nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Балта-Чарнаморская вось як геапалітычная персьпектыва Ўкраіны

1 жніўня, 2015 | 2 каментарыя

БЧС 2Важнымі для нас – беларускіх зьмястоўных дэмакратаў – зьяўляюцца ўяўленьні прадстаўнікоў Правага сектару (хаця б яго кіраўніцтва ці ідэолагаў) ня толькі пра супрацьстаяньне з расейскай імперыякратыяй і яе служкамі – расейскімі імперыялістамі, а і пра будучыню іх дачыненьняў зь іншымі народамі. Нам у рэдакцыі вядома, што многія прадстаўнікі Правага сектару выдатна разумеюць неабходнасьць сістэмнага ўзаемадзеяньня з тымі, хто мае тыя ж праблемы з расейскім імперыялізмам (як і, дарэчы, з заходнім фінансавым), што і яны. Ідэя супрацоўніцтва прадстаўнікоў нацыянальна-патрыятычных сіл народаў, якія жывуць на балта-чарнаморскімі перашыйку Еўропы (у геаграфічным цэнтры Еўрапы) вылучана і вядома даўно. Гэта важная ідэя, і прадстаўні ПС яе падтрымоўваюць. У доказ гэтага падаем ніжэй артыкул Івана Птаха, які быў выстаўлены на сайце Правага сектару (гл. тут: http://pravyysektor.info/news/chogo-pragnemo/199/baltijskocornomorska-vis-yak-geopolitichna-perspektiva-ukrayini.html).

 

 

“З часу абвяшчэньня Ўкраінай незалежнасьці і сярод украінскай грамадскасьці, і сярод прадстаўнікоў улады можна было назіраць прыцягненьне ўвагі толькі да адной з дзьвюх персьпектыў: працяг знаходжаньня Ўкраіны ў сілавым полі маскоўскіх імпэрскіх інтарэсаў ці ўваходжаньня Ўкраіны ў еўраатлантычныя структуры. Напэўна адзіным пасьпяховым і маштабным праектам, які абыходзіў такую ​​нэакаланіяльную логіку, было стварэньне ГУАМу.

З моманту анэксіі Крыму і спробы анэксіі Данбасу першы варыянт “інтэграцыі Ўкраіны” [дзьвюкосьсі нашыя. – Рэд.] ўрэшце адпаў. Але і варыянт другі, улічваючы стаўленьне “Захаду” да агрэсіі “РФ”  [дзьвюкосьсі нашыя. – Рэд.] – бязьдзейнасьць НАТА і камічнае “выказваньне занепакоенасьці” лідэраў Еўразьвязу (ЕЗ) – выклікае ў грамадстве ўсё больш ськептыцызму. Зь цяперашнім станам эканомікі, абараназдольнасьці, энергетычнай бясьпекі і г.д. Брусэль і Вашынгтон Украінай займацца не зьбіраюцца, а тым больш прымаць у свае саюзы. Аджа, як з аднаго, так і з другога боку – Украіна мае справу з магутнейшымі за яе ў многіх асьпектах краінамі, якія выкарыстоўваюць свае фінансавыя і ваенныя перавагі, заўсёды дыктуюць выгадныя толькі для іх умовы, ставячы пад пагрозу існаваньне і разьвіцьцё нашай Радзімы. Аднак мы абавязаны выжыць у гэтым сьвеце!…

Рух “Правы сектар” лічыць, што цяперашні час патрабуе новых формаў міжнародных аб’яднаньняў, у тым ліку калектыўнай бясьпекі. Украіна павінна шукаць і ствараць годныя альтэрнатывы.

Наша геапалітычная стратэгія павінна будавацца на аснове абароны нацыянальных інтарэсаў ва ўсіх абласьцях і, асабліва, бясьпекі ды абараназдольнасьці, а не на служэньні чужым.

Лічым неабходным для Ўкраіны – зьяднаньня краін ў Балтыйска-Чарнаморскім рэгіёне ў адзіны блок вакол абароны ўласных нацыянальных “Я” кожнай зь дзяржаў [кожнага з народаў. – Рэд.]. Першапачаткова гаворка ідзе пра Прыбалтыку і Польшчу, а ў персьпектыве – пра абноўленую Беларусь, а таксама іншыя краіны Усходняй Еўропы [на справе, Цэнтральнай. – Рэд.], для якіх будзе цікавым такое аб’яднаньне.

У першай палове ХХ стагоддзя адзін зь ідэолагаў украінскага нацыяналізму Юры Ліпа распрацаваў геапалітычны праект “Чарнаморская дактрына“, дзе зьвярнуў увагу на важнасьць супрацоўніцтва з краінамі Чарнаморскага і Балтыйскага басейнаў, паказаўшы на важнасьць восі, якая пралягала з Поўначы на ​​Поўдзень – ад Скандынаўскіх ды Балтыйскіх краін да прычарнаморскіх. Яшчэ з часоў Кіеўскай Русі, якая знаходзілася на гандлёвым шляху “з варагаў у грэкі”, да сёньняшняга дня – гэтая ідэя актуальная.

Даны геапалітычны фармат свайго часу разглядалі дзеячы Літвы і Беларусі.

У наш час стварэньне данай восі зьяўляецца важным для дзяржаў, якія былі ў складзе СССР, каб захаваць сваю свабоду – у першую чаргу, ад агрэсіі РФ. Паказальны момант: сёньня сярод членаў ЕЗ – краіны Балта-Чарнаморскага рэгіёну (у прыватнасьці Літва, Эстонія, Латвія, Польшча) – займаюць выразна праўкраінскія пазіцыі, у адрозненьне ад той жа Нямеччыны ці Сербіі. Гэтыя краіны павінны разумець і неабходнасьць у паглыбленьні супрацоўніцтва з Украінай, а галоўнае – у стварэньні сумеснай мілітарнай сілы.

Украіна магла б згуляць у Балтыйска-Чарнаморскім рэгіёне галоўную ролю, зьяўляючыся дзяржавай з самай вялікай тэрыторыяй і насельніцтвам , а таксама шматлікімі рэсурсамі ды магчымасьцямі, якімі можна і трэба правільна распараджацца. Выгаднае разьмяшчэньне і нарошчваньне ўнутраных сілаў – усё гэта пацягне за сабой магчымасьць стварэньня моцнага цэнтру ўплыву.

Аджа, зьвяз Балта-Чарнаморскага рэгіёну – гэта альтэрнатыўнае аб’яднаньне намаганьняў з роўнымі сабе стратэгічнымі партнёрамі для ўпэўненага існаваньня і надзейнага супрацоўніцтва на ўзаемавыгадных умовах для абароны нацыянальных інтарэсаў ад замахаў агульных ворагаў і канкурэнтаў. Гэты геапалітычны кірунак і будзем адстойваць!

Але цалкам рэальнай даная стратэгія будзе толькі ў нацыянальнай Украінскай дзяржаве, за якую нацыяналістам яшчэ трэба пазмагацца”.

(канец цытаваньня артыкула)

Ад рэдакцыі:

Можа і ёсьць яшчэ якія-небудзь пытаньні, якія варта абгаварыць і ўзгадніць, але ўсё, што надрукавана ў гэтым артыкуле (асабліва выдзеленае намі тоўстым шрыфтам) – нібы бальзам на раны. Асабліва думкі спадара Птаха пра тое, што “мы абавязаны выжыць у гэтым сьвеце”, і што паданыя геапалітычныя развагі – гэта той кірунак, які Правы сектар будзе адстойваць.   

Хочам дадаць толькі пару заўваг з пазіцыі нашых беларускіх рэалій.

1. Нам, вядома, вельмі прыемна, што ва Ўкраіне зьявілася моцная грамадска-палітычная сіла, якая выпрацавала геа-палітычныя арыентыры, якія цалкам адпавядаюць таму, за што мы агітуем на сайце вось ужо 10-ы годы – ад свайго заснаваньня.  Увесь гэты час мы знаходзіліся ў ідэалагічным супрацьстаяньні з тымі, хто, таксама як і ўкраінцам, прапанаваў нам “простыя рашэньні” – стаць на пазіцыі ці расейскай імперыякратыі, ці заходняй фінансавай алігархіі. Маўляў, толькі такі “выбар” зьяўляецца “рацыянальным”, усё іншае – гэта “ідэалізм”, “рамантызм”, “ілюзіі” ды т.п. “утопіі, глупства”.

Як бачым, ідэолагі Правага сектару, грунтуючыся на сваім вялікім ПРАКТЫЧНЫМ ДОСЬВЕДЗЕ, залічаюць падобныя “парады” да праяваў нэакаланіяльнай логікі. Раім цяпер і гэтую іх пазіцыю ўлічваць у далейшых спробах крытыкаваць нас.

Карацей, дзякуй Праваму сектару і за супадзеньне поглядаў, і за ідэалагічную падтрымку для нас.

2. Але мы ў Беларусі такія, вядома, ня першыя. Да нас былі заснавальнікі Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” (просім ня блытаць з тымі рудыментарна-выродлівымі структурамі, якія ад яго застаюцца цяпер), якія яшчэ ў канцы “Перабудовы” заклікалі да стварэньня Балта-Чарнаморскай супольнасьці. Былі й яшчэ беларусы, хто і ў час Другой сусьветнай вайны, і нават 100 гадоў таму заклікаў да таго ж.

(Ва ўкраінцаў быў Юры Ліпа – адзін з галоўных аўтарытэтаў для сапраўдных украінцаў – які, як бачым, казаў тое ж. Калі пашукаць, знайшліся б яшчэ аўтарытэты нацыянальнага маштабу з тымі ж прапановамі і ва ўкраінцаў, і ня толькі ў іх).

А цяпер давайце зададзім сабе пытаньне: ну, і як мы – ідэйныя, грамадскія і палітычныя нашчадкі нашых славутых продкаў – іх паслухаліся. Мы ўжо аб’ядналіся ды скаардынаваліся? Мы хоць нешта ПРАКТЫЧНА зрабілі ў гэтым ключы? Мы хаця б адну прыстойную ідэалагічную канферэнцыю па гэтых пытаньнях разам правялі?

А, між тым, у нас столькі мірнага часу для гэтага было. Дзесяцігоддзі!…

Дык што, мы ўсе так і далей будзем пасьля кожнага чарговага гістарычнага ўрока, прыпададзенага той ці іншай імперскай сілай, усяго толькі зноў прыходзіць да тых жа высноў, якія дзесяцігоддзі таму былі відавочны нашым продкам? А далей, анікроку? Ці ўсё ж мы паспрабуем зрабіць хоць адзін рэальны крок у патрэбным, і цяпер ужо бачны ўсім, кірунку?…     

БЧС 3Паверце, нам – беларускім зьмястоўным дэмакратам – ёсьць што сказаць нашым украінскім, жамойцкім, латышскім, эстонскім, польскім ды ўсім іншым братам ды патэнцыйным пабрацімам, што можа быць каштоўным як для іх саміх, так і для іх народаў…

Пакуль жа сітуацыя выглядае ня так, як паказана на першай мапе ў пачатку гэтага матэрыяла, а так, як вы яе бачыце зьлева. Дый тое патэнцыйна…

 

2 каментарыя

  1. VladIv кажа:

    Вялікі дзякуй, спадарства! Вельмі красамоўныя малюнкі, якія амаль без тэксту паказваюць cутнасть цяперашнега часу! АБСАЛЮТНА ЗГОДЗЕН !

  2. siarhiej кажа:

    Вось сапраудны геапалiтычны накiрунак для Беларусi!

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы