nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

«У кожным раёне Беларусі ёсьць свае Курапаты», — дасьледчык з Баранавічаў напісаў кнігу пра злачынствы савецкай улады

24 красавіка, 2017 | 10 каментарыяў

Татаранка 1Чым больш злачынныя ўлады, тым больш яны імкнуцца да таго, каб народ ня ведаў сваёй гісторыі. Відаць, таму цяпер у нас, бывае, даходзіць да таго, што некаторыя пачынаюць казаць у пазітыўным ключы пра часы былога СС ці Польшчы… Жыхар Баранавічаў Аляксандар Татаранка (гл. фота) рыхтуе да выданьня кнігу пра пасьляваенны перыяд гісторыі свайго рэгіёну. Пабываўшы ў многіх архівах, дасьледчык прыйшоў да высновы, што савецкая ўлада была акупацыйнай, а «маленькія Курапаты» існуюць каля многіх гарадоў (узята адсюль – http://www.svaboda.org/a/28251153.html, нязначна адрэдагавана).

Рэдакцыя.

 

 

Аляксандар Татаранка — не прафесійны гісторык, ён падпалкоўнік у адстаўцы. Служыў у войску, потым у органах МУС. Аднак сапраўдным жыцьцёвым захапленьнем стала для яго вывучэньне ў архівах савецкага перыяду гісторыі Заходняй Беларусі, Баранавіцкай вобласьці, якая існавала ў пасьляваенны перыяд.

У 2006 годзе накладам 700 экзэмпляраў Аляксандар Татаранка выдаў кнігу «Недазволеная памяць» амаль на тысячу старонак, якая хутка разышлася.

Цяпер ён рыхтуе да выданьня другую кнігу — «Запрашаем у пекла». У ёй аўтар апісвае паваеннае дзесяцігодзьдзе 1944-54 гг.. Аляксандар Татаранка кажа, што кніга выйдзе накладам усяго 200 экзэмпляраў, таму цяпер ён шукае дабрачынцаў, каб павялічыць наклад.

Журналісты Свабоды сустрэліся з Аляксандрам Татаранкам, пагутарылі пра ягоную працу, а таксама пра высновы, да якіх прыйшоў дасьледчык, працуючы ў архівах.

 

— Аляксандар, вы непрафесійны гісторык. Адкуль у вас зьявілася жаданьне разьбірацца ў складаным перыядзе беларускай гісторыі?

— У 38 гадоў я, кадравы афіцэр, пайшоў на пенсію. Паўстала пытаньне, як жыць далей. Ісьці ў бізнэс — пад 40 гадоў ужо позна. Ісьці ў ахоўнікі, самі разумееце, у званьні падпалкоўніка неяк сорамна. Я вельмі люблю гісторыю і вырашыў зьвярнуцца да гэтай тэмы на ўзроўні аматарскім. На пэўным этапе я пазнаёміўся з нашым вядомым краязнаўцам Міхасём Бернатам. Мы працавалі зь ім над кнігай «Памяць» Ляхавіцкага раёну. Тады мне і прапанавалі папрацаваць у архівах. Я пачынаў з тэмы «Калектывізацыя ў Ляхавіцкім раёне 1944-53 гг.». І калі я папрацаваў палову году, то зразумеў, што гісторыі ні я, ніхто з нас увогуле ня ведае.

Татаранка 2

У выніку, калі другое выданьне кнігі «Памяць» Ляхавіцкага раёну з прынцыповай падачай гістарычнай інфармацыі так і не выйшла, я вырашыў падрыхтаваць сваю кнігу ў процівагу афіцыйным. І ў 2006 годзе такая кніга была выдадзена пад назвай «Недазволеная памяць» (гл. фота). Там апісваецца перыяд 1921-51 гадоў, час трох акупацыяў — польскай, савецкай ды нямецкай.

 

— У якіх архівах вы працавалі?

— Я працаваў у архівах Берасьця, Горадні, Менску, Баранавічаў ды іншых. Ёсьць цікавыя моманты, якія знаходзяцца ў адкрытых архівах, таму аналіз дакументаў, веданьне сітуацыі таго часу дазваляе ня грукаць у закрытыя архівы.

 

— У дачыненьні да савецкага перыяду беларускай гісторыі вы скарысталі тэрмін «акупацыя». Чаму вы прыходзіце да такой высновы?

— У мяне цяпер рыхтуецца да выданьня кніга «Запрашаем у пекла. 1944-51 гг.». Там я праводжу паралель з нацыстамі, якія вывезьлі з 1941-га па 1944 год на прымусовыя работы 33 тысячы 700 чалавек. Назад вярнуліся да 1948 году 820 чалавек.

Татаранка 3

Журнал адзнак адной зь беларускіх школ часоў нямецкай акупацыі за 1942/1943 навучальны год. З архіву Аляксандра Татаранкі [зьвярніце ўвагу, нават у часы нямецка-фашыцкай акупацыі навучаньне ў школах Беларусі адбывалася на нашай мове… – Рэд.]

 

Што робяць «другія саветы»? З 1944-га па 1954 год, пакуль не была ліквідаваная Баранавіцкая вобласьць, паводле маіх падлікаў, якія патрабуюць удакладненьня ў бок павелічэньня, з вобласьці, якая налічвала 620-650 тысяч чалавек, было вывезена больш за 330 тысяч. У тым ліку больш як 25 тысяч юнакоў і дзяўчат ва ўзросьце 14-17 гадоў, якія ніколі на Радзіму не вярнуліся. Кожны другі жыхар вобласьці апынуўся ў Магадане, Карэліі, Казахстане і гэтак далей. Замест іх сюды былі завезеныя вайскоўцы савецкай арміі, органаў унутраных спраў, НКВД, КГБ і грамадзяне з усходніх абласьцей.

Гэта проста вам адзін прыклад таго, што гэта была самая сапраўдная акупацыя. Мала чым адрозьнівалася палітыка нацыстаў і бальшавікоў.

 

— Якой была пасьляваенная ўлада, ці маглі быць мясцовыя людзі кіраўнікамі?

— Паводле саміх партыйных савецкіх кіраўнікоў, у згаданы перыяд у органах улады мясцовых жыхароў былі адзінкі. Усе начальнікі былі з Усходу — людзі, якія прайшлі школу Сталіна, школу НКВД-НКГБ, зарэкамендавалі сябе, былі павязаныя крывёй. Маючы ўжо адпаведны досьвед за плячыма, яны ўстанаўлівалі тут савецкую ўладу. Гэта былі ў асноўным расейцы, беларусы былі кіраўнікамі рэдка.

 

— Назва вашай кнігі «Запрашаем у пекла» адлюстроўвае ня толькі вываз людзей, але і бясчынствы камуністычнай улады, якія тут рабіліся?

— Так, у кнізе падрабязна апісваецца, што рабілася ў гэты перыяд у Баранавіцкай вобласьці. Упершыню ўводзяцца ў абарачэньне многія сакрэтныя дакументы. Напрыклад, справаздачы на імя першага сакратара абкама камуністычнай партыі пра злачынствы Баранавіцкага гарнізону. Што выраблялі тут афіцэры, салдаты. Як забівалі, гвалтавалі, рабавалі насельніцтва. Што тварылі чыноўнікі, супрацоўнікі НКВД-НКГБ. У архівах мне трапіліся дакументы, больш за 500 прысудаў Мінскага абласнога трыбуналу, выязных сесіяў гэтага трыбуналу. Гэта прысуды афіцэрам, вайскоўцам, якія ўчынілі бясчынствы, гвалт, рабаваньні, забойствы ў дачыненьні да мірнага насельніцтва.

У кнізе гэта ёсьць, якія тэрміны яны атрымалі. Але аналіз крымінальных спраў паказвае, што [толькі] 3% афіцэраў былі асуджаныя да зьняволеньня. Прычына, зь якой астатнія засталіся на волі, — у прэамбуле многіх прысудаў проста ўказваецца, што падсудны ўзнагароджаны медалём, напрыклад за абарону Сталінграда. Гэта была падстава, што ён быў «наш чалавек». То бок юрыдычна органы ўлады замацавалі права для гэтай катэгорыі вайскоўцаў забіваць беларусаў.

 

— Нядаўна пад Віцебскам, каля вёскі Хайсы, знайшлі месца расстрэлаў, якое ўжо атрымала ў СМІ назоў «Віцебскія Курапаты». У сваіх дасьледаваньнях ці знаходзіце вы сьведчаньні аб існаваньні падобных «рэгіянальных Курапатаў»?

— Адзін з разьдзелаў у маёй новай кнізе апавядае пра тое, што з 1944-га па 1951 год кожны аддзел НКВД, НКГБ, вайсковыя часьці ў кожным раёне атрымлівалі па 15, 150 і нават 300 гектараў зямлі пад так званыя «падсобныя гаспадаркі». Я вывучыў справаздачы па сельскай гаспадарцы, дзе ніводнае з гэтых падразьдзяленьняў не праходзіць. Яны не давалі справаздач пра збожжа або мяса… У той жа час большасьць гэтых надзелаў яны атрымлівалі ў лясах, далёка ад дарог. Мая думка — менавіта ў гэтых месцах і былі «маленькія Курапаты» ў кожным раёне. Гэтыя так званыя «падсобныя гаспадаркі» служылі проста прыкрыцьцём, легендай. Насамрэч гэта былі канцлагеры, дзе проста адбывалася фізічнае зьнішчэньне людзей.

Я думаю, прыйдзе час, калі ўсе гэтыя «маленькія Курапаты» будуць знойдзеныя. Уся статыстыка знаходзіцца ў архівах КДБ Беларусі і больш дэталёвыя дакументы — у архівах ФСБ Расеі. Я перакананы, што прыйдзе час, і мы будзем ведаць па імёнах, хто ўчыняў гэтыя злачынствы і колькі людзей было зьнішчана.

 

— Напрыклад, дзе могуць быць гэтыя «маленькія Курапаты»?

— Возьмем Наваградак. Цяпер там стаяць два помнікі палеглым воінам. Яшчэ працуючы над першай кнігай, сустракаючыся зь людзьмі, мне сказалі, што адзін з помнікаў у Наваградку не адпавядае рэчаіснасьці. Мясцовыя жыхары мне патлумачылі, што яго паставілі ў 1960-я гады на ўказаньне партыйных органаў на месцы расстрэлаў мірных жыхароў пасьля Другой усясьветнай вайны. Я пачаў працаваць далей, шукаў літаратуру, успаміны… І знайшоў. У Ізраілі была выдадзеная кніга аднаго з тагачасных жыхароў Меншчыны, які расказвае пра тое, што калі ён выйшаў зь лесу пасьля вызваленьня савецкімі войскамі Менскай вобласьці, то яго арыштавалі і даставілі ў адзін з гэтых лагераў.

Асноўны аддзел знаходзіўся ў Наваградку (там, дзе цяпер будынак РАУС), а месца расстрэлаў — дзе стаіць гэты помнік. Там ня толькі мясцовых жыхароў расстрэльвалі. Я прывёў гэты прыклад, бо чалавека зь Менскай вобласьці гналі ў Наваградак, каб схаваць сьляды.

На маю думку, у кожным раёне знаходзілася некалькі такіх лагераў. Яны мелі прыкрыцьцё, быццам гэта вайсковыя нейкія кааператывы. Лагер 318 знаходзіўся ў тагачасным Гарадзішчанскім раёне, каля вёскі Паланэчка, сёньня гэта Баранавіцкі раён. Насамрэч ніякага там «калгасу» не было, гэта быў канцлагер.

Акрамя таго, карныя органы НКВД-НКГБ актыўна выкарыстоўвалі былыя лагеры нацыстаў — лагер Калдычава, лагер Лясная. НКВД іх выкарыстоўвала да канца 1940-х гадоў. У кнізе я прывожу ўспаміны чалавека, які распавядаў, што яшчэ ў 1947 годзе чулі страляніну з кулямёта на тэрыторыі былога лагеру Калдычава.

 

— Тэма, якой вы займаецеся, сёньня амаль не кранутая прафесійнымі гісторыкамі. Чаму так, як вы мяркуеце?

— Калі ты працуеш у архіве, то запісваешся ў журнале наведваньняў. Я працаваў у Баранавіцкім архіве над апошняй кнігай больш за тры гады, то за гэты час толькі аднойчы прыехаў дасьледчык з Горадні, які працаваў у габрэйскай тэматыцы, і адзін студэнт універсітэту з тэмай савецкага характару.

Калі браць афіцыйную гісторыю, то такіх прац ня будзе, пакуль у нас палітыка скіраваная ў адным рэчышчы — «лінія Сталіна». Прафесійны гісторык сёньня з гэтай тэмай працаваць не можа, бо яму або не дадуць абараніцца, або звольняць.

(канец матэрыяла)

=

 

Ад рэдакцыі:

Думаем, цяпер ніхто з тых, хто прачытаў гэты матэрыял, ніколі ня будзе хваліць савецка-камунячы рэжым, які быў у разы больш злачынны, чым нямецка-фашыстоўскі, і пакараньне прыхільнікам якога яшчэ наперадзе…

 

 

10 каментарыяў

  1. Licvin кажа:

    ” З 1944-га па 1954 год, пакуль не была ліквідаваная Баранавіцкая вобласьць, паводле маіх падлікаў, якія патрабуюць удакладненьня ў бок павелічэньня, з вобласьці, якая налічвала 620-650 тысяч чалавек, было вывезена больш за 330 тысяч.”
    Пустая балбатня. Зразумела, што ў 44 годзе мужчынскае насельніцтва было прызвана ў Чырвоную армію. Ведаю прыклады, што нават былых паліцэйскіх Ракасоўскі забраў у армію і яны ваявалі з немцамі, былі параненыя, а ўжо пасля вайны з імі разбіраліся. Звычайна адпраўлялі на некалькі год на Поўнач на лесазагатоўкі. Таксама пасля вайны пасля заканчэння школы, шмат юнакоў і дзяўчат паехалі вучыцца, а потым былі накіраваныя на працу ў іншыя вобласьці краіны. Але што гвалтам высялялі палову насельніцтва — гэта псіхапатычныя трызненні аматара ”гісторыі”.
    Наогул, хто не жыў пасля вайны, таксама ў 50-х гадах, той не зразумея што адбывалася.ў тыя часы. Есьці было нечага асабліва ў Усходняй Беларусі панішчанай вайной. Калгасы — гэта феадальны прыгон, калі чалавек з селяніна ператвараўся ў прыгонага чалавека, таму моладзь імкнулася з’ехаць на будоўлі, на шахты, у вайсковыя вучэльні. Разам з тым былі адчынены школы, абавязковая 7-гадовая адукацыя, праводзілася электрычнасьць у вёскі, адчыняліся бібліятэкі, працавалі кіноперадзьвіжкі, сьвяткаваліся сьвяты, дзяцей прымалі ў піянеры. У прыкладна 1959-61 гадах праводзіліся районыя фестывалі, вельмі святочныя. Жыццё набірала моц, пачынала квітнець, мясцовая моладзь атрымлівала адукацыю, рабілася настаўнікамі, інжынерамі, афіцэрамі Савецкай Арміі.
    Былі пры Сталіне і высяленні мясцовых ”кулакоў” у Сібір, але не масава. Усё гэта я бачыў дзіцём у Іўеўскім районе ў 50-х гадах. Быў і супраціў Арміі Краёвай, якая забівала савецкі актыў, настаўнікаў, міліцыянераў… Складаны быў час, цяжкі, але значна лепшы, чым перад вайной і ў вайну. Помню Фэст у Геранёнах прыкладна ў 1960 годзе, прыехала на фурманках тысячы людзей, пад вянец у касцёл ішлі дзесяткі пар, а потым канечна падпіўшы мясцовыя кавалеры зрабілі ”бойку’, нам дзецям гэта было вельмі цікава, як адзін раз’юшаны мужык гнаўся за вялізным камянём за другім, які бег уперадзе метрах у 100… І вялікі натоўп бег за гэтымі раўнівымі мачо. Потым прыйшоў участковы меліцыянер, і гэтыя раз’юшаныя мужчыны, як авечкі пайшлі ў за прадстаўніком улады… Склалі пратакол, патрымалі суткі ў районым пастарунку і вярнуліся ”мачо” дахаты.
    Рэдакцыі: ”АМАТАРАМ ГІСТОРЫІ” не трэба глядзець у рот, бо яны не нічога не ведаюць, не валодаюць сыстэмным навуковым падыходам да вывучаемага прадмета і хочуць быць на грэбне часу… Зараз развялося ”палітолагаў”, ”аналітыкаў”, ”стратэгаў”, ”пісьменнікаў”, ”розных магістраў”, ”дэмагогаў”, ”гісторыкаў” процьма і яны сваю чорна-белую прымітыўную сьвядомасьць прапануюць грамадству.

    • Рэдакцыя кажа:

      Сп. Ліцьвін, у сваім красамоўным допісе пра фэст у Геранёнах вы абышлі некалькі пытаньняў, узьнятых аматарам сапраўдный гісторыі:
      – адукацыя на беларускай мове была нават пры нямецкіх нацыстах; дзе яна цяпер пры такой “харошай” постсавецкай уладзе?
      – чаму толькі 3% савецкіх вайскоўцаў былі асуджаныя да зьняволеньня за крымінальныя злачынствы, зьдзейсьненыя супраць беларускага насельніцтва?
      – усе начальнікі ў Беларусі пасьля вайны былі з Усходу; чаму?!!!
      – магчыма, што ў кожным раёне Беларусі ёсьць свае Курапаты; хто расьследаваў пытаньне?!!! (нагадаем, да нядаўняга часу – напрацягу амаль 30 гадоў – цыперска-лукашысцкія ўлады ўпарта і гучна сцьвярджалі, што ў менскіх Курапатах ляжаць… расстраляныя немцамі);
      – пасьля вайны пры такой “харошай” новай уладзе, як вы сп. Ліцьвін пішаце, куды падзелася палова насельніцтва?
      – чаму выключна праўдзівыя “прафесійныя гісторыкі” і сёньня працягваюць ігнараваць узьнятыя пытаньні? чаго яны баяцца?!!!
      Карацей, мы вам ня раім далей называць сп. Татаранку “балбатуном”, “аматарам гісторыі”, які “псіхапатычна трызьніць”. Прынамсі да таго часу, пакуль сапраўды сур’ёзныя і прафесійныя гісторыкі дакладна не рэканструююць маштаб і зьмест тых ды іншых аналагічных падзей… І вось тут, мы разам са сп. Татаранкам баімся, што праўда можа аказацца яшчэ страшней…

  2. Павел Біч кажа:

    Тав. Літвін, хлусіць трэба асцярожна і па-майстерску. Вы напісалі што ў 50 гады бачылі як выселялі кулакоў. Такое можна асэнсаваць (і значыць бачыць) толькі ў 7-10 гадоў. Сколькі вам гадоў зараз? Здаецца не 70, і не 75, а значна меньше? Мракабесы кшталту Літвіна скінулі маскі дэмакратаў і пайшлі ў атаку.

  3. Licvin кажа:

    1.Адукацыя ў вясковых школах у 50-х гадах была на беларускай мове. Сам вучыўся ў такой школе.
    2. 3% ці 30% гэта нам невядома, гэтыя лічбы голаслоўныя, таксама пытанне ў якія гады і дзе.
    3. Усе начальнікі былі з Усходу таму, што насельніцтва што было пад нямецкай акупацыяй магло быць часткова завербавана абверам ці некаторыя магчыма былі агентамі гестапа.
    4.Курапаты ў кожным раёне!? Гэта толькі дапушчэнне, здагадка а не факт. Яно не будучы фактам стварае танальнасьць і ўжо ўздзейнічае на чытача.
    5.Была вайна, якая і забіла мноства людзей. Але пісаць, што з 1945 года па 1954 год 330 000 чалавек з Баранвічскай вобласьці былі знішчаны — гэта маразм. Жывучы ў Гродзенскай вобласьці я ніколі нічуў пра такі генацыд. Людзі ўспаміналі вайну, клялі вайну, але пра генацыд пасляваены, як піша Татарынка ніхто не заўважыў. Бо яго не было ў такіх маштабах, як піша ”аматар гісторыіі”. У 60-х гадах у Слуцку засудзілі аднаго чалавека, то народ узняўся і спаліў суд і судзю затаптаў. А тут ”аматар гісторыі” піша пра 330 000 знішчаных людзей…???
    Рэдакцыі: Заўвагі.1.У Савецкай улады было шмат хібаў, промахаў, глупстваў, пра іх трэба пісаць і расчыняць, але рабіць гэта неабходна прафесійна, а не ў пагоне за грантамі выконваючы заказы заходняга і ўсходняга алігархата.
    2. Рэдакцыі трэба звярнуць увагу, што аўтар былы афіцэр МУС і ён сваімі ”навуковымі даследваннямі” можа вас моцна падставіць.
    3. Савецкая ўлада мела шмат дасягненняў, але яна не вырашыла некалькі кардынальных пытанняў; 1.Адсутнасьць матывацыі да плённай працы ў насельніцтва, асабліва ў маладых пакаленняў. 2. Невырашанасцьць нацыянальных пытанняў: мовы і гісторыі карэных народаў, нацыянальнай ідэі гэтых народаў… І шмат іншых пытанняў. Аб гэтым трэба пісаць, вывучаць, прапаноўваць свае ідэі… Але аб’ектыўна, навукова, сыстэмна, нават з любоўю, бо мы ўсе выйшлі адтуль з савецкага часу і таму немагчыма аплёвываць сваё мінулае!
    БІЧУ; Высяленне ”кулацкай сям’і” я ўчуў ужо ў 60-х гадах будучы студэнтам–турыстам і слухаючы гісторыі былых франтавікоў, партызан, …
    У вас Павел яскрава выражаны стыль пэўных людзей клеіць негатыўныя ярлыкі на сваіх суразмоўцаў З чаго б гэта?

    • Рэдакцыя кажа:

      Ліцьвін: “рэдакцыі ня трэба ў пагоне за грантамі выконваць заказы заходняга і ўсходняга алігархату”.

      1. Ніякіх грантаў ні з усходу, ні з захаду мы НІКОЛІ не атрымлівалі.
      2. За грантамі НІКОЛІ не ганяліся – плявалі на ўсё (уключна зь любымі алігархамі ды іх грантамі), што перашкаджае пошуку ісьціны (думаем, што з матэрыялаў сайту гэта відавочна!).
      3. Ці бралі б мы гранты, калі б нам нехта іх прапанаваў?
      3.1. Калі б былі выстаўлены нейкія ўмовы, “арыентыры” – не.
      3.2. Калі б прапанавалі без умоў, на любое тое, што жадаем мы? Пытаньне бессэнсоўнае, таму што ніхто, як мы ўжо ведаем, на такіх умовах грантаў не прапануе…
      Па адзначаных рысах мы істотна адрозьніваемся ад усіх іншых СМДІ. Заклікаем ваc, сп. Ліцьвін, гэта ўлічваць і больш зь нікім іншым нас ня блытаць…

  4. Siarhiej кажа:

    Сам факт што НКВД-КГБ-ФСБ хавае інфармацыю пра падзеі часоў леніна-сталіна, не дае даследчыкам допуску да архіваў сведчыць аб страшэнных масштабах рэапрэсій, генацыду. Па сведчаньню майго бацькі да 50% семьяў што жылі на нашай вуліцы мелі рэпрэсаваных членаў сям’і.

  5. Павел Біч кажа:

    Я паступова згаджаюся з Рэдакцыяй што большасць (якшто не усе) кіраўнікоў апазіцыі есць лібераламі (ліберастамі),якія узніклі ў нашай краіне-калоніі як нейкая ракавая пухліна. А ці заджаецца Рэдакцыя з маім ствярджэннем што іх палітычные погляды гэта атрыжка сацыял-дэмакратыі узора пачатку 20 ст. што таксама ёсць падобнае на ракавую пухліну. Я да таго ж ствярджаю што адсутнасць у нас нацыяналістаў абумоўлена ганебным характерам назвы “беларус” ад якой нават апазіцыянеры шарахаюцца прэч.

  6. С.Высоцкі кажа:

    Усё та ў каланіяльнай краіне пераблытана.
    Афіцыйныя гісторыкі вывучаюць “славутыя перамогі” саветаў, а гэтак званыя “аматары”, пазбаўленыя патрэбы стаяць на каленях перад чужацкім начальствам, могуць казаць страшную праўду руіны ды гвалту беларускага-літвінскага народу!..
    Тое самае і ў апазіцыйнай палітыцы, важдзі нахапаўшыя грантаў у каго толькі можна, павязаныя дамовамі са сьпецслужбамі, можа і хацелі б заступіцца за інтарэсы Беларускай нацыі ды дзяржавы, а не могуць…Ланцужок – кароткі…
    Зараз качаюць сітуацыю купка палітбузацёраў, сарамліва маўчаць-за якія грошыкі…У душы сумняюцца, ці не на карысьць Масквы пашуць, але ж спыніцца не могуць, адыйсьці ад фінансавага ручайку, ад чарговай дозы – не могуць…Бо бяз гэтых чужых і цёмных грошаў-яны ніхто, роўныя іншым сьмертным. А амбіцыі зашкальваюць, а звычка ў сьвятле камераў сьвяціцца, але прыйдзе час – і Нацыя запытаецца: ” Ты каму служыў у лёсавызначальны час для Бацькаўшчыны?!.Каму прадаўся з патрахамі як апошняя лярва?!.”
    Ці не кожная беларуская сямья ведае ІНШУЮ ГІСТОРЫЮ БЕЛАРУСІ, АБСАЛЮТНА АДРОЗНУЮ АД АФІЦЫЙНАЙ САЎКОВАЙ! І ці не кожны з нас чуў ад сваіх бацькоў, ад дзядоў, што НАСАМРЭЧ ТВАРЫЛАСЯ НА НАШАЙ ЗЯМЛІ, як забівалі беларусаў перад 2-ой Сусьветнай вайной, у часе яе і пасьля вайны!
    Як рэзалі, душылі, гвалцілі бальшавікі ўсё беларускае.
    НЕ МОЖА БЫЦЬ АНІЯКІХ ІЛЮЗІЙ, ЧЫСТКА АД НАЦЫЯНАЛЬНЫХ ЭЛЕМЕНТАЎ БЫЛА БЛІЗКАЙ ДА 100%!
    Нават нацыстам было далёка да камуністычных акупантаў!..
    Страшная праўда ў тым, ШТО АД ПАЎМІЛЬЁНА БЕЛАРУСАЎ, ПРАЦАВАЎШЫХ ПРЫ НЕМЦАХ ЦІ СЛУЖЫЎШЫХ АД НАСТАЎНІКАЎ ДА СТЭНАГРАФІСТКІ, ЗА ВЫКЛЮЧЭНЬНЕМ ЭМІГРАВАЎШЫХ, АМАЛЬ УСЕ БЫЛІ АЛЬБО ЗАБІТЫЯ АДРАЗУ, АЛЬБО ЗАКАТАВАНЫЯ Ў ЛАГЕРАХ І СІБІРЫ!..
    Маю непасрэдную інфармацыю ад сталых бандэраўцаў ды летувіскіх лясных братоў, адсядзеўшых па 15, 20 гадоў у лагерах на поўначы пра беларусаў. З беларусаў асноўны клас былі НАСТАЎНІКІ, ПРАЦАВАЎШЫЯ ПРЫ НЕМЦАХ, ПРАДСТАЎНІКІ СБМ ДЫ ІНШЫХ АРГАНІЗАЦЫЙ, І ТОЛЬКІ ПОТЫМ- СЛУЖЫЎШЫЯ Ў ПАЛІЦЫІ. Але і ў паліцыі служылі па-рознаму. Хто забіваў, а хто ратаваў…
    Сп.Татаранка апярэдзіў час, адкрывае нацыянальную праўду пры антынацыянальным, каланіяльным рэжыме! Гонар і пашана такому мужнаму чалавеку!

    Але як на Бацькаўшчыне бацькі – на Стаўбцоўшчыне сяляне і цяпер памятуюць воінаў Беларускай Самапомачы, ратаваўшых ад усіх акупантаў, ды патаемна даглядаюць магілы сваіх герояў!..
    Але ў асноўным па ўсёй укрыжаванай краіне раскіданыя забытыя магілы НЯВІННЫХ АХВЯР…

    Гэта – наступная тэма нацыянальнага прасьвятленьня.
    Беларусы прыйдуць і да гэтай тэмы, і ад саўковага міту не застанецца і сьляда…

    • Siarhiej кажа:

      У актыўных грамадзян грошай мала ці зусім няма. Былі б грошы ў беларусаў – было б больш актыўных, а пакуль кожны выжывае як можа.

  7. Павел Біч кажа:

    Сяргей, не любяць не кепскіх людзей, не любяць фальшывых людзей. Але што такое фальшывасць? Гэта негарманічнае суперечлівае спалучэнне ў Адным (целым) розных якасцяў. Або яшчэ – калі Адны якасці на працягу невялікага часу рэзка меняюцца на Іншые. Людзей якія маюць цвёрдаакрэсліные нязменные якасці ва усім Свеце паважаюць. Здраднікаў, якія рэзка меняць палітычные погляды – напрыклад Радзіму – ненавідзяць і наказваюць значна цяжэй чым адкрытых ворагаў. Успомні, як сільна караюць улады,- да і большасць людзей – здраднікаў сваёй Радзімы. Згадзіўшы на назву беларусы (белые рускіе) мы сталі звышфальшывым народам Свету. Нашы людзі завіслі ў шызоіднай прасторы – хто мы рускіе, ці Не. Такіх людзей усе аднолькава ненавідзяць. У часы войнаў нас знішчаюць: рускіе як недастаковых рускіх, як патэнцыяльных здраднікаў, а палякі, балты, немцы і украінцы – як фальшывых рускіх. Такім чынам, мы і “набралі” кожнага чацвертым забітым ў апошняй ваўне. Тэза адраджэнцаў “беларускае гэта не рускае” гэта тэза ідыётаў. І на ёй нашые эліты хацелі пабудаваць нацыю!!! Ня дзіва што у іх анічога не атрымалася і нас расейцы возьмуць таксама лёгкі як Крым. І што пасля такіх фактаў мы будзем цепляцца за беларусшчыну і адкідываць літвінства/ літоўскасць з-за таго што там сільней пахне балтскасцью, каталіцтвам, польскасцью і меньше пахне азіяй, маскальшчынай, украінствам, Візантыяй і сербамі???
    Шаноўная Рэдакцыя, і Сяргей і іншые чытачы сайта, як вы аценьваеце працу Пазьняка і КХП аб правільнай Будучыні нашай краіны? Для меня такіе працы аб Будучыні сведчаць толькі аб тым, што аўтары абсалютна не разумеюць што адбываецца з нашым народам і краінай ЦЯПЕР. і што трэба рабіць каб змяніць уладу.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы