nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Расейцы пачалі патрабаваць ад Лукашэнкі тэрмінова прызначыць… пераемніка (частка 1)

12 жніўня, 2016 | 3 каментарыя

Рэдакцыя.

Пераемнік 1Матэрыял, які выстаўлены ніжэй, мае пэўную гісторыю і некалькі ўдзельнікаў. Спачатку 4 жніўня г.г. на расейскім імперскім сайце REGNUM зьявіўся артыкул Аляксея Дзерманта (яго фота зьлева ўверсе) “Беларусь: што будзе пасьля Лукашэнкі?” (https://regnum.ru/news/society/2163476.html). Затым 6 жніўня на тым жа сайце сваім артыкулам “Беларусь: эліта ўжо выбрала пераемніка Лукашэнкі” па тэме выступіў Юры Баранчык (гл. фота ў другім радзе; https://regnum.ru/news/polit/2164093.html). А яшчэ праз два дні ўжо на сайце “Нашай Нівы” сваё меркаваньне пра гэты інфармацыйны ўкід выказаў Зьміцер Панкавец (яго фота ўнізе; артыкул “Regnum.ru: Макей на вуліцы Зыбіцкай рыхтуе майдан…” – http://nn.by/?c=ar&i=174973). Нам падалося, што паважаны спадар Панкавец закрануў ня ўсе важныя асьпекты паўсталай тэмы, таму мы вырашылі працягнуць яе і на нашым сайце. Пачнем з выстаўленьня ўзгаданых артыкулаў у той жа пасьлядоўнасьці і ўсуправаджэньні нашых дробных заўваг (прынцыповае каментаваньне рэдакцыя запланавана напрыканцы 3-й часткі).

 

Але спачатку варта нагадаць некаторыя факты пра аўтара першага артыкула. Пераемнік 1аАляксей Дзермант быў выкладчыкам у ЕГУ (сьферамі яго навуковых зацікаўленьняў былі беларуская і балцкая міфалогія, праблемы этнагенезу беларусаў, палітычная і этнічная гісторыя Беларусі, філасофія традыцыяналізму). Яшчэ нядаўна ён быў чалавекам адносна блізкім да беларускай нацыянальнай апазіцыі.  Яго некаторыя артыкулы, пераклады і рэцэнзіі выстаўляліся і на нашым сайце (гл., напрыклад: https://nashaziamlia.org/2007/01/11/490/ і далей; https://nashaziamlia.org/2009/02/12/1819/ ; https://nashaziamlia.org/2009/04/15/2079/ ; https://nashaziamlia.org/2009/04/15/2085/). Сёньня ж – пасьля заканчэньня Акадэміі кіраваньня пры прэзідэнце РБ – Дзермант зьяўляецца навуковым супрацоўнікам Інтытута філасофіі НАН Беларусі, галоўным рэдактарам партала IМНОclub.by. І цяпер, на жаль, мы бачым яго ў якасна іншай іпастасі… Такім чынам, слова спадару Аляксею (https://regnum.ru/news/society/2163476.html).

 

 

БЕЛАРУСЬ: ШТО БУДЗЕ ПАСЬЛЯ ЛУКАШЭНКІ?

Такое пытаньне часта можна пачуць ад занепакоеных расейцаў і ня толькі ад іх

 

Амаль усіх суседзяў турбуе тое, якім жа шляхам пойдзе Беларусь пасьля сыходу дзеючага прэзідэнта з палітычнай арэны. Відавочна, што гэта наўрад ці адбудзецца ў бліжэйшыя 10 гадоў – здароўе ў Лукашэнкі моцнае і нейкіх надзвычайных пагроз для выбудаванай пад яго кіраўніцтвам сістэмы няма, калі ня браць ужо зусім апакаліптычныя сцэнары. Тым ня менш, нават прызнаючы гэта, пытаньне ўсё роўна застаецца хвалюючым [унутраная супярэчнасьць: чаму ж пытаньне хвалюючае, калі на бліжэйшыя 10 гадоў прарасейскай лукашысцкай сістэме ў Беларусі нічога не пагражае?.. – Рэд.].

Той, хто знаёмы з рэальным становішчам спраў у краіне, хутчэй за ўсё, дасьць цалкам відавочны адказ: пасьля Лукашэнкі будзе «новы Лукашэнка». Ня важна, якое ў яго будзе прозьвішча, таму што і сёньня гэта ня столькі асоба, колькі функцыя. А функцыянальны вакуум заўсёды патрабуе адпаведнага напаўненьня. Гэтая «напоўненасьць» магчымая толькі на падставе пераемнасьці й выкананьня некалькіх умоў [штосьці ня тое, з гэтым “вакумам” і яго “напоўненасьцю”, калі яны патрабуюць абавязковага выкарыстаньня нейкіх дадатковых штучных, часта сілавых, гвалтоўных мераў. – Рэд.]:

  • Захаваньне і разьвіцьцё буйной індустрыі, прамысловасьці як эканамічнага базісу краіны, завяршэньне пачатых вялікіх праектаў (БелАЭС, кітайска-беларускі парк «Вялікі камень») і рэалізацыі новых.
  • Забесьпячэньне бясьпекі як унутранай, так і зьнешняй – то бок шчыльная сувязь зь сілавым апаратам.
  • Ідэалагічная пераемнасьць з БССР і Рэспублікай Беларусь Лукашэнкі як ва ўладнай вертыкалі, так і ў асяроддзі ўплывовых інтэлектуалаў.

Палітык, які зможа забясьпечыць гэтыя ўмовы, і будзе «новым Лукашэнкам». І хутчэй за ўсё ён будзе выхадцам зь сілавых структур, якія абапіраюцца на падтрымку Расеі, магчыма, Кітая, і ня моцна раздражняльным для Захаду, прынамсі, у пачатку свайго кіраваньня. Невыкананьне гэтых умоў будзе азначаць крах ня проста сістэмы, пабудаванай пры Лукашэнку, але ўсяго стогадовага разьвіцьця Беларусі як гістарычнага суб’екта [вось аўтар неўсьвядомлена і пералічыў штучна-сілавыя мыліцы, на якіх апошняе стагоддзе трымаецца “такі натуральны, такі добры” прарасейскі рэжым у Беларусі; сам жа філосаф ведае, што калі іх прыбраць, будзе крах!… – Рэд.]. То бок і большасьць беларускага грамадства, і беларуская эліта [што гэта такое? – Рэд.] будуць рабіць вельмі адназначны выбар. І нават калі ўзьнікне нейкі крызіс пераходнага этапу, краіна арганізуецца так сама, як і ў 1994 г., калі абралі першага прэзідэнта [ах, вось яно як: аказваецца, “беларускай элітай” аўтар называе прарасейскую агентуру-антыэліту ў Беларусі. – Рэд.].

«Новаму Лукашэнку» ў кантэксьце пералічаных вышэй умоў прыйдзецца вырашаць некалькі задач. Па-першае, захаваньне буйной прамысловасьці й наогул індустрыяльнага профілю эканомікі будзе патрабаваць дыстанцыі ад нэаліберальных падыходаў і рэформаў [ніякіх нэаліберальных рэформаў ня трэба, гэта зразумела; а як наконт таго, каб адбыліся класічна-ліберальныя рэформы і каб карэнныя беларусы-літвіны нарэшце атрымалі ўласнасьць, стварыўшы магутны сярэдні клас? – Рэд.]. Па-другое, гэта будзе падштурхоўваць да больш шчыльнай кааперацыі з Расеяй і ЕАЭС – то бок выхад на наднацыянальны ўзровень планаваньня. Па-трэцяе, бясьпека Беларусі можа быць забясьпечана толькі ў шчыльнай зьвязцы з ВПК Расеі і задача павелічэньня адсотка ўдзелу Беларусі ў расейскім дзяржабаронзаказе будзе адной з прыярытэтных. У чацьвёртых, улічваючы геапалітычную сітуацыю, Беларусі давядзецца больш актыўна прэтэндаваць на ролю рэгіянальнага лідара, абапіраючыся менавіта на расейскую падтрымку [чарговая ўнутраная супярэчнасьць: як “Беларусь” можна быць лідарам у адной зьвязцы з Расеяй? – Рэд.].

Вядома, гэта пазітыўны сцэнар – wishful thinking, магчымыя й іншыя [негатыўныя]. У расейскай інфармпрасторы, асабліва на фоне сітуацыі ва Украіне, усё часьцей Беларусь сталі апісваць, часам наўмысна, у выключна змрочных танах. “Беларусь дрэйфуе на Захад”, “у краіне падымае галаву нацыяналізм”, “каб ня страціць Беларусь, Расеі патрэбны нейкія іншыя актыўныя дзеяньні” – прыкладна такая сутнасьць гэтай плыні інфармацыі. Пра дзеяньні, як заўсёды, мала канкрэтыкі. Але логіка цалкам прадказальная: Расеі трэба эканамічна задушыць краіну, скінуць Лукашэнку, а яго замяніць генерал-губернатарам або звычайнай марыянеткай [а тут ужо названая такая “ўнутраная супярэчнасьць” – а дакладней праўда – якая пярэчыць усяму, заяўленаму аўтарам вышэй. – Рэд.]. Дзеяньні па такім скрайнім сцэнары прывядуць да непазьбежнага хаосу, магчыма, да грамадзянскай вайны зь персьпектывай перакінуцца ў Расею і выбуху ўсёй прасторы паміж Балтыйскім і Чорным марамі. Фактычна спроба дэстабілізаваць Беларусь будзе азначаць ўцягваньне Расеі ў сапраўдную халодную, магчыма, і гарачую вайну на ўсім працягу сваіх заходніх межаў [вось як страх перад Расеяй ды імкненьне папужаць яе спалучаюцца ў галовах “беларускіх філосафаў” з НАН Беларусі зь іх заявамі пра неабходнасьць далейшай “шчыльнай кааперацыі з Расеяй і ЕАЭС”? прабачце, але гэта ўжо шыза!.. – Рэд.].

Занепакоенасьць будучыняй Беларусі ў Расеі можна зразумець. Гэтак жа сама ў Беларусі выклікае занепакоенасьць будучыня Расеі пасьля Пуціна і Казахстана пасьля Назарбаева, будучыня ЕАЭС ў цэлым. Але, каб рэальна ня страціць кагосьці са сваіх саюзьнікаў, Расеі трэба мець уласны прывабны вобраз будучыні. Нічога прывабнага ў ідэйных спадчыньніках чарнасоценцаў або белагвардзейцаў, «недадуманых» і «недаробленых» праектах ДНР/ЛНР для Беларусі дый кагосьці іншага няма. Усё гэта хутчэй сьведчаньні ідэйнага і стратэгічнага крызісу, а не пазітыўнага вобраза будучыні [з аднаго боку, усё так, а з другога – чарговая супярэчнасьць і пытаньне: НУ, ДЫК ЯКОГА РАЖНА ВЫ ТУДЫ, У ГЭТУЮ ІМПЕРЫЮ, ЛОМІЦЕСЯ?! – Рэд.].

Але гэта ня значыць, што ён [прывабны вобраз будучыні Расеі] ня зьявіцца [значыць, значыць; у Расеі, як самай вялікай і вечна крывавай імперыі, якая знаходзіцца ў фазе заняпаду-распаду, ня можа быць “пазітыўнага вобраза будучыні” ў прынцыпе;  ужо хто-хто, а філосафы гэта павінны ведаць. – Рэд.]. Расея разнастайная, і Беларусь заўсёды знаходзіла ў ёй уплывовых саюзьнікаў і лабістаў, якія разумеюць, што лепш захаваць аднаго з рэальных саюзьнікаў, а не праводзіць над ім паліттэхналагічныя эксьперыменты. Вобраз будучыні й ідэалогіі, якая яго ўвасабляе, народзяцца не зь інфармацыйнага шуму і вэрхалаў, а з карпатлівай тэхнакратычнай працы. Рэальны запыт у разьвіцьці саюзу Расеі і Беларусі – зьвязваньне нашых эканомік у наднацыянальныя карпарацыі, якія засвоілі новыя тэхналогіі ў біяінжынерыі, сельскай гаспадарцы, машынабудаваньні, ваеннай і касьмічнай сьферы, дзе дзяржавы [што гэта такое? – Рэд.], а не прыватны сьпекулятыўны капітал будуць гарантаваць справядлівы ўдзел, падзел выдаткаў і прыбытку [у дадатак да ўсіх адзначаных вышэй унутраных супярэчнасьцяў выдадзена яшчэ і абсалютная ўтопія (гаворка пра магчымасьць справядлівасьці ў дачыненьнях з расейскай імперыякратыяй, асабліва падчас падзелу прыбыткаў), вартасьць якой менш за панюшку табаку; і пад гэтыя свае ўтапічныя мроі-трызьненьні філосафы з НАН Беларусі гатовыя прадаць Бацькаўшчыну?!..  – Рэд.].

Усім гэтым давядзецца займацца «новаму Лукашэнку» і камандзе, якая прыйдзе зь ім, грунтуючыся на разуменьні, што з Расеяй і ў ёй трэба працаваць яшчэ больш актыўна. За дыхтоўна праведзенай тэхнакратычнай працай павінна рушыць усьлед і яе гуманітарнае афармленьне, менавіта Саюзная дзяржава павінна стаць лабараторыяй палітычнай, ідэалагічнай і культурнай інтэграцыі Новай Еўразіі [тое самае…  – Рэд.].

Так, цяпер рух па многіх палітычных і эканамічных пытаньнях, такіх як прыняцьце Канстытуцыйнага акта або стварэньне адзінай валюты, фактычна спынены, але да іх усё ж давядзецца вярнуцца [чаму спынены? не хавайце, а сумленна ды адкрыта прааналізуйце, і вам, “філосафы” з НАН, многае адкрыецца…  – Рэд.]. Для Беларусі важнымі ёсьць трывалыя эканамічныя падставы і ясныя мэты, для Расеі – прагрэс у інтэграцыйных працэсах і выхад у іх на новыя ўзроўні [перакладзем, што апошнія словы азначаюць у рэчаіснасьці: аўтар прапануе Расеі выйсьці на зьдзяйсьненьне новых этапаў імперскай агрэсіі й анэксіі Беларусі, Украіны, Грузіі, Прыбалтыйскіх краін, Малдовы, пазьней Польшчы, Фінляндыі й далей – усіх, каго гэтая “краіна-удаў” зможа праглынуць; вось тады – у яе страўніку – і будуць вам “ясныя мэты” разам з “эканамічнымі падставамі”… – Рэд.].

Скрайнія варыянты – разварот ад Расеі ці спроба сілавога ціску на Беларусь – малаверагодныя і контрпрадуктыўныя [паправім: па-першае, сілавы ціск расейскай імперыякратыі на Беларусь, наадварот, ня толькі верагодны, а і ўжо адбываецца па паўзучай тэхналогіі; па-другое, адзіны прадуктыўны для Беларусі варыянт – гэта “разварот” ад Расеі ў поўны нейтралітэт у геаграфічным цэнтры Еўропы. – Рэд.].

Па сутнасьці, патрэбна рэвізія ўсяго, што было зроблена і што трэба зрабіць [а вось гэта так! другая сэнсоўная думка аўтара, зьдзесьніць якую мы да-а-а-а-аўно прапануем беларускай нацыянальнай эліце – у т.л. са старонак сайта вось ужо 11-ы год… – Рэд.].

У рамках гэтага беларускай эліце [а гэта што такое? аўтар тут мае на ўвазе ўсё тую ж “эліту”, ці ўжо пра сапраўдную? – Рэд.] неабходна зразумець, што мысьленьне толькі ў катэгорыях нацыянальнага суверэнітэту ў сучасным глабальным сьвеце ўжо архаічна [гэта чыё меркаваньне? ці раптам не глабальных сацыяльных паразітаў?!.. – Рэд.] і цягне страту стратэгічнага бачаньня [стратэгічнага бачаньня чаго? зьнішчэньня, зьнікненьня, сьмерці?! клас: “давайце стратэгічна забачым і сплануем нашу ўласную сьмерць!” “хура-а-а, давайце!..”. – Рэд.].

Для рускай эліты [што гэта такое? – Рэд.] для працы з беларусамі трэба разуменьне таго, што іх можа рэальна ўключыць у агульны праект. І гэта ня крытыка саміх па сабе палітычна нейтральных «вышыванак» або фантазіі аб вынаходстве беларускай нацыі ў “польска-сталінскіх прабірках”. Расея можа і павінна прыцягваць магчымасьцю суразьвіцьця, саўдзелу ў вялікіх праектах, у тым, што адкрывае будучыню. Такі досьвед у Расеі і рускай цывілізацыі ёсьць [няўжо?! – Рэд.]. Апошняе яго ўвасабленьне – савецкі праект, лепшыя рысы якога, як небеспадстаўна лічыцца, шмат у чым захоўваюцца ў Беларусі [ах, вось што; ведаем мы гэтыя штучна-прапагандовыя “лепшыя рысы” (гл. фота ніжэй) на фоне сапраўдных камуняча-саўковых рыс – апаганеных Курапат, этнацыду, нацыянальнай дыскрымінацыі, адсутнасьці элементарнай сацыяльнай справядлівасьці, сталага ціску сілавых органаў на нязгодных, бесперапыннай хлусьні дзяржаўных СМІ, беднасьці, бяспраўнасьці, бесперсьпектыўнасьці й да т.п.; аўтар, верагодна, усё гэта таксама ведае… – Рэд.].

Пераемнік 1б

«Новы Лукашэнка» – гэта той, хто зможа трансфармаваць гэты досьвед для новых умоў і падзеліць яго з Расеяй, дзе ён будзе запатрабаваны ўсё больш і больш [гэты “досьвед” нават Расеі і блізка не патрэбны… – Рэд.].

(канец такога вось артыкула “новага” Дзерманта зь візантыйскай апалагетыкай, камуняча-саўковым прапагандовым міфам-утопіям, клянчаньнем падачак у расейскіх імперцаў і вытанчаным вылізваньнем у іх усіх даступных і маладаступных месцаў; заўважым, яго гэты новасьпечаны афіцыйны “філосаф” напісаў на фоне ўсім вядомай сапраўднай рэчаіснасьці, у якой беларускі народ этнацыдзяць па поўнай усю найноўшую гісторыю – вось ужо амаль чвэрць стагоддзя, у якой рускія і ўкраінцы глядзяць адзін на аднаго праз прыцэлы аўтаматаў ды гармат, у якой самыя высокія расейскія чыны пагражаюць усяму сьвету ядзернай зброяй… і г.д.)

 

 

3 каментарыя

  1. Каваленка кажа:

    Што б ты, падла лукавая, здохла!

  2. Siarhiej кажа:

    але гэта ўжо шыза!.. – Рэд.

    Сапраўды шыза! Атрымліваецца што НАН Беларусі распаўсюджвае шызу.

  3. Павел Біч кажа:

    Прыехаў з летішча, пачаў чытаць апошні матэрыял сайта. Але не магу чытаць яго уважліва, толькі па дыяганалі. Можа заўтра ён меня зацікавіць. Будучыня Беларусі залежыць ад шмат якіх фактараў, як унутраных так і знешніх. Можа тут згуляць выпадковасць. Нездарма, яе, гэтую ВЫПАДКОВАСЦЬ постмодерністы хочуць увесці ў сваю анталогію. Але ва усіх выпадках – апынёмся ль мы ў Расеі, ці ў Польшчы, ці будзем Незалежнымі – нам каб выжіць, спатрэбіцца моцны нацыянальны дух, гонар і годнасць нашых людзей. Вось гэта безпроігршны варыянт для дзейнасці.З гэтым у нас як раз праблемы. А моцны нацыянальны дух беларускасць пакуль стварыць не змагла. Адсюль мае захапленне літвінствам.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы