nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Лілія Шаўцова: Надышоў час Захаду памыцца…

Чэрвень 2, 2016 | Каментары (5)

Шаўцова 1Матэрыял, які мы прапануем нашым чытачам ніжэй, фактычна працягвае і разьвівае тэму папярэдняга матэрыяла (http://nashaziamlia.org/2016/05/26/8625/), бо паказвае, што пэўныя сілы на Захадзе нарэшце ня толькі пачалі рэвізаваць свае ранейшыя павярхоўна-фармальныя ўяўленьні пра Расею, а і пачынаюць крытычна пераансэнсоўваць уласную ролю – ролю самаго Захаду — у тых негатыўных працэсах, якія ідуць сёньня на глабальнай палітычнай сцэне. Ніжэй мы выставілі тэкст інтэрвю, які дала Лілія Шаўцова (гл. фота) для выданьня Newsader (браў інтэрвю Аляксандр Кушнар). Яна расейская гамадзянка, доктар гістарычных навук, палітолаг, сёньня працуе ў Брукінгскім інстытуце (тэкст інтэрвю набраны адсюль: https://www.youtube.com/watch?v=DfvTfuH3-kM).

 

1.

А.Кушнар: Лілія Фёдараўна, эпізод зь нядаўняй правакацыяй расейскага самалёта ў Балтыйскім моры [гл. фота ўверсе. – Рэд.] зьяўляецца часткай больш маштабнай праблемы, якую вы дакладна апісалі ў сваім лютаўскім інтэрвю “Голасу Амерыкі”. Тады вы сказалі, што аўтарытарныя рэжымы, якія апынуліся ў праблемным полі, паводзяць сябе больш жорстка і агрэсіўна, шантажуючы навакольны сьвет і найперш Захад. Гэта сьведчыць не пра іх сілу, а пра іх адчай. Наколькі далёка можа зайсьці гэты адчай? Ці можа ён выліцца ў рэальнае супрацьстаяньне з НАТА? Ці гаворка ідзе пра вечную імітацыю?

Л.Шаўцова: Я сапраўды выкарыстоўваю гэты тэрмін – “адчай”, калі думаю пра расейскую палітыку, таму што многія дзеяньні Крамля [ўладароў Крамля. – Рэд.] выглядаюць сапраўды як адчайныя, не абумоўленыя рэчаіснасьцю. У ліку такіх – рашэньне Пуціна пра стварэньне Нацыянальнай гвардыі. Калі ты маеш рэйтыг у 86%, навошта табе Нацыянальная гвардыя як мацнейшы сілавы і рэпрэсійны рэсурс? Інакш як адчаем, дакладней, неадэкватным успрыняцьцем [рэчаіснасьці] гэты крок не назавеш.

Але я ўсё ж прапаную адысьці ад эмоцый, таму што гэта са сьферы псіхааналізу. І мы можам памыляцца альбо не памыляцца, зьяўляючыся суб’ектыўнымі. Калі ж задумацца над логікай “танца” Расеі на міжнароднай арэне, то вядома ж часьцей за ўсё мы бачым унутраную абумоўленасьць гэтай вонкавай палітыкі. Расейская вонкавая палітыка, асабліва сёньня, зьяўляецца прыладай для кампенсацыі няздольнасьці ўлады [расейскіх уладаў. – Рэд.] адказваць на новыя выклікі і адначасна ёсьць сродкам улады  для кансалідацыі грамадства вакол сябе.  Высьветлілася, што атрымаць ухваленьне расейцаў у вонкавай палітыцы лягчэй і зручней, чым атрымаць ухваленьне абсалютна правальнай сацыяльна-эканамічнай палітыкі ўнутры краіны. Таму перад намі праблема выжываньня ўлады і адначасна паказчык ступені неадэкватнасьці расейскай палітычнай сістэмы. Калі яна вымушана шукаць [апоры для] легітымнасьці звонку – гэта ўжо, як кажуць, дыягназ.

Разам з тым, крыніцай паводзін Расеі на міжнароднай сцэне зьяўляецца і сама міжнародная сітуацыя, якая можа дыягнаставацца як разгубленасьць, параліч і, магчыма, крызіс сістэмы міжнародных дачыненьняў.

 

— У чым, па-вашаму, заключаецца гэты крызіс?  

— Першае, адыход Амерыкі ад сваёй глабальнай адказнасьці. Ёсьць у ЗША такі папулярны выраз Retrenching, які азначае нешта накшталт “імкненьня схавацца ў ракавіну” [у нашай культуры “схавацца ў бульбу”, “прыкінуцца шлангам”; “я ня я і хата не мая”. – Рэд.]. Гэта тое, што робіць Абама – адводзіць Амерыку ў ракавіну… Між тым, сьвет не прызвычаены існаваць без лідзіруючай і дамінуючай ролі Злучаных Штатаў. У выніку атрымліваецца дыфузія ўлады і разгубленасьць нават на ўзроўні міжнародных інстытутаў.

Другое. Паглядзіце, што робіцца ў Еўропе.  Інакш як крызісам еўрапейскай супольнасьці сітуацыю не назавеш. Калі Меркель вымушана падстаўляць сваё плячо Бруселю і безь яе ўвогуле многія праблемы, аказваецца, немагчыма вырашыць. Пачынаючы з грэксіт  [крызіс у Грэцыі з пагрозай яе выхаду зь ЕЗ. – Рэд.] і заканчваючы наплывам мігрантаў-уцекачоў.

Нарэшце тое, што надыходзіць у гэтым годзе, верагодна, спародзіць ня проста галаўны боль, а інсульт ЕЗ. Я кажу пра брэксіт – пра магчымы выхад Вялікабрытаніі зь Еўразьвязу. За гэтым можа пасьледаваць абвал картачнага доміка – Шатландыя, Каталонія і г.д. Нездарма Абама нядаўна наведаў Лондан, каб пераканаць англічан застацца ў Еўропе, бо без Брытаніі яна перастане быць Еўропай.

Уся гэтая дэз’арыентацыя Захада стварае вакуум у сьветапарадку, правакуючы неліберальныя дзяржавы запаўняць яго.

Вядома, для нас з вамі важным ёсьць чыньнік Расеі ў сіла нашага грамадзянства [расейскага]. Але паглядзіце, што робіцца ў Паўднёва-Кітайскім моры. Ініцыятыва Кітая ня толькі стварыць штучныя выспы, але і пабудаваць флатылію з 20 плавучых атамных станцый зь ядзернымі ўстаноўкамі па ўсім перыметры Паўднёва-Кітайскага мора, знаходзячыся пры гэтым у канфлікце і зь Японіяй, і В’етнамам.

Калі мы кажам пра агрэсіўную мача-палітыку Пуціна ў Сірыі, трэба памятаць, што Сірыя – гэта яшчэ і поле гульні Ірана, які таксама жадае запоўніць сваю долю вакуму.

Такім чынам, цяпер на міжнароднай арэне склалася выключна небясьпечная і непрадказальная сітуацыя, якая ў першую чаргу зьвязана з упадкам Захаду [!!! – Рэд.]. Гэта тое, што жадае выкарыстаць “міжнародны інтэрнацыянал [дыктатараў”], у якім забойнай сілай зьяўляецца Расея. Таму, калі мы абмяркоўваем расейскую вонкавую палітыку і дачыненьні Расеі з Украінай, давайце паглядзім на сітуацыю комплексна: Захад аслаб і справакаваў рэваншысцкія паводзіны Масквы, Тэгерана і Пекіна.

 

— Што вы разумееце пад слабасьцю Захада? Вы маеце на ўвазе вайсковы асьпект альбо каштоўнасна-інфармацыйны?   

— Захад страціў місію і драйв.  Слабасьць Захаду – гэта яшчэ і састарэласьць палітычных сістэм, якія ў абсалютнай большасьці заходніх краін не адпавядаюць патрабаваньням новага грамадства.

У мяне на стале ляжыць апошняя кніга Фрэнсіса Фукуямы Political Order and Political Decay: From the Industrial Revolution to the Globalization of Democracy (“Палітычны парадак і палітычны заняпад. Ад індустрыяльнай рэвалюцыі да глабалізацыі дэмакратыі”).  Апошняя глава [прысьвечана] якраз палітычнаму заняпаду ў Злучаных Штатах. У ёй аўтар даводзіць, што палітычная сістэма, створаная бацькамі-заснавальнікамі, ужо не адпавядае амерыканскаму грамадству. Яна настолькі састарэла, што будзе аднаўляць сталы [хранічны] крызіс.

І мы гэты крызіс бачым: само вылучэньне сацыяліста Берні Сандэрса, а таксама Дональда Трампа, абсалютнага вар’ята і цынічнага алігарха – гэткага амерыканскага Жырыноўскага – гэта ж рэвалюцыя, гэта ж адказ амерыканскага грамадства на непрацуючую сістэму.

Іншая праява крызісу – гэта фактычная адмова заходняга сьвету ад норм і прынцыпаў сваёй зьнешняй палітыкі [а гэтыя прыцыпы бацькоў-заснавальнікаў ЗША, атрымліваецца, не састарэлі? Атрымліваецца , “тут граем, тут ня граем”? – Рэд.].

Што адбылося пасьля падзеньня СС? Захад вырашыў: калі няма суперніка, ня трэба і чапляцца за каштоўнасьці. Было прынята рашэньне глабалізавацца. Але “глабалізацыя” – гэта, як высьветлілася, ня спроба прымусіць неліберальную дзяржаву накшталт пуцінскай Расеі ісьці за заходнімі стандартамі, а наадварот – гатоўнасьць Захаду карумпавацца накшталт аўтарытарных краін.

Мой любімы прыклад — Лонданград.  Некалькі соцен прадстаўнікоў аўтарытарных эліт – ракавая пухліна Лондана. Сэрца заходняй сістэмы – краіны, якая вырабіла МагнаКарта [лац. Magna Carta (таксама Magna Charta Libertatum — “Вялікая хартыя вольнасьцяў”) — палітыка-прававы дакумент, складзены ў 1215 годзе на аснове патрабаваньняў ангельскай шляхты да караля Яна Безьзямельнага, у якім бараніўся шэраг юрыдычных правоў і прывілеяў вольнага насельніцтва сярэднявечнай Англіі. – Рэд.].

Што да вайсковага асьпекта, пра які вы кажаце, то два тыдні таму начальнік штаба сухапутных войскаў ЗША Марк Мілі, выступаючы ў Кангрэсе, заявіў наступнае: “Расея нас перайграла. Расея загнала нас у пастку”. Ён кажа пра тое, што Масква мадэрнізавала сваю армію, а еўрапейская, як высьветлілася, ня здольная даць адэкватны адказ РФ у выпадку надзвычайнай сітуацыі. Па яго словах, расейская мадэрнізаваная армія можа захапіць Талін ды Рыгу за 36-60 гадзін. Амерыканцы сцьвярджаюць, што Расея мае найлепшую ў сьвеце супрацьпаветраную абарончую сістэму, а агульная колькасьць заходніх бамбардыроўшчыкаў і зьнішчальнікаў ня зможа стрымаць флатылію з 450 вайсковых самалётаў.

Адзначаецца, што Еўропа і дыслакаваныя там амерыканскія сілы ня здольныя супрацьстаяць новай расейскай вайсковай магутнасьці.

Ад сябе дадам: тая ж Нямеччына скараціла колькасьць сваіх дывізій зь 10 да 2.

Тым часам у Вашынгтоне ўжо апакаліптычна глядзяць на новую расейскую вайсковую моц, якую Расея тэстуе ў Сірыі.

Вядома, можна зразумець гэтыя воклічы амерыканскіх вайскоўцаў, але я, не зьяўляючыся вайсковым эксьпертам, ацаніла б сітуацыю больш спакойна. Мы ж кажам пра НАТА, бюджэт якой больш за 900 млрд. даляраў, супраць расейскага вайсковага бюджэту ў 60 млрд. Хаця ня ўсе расходы тут адкрытыя, але ёсьць даныя па ВУП. У краінах НАТА [ён складае] 35 трыльёнаў даляраў, а ў Расеі – 2 трыльёны даляраў. Калі ўлічваць гэты чыньнік, а таксама тое, што расейская эліта [“эліта” – Рэд.] – гэта не вар’яцкія камікадзэ, то няма непасрэднай пагрозы пераходу цяперашняй канфрантацыі ў рэальную вайну.  Прычым, справа тут нават ня ў тым, што ў расейскага палітычнага істэблішмэнта ёсьць доля прагматызму, а ў сілу існаваньня таго самага Лонданграда – расейскі палітычны клас жыве на Захадзе й інтэграваны ў яго (як паказвае Панамагейт з тым жа Дойчабанкам).

Але тады што азначае баражыраваньне СУ-24 над амерыканскім эсьмінцам? Гэта азначае тактыку прымусу Захаду да прыняцьця крамлёўскіх правілаў гульні ў той час, пакуль Захад слабы. Гэта нагадвае сітуацыю з гопнікам, які б’е вокны ў дамах для таго, каб прымусіць жыхароў паважаць яго. Вядома ж, гэта праява слабасьці з боку Масквы [дык Масква слабая ці моцная? – Рэд.]. Але праблема ў тым, што Захад пакуль ня ведае, што рабіць з гэтай тактыкай “прысуму да любові”… [сапраўды, калі так будзе далей, то мазахісту-Захаду давядзецца падпарадкавацца садысту-Крамлю. – Рэд.]

 

— Як вынікае з вашых слоў, адна з прычын такой разгубленасьці Захаду – гэта састарэньне палітычнай сістэмы. Менавіта ў чым яна састарэла? Менавіта якім сучасным рэаліям перасталі адпавядаць нормы і стандарты, распрацаваныя ў новы час?  

—  Ідучы сьледам за Фукуямай, скажам, што амерыканская палітычная сістэма ня ўлічвае інтарэсаў новых сацыльных груп, якія ня могуць знайсьці [свайго] прадстаўніцтва ў тых двух велізарных партыях, якія дамінуюць на ўнутрыамерыканскай палітычнай арэне – партыях-сланах, якія не дазваляюць новым класам прабіцца наверх.

Іншы момант. Зьявілася новая форма палітыкі – палітыкі праз выкарыстаньне камунікацый (найперш Інтэрнэта), якія ня ўлічвае сістэма, якая склалася некалькі стагоддзяў таму.

Шаўцова 2Нарэшце ад сябе дадам яшчэ тое-сёе. Успомніце фінансавы крызіс 2008 году, які стаў вынікам дамінаваньня ў палітыцы ЗША фінансавага капіталу – агромністых фінансавых пузыроў, якія высмоктвалі крывю з амерыканскай ды глабальнай эканомікі [калі дэшыфраваць гэты “паліткарэктны эўфемізм”, то атрымаецца, што пад “агромністымі фінансавымі пузырамі” маецца на ўвазе глабалісцкая фінансавая алігархія (яна ж сіянакратыя); нагадаем, пра гэтую глабальную соцыя-паразітную мафію мы кажам усе 10 гадоў існаваньня сайта; ну, і хто ўрэшце аказаўся правы?! Відаць, мы, бо цяпер пра тое ж пачалі казаць нават прадстаўнікі розных більдэрбергаў-давосаў… – Рэд.].

Як кантраляваць сусьветны алігархат, які зьбіраецца на Давоскім форуме? Я яго перыядычна наведваю і стала бачу, як яны кайфуюць ад слова “глабалізацыя”.

Але глабалізацыя, як высьвятляецца, выкарыстоўваецца толькі “вяршкамі” заходняга грамадства, а таксама спалучаным зь імі слоем аўтарытарнай эліты – фігурантамі панамагейта, якія праз афшоры высмоктваюць грошы з уласных эканомік пры судзеяньні заходніх эліт. Адсюль пратэст левых і правых у Амерыцы і Еўропе. А ў Парыжы ўначы людзі выходзяць на Елісейскія палі з тым, каб прыдумаць новыя формы палітыкі [а дзе ўспамін пра “Акупуй Уол-Стрыт” (http://nashaziamlia.org/2011/11/23/4476/)? – Рэд.].

Зь іншага боку, Захад ня ўпершыню сустракаецца з такой зьявай. Падобныя крызісы адбываліся ў 30-я і 70-я гады мінулага стагоддзя. І Захад, грунтуючыся на ідэі прававой дзяржавы і каштоўнасьці асобы [якія былі сфармуляваны і падтрыманы ў т.л. бацькамі-заснавальнікамі ЗША… — Рэд.], кожны раз выходзіў з тупіку. Пытаньне толькі ў часе і кошце [і ўсё ж, нешта ня тое з Захадам, калі з 40-гадовай перыядычнасьцю ён заканамерна кожны раз зноў трапляў у тупік-крызіс; высьвятленьне механізмаў рэгулярнай дэградацыі Захаду, накіраванае на пазьбяганьне крызісаў-дэградацый – гэта і ёсьць сапраўды буйная палітычная праблема… – Рэд.].

Цяперашняя эліта ад Абамы да Камерана пакуль ня здольная вывесьці заходнюю цывілізацыю з крызісу. І Расея, і Украіна трапілі ў гэтую паўзу — у гэты надзвычай неспрыяльны час, калі Захад знаходзіцца ў сваім паралюшы і ў цэлым ня здольны актыўна ствараць спрыяльныя ўмовы для нашага разьвіцьця [пра Беларусь зноў забыта; за чвэрць стагоддзя мы прайшлі ўсе паўзы і няпаўзы, але ніхто з Захаду на прамаскоўскую беларусафобскую дыктатуру за гэты час па-сапраўднаму ўвагу так і не зьвярнуў; тут мы кажам ня столькі пра Беларусь, а яшчэ пра адзін гістарычны факт, які характарызуе… Захад. – Рэд.].  

 

— Ці правы тыя, хто патрабуе ад заходніх медыяў фармаваньня сярод сваёй аўдыторыі вобраза новай імперыі зла ў асобе Расеі з тым, каб былі абраныя палітыкі ўзроўню Рэйгана, здольныя да зьнішчэньня гэтага зла? 

— Відавочна, што ў заходніх палітычных колах і медыях ёсьць занепакоенасьць тым, што Захад ня можа супрацьстаяць напору расейскай прапаганды і пагрозам, якія зыходзяць ад расейскага і кітайскага аўтарытарных выклікаў. У выніку ўзьнікае ілюзія, што вяртаньне ў часы Рэйгана і Тэтчар – ідыёлагаў заходняга сьвету, палітыка якіх спрыяла абвалу СС – можа абнавіць Захад, стварыць новую сістэму стрымліваньня і спыніць рэвізіянісцкія [рэваншысцкія. – Рэд.] памкненьні Крамля.

Аднак, па-першае, заходнія лідары накшталт Рэйгана не зьяўляюцца на палітычнай арэне проста так.  Відавочна, што неабходна запатрабаваньне грамадства, каб яны ўзьніклі. Па-другое, спроба вярнуцца ў перыяд Халоднай вайны немагчыма па адной простай прычыне: той перыяд характарызаваўся тым, што эліта СССР і яго сатэлітаў жыла за жалезнай заслонай. У яе не было афшораў і рахункаў у амерыканскіх ды еўрапейскіх банках. Але сёньня расейскі, азербайджанскі й казахстанскі клас ранцье раз’ядае заходнюю сістэму знутры.

Выйсьце адно: хірургічным шляхам выдаліць адтуль прадстаўнікоў карумпаваных аўтарытарных эліт [ну, як можна тое, што зьяўляецца дэгенерацка-паразітным, называць элітай?! – Рэд.].  А як гэта зрабіць, калі расейскія, азербайджанскія і казахстанскія грошы цыркулююць на лонданскай біржы, зьяўляючыся крывёй брытанскай эканомікі, а Блэр цяпер раднік прэзідэнта Назарбаева?

Так што ў эпоху глабалізацыі такі падыход часоў Халоднай вайны не працуе [сапраўды, проста адмыцца не атрымаецца – патрэбны хірург-Саакашвілі. – Рэд.], а новага падыходу Захад яшчэ не прыдумаў [ах, якія мы бездапаможныя… — Рэд.].

Тым ня менш, мне здаецца, што ў калектыўнага Захаду [новы эўфемізм. – Рэд.] упершыню ў сусьветнай гісторыі зьявілася абсалютна ўражвальная па магчымай выніковасьці прылада ўзьдзеяньня на карумпаваную эліту аўтарытарных краін — інструмант судовага разьбіральніцтва, то бок легальна-прававой праверкі тых грошай, якія паступаюць у заходнія краіны [вырашана абмежавацца тэрапеўтна-таблеткавымі метадамі?; адразу скажам: не спрацуе… – Рэд.].

Прыклады такіх гісторый, якія ўзьніклі на грунце амерыканскага і брытанскага антыкарупцыйнага заканадаўства, ужо ёсьць. Узяць хаця б кампанію Siemens, якую ў свой час нью-ёркскі суд абавязаў выплаць сотні мільёнаў даляраў за хабар.

Узьнікае пытаньне:  чаму Захад не выкарыстоўвае падобныя механізмы больш шырока? На мой погляд, трэба не губляць грошы на прасоўваньне дэмакратыі ў РФ, а кіравацца прынцыпам, які называецца “practice what you preach” — “практыкуй тое, што ты зьвястуеш”.

Зноў жа, на гэтым тыдні нью-ёркскі пракурор Прыт Бхарара аб’явіў аб пачатку рассьледваньняў, заснаваных на панамскіх дакументах. Гэта дае надзею.

Самаачышчэньне Захаду ад брудных грошай [ад усіх? у т.л. ад грошай ФРС ЗША?! – Рэд.] дапаможа нам ўсім. Без такога спрыяльнага асяроддзя наўрад ці мы, расейцы, зможам вылезьці з уласнага бруду.

 

— Некалькі дзён таму паведамлялася, што старшыні Мінфінаў Еўразьвязу вылучылі шэраг ініцыятываў па сьлядах Панамагейт, сярод якіх прапанова пра аўтаматычны абмен данымі пра сапраўдных уласьніках актываў. Відаць, данае рашэньне ўкладаецца ў тое, што вы называеце самаачышчэньнем Захаду?…

— Думаю, што так. Аднак трэба ўлічваць, што гэта ў любым выпадку доўгі працэс. Тым больш з улікам маштабу фінансава-палітычных структур, уцягнутых у сумніўныя сьхемы.

У той жа час ёсьць агульнае адчуваньне, у тым ліку і ў фінансавых колах заходняга сьвету [якія, маючы тысячагадовую гісторыю пазьбяганьня адказнасьці за свае злачынствы, жадаюць зрабіць тое самае і ў гэты раз… — Рэд.], што прыйшоў час памыцца. Таму, як сказаў аднойчы Міхаіл Гарбачоў, працэс пайшоў…

(канец інтэрвю)

 

 

2. Каментар рэдакцыі:

2.1.

Лілія Шаўцова, як мы адзначылі вышэй, грамадзянка Расеі, але вельмі ўжо нетыповая. Пераканайцеся самі.

Яна скончыла Маскоўскі дзяржаўны інстытут міжнародных дачыненьняў (МДІМД) МЗС СССР у 1971 г., а таксама Акадэмію грамадскіх навук пры ЦК КПСС. З 1974 па 1994 г. (20 гадоў) працавала на розных кіраўнічых пасадах у навукова-дасьледчых інстытутах АН СССР і РАН з сацыяльна-эканамічнай і палітычнай праблематыкай. З 1993 па цяпершні час працавала ў розных навукова-дасьледчых цэнтрах ЗША – асабліва працяглы час (1995-2014 гг.) у фондзе Карнэгі. З 2014 г. працуе ў Лондане, у Каралеўскім інтытуце міжнародных дачыненьняў і ў Брукінгскім інстытуце. Нарэшце, Шаўцова з 1999 па 2004 год практычна рэгулярна прымала ўдзел у канферэнцыях Більдэрбергскага клуба – адной зь вядучых арганізацый глабальнага закулісься, а таксама, як сама прызналася, рэгулярна ўдзельнічала ў Давоскіх форумах.

Такім чынам, Шаўцова мае поўнае права прэзентаваць ня толькі расейскія сьветаўяўленьні, а і тых, хто належыць да групы вядучых грамадска-палітычных аналітыкаў Захаду

(істотны штрых да вобразу: у 2014 годзе Шаўцова адназначна падтрымала Украіну – у верасьні 2014 г. разам з шэрагам заходніх і ўкраінскіх эксьпертаў падпісала ліст у часопіс The Atlantic, у якім Расея называецца “агрэсарам, які ўварваўся ва Украіну”; гл. https://ru.wikipedia.org/wiki/%D0%A8%D0%B5%D0%B2%D1%86%D0%BE%D0%B2%D0%B0,_%D0%9B%D0%B8%D0%BB%D0%B8%D1%8F_%D0%A4%D1%91%D0%B4%D0%BE%D1%80%D0%BE%D0%B2%D0%BD%D0%B0).

2.2.

На наш погляд, галоўная каштоўнасьць яе інтэрвю заключаецца ў тым, што ў ім упершыню адзначана тое, пра што мы кажам увесь час існаваньня нашага сайта (раім пачытаць, напрыклад, тут: http://nashaziamlia.org/2007/03/03/554/) – а менавіта, у тым, што ў сьвеце цяпер нарастае глабальны грамадска-палітычны крызіс, што расейская імперыякратыя ўсё больш распярэзваецца ды хуліганіць на міжнароднай арэне, спрабуючы арганізаваць іншую “дваравую шпану”, вінаваты сам Захад! Менавіта яго самадэградацыя з наступным “адыходам у ракавіну” стварыла ўмовы для гэтага, стала першапрычынай тых негатыўных тэндэнцый, якія мы назіраем сёньня.

Прыемна, што спадарыня Лілія з гэтай нагоды для выпраўленьня сітуцыі прапануе пачаць лекаваньне таксама з Захаду… І намякае, што там ужо ёсьць здаровыя сілы, гатовыя гэтым заняцца.

Аднак, зь іншага боку, інтэрвю спадарыні Шаўцовай перасычана эўфемізмамі – Расея, Захад, Масква, улада… Яна канкрэтна не называе ні галоўных вінаватых-ініцыятараў у дэградацыі Захаду (замест гэтага яна хавае іх за эўфемізмамі накшталт такіх, як “фінансавы капітал”, “фінансавыя пузыры”, “фінансавыя колы заходняга сьвету”), ні імёны тых, хто будзе вымушаны гэтыя заходнія Аўгіевыя канюшні вычышчаць (яны схаваныя за эўфемізмам “калектыўны Захад”).

Выклікае таксама вялікі скепсіс што да выніковасьці абвешчанага рэцэпта для лекаваньня  — Панамагейт, антыкарупцыйныя рассьледваньні. Хворы на паралюш пацыент (словы самой Шаўцовай пра сёньняшні Захад і глабальны сьвет) наўрад ці ад яго ачуняе. Мыцьцём, нават стрыжкай у цырульні ад паралюшу ці злаякаснай пухліны не пазбавіцца… Што да нас, дык мы лічым, што самы час пачаць зьнішчаць глабальных фінансавых піявак, якіх Захад распладзіў і раскарміў на ўвесь сьвет, інакш сапраўды расейская, кітайская ды ісламская імперыі зьнішчаць заходнюю цывілізацыю, а то і ўсё жывое на Зямлі!

Да недахопаў прэзентаванай Шаўцовай пазіцыі можна аднесьці таксама і тое, што яна імкнецца апраўдаць Захад – маўляў, наіўны, даверлівы, недасьведчаны — раней ва ўпор ня бачыў крымінальнага паходжаньня грошай прадстаўнікоў усходніх дыктатур. Падобнае не адпавядае рачаіснасьці…

Розум таксама чапляецца за ўнутраныя супярэчнасьці, прысутныя ў тэксьце інтэрвю: дык Масква слабая ці моцная? Лонданград – гэта добра ці кепска для Захаду? Прынцыпы, закладзеныя бацькамі-заснавальнікамі заходняга сьвету, састарэлі ці на іх па-ранейшаму трэба абапірацца?

Аднак, у цэлым стратэгічныя перавагі інтэрвю Шаўцовай істотна пераважваюць недахопы.

Несумненна радуе і тое, што погляды прыстойных заходніх аналітыкаў паступова набліжаюцца да даўно сфармаванага намі ўяўленьня пра Сістэму соцыяпаразітных сіл, якія апанавалі людскую цывілізацыю (гл. напрыклад, тут: http://nashaziamlia.org/2009/01/26/1747/; http://nashaziamlia.org/2014/03/05/6629/).

Шаўцова 3

Зьвярніце ўвагу, глабалісцкая фінансавая алігархія ў нас даўно пазначана ў якасьці галоўнага соцыяпаразітнага монстра, а сёньня пра негатыўныя наступствы “дамінаваньня ў палітыцы ЗША фінансавага капіталу” пачынаюць казаць нават некаторыя прадстаўнікі більдэрбергаў-давосаў…

Як бачым, жыцьцё ўсё ж прымушае расплюшчваць вочы.

Усяго лепшага, сябры.

Жыве ВялікаЛітва-Беларусь!

 

 

Каментары (5)

  1. Павел Біч:

    Не паглыбляючыся далеко ў сэнс артыкула Шеўцовай — а таксама ў каментар Рэдакцыі — з большага яны відаць правільна апісваюць сітуацыю якая цяпер мае месца ў Свеце — хачу звярнуць увагу на сталае абурэнне Рэдакцыі, што Беларусь заўжды выпадае пры пераліку краін нашага рэгіёна. У 20 і 30 гады мінулага стагоддзя, яна і ў савецкіх і замежных Смі узгадвалася адразу за Украінай, а вось пасля вайны пра нас пачалі забывацца — пры пераліку народаў якія змагаліся з фашызмам за рускімі. украінцамі следавалі казахі і іншые народы Саюза. Пра нас ні гу-гу. Гэта ёсць доказам што нас лічаць атыжолкам рускага народа. Вось што робіць з намі назва “беларус”. І цяпер яшчэ горш. Шмат каму ужо зразумела. што мы не ідзем шляхам Украіны. У нас свой шлях. Толькі дай Бог каб не да смерці. Дзякуй Рэдакцыі за змястоўны матэрыял.

  2. Siarhiej:

    Л. Шаўцова не звяртае ўвагу 1) на дэмаграфічны выбух у “слабаразвітых” краінах і дэмаграфічны заняпад “развітых” краін 2) на мусульманскую агрэсію абумоўленую дэмвыбухам і нафтадоларамі 3) на фінансавую дурылаўку пэўных колаў, пра што правільна напісала Рэдакцыя. Таму яе “аналіз” аднабаковы.
    Сандэрс большы вар’ят чым Трамп і, магчыма, за ім стаяць пэўныя фінансавыя колы. А Трамп непрадказальны, пакуль …, хоць можа стаць 2-м Рэйганам.

  3. Павел Біч:

    Ужо прайшло 20 дзён маўчання сайта. Што здарылася сп. Астроўскі? Захварэлі? Ці няма матэрыяла?

  4. Павел Біч:

    Пакуль сп. Астроўскаму не да інтернета, давайце абмяркуем тэму — чым РПЦ адрозніваецца ад беларускага автокефальнага праваслаўья. Адно адрозніванне відавочнае — гэта выкарыстанне ў апошнем беарускай мовы. Гэта канешне моцнае адрозніванне А як астатніе — напрыклад, ці адрозніваюцца яны ідэалогіяй (зместам малітваў), рітуалам, (рухам святароў і вернікаў ў час імшы), мелодыямі спеваў, вопраткай святароў і г.д. Чаму гэта цікава? Мне цікава чаму Кірылл праігнараваў з’езд праваслаўных усяго Свету, які адбыўся недаўно ў Грэцыі. аб чым ён размаўляў з Папаой на Кубе,.ці пераважыць выкарыстанне беларускай мовы ў аўтакефаліі іншые прыкметы рускасці і украінства (Украіна відавочна ужо атарвалася ад нас ў сваім развіцці, так што яшчэ крыху часу і беларусам на Украіне пачнуць біць морды як халуям Масквы. Калі ласка, выскажыцеся. .

Пакінуць каментар

*

  • Старонкі

  • Рубрыкі

  • Апошнія запісы

  • Архівы