nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Галоўнае пытаньне на 2017 год (частка 2: меркаваньне З. Пазьняка)

15 лютага, 2017 | 5 каментарыяў

Пазьняк 1

 

 

 

 

Літаральна на днях стаў вядомы адказ на галоўнае пытаньне 2017 году Зянона Пазьняка. Ён быў агучаны на чарговый сойме КХП. Падаем ніжэй адпаведны тэкст (узяты адсюль: http://www.bielarus.net/archives/2017/02/14/4708; карэктура наша). На колькі зь яго зразумела, што канкрэтна рабіць беларусу-вялікалітвіну, судзіць вам – наведвальнікам нашага сайта.

Рэдакцыя.

 

 

 

 

НЯХАЙ ЖЫВЕ МАГУТНЫ, СЬМЕЛЫ НАШ БЕЛАРУСКІ ВОЛЬНЫ ДУХ!

… Падрыхтоўка паўзучага захопу тэрыторыі Беларусі, яе рэсурсаў, народа і дабра вынікае зь імпэрскай стратэгіі Расеі і пачалася адразу пасьля здабыцьця дзяржаўнай Незалежнасьці Беларусі. Асаблівасьць гэтай стратэгіі ў тым, што захоп беларускай тэрыторыі плануецца і ажыцьцяўляецца Масквой шляхам ліквідацыі беларускай нацыі. Галоўны метад вынішчэньня – русіфікацыя, разбурэньне культуры і грамадзянскай супольнасьці. Ідэалагічная аснова і галоўны чыньнік такой тыпова фашыстоўскай палітыкі – дыскрэдытацыя, забарона і зьнішчэньне Беларускай мовы [т.б., этнацыд – Рэд.].

22 гады ўкараняў такую палітыку ў Беларусі прамаскоўскі сатрап Лукашэнка, які ўсталяваў у краіне рэжым унутраннай акупацыі (гэта значыць палітыку чужой дзяржавы). Дачыненьні паміж Лукашэнкам і Масквой пабудавыныя па заганнай (але распаўсюджанай ў палітычным сьвеце) сьхеме: сатрап прадае нацыянальныя інтарэсы і праводзіць у краіне палітыку купляючай сатрапа кіроўнай імпэрыі. Купляючая (кіруючая) дзяржава падтрымлівае неперапыннасьць улады сатрапа і аплочвае яго асноўныя патрэбы (дае пазыкі, льготы, зьніжкі, прэфэрэнцыі, касуе крэдыты ды запазыкі і т.п.). У гэтым прычына марыянэткавасьці, васальнасьці, сатрапнасьці і ўсялякай дзяржаўнай ды ўладнай запрадажнасьці ў палітыцы. За здраду плоцяць…

Сутнасьць жульніцкага канфлікту ў гэтай зьвязцы ў тым, што Масква лічыць, што плоціць шмат, але атрымлівае мала, а сатрап лічаць, што яму не выплочваюць таго, што абяцалі. Гэтую здрадніцкую гразь і гандлярскае словаблудзтва беларусы назіраюць ўжо больш за дваццаць гадоў. Прытым сатрап умудраецца падаваць свой гандаль як абарону нацыянальных інтарэсаў, і для дурняў таго тлумачэньня хапае.

Аналагічны шлях быў падрыхтаваны для Украіны, супраць якой Масква ўжо вядзе гібрыдную вайну і ўзброеную агрэсію, бо украінцы паўсталі. Правал фашыстоўскіх планаў супраць Украіны спарадзіў у Масквы новыя агрэсіўныя ініцыятывы – вайну ў Сірыі і падрыхтоўку захопу Беларусі.

Апошняя пазіцыя на розныя лады хаваецца маскоўскай прапагандай і агентурнай службай Лукашэнкі (маўляў, навошта Маскве Беларусь?). Тым часам ставіцца да гэтых маскоўскіх планаў трэба сур’ёзна, як бы неверагодна яны ні выглядалі, ці некаму здаваліся. Бо падрыхтоўка дзеяньняў прадугледжвае самыя дзеяньні.

Пра гэта неабходна пастаянна казаць, пісаць і рэальна рыхтавацца да абароны ад збройнай агрэсіі. Складанасьць у тым, што жывучы пры антынародным рэжыме ўлады, рыхтавацца трэба незаўважна, бо рэжым прадажны. Гэтым абумоўлены наш падыход: індывідуальная падрыхтоўка і групы па 2-3 чалавекі, без структурызацыі (толькі абмежаваныя гарызантальныя сувязі). Такі падыход дасьць магчымасьць захаваць людзей і ў патрэбны час хутка стварыць дабраахвотніцкія батальёны і партызанскія аддзелы.

Кожны змагар-патрыёт мусіць усьвядоміць для сябе правільныя ацэнкі і паводзіны і разумець, што Лукашэнка здрадзіць і здасьць усё, калі ўзьнікне пагроза яго ўладзе і жыцьцю. Ён ёсьць непасрэдная прычына няшчасьцяў нашай нацыі. Сатрап і беларусаненавісьнік ня стане рэальна супраць Масквы.

Калі дапусьціць неверагодныя абставіны ў выніку якіх, напрыклад, сатрап уцягнецца ў збройны канфлікт з Масквой (фармулюю гэта толькі ўмоўна), то тады дабраахвотніцкія батальёны мусілі б дзейнічаць цалкам самастойна, ні ў якім разе ня зьмешвацца і не яднацца разам з лукашыстамі, бо гэта, як кажуць, супярэчыць прыродзе рэчаў – розныя мэты, розныя ідэалы, хоць бы і агульны (але для рэжыма умоўны) непрыяцель. У адваротным выпадку вызвольныя сілы будуць ліквідаваныя рэжымам.

Дарэчы, цікава, што якраз у гэты час дробная агентура пачала “піярыць” Лукашэнку як “барацьбіта” супраць Расеі ды выратавальніка Беларусі, маўляў, яднаймася вакол сатрапа (які пасварыўся з панам, і невядома ці надоўга). Адзін тыпаж, які раней абгаджваў маё імя, назваў сатрапа нават “бацькам, Булак-Балаховічам” [гаворка, відаць, пра былога палітвязьня Кіркевіча; гл. папярэдні матэрыял. – Рэд.]. Яшчэ не такое мы цяпер пачуем…

Ускосныя зьвесткі, якія дайшлі да мяне, сьведчаць аб тым, што нашы заклікі знайшлі сваіх людзей. Ёсьць нават паведамленьні, што хтосьці легальна імкнецца стварыць дабраахвотніцкія батальёны тэрытарыяльнай абароны і зьвярнуўся нават да рэжымнай вертыкалі па “садзеяньне”. Наіўна, вядома, але і тое добра. Яно шмат што высьветліць тым, хто яшчэ нечага не разумее.

Фармальна лагічным выглядае паведамленьне аб стварэньні дабраахвотных грамадзкіх вайсковых камісіяў (ваенкаматаў). Але людзі, якія гэта агучылі (М.Статкевіч), ня маюць даверу ў палітычным асяроддзі. І таму, калі рэальна ўзьнікне патрэба, то ўсё прыйдзецца рабіць ад пачатку іншым асобам.

Даты, калі расейцы па дамове з Лукашэнкам будуць заводзіць свае войскі і танкі ў Беларусь для нібыта сумесных манеўраў, ніхто яшчэ ня ведае (гэтак жа як і пра час і месца “манеўраў”). Беларусы, аднак, інфармацыю пра тое мусілі б мець, ведаць графік завозу зброі і акупанцкага войска па чыгунцы, рабіць неабходныя дзеяньні. Зараз гэта галоўнае. Усё трэба рабіць дзеля прадухіленьня акупацыі, дзеля падрыхтоўкі да абароны ад агрэсара, дзеля арганізацыі адпору ворагам.

Унутранае становішча пад рэжымам ужо даўно эканамічна тупіковае і ўвесь час пагаршаецца. Стасункі паміж рэжымам і грамадзтвам усё больш нагадваюць дачыненьні ў Паўночнай Карэі. Сорамна і цяжка на гэта глядзець, але факт. Факт, які акрамя ўсяго нагадвае пра небясьпечную сілу ўлады, калі яна пры слабым грамадзтве трапляе ў рукі дрэнным людзям. Гісторыя паказала, што злабаедная ўлада можа зламаць хрыбет любому народу і ператварыць яго ў натоўп (Куба, Нямеччына ў 1930-х, Расея, Карэя ды інш.). Народ пачынае сам сябе нішчыць і разбураць пад узьдзеяньнем і прымусам злой улады, асабліва, калі ўладная нечысьць прыдумляе сваю ідэалогію.

Будучыню дзяржавы павінны вызначаць разумныя, культурныя, адукаваныя людзі, патрыёты краіны. Цемра, неадукаванасьць, бескультур’е не павінна кіраваць. Яны ня мусіць быць ва ўладзе.

Абсурдаў хамскага рэжыму ў Беларусі культурныя людзі нацярпеліся дастаткова за 22 гады антынацыянальнай улады. Але мала што зьмянілася, бо хамская ўлада абапіраецца не на эліту, а на натоўп, якім маніпулюе (выраблена яго душыць і выраблена падтрымлівае). У гэтым жывучасьць дэструктыўных рэжымаў і дыктатур.

У мінулым годзе рэжым выдаў чарговы антыканстытуцыйны дэкрэт №3 аб прымушэньні да працы (так было пад маскоўскай саветчынай). Называецца дэкрэт “Аб папярэджаньні сацыяльнага ўтрыманства”. Галоўны хам ахрысьціў сваю прыдумку дэкрэтам аб “дармаедах”, г. зн. аб людзях, якія па той ці іншай прычыне часова ня маюць працы (беспрацоўныя, парадзіхі, творчыя асобы, агароднікі, інваліды, хатнія гаспадыні і г.д.) [галоўная прычына беспрацоўя ў сёньняшняй Беларусі – адсутнасьць добрай працы, прымусовае звальненьне з працы прыстойных, прынцыповых беларусаў. – Рэд.]. Матывацыя тыпова рабская – маўляў, гэтыя людзі не прыносяць даходу дзяржаве і таму павінны плаціць падатак (і не малы) за сваё нібыта беспрацоўе. (На самой справе гэтыя «беспрацоўныя» людзі эканамічна ўтрымліваюць уладу, а не наадварот).

Сітуацыя ў які ўжо раз ставіць пытаньне аб ліквідацыі шызоіднага рэжыму, аб зьмене ўлады. Але рэальнасьць паказвае адваротнае. Людзі прызнаюць гэтую нелегітымную ўладу, якая плюе ім у твар, і зьбіраюць подпісы пад пэтыцыямі, каб начальнік адмяніў свой дэкрэт (чаго, вядома, ніколі не станецца). Ініцыятывы прасіцеляў тут жа ачольваюць запісныя “апазыцыянэры” і клічуць людзей на дэманстрацыю супраць дэкрэта (спачатку сп. Лябедзька паклікаў на 15 сакавіка, а потым М. Статкевіч на 17 лютага). Як звычайна ў правакацыях – ніякага плану і мэты дэманстрацыі няма. Пакажам, “каб улада баялася” – кажа М. Статкевіч. Шчыра і прастадушна. Тут як з плясканьнем у ладкі [у 2011 г. – Рэд.]. Не кажу ўжо пра 19 сьнежня 2010 года.

Узьнікла група сацыяльна незадаволеных дэкрэтам №3. Трэба рэжыму тое нездавальненьне згасіць, пасеяць нявер’е. Запісныя асобы тут жа забягаюць наперад (нават адзін аднаму). Утварылася гэткая (не без спрыяньня рэжыму) грамадзкая плагасаранча, якая не дае арганізавацца сур’ёзнай справе, падсоўвае людзям дурацкія паводзіны, якія канчаюцца пшыкам (гэта ў лепшым выпадку).

Калі ў выніку дэкрэта зьяўляецца акрэсьленая група незадаволеных людзей колькасьцю ў 470 тысячаў чалавек, чые інтарэсы аднолькава парушаны, то зьяўляецца і адпрацаваная сьхема змаганьня за свае інтарэсы. Гэта канфэрэнцыя такіх людзей, фармуляваньне на ёй інтарэсаў і задачаў, стварэньне арганізацыі і структураў, якія зоймуцца эканамічнымі і юрыдычнымі пытаньнямі, сфармулююць палітычныя патрабаваньні і, калі дойдзе справа да дэманстрацыі, то яна будзе мець мэту і дзясяткі тысячаў дэманстрантаў, якімі граматна пакіруюць граматныя людзі. (Так ствараўся БНФ пад камунізмам).

Каб тое не адбылося, [сёньня] наперад забягаюць правакатары ў вобразе “герояў-змагароў” і робяць пшык, [а яшчэ] штрафы, пасадкі, расчараваньне, упадак сілаў, фіксацыя для гэбістаў і т.п. Зрэшты, тут усё банальна відаць.

Нічога не атрымаецца ні ў правакатараў, ні ў “дармаедаў”, якія не дарасьлі да палітычнага ўсьведамленьня аб ліквідацыі антынацыянальнага рэжыму. Карэізацыя працягваецца. Людзі, якія змагаюцца не за народ, не за свабоду, гонар, веру і «вольны дух» (як пяецца ў Беларускім гімне), але патрабуюць толькі хлеба і матэрыяльнага заспакаеньня, – ня будуць мець ні гонару, ні волі, ні хлеба. Тыя, што адвярнуўшыся ад вольнага духу, йдуць за абяцальшчыкамі дабрабыту, – не атрымаюць яго, толькі рабства, паняверку і вечны плач.

У гэтай абсурднай сітуацыі, патрыёты, рыхтуймася да змаганьня і да збройнай абароны незалежнасьці Беларусі! Гэтая барацьба можа ўсё вырашыць. У тым ліку і пра існаваньне антынароднага рэжыму.

 

12 лютага 2017 г. Зянон Пазьняк

 

5 каментарыяў

  1. Licvin кажа:

    ”тады дабраахвотніцкія батальёны мусілі б дзейнічаць…”
    Гэта мара як усходняй так і заходняй алігархіі, бо тады можна лёгка зрабіць з незалежнай краіны разбомбленые Ірак, Лівію., Сербію, Данецк…
    Пасіанарная, адукаваная частка грамадства павінна нястомна ісьці і несьці свае патрыятычныя і нацыянальныя гледзішчы ў народ, ва ўладу, да моладзі, у массы, кожны дзень і вечар на працягу дзесяцігодзяў. Беларуская мова — якой так баіцца імперыялізм і глабалізм — гэта адзін з вельмі эфектыўных спосабаў барацьбы. Калі мовай пачне карыстацца народ — ніякая нават ”присоединенние” будзе не смяротна, бо мова абазначае ”присоединенние” сапраўдным станам з’яў — як акупацыяй. Усе рускаговоряшчіе становяцца акупантамі…! Вось чаму такая зацятая барацьба ідзе з-за мовы. ”Рускоговоряшчие хотят доминировать и занимать руководяшчие посты”, для гэтага яны апіраюцца на падтрымку імперскай алігархічнай Масквы.
    Выйсьці на Плошчу і пагарлапаніць — гэта самы лёгкі і неэфектыўны шлях. Таксама забыліся Інфармацыйна–нафтавую вайну 2010 года між Расіяй і Беларусью, пасля падзей ў Кіргізстане. Забыліся, не прааналізавалі, не зразумелі яе пачатак і яе нечаканы канец.

    • Мікола))) кажа:

      калі гэта абарона сваёй краіны пачала лічыцца дзеяй па ўказцы Захаду? НІхто ня кажа, што добр. батальёны павінны нешта рабіць да пачатку анэксійных дзяеньняў ворага. І мова нас ня выратуе, калі мы будзем фізычна зьнішчаны – няма каму будзе на ёй гаварыць. Таму мова адзін з падставовых элемэнтаў – але не адзіны…

  2. Павел Біч кажа:

    Зянон Станіслававіч, няўжо расеяне пасля раздела РП перайменавалі нас з літвінаў ў беларусаў дзеля таго каб мы з цягам часам часу ужо пад імем “белых рускіх” засталіся тым ж самым народам які ў раннім часе здэкваўся з іх за іх адсталасць і азіяччыну; каб мы засталіся тымі ж самымі якія ваявалі шмат стагоддзяў з імі заставаючыміся верным хайруснікам палякаў? – Перайменавалі каб мы калісьці атрымаўшы нейкім чынам незалежнасць і зноў пачалі здэківацца з іх, і быць разам з эўрапейцамі і не пускаць іх ў Эўропу??? Няўжо Вялікая Царыца была такая наіўная і глупая?
    Я не гісторык, але я ведаю, што на кожны аргумент за тое што нашаму народу варта было стаць “белымі рускмі” можна знайсці столькі ж аргументаў за тое што нам трэба было трымацца і аставацца літоўцамі/літвінамі.
    Адкажыце мне чаму за чвэрць стагоддзя незалежнасці нашые вярхі ( Лукашенка,урадоўцы, чынавентства, інтэлігенцыя) так і не прынялі нацыянальнае у форме беларусшчыны? Чаму усе народы былых Сав. Рэспублік за гады незалежнасці адбудавалі свае нацыянальные культуры, а мы Не? Прашу Вас, не абражайце усіх направа і налева, не вінавацце вярхі у Здрадзе. Такая масавая здрада немагчымая. Умовы для адраджэння пасля разалу Саюзу былі ідэальные! Можа усё ж такі не прынялі беларусшчыну з-за таго што адчувалі прыніжаннасць, ганебнасць і гніллё гэтай з’явы? Я ведаю, што вы мне хутчэй усяго не адкажыце. Тады мне прыйдзецца аценьваць усё вельмі проста – быў Загад аб перайменаванні і вы (адраджэнцы) яго выканаўцы. А гэта значыць што менавіта вы ёсць Вялікіе Здраднікі і калабаранты. Так аценяць вас новые пакалення.

    • Мiкола кажа:

      Мову спачатку вывучы, перш чым брахаць на Пазьняка. Ен, бадай, адзiны палiтык зараз, якi разумее что адбываецца й дае пленныя парады.

  3. kryvič кажа:

    Тут ўсё складаней,спадар Біч. Ўсё было зроблена як мае быць.Адчынялісь нацыянальные садкі,школы ды гімназіі.Праграма пераходу на мову была не на адзін год,а на 10. Былі спробы ўвядзення талера і шмат што яшчэ,але не здолела тая апазыцыя дамагчыся пераменаў,бо занадта інтэлігентна працавала,а патрэбна было як бальшавікі ў 1917 і мы былі гатовыя да гэтага.Былі і людзі падгатаваныя і жаданне,але не было каманды. Вось тадыб мы перамаглі бо жаданне і моц ў людзей была,а Пазняк думаў што ўвесь народ будзе рабіць тое што яны на сойме,за зачыненымі дзвярамі, напрацавалі. У людзей нават не ва ўсіх на газэту было.Ў саміх сфарміраванае пачуццё гонару было,а зрабіць свядомымі большую частку насельніцтва не змаглі. Ды яшчэ са сцягамі наблыталі,зноў БНРаўскі ўзялі…

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы