nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Курапаты: гульня на костках працягваецца

7 жніўня, 2015 | 10 каментарыяў

Зьміцер Захарэвіч

Курапаты 1Верагодна, ужо амаль усім вядома, што на ўскрайку Менска ва ўрочышчы Курапаты ў 1930-я гады бальшавікі-камуністы рабілі масавыя расстрэлы цывільных беларускіх грамадзян. У сярэдзіне 2001 году прамаскоўскі рэжым Лукашэнкі наважыўся зьнішчыць тыя мясьціны, наўмысна пачаўшы пракладку празь іх Менскай кальцавой дарогі. У адказ на гэтую сатанісцкую акцыю 24.08.2001 г. пачалася беспрэцэдэнтная варта ў Курапатах супраць разбурэньня Нацыянальнага некропаля. Беларуская Партыя Свабоды адыгрывала вядучую ролю ў Курапацкім чыне. Тады праз арышты, ціск на працы і па месцы навучаньня, праз спробы АМАПу гвалтоўнымі дзеяньнямі зьнішчыць варту і нават праз спальваньне намёту, у якім жылі валантэры, прайшлі дзясяткі сябраў БПС (цяжка  сумнявацца, што ўсё гэта рабілася бязь ведама Лу-кі). Але, нягледзячы на ўсё ўзгаданае і шмат чаго іншага, Курапацкая варта цягнулася больш за 9 месяцаў і дагэтуль зьяўляецца АДЗІНАЙ перамогай апазіцыі над рэжымам − траса была часткова аднесеная ў бок ад першапачатковага плану яе пракладкі.

 

Абарона Курапатаў скончылася 03.06.2002 г. мітынгам і выхадам блізу 50 сябраў БПС з партыйнымі й нацыянальнымі сьцягамі на плошчу Незалежнасьці.

 Курапаты 2

 

Курапаты 4

 

Але НЯ СКОНЧЫЎСЯ ЗЬДЗЕК ЦЯПЕРАШНІХ УЛАДАЎ з памяці бязьвінных ахвяраў…

Як вядома, пазаўчора, 4 жніўня, на сустрэчы з журналістамі радыё “Свабода”, Еўрарадыё і парталу Tut.by Аляксандр Лукашэнка выказаўся так:

“У Курапатах я бываю практычна кожны дзень – праязжджаю міма. І ўсё думаю: НАВОШТА ВЫ ГЭТЫЯ КРЫЖЫ ПРОСТА ДА ДАРОГІ ВЫСТАВІЛІ? УСЁ Ж ТАКІ ТРЭБА ІХ ТРОШКІ АДНЕСЬЦІ. Таму што прыбраць іх − напэўна, гэта будзе няправільна. Хоць ВІДАВОЧНА ГЭТА НЕЙКАЯ ПАЛІТЫЧНАЯ ДЭМАНСТРАЦЫЯ. НА САМЫМ МЕСЦЫ Я НІ РАЗУ НЯ БЫЎ, АЛЕ ПЛАНУЮ ТУДЫ ПАЙСЬЦІ. Я ХАЧУ ТАМ УСЁ-ТКІ САМ ПАБЫЦЬ (ну, гэта не публічна), УЗЯЦЬ ІНФАРМАЦЫЮ, ДЭПАЛІТЫЗАВАЦЬ (Я ЎЖО ДАРУЧЫЎ, КАБ МНЕ ДАЛІ). Мне якая розьніца? Мне, прэзідэнту, які не вінаваты ні ў чым, ні ў сталінізьме, ні ў фашызьме, РАЗАБРАЦЦА − ХТО КАГО ТАМ РАССТРЭЛЬВАЎ. Наколькі гэта магчыма. Я гэта зраблю. МНЕ ДАПАМОГУЦЬ ГЭТА ЗРАБІЦЬ АБ’ЕКТЫЎНА. І я хачу там пабыць. Час паставіць там кропку…” (цыт. паводле радыё “Свабода”, вылучанае – БПС).

Шчыра кажучы, пасьля апошніх словаў падумалася:

− Хай бы лепш ён нікуды ня езьдзіў! А тым больш, не разьбіраўся “аб’ектыўна”.
Рэч у тым, што “разабрацца − хто каго там расстрэльваў” (тым больш, калі дапамогуць гэта зрабіць “аб’ектыўна”) не складае вялікай праблемы. Эксгумацыі ў Курапатах праводзіліся двойчы – у 1988 г. (Пракуратурай БССР разам з групай археолагаў Інстытуту гісторыі АН БССР) і ў 1997-98 гг. (Вайсковай пракуратурай Республікі Беларусь). Былі складзены адпаведныя справаздачы, у якіх зазначалася, што ў Курапатах знаходзяцца парэшткі ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў. Хіба трэба яшчэ разьбірацца?

Зрэшты, крывадушнасьць Лукашэнкі вядомая. А спробы зацерці памяць пра Нацыянальны некропаль, дзе пахаваныя больш за 200 тысячаў расстраляных НКВД чалавек, робяцца ня першы год.

У 2012 г., нягледзячы на пратэсты грамадскасьці, каля месца масавага пахаваньня ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў распачалося будаўніцтва рэстараннага комплексу (http://nn.by/?c=ar&i=82319&lang=ru). Пастаянна памяншаецца ахоўная зона мемарыяла (http://euroradio.fm/…/istorik-utverzhdenie-ohrannyh-zon-kur…).

І на гэтым тле сёньня распачынаецца новы скандал. “Беларускія” ўлады з 2014 г. у закрытым фармаце на высокім узроўні − міністраў МЗС − вядуць перамовы з польскім бокам пра трэцюю эксгумацыю на ініцыятыву апошніх з мэтай пошуку ахвяраў г.зв. “Беларускага катынскага сьпісу”.

Але вось што гаворыць найаўтарытэтны дасьледчык сталінскіх рэпрэсіяў у нашай краіне, кандыдат гістарычных навук Ігар Кузьняцоў:

− Палякаў наўпрост завабліваюць у пастку. Нашыя ўлады ведаюць пра тое, што, калі й былі ў Курапатах парэшткі расстраляных у 1940 г. польскіх афіцэраў, дык іх там ужо няма. Іх зьнішчылі ў папярэднія гады. Менавіта таму гэтак лёгка ўлады на фоне поўнага непрызнаньня праблемы рэпрэсіяў ідуць насустрач польскаму боку ў падрыхтоўцы эксгумацыі (http://eurobelarus.info/…/igor-kuznetsov-v-kuropatah-ne-nay…).

Дадамо, што ніякіх кансультацыяў ні з тымі, хто праводзіў эксгумацыі ў 1988 і 1997-98 гг., ні з самім І.Кузьняцовым не праводзіліся.

З усяго гэтага можна зрабіць выснову, што Лукашэнка імкнецца скарыстацца зь любой магчымасьці дзеля наладжваньня адносінаў зь Еўразьвязам, прымяраючы на сябе ролю “міратворца”, заяўляючы пра жаданьне “аб’ектыўна разабрацца, хто каго расстрэльваў” у Курапатах, сьвядома падсоўваючы палякам даўно ўжо пустыя магілы. Але спрабуючы здабыць сабе плюсы ў вачох міжнароднай супольнасьці, цынічны рэжым па-блюзьнерску гатовы весьці гнюсную палітычную гульню нават на костках нявінна забітых…

(каней артыкула Захарэвіча)

 

=

Ад рэдакцыі:

Атрымаўшы гэты матэрыял, мы зьвярнуліся да Сяргея Высоцкага – галоўнага арганізатара знакамітай Курапацкай вахты. Вось які каментар ён нам даслаў: 

“У традыцыі АК БПС вельмі спакойнае, шляхетнае стаўленьне як да сваіх перамог, так і да сваіх паразаў.

Мы ня будзем канкураваць у гарластасьці з важачкамі афіцыйнай апазіцыі. Апазіцыйныя СМІ ні словам, ні паўсловам не ўзгадваюць праўду пра Курапацкі Чын. На фоне правакатыўных заяваў А.Лукашэнкі робяцца чарговыя рэпартажы, каментары… Але аніводнага разу апазіцыйныя СМІ не зьвярнуліся да саміх Абаронцаў Курапатаў… Цікава, што сёньняшняя палітыка, напрыклад, радыё “Свабода” наўпрост процілеглая палітыцы 15-гадовай даўніны (тады “Свабода” выпусьціла кнігу “Дарога праз Курапаты”, дзе ўсё аб’ектыўна паказана, хто там бараніў і як…). Відаць, на зьмену рэспубліканцам прыйшлі такія цёмныя сілы на чале інфармацыйнай палітыкі, што праўда для іх непрыймальная

Аднак любому дасьведчанаму чалавеку зразумела – калі б ня наш Чын, ня тыя 280 сутак барацьбы – улады б панішчылі Курапаты, і косткі забітых павывозілі б на сьметнік… Аніякі б КХП-БНФ потым ня ставіў крыжы, а менты ганялі б іх за кіламетр… Аніякі б Вячорка не піярыўся на барацьбе і ахвярах нашых герояў… Аніякае радыё “Свабода” альбо крывадушны “Белсат” ня бралі б каметары ў прызначаных апазіцыянераў пра чарговую паразу апазіцыі…

Яны хлусяць і замоўчваюць, мала ў чым саступаючы рэжыму. Няхай. ПРАЎДА ПАВЕРНЕЦЦА  І  ТЫМ МАЦНЕЙ УДАРЫЦЬ ПА АКУПАНТАХ ДЫ  ПРЫСТАСАВАНЦАХ!

ДА БАРАЦЬБЫ!”

 

10 каментарыяў

  1. Яўген Мурашка кажа:

    У ДУКе Правага сэктара ствараецца беларуская тактычная група “Беларусь”
    Яна будзе складацца з беларускіх добраахвотнікаў, якія сёньня ваююць у розных батальёнах.
    Спадзяюся, што гэта можа стаць падмуркам станаўленьня беларускай Нацыянальнай Гвардыі
    Больш падрабязна тут:
    http://www.belaruspartisan.org/politic/313559/
    Я.Мурашка

    • сп.Лявон кажа:

      Яны ўсе адмаўляюцца ад нашага грамадзянства.Якія яны патрыёты? Калі Украінскія,дык якая з іх апора?

  2. Павел Біч кажа:

    Сп. Высоцкі, скажы шчыра няўжо гэтым хлопцам няма працы дома? “Пагоды” яны там ў Украіне не зробяць, а тут што яны не спатрэбяцца? Гэта ж аслабленне нашага супраціву!!!. Ах, ты скажаш, што калі спатрэбяцца, яны адразу вярнуцца дамоў. А ты не думаешь што цяпер ў ФСБ распрацоўваецца план як у першую чаргу знішчыць гэтых беларусаў? Ці не ёсць ад’езд нашых хлопцаў на вайну за мяжу частым рамантызмам ў духу Байрана, ці лацінаамерыканскага Чэ Гевара. Вы з тав. Астроўскім любіцелі “вялікіх палотен” Вам падавай міжнародные змовы і пр. Кіньце свой кардінальны спасыл – Без вольнай Украіны не будзе вольнай Беларусі. Будзе да яшчэ як. Успомні як Купала – ў “Тутэйшых” высмеяў маладога беларуса, які удельнічаў ў забастоўках ў Маскве. А уж ў тыя гады лозунг “без вольнай Расеі не будзе вольнай Беларусі” быў вельмі вельмі абгрунтаваны – мы ж былі ў адной краіне. Успомні наканец каліноўцаў Мілінкевіча – сплавіў ў Польшчу тысячы маладзёнаў і хто з іх вярнуйся дамоў? Смелые хлопцы патрэбны нам тут, яшчэ да таго як тут з’яввяцца з. челвечыкі, казачкі і пр. нечысць.

  3. С.Высоцкі кажа:

    Шаноўны сп. Павал, я не адпраўляў беларусаў ваяваць ва Ўкраіну! У Вашых словах ёсьць рацыя, але правін ляжыць НАЙПЕРШ НА ПРАВАДЫРАХ АФІЦЫЙНАЙ АПАЗІЦЫІ, ЯКІМ УЖО НІХТО НЕ ВЕРЫЦЬ…ЯКІЯ ДАВЯЛІ ДА ТАГО, ШТО ХЛОПЦЫ ІГНАРУЮЦЬ БЕЛАРУСКІХ ПАЛІТЫКАЎ ДЫ НЕ ЖАДАЮЦЬ ПРЫСЛУХОЎВАЦЦА ДА ГОЛАСУ РОЗУМУ…ДЛЯ ІХ АДЗІН ЧОРТ, ШТО ПАЗЬНЯК, ШТО МІЛІНКЕВІЧ, ШТО САНЬНІКАЎ…Яны едуць туды самі, БО НЕ МОГУЦЬ НЕ ЕХАЦЬ. Ставяць на шалі лёсу ўласнае жыцьцё…
    Аднак мне, мяркую і Вам, зразумела, што зараз лёс Свабоды вырашаецца ва Ўкраіне. У выпадку паразы Ўкраіны ліквідацыя беларускай дзяржаўнасьці станецца тэхнічным пытаньнем, якую Крэмль правядзе хутка і жорстка…Паразы Ўкраіны нельга дапусьціць!Гэта таксама праўда…
    Тое, што многія пасіянарныя беларускія патрыёты зараз ваююць ва ўкраінскіх батальёнах, палітычна мае шмат мінусаў! Мінусы гэтыя выходзяць з ганебнага становішча на Бацькаўшчыне, з той тупасьці, дробнасьці ды абмежаванасьці, якую тут дэманстравалі апазіцыйныя лідэры зарэгістраваных партый (уключна з КХП-БНФ).
    Не маючы нацыянальнай годнасьці, яны гатовыя класьціся пад любога, толькі не дапамагаць уласным патрыётам. Вытыркаючы дзе можна свае нікому на фіг непатрэбныя партыйкі ды рухі, яны робяць вялікую шкоду – не даюць мажлівасьці развівацца Свайму нацыянальнаму руху, кансалідаваць нацыянальныя сілы…У выніку нашымі хлопцамі ва Ўкраіне намагаюцца маніпуляваць то нейкія эмісары, то гэтыя апазіцыйныя важакі. Пры гэтым яны не маюць ні ідэяў, ні праграмы дзеяньняў, іхны аргумент адзін – даляры! Памятаеце як доўга стаяў лямант з псеўдаатрадам “Пагоня”. Потым апынулася, што такога атраду няма, а гэта піяр лібералаў, каб выцыганіць заходнія гранты…Нельга забываць, што большасьць нашых байцоў не могуць вярнуцца дадому, бо іх чакае тут турма…Гэта вельмі складаная сітуацыя, і нельга дазволіць, каб нашымі героямі маніпулявалі ворагі Беларусі…
    СПАДЗЕВЫ, ШТО НЕХТА ЗА НАС ЗРОБІЦЬ ДЛЯ БЕЛАРУСАЎ НАЦЫЯНАЛЬНУЮ ГВАРДЫЮ – МАРНЫЯ! НІ ПРАВЫ СЕКТАР, НІ ЗАХОДНІКІ, НІ МІНІСТЭРСТВА АБАРОНЫ ЎКРАІНЫ – ГЭТА ЛУХТА! Толькі ўласныя палітыкі, уласныя арганізатары, уласныя камандзіры здатныя будаваць Беларускую Дзяржаву і Беларускае войска!

  4. Павел Біч кажа:

    З усім напісаным сп. Высоцкім згодзен, за выключэннем “што наш лёс цяпер вырышаецца ў Украіне”, або “Беларусь не будзе вольнай пакуль вольнай не стане Украіна”. Адкідваючы тэорыі змовы, ці не можа, краінамі змучанымі сітуацыяй ў Украіне, аднойчы праведзены гандаль з РФ – нам (Захаду) Украіна, Балтыя, Малдова, а РФ -Беларусь. З сякретным Дапаўненнем – Захад спыняе усялякую грашовую і маральную падтрымку беларускай апазіцыі, не реагуе нават на фізічнае знішчэнне нацыяналістаў. Ці не было такога ужо ў гісторыі? Такое робіцца заўжды (гандаль).(сп. Астроўскі гэтага не разумее і шукае нейкіе сталые вечные змовы). Успомні выдачу Альянсам власаўцаў, казакоў, паліцаяў… бальшэвікам пасля перамогі над Нямеччынай. А ведзь яны на 90% мелі не прафашысткія, а празаходнія сымпатыі. Лёс народаў і краінаў на 90% вызначаецца духам гэтых народаў. У нас ён на нулявым узроўне. І таму я крычу аб тым як яго падняць.

  5. Павел Біч кажа:

    Сп. Сяргей, улічваючы безвыходны стан як апазіцыі (або знікаць з палітычнай арены. або пераўтварацца ў клоунаў і падтанцоўшчыкаў уладаў) так і смелых і шчырых патрыётаў (або уцякаць з краіны, або садзіцца за краты) я і прапанаваў на час заняцца ім перавыхаваннем народа з прарускай-беларускай ментальнасці на праеўрапейскую-літоўскую. Канкрэтна – пачаць крычаць што мы вялікая нацыя. што мы цалкам не рускіе і не праваслаўные (праваслаў’е прыйдзецца штурхнуць, таму што яно русіфікуе і піхае народ ў Расею). Для уладаў гэта будзе пасткай. Таму калі яны за агітацыю Веліччы свайго народа (калі мы былі літоўцамі) пачнуць саджаць і пераследаваць, то яны выкрыюць сябе як каланіяльную. акупапцыйную, а калі падхопяць прапаганду Веліччы, то гэта будзе добра, таму што пачнецца ўздым нацыяналістычных пачуццяў. (за выключэннем Слуцкага чына, пры назве “беларусы” у нас ніякой веліччы не было; паўстання Касцюшкі, 1830. 1863 рабілі людзі з польскай свядомасцью). Звярні увагу як хутка пайшло выкрыццё партызанскага руху – ужо і колькасць партызан перабольшана ў шэсць разоў, і што яны былі горшые за немцаў і г.д.

  6. Павел Біч кажа:

    Сп. Сяргей, хоць напішы ці прачытаў мае каментары? Ці можа ты так не згодзен з напісаным мною што нават не хочашь напісаць пару слоў?.

  7. С.Высоцкі кажа:

    Канешне я чытаю каментары, але тэма якую Вы узьнялі вялікая і складаная…Потым да яе вернемся пры нагодзе…

  8. Павел Біч кажа:

    Сп. Высоцкі усяго некалькі дзён таму вы напісалі, што тэма “ці трэба нашым хлопцам было ехаць і ваяваць ў Украіну вельмі складаная і да яе пры нагодзе можна звярнуцца” як пасыпаліся факты аб тым што у нашых хлопцаў там паўстаюць усялякіе праблемы якія не укладваюцца ў рамкі разумення які не улічваюць нацыянальны фактар. Негледзячы на тое што і Рэдакцыя сайта і вы усяляк падкрэсліваеце што стаіце на нацыяналістычных пазіцыях, сапраўднымі нацыяналістамі вы, на мой погляд, не з’яўляецеся. Калі дыскусія на гэту тэму пачнецца, я паспрабую паказаць вам гэта. А пакуль толькі скажу што нашые хлопцы будуць там “при деле” толькі ў выпадку калі яны апынуцца ў складзе нейкай міжнародный дабравольчасткай часткі неукраінцаў і не узначальванай украінцамі. Усё ж такі беларусы гэта не украінцы і значыць поўнага разумення быць не можа, як вы не крычыце аб агульным ворагу усіх народаў Балтыйска-чернаморскага рёгіёна – путінскіх расейцаў. Нацыі для таго і створаны Богам каб мець праблемы ў разуменне адны іншых.

  9. сп.Лявон кажа:

    Ўсе хлопцы,што ваююць ва Ўкраіне,канешне вельмі патрыятычныя,але… ці патрыёты Беларусі яны,калі ўсе так лёгка адмаўляюцца ад грамадзянства нашай краіны ды патрабуюць грамадзянства Украіны? Вось што я не разумею. Нельга прыкрывацца пагрозай з Беларусі,маўляў:”Усіх пасодзюць”.Вы сталі на шлях барацьбы і трэба быць да ўсяго гатовымі.Але адмаўляцца ад грамадзянства? Не разумею.Прасіць прытулку гэта іншае,чым кінуць пашпарт.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы