nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Памёр народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч

Красавік 1, 2016 | Няма каментараў

Гілевіч 129 сакавіка ўвечары пасьля цяжкай хваробы памёр Народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч. Апошнія гады Ніл Сымонавіч займаўся выданьнем 23-томнага збору ўласных твораў. Грошы на выпуск ён выдаткоўваў са сваёй пенсіі. Па-за гэтымі тамамі засталося матэрыялу яшчэ на 7 кніг (многія творы паэта былі датаваныя 2012-14 гадамі). Нілу Гілевічу споўнілася 84 гады. Пахаваны ён будзе на Кальварыйскіх могілках, каля жонкі. З нагоды смутнай падзеі выстаўляем матэрыял, прысьвечаны спадару Нілу, які ўзяты з сайта Беларускага Радыё “Рацыя” (адсюль: http://www.racyja.com/hramadstva/pamyor-nil-gilevich/ — і адсюль: http://www.racyja.com/hramadstva/shto-z-tago-shto-belarus-budze-nezale/).

Рэдакцыя.

 

1.

Гэтымі днямі Беларусь смуткуе з прычыны сьмерці Народнага паэта Беларусі Ніла Гілевіча.

Ніл Сымонавіч нарадзіўся 30 верасня 1931 года ў вёсцы Слабада Лагойскага раёна Мінскай вобласьці. Скончыў Мінскае педагагічнае вучылішча (1951), а таксама філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1956). Кандыдат філалагічных навук, прафесар. У 1958-63 гадах працаваў літаратурным кансультантам газеты «Зьвязда». З 1960 года працаваў на кафедры беларускай літаратуры БДУ. У 1980-89 — першы сакратар праўленьня Саюзу Пісьменьнікаў БССР. З 1989 — старшыня рэспубліканскага Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны. Галоўны рэдактар газеты-бюлетэня ТБМ «Наша слова». З чэрвеня 1990 — старшыня пастаяннай Камісіі Вярхоўнага Савету БССР па адукацыі, культуры і захаваньні гістарычнай спадчыны. Дэпутат Вярхоўнага Савету БССР (1985-90). У 1990 годзе зноў быў абраны народным дэпутатам БССР. Сябра Прэзідыюму Вярхоўнага Савету БССР.

Першыя вершы былі надрукаваныя ў 1946 годзе. Выдаў зборнікі паэзіі «Песьня ў дарогу» (1957), «Прадвесьне ідзе па зямлі» (1959), «Неспакой» (1961), «Бальшак» (1965), «Перазовы» (1967), «Лісьце трыпутніку» (1968), «А дзе ж тая крынічанька» (1972), «Запаветнае» (1975), «Актавы» (1976), «Сьвятлынь» (1984), раман у вершах «Родныя дзеці» (1985), «Як дрэва карэньнем» (1986), «Повязь» (1987), «Жыта, сосны й валуны» (1990), «Талісман» (1994), «На высокім алтары» (1994), «Вечны матыў» (1994), «…І плямы на табе няма» (2003), «На флейце самоты» (2004).

У літаратуры Ніл Гілевіч правёў 70 гадоў. Многія моманты біяграфіі аўтара першага беларускага рамана ў вершах самі сабой вартыя рамана — ад зьмены «савецкага» імя “Нінел” («Ленін» наадварот) на гучнае, кароткае “Ніл” да складаньня культавага «Сказа пра Лысую гару» і 20-гадовага маўчаньня пра яго.

Ніл Гілевіч пакінуў сьлед у гісторыі Беларусі ня толькі як народны паэт, фалькларыст, навуковец, педагог, але і грамадскі дзеяч. Дзякуючы ў т.л. дэпутату Вярхоўнага Савету БССР Гілевічу беларуская мова стала адзінай дзяржаўнай у 1990 годзе. Яго роля была важнай і ў наданьні нацыянальнай сімволіцы статуса дзяржаўнай (1991).  Паэт стаў заснавальнікам і першым старшынём Таварыства беларускай мовы, а таксама сузаснавальнікам Згуртаваньня беларусаў сьвету “Бацькаўшчына”.

Ён быў паэт, навуковец, выкладчык і яшчэ выбітная і ўладарная постаць беларускай літаратуры.

 

2.

МНЕ ПАТРЭБНА БЕЛАРУСКАЯ БЕЛАРУСЬ!

(Гэтае інтэрвю Ніл Гілевіч даў, калі адзначаў свае 84 гады).

РР: Ніл Сымонавіч, Вы напісалі свой першы верш “Клятва” ў 15 гадоў, і ўжо тады першай тэматыкай была не прырода, не каханьне, ня нешта іншае, а мова. Адкуль у вас было такое памкненьне?

Ніл Гілевіч: Я думаю, што памаглі мне выбраць для верша гэтую тэму вялікія мае паэтычныя настаўнікі. Па тым часе гэта перш за ўсё Францішак Багушэвіч і Янка Купала, услед за імі – Багдановіч. Гэта па меры таго, як я знаёміўся з гэтымі вялікімі імёнамі, з творчасьцю гэтых волатаў. Што да самога пачуцця любові, захапленьня мовай, то гэта ад калыскі, ад маці. Жыў у гэтай стыхіі моўнай, з першых дзён. Цяжка растлумачыць, як гэта складваецца. Так атрымалася, што вельмі дорага мне было слухаць, як гучыць беларуская песьня. Менавіта беларуская народная. Песень гучалі дзясяткі, сотні, і з кінафільмаў яны ўсе былі на рускай мове. А вось нашы песьні, якія пелі ў нас у застольлі… У нас кожныя два гады з’яўляўся ў сям’і новы жыхар, спраўляліся хрэсьбіны, склікалася радня, суседзі, сябры. Як я, бывала, слухаў, як нашы вясковыя жанчыны пяюць народныя старыя песьні.

Затым мне ўсё маладое жыцьцё, пакуль я не стаў сам на ногі, не набыў свае эстэтычныя крылы, мне дапамагалі класікі нашай літаратуры. Страшэнна любіў чытаць і вучыць на памяць вершы паэтаў. І тых, якіх я назваў, і дадам сюды Якуба Коласа, а тады ж і Аркадзь Куляшоў, Максім Танк, якія былі для мяне жывымі класікамі. І па кнігах прозы: памятаю, якое незвычайна моцнае ўражаньне зрабіла на мяне знаёмства з прозай Кузьмы Чорнага. Многа далі мне ў маладыя гады Янка Брыль, трохі пазьней – Міхась Лынькоў, Іван Мележ ды іншыя.

Пасьля прыйшло цвёрдае перакананьне, што такое мова ў лёсе народа, і што такое мова для пісьменьніка, для паэта. Яшчэ ў тыя гады пачуў: “ёсьць мова – ёсьць пісьменьнік, няма мовы – няма пісьменьніка”. Я ўжо ўсё чытаў так пільна, каб калі якое вельмі яркае каларытнае слоўца напаткаў, я яго браў у свой моўны арсенал. У мяне ёсьць тры тоўстыя нататнікі-слоўнікі, якія пачаў сабе запісваць яшчэ нават у педвучылішчы. На добры лад варта было б зь імі пазнаёміць і чытачоў, як я ўзбагачаўся скарбамі роднай мовы. Калі б мне хапіла сілаў яшчэ пратрымацца, можа б, я і абнародаваў іх для філолагаў і моладзі, каб пацікавіліся, як паэт “узбройваўся” жывінкамі роднай мовы.

РР: Ваш першы верш быў напісаны ў 1947 годзе, мінула ўсяго 3 гады пасьля нямецкай акупацыі. Вы вучыліся пры немцах у школе?

Ніл Гілевіч: Мне не так пашанцавала, як некаторым маім равесьнікам. Мой аднагодка Алег Лойка, вядомы літаратар, прафесар, калега па працы, усе тры гады акупацыі вучыўся ў беларускай школе, бо ён жыў у горадзе, у Слоніме, там партызаншчыны не было. Мне пашанцавала менш, я вучыўся ўсяго адзін год – з 1941 па 1942. То бок, да вайны скончыў 3 класы, пад немцамі – чацьвёрты клас.

Тады школы, паколькі лічыліся калабаранцкімі, што не ў тым духу выхоўвалі, то іх пазакрывалі. У Гайне, у суседняй вёсцы, я месяца не пахадзіў: новы вялізны будынак партызаны спалілі, каб немцы не маглі гарнізон паставіць. Гэта было звышнеразумна. І тры будынкі ў маёй вёсцы партызаны разабралі. Гэта было дзіка.

Мне заставалася займацца самаадукацыяй, чытаць кнігі. Прыйшлі немцы, а бібліятэкі ж засталіся. Людзі іх разабралі. Цёмныя мужыкі – на курыва, на цыгарэты – паперы ж не было. Але старшакласьнікі і больш-менш пісьменныя людзі трымалі гэтыя кнігі. Можна сказаць, што наступныя два гады да вызваленьня я чытаў кнігі, шмат чытаў кніг. Трапляў у рукі часопіс “Беларуская школа”, які выдаваўся пад немцамі ў Менску. Там друкаваліся педагагічныя матэрыялы, дыдактычныя і мастацкія творы. У адным з нумароў я ўпершыню прачытаў геніяльны верш нашага вялікага паэта Алеся Гаруна:

“Ты, мой брат, каго зваць беларусам,

 роднай мовы сваёй не цурайся,

 як не зрокся яе пад прымусам,

 так і вольны цяпер – не зракайся!”

Гілевіч 2Гэта імя было тады забаронена ў савецкай беларускай літаратуры. Калі яго і ўзгадвалі, то толькі як ворага савецкай улады, як “нацдэма”. А гэта наш вялікі паэт, адзін з самых выдатных. Так што год вучобы ў той школе ды два гады самаадукацыі мне далі нямала. У “Беларускай Школе” я прачытаў раздзелы “Новай Зямлі” Коласа. Як зараз бачу гэтыя часопісы з малюнкамі, гэты раздзел “Раніца ў нядзельку” я на памяць вывучыў. Я ж любіў беларускае слова, беларускую мову, таму, як пачну чытаць, яно запаміналася само. Я ўвесь раздзел ведаў на памяць. Так што, у мяне не начыста прапалі тыя тры гады.

РР: Пасля таго, як зноў усталявалася савецкая ўлада, усё больш і больш уціскалася беларуская мова. Гэты боль заўважны ў Вашых творах. Вы ўвесь час выступалі ў абарону беларускай мовы падчас “застою”, у тым ліку на Пленумах ЦК КПБ. Пазьней, як ужо пачалася “перабудова”, Вас абралі народным дэпутатам у Вярхоўны Савет і Вы распрацавалі праект Закона “Аб мовах”. Як тады ўдалося прапіхнуць закон аб адзінай дзяржаўнай беларускай мове?

Ніл Гілевіч: Да пачатку “перабудовы” я добрыя два дзясяткі гадоў ва ўсю змагаўся за беларускую мову ў Беларусі, у Маскве, на пісьменьніцкіх з’ездах, сходах, у друку, у артыкулах. Я быў дэпутатам Вярхоўнага Савета і ХІ, і ХІІ скліканьняў. Закон аб мовах быў прыняты яшчэ ХІ скліканьнем Вярхоўнага Савета. Я прымаў удзел у выпрацоўцы гэтага закона, яго складаньні. Я быў старшыня камісіі па выпрацоўцы Закона “Аб мовах”.

Калі я стаў дэпутатам ХІІ склікання, быў вельмі засмучаны, бо вельмі мала дэпутатаў былі маімі аднадумцамі, паплечнікамі, якія цалкам стаялі на такіх жа пазіцыях у дачыненьні да мовы, да нашай культуры, да гісторыі. Пераважная большасьць былі або чыноўнікі, савецкія, партыйныя, або “гаспадарнікі” – старшыні калгасаў ды іншыя. Сярод такіх быў сёньняшні кіраўнік дзяржавы Лукашэнка. Яны мяне не падтрымлівалі, а наадварот – па магчымасьці пярэчылі, іншы раз нават іранічна стараліся ўкалоць. Я сьцвярджаў адно: “Дарагія мае, нічога. Пройдзе нейкі час, і Вы ўсе зразумееце, што Вы памыляецеся. І калі вы хочаце, каб Беларусь заставалася Беларусьсю, каб беларускі народ быў беларускім народам, вы прыйдзеце да ўсьведамленьня гэтай ісьціны, і самі станеце на гэту верную дарогу”. Дарэчы, мне вядома, што некаторыя з тых дэпутатаў, якія былі разам са мной у тым Вярхоўным Савеце, зразумелі. Але, тым часам, нарастала моладзь. Сярод той нязначнай часткі дэпутатаў, зь якімі вельмі актыўна працавалі ў Вярхоўным Савеце, перш за ўсё, канешне, назаву кіраўніка апазіцыйнай групы Зянона Пазьняка, але і пры ім многа хлопцаў было, якія стаялі на такіх пазіцыях, як стаяў Ваш пакорны слуга.

РР: Так здарылася, што ў 1994 годзе кіраўніком краіны стаў чалавек, які раней выступаў супраць адзінай дзяржаўнай беларускай мовы. Урэшце, потым ён і зрабіў расейскую мову дзяржаўнай, пачаўся заняпад нацыянальнай культуры. Беларусь атрымала шанец незалежнасьці, але да ўлады прыйшоў чалавек, які быў супраць гэтай незалежнасьці.

Ніл Гілевіч: Гэты чалавек быў выбраны беларускім народам [гэта ня так; расейскімі структурамі  ў Беларусі была праведзена PR-кампанія, якая да сапраўдных выбараў ня мае ніякага дачыненьня. – Рэд.]. Ва ўсялякім разе, больш за палову беларускага народа былі вясковыя людзі, палітыкай не жылі, не цікавіліся. Ім спадабалася, што да кіраўніцтва краіны, на зьмену партыйна-савецкім бюракратам прыйдзе чалавек з народа, які быў старшынём калгаса, працаваў, так бы мовіць, з мужыкамі на зямлі, гэта ім вельмі імпанавала. Яны ўсе аддалі яму голас, таму што канкурэнтам быў Старшыня Савета Міністраў Кебіч. Ды ніколі вясковыя людзі, рабочы народ, армейцы ды іншыя не маглі прагаласаваць за нейкага чыноўнага бюракрата! А хто тады з народных масаў ведаў, чым хто дыхае? Якой любоўю ці нянавісьцю да мовы, нацыянальнай культуры, гісторыі? Ведалі адзінкі ў Вярхоўным Савеце. І пачало тады адкрывацца, што нам не пашанцавала. Да ўлады прыйшоў чалавек, які ня толькі не падтрымаў тых, хто змагаўся за родную мову, не далучыўся да таго змаганьня, якое было вельмі пільнае – трэба было выпраўляць становішча, якое склалася за дзясяткі гадоў, калі мова душылася, душылася і душылася, ён не толькі не падтрымаў, а пачаў ініцыіраваць рэферэндумы, адмяніў Закон “Аб мовах”.

Я яшчэ тады быў член Прэзідыума Вярхоўнага Савета, як я голас зрываў, прасіў, крычаў, заклінаў дэпутатаў, не рабіце гэтага глупства, ніякага роўнага дзьвюхмоўя ня будзе, убачыце, што ўсё зноў скоціцца да адной мовы. Так і стала: літаральна праз месяцы пачалі закрывацца беларускія школы, беларускія газеты. І стала тое, што мы маем сёньня. Зьвялі на нішто беларускую мову ў дзяржаўных установах, газеты лічаныя засталіся, і тыя – прыватныя. Колькасьць дзяржаўных кніг – адзінкі. Тыя, што выходзяць на беларускай мове, гэта недзяржаўныя, гэта насуперак дзяржаўнай палітыцы. Тое, што ў нас яшчэ трымаецца там-сям мова, гэта не дзякуючы дзяржаве, якая абавязана спрыяць разьвіцьцю мовы свайго народа, а насуперак ёй. Нідзе ў сьвеце такога няма! Каб сябры роднай мовы змагаліся за яе са сваёй жа роднай дзяржавай! На жаль, яна на сёньняшні дзень пакуль што няродная.

РР: Ужо 2 гады, як у нашым рэгіёне, ва Усходняй Еўропе вострая сітуацыя. Лунаюць думкі, што беларусам цяпер ня варта змагацца з уладай, што Лукашэнка можа абараніць незалежнасьць, што ён, так бы мовіць, “гарант беларускай незалежнасьці”. Вы яго добра ведаеце, калі ён яшчэ быў у Вярхоўным Савеце. Што б Вы маглі сказаць людзям, якія пашыраюць гэтыя меркаваньні?

Ніл Гілевіч: А я пра гэта сказаў нядаўна, адзін артыкул мой заканчваўся: “Вам трэба незалежная Беларусь, і мне трэба незалежная Беларусь. Вам якая трэба незалежная Беларусь, беларуская ці руская Беларусь?” І апошнія словы ў гэтым артыкуле: “Мне небеларуская Беларусь непатрэбна! Мне трэба беларуская Беларусь! Свабодная, незалежная, гэта ўсё добра, але мне трэба беларуская Беларусь!” Што з таго, што Беларусь будзе незалежнай, але яна ўжо ня будзе Беларусьсю! Гэта будзе такая частка Расеі. Якая краіна незалежная без сваёй мовы? Прычым, каб мы яе ня мелі, а то тысячу [тысячы! – Рэд.] гадоў мелі сваю мову! Канешне, правадыры будуць мець уладу, і што? Гаварыць са сваім народам як і сёньня? Ні адзін міністр на мове народа не гаворыць з народам. Гэта страшная дзікасьць. Дзе ў сьвеце ёсьць, каб кіраўнік дзяржавы не гаварыў з насельніцтвам на мове гэтага народа.

РР: Якое Вы бачыце выйсьце для нашага народа, каб зьмяніць, палепшыць сітуацыю?

Ніл Гілевіч: Паколькі я не прыхільнік вайны, я супраць крыві, не хачу, каб кроў пралівалася. Я вялікія надзеі ўскладаю на асьветніцка-прапагандысцкую работу. Кожны малады чалавек мог вырасьці ў нашых умовах зусім зь іншай сьвядомасьцю, магло б ня быць гэтай любові да Бацькаўшчыны, да роднай мовы, як няма ў тысячаў і тысячаў маладых людзей. Але ж у тысячаў і тысячаў ёсьць гэта любоў. Дзякуючы чаму? Дарослыя сьвядомыя патрыёты памаглі. Як некалі мне ў дзяцінстве памаглі Багушэвіч, Купала, Багдановіч, так і сёньня памагаюць і паэты, і пісьменнікі, і навукоўцы, і грамадскія дзеячы, якія легальнымі спосабамі змагаюцца, пратэстуюць супраць становішча, у якім апынулася мова наша, культура. Праводзяць пікеты, мітынгі, сходы, утвараюць дзясяткі арганізацый, у якія запрашаюць маладых людзей, каб гэтыя маладыя людзі вырасталі патрыётамі.

Я пры гэтым часта нагадваю адзін зусім блізкі нашай гісторыі прыклад. Некалі Расея, загрэбшы беларускія землі, загрэбла і палову Польшчы разам з Варшавай. Больш за сто гадоў гэтая палова Польшчы была ў складзе Расеі, і ў Варшаве працаваў рускі ўніверсітэт. Што рабіла інтэлігенцыя? Ну, два разы паспрабавалі падняць паўстанне – захлынулася ў крыві. Маю на ўвазе 1831 год, затым – 1863-64 гг. Але паміж гэтымі датамі і ўвесь час што рабілі? Вучылі моладзь у польскіх школах, яны дазваляліся, на шчасьце, выдавалі польскія газеты, стваралі польскія гурткі ўсемагчымыя, выхоўвалі ў патрыятычным духу. І калі толькі наступіў момант спрыяльны – 1918 год – у адно імгненьне Польшча стала незалежнай дзяржавай, скінула гэта ярмо царскае, і так ідэйна, духоўна, маральна народ быў падрыхтаваны, што праз год са зброяй пайшоў на Савецкую Расею. Канешне, Еўропа дапамагла. Ну дык правільна. Але ж праз год! Год таму былі калоніяй Расеі! Дык вось, калі мы ўсе, хто гэта разумее, будзем выхоўваць моладзь ад калыскі, ад дзіцячых садкоў, ад школы выхоўваць патрыётамі Беларусі, і перш за ўсё – патрыётамі роднага слова, як было ў Польшчы, мы не загінем. Наступіць і для нас 1918 год. На гэта мае спадзяваньні. Ва ўсялякім разе, не сядзець рукі склаўшы. Я, на жаль, не выходжу на людзі шмат гадоў, але чытаю, колькі ў нас такіх добрых арганізацый, гурткоў, школ, дзе вывучаецца беларуская мова. Брава, гэта выдатна.

Добрыя людзі ўсё яшчэ спадзяюцца, спадзяюцца, ну і я ў тым ліку з гэтымі людзьмі спадзяюся і веру, што час наступіць. Не загінем!

Гутарыў Адам Завальня.

 

3.

Сёньня было пахаваньне.

Разьвітацца з Народным паэтам Беларусі прыйшлі тысячы людзей (http://nn.by/?c=ar&i=167783; http://www.svaboda.org/contentlive/razvitannie-z-nilam-hilievicam/27647956.html).

Гілевіч 3Гілевіч 4

Пакінуць каментар

*

  • Старонкі

  • Рубрыкі

  • Апошнія запісы

  • Архівы