nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Беларускамоўнае навучаньне ў гімназіі: “адзінкі” ды “баранкі”

Люты 26, 2015 | Каментары (3)

Яўген Бяласін, Гродна – Беласток – Баранавічы – Вільня — Брэст.  31.12.2014

1.2 

 

 

 

 

 

 

 

У гродзенскай гімназіі №10 дзяўчынцы Сьвятлане і хлопчыку Мікіце (гл. фота зьлева) дзякуючы настойлівасьці бацькоў большасьць прадметаў выкладаюць на беларускай мове. А вось у Баранавічах (на слэнгу журналістаў “Баранкі”) такое “не пракаціла”. І ў Брэсце скрозь расейскамоўныя гімназіі ды ліцэі. Пра гэта, а таксама пра адукацыю беларускай дыяспары ў Беластоку, пра гісторыю пытаньня, прэцэдэнты і накіды вырашэньня чытайце ў рэпартажы.

 

 

Гродзенскія пазітывы і кампрамісы

Сьвета Астроўская дзяўчынка сур’ёзная: ходзіць на каратэ, любіць матэматыку,  але  “дзявяткі” і “дзясяткі” атрымлівае і ў прадметах гуманітарнага цыклу. Права вучыцца ў самай прэстыжнай гімназіі Гародні на беларускай мове дачка прафесара і навуковай супрацоўніцы атрымала ўвосень 2014 г. пасьля доўгага націску гэтай і яшчэ адной сям’і на гарадcкіх чыноўнікаў.

“Каб дабіцца законнага нашага, прапісанага ў Канстытуцыі права, мы гатовыя былі ісьці на плошчу, сядзець на “сутках”… Ужо ў тым, што такое магчыма,  як у люстэрку бачна ўся злыбеда беларусаў у сэнсе правоў чалавека ва ўласнай краіне. У сітуацыі, калі ня так даўно за беларускую мову забівалі тысячамі, забівалі эліту, – у такой сітуацыі задача менавіта і перад усім улады аднавіць стан спраў да прызнанай у сьвеце нормы, не пытаючыся пра меркаваньне бамжоў і цётак, якія гандлююць семкамі на базары”, – каментуе Алесь Астроўскі, бацька Сьвятланы.  –  “Магу нават сказаць,  што гродзенскія ўлады праявілі сябе адносна нядрэнна — зладзілі навучаньне ў гімназіі па-беларуску. Гэта добра і гэта — норма. Летась аб’яўлялі пра арганізацыю беларускіх класаў у аўтобусах і тралейбусах. Гэта ўжо праца. Зьявіліся два цалкам беларускамоўныя класы ў 32-й і 34-й школах Гародні, агульная колькасьць навучэнцаў з беларускай мовай навучаньня дасягнула ў горадзе 29 чалавек. Чатыры гады таму быў нуль”. 

Аксана Астроўская, маці Сьвятланы, кажа пра кампрамісы. “Дырэктарка гімназіі пагадзілася, каб нашыя дзеці навучаліся ў іх, але сказала, што няма тэхнічнай магчымасьці выкладаць усе прадметы на беларускай мове. Параіліся з Кузьмінічамі (другая сям’я, якая дабівалася беларускамоўнага навучаньня Я.Б.) і пайшлі на тое, каб часова нашы дзеці займаліся фізкультурай, працай, англійскай мовай разам з усімі”. Але быў  і бескампрамісны выпадак. “Дзёньнікі мы купілі, натуральна, беларускія. Дык вось, адміністрацыя выставіла патрабаваньне, каб дзёньнікі запаўняліся па-расейску. Маўляў, фармат справаводства ў нас у гімназіі такі. Але мы не пагадзіліся. Таму што “недарэчнасьць” надзвычайная. Выходзіць, дзяржава адной рукой друкуе “дзёньнікі”, а другой прымушае запаўняць іх  “на “правильном” языке”.

Бацька сямейства,  калі ўжо прафесар, – няважна, што медыцыны, усё роўна доктар навук, а значыць, сістэмнік, – выкладае менавіта сістэмнае бачаньне сітуацыі. “Па-першае, важна, каб было забясьпечанае выкладаньне па-беларуску ва ўніверсітэтах. У нас да сёньняшняга дня няма свайго нацыянальнага, беларускага па форме і духу ўніверсітэта! Без гэтага мы не адбудземся як народ, і з намі ня будуць лічыцца ў сьвеце. Бо ж і палякі, і расейцы, і немцы, і французы, – каго ні вазьмі, яны у-у-у якія нацыяналісты! Прыедзь у Варшаву, у Маскву, у Берлін або Парыж – яны ж па-польску, па-расейску, па-нямецку, па-французску гавораць. І – паспрабуй толькі заікніся пра “скасаваць універсітэты з нацыянальнай мовай навучаньня”. Што будзе? А ў нас усё ківаюць на кагосьці ды на штосьці. Ды няма ў сьвеце народа, які на сваёй зямлі быў бы так зьнішчаемы, –  збольшага, сваімі суседзямі, –  як беларусы. І калі ўжо выпаў нам мірны час і шанец аднавіцца як нацыі, дык без эліты зрабіць гэта немагчыма. А іншай магчымасьці падрыхтаваць нацыянальную эліту, як у нацыянальных універсітэтах, не існуе ні ў аднаго народа ў сьвеце. Адпаведна, няма яе і ў нас”.

Па-другое, націскае навуковец, трэба нармалізаваць тэлетрансьляцыю. “Тэлебачаньне не павінна быць маніпулятыўным. На ўсёй тэрыторыі Беларусі ажыцьцяўляецца прыём дзясяткаў расейскіх каналаў. У той жа час, беларускія каналы нельга прымаць нават на нашых этнічных тэрыторыях – на поўдні Пскоўшчыны, на  Смаленшчыне, на палове Браншчыны. Не кажу пра ўсю тэрыторыю Расейскай Федэрацыі, дзе акрамя расейцаў, якія цікавяцца нашай культурай, шмат папросту беларусаў – будзь тое нашчадкі высланых або тыя, хто часова зьехаў з краіны. Тэлебачаньне сёньня гэта наймагутнейшы сродак або кансалідацыі народа, або яго раз’яднаньня – чаго заўгодна. Таму цяперашняя моўная сітуацыя ў Беларусі вядзе да гіганцкіх перакосаў  у самасьвядомасьці насельніцтва. І яе трэба мяняць”.

2Посьпехамі дачкі і маці, і бацька вельмі задаволеныя.  Чаму не, калі ў дзёньніку пераважна  выдатныя адзнакі (гл. фота; беларускі дзёньнік).

Юрыст Ігар Кузьмініч кажа пра вучобу свайго сына: “Паводле водгукаў майго Мікіты і пасьля размоў з педагогамі наша сям’я задаволена цяперашнім станам спраў.  Гэта каштавала нам у верасьні цяжкай барацьбы. Але мы адно толькі рэалізавалі сваё права! Яго цяжка было б ажыцьцявіць, калі б мы сем гадоў таму не пачалі змагацца за беларускую групу ў садку, за першы ў горадзе беларускі клас. Каб нам ужо зусім шчасьлівымі быць: вось, каб у гімназіі быў цалкам беларускі клас або класы! Каб па-беларуску выкладаліся ўсе прадметы! Каб было тут больш па-сапраўднаму беларускай атмасферы, камунікацыі, сацыяльных сувязяў!”.

Надзяліў спадар Кузьмініч і “хлебам журналістыкі” – статыстыкай. “Сёньня ў горадзе дзьве беларускамоўныя групы ў садках”.

У гімназіі №10 былі суперасьцярожныя ў ацэнках. Намесьнік дырэктара Тамара Пятроўна Арлова  пагадзілася: “Так, маюць права. Як мы ставімся? Паступіла распараджэньне ад Сяргея Васільевіча Ламекі, начальніка гарадскога аддзела адукацыі, турызму і культуры. Мы і выканалі”. Са словаў спадарыні Арловай, настаўнікі гімназіі вядуць выкладаньне па-беларуску на належным узроўні. “Тыя, хто выкладае на беларускай мове, самі ў беларускамоўных школах  вучыліся”.

Я пахваліў парадак у прыбіральнях, калідорах гімназіі, добрую мэблю, культурныя паводзіны навучэнцаў (насамрэч запомнілася), а далей спытаў пра міжасабовыя стасункі ў класе, дзе навучаюцца беларускамоўныя дзеці. “Стасункі нармальныя”. “А можна зрабіць фота?” “Фатаграфаваньне толькі з дазволу бацькоў”. А давайце, кажу, па тэлефону спытаем таго дазволу, за мой кошт.  Чую – тэлефануе адсутная на той час (на нарадзе была) дырэктарка. Размова пра мой візіт. Далей адбылася тэлефонная кансультацыя ў аддзеле адукацыі гарвыканкама і карэкцыя пазіцыі па фатаграфаваньні. “Толькі ў прысутнасьці бацькоў”. “Што ж, мабыць, рэзонна,” – пагаджаюся. – “Але сьпяшаюся сёньня. Самі бацькі сфатаграфуюць і дашлюць. Або ў наступны прыезд”.

Праз два тыдні прыехаў у Гародню дзеля прэзентацыі сваіх кніг пра гарадскія падзямельлі і пра падарожжа Гайнрыха Гайнэ па нашых гарадах. Завярнуў і ў гімназію на пл. Тызенгаўза, каб запоўніць фоталакуны. Дырэктар Алена Зінчук была на месцы. Фатаграфаваць у гімназіі раптам апынулася цалкам пад забаронай, нягледзячы на тое, што я акуратна забясьпечыў прысутнасьць бацькоўскай часткі. “Не я Вам мінулым разам казала пра ўмовы, пры выкананьні якіх гэта можа быць, а дырэктарам тут я”.  Не дык не. “Пойдзем на вуліцу, на ганачку, пад шыльдай…” (гл. фота ў пачатку артыкула).  Выйшлі ў калідор – а там аператар з камерай на штатыве. Здымае ваўсю.  “Хто гэта?” – пытаю ў дзяжурнай. “З тэлебачаньня. Дзяржаўнае, нашы, гарадскія”. Ага, атрымліваецца, што я “не наш”…

 

Баранавічы: пад пятою “русского мира”?

У Баранавічах сёлета дзьве сям’і выказалі жаданьне, каб іх дзеці ў гімназіі навучаліся на беларускай мове. Ядзьвіга Малашчанка пайшла ў 5-ы клас гімназіі №4 з беларускамоўнага класа. “Натуральна, дырэктар гімназіі летам выказаў меркаваньне, што мы і надалей захочам, каб Яся вучылася на беларускай мове.  І адразу папярэдзіў, што ня зможа забясьпечыць – няма фінансаў”, – распавяла Таццяна Малашчанка, маці дзяўчынкі. Зь яе словаў, на прыёме ў аддзеле адукацыі гарвыканкама ім паабяцалі: “Што-небудзь зробім”.  У жніўні вынікаў не было. Зноў размова. “Паспрабуем. Пагатоў, што ёсьць прэцэдэнт у Гародні”. Але поступу так і не адбылося. На заявы прыйшлі адмовы. Далейшая перапіска апынулася пустапарожняй (гл. фота; адзін з адмоўных адказаў баранавіцкім бацькам).

3“Мы не адчуваем варожасьці чыноўнікаў – іх пазіцыя іншая. Яна зводзіцца да формулы “Прагнуліся мы, прагніцеся і вы”, – мяркуе мама Ясі Малашчанкі.

Цікаўлюся матывацыяй актывізму. Малашчанка-старэйшая тлумачыць: “Я наргас закончыла, але давялося мне па месцы вайсковай службы мужа ў Расеі папрацаваць у бібліятэцы. Там шмат чытала. “Нашу Ніву”, найперш. Караткевіча. Потым, карані ў мяне тутэйшыя моцныя. Дзявочае прозьвішча Гучок. А вось муж украінец. Праўда, тут доўга пражыў. Пасьля таго, як зноў вярнуліся сюды, сказаў: “Калі ўжо няма ўкраінскай школы, то няхай будзе беларуская”.

З вышыні свайго досьведу спадарыня Малашчанка сьведчыць: “ У Расеі наглядзеліся мы… Таму, ну, зусім незразумела, што гэта людзі  сабе за ілюзіі выбудоўваюць, фантомы, цягнучыся да расейшчыны. А цяпер дык мы і наогул пачуваемся пад пятой “русского мира”.

 

Bialystok, Gimnasjum nr.7

Адукацыйныя персьпектывы беларусаў Польшчы  лепш за ўсё разглядаць у Беластоку, цэнтры Падляшскага ваяводства. Гэта самы буйны горад беларускай этнічнай тэрыторыі, адарванай Сталіным у 1944 годзе і адданай пад Польшчу. Тады ён сыходзіў зь нейкіх геапалітычных меркаваньняў (магчыма, каб пачаць вызваленчы паход, калі Польшча паспрабуе адчапіцца ад цягніка “камуністычнага шчасьця”) [Сталін Сталіным, але ж палякі чужое ўзяць не адмовіліся…; таму ня толькі Сталін вінаваты. — Рэд.].

Тут беларусам было захавацца нялёгка. Але… па-мойму, не цяжэй, чым пад таталітарным Саюзам. Ёсьць тут і беларускія газеты, і грамадскія арганізацыі, і школы.

Я некалькі разоў бываў на культурных акцыях, якія ладзіліся АББА – “АБ’яднаньнем БАцькоў,  улюбёных у беларушчыну”. У іх з 2012 года сваё даволі ўтульнае памяшканьне ў адной з пачатковых школ. На сайце інфармацыя, пададзеная ў дынаміцы: калі ў 1995 годзе не было ні беларускіх садкоў, ні школ, то на сёньня ў Беластоку на беларускай мове вучацца 250 школьнікаў. Большасьць зь іх у пачатковай школе.  Каб дасьледаваць прасунуты ўзровень, мне давялося наведаць гімназію №7 у цэнтры горада.

 4

 

Намесьнік дырэктара Малгажата Сокал паказала кабінет беларусістыкі. На падваконьнях рамесныя вырабы, па кутках пралкі, традыцыйныя прылады, на сьценах вышыванкі, фота. На фотакартках вучні (гл. фота; беларускі клас у гімназіі №7 Беластоку; навучэнкі-беларускі на спаборніцтвах па валейболе).

5“У другім і трэцім класе вывучаюць некаторыя прадметы адпаведна 5 і 6 навучэнцаў”, – сказала спадарыня Сокал. – “Агульная колькасьць вучняў у класе 25 – 30. Агулам у гімназіі іх 426. Пасьля гімназіі тыя, хто вучыўся на беларускай мове, могуць паступаць ва ўніверсітэты. Беларусістыка ёсьць у Варшаўскім і Беластоцкім універсітэтах. Мы стараемся, каб законныя адукацыйныя пажаданьні беларускай дыяспары няўхільна выконваліся”.

Ці можна фатаграфаваць? “Чэму не”, – зьдзівілася пані Сокал. Але сама, нягледзячы на мае цалкам слушныя сцьверджаньні, што “пані выглёнда пенкно”,  і што “потшэбуе пані керувнічку на здэньці для йэго хармоніі”, упрыгожыць сабой фота адмовілася. І вучняў белкласа абараніла ад мяне ўмовай. “Патрэбен дазвол бацькоў”.

 

Брэст: вытанчаная дыскрымінацыя?

У Берасьці (Брэсце) паводле стану на сёньня некалькі сем’яў дабіліся выкладаньня іх дзецям на беларускай мове ў школе №34. Са словаў Уладзіміра Вялічкіна, бацькі аднаго з вучняў, якісьці дыялог з дырэкцыяй адбываецца. І шмат што ў іх атрымалася — у прыватнасьці, супольныя паездкі ў Польшчу, па Беларусі. Але сталым і вострым ёсьць кадравае пытаньне. І натуральна, хвалюе персьпектыва больш якаснага, чым масавая школа, навучаньня на гімназічна-ліцэйскім узроўні. Дакладней, поўная  адсутнасьць гэтага ўзроўню.

А між тым, так было не заўсёды. На фотападборцы з 1990-х гадоў вучні нядзельнай формы навучаньня зь ліцэйскай праграмай пры Берасьцейскай філіі Беларускага гуманітарнага адукацыйна-культурнага Цэнтра (гл. фота ніжэй; навучэнцы ліцэя пры Берасьцейскай філіі БГАКЦ, 1992 г.; заліковая ведамасьць беларускага нядзельнага ліцэя ў Брэсьце).

6 

Мне давялося выконваць абавязкі яе дырэктара, – некалькі гадоў, зь перапынкамі,  і да яго закрыцьця ў 2007 годзе. Нягледзячы на афіцыйны дзяржаўны статус, нам ужо неўзабаве пасьля адкрыцьця ўрэзалі, а потым і наогул адмянілі фінансаваньне з цэнтральнага бюджэту, а зь мясцовага грошы далі адзін раз, невялікую суму. Зьбіралі з бацькоў, спрабавалі скааперавацца з педінстытутам, выжыць у розных школах, дабіваліся вылучэньня будынка, арэнды хаця б…

Ключавая, як цяпер разумею, размова адбылася нарэшце на прыёме ў Міхаіла Куіша, на той час намесьніка старшыні гарвыканкама, а пазьней шматгадовага члена Савета Рэспублікі Нацыянальнага Сходу. Справа была вясной. Мой двухмятровы суразмоўца  сказаў, што баіцца – калі ўвосень адкрыем беларускі ліцэй, туды не пададуць заяваў. Я паказаў вынікі анкетаваньня, праведзенага з нашай просьбы сацыялагічнай службай універсітэту сярод бацькоў у некалькіх брэсцкіх школах, у тым ліку і ў той, дзе мелі клас з ліцэйскай праграмай. Прапаноўвалася вызначыцца  зь беларускамоўнай адукацыяй. У самым дрэнным выпадку (поўная неінфармаванасьць) не былі супраць большасьць бацькоў. А ў лепшым выпадку “за” былі сто адсоткаў. Але на гэта мой суразмоўца, ужо з прыкрасьцю і націскаючы, паўтарыў сваю фразу пра боязь і ўстаў, даючы зразумець, што аўдыенцыя закончаная. Праважаючы, дакладней, справаджваючы мяне,  у спіну прагаварыў ключавую формулу, на якой, баюся цяпер ужо я, базуецца так званы “русский мир”: “Полякам не дали развернуться, И ВАМ НЕ ДАДИМ”. 

Дарэчы, зусім не зьдзіўляюся цяпер, калі згадваю сьпецыфічную рамку, у якой пабачыў М. Куіша аднойчы летам пазьней. Афіцыйна ўскладвалі кьветкі да помніка савецкім памежнікам на пляцы Свабоды. У канцы калоны рухаліся некалькі мужчын у нейкай паўваеннай форме. Побач ішоў былы ўжо на той час чыноўнік. Нейкае абмеркаваньне атрымалася, і апынулася, што мужчыны гэта “беларускія казакі”.  Да гэтай прыдуманай, як сцьвярджаюць некаторыя знаўцы гісторыі, групы залічыў сябе вербальна і спадар Куіш.

Так што куды нам, земляробам лапатным. “Есть сторож у крыльца…!”

Выглядае на тое, што многія з гэтых старажоў самапакліканыя. Надта ўжо зручна вырашаць пытаньні кадравага росту, надзяліўшы сам сябе функцыяй запору. Зручна і, як лічаць такія самаўпаўнаважаныя, бясьпечна.

Але гісторыя заходнебеларускага рэгіёну поўніцца прыкладамі шмат больш высокай пробы. Такія даволі нечакана адкрыліся і мне – у 1990-х гадах, пасьля паслабленьня таталітарызму.

 

Вільня. Фатаграфія з гісторыяй

Бацька мне і раней з гонарам цьвердзіў, што мой дзед яго ў свой час “завёў за руку, пешшу, за 300 кіламетраў у Вільню, каб вучыцца ў Віленскай беларускай гімназіі”. Прычым, “мог бы аддаць і побач у польскую гімназію, у Поразава або ў Пружаны, але не схацеў: там ставілі ўмову, каб запісаў сына палякам[каторы раз ужо за беларуска-літвінскую гісторыю ўсплывае гэтая “карта паляка”?… – Рэд.]. Пра гэтую не супадаючую зь існымі стэрэатыпамі нацыянальную беларускую няўломнасьць пачаў бацька яшчэ ў савецкі час пісаць раман. Ды так і ня скончыў.

7Пасьпела ўвайсьці ў яго больш раньняя сямейная гісторыя. У 1926 ці 1927 годзе палякі ў першы раз праверылі на моц майго слаўнага, атрымліваецца, дзеда Язэпа. Быў ён справаводам у канцылярыі  Варшаўскага ўніверсітэту (гл. фота; Язэп Бяласік, справавод Варшаўскага ўніверсітэта). Калі пачалася так званая санацыя, яму была пастаўленая стандартная ўмова:  або запісваешся палякам, або… ”до выйсьця без повроту”.  Дзед перад работай, жыцьцём у сталіцы, іншымі матэрыяльнымі радасьцямі аддаў перавагу… застацца беларусам. Вярнуўся на малую радзіму каля мястэчка Лыскава. Арандаваў і зямлю, і жыльлё, жыў бедна і цяжка. Але сабой не паступіўся. Адтуль і завёў майго бацьку ў Вільню.

Потым, калі лягчэй стала дыхаць, паказаў мне бацька фатаграфіі зь Віленскай гімназіі. Гімназісты, у форме, на роварах, спаборнічаюць, хто праедзе павольней за ўсіх. Ён у тэатральнай студыі, на аўтамабілі-дэкарацыі. Сцэна са сьпектакля. А вось гэтая групавая, з вусатым дырэктарам. На ёй верх абрэзаны. “Там быў нацыянальны герб Пагоня. За яго пры Сталіне…”.  Яго клас, ён на пярэдняй парце,  ззаду класа стаіць настаўнік фізікі Барыс Кіт  (пазьней адна з ключавых асобаў амерыканскай касьмічнай праграмы Я.Б.)

Фота: “YI-ы клас Віленскай беларускай гімназіі з Барысам Кітам”; з архіва Я.Бяласіна)

8 

Для бацькі віленскі гімназічны дыплом сапраўды стаў у жыцьці пуцяводнай зоркай. Пасьля гімназіі ён ведаў чатыры замежныя мовы – дзьве класічныя мёртвыя і дзьве жывыя. Перад прыходам Саветаў настаўнічаў. У часе акупацыі, калі партызаны застрэлілі каля вёскі нямецкага салдата, ён, ідучы ў калоне закладнікаў, пераканаў нямецкага афіцэра, што вядуць на расстрэл да ямы ў лесе невінаватых. Усіх 150 чалавек адпусьцілі. У 1944 годзе  быў мабілізаваны, ваяваў у выведцы як салдат і перакладчык. У мірны час быў адным з лепшых настаўнікаў нямецкай мовы (калі сыходзіць з працэнта паступленьняў вучняў). 

І ўсё гэта не пасьля інстытута, не пасьля ўніверсітэта – пасьля Віленскай беларускай гімназіі.

 

Падвядзем вынік

Відавочна, што цяпер мы ў Беларусі ў пытаньні адукацыі на нацыянальнай мове горш стаім, чым у панскай і няпанскай Польшчы. Нават як дыяспары беларусам у Польшчы даводзіцца прасьцей! Арыфметыка гэта навука дакладная. У нашых абласных і проста вялікіх гарадах калі і вучацца сапраўды па-беларуску, без сітуацыі “для птушачкі”, то АДЗІНКІ. Дзясяткі гімназій і ліцэяў у сталіцы, абласных і раённых гарадах працуюць на расейскай (рускай) мове і ня могуць забясьпечыць пераемнасьць тым малакамплектным беларускім школкам, якія яшчэ ёсьць у глыбінцы. Адмазачная фраза пра выбар бацькоў не вытрымлівае крытыкі. Маем перад сабой тыповую карціну ўсьмярочваньня этнасу — ЭТНАЦЫДУ. 

Гэта ня толькі маё ўспрыманьне. У 1990-х гадах адзін з брэсцкіх школьных дырэктараў, фізік з адукацыі, а значыць, чалавек, схільны да дакладнасьці, так вызначыў ужо  бачнае на тады падзеньне колькасьці беларускамоўных школ з больш чым 70 адсоткаў да нуля: “Я пакінуў бы адну беларускую школу на мікрараён, а на горад арганізаваў бы адну-дзьве беларускія гімназіі  або ліцэй. І – вырашана пытаньне. Нікому ня крыўдна, як кажуць. А там – час паказаў бы”.

Мудрыя словы.  Цяпер вось час паказаў тое, што ня мог не паказаць  – уляпаліся мы ў чарговы абсурд. Адзінае, што не з уласнай волі…

 

 

Каментары (3)

  1. Вельмі цікавы артыкул, хацелася б абмеркаваць яго на форумнай супольнасці

  2. Павел Біч:

    Сп. Баласін, а што будзе калі вы прачытаеце мой артыкул на сайце “Мы-нацыя” і заадно запытаеце у сп. Асчтроўскага чаму ён такія артыкулы не выстаўляе на сваім сайце? Мы ім ў шмат ў чым разыходзімся, але ж здаецца тут за Адное. Хопіць плакаць і біцца галавой аб стенку. Пара ужо шукаць прычыны, і менавіта ў недахопах нас, не свальваючы на ворагаў. Чамусьці гэтые ворагі не задушылі культуры кіргізай, таджыкаў і т.д. Я прытрімліваюся тлумачэнняў Кацярыны Вялікай. Разумная была баба. разумней усіх нашых філосафаў, сацыёлагаў і культуролагаў разам узятых.

  3. Павел Біч:

    Пара ужо вызначацца — ці мы рускіе, ці нерускіе. Людзі вельмі не любяць невызначаных, неакрэсліных асоб. На вайне іх савуць здраднікамі і адразу знішчаюць, ў адрозненне ад адкрытых воргаў якіх бяруць ў палон, а потым адпускаюць да дому. З назвай беларусы, мы народ невызначанай, неакрэсліная свядомасці І таму нас усе ненавідзяць — і палякі і балты і украінцы і рускіе. Мне запомнілася фраза якую сказалі аднойчы ў гарадзенскай школе пра аднаго вучня ў класе — ён у нас паляк таму што адзін размаўляе на беларускай мове. Раю задумацца. Баюся, што калі маразм з невызначаннасцью нашага народа зацягнецца яшчэ на гадоў 10, пачнецца развал яго на часткі — на палякаў, рускіх (па назве (афіцыйна) іх будуць менаваць беларусамі) і украінцаў. Дарэчы, гэта ў інтарэсах усіх нашых суседзяў — пажывіцца за кошт суседа. Дастаткова толькі аслабнуць Расеі і набрацца моцы Украіне.

Пакінуць каментар

*

  • Старонкі

  • Рубрыкі

  • Апошнія запісы

  • Архівы