спачатку многім магло падасца: ну, вось нарэшце Лу-ка сустрэўся з больш-менш прыстойным чалавекам, паразмаўляў й пачаў казаць слушныя рэчы замест папярэдняй прарасейскай лабуды.  

Аднак ужо 1 красавіка на размову з Лу-кам заявіўся намесьнік старшыні ўраду Расеі, старшыня Вайскова-прамысловай камісіі пры ўрадзе РФ Дзьмітры Рагозін. Пра адкрытую частку іх сустрэчы паведаміў карэспандэнт БЕЛТА (гл. http://news.mail.ru/inworld/belorussia/politics/17638154/?frommail=1).

Зьвяртаючыся да Дзьмітрыя Рагозіна Лу-ка сказаў: «Мне вельмі прыемна бачыць вас у Менску, як блізкага і роднага чалавека і па ідэалогіі, і наогул па душы. Па-другое, у нас шэраг дзяржаўных пытаньняў. Напэўна, ёсьць нейкія праблемы ў гэтым плане. Падводзячы рысу, як вынік, можна сказаць, што тая сітуацыя, якая складваецца вакол нас, ня вельмі нам падабаецца».

Лу-ка 6Затым ён працягнуў: «У гэтым плане мы дакладна і пэўна заявілі пра тое, што нам трэба быць бліжэй адзін з адным. І ў любой сітуацыі мы будзем з Расеяй … Трэба спыніць усялякія інсінуацыі на гэтую тэму», – заўважыў Лу-ка.

Ён нагадаў, што калі амерыканцы «разбамбілі Ірак, пасьля гэтай бамбёжкі ўсе разумелі, што гэта няправільна, несправядліва, але яны адназначна сталі на бок саюзьнікаў … А чаму мы павінны займаць іншую пазіцыю, калі ў нас саюзьнік Расея, і такі адзіны саюзьнік. Вось і ўся логіка», – сказаў Лу-ка. «Таму мы дзейнічаем, зыходзячы зь сітуацыі, зыходзячы са становішча, у інтарэсах нашай дзяржавы і ў інтарэсах нашага адзінага стратэгічнага ў такім родзе саюзьніка», – падкрэсьліў ён.

«У сувязі з гэтым – мы таксама гэта ня ўтойваем – мы вельмі інтэнсіўна разьвіваем супрацоўніцтва ў вайскова-тэхнічнай сьферы, – працягнуў Лу-ка. – Мы мадэрнізуем свой ​​ВПК, спрабуем вырабіць новую прадукцыю на нашых прадпрыемствах. Але паколькі гэта некалькі дзясяткаў высокатэхналагічных прадпрыемстваў, мы разумеем, што, калі мы будзем шчыльна зьвязаныя з расейскім ВПК, расейскімі прадпрыемствамі, мы больш эфектыўна правядзем гэтую мадэрнізацыю».

І самае галоўнае – як лічыць Лу-ка – «гэтая прадукцыя будзе запатрабаваная ў сілу сваёй сьпецыфікі, найперш, у нашай Расеі … Мы гэта выдатна разумеем», – сказаў ён.

(канец цытаваньня).

Карацей, зноўку поўнае вернападданства…

Але, як толькі Лу-ка адправіў Рагозіна назад у Маскву, ён чамусьці зноў рэзка памяняў сваю пазіцыю – зацікавіўся станам беларускага войска. А затым зноў пачаў апавядаць, што ў яго з гэтай нагоды робіцца ў галаве (гл. тут: http://www.kavkaz.org.uk/russ/content/2014/04/05/103937.shtml ці тут: http://ipress.ua/news/lukashenko_modernizuie_armiyu_bilorus_povynna_buty_gotovoyu_do_oborony_58239.html).

Лу-ка 7Так, Лу-ка адзначыў, што Беларусі (г.зн. яму) рэкамендавалі адмовіцца ад уласнай арміі, але ён не пагадзіўся.

«Высьветлілася, што яна нам патрэбная. І дзякуй Богу, што мы, наколькі маглі, ішлі ўнагу з апошнімі падзеямі. Мы сваё войска ўвесь час ўдасканальваем у залежнасьці ад таго, якія лакальныя войны адбываюцца на нашай планеце», – падкрэсьліў Лу-ка і дадаў: «Мы не агрэсары, мы ваяваць ні зь кім ня хочам. Але, калі хтосьці сунецца, мы павінны быць гатовыя нанесьці агрэсару непрымальны ўрон. Гэта толькі абаронная дактрына».

Лу-ка таксама нагадаў, што даручыў мадэрнізаваць дзесяць самалётаў для патрэб вайскова-паветраных сілаў Беларусі. «ВПС мы павінны трымаць у спраўным стане, каб не паўтарыўся сумны досьвед нашых украінскіх братоў. Калі ім трэба было ваяваць, аказалася, што ў іх няма арміі. Здаецца, год таму было 250 тысяч штыкоў, як мне Януковіч казаў, а калі стала патрэбным, аказалася, што арміі няма», – дадаў ён.

З гэтых тырадаў усім відавочна, што ў выразах “мы павінны быць гатовыя нанесьці агрэсару непрымальны ўрон” і “не паўтарыць сумны досьвед нашых украінскіх братоў” Лу-ка мае на ўвазе гатовасьць адбіць агрэсію на Беларусь найперш з боку … пуцінскай расейскай імперыі!

Аднак зноў “нядоўга музыка грала”…

Лу-ка 8Ужо 8 траўня, пасьля выкліку на дыван да Пуціна, Лу-ка зноў стаў як шоўкавы. Цяпер ён ужо прапанаваў скаардынаваць сумесныя з Расеяй дзеяньні ў сувязі зь сітуацыяй ва Украіне. «Мне хацелася б, так бы мовіць, за кадрам, адкрыта пагаварыць аб сітуацыі ва Ўкраіне і неяк скаардынаваць нашы дзеяньні. Таму што, напэўна, гэты крызіс заўтра ня скончыцца, а ён непасрэдна ўплывае як на вас, так і на нас», – заявіў Лукашэнка.

Ён таксама дадаў, што таксама неабходна выпрацаваць спосаб процідзеяньня санкцыям Захаду, для чаго прапанаваў задзейнічаць унутраныя рэзервы (http://www.vz.ru/news/2014/5/8/685867.html).

Праз 4 дні (12 траўня) Лу-ка сустракаўся ўжо ў Менску з сакратаром Рады бясьпекі Расеі Мікалаем Патрушавым (http://www.vz.ru/news/2014/5/12/686298.html).

На гэты раз ён заявіў, што «ня варта выкарыстоўваць Украіну ў якасьці чыньніка ціску на Расею … Таму што пагаршэньне сітуацыі ў Расеі, у тым ліку і эканомікі, уплывае на ўсю постсавецкую прастору. Мы заклапочаныя і ў гэтым плане», – сказаў Лу-ка.

Ён таксама паведаміў, што гатовы з Патрушавым скаардынаваць «нашы пазіцыі, нашы дзеяньні».

«Я скажу з усяго таго, што цяпер напісана ды сказана, галоўнае – гэта тое, каб Украіна засталася Ўкраінай, але каб не стала базай Паўночнаатлантычнага альянсу каля нашых межаў», – заявіў Лу-ка.

На думку Лу-кі, пройдзе час і сітуацыя стабілізуецца. «Цяпер ужо адбываецца працьверазеньне на Ўкраіне. Ня будзе Ўкраіна на Захадзе. Яе там ніхто не чакае. Народ адназначна настроены на супрацоўніцтва”, – перакананы ён. «Ну, пацямненьне ў мазгах у палітыкаў – гэта ж бывае. Вы гэта цудоўна ведаеце», – сказаў Лу-ка, зьвяртаючыся да Патрушава.

У сваю чаргу, Патрушаў падкрэсьліў, што прыехаў у Менск для правядзеньня кансультацый па лініі саветаў бясьпекі Беларусі й Расеі. На яго думку, цяпер у грамадстве і ў Беларусі, і ў Расеі адчуваецца натхненьне і ўздым. «Лягчэй абмяркоўваць пытаньні забесьпячэньня бяспекі, калі ў людзей настрой пазітыўны», – сказаў Патрушаў.

=

Ну, што пра ўсё гэта можна сказаць?

Кідаецца мужычок ад адной скрайнасьці да іншай, нешта кажа, заяўляе. Але выглядае ўсё гэта ў цэлым дробязна і непрыстойна. Прычым, настолькі дробязна і непрыстойна, што асацыюецца з вобразам, які паданы ў загалоўку гэтага матэрыяла.

Эх, маўчаў бы пра Украіну да гэтага часу. Было б хаця і кепска, але і тое лепш…

І апошняе: такія хістаньні Лу-кі нічога добрага нашаму народу не сурочаць. Трэба рыхтавацца да горшага

 

Каментары (1)

  1. Licvin кажа:

    Як на мой розум, то Лукашэнка ў гэтай вельмі складанай гістарычна-палітычнай сітуацыі зрабіў максімум таго, што можна было зрабіць. Канечна гэта невялікі тактычны поспех, ён стратэгічна нічога не вырашае, і мы ў вялікай залежнасьці ад Расеі. Але якая для нас ёсьць іншая альтернатыва?
    ”…лідэра непакоіла нешта яшчэ: пачуцьце, што ўзьнікла ў той момант, калі ён стаяў ля вакна, і якое зараз імкліва ўзрастала і мацавалася. Апошнім часам яму здавалася, што ён узяў палітычную ініцыятыву ў свае асабістыя рукі. Усё было спланавана загадзя, кацілася, як цягнік па рэйках. Рэйкі, рэйкі, куды яны вялі? Хто паклаў гэтыя рэйкі?
    …Нават Масква вымушана была згаджацца з яго нечаканымі ідэямі, частка якіх была бутафорскімі і выконвала выключна мэту палітычнага пошуку. Але зараз узьнікла ўражаньне, што цягнік імчыць па рэйках, якія паклалі яго недобразычліўцы. Самыя хітрыя і хуткія тактычныя хады ў лепшым выпадку давалі няўстойлівыя вынікі.” ”ІМПЕРСКІ СІНДРОМ” http//iuzhyk.ucos.ru http://kamunikat.org/Travien Kastus.html
    Наогул панятак ”чэсны палітык” — гэта нонсенс! Чалавек можа быць ці чэсным ці палітыкам!

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы