nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Нашая вайна

12 мая, 2015 | 3 каментарыя

Мурашка 3

Паважаныя суайчыньнікі! Хачу нагадаць вам, што ва Ўкраіне ўжо другі год украінскі народ змагаецца з расейскімі акупантамі й прарасейскімі тэрарыстамі-калабарантамі за сваю незалежнасьць, годнасьць, непадзельнасьць. Сёньня там гінуць як мірныя ўкраінскія жыхары ў сваіх дамах, так і маладыя хлопцы ў акопах. На баку акупантаў найноўшае ўзбраеньне, а таксама цынізм, агрэсія, сквапнасьць да чужога дабра і чужой зямлі. Украінскія ж нацынальныя сілы бароняць заваёвы і прынцыпы Рэвалюцыі годнасьці. Як і на Майдане, на пярэднім краі насьмерць стаяць добраахвотніцкія батальёны, у якіх поруч з украінцамі змагаюцца прадстаўнікі іншых народаў.

 

На пачатку вайны ўвесь цывілізаваны сьвет ускалыхнуўся, зьявілася міжнародная салідарнасьць. Сьвет прызнаў неад’емнае права ўкраінцаў весьці абарончую вайну супраць расейскай навалы. Пайшла пэўная дапамога з боку ЗША і Еўропы. Але апошнім часам усё мацней чутна голас тых, хто лічыць эканамічныя страты важней за страты чалавечыя – знаёмыя ноткі часоў Другой сусьветнай вайны. Лідары ЗША і Еўропы пачалі казаць у адзін голас, што вайсковы варыянт спыненьня вайны непрыймальны. У Менску пад патранатам «апошняга дыктатара Еўропы» пачаліся нейкія незразумелыя «мірныя перамовы», ідзе зацягваньне часу. Расея ж, карыстаючыся «спыненьнем» агню, працягвае нарошчваць сваю вайсковую прысутнасьць на чужой зямлі, насычае тэрарыстаў-калабарантаў зброяй. На вайну супраць «укропаў» едуць буратскія «шахтары» ды чачэнскія «трактарысты».

У той жа час добраахвотніцкія батальёны, якія першымі прынялі на сябе ўдар расейскіх акупантаў, не атрымоўваюць адэкватнай дапамогі з боку міністэрства абароны і МУС Украіны (толькі дзякуючы гераічным высілкам украінскіх валанцёраў і неабыякавым людзям замежжа гэтыя героі маюць магчымасьць даваць паўнавартасны адказ захопнікам). Адсутнасьць узаемадзеяньня і каардынацыі паміж вайсковымі ведамствамі, недахоп узбраеньня, амуніцыі, харчаваньня, а часам і здрада, вядуць да дадатковых страт лепшых сыноў Украіны. Яны не давучыліся, не далюбілі, не пабудавалі дом, не нарадзілі дзяцей, не дажылі…

На маё меркаваньне, новая ўлада ў Кіеве, мякка кажучы, не зусім адэкватна ўспрымае існуючую небясьпеку, калі ідзе на перамовы па мірным урэгуляваньні з тэрарыстамі. З бандытамі не пасуе міралюбны тон, забойцы разумеюць толькі сілу.

Шмат хто з беларусаў на Бацькаўшчыне і ў замежжы памылкова лічыць, што вайна ва Ўкраіне – гэта ня наша вайна. Маўляў, на нас не сыплецца «Град», не руйнуюцца нашы дамы, не выбухаюць пад нагамі міны. Памыляецеся, вайна ўжо на нашай Бацькаўшчыне, яна ўжо ў нашых дамах і сем’ях. Бо ў Беларусі вольна шастаюць зграі пуцінскіх «начных ваўкоў», нейкія  прарасескія «казакі» вучаць «патрыятызму» беларускіх падлеткаў, на парадзе у Менску расейская вайсковая тэхніка руйнуе беларускія вуліцы, у гарадах ідзе адкрыты гандаль георгіеўскімі стужкамі. Але самае страшнае, што вайна ва Ўкраіне падзяліла нас на «сваіх» і «чужых» – пасварыліся суседзі, сталі ворагамі былыя сябры, пайшоў раздрай у многіх сем’ях.

У такой сітуацыі часта няма сэнсу кагосьці ў нечым пераконваць. Проста расстаўлю акцэнты. Па-першае, расейскаму агрэсару ў такіх умовах дастаткова невялікіх высілкаў для акупацыі Беларусі. Па-другое, сёньня ўжо ўсім відавочна: Майдан перамог таму, што на ім былі нацыянальна сьвядомыя, патрыятычныя ўкраінцы, а Крым з Данеччынай  сталі праблемнымі ўкраінскімі тэрыторыямі толькі таму, што тут сьвядомых украінцаў было недастаткова! Вось яно – значэньне нацыяльнага чыньніка ў глабальнай палітыцы!

І беларусам сёньня ўжо таксама недастаткова толькі змагацца за захаваньне нашай культуры, мовы, гістарычнай памяці, сімвалаў. Дый малаколькаснымі вулічнымі акцыямі расейскую агрэсію не спыніць. Сёньня нам – беларусам – трэба яшчэ і мець адказнасьць за тую зямлю, якая нас нарадзіла. Гаворка пра ўсіх нас, дзе б мы сёньня ні жылі – у Амерыцы, Канадзе, Еўропе, Аўстраліі.

Мурашка 2 Тыя беларусы, якія са зброяй у руках бароняць незалежнасьць украінскага народу, цудоўна ўсьведамляюць, што калі Расея захопіць Украіну, ці хаця б яе значную частку, наступнай будзе Беларусь, а затым й іншыя краіны былога соцлагеру. Таму там – ва Ўкраінесёньня наша Брэстцкая цытадэль. Таму мы мусім дапамагаць нашаму братняму народу.

Прывяду словы былога лукашэнкаўскага палітвязьня, які ваюе ў зоне АТА ў батальёне ОУН, Васіля Парфянкова: “Проста хацеў бы … пажадаць беларусам, каб яны ўсё ж такі пачалі і сябе адчуваць народам. Час ужо мяняць нешта і ў нашай краіне. Вядома, не хацелася б, каб гэта адбывалася, як адбываецца ва Ўкраіне – праз вайну, з крывёй і ахвярамі. І хачу сказаць беларусам, каб яны не баяліся адстойваць свае правы. Сваё права быць адзіным народам…(http://www.svaboda.org/content/article/26997885.html).

Сябры Зьвязу Беларусаў Нямеччыны пачалі канкрэтную працу па дапамозе беларусам, якія змагаюцца разам з украінцамі ў зоне АТА. Яны шукаюць і набываюць патрыманыя аўта, самі рамантуюць і адпраўляюць ва Ўкраіну. Акрамя гэтага дасылаюць адзеньне, сродкі індывідуальнай абароны ды іншае. Больш інфармацыі можна атрымаць тут: http://www.belaruspartisan.org/life/299405/

І яшчэ. Нядаўна створаны і зарэгістраваны  інтэрнацыянальны Дабрачынны Фонд “Велес”, які скіраваны на дапамогу разьвіцьця дэмакратыі ў краінах Усходняй Еўропы.  На яго чале сталі беларус В. Арцёменка, украінец М. Паляшчук, немец K. Берндхард (Bernhard).

На сёньнешні дзень амаль усе высілкі Фонду скіраваны на дапамогу Ўкраіне. Згодна інфармацыі ад кіраўніцтва Фонда, у зоне баявых дзеяньняў адчуваецца вострая неабходнасьць у наступным:

  • Каскі, бронекамізэлькі ды ншыя сродкі індывідуальнай абароны;
  • Вопратка вайсковая, спальнікі, палаткі, плашчнакідкі, сродкі індывідуальнай гігіены;
  • Медычныя бінты, вата, медычныя ложкі ды іншыя медычныя сродкі;
  • Транспартныя сродкі (любыя);
  • Прыборы начнога бачаньня, цеплавізары;
  • Электрагенератары, бензапілы, розныя электрычныя інструменты;
  • Вопратка цывільная (у асноўным мужчынская);
  • Сродкі сувязі (рацыі, кампутары, мабільная сувязь);
  • Запчасткі для тэхнікі, браніраванае шкло;
  • Грашовыя ахвяраваньні;
  • Валанцёры.

Ня бачу вялікага сэнсу далей агітаваць – усім прыстойным людзям і так ужо ўсё даўно зразумела. Для тых жа, хто вырашыў для сябе  прыняць пасільны ўдзел у высокароднай справе, падаем банкаўскі рахунак:

Weles e.V. Apianstr 13  84034 Landshut

Sparkasse Landshut, BIC: BYLADEM1LAH, IBAN: DE77 7435 0000 0020 6150 19

Суайчыньнікі. Кожны ваш пасільны ўнёсак паспрыяе спыненьню вайны ва Ўкраіне, можа захаваць камусьці з маладых герояў здароўе, а то і жыцьцё. Акрамя таго, там у вайне супраць расейскай навалы нараджаецца ядро беларускай Нацыянальнай гвардыі. Яе вайсковы досьвед яшчэ можа спатрэбіцца і нашай Бацькаўшчыне.

Тым, хто прыме ўдзел у дапамозе  Фонду, будуць давацца справаздачы аб расходваньні сродкаў.

Гэты Зварот быў дасланы беларусам замежжа і ня толькі… Пазьней мы паінфармуем як пра тых (зь іх, безумоўна, згоды), хто падтрымаў  гэту сьвятую справу, так і пра тых, хто яе праігнараваў (але паінфармуем пра апошніх ужо з нашай ініцыятывы).

Лістуйце нам на паштовую скрыню – zbn42@mail.ru

 

З павагай,

Старшыня  Зьвязу Беларусаў Нямечыны

Яўген Мурашка

11.05.2015 г.

 

3 каментарыя

  1. Павел Біч кажа:

    Калі хочаце зразумець што адбываецца ў палітыцы, глядзіце на яе вачыма вайны – раіў вядомы сучасны філосаў М. Фуко. Так калі паглядзець так на вашую ініцыятыву, то атрымаецца што вы стрелілі ў бок ворага, з надзеяй… Але вы не зауважылі што вакол вас натоўп беларусаў якіе накіравалі свае стрельбы ў бок Украіны, і што самае цікавае такіх пасля пачатку вайны ва Украіне не толькі не паменьшылася, але нават павелічылася. Чаму так? Згадзіцеся, што мы усе чакалі што вайна ва Укаріне аткрые беларусам вочы, яны напалохаюцца і пачнуць думаць аб незалежнасці сваёй краіны. Мой адказ, думаю вам вядомы. Яго выказала Кацярына 2-я, – пасля перайменавання літвінаў ў беларусаў, мы іх на века прывяжам да Расеі. Разумная была баба – не толькі павелічыла памеры Расеі, не толькі ліставалася з Вальтэрам, але і апошняга караля РП зрабіла сваіх каханкам. Перайменавання захопленых народаў даволі распаўсюджаная справа у свеце; але пасля здобычы незалежнасці звычайна народы вяртаюцца да сваіх прадвечных, старых назваў. Таму я раблю выснову, што ніякой незалежнасці у нас няма. мы як былі калоніяй Расеі, так ёй і засталіся. Калі б Вы сп. Мурашка дасягнулі каб немцы першымі сталі называць нас не апошняй Дыктатурай, а апошняй Калоніяй, і адпаведна -Лукашенку не апошнім дыктатарам, а вялікім акторам – вы б зрабілі добрую справу.

  2. Яўген Мурашка кажа:

    Кіраўніцтва Фонду, прыняла рашэньне, ажыцьцяўляць фінансавую дапамогу беларускім навукоўцам і выкладчыкам, якіх рэжым звольніў з працы па палітычных матывах.

    • Алесь Астроўскі кажа:

      Вельмі прыемная навіна.
      Ад імя ўсіх такіх выкладчыкаў, вялікі дзякуй!

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы