nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Польшча здулася як прабітая гума

Красавік 17, 2016 | Каментары (4)

Рэдакцыя.

Польшча здулася

 

Паколькі мы працягваем сачыць за тым, як заходнія краіны “дапамагаюць” беларускаму народу змагацца за ўсталяваньне зьмястоўнай дэмакратыі ў Беларусі, мы не маглі прапусьціць сенсацыйны матэрыял, які нядаўна быў выстаўлены на сайце “Польскага радыё” (гл. тут: http://radyjo.net/4/91/Artykul/247984). У беларускіх апазіцыйных СМІ гэты факт пастараліся зрабіць малаістотным (пра афіцыйныя СМІ і ўвогуле ня кажам). Мы ў такіх сітуацыях па меры сіл імкнемся рабіць наадварот – трэба ж ведаць, хто і што напраўду рабіў у цяжкі для нашага народу час… Таму ніжэй выстаўляем узгаданы матэрыял (мы яго нязначна адрэдагавалі), а затым паспрабуем пракаментаваць.

 

 

1.

ПОЛЬШЧА ПЕРАСТАНЕ ПАТРАБАВАЦЬ АД ЛУКАШЭНКІ ДЭМАКРАТЫІ, А БУДЗЕ ПАТРАБАВАЦЬ МІНІМАЛЬНАЙ ПАШАНЫ ПРАВОЎ ЧАЛАВЕКА і НЕЙТРАЛІТЭТУ

Аляксандар Папко

(08.04.2016 г., http://radyjo.net/4/91/Artykul/247984)

Польшча ня зможа прасоўваць дэмакратычныя і рынкавыя рэформы ва ўсходніх краінах-суседзях і падштурхоўваць іх да зьбліжэньня з Еўразьвязам. Галоўнай мэтай польскай палітыкі ў дачыненьнях зь Беларусьсю будзе забясьпечыць нейтральнасьць Менска і недалучэньне яго да расейскай канфрантацыі з Захадам. Замежная палітыка сёньняшняга ўраду партыі «Права і справядлівасьць» будзе моцна адрозьнівацца ад палітыкі, якую праводзіў урад пад кіраўніцтвам гэтай партыі 8 гадоў таму.

Так лічаць удзельнікі дыскусіі “Усходняя палітыка «Права і справядлівасьці»”, што нядаўна прайшла ў Варшаве.

Польшча здулася 2

(Удзельнікі дыскусіі: публіцыстка Малгажата Ноцунь, палітолагі — Міхал Патоцкі, Анджэй Шэптыцкі, Павал Пурскі)

 

 

Шмат хто ў Беларусі й Украіне спадзяваўся, што пасьля перамогі на парламенцкіх выбарах кансерватараў Варшава пачне праводзіць актыўную замежную палітыку на ўсходнім кірунку [гэта так!!! – Рэд.]. Польшчу бачылі як галоўнага адваката Ўкраіны ў Еўразьвязе і актыўнага прыхільніка дэмакратызацыі Беларусі. Варта прыгадаць, што стыпендыяльная праграма імя Каліноўскага і тэлеканал «Белсат» былі створаныя тады, калі ўрад Польшчы ўзначальвалі палітыкі «Права і справядлівасьці».

Некаторыя публіцысты нават спадзяваліся, што Варшава пачне рэалізоўваць праект «Міжмор’я» [пра жаданьне рэалізацыі гэтага праекта казаў сам прэзідэнт Польшчы Дуда! Па сунасьці пра гэта ж казалі амерыканцы. – Рэд.] – эканамічнага і палітычнага саюзу краінаў ад балтыйскага да чарнаморскага ўзьбярэжжа. Аднак Польшча ня будзе ў стане рэалізаваць гэты праект, як і ня будзе дамагацца свабодных выбараў у Беларусі – лічаць польскія эксьперты па ўсходнееўрапейскай тэматыцы.

Польшча здулася 3Чаму ў бліжэйшай будучыні Варшава ня зможа прасоўваць еўрапейскія каштоўнасьці й рынкавыя рэформы сярод усходніх суседзяў? Галоўная прычына заключаецца ў тым, што польскі ўрад страціў падтрымку дзяржаваў Еўразьвязу. Да гэтага прывёў канфлікт ураду з канстытуцыйным судом і грамадскімі СМІ – кажа прафесар Варшаўскага ўніверсітэту палітолаг Анджэй Шэптыцкі (гл. фота).

А. Шэптыцкі: “Польшча – ня звышдзяржава. Яна можа гуляць толькі ў камандзе, і апошнія 12 гадоў яна даволі эфектыўна гэта рабіла. Прыгадаем ролю Польшчы ў мірным вырашэньні канфлікту падчас Аранжавай рэвалюцыі, стварэньні Ўсходняга партнэрства, удалую рэакцыю на ўвядзеньне Расеяй эмбарга на польскія мясапрадукты. Усё гэта можна было зрабіць, дзякуючы сяброўству Польшчы ў Еўразьвязе. Цяпер, калі пазіцыя Польшчы ў ЕЗ слабее, дамагчыся нейкіх посьпехаў на ўсходнім кірунку будзе нашмат цяжэй”.

Польшча здулася 4Другая прычына, з-за якой Польшча перастане патрабаваць ад Менска дэмакратызацыі, заключаецца ў неабходнасьці запэўніць бясьпеку сваёй усходняй мяжы. Менавіта пытаньні бясьпекі падштурхнулі міністра замежных справаў Вітальда Вашчыкоўскага напрыканцы сакавіка наведаць Менск. Польшчы важна, каб Беларусь ня ўмешвалася ў супрацьстаяньне Расеі з Захадам – кажа вядомы журналіст-міжнароднік Міхал Патоцкі (гл. фота).

М. Патоцкі: “Кожны месяц, на працягу якога Лукашэнку ўдасца пераканаць не разьмяшчаць у Беларусі расейскую вайсковую базу, дае нам час на мадэрнізацыю нашай арміі й распрацоўку планаў абароны. Гэта яшчэ адзін месяц, на працягу якога мы можам адчуваць сябе больш бясьпечнымі ў адносінах да Расеі”.

Польскі ўрад ня будзе патрабаваць ад Лукашэнкі дэмакратызацыі. Аднак мінімальнымі ўмовамі для супрацоўніцтва стануць нейтральнасьць Менска і павага да правоў чалавека – лічыць Міхал Патоцкі.

М. Патоцкі: “Былы міністар замежных справаў Радаслаў Сікорскі падчас свайго візіту ў Менск рабіў націск на дэмакратызацыю – гэта значыць, на свабодныя выбары. А Вітальд Вашчыкоўскі хутчэй акцэнтуе пытаньні правоў чалавека: каб у Беларусі не было палітычных вязьняў, не праводзіліся рэпрэсіі супраць апазіцыі, каб афіцыйную рэгістрацыю атрымалі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» і тэлеканал «Белсат». Калі з Лукашэнкам размаўляюць пра дэмакратыю, ён не ўспрымае сваіх суразмоўцаў усур’ёз. Калі ж яму паведаміць, што ўзамен за акрэдытацыю «Белсату» ён атрымае грошы на мадэрнізацыю памежнага пераходу – то гэта Лукашэнка ўспрымае як канкрэтную прапанову, вакол якой можна весьці перамовы. Калі пару такіх дробных, але важных для Польшчы і беларускага грамадства пытаньняў удасца вырашыць, то гэта ўжо будзе канкрэтны вынік польска-беларускай «адлігі»”.

Польшча здулася 5Рэалізаваць даўнюю мару польскіх кансерватараў – саюз краінаў «Міжмор’я» – таксама ня ўдасца, лічыць эксперт парталу Eastbook.pl Павал Пурскі (гл. фота). [Бо] далёка ня ўсе краіны рэгіёну лічаць неабходным аб’ядноўвацца з-за расейскай пагрозы.

П. Пурскі: “Краіны Еўразьвязу, а таксама патэнцыйныя ўдзельнікі гэтага праекту не захочуць выступаць супраць Расеі [аб’ядноўвацца з мэтай уласнай абароны, гэта значыць “выступаць супраць Расеі”?! гэта што за логіка?! – Рэд.]. Яны маюць рознагалосьсі ня толькі ў стаўленьні да Масквы, але і ў зносінах паміж сабой. Паглядзіце, напрыклад, на супярэчнасьці паміж Вугоршчынай і Румыніяй, альбо Польшчай і Летувай. Так што «Міжмор’е» застанецца прыгожай ідэяй, хаця хто ведае – калі вызначым кірункі супрацоўніцтва [ну, дык, давайце зьбірацца, сядаць і вызначаць… – Рэд.], магчыма, нешта з гэтага ў будучыні выйдзе”.

Зьнешнепалітычным праектам не спрыяюць і грамадскія настроі ў Польшчы. У сацыяльных сетках і СМІ ўсё часьцей чутныя галасы супраць Еўразьвязу, уцекачоў, як заходніх, так і ўсходніх суседзяў Польшчы. Як й іншым грамадзянам Еўразьвязу, палякам усё менш хочацца дапамагаць замежнікам [трэба яднацца, каб дапамагаць сабе! – Рэд.], а ўсё больш хочацца сканцэнтравацца на ўласных праблемах [ці ж не зьяўляецца бясьпека “ўласнай праблемай” для палякаў?! – Рэд.]. Калі раней у грамадстве панавала згода наконт таго, што Польшчы варта несьці еўрапейскія дэмакратычныя каштоўнасьці на Ўсход, то цяпер гэтая ідэя таксама стала прадметам вострай дыскусіі.

На думку эксьпертаў, ня варта чакаць, што ў бліжэйшыя гады Польшча будзе актыўна спрыяць «еўрапеізацыі» краінаў-суседзяў. Варшава ня зможа праводзіць эфектыўную ўсходнюю палітыку, пакуль ня верне даверу Еўразьвязу, і пакуль самі краіны Еўразьвязу не пагодзяцца, што Ўсходняя Еўропа для іх важная [а да ЕЗ гэта яшчэ не дайшло? — Рэд.].

Ніхто ў польскім урадзе ўжо ня цешыць сябе надзеяй, што Лукашэнку ўдасца дэмакратызаваць [нарэшце хоць гэта дайшло! – Рэд.]. Палітыка Варшавы будзе скіраваная на рэалізацыю мінімальных супольных інтарэсаў зь Менскам. Галоўным такім інтарэсам зьяўляецца нейтральнасьць і незалежнасьць Беларусі.

(канец цытаваньня)

 

2.

Каментар рэдакцыі.

Гэты матэрыял, нягледзячы на яго паўсюднае ігнараваньне, на справе зьяўляецца сейсацыйным!

На фоне той радасьці ды спадзеваў, якія ў нас (дый у многіх іншых беларусаў-літвінаў) узьніклі ў сувязі з прыходам да ўлады ў Польшчы людзей, значна больш прыстойных, чым былі іх папярэднікі апошнія 6 гадоў (гл. http://nashaziamlia.org/2015/05/25/7547/;  http://nashaziamlia.org/2015/05/28/7565/http://nashaziamlia.org/2015/10/31/8107/), на фоне заяваў новага прэзідэнта Польшчы распачаць рэалізацыю праекта “Міжмор’е” (http://www.polradio.pl/5/38/Artykul/216158; гл. мапу ўнізе зьлева), які блізкі па сваёй сутнасьці да ідэі садружнасьці дзяржаў Балта-Чарнаморскага рэгіёну (http://nashaziamlia.org/2015/08/01/7782/; гл. мапу ўнізе справа) і які фактычна быў падтрыманы з ЗША (http://nashaziamlia.org/2016/01/22/8280/), на фоне больш чым 20-гадовага чаканьня і ранейшага накіраваньня Польшчай на “дэмакратызацыю Беларусі” вельмі значных грашовых сум (http://www.belaruspartisan.org/bel/politic/245208) — у нас, мусім прызнацца, у сувязі з данай інфармацыяй адбыўся “аблом”…

Польшча здулася 6

Як так: столькі часу, грошай, спадзеваў, чаканьняў і… абяцаньняў, а ў выніку – пшык!

А дзе аналіз прычын правалу ранейшай палітыкі Польшчы на ўсходнім кірунку?! Дзе тлумачэньні?

Так, пэўныя тлумачэньні мы пачулі. У іх прысутнічае рацыянальны элемент, але адчуваецца і пэўная недагаворанасьць… Ня будзем зьвяртаць увагу на дробязі (напрыклад, на пытаньні: што гэта была за група палітолагаў? перад кім яны выступалі? пра што казала пані Ноцунь?), назавем рэчы значна больш прынцыповыя, якія засталіся непатлумачанымі й нават неагалошанымі…

Вось некаторыя з пытаньняў:

— акрамя адкрыцьця праграмы імя Каліноўскага і тэлеканала «Белсат», пра што ў матэрыяле з гонарам узгадваецца, Польшча ў 2008 годзе ўвяла знакамітую сваёй падступнасьцю і злачыннасьцю, накіраванай супраць нашага беларуска-літвінскага народу, Карту паляка. Ужо тады мы выразна выказалі свой пратэст і заклікалі спыніць гэтую здрадніцкую, гнюсную акцыю  (http://nashaziamlia.org/2008/12/30/1706/ ; http://nashaziamlia.org/2009/01/01/1709/ ; http://nashaziamlia.org/2009/01/08/1712/). Мы нават аб’явілі польскіх імперыялістаў ворагам беларускага народу №4 (http://nashaziamlia.org/2010/02/24/3087/). Ведаем, што наша пазіцыя дайшла да адрасата… Але, нягледзячы на ўсё адзначанае, злачынная “карта” і сёньня працягвае разбураць нешта стратэгічна істотнае – а менавіта, патэнцыял брацкіх стасункаў паміж беларуска-літвінскім і польскім народамі. Адсюль пытаньне: у сувязі з новымі палітычнымі абставінамі, ці не зьбіраецца новае кіраўніцтва Польшчы ўсё ж крытычна перагледзець і гэты асьпект сваёй дзейнасьці, агалосіць вынікі й адмяніць сваю ганебную “карту”?

наступнае пытаньне: калі “далёка ня ўсе краіны рэгіёну лічаць неабходным аб’ядноўвацца з-за расейскай пагрозы” ў рамках Альянсу балта-чарнаморскіх нацый (ці праекта “Міжмор’е”), каб разам вынікова супрацьстаяць расейскай імперскай пагрозе, ці ня лепш у сувязі з гэтым не адмаўляцца ад названых праектаў, а пачаць аб’яднаньне тых грамадска-палітычных сіл з усіх краін рэгіёну, якія лічаць такое аб’яднаньне карысным?

яшчэ пытаньне: вы – палякі – заяўляеце, што будзеце рэалізоўваць зь Менскам (чытай, з Лу-кам) мінімальныя супольныя інтарэсы. А якія дачыненьні будуць у вас цяпер з прадстаўнікамі беларускай нацыянальнай эліты?!

— стратэгічную зьмену палітыкі кіраўніцтва Польшчы ў дачыненьні да Беларусі палітолагі патлумачылі найперш тым, што польскі ўрад страціў падтрымку дзяржаваў Еўразьвязу, дзе пазіцыя Польшчы аслабла. Але яны не патлумачылі, што такое здарылася, з-за чаго новае кіраўніцтва Польшчы страціла такую падтрымку? Зьява, як бачым, прыцыповая. Дзе яе тлумачэньне?

— тое самае датычыць “супярэчнасьцяў” паміж Польшчай і Летувай. Пра гэтыя “супярэчнасьці” мы ведаем з вуснаў летувісаў – у Летуве, на тэрыторыі Віленшчыны, Польшча ўвесь час падбухторвае касьцельных “палякаў” патрабаваць сабе нейкія неабгрунтаваныя правы. Пытаньне: а што на гэты конт могуць сказаць польскія палітолагі? Мы – беларусы-літвіны – маглі б выступіць тут у ролі трацэйскага суддзі…

— нарэшце, апошняе пытаньне:  калі Польшча да нядаўняга часу выдаткоўвала на “дэмакратызацыю Беларусі” дзясяткі мільёнаў даляраў, ці нельга даведацца, канкрэтна каму і канкрэтна на што пайшлі гэтыя грошы?

Карацей, дзе АНАЛІЗ ПРЫЧЫН ПРАВАЛУ РАНЕЙШАЙ ПАЛІТЫКІ ПОЛЬШЧЫ што да “дэмакратызацыі Беларусі”? Дзе агалошваньне высноваў на будучыню?

Іх няма. Таму мы будзем іх чакаць…

Акрамя таго, у заключэньне мы — беларускія зьмястоўныя (нацыянальныя) дэмакраты — у чарговы раз выказваем свой спадзеў на тое, што новыя ўлады Польшчы ў дачыненьні да нашага народу і дзяржавы нарэшце спыняць свае агрэсіўныя дзеяньні — “Крэсы всходне”; “Карта паляка”; спыняць узьвялічваньне “Арміі краёвай”, якая ў час Другой сусьветнай вайны забівала беларусаў на іх уласнай зямлі; спыняць польскую імперскую прапаганду ў касьцёлах на тэрыторыі Беларусі, а таксама этнацыд беларусаў Беласточчыны; спыняць ігнараваньне сапраўдных нацыянальна-дэмакратычных сіл у Беларусі й пачнуць шчырае ўзаемадзеньне зь імі.

Дык як, “браты-палякі”, усё яшчэ “За нашу і вашу свабоду”? Ці як?…

 

Каментары (4)

  1. Siarhiej:

    Ці як?
    Частковы адказ на гэта пытаньне дае артыкул http://charter97.org/be/news/2016/4/12/199295/.
    Там таксама ёсць спасылка на поўны англамоўны тэкст аналізу.

  2. С.Высоцкі:

    Польшча-наш вялікі сусед, які зараз відавочна шукае сваю новую палітыку, новы курс, што да Беларусі, Літоўскай Рэспублікі, краінаў Балта-Чарнаморскага вектару…
    Новая адміністрацыя прэзідэнта Дуды вызнала папярэднюю ўсходнюю палітыку правальнай!Не сумняюся, што польскія ўрадаўцы валодаюць такой інфармацыяй пра афіцыйную беларускую апазіцыю ды мафію, якая зарабіла мільёны на бядзе беларусаў!
    Аднак тут многае залежыць ад польскага грамадства, ад падтрымкі балючага працэсу вызнаньня памылак і перагляду палітыкі да суседзяў!
    Адзін прэзідэнт, які праўдзіва ўскрыў гнайнік квазілібералізму, пачаў барацьбу супраць закабаленьня мафіяй польскай нацыі, супраць маскоўскай агентуры, не можа рабіць усё!
    Відавочна, што па беларускай тэме кансерватары сутыкнуліся з такой страшнай мафіяй,з такімі цёмнымі спонсарамі “беларускай дэмакратыі” праз Белсат ды іншыя Дамы, што невядома, ХТО МАЦНЕЙШЫ — ПОЛЬСКІ ЎРАД, ЦІ ГЭТАЯ МАФІЯ!..
    Таксама ў Польшчы ёсьць шавіністычнае лобі, якое таксама нездаволенае новым курсам Дуды, ды фрагментарна блакуецца з мафіяй супраць кансерватыўнага прэзідэнта!
    Бачна, што ў заходніх краінах заўважылі страшную карупцыю па тэме “падтрымкі беларускай дэмакратыі”, пабачылі новаствораны Альянс Балта-Чарнаморскіх Нацый, у які пакуль аніводная польская партыя не ўвайшла, пабачылі недавер элітаў той жа Беларусі да Польшчы…І гэта не на пустым месцы…
    А ЗАРАЗ ПАЧАЎСЯ ПЕРАЕЗД ВЯДОМЫХ АНАЛІТЫЧНЫХ ЦЭНТРАЎ ПА ЎСХОДНЯЙ ЕЎРОПЕ, ЕЎРААТЛАНТЫЧНЫХ СТРУКТУР З ПОЛЬШЧЫ Ў ЛІТОЎСКУЮ РЭСПУБЛІКУ!
    Вінаваціць тут палякам няма каго акром сябе!

    І застаецца ключавое пытаньне, ШЫРОКІ І КАНКРЭТНЫ АНАЛІЗ ПРЫЧЫНАЎ ПРАВАЛУ ПАЛІТЫКІ ПОЛЬШЧЫ ШТО ДА “ДЭМАКРАТЫЗАЦЫІ БЕЛАРУСІ”?!.
    ПАКАЗАЛЬНЫМ ЗЬЯЎЛЯЕЦЦА ГРАБАВОЕ МАЎЧАНЬНЕ АПАЗІЦЫЙНЫХ СМІ ПРА ГЭТУЮ КАНФЕРЭНЦЫЮ, ПРА БАРАЦЬБУ Ў ПОЛЬШЧЫ ПА ГЭТЫМ ПЫТАНЬНІ!
    АЛЕ МАЎЧАЦЬ І АПАЗІЦЫЙНЫЯ БОНЗЫ! МАЎЧАЦЬ УСЕ, У КАГО РЫЛЬЦА Ў ПУШКУ…АД РОЗНЫХ КАНДЫДАТАЎ У ПРЭЗІДЭНТЫ ДА “НАШАЙ НІВЫ” І “НАРОДНАЙ ВОЛІ”!

    Маладыя польскія палітолагі закранулі тэматыку,якая мае выбуховы элемент,якая для нас зьяўляецца звышактуальнай!
    Страчаныя больш за 20 гадоў, сьпісаныя мільёны даляраў. Адбывалася гэта найчасьцей праз польскія інстытуцыі, і адкінуць гэтую тэму немагчыма! Немагчыма пачаць новыя стасункі між элітамі дзьвух нацый без кардынальнага высьвятленьня, што гэта было і да чаго гэта прывяло!
    Бо сапраўды выходзіць так, што 20 гадоў праз Польшчу ішло шалёнае фінансаваньне чорт ведае каго, чорт ведае ў якіх маштабах, А ЦЯПЕР, КАЛІ ВЫБУХНУЎ НОВЫ РУСКІ ФАШЫЗМ (РАШЫЗМ), КАЛІ САПРАЎДЫ БЕЛАРУСКІМ ПАТРЫЁТАМ ПАТРЭБНАЯ ПАДТРЫМКА — ПОЛЬШЧЫ ЎМЫВАЕ РУКІ?!.”ГУДБАЙ, МАЙ ЛАВ, ГУДБАЙ!”

  3. Мікола:

    навошта рэдакцыя выпраўляе тарашкевіцу на “наркамаўку зь мяккімі знакамі” ?

    • Рэдакцыя:

      Рэдакцыя абрала для сваіх публікацый такі варыянт беларускай арфаграфіі, які найаптымальна адлюстроўвае мяккасьць, мілагучнасьць і гарманічнасьць беларускага маўленьня. Пры гэтым мы ня лічым карысным сьлепа прытрымлівацца некаторых правілаў граматыкі Тарашкевіча, асабліва тых, якія з’яўляюцца штучнымі і відавочна пагаршаюць успрыняцьце і карыстаньне мовай. Наша ж мова і яе арфаграфічнае ўвасабленьне з’яўляюцца зразумелымі і звычнымі для ўсяго народу і таму найлепш выконваюць паразумляльную і аб’яднаўчую ролю, якая з’яўляецца для мовы асноўнай, а таксама вельмі важная для нашай беларускай справы.

Пакінуць каментар

*

  • Старонкі

  • Рубрыкі

  • Апошнія запісы

  • Архівы