nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Там, дзе я быў. Успаміны

Красавік 7, 2016 | Каментары (7)

Віталь Куплевіч

Куплевіч 

 

Уводзіны

Надзвычай цяжка пісаць аб перажытым. Памяць адкладае самае істотнае. Другаснае сьціраецца…

Лячэбна-працоўныя прафілякторыі (ЛПП) немагчыма назваць ні лячэбнымі, ні прафілякторамі. Што ж гэта за такія таямнічыя ўстановы? Паводле маіх зьвестак, у 2013 годзе ў нашай Бацькаўшчыне іх было сем. Два для жанчын, а пяць для мужчын.

 

Аднаму чалавеку сказалі, што ён на год паедзе падлячыцца, папрацаваць за добрыя грошы ды пройдзе прафіляктыку. Той узяў з сабою ў тым ліку вуду й намёт. Прывязьлі. У чалавека доўга быў шок…

Наша заканадаўства напісана (стан на 2013 год) так, што калі на нейкую асобу за каляндарны год будуць напісаны тры пратаколы за зьяўленьне ў грамадзкім месцы ў стане алькагольнага ап’яненьня, то прыйдзецца праходзіць мэдычную камісію й ён, хутчэй за ўсё, на год адправіцца ў так званы ЛПП (абсалютная большасьць абрэвіятуру ЛПП называюць па-расейску – ЛТП). Пры ўмове, што яго на камісіі прызнаюць алькаголікам. Бязглуздасьць такога заканадаўства відавочная, аднак праходзяць гады і ўсё застаецца на сваім мейсцы. І гэта тады, калі нават у Расеі ЛПП былі зьліквідаваныя. У 2013 годзе яны засталіся толькі ў Беларусі, Казахстане й Кыргызстане.

У дзяржавах цывілізаваных на спосаб цэнтральнаазіяцкі, цюркска-мусульманскі, можа быць усё. У нас, на жаль, таксама. На Захадзе (найперш у двух камплементарных цывілізацыях Эўропы і Паўночнае Амэрыкі) алькаголік разглядаецца як найперш хворы, бо ўзалежненасьць ад алькаголю – хвароба. Хвароба страшная, бо яшчэ ніхто ў сьвеце ня вынайшоў універсальных лячэньняў. Калі вынайдзе – дык напэўна ж атрымае Нобэлеўскую прэмію ў галіне мэдыцыны. Можна доўга пералічваць вядомых асобаў, якія ўзалежніваліся ад алькаголю. Усім вядомы лёс легендарнага футбаліста менскага дынама 1982 году Паўла Пракапенкі. У выніку – зышоў з гэтага сьвету. Многія казалі аб апошніх гадох прэзыдэнства Барыса Ельцына – першага прэзыдэнта незалежнае Расеі. Адны асобы пазбаўляюцца ад гэткай залежнасьці неверагоднымі высілкамі, іншыя – да канца жыцьця час ад часу карыстаюцца спакусай. Трэція – праз пэўны тэрмін сьпіваюцца, дэградуюць да канца жыцьця. Яны так і не знайдуць у сабе сілы волі пазбавіцца ад узалежненьня. Часьцей паміраюць у маладосьці, або ў сярэднім веку, так і не дажыўшы да сталасьці.

Бачыў розных асобаў на розных стадыях хваробы.

Ці этычна караць хворага на злоўжываньне алькагольных напояў чалавека, які ня зьдзейсьніў ніякага правапарушэньня? Адміністрацыйнага або крымінальнага. Я лічу, як асоба цывілізаваная на эўрапейскі й заходні спосаб, што не. Ва ўсходніх, або арыентальных цывілізацыях падыходы іншыя. Ад сьмяротнага пакараньня ў розныя эпохі, да самых антыгуманных спосабаў пакараньня. Як кажуць, усход – справа тонкая… І антыгуманная.

Расейцы й зрасейшчаныя (цывілізацыя Эўразіі) навязвалі “асабліва правільную думку” аб тым, што алькаголік – гэта патэнцыйны злачынца. Патэнцыйны злачынца гэта тое, што й патэнцыйна цяжарная жанчына. Жанчына можа быць або цяжарнай, або не. Толькі не патэнцыйна цяжарнай. Тое ж і са злачынцам. Асоба можа быць або злачынцам, або не. Калі ў публічным адкрытым судзе на падставе канкурэнцыі паміж пракурорам і адвакатам наяўнасьць злачынства даказана й вынесены прысуд, толькі тады асоба – злачынец. Інакш – не. Таму патэнцыйны злачынец – катэгорыя ўсеахопная й недакладная.

У Беларусі ў многіх перыфэрыйных вясковых мясцовасьцях алькагалізм набыў такія маштабы, што можна пісаць пра масавае сьпіваньне нашага люду. Прычыны – беднасьць, галеча, адсутнасьць пэрспэктыў для годнага жыцьця й г. д.

Я доўга думаў наконт таго, што такое лячэбна-працоўныя прафілякторыі? З чым іх можна параўнаць. З вар’ятнай? Але пацыенты, як праіла, без паталёгій псыхікі. Зь вязьніцай? Але вязьні, якія ня зьдзейнічалі ніякага крымінальнага злачынства, або ўжо панесьлі крымінальную адказнасьць за раней зьдзейсьненыя злачынствы. З войскам? Але “вайскоўцы” толькі ходзяць строем на працу, з працы, у сталоўку, са сталоўкі ды ў дом культуры. Можа, з канцэнтрацыйным лягерам? Але вязьняў там не спальваюць і не мораць да галоднай сьмерці. Асуджаны яны паводле грамадзянскіх спраў. Гэта не адміністрацыйныя й не крымінальныя справы. Невядома…

Хутчэй з зонаю. Асобы пазбаўлены волі, пашпартоў, знаходзяцца ў абгароджаным ды пільнаваным з усіх бакоў месцы. Але можна хадзіць з атрада ў атрад. Ёсьць абавязковы выезд на абавязковыя працы, за якія пасядзельцы атрымоўваюць, як правіла, сымбалічныя заробкі.

Сытуацыя такая, што нідзе ў Эўропе акрамя нашай Бацькаўшчыны няма аналягічных установаў. Безумоўна, гэта перажытак савецкага мінулага.

Дарэчы ўспомніць выказваньне вядомага польскага гісторыка, гісторыёзафа Фэлікса Канэчнага аб тым, што ў лацінскай цывілізацыі (гістарычнай, а цяпер надцывілізацыі) этыка імкнецца агарнуць як прыватнае жыцьцё, так і публічнае. У цывілізацыі туранскай (гістарычнай), да якой ён залічваў расейцаў і зрасейшчаных, — сфэра дзейнасьці этыкі рэдукавана толькі да прыватнага жыцьця. Публічнае жыцьцё знаходзіцца па-за этыкай.

Дык дзе я быў? Кім я быў? Пацыентам? І не зусім. Вязьнем? Таксама не клясычным. Праблематыка дыскутыўная. Але беларусы павінны шырока ведаць пра існаваньне такіх спецыфічных месцаў і тысяч пасядзельцаў зь невядомым статусам.

 

ШЫЮЦЬ СПРАВУ

19 сьнежня 2010 года я сьвядома ўдзельнічаў у Плошчы.

У пачатку восені 2012 года адбыліся выбары.

У канцы 2010 года я вымушаны быў сьвядома пакінуць гасьцінную Польшчу, каб даглядаць маяго старога хворага тату. Ведаў, куды вяртаюся, але лічу, што паступіў этычна. Яшчэ раней даведаўся, што да мяне на Вараноўшчыне надзвычайная цікавасьць. З боку каго? Разумныя здагадаюцца…

У 2011 годзе я ўчуў пра незвычайную навіну, што супроць мяне рыхтуецца справа. Адміністрацыйная, або крымінальная? Грамадзянская…

Увосень 2011 года мяне завезьлі ў гайцюнішскую вар’ятню. Лячылі… Ад чаго, я так і не зразумеў. Гайцюнішская вар’ятня знаходзіцца ў старым будынку – доме-крэпасьці, які пабудавалі ў ХVII стагоддзі прывандраваўшыя да нас галяндыйцы-пратэстанты.

Мяне зьмясьцілі ў два пакоі, паміж якімі былі курылка, прыбіральня й рукамыйнік. Вокны ў пакоях – закратаваныя. Калолі нейкі лек, ад якога ўвесь час спаў. Затым я даведаўся, што паводле эфэктаў ад узьдзеяньня гэта быў, хутчэй за ўсё, аміназін – лек забаронены ў Эўрапейскім Зьвязе.

Дыпляматычна шэф лякарні псыхіятар Мялько (Мелька) мне сказаў, што патрэбна падлячыць маю псыхіку. Я запатрабаваў аб’ектыўнае мэдычнае камісіі, сказаў, што інакш будзе справа выглядаць на карную мэдыцыну. Апэляваў да этыкі, г. зн. да сумленьня сп. Мялька як да прафэсіянала.

У майго таты была хвароба нырак. Цяжка было глядзець, як ён пакутуе… Невыносна. Я лекаваў.

Нарэшце даведаўся, што мяне вязуць на медычнае даследваньне наконт… наяўнасьці алкагалізму. Больш за тое, аказалася, што на маё імя напісаны пратаколы. Іх нямала. Малады лекар-нарколяг Савоська прызнаў мяне алкаголікам аж на другой ступені(!).

У час даследваньня адна лекарка нечакана прызналася, што ёй тэлефанавалі… Адкуль – было вядома.

З пачатку студзеня па чэрвень 2012 года я працаваў настаўнікам геаграфіі ў Бярозаўскай сярэдняй школе №2. Як алкаголік на другой ступені можа працаваць настаўнікам у сярэдняй школе аж пяць месяцаў? Ён жа павінен кожную раніцу прыходзіць у школу пад, мінімум, ста грамамі алькаголю. Невядома… Папрацуе мо месяц. Які дырэктар школы вытрымае такога працаўніка?

У чэрвені 2012 года дома спаліўся мой стары хворы тата. У той час я сядзеў на сутках. За што? Невядома… Ня дай ты Божа нават самаму зьлейшаму ворагу трымаць на рукох спаленага тату! Але я ведаю, што маяго тату… спалілі. Неверагоднай выглядае сытуацыя, у якой мой тата спаліўся сам…

Зь сярэдзіны ліпеня 1912 года я знаходжуся на нелегальным становішчы. Жыву ў сваёй стрыечнай сястры ля гарадзенскага заапарка. Выжываю на зборы ягад і грыбоў ды іх продажы ў Парэччы, што ля летувіскай мяжы. Так да глыбокай восені. Майстэрства выжываньня ў экстрэмальных умовах засвоіў дзякуючы маёй геаграфічнай адукацыі.

Дадому ў Радунь вяртаўся раз у месяц на ноч з мэтай узяць з сабой адзеньне, абутак і неабходныя рэчы. Уначы сыходзіў з Радуні. Мне дапамагалі два радунцы. Дзякуй ім за ўсё!

Валер Хаміцкі – радунскі электрык, электроншчык-самавучка зьбіраў подпісы ў маю падтрымку. Назьбіраў шмат подпісаў. На судзе я заявіў, што ганаруся сваімі землякамі, якія падпісаліся за мяне, бо рызыкавалі. Гэта пачатак нараджэньня ў Радуні нацыянальнай і грамадзянскай супольнасьці.

Увосень 2012 года, калі з-за нізкіх тэмператур лісічкі ня сталі расьці, зьвярнуўся за дапамогай у праваабарончы цэнтр “Салідарнасьць”. Мне была аказана дапамога. Буду ўдзячны да канца жыцьця супрацоўнікам цэнтру Іне Кулей, Але Кароль, Эле Гарэцкай, Дзянісу Каралю. Стала магчымым купіць новы ноўтбук і напісаць за сьнежань-пачатак студзеня кнігу “Цывілізацыя Эўропы”. Пісалася яна ў Гарадзенскай абласной бібліятэцы ў складаных умовах нелегальнага становішча.

Суд нада мною ў Варанове прайшоў у два этапы й быў кур’ёзным.

Спачатку ў час абсурдных пасядзелак у Вараноўскім ізалятары мяне выклікалі ў РАУС і там зладзілі выяздное паседжаньне суду. Паседжаньне не было ані публічным, ані адкрытым. Я папрасіў яго адкласьці. Зразумеўшы, што “толку не даб’юся”, праігнараваў абсурднае судзілішча паводле абсурдных пратаколаў і абсурднага неэтычнага заканадаўства. Лічу, што сапраўднай прычынай была мая грамадзкая дзейнасьць, удзел у Плошчы і пэрспэктывы наступных выбараў у пачатку восені 2012 года.

Наступным разам я быў затрыманы ў Менску. Мяне прывезьлі ў Варанова, асудзілі на дзесяць сутак, на энныя суткі зладзілі судзілішча па грамадзянскай справе аб накіраваньні мяне ў ЛПП — на гэты раз ужо ў судзе. Але праваабаронцаў мне не далі магчымасьці запрасіць. Пасьля адсідкі я быў адвезены ў гайцюнішскую вар’ятню, дзе падвяргаўся лячэньню. Фармальна… ад алькагалізму, ня будучы ніякім алькаголікам дэ-факта.

У Гайцюнішскай вар’ятні я сядзеў з алькаголікамі й вар’ятамі. Адзін зь іх вучыўся на эканамістага. Відаць, інтэлект ня вытрымаў і звар’яцеў. Увесь час мне распавядаў мікраэканоміку. Затым мяне кінулі ў пакой з вар’ятамі. У гэтым пакоі лячыўся мой далёкі родзіч па маме Зюнька Адаміцкі. Стары сталяр нямала выпіваў, таму ён ня ўспрымаў таго, што я яму казаў.

Надзея была толькі на Бога. Калі мяне будуць калоць аміназінам — я рана ці позна звар’яцею. Галоўнае, ніхто ня ведаў, дзе я і што са мной.

Перадумаў некаторыя цывілізацыі з маёй працы “Цывілізацыя Эўропы” (у вар’ятні я ўпершыню падзяліў кельта-лацінскую цывілізацыю на валійска-пратэстанцкую, гэльска-каталіцкую, ірляндыйска-каталіцкую і брэтонска-каталіцкую).

У канцы студзеня 2013 года ў Гародні я быў заарыштаваны.  Празь некалькі дзён адпраўлены ў Наваградзкі ЛПП-5. У час падарожжа мне далі зразумець, што гэта такі прэзэнт за гады актыўнай дзейнасьці. Якой – зразумела…

Зразумеў, што мяне не адразу на зону ці ў турму, а праз вар’ятню і лягер ЛПП.

 

КАРАНЦІН

Першага лютага 2013 года. Прыёмны пакой ЛПП. З сабой маю ноўт-бук, беларускія й польскія дакуманты. Маёр зьдзіўляецца й кажа: “Грамадзянін!!!”.

Каранцін знаходзіцца ў старым двухпавярховым памяшканьні, якое пабудавана недзе ў 1960-я.  Уваходжу да заўгаса. Хлопец зь Менску маладзей мяне кажа, што патрэбна ставіць кешар там і там. Што такое кешар, не разумею, толькі затым здагадваюся, што гэта мая вялікая торба.

Заходжу ў габінэт атрадніцы. Маладая жанчына, што паходзіць зь івейскіх татар, кажа, што я там быў некім, а тут – яна мая шэфова. Паводзіць сябе, як з сапраўднай клясычнай туранскай цывілізацыі, апісанай Фэліксам Канэчным. Часам размаўляе з людзьмі з дапамогай матаў. Мы знаходзімся на другім паверсе. Ля ўваходных дзьвярэй стаіць тумбачка і крэсалка. Распытваюся, куды ж мяне завязьлі. Тут войска ці вар’ятня? Кажуць, што зона. Яшчэ кажуць, што мне патрэбна падыйсьці да аўтарытэтнага чалавека й запытаць, якія тут паняцьці. Падыходжу. Аўтарытэт зь веданьнем справы заводзіць мяне ў прыбіральню й паказвае на месца для апушчаных, а таксама на рукамыйнік для апушчаных. Тлумачыць, што мне імі нельга карыстацца катэгарычна, бо адразу ж апусьцяць. “Праходзіцца” па паняцьцях.

У месцах пазбаўленьня волі зьняволеныя жывуць паводле няпісанай этыкі – паняцьцяў. З аднаго боку гэта добра, бо калі тры асобы з розных куткоў плянэты, з розных цывілізацый зьвесьці разам, то яны павінны карыстацца адной этыкай. Інакш яны не зразумеюць адзін іншага, бо будуць мець розныя этыкі – сыстэмы ўяўленьняў аб дабры і зле. Гэта будзе пагражаць вялікімі непрыемнасьцямі.

Стары зэк быў наглядчыкам каранціна. Спачатку ён сказаў, што вучыўся ў акадэміі міліцыі, а затым – забіў чалавека і пайшоў па зладзейскай кар’еры.  Законы ведаў. Радзіў вучыцца ў старых зэкаў запраўляць ложкі й многаму іншаму. Быў незвычайна крыклівым. Пазьней, ужо ўвосень даведаўся, што паводле адной вэрсіі гэта былы слонімскі прапаршчык міліцыі, які вазіў будучых вязьняў, але сам сьпіўся й “прызямліўся” у ЛПП. Асабліва абразьлівымі былі вывады каранцінаўцаў кожную раніцу на гадзіну-дзьве на мароз у межах двара, абгароджанага калючым дротам. Многія мерзьлі…

Я прыстасаваўся праз мэдычную частку выбягаць у кацельню з мэтай падагрэцца, бо быў в восеньскай куртцы і ў восеньскіх ботах. Дзякую шаўцу – старому чалавеку зь Ліды, які падшыў мне мае паношаныя восеньскія боты. Маразы стаялі невыносныя. Чалавек раней настаўнічаў, таму мы паразумеліся.

Затым – кантроль і ўваход у памяшканьне.

Аднойчы падчас вечаровага кантролю нам сказалі, што ў ЛПП кулак не гуляе, але затое ходзяць сухоты. Адна навіна выдатная, а іншая – найгоршая.

Кармілі ў каранціне вельмі блага, нечым накштаўт макаронаў, маннай кашы й г. д. Многія былі галоднымі як ваўкі. Тым, хто йшоў на начное дзяжурства, давалі на ноч дабаўкі. Сапраўдным алкаголікам звычайна хапала. Тыя адыходзілі ад алкагалізму.

Мяне ставілі вартаўніком да паловы ночы, або на зьмену пасьля паловы ночы. Вартаўнік павінен быў памыць падлогу, сходкі, прыступкі, а раніцой – разбудзіць заўгаса, санітара – аўтарытэта-наглядальніка, повара. У першай палове дня мог адпачываць, толькі павесіць на ложак шчыльдачку з надпісам “Начны дзяжурны”.

У пакоях было некалькі градусаў цяплыні, таму спалі звычайна ў куртках і шапках. Мая шконка (ложак) была на другім паверсе ля вакна, таму было асабліва холадна.

У каранціне хворыя на злоўжываньне алкаголю адыходзілі ад алкаголю. Ужывалі моцную гарбату (чэфір). З тымі, якія яе ня мелі – дзяліліся. Наглядальнік (рас. смотрящий) каранціна прыносіў з агульнага набытку атрадаў. Зь ім дзяліліся наглядальнікі атрадаў. Хворыя людзі пакутавалі, бегалі, уставалі ўначы й выраблялі розныя дурноты. Няўжо нельга знайсьці цывілізаваных спосабаў вывесьці чалавека са стану шматмесячнага або шматгадовага ўзалежненьня ад алкаголю. Дзікунства!

У каранціне я быў 23 дні. Затым мяне накіравалі ў дзявяты атрад.

 

ПАДАРОЖЖЫ

У дзявятым атрадзе, што знаходзіўся ў новым будынку, тыдзень мыў сэкцыі (пакоі), дзе знаходзяцца пацыенты-вязьні.

Без ўсялякага абмеркаваньня, мяне ў пачатку сакавіка 2013 года накіравалі ў жаночы ЛПП, што знаходзіцца ў Шышчыцах на Случчыне. Сказалі, што еду па этапе з самымі найлепшымі. Заўтра раніцою мы доўга чакалі этапу на марозе. Знайшоўся правакатар, але я на яго правакацыі не рэагаваў. У Шышчыцы ехалі больш двух дзясяткаў асобаў.

Шышчыцкі жаночы ЛПП. Знаходзіцца ў лесе, абгароджаны і ахоўваецца лепш, чым Наваградзкі. Прыехалі ўвечары. Нас расьсялілі ў сьпецыяльнае памяшканьне за калючым дротам. Памяшканьне было настолькі маленькае, што шконкі (ложкі) стаялі ў тры паверхі. Трэці паверх быў каля столі. Я зразумеў, што тут значыць звычайны чалавек.

Мае калегі – былыя зэкі-забойцы і зэкі-зладзеі. Жылі па вельмі ўзмоцненых паняцьцях. Наглядальнік, як я затым даведаўся – злодзей, які стаяў на кантролі ў псыхіятара. Яго намесьнік увесь час хадзіў з пацёркамі-чоткамі. Пацёркі ў зэкаў нешта абазначаюць. Яны іх перабіраюць, каб супакоіць сабе нэрвы. Выглядае дзіўнавата.

Яшчэ ў каранціне пазнаёміліся са старым 50-гадовым зэкам – Сяргеем з Нясьвіжу па мянушцы Фадзей. Калі яму было трыццаць год, памерла яго каханая. Пасьля Сяргей пачаў красьці і зрабіў сабе зладзейскую кар’еру. Чатырнаццаць год прасядзеў на зонах за розныя ходкі. Ходак меў нямала. Скраў, і адправіўся замест зоны ў ЛПП.

Правакатар і пацёрачны ладзілі правакацыі. Аднойчы пацёрачны сказаў, што я быццам падняў цыгарэту з падлогі ў прыбіральні. За гэта апускаюць… Аднак мне ўдалося даказаць іншае. Адразу паказаў мае цыгарэты й той фрагмэнт цыгарэты, што паліў. Абышлося.

Сярод нас сядзеў чалавек зь нізкім статусам дзіравага. Ён глядзеў тэлевізію і відэа з асобнага зэдліка, а таксама спаў на асобнай шконцы (ложку). Браць у дзіравага нічога было нельга, затое даваць можна было ўсё. Пацёрачнік у яго запытаў, ці ён не апушчаны. Той адказаў, што ў натуры — не, толькі не падзялілі зь некім на зоне месца пад сонцам.

Сакавік 2013 года быў самым халодным і самым цяжкім у маім ЛППшным жыцьці. Жыцьцё сярод зладзеяў і забойцаў далося ў адзнакі. Не адзін раз тэлефанаваў у “Салідарнасьць”. Шчыра дзякую Іне Кулей, Але Кароль, Дзянісу Каралю, Эле Гарэцкай за падтрымку ў той найцяжэйшы для мяне час.

У сталоўку хадзілі разам з жанчынамі. Казалі, што на той час у Шышчыцах знаходзілася больш сямісот жанчын: алкагалічкі былыя зэчкі, звычайныя алкагалічкі і такзваныя залётныя, г. зн. жанчыны, якія не зьяўляліся алкагалічкамі. Шышчыцкая сталоўка выглядала так, як і наваградзкая, толькі лазьня ў Шышчыцах была трагічнаю. Звычайныя жалезныя тазікі і некалькі дожджыкаў. У лазьні было надзвычай холадна. Як у такіх умовах мыюцца жанчыны?

З жанчынамі — жыхаркамі шышчыцкага “прафіляктора” сустракаліся падчас сьняданкаў, абедаў, вячэр і падчас працы. Працы былі самыя розныя: выкіданьне сьнегу, рубка дроваў ды інш.

Адна жанчынка даведалася, што ў яе захварэла дачка, й зьбегла з зоны. Дачку даглядала інкогніта, толькі пасьля таго, як вярнулася – атрымала 15 сутак арышту (“дзедавай хаты” як казалі пасядзельцы).

Яшчэ складаней было пражыць пяць дзён у выяздным пункце ЛПП  у Граньдзічах,  што на Маладзечыншчыне (СГК “Купала”). Жылі ў старой запушчанай школе. У адным баку – мужчыны, у іншым – жанчыны. Пяць дзён патрэбна было прыбіраць сьнег і паліць прымітыўныя печкі вясковай школы. Пасядзельцы працавалі ў калгасе. Заробкі, казалі, былі розныя. Часам добрыя.

Запамятаўся выпадак, калі мы ляжалі на адным ложку з былым зэкам-забойцам. Я на першым паверсе, ён – на другім. Яны з такім жа зэкам-забойцам на працы напіліся “чарніла”, а затым сталі сварыцца. Казалі такія словы, якіх я ня чуў зроду. Усё “ў натуры” і “ў натуры”. Сталі брацца за нажы й заточкі. Аўтарытэты іх разьдзялілі. Слабыя былі жарты…

Прывезьлі мяне туды на легкавіку аж са Случчыны да Маладзечаншчыны на легкавіку й адвезьлі зноў у Шышчыцы. Вязьлі зь нейкім кульгавым прапойцам з Палесься. Паляшук падумаў, што я паліцай-Ганс. Са мною не размаўляў.

Празь некалькі дзён з Шышчыц нас зноў адвезьлі ў наваградзкі ЛПП. Пераезды й фармальныя працэдуры шмонаў (вобшукаў), распрананьні-апрананьні на холадзе патрабавалі максімальнай стрыманасьці. У некаторых вазьняў здавалі нэрвы.

Шмоны-ператрусы ў Шышчыцах праводзіліся па-дзікунску. Многае выкідалася ў сьметнік ці на падлогу.

 

ПЕРАХОДЫ

Наваградзкі ЛПП 23 сакавіка 2013 года у параўнаньні з Шышчыцамі й Грандзічамі падаўся раем нябесным. Знаходжаньне з агіднымі злодзеямі й забойцамі падалося такім доўгім. Тут не было нават з кім паразмаўляць. Адзін расеец, які раней жыў у Салечніках (Летуве), зьдзівіўся, што да нас ставяцца наглядальнікі-міліцыянты ў форме ўнутраных войскаў, як да быдла. Іншы (таксама расеец), кубанскі казачок, што жаніўся на беларусцы з мастоўшчыны, казаў, што файна, бо нават ня б’юць бізунамі, а памяшканьне адносна цёплае. Якіх жа ўяўленьняў пра гонар і годнасьць ад яго было чакаць? Цывілізацыя туранская, а культура – казацкая.

Перад Днём Волі патэлефанаваў у Менск у Салідарнасьць. Павіншаваў маіх адзінадумцаў на волі. Пасьля найвялікшага нацыянальнага сьвята яшчэ раз затэлефанаваў у сталіцу. Іна Кулей адказала, што некалькі тысяч асобаў адзначылі шэсьцем Дзень Волі. Як прыемна было даведацца аб гэтым. Сапраўды, калі ты пазбаўлены волі й такое найважнейшае нацыянальнае сьвята… Для таго, каб затэлефанаваць, прыходзілася на холадзе стаяць ад паўгадзіны да гадзіны й больш. Каб максімальна абцяжарыць жыцьцё пасядзельцаў, на ўвесь лягер працавалі толькі тры, а часьцей 1 — 2 тэлефоны.

У ЛПП нам сказалі, што вы праходзіце курс рэсацыялізацыі. Я падумаў, што я быў сацыялізаваны няправільна, на эўрапейскі і заходні спосаб, а мяне рэсацыялізуюць на правільны спосаб – зіяцкі. Катэгорый каштоўнасьці жыцьця асобы, яе гонару і годнасьці, адказнасьці тут не йснуе. Так, як не йснуе і асобы. Ёсьць толькі «лица» — гэта значыць, твары. Як у ардзе Чынгісхана.

Прынялі ў дзявятым атрадзе. Малады шэф атраду, што са Шчучынскага раёну, цікавіўся мною. Пасядзельцам я быў нязручным, таму ад мяне ўсе атраднікі спрабавалі пазбавіцца. Новы двухпавярховы будынак, дзе разьмяшчаліся дзявяты й дзясяты атрады, быў збудаваны на балоце. Там амаль не было душавых кабін.  Я заўважыў, што ў цывілізацыі Эўропы гігіена ўведзена ў этыку. Усходнія цывілізацыі такой нормы ня ведаюць. Як пасьля штодзённай працы ўлетку лягаць спаць брудным?

Мой паход у штаб да шэфа ЛПП мне нічога практычнага ня даў. Той абяцаў, што я буду супрацоўнічаць з загадчыкам Івейскага краязнаўчага музэю, але абяцанка засталася цацанкай на радасьць камусьці (?). Увогуле, я пасьля даведаўся ад пасядзельцаў, што наш галоўны шэф-палкоўнік часта не выконваў тое, што абяцаў ім.

Празь некалькі дзён перавялі ў другі атрад. Атрадніка там не было, той знаходзіўся ў адпачынку. Затое ў другой секцыі другога атраду сядзелі два дысыдэнты. Абодва зь Ліды.

Адзін выглядаў на безнадзейнага алькаголіка, але, што нечакана для мяне, быў нацыянальна сьвядомым. Яго сын быў старшынём лідзкага “Маладога Фронту”. Іншы быў назіральнікам на ўчастку ў 1994 годзе, калі ў прэзыдэнты йшоў Зэнук Пазьняк. Потым з-за падставаў два разы хадзіў па зонах ды два разы быў у лягярох ЛПП. З лягернай бібліятэкі браў творы Уладзімера Караткевіча. Чытаў іх уважліва, лежачы на другім паверсе шконкі (ложка). У паняцьцях разьбіраўся. Сам паважаў паняцьці і жыў паводле іх. Даводзіў, што каб не паняцьці, то зэкі б пазабівалі-перарэзалі адзін аднаго. Зь яго вуснаў даведаўся, што ў Беларусі адсутнічае ўласная зэкаўская традыцыя, што нашы аўтарытэты зьвязаныя з расейскімі, а тыя дапамагаюць нашым.

Наглядальнікам у другой сэкцыі другога атраду быў Ігар – стары зэк-злодзей з Івацэвіч. Надзвычай дасьведчаны, ён пісаў вершы пра сваё жыцьцё, аднак так і не зразумеў, куды на год трапіў. Ён казаў, што гэта як зона, але й ня зона, бо шмат дурняў. Усіх паняцьцяў тут прытрымліваюцца толькі былыя зэкі, а большасьць жыве паводле большасьці зоннай зладзейскай этыкі, але ёсьць такія алькаголікі, якія страцілі інтэлект і яны ня здольны засвоіць нават самыя элементарныя паняцьці. Паказаў ліст ад ўласнага сына, у якім той піша “Дабрыдзень, мой біялягічны бацька”.

Тым часам у тым жа будынку сядзеў нацыянальна сьвядомы беларускі мастак са Сьвіслачы. У ЛПП трапіў выпадкова, быў сябрам суполкі мастакоў “Пагоня”. Зарабляў на тым, што маляваў партрэты пастаяльцаў. Меў тое, што павінен мець мастак, а, найперш — талент.

У пачатку красавіка сабралі брыгаду з шаснаццаці асобаў для працы на рассадніку ў Наваградзкім лясгасе. Пасьля пэўнага часу працы нашу брыгаду перавялі з другога атраду ў першы.

Першы атрад знаходзіцца ў зусім рарытэтным будынку, пабудаваным у 60-х гадох ХХ ст., а мо й раней. Мой стары знаёмы — былы аўтарытэт, што жыў па паняцьцях у Шышчыцах (злодзей-псіх з Барысава), быў ужо апушчаны. Чым ён правініўся, невядома, аднак у сталоўцы харчаваўся з асобнай міскі і браў харчаваньне асобна, не з атрадам, а зь іншымі апушчанымі. Калі я даваў яму цыгарэты, ён мне аднойчы сказаў: “Ты такі добры”. У мяне не было злосьці на псыхічна хворага чалавека за тое, што ён мяне спрабаваў апусьціць у Шышчыцах.

Ад малодшага злодзея даведаўся падрабязнасьці зладзейскіх законаў на зоне, найперш тое, што ў пачатку 1990-х зладзейскія аўтарытэты з ўсяе нашае Бацькаўшчыны сабраліся і вырашылі, што барбарскімі ўсходнімі спосабамі ў зонах караць нельга. Усё ж нашы беларускія зладзейскія аўтарытэты – эўрапейцы. Тое аптымізавала!

 

РАССАДНІК

Пяць месяцаў выездаў на рассаднік далі мне новы досьвед жыцьця.

Рассаднік Наваградзкага лясгасу знаходзіўся прыкладна ў пяці кілямэтрах ад нашага ЛПП, па шашы, што бяжыць зь Іўя аж да Наваградку. У канцы 90-х гадоў па ёй мяне везла наваградзкая дысыдэнтка Ірына Царук. Ля трасы знаходзіцца звычайны шлагбаўм. Лясная дарожка вядзе да акружанага з усіх бакоў лесам поля, на якім садзяцца, вырошчваюцца й выбіраюцца дрэўцы для лясоў.

Мае калегі-пасядзельцы былі рознымі.

Валянцін – паляшук з поўдня Івацэвіцкага раёну, відаць, даўно сябраваў зь зялёным зьміем. На мае пытаньне, ці вып’е ён з гарла бутэльку лікёру, адказаў па-паляшуцку, што няма праблем, бо лікёр — “компот”. Я, па праўдзе кажучы, быў шакаваны такімі здольнасьцямі.

Сяргей – балы аўтарытэт на ждановіцкім рынку ў Менску. Калі жонка яму сказала, што ніколі яго не кахала, а выйшла за яго замуж, каб жыць у Менску, тады ён і стаў глушыць сьпірытус. Усё ж мужчыны пераносяць такое надзвычай цяжка. Яго жонка ня ведала мужчынскай псыхалёгіі.

Ігар – былы злодзей зь Берасьця. У 90-я абакраў ювялірную краму ў заходнепаляшуцкай сталіцы. Адсядзеў нямала. Вынырнуў у ЛПП. Працаваў мантажнікам газавага абсталяваньня.

Алег – малады дваравы аўтарытэт зь Менску, а Юрый – расеец, што больш 20 год жыве ў Беларусі. Апошні ўсё жыцьцё праезьдзіў у цягнікох па ўсёй савецкай імпэрыі. Меў нейкую, па ягоных словах, звыштаямнічую працу. Працаваць не жадаў, затое быў надзвычай гаваркім агітатарам.

Янук – стары злодзей з Гародні. Усё жыцьцё краў і сядзеў. Цела было абколата. Па паводзінах відаць, што аўтарытэтны чалавек. Міхал зь Менску паходзіў з-пад Маладэчна, таму яго адразу выдавала мясцовая гаворка.

Запамятаўся берасьцеец Андрэй. Учуўшы ад мяне беларускую гаворку, ён падумаў, што я – бандэравец. Адкуль у Берасьці чалавеча мог чуць беларускую гаворкую? Потым, паездзіўшы па Наваградчыне, Андрэй зразумеў, што тут так размаўляюць многія. Піў Андрэй беспрабудна аж тры гады. У ЛПП прывязьлі яго з цёмна-чырвоным тварам. За тры гады першы раз на сьвет паглядзеў цьвярозымі вачыма. Праз чатыры месяцы мне сказаў, што яму хапіла б столькі. Што ён будзе тут рабіць яшчэ восем месяцаў? Ня ведаў!

Наш кіраўнік Іванавіч – высокі, брухаты ды вусаты лідзкі паляк. Ездзіў у Польшчу. Чытаў яму дакуманты ды розныя іншыя паперы па-польску. Часам быў у яго польскім пісарчуком. Катаўся на старой аўдзі-сто. І ўсе за “дзякуй” ды добрае стаўленьне.

У красавіку-траўні ды чэрвені жыцьцё на рассадніку было галодным. Цыгарэты  былі ў вялікім дэфіцыце, хлеб з сольлю таксама. Часам харчаваліся малюскамі. Іх смажылі на вогнішчы і елі. Сьняданкі складаліся з бульбы, зваранай з вадой, паштэту з перакручаных рыбіных галоў ды надробна перамеленых касьцей. Гарачая салодкая гарбата і зонны хлеб былі такімі смачнымі. Абеды вазілі з сабою ў вайсковым кацялку.

Разьлічваць на дапамогу было неадкуль. Толькі цэнтр “Салідарнасьць” мне дапамагаў як рэчамі (найперш адзежай), так і ежаю. І гэта была самая чаканая дапамога. Нават ня ведаю, як дзякваць! Здаецца, больш ніхто й ня ведаў, што я сяджу ў гэтым “Асьвенцыме”. Так вобразна пасядзельцы называлі нашу багаўгодную ўстанову з прадпрыемствам (прамзонаю).

Кава й гарбата з пасылкі ад цэнтру “Салідарнасьць” былі самымі смачнымі. Здаецца, ніколі ў жыцьці ня піў такіх смачных кавы й гарбаты.

Кожны дзень, акрамя суботы і нядзелі, раніцой а 7.30 мы выходзілі брыгадамі пад брунатную (карычневую) высокую жалезную браму, што адчынялася й зачынялася электрарухавіком. Крочылі з атрадаў. Тое называлася “маршам катаржан”. Нарэшце брама адчынялася і соткі асобаў выходзілі ў маленькі прамежкавы дворык. Перад брамай для кожнай брыгады стаялі вайсковыя кацялкі з харчаваньнем. Бралі харчаваньне і ставалі ў радкі. Кожная брыгада вызывалася. Кожная асоба праходзіла абразьлівы для яе гонару ды годнасьці дагляд. Правяралі лыжкі для харчаваньня, картку, паводле якой мы жылі. Яе называлі аўсвайсам.

Асабліва стараўся малы ідэйны наглядальнік. Мяне ён называў “заходнім шпіёнам”, “заходнім агентам”, “бэнээфаўцам”, “прафэсарам”, “пшэкам” і г.д. Аднойчы ён вывеў мяне зь цярпеньня. Я падаўся да шэфа ЛПП. Той пабег за мной і як дзяцёнак прасіўся, каб я ня йшоў да шэфа. Я сказаў яму, што мне яго шкада і ён – нявінная ахвяра таталітарнае ды каляніяльнае прапаганды. Пасьля гэтага старыя аўтарытэтныя зэкі, якія бачылі ўсё, пачалі мяне паважаць.

Аднак на яго гэта не падзейнічала. Тады на яго абразы я не рэагаваў, а на некалькі спробаў накінуцца так адмахваўся, што той адлятаў нібы малы сабачка.

Іншы наглядальнік, па мянушцы Доўгі, калі я адказваў яму ўвесь час па-нашаму, па-беларуску, — заявіў: “Мяжду протчэм, бяларускай нацыі как такавой не сушчэствуець. Беларусы – гэта сьмесь літоўцаў, палякаў і рускіх!”. Я пачаў весела рагатаць. Запытаў: “Які бязглузды дурань табе такое сказаў? Можа, які саўковы ваяка, ці яшчэ які расейскі імпэрскі шавініста?” І дадаў: “Ня ўсіх дурных вайна пабіла!”

А што было казаць? Можа, доўга чытаць лекцыю пра тое, што існаваньне беларускага народу даўно даказана навукова? Можа, спасылацца на досьледы Я.Карскага, М.Доўнара-Запольскага?

Аднак Доўгі быў ня злым. Іншы раз сказаў мне: “Гавары са мной на рускам языке”. Я запытаў яго: “Тут што ўжо Расея?”. Параіў уважліва прачытаць Канстытуцыю Беларусі. Той хіба ня ўсе словы разумеў, бо быў з Наваградку, а наваградзкая расейская школа яго таму не вучыла.

Прайшоўшы нагляд, мы накіроўваліся да белага сучаснага мазаўскага маленькага аўтобусіка, дзе нас чакаў маленькі кіроўца-камэдыянта Косьць. Калі той Косьць ўваходзіў у брому, то Доўгі яго біў па патыліцы і Косьць войкаў ад болю, баронячыся маленькімі ручкамі.

Аднойчы Косьць быў злы, ды разьвёў размову пра тое, што трэба пазабіваць усіх тых, хто разваліў Савецкі Саюз. Я яму распавёў, як мы радаваліся, калі даведаліся, што расейскай імпэрыі ўжо няма. Пашкадаваў, што імпэрыя не развалілася ў 60-я гады, калі большасьць нашага народу яшчэ гутарыла па-свойму, а не па-чужому – па-расейску.

Косьць вёз нас з канцлягеру — так паточна называлі яшчэ нашу ўстанову — у бок Наваградка. Высаджваў на рассадніку. Мы маршам катаржан крочылі як заўсёды па лясной дарожцы да рассадніка, дзе нас чакаў стары Іванавіч зь Ліды.

Кожны дзень садзілі маленькія дрэўцы, выбіралі іх, палолі, палівалі і г. д.

Калі сталі расьці грыбы, то наша становішча непараўнальна палепшала. У час абеду мы сталі зьбіраць грыбы-лісічкі й добра зарабляць. Грыбы ў нас прымаў мясцовы прадпрымальнік, што прыязджаў на “Волзе” у канцы амаль кожнага рабочага дня. Зараблялі па 50-100 тысяч рублёў. У “Асьвенцым” прыходзілі з торбамі, набітымі цыгарэтамі, гарбатаю, каваю, цукрам. Многае з гэткага набытку ішло наглядальніку ў агульнае (па-рас. – общак). Я ж яшчэ за грыбы прасіў Косьця купіць у Наваградку мне “Нашу ніву” ці “Народную волю”.  Калі ўваходзіў за брунатную браму з газэтамі, то іх хапаў ахоўнік з крыкам: “Анцігасударствянныя?”. Я звычайна прасіў паклікаць дзяжурнага афіцэра, ды казаў, што зарэгістраваныя ў Міністэрстве інфармацыі, прадаюцца афіцыйна. Тады былі крыкі, што газэты бэнээфаўскія, апазыцыйныя і г. д. Але тое сканчалася звычайнай сцэнай, калі ахоўнік быў вымушаны аддаць мне газэты, з пагрозамі, каб іншыя пастаяльцы іх не чыталі. Рэзананс ў першым атрадзе і ва ўсім “Асьвенцыме” быў адваротны. Прыходзілі аўтарытэты, нават наглядальнікі й чыталі мае газэты. Некаторыя казалі, што без мяне тут будзе не так цікава.

Звычайна частаваў гарбатай, цукрам, кавай пасядзельцаў уласнае сэкцыі, аўтарытэтаў, даваў у агульнае наглядальніку. Калі ты турбуешся пра людзей, то гэта ўсе адзначаюць. Аднойчы я даведаўся ў секцыі, што буду… прыблатнёным, а празь месяц мне надалі званьне блатнога.

У дзявятым атрадзе сядзелі два хлопцы зь Менску. Адзін меў пад трыццаць год і быў тэхнолягам. Выпадковы. Кахаў дзяўчыну, таму часта тэлефанаваў, а калі адносіны зь ёй абарваліся – не знаходзіў сабе месца. Другі – эканаміста-фінансіста з адукацыяй, гулец на біржах. Траціў свае фінансавыя набыткі, таму надзвычай хваляваўся. Таксама выглядаў на выпадковага – ахвяру абсурднага заканадаўства.

У першым атрадзе сядзеў аўтарытэт на ўвесь ЛПП – масьціты злодзей ва ўзросьце каля шасьцідзесяці год. Ён мог быць наглядальнікам атраду або зоны, аднак наш “канцлягер” лічыў дурной хатай, пасядзелкі ў якой прымарнавалі яго бліскучую зладзейскую кар’еру тэрмінам каля 25 гадоў. У краму заходзіў з задняй дзьверкі, браў сабе ўсё без чаргі. Супроць яго ніхто ня мог пярэчыць. Такія ў іх, у зладзеяў, паняцьці.

Увогуле, першы атрад займаўся гаспадарчымі справамі. Там сядзелі работнікі сталоўкі, качагары й г.д. Было некалькі маіх землякоў. Адзін доўга піў у вёсцы, размаўляў на польска-беларускай трасянцы. Я зь ім мог паразмаўляць, а іншыя разумелі далёка ня ўсё. Распавядаў розныя дзівы.

Былі два летувісы. Адзін – апушчаны бажалака, а іншы – проста алкаголік. Мы часам дамаўляліся громка па-летувіску. Ля штабу бажалака запытаў у мяне, ці працуе крама. Я адказаў, што пакуль не, а запрацуе з 11 гадзінаў. Афіцэры, што стаялі ў штаба, былі зьдзіўлены. Казалі, што тут сядзяць замежнікі. Сталі спрачацца, адкуль у іх беларускія дакуманты. А можа, іх закінулі?… Мне стала не да сьмеху. Падумаў, што будуць вадзіць на допыты.

Аднойчы мне падумалася, чаму ж у нас паводле старой усходняй традыцыі такія ўстановы называюцца ЛПП, ды яшчэ нумаруюцца. Назвалі б “Канцэнтрацыйны лягер імя І. Сталіна”, або “Канцэнтрацыйны лягер імя Л. Берыі”. Дзіўна? Вось такія думкі мне прыходзілі ў голаву.

Асаблівую радасьць прынесла кашулька зь бел-чырвона-белым сьцягам і гербам Пагоня, перасланая мне маімі сябрамі з Радуні. На суботы-нядзелі я яе апранаў.

Найвялікшая радасьць – раздрукоўка маёй працы “Цывілізацыя Эўропы”, прысланая мне сп. Інай Кулей з Цэнтру “Салідарнасьць”. Зьявілася магчымасьць далейшага карэктаваньня. Мае калегі-канцлягернікі са зьдзіўленьнем глядзелі на маю працу. Той-сёй спрабаваў нават чытаць.

Асабліва ўразіў выпадак ўлетку, калі некалькі пасядзельцаў выводзілі старога чалавека на КПП для аказаньня хуткай мэдычнай дапамогі. Пасьля прыезду з рассадніка мы ўбачылі ля КПП родных у жалобным адзеньні. Казалі, што чалавек памёр, так і не дачакаўшыся першае мэдычнае дапамогі. Жыцьцё чалавека тут нічога не каштуе. Мае спробы даведацца, ад чаго памёр чалавеча, ня мелі дакладнага выніку. Казалі, што, хутчэй за ўсё — ад сухотаў.

 

БУДОВА

Знаходжаньне і праца ў першым атрадзе мне дадалі аўтарытэту. У канцы лета мяне выкінулі зь першага атрада, перавёўшы ў трэці на перавыхаваньне за мае крытычныя выказваньні да такзванага Шкларэза (Шкларэз – мянушка атрадніка трэцяга атрада).

Запамяталася, як Шкларэз на вечаровай праверцы нам казаў, што мы не армяны, а славяны. Карысная лекцыя для многіх, але па сутнасьці — бязглуздая.

Аднойчы я ляжаў на шконцы на другім паверсе. Заходзіць Шкларэз і запытвае, што я чытаю. “Народную газету” я называю дысыдэнцкай прэсай. Шкларэз выказаўся ў тым духу, накшталт шкада, што ўсіх дысыдэнтаў у Савецкім Саюзе ня зьнішчылі. Яны ж прыйшлі да ўлады ў 1990-я і столькі ў народа “крыві выпілі”. Я быў шакаваны такімі ўяўленьнямі нашага шэфа аб дысыдэнтах.

У Беларусі дысыдэнты ніколі не былі ва ўладзе. А шкада, бо Асобы, якія прайшлі пакуты, маглі прынесьці этыку ва ўладу. Маглі заняцца выкрыцьцём неэтычнасьцяў у папярэдніх рэжымаў.

У трэцім атрадзе мяне чакаў добры прыём і высокі статус. Спаў са старымі зэкамі, многія зь якіх былі аўтарытэтнымі. У пакоі падтрымлівалі чысьціню й лад. Наглядальнік нават выказваўся аб “тэндэнцыях” у пакоі. Такіх складаных слоў аднекуль нахапаўся.

Яшчэ мяне чакала праца на будоўлі — спачатку ў калгасе на Наваградчыне пры будове новага кароўніка, затым у найлепшай будаўнічай кампаніі ў Лідзе “Будвектар”, кіраўніком якой зьяўляецца казахстанскі немец Пётр Петарс.

Сярод маіх калегаў па працы ў калгасе былі безнадзейныя алькаголікі, якія марылі толькі аб бутэльцы. Адзін – настаўнік з Малдовы Алег. Жыў у Кішынёве, выкладаў там гісторыю ў расейскай школе. У пачатку 90-х прыехаў у Менск. Спачатку настаўнічаў, а потым сьпіўся да такой ступені, што працаваў на будовах пры дапаможных працах. Ува многім страціў інтэлект. Савок безнадзейны.  Памятаю, як у калгасе ён мяне назваў нацыяналістам.

Алесь – беларус з Наваградчыны. Нацыянальна сьвядомы. Дапамагаў будаваць даільню ў калгасе. На будове ўмеў рабіць усё. Казаў, што сам вучыўся на будовах у Менску, Маскве й Санкт-Пецярбурзе. Прыяжджаў і ад’яжджаў на мікрааўтобусе “Фальсваген”.

Дастаткова сьмешны выпадак адбыўся, калі падчас абеду адзін калгасьнік пахваліў “Бацьку” за тое, што ён дае на абед катлеткі. Яшчэ б!

Нашы тры калегі нешта “загналі” з будовы й напіліся “чарніла” ды гарэлкі так, што адзін хістануўся пры фэйскантролі на ўваходзе ў ЛПП. Усю нашу брыгаду перавялі на допінгкантроль. Пасьля – тры п’янчугі былі пасаджаны ў “дзедаву хату” (так тут называлі ЛПП-эшны ізалятар), выкінуты з брыгады і пераведзены на прамзону. Гэта значыць, што яны працавалі на пілараме ці пры дошках за пачку цыгарэт за тыдзень.

Андрэй Гнілякевіч – вядомы паўабаронец жодзінскага “Тарпеда” ў 90-ыя гады – пасьля сканчэньня кар’еры, відаць, так і не знайшоў сябе ў гэтым няпростым звычайным жыцьці. Падпіваў і паступова… трапіў у ЛПП, дзе хадзіў у спартовай форме ўласнага клюбу. Увесь час крычаў фанацкія запевы, што “Тарпеда” Жодзіна ўсіх пераможа. Быў на выязьдзе, толькі аднойчы так перабраў алькаголю, што калегі яго аддалі ў ЛПП. Пры кантролі нешта прасьпяваў пра непераможнае “Тарпеда” Жодзіна. За гэта быў пераведзены на пілараму. У “дзедаву хату” вядомага футбаліста не садзілі. Я запрашаў яго на каву ды гарбатку. Хлопец быў вясёлы. Меўшы пад сорак год, яшчэ жыў футболам, часам выглядаючы на 20-гадовага юнака.

Мне пашанцавала. Я набіраў вагу і нават экстразлодзей Ігар зь Івацэвіч запрасіў мяне на чэфір (супэрмоцная гарбата) з нагоды сваяго дэмбелю з лягеру.

Алесь – нацыянальна сьвядомы беларус-паляшук з Лунінецкага раёна — пісаў уласныя допісы ў лунінецкую незалежную газэтку. Яго хвалявалі многія нашы праблемы. Незайздрасны лёс нашага народа і Бацькаўшчыны для 50-гадовага Алеся быў неаддзеленым ад ўласнага лёсу. Якія сьветлыя людзі ў нас ёсьць!

Валера – працавіты будаўнік зь Ліды. Родам зь Івейшчыны. Зямляк Зянона Пазьняка. Высокай думкі аб сваім знакамітым земляку. Служыў у дэсаньце, таму быў надглядуючым ва ўласнай сэкцыі. Пры неабходнасьці ў атрадзе таго-сяго “ставіў на мейсца”. У ЛПП адправіла цёшча.

З восені ўсё часьцей і часьцей стаў карыстацца “магазам” (так пасядзельцы называлі нашу краму). Чарга ў краму як заўсёды была вялікай. З самае раніцы. Праходзілі па некалькі асобаў. Паказвалі нашы “аўсвайсы” і на 200-400 запрацаваных рублёў на месяц набіралі цыгарэты, запалкі, запальнічкі, гарбату, каву й цукар, а таксама станкі для галеньня й мыла. У каго было больш грошаў бралі згушчонае малако. Абслугоўваліся адразу аўтарытэтныя людзі, а каранціньнікі – па-за чаргою. Грошы на рукі нам не выдавалі, толькі давалі тавары на пэўныя сумы. Найаўтарытэтнейшыя заходзілі зь іншай дзьверкі.

Падчас зімовай нацыянальнай праэўрапейскай рэвалюцыі ва Ўкраіне нам надзвычай не хапала інфармацыі аб тым, што насамрэч адбываецца на кіеўскім Майдане Незалежнасьці. Мелі магчымасьць толькі глядзець афіцыйныя каналы, якія асьвятлялі падзеі надзвычай тэндэнцыйна. Толькі доступ да бібліятэкі, знаёмства зь бібліятэкарам – івейскім міліцыянтам-пэньсіянэрам – доступ да “Нашай нівы”, “Народнай Волі”, іншых незалежных СМІ давала мне больш шырокую карціну рэвалюцыі. Да першага лютага 2014 года — часу майго зыходу з ЛПП — (калі ў Расеі яшчэ не пачаўся вэймэрскі сіндром — масавы імпэрскі псыхоз) пастаяльцы па-рознаму ўспрымалі ўкраінскую рэвалюцыю. Некаторыя расейцы і зрасейшчаныя ад пачатку ставіліся па-імпэрску, шавіністычна. Нацыянальна сьвядомыя беларусы – пазытыўна. Як спробу ўкраінскага народу вызваліцца ад расейскае імпэрыі. Асноўная большасьць – ніяк. Хоць расеец Дзямідаў, што другі раз знаходзіўся ў ЛПП, казаў, што ён за фашыстаў, г.зн. за рэвалюцыянераў. Даводзіў, што мы – алькаголікі, і нам чым горш, тым лепш.

Дзямідаў быў ня першы раз у Наваградзкім ЛПП. Шкларэз, убачыўшы маю працу “Цывілізацыя Эўропы”, шчыра зьдзівіўся. На агульным зборы атраду давёў Дзямідаву, што ў нас нават некаторыя працы-кнігі пішуць, а ня тое, што многія нават ня здольны напісаць на плоце некалькі слоў без памылак. Шкларэзьнік быў юрыстым паводле адукацыі.

Аднойчы перад строем Шкларэз мяне з пагардай назваў “палітычным”. Я ніяк не адрэагаваў.

Наяўнасьць вошаў, блохаў ды іншых паразытычных насякомых у другім, трэцім атрадах – справа звычайная. Старыя памяшканьні, што пабудаваны ў 70-я гады ХХ ст. апальваюцца дрэнна. Пастаяльцы распранаюцца і апранаюцца ў атрадах у адным месцы. Уся гэта азіятчына – цяжкая расейска- і савецка-імпэрская спадчына. Звычайныя пастаяльцы пражываюць разам з былымі злодзеямі й забойцамі, таму і павінны лічыцца з паняцьцямі. Чаму? Такія катэгорыі павінны быць разьдзелены. Чаму звычайныя хворыя людзі павінны жыць з былымі зэкамі?

Час ад часу да нас прыяжджалі праваслаўны й каталіцкі сьвятары. Пабудавана праваслаўная каплічка, а для каталікоў для імшы адведзены адумысны пакой.

Складанае ўражаньне вызывае чытаньне расейскай праваслаўнай літаратуры. Дзе там рэлігія, а дзе прапаганда расейскага імпэрскага шавіністычнага сьветагляду — невядома. Замест таго, каб падтрымаць хрысьціян іншых канфэсіяў – крытыка вуніятаў.

Якое ўражаньне ад сьвятара-летувіса, які ў ЛПП вядзе каталіцкую імшу не па-беларуску, або па-польску, а па-расейску? Невядома нават, як адказаць?

Самае каштоўнае – гэта малітва. У такім месцы асабліва адчуваеш, што ходзіш пад Богам. Таму і праваслаўныя, і каталікі маліліся шчыра. Дзякуй Табе, Божа, за руплівых сьвятароў, якія нас падтрымоўвалі ў цяжкія хвіліны!

Супярэчлівае ўражаньне атрымаў ад атрадніка-гісторыка. Той мне даводзіў, што ў маладосьці быў ня толькі добрым студэнтам-гісторыкам, але і актывістым Маладога Фронту. Разносіў улёткі. Я ў яго запытаў, што тады ён робіць у гэтым ЛПП дрэсіруючы хворых людзей. Тай адказаў, што зь цягам часу пераацаніў каштоўнасьці. Яму адказаў, што я не пераацаніў і пераацэньваць ня буду. Для мяне беларуская нацыянальная ідэя – сьвятое! Адчуў сваю этычную перавагу. Бог ім судзьдзя!

Аналягічнае супярэчлівае ўражаньне выклікаў беларус традыцыйны каталік з Наваградчыны — псыхоляг ЛПП. Былы савецкі афіцэр-палітрук дапрацоўваў да пэнсіі. У 1990-я гады завочна скончыў псыхалёгію. Зьдзіўляўся, чаму вязьні не жадаюць працаваць на прамысловай зоне. Хто ж будзе працаваць за пачку цыгарэт у тыдзень?

Незвычайная атмасфэра чаканьня датэрміновага вызваленьня з ЛПП панавала. Паступова стала зразумела, што гэта ўсяго толькі чуткі.

Нарэшце я даведаўся, што Наваградзкі ЛПП вобразна называлі “Асьвенцымам”, а Сьветлагорскі – “Бухенвальдам” з-за суворасьці нораваў, што там панавалі. Маленькі ЛПП у Койданаве-Дзяржынску славіўся сваёй узорнасьцю. Там пераклічкі былі, казалі, па чатыры-пяць разоў у суткі, а сядзела ўсяго каля паўтары соткі асобаў.

Студзень 2013 года быў марозьлівы. Мы часта выходзілі зьбіраць галінкі на венікі.

Запамятаўся пасядзелец-габрэй Давід зь Менску. З усімі ў сталоўку не хадзіў. Толькі прасіў забраць ягоны хлеб. Я пунктуальна забіраў і адносіў. Некаторыя люмпэны і маргіналы падсьміхалі зь мяне. Маўляў, навошта жыду прыслугоўваеш? За колькі ён купіў цябе? Давід харчаваўся ўласным харчаваньнем, што атрымоўваў зь перасылак ды купляў у краме. Яно было кашэрным.

Запамятаўся таксама стары народны музыка Міхась – былы выкладчык музыкі з Полаччыны. Нацыянальна сьвядомы знаўца соцень народных песень, відаць, некалькі год злоўжываў гарэліцай з чарачкі на імпрэзках. Вынік – ЛПП. Чытаў вершы Максіма Танка.

Усіх даставалі ператрусы. Іх праводзілі нават афіцэры ў афіцэрскай форме нутраных войскаў. Ператрасалі ложкі, асабістыя рэчы, шукалі заточкі ці нешта іншае? Невядома… Няўжо для выкананьня такіх брудных работ не хапала прапаршчыкаў й іншых службовых неафіцэрскага званьня?

У апошні вечар я сваім калегам-канцлягернікам заварыў трохлітровую банку чэфу. Паводле старой канцлягернай традыцыі мы яе разам з цукеркамі выпілі.

Назаўтра мяне на ранішняй праверцы віталі воплескамі ды казалі, што безь мяне будзе не так цікава.

Неаднойчы сустракаў былых зэкаў-пацыентаў-канцлягернікаў на свабодзе. Казалі, што мяне баяліся  нашы каравульшчыкі ў формах унутраных войскаў. Ня ведаю, як баяліся, але былі вымушаны дзейнічаць паводле заканадаўства. Толькі таму, што я некалькі разоў перачытаў заканадаўства аб ЛПП й інструкцыі па ўнутраным парадку.

 

ЗАКЛЮЧЭНЬНЕ

Заканадаўства аб папярэджаньні масавага алькагалізму і аб барацьбе зь ім павінна быць максымальна разбудаваным, г.зн. улічваць самыя розныя моманты і прымяняцца ў дачыненьні да кожнай асобы індывідуальна з улікам дзясяткаў розных чыньнікаў.

ЛПП як перажытак савецкае эпохі патрэбна адмяніць. Замест ЛПП максімальна разбудаваць наркалягічныя адзьдзяленьні найперш раённых лякарняў. Тыя асобы, якія ўсьведамляюць уласную хваробу і паводзяць сябе мірна, павінны праходзіць рэгулярнае дабраахвотнае лячэньне. Пасьля крызысаў-запояў павінны быць пакладзены ў адзьдзяленьні, дзе ім павінна быць аказана мэдычная дапамога па вываду іх з стану ўзалежненасьці.

Важна ўвесьці інстытут дапамогі для хворых на злоўжываньне алькаголю. Асобы, якія прызнаны алькаголікамі, працуюць і ня ў стане распараджацца ўласным заробкам (бо ён разайдзецца на набыцьцё і злоўжываньне алькагольных напояў, г.зн. будзе прапіты), павінны атаварвацца таварамі ў прысутнасьці трох сябраў камісіі.

Прымусовае лячэньне ад алькагалізму можа быць толькі па рашэньню суда.

У выпадку, калі хворая на алькагалізм асоба парушае адміністрацыйнае заканадаўства і паводзіць сябе буйна, па рашэньню суда яна спачатку павінна быць накіравана на абавязковае лячэньне (з аховаю) і толькі затым адбываць адміністрацыйнае пакараньне.

На жаль, у нашым соцыюме з аднаго боку алькагалізм стаў масавым, а зь іншага — у масавай сьвядомасьці няма разуменьня таго, што алькаголік – найперш хворы чалавек, таму ён павінен найперш праходзіць лячэньне.

У масавай сьвядомасьц дамінуе ўсходняе стаўленьне для алькаголікаў як для злачынцаў ці патэнцыйных злачынцаў. Часам кажуць, што алькаголікаў патрэбна працаўладкоўваць на фізычна цяжкія працы, кастраваць, забіваць, садзіць на пажыцьцёва ў канцэнтрацыйныя лягяры – поўная фашызацыя масавае сьвядомасьці.

Можа, для алькаголікаў на трэцяй ступені алькагалізму з надзвычай запушчанай хваробай па рашэньні суда павінна прымяняцца абавязковае лячэньне з часовай ізаляцыяй на месяц і больш. Без аховы для тых, хто ўсьведамляе цяжкасьць сваяго стану і з аховай для тых, хто будзе паводзіць сябе буйна, уцячэ зь мейсца абавязковага лячэньня зь ізаляцыяй. У такім выпадку лячэньне павінна быць прымусовым з аховай.

Мы павінны зьмяніць стаўленьне да асобаў, хворых на злоўжываньне алькагольных напояў, з прафашыстоўскага на гуманнае. Працаваць з нашым атамізаваным соцыюмам, які не зьяўляецца супольнасьцю — ні нацыянальнай, ні грамадзянскай.

Недапушчальна пакараньне нашых нацыянальна сьвядомых эліт пасадкаю ў ЛПП як наўпрост за грамадзкую і палітычную дзейнасьць, так і ўскосна. Ускосна — гэта тады, калі ў адпаведных органах даведаюцца, што пэўная асоба – раз на месяц-два ўжывае алькаголь. Яе пільнуюць, ловяць, складаюць пратаколы і… на год у ЛПП.

ЛПП паводле суворасьці пакараньня, паводле ўражаньняў асобаў, якія сядзелі на зонах, нагадвае калёнію агульнага рэжыма — г.зн. зону. Казалі, што год побыту ў ЛПП адпавядае дзевяці-адзінаццаці месяцам побыту ў зоне агульнага рэжыму.

Харчаваньне ў ЛПП мала чым адрозьніваецца ад харчаваньня ў зоне. Пры тым, што тут пасьля такога “калярыйнага” харчаваньня трэба займацца фізычнай працай. У адрозьненьні ад зоны, атрады тут не абгароджаны дротам, няма лякалак паўсюдна акрамя каранціну. Таму можна пераходзіць з атраду ў атрад. Ахоўнікі ў будках стаяць зь кіямі, але без аўтаматаў. Пастаяльцы не апранаюць зоннае адзеньне, часта ходзячы ва ўласных абносках.

Распрацоўка праектаў новага заканадаўства, увядзеньня новых інстытутаў і г. д. павінна быць прадметам абмеркаваньня сярод праваабаронцаў, мэдыкаў, юрыстаў, палітыкаў. Прымітыўнае, неадэкватнае, антыгуманнае заканадаўства, паводле маяго перакананьня, павінна быць адменена. Інакш ёсьць вялікая спакуса “зачыняць” на год многіх палітычна і грамадзка актыўных асобаў.

У будучыні, калі ў нашай Бацькаўшчыне пераможа народная (нацыянальная) ідэя, трэба будзе зрабіць музэі генацыду на месцах ЛПП. Пакінуць брунатныя брамы, двух- трохпавярховыя ложкі ў атрадах, кацельню, сталоўку, клюб і ўсё, што там ёсьць. Прывозіць і паказваць нашчадкам, як сядзелі людзі, якія ня зьдзейсьнілі ніякага крымінальнага злачынства.

Увосень да Шкларэзьніка прыязджалі дзеткі з Наваградка, каб паглядзець на нас. Ім было данесена зусім інакш… Які маразм!

 

ПАРАДЫ ДЛЯ БУДУЧЫХ ЗЬНЯВОЛЕНЫХ

— Ніколі не супрацьстаўляйце сябе іншым зьняволеным. Гэта небясьпечна. Нават калі Вы дэ-факта вязень сумленьня, гэта не дае Вам права пагарджаць іншымі вязьнямі. Фармальна, тут усе аднолькавыя.

— Жывіце паводле паняцьцяў. Паняцьці – няпісаная этыка, якая выкарыстоўваецца ў месцах пазбаўленьня волі. Інакш Вас апусьцяць. Адзін вядомы палітвязень у 2011 годзе праігнараваў паняцьці й яго апусьцілі. Потым, пасядзеўшы апушчаным, — пісаў прашэньне аб памілаваньні…

— Не супрацоўнічайце з адміністрацыяй. За гэта вас могуць пабіць і нават забіць, асабліва калі Вы данесьлі на некага і хтосьці з-за Вас меў праблемы. Стукачоў у такіх месцах ня церпяць. Ня дайце сябе завербаваць адміністрацыі. Аб спробе завербаваць Вас паведамце наглядальнікам атраду ды зоны.

— Дапамагайце іншым. Тое вам дадасьць павагі сярод вязьняў. Падзяліцеся адзежаю, кавай, гарбатаю, цукрам і г. д.

— Не паддавайцеся на правакацыі. Да Вас могуць падкінуць правакатара(-аў) з мэтаю вас дыскрэдытаваць дзеля таго, каб Вас апусьцілі. Кажыце аб гэтым наглядальнікам. Супроць правакатараў будуць прыняты меры.

— Не кантактуйце з дурнямі, люмпэнамі, маргіналамі. Іх могуць настроіць супроць Вас. Не прымяняйце ў адносінах да іх фізычную сілу. Прымяніце толькі тады, калі яны канкрэтна пагражаюць Вам нажом, заточкаю, кіем і г. д. Паведамце наглядальнікам. Будуць прыняты канкрэтныя меры ўзьдзеяньня.

— Па магчымасьці ўважліва перачытайце неабходнае заканадаўства, каб не парушаць яго.

 

В.Куплевіч

Лістапад 2015 года

 

Каментары (7)

  1. Павел Біч:

    Пакуты сп. Куплевіча ўражваюць. Чалавек атрымаў вялікі псіхалагічны досвед. Як яго выкарыстаць? Гдзесь-ці ён напісаў, што працягвае свой аналіз цывілізацый. Хацеў перачытаць яшчэ раз, але пры беглым праглядзе не адшукаў. Але ці деліць сп. Куплевіч наш рэгіён на больш мелкіе цывілізацыйные адзінкі? Напрыклад, як можна пскавічан ці ноўгародцаў запісаць ў адну кучу з казакамі? Пра першых царскіе ваеводы пісалі царю. што яны да нас варожые (пратівные), хочуць ваяваць на баку шведаў, другіе нават ў наш час апора пуцінскага рэжыма. Цяжка -не падзяліць украінцаў. да і нас таксама. Але і у нас і ва Украіне ( і тым больш у Расеі) гэтага пазбягаюць — працуе імкненне набіраць як мага болей людзей ў сваю краіну.. Вось чаму расейцы пастараюцца рана ці позна прыхапіць і нас ў РФ. Палякі таксама даўно закінулі сець па атлаўліванню лепшых (амбіцыйных) у нас. Нашы людзі цяпер бегуць не толькі ў Польшчу і Расею, але і ва Украіну.. Белые рашкі з апазіцыі каштоўнасць Нацыянальнага не разумеюць. Як нам ставіцца да Ідзіл? Для постмодерністаў усе рэлігіі аднолькавы. Але інфармацыі так мала, што разважаць болей я не буду, каб не нагаварыць глупстваў. Усіх абурае знішчэнне ідзілаўцамі помнікаў культуры мінулага. Але з іншага боку Земля не гумавая. і рана ці позна Старое прыйдзецца знішчаць каб даць мейсца Новаму. У папереднім каментару я напісаў мненне Бадріяра што бачыць замест Чагось- ці Нішто гэта вялікая асалода для челавека. Дагадваюся, што для людзей культуры 18 ст. (калі збіраліся музеі) пачуць такое абразліва..

  2. Siarhiej:

    Карная медыцына.
    ЛПП — адлюстраваньне нашага грамадства.

  3. Siarhiej:

    “отметил Рудый, процитировав Конфуция, говорившего, что «правитель — это ветер, а народ — трава». Читать полностью: http://news.tut.by/economics/491770.html

    Нават не быдла, а трава! Вось за каго гэтыя падонкі нас трымаюць!

  4. Павел Біч:

    Сяргей, па тваёй спасылцы адшукаць нічога не атрымалася. Няўжо вы усе такія занятые, што лянуецеся напісаць крыху падрабязнее што хацелі сказаць? Як можна прылажыць Канфуцыя да нашай сітуацыіі поўнага разгрома апазіцыі? Таго і глядзі лес нашага народа будуць вырашаць без прадстаўнікоў нашага народа як гэта адбылося на Брэстскай канференцыі. Апазіцыю ужо не хочуць слухаць на Захадзе, Лукашенку таксама не пусцяць на парог. Ён па-майстроўску выканаў ролю дыктатара, калі гэта было патрэбна для расіянаў, беларусаў а таксама ідыётаў з СНД. Калі ж справа дойдзе да Вялікіх зрухаў на нашых землях, вырашаць усе без нас. Так што там хацеў сказаць Канфуцый, акрамя той банальнасці што ты, Сяргей , працытаваў?.

    • Алесь Астроўскі:

      Прыемна бачыць, як эвалюцыянуюць вашыя погляды, сп. Біч: ад стану, калі вы спадзяваліся на падтрымку Захаду, Польшчы ў нашым змаганьні супраць расейскага імперыялізму, да сёньняшняга вашага значна больш глыбокага разуменьня сітуацыі. Зробіце яшчэ адзін крок: усьвядоміце, што супраць аб’ектыўных (справядлівых) інтарэсаў вялікалітвінаў-беларусаў на іх уласнай зямлі дзейнічае СІСТЭМА ГЛАБАЛЬНЫХ СОЦЫЯПАРАЗІТНЫХ СІЛ — і вы цалкам пяройдзеце на Рэалістычныя сьветаглядныя пазіцыі, якія прапагандуе наша рэдакцыі ўвесь час існаваньня сайта.
      Посьпехаў вам на гэтым шляху…

  5. Павел Біч:

    Між пазіцыяй Захада — дапамагчы беларускай апазіцыі, каб яна атарвала Беларусь ад Расеі, і пазіцыяй Захада — адштурхнуць бел. апазіцыю каб яна не блыталася пад нагамі і вырашыць наш лес на перамовах з Расейяй (Польшчу на перамовах па Украіне не дапускаюць) — усё ж ёсць істотняя розніца. Таму радавацца некаторым (я блізкі да такой радасці, таму што меня апазіцыя не чуе) што пацвердзілася тое што наша апазіцыя нікчэмная — будзе магчыма неправільна. Карачэй адна надзея на молодзь. А яна уся звалілася ў Рэлігію.

  6. Напісаньне ўспамінаў далося цяжка, але… Нежаль у цывілізацыі Эўразіі асоба нічога ня варта… Нядаўна размаўляў з адным навукоўцам-краязнаўцам з званьнем кандыдата навук. І што пачуў? Што ў Расе дэмакратыя не патрэбна, бо там рэлігійнае месіва. Дэмакратыя можа быць толькі ў монанацыянальных дзяржавах. Казаў ён яшчэ аб еднасьці славян. Нажаль веймерскі сіндром у Расеі моцна здэфармаваў сьветагляд нават часткі адэкватных людзей у бок расейскай імпэршчыны. Станіславу Судніку ён закінуў тое, што той каталік, значыць паляк. Маўляў прадаліся Захаду і Амэрыцы.
    Ня ведае, бядак, што на Нясьвіжчыне пасля забароны Вуніі сялян аўтаматычна перавялі ў расейскую (эўразійскую) вэрсію праваслаўя, а шляхта адкупілася і перайшла ў рымскае каталіцтва. Сп. Станіслаў церпяліва тлумачыць сваім землякам, што яны — найперш ліцьвіны-беларусы, а ўжо потым — шляхта. Гэта ж прагрэсіўна.
    Цяпер працую ў Радунскім цэнтры краязнаўства, экалёгіі й турызму. Узялі часова на тры месяцы замест хлопца які служыць у войску. Сабраў соткі старонак каштоўнай інфармацыі пра нашых славутых землякоў, зрабіў некалькі дзіцячых навуковых прац па геаграфіі і экалёгіі. Магчыма ўдасца стварыць віртуальны музей прысведчаны нашым славутасьцям.
    Уражвае подзьвіг Тодара Нарбута і ягоных дзяцей. Менавіта тут, у першай палове ХІХ ст. у вёсцы Шаўры што ля Радуні была ўпершыню напісана дзевяцітомная гісторыя ВКЛ пад назваю Dzieje stsrozytne narodu Litewskiego. Тут, ля Радуні была перакладзена са старабеларускай мовы Хроніка Быхаўца. Дзесяць год Тодар працаваў над перакладам. Тодар, даведаўшыся ў Вільні што ў маёнтку Магілёўцы ля Слоніму жыве пан Аляксандр Быхавец і ў яго ляжыць унікальная Хроніка што дасталася яму ад продкаў, тэрмінова коньмі едзе зь Вільні аж пад Слонім. Просіць каб пан Аляксандр прадаў яму Хроніку. Кажа, што дасьць пану Быхаўцу любыя грошы. Даводзіць, што не яму патрэтна Хроніка, а ўсяму нашаму народу. “Народ павінен ведаць сваю гісторыю!”. Праз год пан Быхавец поштаю прысылае яму Хроніку. Які прыклад патрыятызму і самаахвярнасьці для нас! Кранае ўсё гэта.
    Ісраіль мэер Хафіц Хаім, які трымаў у Радуні ешыву і быў вядомы ў жыдоўскім свеце дрэнна ставіўся да шавіністычнага сіянізму. Ён папярэджваў жыдоў, да чаго можа прывесьці сіяністычны шавінізм. Двойчы сабраў грошы і адбудаваў Радунь (ня толькі хаты жыдоў) пасля пажараў. За тое жыхары майго мястэчка (не жыды) пасьля Другой сусьветнай катэгарычна былі супроцб вывазу магілы слыннага юдаіста ў Ізраіль. На радунскія жыдоўскія могілкі штодня прыяжджаюць жыды пакланіцца Ісраіль Мэеру. Хафец Хаім дапамагаў ня толькі жыдом але й хрысьціянам.

Пакінуць каментар

*

  • Старонкі

  • Рубрыкі

  • Апошнія запісы

  • Архівы