nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Адышлі ў вечнасьць яшчэ два прадстаўнікі нашай нацыянальнай эліты

Снежань 19, 2016 | Каментары (3)

Рэдакцыя.

%d0%b1%d0%b5%d0%bb%d0%b0%d0%ba%d0%be%d0%b7-%d0%bc%d0%b0%d1%80%d0%b0%d0%ba%d0%be%d1%9e

1 сьнежня Беларусь абляцела смутная вестка – памёр Алесь Мікалаевіч Белакоз — знакаміты беларускі настаўнік, грамадскі дзеяч, стваральнік вядомага на ўсю Беларусь Гудзеўскага літаратурна-краязнаўчага музея. Яму было 88 гадоў. 2 сьнежня ў роднай вёсцы Ляткі-Гудзевічы адбылося пахаваньне спадара Алеся, на якім сярод яго родных і аднавяскоўцаў прысутнічалі і афіцыйныя, і апазіцыйныя дэлегацыі з Горадні (http://www.racyja.com/hramadstva/pamyor-nastaunik-i-krayaznautsa-ales-be/galeria/page/1).

З нагоды данай смутнай падзеі падаем ніжэй некаторыя аўтарскія тэксты, прысьвечаныя ўспамінам пра славутага прадстаўніка нашай нацыянальнай эліты.

 

РАБІЎ УСЁ ДЛЯ БЕЛАРУСІ

Уладзімір Хільмановіч (узята адсюль: www.racyja.com/blohi-racyi/uladimir-hilmanovic/rabiu-usyo-dlya-belarusi/)

У першы дзень зімы надзвычай цяжкага для Беларусі высакоснага году ня стала вялікага Настаўніка Алеся Белакоза. Назаўтра Гарадзеншчына разьвіталася з цэлай эпохай беларускага Адраджэньня, якую ўвасабляў гэты чалавек.

Карані Алеся Белакоза – зь Беласточчыны. Бацька яго быў на заробках у заакіянскай Бразіліі, а сам ён зрабіў вядомай і ўславіў ціхую, звычайную вёсачку Мастоўшчыны – Гудзевічы (Гудзевічы сапраўды зрабіў знакамітымі адзін чалавек – Алесь Белакоз, хоць гэтая вёска ў сучасным Мастоўскім раёне мае ў сваёй гісторыі цэлы шэраг іншых цікавых людзей).

%d0%b1%d0%b5%d0%bb%d0%b0%d0%ba%d0%be%d0%b7-%d0%bc%d0%b0%d1%80%d0%b0%d0%ba%d0%be%d1%9e-4Музей літаратурнага краязнаўства быў заснаваны Белакозам у 1965-м годзе. Менавіта тут паўстаў першы стэнд, прысьвечаны вялікай паэтцы Ларысе Геніюш (гл. фота) — яна вучылася ў Гудзевічах у пачатковай школе ў 1919-20 гадах.

Пра тое, як зьбіраліся экспанаты, ходзяць цэлыя легенды. І яны – абсалютная праўда, якую мы даведваліся ад самога Белакоза. На якія дыпламатычныя хітрыкі і дасьціпныя камбінацыі ён толькі не ішоў, каб здабыць тую ці іншую рэч, якая пазьней займала належнае месца ў экспазіцыі і ашчадна зьберагалася. Гудзеўскі музей (на гэтым варыянце настойваў менавіта сам Белакоз) – сапраўдны асяродак беларускай тоеснасьці, адлюстраваньня нашага мінулага. Музей – быў справай усяго яго жыцьця, на якую настаўнік не шкадаваў ні сілы, ні здароўя, ні асабістых грошай.

Белакоз, які пачынаў у юнацтве як радыкальны маладзён, пазьней абраў іншы кірунак дзейнасьці і праз сваю далейшую музейную справу зрабіў уплыў на тысячы беларусаў, знайшоў культурны ключ, дзейсны шлях узьдзеяньня на сьведамасьць тых, хто ад вякоў імкнуўся “людзьмі звацца”.

%d0%b1%d0%b5%d0%bb%d0%b0%d0%ba%d0%be%d0%b7-%d0%bc%d0%b0%d1%80%d0%b0%d0%ba%d0%be%d1%9e-5Музей рос, пашыраўся, прырастаў новымі экспанатамі. Створаны на грамадскіх пачатках пры школе, ён у 1990-м годзе на золку суверэнітэту атрымаў статус дзяржаўнага. І атрымаў гэты знак якасьці абсалютна заслужана за сваю адметнасьць і зборы. Музей, які стварыў Белакоз, не пакідаў абыякавым нікога, як і сам яго дырэктар (Калі хто прыязджаў у Гудзевічы і паведамляў, што мае толькі паўгадзіны, Белакоз адразу наўпрост казаў: “да пабачэньня!” —  бо звычайныя яго экскурсіі доўжыліся тры-чатыры гадзіны. І гэты час пралятаў незаўважна для наведнікаў).

Музей і яго стваральнік зазналі нямала перашкодаў і выпрабаваньняў. Людзі ў “плащах кофейного цвета”, як іх называў Алесь Мікалаевіч, праводзілі ўсялякія “прафілактычныя гутаркі”, сачылі за тэматыкай экспазіцыі і за самым дырэктарам. Але нават у савецкі час ніхто не дадумваўся спыняць аўтобусы, якія ехалі на экскурсію ў Гудзевічы. А ў найноўшы, у многім ганебны час, такое здаралася, што яшчэ раз падкрэслівае значнасьць музея і яго стваральніка.

Урэшце пенсіянера Белакоза цынічна выпіхнулі з пасады дырэктара музея, але значны час ён працягваў свае незабыўныя экскурсіі.

Музей у Гудзевічах і Белакоз даўно сталі сінонімамі, альфай і амегай звычайнай па сутнасьці вёскі, якая прыдбала ведамасьць у агульнабеларускім маштабе. Зараз ён зазнаў мадэрнізацыю, але Белакоза, як жывога сімвала ўжо няма. Зьявіўся, праўда, у першай залі невялікі бюсьцік яго стваральніка.

У час грамадзянскай паніхіды прафесар Аляксей Пяткевіч прапанаваў надаць музею імя яго заснавальніка. Будзем спадзявацца, што гэта прапанова будзе зацьверджана.

Жыцьцё біла гэтага чалавека вельмі жорстка. У раньнім юнацтве ў час вайны ён страціў бацьку (які быў забіты ў час нападу партызанаў на іх хату), а ўжо ў старасьці – сына Міхася. Міхась Белакоз, таксама сапраўдны беларускі патрыёт, загінуў у самым росквіце сіл. Алесь Белакоз перажыў усё…

Алесь Белакоз не толькі стаў волатам беларускага Адраджэньня. Ён ратаваў людзей ня толькі духоўна, але і вынайшаў спосабы фізічнага лекаваньня і ўмацаваньня імунітэту. Пражыўшы пры сьведамасьці і актыўнасьці 88 гадоў, ён на тры дзесяцігоддзі перайграў нават сьмерць. Цяжка прывесьці дакладную статыстыку, але ведаю такіх людзей, якія, скарыстаўшыся методыкай Белакоза, здолелі перамагчы анкалогію, альбо навучыцца жыць зь ёй. Рэцэпты народнай медыцыны, якія захаваў і прапагандаваў гэты чалавек, апісаныя ў кніжках.

Засталіся і яго запаветы, галоўным зь якіх быў: “Усё для Беларусі!”.

Ёсьць на сьвеце людзі, якія напоўніцу выконваюць сваю зямную місію. Падаецца, што Алесь Белакоз менавіта з гэтага шэрагу.

Сьветлая памяць!

 

БЕЛАРУСКІ КРАЯЗНАЎЦА І НАСТАЎНІК

(тэкст узяты адсюль: http://hrodna.life/articles/payshou-z-zhyitstsya-vyadomyi-belaruski-krayaznautsa-nastaunik-ales-belakoz/)

%d0%b1%d0%b5%d0%bb%d0%b0%d0%ba%d0%be%d0%b7-%d0%bc%d0%b0%d1%80%d0%b0%d0%ba%d0%be%d1%9e-2«Сумная вестка — памёр Алесь Белакоз. Адданы патрыёт Беларусі, чалавек вялікага сэрца, стваральнік Гудзевіцкага музея, адзінага на Гродзеншчыне школьнага музея, якому ўдалося стаць дзяржаўным. Памятаем гэтага чалавека. Сьветлая памяць!» — пра гэта паведаміў у сваім фэйсбуку гісторык Андрэй Вашкевіч.

Алесь Мікалаевіч Белакоз нарадзіўся 11 верасьня 1928 года ў в.Ляткі, што побач з Гудзевічамі (Мастоўскі раён). У 1944 г. паехаў вучыцца ў Ваўкавыскую сярэднюю школу. Закончыў яе ў 1947 г. у ліку першых 13 выпускнікоў. Працаваў настаўнікам пачатковых класаў у Гудзевічах (1948-50). Завочна вучыўся ў Гродзенскім педагагічным інстытуце на філалагічным факультэце (1953-59). Настаўнічаў у Радзявіцкай сямігадовай школе (1955-59).

Патрыятычныя пачуцьці да свайго, беларускага, прывіла старэйшая сястра Вера. Калі яна памерла ў 1948 г. ад цяжкай хваробы сэрца ў маладым веку, адчуў, што яго маральны абавязак працягваць яе жыцьцёвую справу. Адразу прыгадаліся яе ўрокі, размовы зь ёй, перакананьні, якіх Вера цьвёрда трымалася. Колішнія выказваньні сястры пра мову, Радзіму, неабходнасьць бараніць роднае набылі новы сэнс, канкрэтную накіраванасьць. Вера сваім уплывам вызначыла жыцьцёвы шлях брата.

Працуючы настаўнікам у Гудзевіцкай СШ, падрыхтаваў уласную методыку выкладаньня беларускай мовы і літаратуры. Увогуле, урокі Алеся Белакоза былі своеасаблівым гімнам роднай мове і літаратуры. Яго вучні былі прызёрамі абласных, рэспубліканскіх алімпіяд. Сталі кандыдатамі, дактарамі навук. “З маленства прывіваеца патрыятызм чалавеку, а найперш у сям’і і школе, бо там пачынаеца фармаваньне сьветагляду грамадзяніна. І як неабходна самому чалавеку з дня ў дзень адчуваць і разумець непаўторнасьць тых мясцін, дзе нарадзіўся, той зямлі, якую называюць Радзімай!” – менавіта з гэтага павінен пачынацца выхаваўчы працэс, лічыў Алесь Мікалаевіч.

Заснаваў літаратурна-краязнаўчы музей (1965 г.), які быў адкрыты ў 1968 г. Цяпер музей мае статус дзяржаўнага. З 1991 па 2004 год А.М.Белакоз працаваў дырэктарам музея. Апекаваўся зьбіраньнем легенд краю, народных песень, выпускам рукапіснага часопіса “Праменьчык”.

%d0%b1%d0%b5%d0%bb%d0%b0%d0%ba%d0%be%d0%b7-%d0%bc%d0%b0%d1%80%d0%b0%d0%ba%d0%be%d1%9e-6Ён зь вялікай любоўю распавядаў наведвальнікам музея з Украіны, Славакіі, Чэхіі, Польшчы, Англіі, Швейцарыі, ЗША, Аўстрыі пра сваю родную вёску. І госьці разумелі яго, бачылі чалавека, які ганарыцца сваімі землякамі, гісторыяй продкаў, раскрывае ім, людзям далёкага і блізкага замежжа, характар беларусаў, іх гасьціннасьць і годнасьць.

Амаль усё жыцьцё Алесь Белакоз пражыў у сваёй вёсцы, якая зь цягам часу зьлілася з буйнейшымі Гудзевічамі.

Паказаць усім, наколькі багатая беларуская культура, колькі талентаў нарадзіла наша зямля – усё гэта імкнуўся рабіць на працягу свайго жыцьця Алесь Белакоз.

Алесь Белакоз ня проста настаўнік беларускай мовы і заснавальнік Гудзевіцкага музея. Ён шчыры патрыёт, які сваім прыкладам выхаваў не адно пакаленьне такіх жа адданых сваёй радзіме нашчадкаў.

Народны паэт Беларусі Пімен Панчанка ў сваім знакамітым вершы “Беларускія настаўніцы” занатаваў такія радкі:
Вы – мае мілыя, Вы – мае родныя,
Колькі было ў вас крыўды і слёз…
Вас пахваліў бы за мову народную
Мудры настаўнік – Алесь Белакоз

У 1987 г. Алесю Мікалаевічу было прысвоена званьне заслужанага работніка культуры Беларусі, ён быў выдатнікам народнай асьветы, меў званьне “Настаўнік-метадыст”, у 1990 г. яму ўручылі медаль Францыска Скарыны, у 1998 г. ганаровы знак Міністэрства культуры, у 2012 г. – прэмію імя Васіля Быкава “За свабоду думкі”.

З 1990 Гудзевіцкі літаратурна-этнаграфічны музей, заснаваны Белакозам, набыў статус дзяржаўнага і налічвае больш за 12 тысяч экспанатаў, сабраных разам з вучнямі.

Нават пасьля выхаду на пенсію Алесь Белакоз вадзіў у музей экскурсіі, бо ніхто не здольны быў гэта рабіць так захапляльна і эмацыйна.

Алесь Белакоз некалькі дзесяцігоддзяў змагаўся з анкалогіяй.

 

СЛАВУТЫ НАСТАЎНІК БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ

(узята адсюль:  http://janka-x.livejournal.com/260308.html)

Белакоз Алесь (11.09.1928, в. Ляткі Ваўкавыскага пав. (цяпер Мастоўскі р-н)), заслужаны настаўнік Беларусі, краязнаўца, музеязнаўца.

Нарадзіўся ў сям’і малазямельнага селяніна, які ў сярэдзіне 1920-х езьдзіў на працу ў Бразілію, а па вяртаньні на заробленыя грошы пабудаваў дом у в. Ляткі і адчыніў сваю краму.

Белакоз амаль усё жыцьцё пражыў у роднай вёсцы, якая з часам зьлілася з больш вялікімі Гудзевічамі. Тут атрымаў і пачатковую адукацыю. Да нямецкай акупацыі скончыў 5 класаў Гудзевіцкай няпоўнай сярэдняй школы.

%d0%b1%d0%b5%d0%bb%d0%b0%d0%ba%d0%be%d0%b7-%d0%bc%d0%b0%d1%80%d0%b0%d0%ba%d0%be%d1%9e-3У часе вайны вучыўся пад кіраўніцтвам роднай сястры Веры (гл. фота).

“У 1943 годзе, — успамінаў Белакоз, — на нашу і іншыя хаты напалі бандыты, якія пасьля называлі сябе партызанамі, з мэтай рабунку. Тата хаты не адчыняў і выбухам гранаты быў забіты… Давялося гаспадарку браць на свае плечы”.

У кастрычніку 1944 г. Белакоз пачаў вучыцца ў восьмай класе расейскае школы № 1 Ваўкавыска, якую скончыў у 1947 г.. “Тады ні ў Ваўкавыскім, ні ў Мастоўскім, ні ў Сьвіслацкім, ні ў Бераставіцкім р-нах не было беларускае школы, якая мела б восьмую класу”.

Няўдалыя спробы паступіць у Менскі медычны інстытут вымусілі Белакоза часова адмовіцца ад планаў пра вышэйшую адукацыю і ўладкавацца ў 1948 г. на працу ў якасьці настаўніка другіх і чацьвёртых класаў у Гудзевіцкай школе.

З 1949 г. Белакоз распачаў завочнае навучаньне на беларускім аддзяленьні Гарадзенскага педагагічнага інстытуту. “Я заўсёды любіў матэматыку, — узгадваў Белакоз, — і хацеў стаць матэматыкам, але лічыў, што найпершы абавязак кожнага чалавека, а тым больш настаўніка, добра ведаць родную мову”.

Яшчэ ў 1948 г. уласнаручна вырабіў улёткі кароткага зьместу (напрыклад, з заклікам “Змагайцеся за незалежную Беларусь!”) і ўпершыню раскідаў іх зь цягніка па шляху ў Менск. Раскідваў іх і ў Менску. У 1949 г. здолеў здабыць ужо шрыфт і выдрукаваў улётку антысавецкага зьместу, якую распаўсюджваў разам зь сябрамі ў Горадні. Белакозу цудам удалося пазьбегнуць арышту, калі пры наклейваньні ўлёткі на будынак міліцыі іх заўважылі. Пасьля гэтага выпадку ў Горадні пачаліся арышты, у прыватнасьці, ва ўніверсітэце. Белакоз узгадвае: “Я прыйшоў да высновы, што нельга гэтага рабіць, бо церпяць невінаватыя людзі”.

З часоў навучаньня Белакоз успамінаў: “Найбольшае ўражаньне на мяне зрабіў выкладчык беларускай літаратуры Браніслаў Ржэўскі, які мужна нёс патрыятычнае слова сярод крыжоў па задушанай мове, культуры, гісторыі Беларусі. Патрыёта Ржэўскага за беларускі патрыятызм у час праўленьня Хрушчова засудзілі на сем гадоў зьняволеньня. Тады я зразумеў, што палітыка забойства беларускай мовы — гэта палітыка партыі”.

Падчас вучобы Белакоз працаваў у розных школах: 1953-54 гг. – настаўнік пачатковых класаў у Струзе, 1954-55 гг. — выкладчык фізікі і матэматыкі ў Тупічанскай семігодцы, 1955-59 гг. — выкладчык беларускай, нямецкай моваў у Радзявіцкай семігодцы. Па заканчэньні інстытута ў 1958 г. уладкаваўся выкладчыкам беларускае мовы і літаратуры ў Гудзевіцкай сярэдняй школе.

Праца з вучнямі і прага вывучэньня беларускай гісторыі, мовы, культуры захапіла Белакоза. У 1965 ён наладжвае ліставаньне вучняў зь вядомымі беларускімі пісьменьнікамі, арганізоўвае школьны кабінэт беларускай літаратуры. Вучні захапіліся літаратурнай і дасьледніцкай дзейнасьцю, іх працы пачалі друкавацца ў беларускіх газетах і часопісах.

У 1965 г. зарганізаваў акцыю лістоў слухачоў Курсаў удасканаленьня настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры (у Менску) на адрас ЦК КПБ з выкладаньнем праблемаў стану беларускай мовы. Загітаваў на гэтую акцыю Арсень Ліс. Акцыя выклікала незадаволенасьць уладаў. Надалей настаўніцкая дзейнасьць Белакоза знаходзілася пад сталым кантролем.

У 1966 г. Белакоз разам з вучнямі выдаў першы нумар машынапіснага літаратурна-краязнаўчага альманаху “Праменьчык”. Выданьне выходзіла раз на два гады. Усяго да канца 1980-х выйшла 14 нумароў, па 4 асобнікі кожны. У 1968 г. на базе кабінета беларускай мовы і літаратуры быў адчынены літаратурна-краязнаўчы музей, які складаўся зь літаратурнага, этнаграфічнага аддзелаў, аддзела гісторыі Гудзевіцкай школы, а таксама “небясьпечных” аддзелаў гісторыі Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамады і КПЗБ.

За актыўную дзейнасьць па зьбіраньні нацыянальнай спадчыны і распаўсюджаньні беларускай мовы Белакоз неаднойчы адчуваў уціск з боку кіраўніцтва мясцовых аддзелаў адукацыі, а таксама КДБ. Супрацоўнікі апошняга нават папярэджвалі Белакозу яшчэ ў 1969 г.: “Белорусский язык должен исчезнуть, а вы нам мешаете. Изменяйте своё отношение к этому языку, пропагандируйте русский”. Аднак, нягледзячы на перашкоды, музей працягваў існаваць і нават пашыраўся. З 1990 г. Гудзевіцкі літаратурна-этнаграфічны музей мае статус дзяржаўнага і налічвае больш за 12 тысяч экспанатаў, сабраных Белакозам разам з вучнямі.

Таленавіты настаўнік, ён распрацаваў адмысловую методыку далучэньня вучняў да літаратурна-краязнаўчага пошуку, музейнай справы і праз гэта да каштоўнасьцяў беларускай гісторыі і культуры.

Дадатковыя зьвесткі пра Алеся Белакога можна знайсьці і на нашым сайце:

http://nashaziamlia.org/2011/04/30/4218/

http://nashaziamlia.org/2011/04/30/4233/

http://nashaziamlia.org/2011/04/30/4240/

http://nashaziamlia.org/2011/04/30/4245/

http://nashaziamlia.org/2011/05/01/4254/

http://nashaziamlia.org/2011/05/01/4260/

http://nashaziamlia.org/2011/05/01/4266/

 

 

= = = = =

 

%d0%b1%d0%b5%d0%bb%d0%b0%d0%ba%d0%be%d0%b7-%d0%bc%d0%b0%d1%80%d0%b0%d0%ba%d0%be%d1%9e-717 сьнежня пайшоў з жыцьця Леанід Маракоў. Яму было 58 гадоў.

Падаем ніжэй некаторыя тэксты, прысьвечаныя ўспамінам пра спадара Леаніда (у свой час мы пісалі пра яго і на нашым сайце:

http://nashaziamlia.org/2006/11/07/381/

http://nashaziamlia.org/2007/10/29/992/

http://nashaziamlia.org/2008/04/03/1300/

http://nashaziamlia.org/2008/11/01/1579/).

 

ПІСЬМЕННІК І ДАСЛЕДЧЫК СТАЛІНСКІХ РЭПРЭСІЙ

(узята адсюль: http://nn.by/?c=ar&i=182316; http://novychas.by/hramadstva/pajszou-z-zyccja-leanid-marakou)

Раніцай 17 сьнежня пайшоў з жыцьця Леанід Маракоў, паведамляе на Facebook актывістка Натальля Саматыя. У яго была пухліна галаўнога мозгу. На пачатку года спадар Леанід перанёс інсульт.

%d0%b1%d0%b5%d0%bb%d0%b0%d0%ba%d0%be%d0%b7-%d0%bc%d0%b0%d1%80%d0%b0%d0%ba%d0%be%d1%9e-10Леанід Маракоў нарадзіўся ў 1958 годзе. Па прафесіі інжынер-радыёэлектронік.

У 1990-я ён стаў вывучаць біяграфію свайго дзядзькі паэта Валерыя Маракова, які быў расстраляны 29 кастрычніка 1937 года. Вынікам працы стала маштабнае дасьледаваньне сталінскіх рэпрэсій у Беларусі — падрыхтаваны і часткова выдадзены 10-томны энцыклапедычны даведнік пад назвай «РЭПРЭСАВАНЫЯ ЛІТАРАТАРЫ, НАВУКОЎЦЫ, РАБОТНІКІ АСВЕТЫ, ГРАМАДСКІЯ І КУЛЬТУРНЫЯ ДЗЕЯЧЫ. 1794—1991». Усяго сабраны зьвесткі пра 20 тысяч ахвяраў.

%d0%b1%d0%b5%d0%bb%d0%b0%d0%ba%d0%be%d0%b7-%d0%bc%d0%b0%d1%80%d0%b0%d0%ba%d0%be%d1%9e-9Маракоў выпусьціў таксама дакументальнае даследаваньне «АХВЯРЫ І КАРНІКІ»,  дзе сабраў біяграфіі ахвяраў і тых, хто мае дачыненьне да рэпрэсій у Беларусі.

Іншыя значныя працы, апублікаваныя Мараковым: «Вынішчэнне» — кніга, прысвечаная дасьледванню рэпрэсій супраць беларускіх літаратараў; двухтамовы энцыклапедычны даведнік «Рэпрэсаваныя праваслаўныя свяшчэна- і царкоўнаслужыцелі Беларусі. 1917—1967».

Леанід Маракоў таксама вядомы сваімі літаратурнымі творамі, аўтар некалькіх кніг. У 2014 годзе выйшла яго манаграфія «Галоўная вуліца Мінска. 1880—1940».

 

 

ЛЕАНІД МАРАКОЎ У МАГІЛЁВЕ

Каласоўскі Юрась (http://mahilou.org/2008/03/18/marakou_photo.html)

16 сакавіка 2008 г. у Магілёве адбылася творчая сустрэча зь пісьменьнікам, гісторыкам і журналістам Леанідам Мараковым. Удзел у вечарыне прынялі каля 50 магілёўцаў.

%d0%b1%d0%b5%d0%bb%d0%b0%d0%ba%d0%be%d0%b7-%d0%bc%d0%b0%d1%80%d0%b0%d0%ba%d0%be%d1%9e-11

У межах сустрэчы адбылася прэзентацыя кнігі “Ахвяры і карнікі”, унікальнага выданьня пра генацыд беларускага народа ў 1937-39 гг. У першым разьдзеле кнігі прыведзены біяграфіі дзеячаў беларускай культуры і грамадства, расстраляных у ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 г. У наступным разьделе зьмешчаныя імёны каля 6 тысяч расстраляных у Менскай унутранай турме НКВД у перыяд т. зв. крывавага тунэлю сьмерці (жнівень 1937 – лістапад 1938), калі адбылося сапраўднае вынішчэньне, генацыд інтэлектуальнага патэнцыялу беларускай нацыі. У трэцім разьдзеле — “Яны вынішчалі нашых продкаў” – паданы зьвесткі пра тых, хто ўчыніў гэтае страшнае злачынства.

Сам Леанід Маракоў – пляменьнік вядомага беларускага паэта Валерыя Маракова, расстралянага ў ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 г. Гэтая ноч сталася ці не самай жахлівай для беларускага народу: на працягу некалькіх гадзін былі зьнішчаныя каля 100 дзеячаў беларускага грамадства і культуры. Загінулі лепшыя сыны беларускага народу, загінулі толькі таму, што яны былі лепшымі – найбольш адукаванымі, творцамі, мысьлярамі… Мэтай жа сталінскага генацыду было ператварэньне нацыі ў статак рабоў, бясплатную рабочую сілу.

Наступствы жахлівых падзей другой паловы 1930-х гадоў не пераадоленыя і цяпер. І сёньня, па словах Л. Маракова, беларуская нацыя даволі разрозненая, няздатная пакуль перамагчы боязь, “ісьці пад танкі”… І ўсё ж пісьменьнік не губляе аптымізму: “Гістарычная памяць будзе вернутая, прагрэс гісторыі нельга спыніць.

Сапраўдная рэабілітацыя ахвяраў – стварэньне мемарыялаў, выплата грашовых кампенсацый – абавязкова адбудзецца, а генетычны страх – пераможаны. Рана ці позна мы будзем разам з усім цывілізаваным сьветам”.

“Дванаццаць гадоў працы састарылі мяне гадоў на 30, — зазначыў Л. Маракоў. – Гэта надзвычай цяжка – падымаць такі пласт гісторыі”.

Напрыканцы сустрэчы яе ўдзельнікі маглі набыць кнігі Л. Маракова з аўтографам аўтара. Акрамя таго, старшыня гарадской арганізацыі ТБМ Алег Дзьячкоў ад імя ўсіх прысутных падзякаваў пісьменьніку за сустрэчу і прэзентаваў Леаніду Маракову адмысловыя календары і першыя нумары “Газеты Магілёўскага ТБМ”.

 

«ГРОШЫ — НІШТО: ПАСЬЛЯ ЦЯБЕ ЗАСТАЕЦЦА АЛЬБО ПАМЯЦЬ, АЛЬБО НІЧОГА»

Анастасія Зелянкова (узята адсюль: http://www.gazetaby.com/cont/art.php?sn_nid=112238)

%d0%b1%d0%b5%d0%bb%d0%b0%d0%ba%d0%be%d0%b7-%d0%bc%d0%b0%d1%80%d0%b0%d0%ba%d0%be%d1%9e-12Патэлефанаваўшы свайму добраму знаёмаму пісьменьніку Леаніду Маракову напярэдадні ягонага дня народзінаў з прапановай зрабіць інтэрвю, я была проста агаломшана непрыемнай навіной. «Я толькі перанёс інсульт — будзе складана», як бы просячы прабачэньня, патлумачыў Леанід. Пасьля гэтых слоў не прыехаць да Маракова я не магла — і бог зь ім, зь інтэрвю…

Я шмат пісала пра яго кнігі і зусім нічога пра яго самога. Але ж чалавек, які вярнуў зь небыцьця дзясяткі тысяч забытых імёнаў, пасьпяховы бізнэсмэн, які кінуў усё дзеля таго, каб гадамі сядзець у архівах і бібліятэках, а па начах пісаць біяграфіі расстраляных і закатаваных у засьценках НКВД людзей, напэўна варты таго, каб самому стаць героем матэрыялу, а то і цэлай кнігі. На шчасьце, усё яшчэ можна выправіць…

Леанід сустрэў мяне як заўсёды гасьцінна. Нічога не выдавала ў ім чалавека, які месяц таму выйшаў са шпіталя. Мы прагаварылі больш за тры гадзіны…

— Паступова аднаўляюся. Хоць хвароба дае пра сабе знаць. У мяне ў памяці згубілася частка дзяцінства, і мне зь вялікай цяжкасьцю атрымліваецца ўзгадваць. Таму хай цябе не бянтэжыць мая блытаная сумбурная гаворка, — пацьвердзіў ён гатоўнасьць да размовы.

— І ўсё ж не магу не спытаць вас аб дзяцінстве. Тое, што ваш дзядзька — любімы вучань Янкі Купалы, рэпрэсаваны паэт Валерый Маракоў — факт вядомы. А якая была вашая ўласная сям’я?

— У сям’і ба́цькі практычна ўсіх рэпрэсавалі. Мой дзед прайшоў канцлагер. Усьлед за ім адправіліся і яго сыны — Валерый Маракоў і яго родны брат, які працаваў настаўнікам… Аднаго расстралялі, другі пазьней вярнуўся. У дзяцінстве пра гэта нам не распавядалі, але было нейкае разуменьне на генетычным узроўні. Я вось думаю, што гэта маё жаданьне справядлівасьці ідзе яшчэ адтуль.

А вось бацька маёй маці быў старшынём калгасу ў Гомельскай вобласьці. Сама мама сьпявала ў хоры. Дарэчы, у адрозьненьне ад сям’і бацькі, яна была савецкая па сваіх перакананьнях, што часта рабілася прычынай канфліктаў.

— Пад фотаздымкам свайго дзеда Дзьмітрыя Маракова вы напісалі «Дзякуй табе, мой сябар і настаўнік». Ён сапраўды быў для вас больш, чым проста дзядуля?

— Сапраўды так. Дванаццаць гадоў сталінскіх канцлагераў, зь якіх ён цудам вырваўся, не здушылі ў ім любоў да Радзімы і жаданьня змагацца за свабоду. Між тым бальшавікі выразалі практычна ўсю яго сям’ю. У мяне татальная нянавісьць да савецкай улады зь дзяцінства. З тых часоў, як у перапынках паміж матчамі чэмпіянату сьвету па футболе ў Англіі ў 1966-м слухаў за сьпіной дзеда радыё «Свабода». Мне было тады 8 гадоў.

Звычайна гэтыя радыёстанцыі глушылі. Дык вось мой старэйшы стрыечны брат, які захапляўся радыёфізікай (сын рэпрэсаванага настаўніка), наладзіў прыёмнік на іншую частату, каб лепш было чуваць. Гэта тады зрабіла на мяне такое ўражаньне, што я таксама вырашыў стаць фізікам.

%d0%b1%d0%b5%d0%bb%d0%b0%d0%ba%d0%be%d0%b7-%d0%bc%d0%b0%d1%80%d0%b0%d0%ba%d0%be%d1%9e-13

— Таму і паступілі ў радыётэхнічны…

— Дарэчы, гэтага магло і не адбыцца. Справа ў тым, што ў 10-м класе мной зацікавіўся КДБ. Наша класная знайшла ў мяне запісы з вытрымкамі з Салжаніцына і Сахарава і далажыла ў КДБ.

— А адкуль у вас узяліся гэтыя запісы?

— Я браў разгромныя савецкія артыкулы, зь іх выразаў цытаты таго ж Салжаніцына, якія там крытыкаваліся, і наклейваў у адмысловы сшытак. Яшчэ адзін мой альбом быў прысьвечаны замежнай музыцы — The Beatles, Led Zeppelin… Атрымалася цэлая кніга. У мяне за гэтымі запісамі цэлая чарга ў школе стаяла, расьпісана было на многія месяцы наперад.

І вось наша класная знайшла іх. Апошняй кропляй стала наша зь ёй спрэчка на тэму, дзе лепш жывецца — у ЗША або ў СССР. Аспрэчыць аргументы простага школьніка яна, гісторык, дэлегат разнастайных партыйны зьездаў, не змагла і паведаміла аб «нядобранадзейным элеменце» куды трэба.

— І чым гэта ўсё абярнулася для вас?

— Была «шчырая» гутарка ў парку з супрацоўнікам КДБ. Ён пачаў мяне выхоўваць: «Лёня, ты ж рупліва вучышся, наперадзе будучыня, інстытут, а ты тут зьбіраеш усялякае глупства, слухаеш заходнюю музыку. Ты зразумей, што нам нічога не варта павярнуць твой лёс у іншы бок. Хочаш паўтарыць лёс свайго дзядзькі?…».

На шчасьце, на гэтай размове ўсё і скончылася. Якраз у гэты час у Менску разгарэўся сур’ёзны скандал з удзелам некалькіх маіх аднакласнікаў, замяшаных у масавай бойцы раён на раён, і на мяне забыліся. У выніку я змог праскочыць у радыётэхнічны. Ды і немагчыма было не паставіць «5», калі я яшчэ ў школе самастойна прайшоў першы курс універсітэта.

%d0%b1%d0%b5%d0%bb%d0%b0%d0%ba%d0%be%d0%b7-%d0%bc%d0%b0%d1%80%d0%b0%d0%ba%d0%be%d1%9e-14— Мяркуючы па тым, што вы пасьля паступілі ў аспірантуру, вучоба вам давалася лёгка?

— Наогул група сабралася з жадаючых вучыцца. Мы былі лепшымі на плыні. Ужо было цікава ня проста здаць экзамен на пяць, а адказаць адразу, без падрыхтоўкі. А потым за такое ​​нахабства яшчэ і на ўсе дадатковыя пытаньні выкладчыка [адказаць]. Мой дыплом быў па сутнасьці гатовай кандыдацкай. Таму пасьля вучобы, не задумваючыся, пайшоў у асьпірантуру.

Але гэта быў канец 1980-х. Валіўся СССР, фінансавая сістэма краіны цалкам сябе зжыла і займацца далей навукай не было ніякай магчымасьці. А для таго, каб далей разьвіваць абраны кірунак, патрэбныя былі велізарныя грошы.

— Але вы ж не адразу сышлі з навукі?

— Я вырашыў на нейкі час проста сысьці з гэтай сьферы (прычым, я шчыра быў упэўнены, што вярнуся) і заняцца кампутарамі. У мяне да гэтага часу ляжыць дыплом наладчыка кампутараў. Некалькі гадоў я прапрацаваў у гэтай галіне. Настройваў найноўшыя кампутары, якія тады былі вялізныя, памерам з шматпакаёвую кватэру.

А потым і гэта ляснула. Амерыканцы сталі выпускаць маленькія кампутары. СССР проста не пасьпяваў іх красьці, так хутка зьяўляліся ўсё новыя і новыя, больш удасканаленыя мадэлі. І што з таго, што ты тут лепшы наладчык СССР? Увогуле, апынуўся па-за справамі…

— Але, трэба сказаць, вы не разгубіліся. Раскажыце, з чым быў зьвязаны ваш бізнэс?

— Я заняўся аўдыё- і відэатэхніка. Стаў вазіць з-за мяжы па ўсім СССРы тэлевізары, магнітафоны, стэрэасістэмы ды іншае. Прычым, цэлымі самалётамі вазіў. Кідаўся па ўсіх краінах і кантынентах. Сёньня ў Швецыю, заўтра — у Нямеччыну або Галандыю, пасьлязаўтра — у Эміраты.

Тут і спатрэбіліся мае тэхнічныя веды. Вось ты сустракаешся з гендырэктарам Sony, а ў яго там тысячы відаў відэатэхнікі і ты павінен ацаніць, што варта браць і ў якіх аб’ёмах, адчуць, на што будзе попыт. А тут яшчэ іх канкурэнт Toshiba падціскае, выбіраеш, што больш выгадна… Прычым, сумы былі даволі сур’ёзныя.

— А адкуль у звычайнага вучонага-радыётэхніка раптам выявілася такая прадпрымальніцкая жылка?

— Я б не сказаў, што гэта было голае скалачваньне грошай. Можа, яно гучыць сентыментальна, але мне вельмі хацелася, каб нашы людзі бачылі сапраўдную якасьць, разумелі, што значыць рэальная каляровасьць, гук. Для мяне было вельмі важна, каб людзі адыходзілі ад гэтай савецкай галечы. Бо, як нашы ні стараліся, усё роўна ў Японіі тэлевізары былі несупаставіма лепш па якасьці.
Я быў, думаю, першым, хто прывёз у Мінск 53-цалевыя экраны. Яны і цяпер — рэч даволі рэдкая, а 20 гадоў таму!.. Тэхніку прывозіў лепшую, такую ​​тады складана было нават «жыўцом ўбачыць».

Натуральна, попыт быў шалёны. Практычна з самалёта сустракалі.

Мінус быў толькі ў тым, што не было ніякіх выходных. Працаваў 24 гадзіны на суткі. 4 гадзіны на сон — і зноў у дарогу.

— Але гэта каштавала таго? Колькі зарабляў у месяц бізнэсмэн Маракоў?

— У месяц, зусім не напружваючыся, атрымлівалася 30-40 тысяч даляраў. А ў тыя часы аднапакаёвую кватэру можна было купіць тысяч за пяць даляраў.

%d0%b1%d0%b5%d0%bb%d0%b0%d0%ba%d0%be%d0%b7-%d0%bc%d0%b0%d1%80%d0%b0%d0%ba%d0%be%d1%9e-15— І дзе ж тыя незлічоныя багацьці, рахункі ў банку?

— Ды неяк не назапасіў, усё кудысьці адразу разьляталася. Шматлікія сябры, сваякі, радня радні… Жыў прыгожа. Калі ўжо дзень нараджэньня — то ўвесь пад’езд гуляе. Калі напоі, то ад 100 даляраў. Калі парфюм — то французскі або амерыканскі. Флаконаў 100, ня менш.

— Гэта значыць, малінавы пінжак, залаты ланцуг — гэта пра вас?

— Быў і малінавы пінжак, і залаты ланцуг. Толькі пінжак абавязкова французскай вытворчасьці, ніяк інакш.

— А жонку — удзельніцу конкурсу прыгажосьці, якая была на 10 гадоў маладзейшай за вас, вы абралі, таму што гэта было прэстыжна?

— Не, калі я ажаніўся, ніякага бізнэсу яшчэ не было. Гэта адбылося якраз пасьля асьпірантуры. Натальлі было 18 гадоў, яна толькі-толькі перамагла ў конкурсе прыгажосьці. Усё так хутка закруцілася. Пажаніліся, потым зьявіліся дзеці. Жонка займалася домам, сям’ёй. Потым цяжкая хвароба…

%d0%b1%d0%b5%d0%bb%d0%b0%d0%ba%d0%be%d0%b7-%d0%bc%d0%b0%d1%80%d0%b0%d0%ba%d0%be%d1%9e-16

— Наколькі мне вядома, ваша дачка спрабавала пайсьці па мамчыных сьлядах, удзельнічала ў конкурсах прыгажосьці, думала пра мадэльную кар’еру.

— Так, яна ўдзельнічала ў конкурсе Міс Globe International, дзе канкуравала з прыгажунямі ўсяго сьвету. Але, на жаль, умовы для перамогі апынуліся для яе непрымальныя ў сілу выхаваньня і высокіх маральных каштоўнасьцяў. Таму мадэльны бізнэс яна сёньня разглядае хутчэй як захапленьне.

— Адзін раз вы ўжо кардынальна памянялі сваё жыцьцё, калі сышлі з навукі ў бізнэс. Але што прымусіла вас, пасьпяховага бізнэсмэна, раптам зноў на 180 градусаў павярнуць лёс?

— Гэта быў 1997 год. Я толькі-толькі ў чарговы раз аднекуль прыляцеў, а тут званок з выдавецтва: “Ваш дзядзька — любімы вучань Янкі Купалы. Хутка яго юбілей. Можа, захаваліся нейкія творы, фота, дакументы?».

Я быў уражаны. Я ж нічога пра гэта ня ведаў, мне не распавядалі ў дзяцінстве. Кінуўся шукаць. Узяў на два тыдні адпачынак. І панеслася: бібліятэкі, архівы, сустрэчы зь людзьмі, якія цудам засталіся ў жывых, паездкі. Потым узяў яшчэ два тыдні…

Год ці два ішлі дасьледаваньні. Думаў, выдам кнігу пра дзядзьку і зноў вярнуся ў бізнэс.

— Кніга выйшла, але ў бізнэс вы чамусьці не вярнуліся…

— У канцы кнігі стаяў імянны паказальнік — сотні сяброў майго дзядзькі — расстраляных паэтаў, літаратараў… І падумалася: а чаму толькі пра дзядзьку? Вырашыў напісаць і іх біяграфіі. Так выйшла энцыклапедыя “Рэпрэсаваныя літаратары».

І пайшло-паехала. Настаўнікі, сьвятары… Потым увесь Мінск у кнізе «Ахвяры і карнікі». Выдаў том “29 кастрычніка» — пра тое, як у адзін дзень у Менску расстралялі каля 100 чалавек. Потым медыкі. Паралельна пісаў апавяданьні. А «Галоўная вуліца Мінска» была прызнана лепшай кнігай 2013-14 года. Прафесіяналы-архітэктары кажуць, што матэрыял, які там сабраны, прыйдзецца вывучаць многія гады.

— Але ж трэба было і на нешта жыць?

— Вось калі я па-сапраўднаму парадаваўся сваім ранейшым заробкам. Каб выйшаў трэці том энцыклапедыі, прыйшлося са спальні выносіць на продаж тэлевізар Sony з аўдыё- і відэасістэмай. На 4-ы том пра настаўнікаў сышла другая машына «Мазда». «Таёта» пацярпела на выданьні 2-томніка пра рэпрэсаваных [праваслаўных] сьвятароў. Каталіцкіх не было на што выдаваць — дзякуй, яны самі мне дапамаглі.

— А не было жаданьня ўсё кінуць, вярнуць ранейшае жыцьцё? Зноў варочаць велізарнымі грашыма, насіць дарагія касцюмы, піць элітныя напоі?

— Ведаеце, напісаўшы біяграфіі больш за 25 тысяч людзей, якія жылі ў ХХ-м стагоддзі (болей, мабыць, ніхто не напісаў), я зразумеў адно: памяць застаецца, толькі калі табой нешта створана — напрыклад, напісана або зьнята. Мільёны людзей смачна і прыгожа жылі: куплялі шыкоўныя хаты, некалькі раз на сезон адпачывалі недзе на Канарах… І што? Дзе яны цяпер? Пра іх нічога не засталося.

Грошы — нішто, галоўнае — памяць. Альбо пра цябе застаецца памяць, альбо нічога.

Я, дарэчы, калі зарабляў шмат грошай, у нейкі момант пачаў баяцца сьмерці. Здавалася б, усё ёсьць, а чаго няма — магу купіць. Але пры гэтым не давала спакою нейкая пастаянная боязь памерці.

Калі ж зьявілася мая першая кніжка пра дзядзьку і пасыпалася мноства станоўчых водгукаў пра яе, прычым, ад самых вядомых літаратараў, усё зьмянілася. Я стаў спакайней ставіцца да сьмерці.

— Ёсьць яшчэ нешта, чаго ў сваім жыцьці не зрабіў Леанід Маракоў?

— Кожны дзень я прачынаюся з думкай, што ёсьць яшчэ адна глабальная кніга, якую я ніяк не выдам — ​​пра галоўную плошчу Менска. Я ўжо пачаў над ёй працу, але скончыць не хапае сродкаў. Мне нават прыйшлося прадаць уласны апошні том «Галоўнай вуліцы Мінска», каб проста элементарна купіць ежы ў краме…

— Інсульт, які вы нядаўна перанесьлі, быў чымсьці справакаваны?

— Апошнім часам я вельмі шмат працаваў, пісаў. На спрэчку асвоіў Фэйсбук і пачаў публікаваць свае артыкулы, якія карыстаюцца ў народа папулярнасьцю. За некалькі гадоў выйшла больш за 700 тэкстаў: апавяданьні (ад любові да палітыкі). Паралельна захапіўся мікрабіялогіяй, праслухаў каля паўтысячы лекцый па найноўшых дасягненьнях у гэтай галіне. Увогуле, перапрацаваў…

А яшчэ каханьне. Яно таксама сур’ёзна вымотвае. Але без любові ў нашым жыцьці — ніяк…

= = = = =

 

Такія, вось, яны – прадстаўнікі нашай сапраўднай беларускай (вялікалітвінскай) эліты!..

Яны – наш гонар і годнасьць!

Былі, ёсьць і будуць вечна!…

 

Каментары (3)

  1. Валянцін:

    Сьветлая і вечная памяць Вялікім Беларусам — і Сп. Белакозу, з якім сустракаўся, і Сп.Маракову, якога ведаў толькі па ягоных публікацыях …

  2. Siarhiej:

    Яны сапраўдная эліта беларускага народу!

  3. Павел Біч:

    Сп. Астроўскі, а таксама сп.сп. Сяргеі — абодва і Высоцкі і Шынкевіч. Палітычная реальнасць настойліва патрабуе стварэнне нейкага паняцця (кантэнта (?)) які жёрстка связываў бы народ (нацыю) і теріторыю на якім гэты народ жыве спрадвеку. Меня на такую думку падштурхоўвае хамскіе паводзіны рускіх ў Балтыі, асабліва ў Латвіі. Нас гэта таксама датычацца. Кожная нацыя на сваёй тэрыторыі павінна паводзіць сябе так як яна жадае. Добра якшто НАТА заступіцца за Эстонію, а як што гэта НАТА скажа што Эстонія гэта прыгарад С.ПецербургаІ кожны челавек мае усе Правы где б ён не жыў і аткуль ён бы не прыбыў. Кажуць, што уБеларусі уладу трымаюць 6000 расейцаў якія захапілі усе галоўные кіраўнічые пасады. і ніхто ім не можа сказаць што яны на чужой зямлі не могуць гаспадарыць. Падзеі Ў Эўропе (нарастанне вагі Правых) таксама кажуць што новае паняцце неабходнае інакш паўднёвікі (як габрэі ў некаторых краінах да Др. Сусв. вайны) могуць прыбраць да сваіх рук усё самае галоўнае. Напрыклад, цяпер ў Расеі усю інфармацыйную прастору захапілі армяне і г.д.

Пакінуць каментар

*

  • Старонкі

  • Рубрыкі

  • Апошнія запісы

  • Архівы