nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Чаму маўчаць людскія статкі

Ліпень 30, 2017 | Каментары (3)

Маўчаньне 1

 

 

 

Гэты артыкул украінскага аўтара першапачаткова быў выстаўлены 26 ліпеня г.г. на сайце “Віцебск Вольны”. Затым ён быў перанесены на іншыя інфармацыйныя пляцоўкі. Мы ўзялі яго з наступных крыніц: http://defence-line.org/2017/07/molchanie-yagnyat-chast-1/?replytocom=50775#respond ; http://defence-line.org/2017/07/molchanie-yagnyat-chast-2/ ; https://www.youtube.com/watch?v=ZpRO80WtXEg. Матэрыял датычыць найперш Беларусі, ён важны, але не бясспрэчны. Таму спачатку артыкул, а потым наш каментар да яго.

Рэдакцыя.

 

“Зь Беларусі пайшлі першыя паведамленьні аб тым, што ў грамадскім транспарце пачалі зьяўляцца «зялёныя чалавечкі» у камуфляжы, са зброяй і без якіх-небудзь апазнавальных знакаў. Ужо ёсьць фота з Віцебска, дзе гэтыя неапазнаныя аўтаматчыкі едуць у аўтобусе [гл. фота ўверсе].

Уласна кажучы, нічога новага ў гэтым няма. Прыкладна тое ж было ў Крыме, напярэдадні яго акупацыі. Проста Украіна тады перажывала бойню на Майдане і ўвага была зрушана менавіта на Кіеў, а што рабілася ў тым жа Севастопалі сышло нават не на другі план, а проста ў разрад фону. Гэта потым стала зразумела, што гэта такое, але ў самы момант перад акупацыяй сачыць за гэтым не было каму і, як высьветлілася пазьней, адказваць на першыя прыкметы бяды было амаль няма каму. Уся праваахоўная сістэма Крыму была ўжо гатовая здацца, ды і вялікая частка арміі й флоту — таксама. Але галоўнае, гэтага ніхто ня мог разгледзець. Аўтар сам памятае апошнія дні Майдану і недзе тыдзень — пасьля яго. Гэта быў настолькі псіхічна выматвальны марафон, што ні пра якое ўважлівае адсочваньне таго, што расейцы рабілі ў Крыме — не было і гаворкі. Тым больш, у галаву не ўкладалася, што Расея ў ХХІ стагоддзі рашыцца вырабляць нешта падобнае.

І вось у Беларусі цяпер адбываюцца прыкладна тыя ж рэчы. На вуліцы выйшлі ўзброеныя людзі, незразумелай прыналежнасці. І — цішыня… Успомнім, як бадзёра пакавалі людзей, якія былі зь бел-чырвона-белымі сьцягамі або Пагоняй. Ды што там, пакавалі проста групы людзей без нічога [напрыклад, 2011 г. – Рэд.]. А тут па горадзе едуць узброеныя, экіпіраваныя людзі і… нуль рэакцыі. Прычым, гэтай рэакцыі няма ні ў праваахоўных органаў, ні ў грамадзян. Ніхто ня б’е трывогу, не выклікае сьпецназ ды іншае. Цяпер ідзе прывучэньне мясцовага насельніцтва да перамяшчэньня незразумелых людзей са зброяй па вуліцах іх населеных пунктаў. І яны — прывыкаюць.

Любы чалавек, які больш-менш дасьведчаны як выглядае абарот зброі ў войску ці праваахоўных органах не ваюючай краіны (у пост саўку), добра ўяўляе сабе, што такіх “пейзажаў”, як у Віцебску, быць не павінна. За тэрыторыю часткі вайскоўцы са зброяй выходзяць толькі арганізавана і толькі на ваенным транспарце. Прычым, усе перамяшчэньні строга рэгламентаваны па геаграфіі. Тое ж самае і з праваахоўнікамі. Зброю атрымліваюць перад выхадам на дзяжурства ці перад пачаткам працоўнага дня, а пасьля яго заканчэньня зброя вяртаецца ў збройпакой, дзе яе прымае дзяжурны. Вольных хаджэньняў са стваламі — не дапускаецца.

Але на фота бачны камуфляваныя вайскоўцы з аўтаматамі і разгрузкамі. У мірны час аўтаматычная зброя наогул не павінна выходзіць за межы вайсковай часткі. Толькі асобныя выпадкі могуць падштурхнуць кіраўніцтва выставіць сваіх вайскоўцаў у горад з аўтаматычнай зброяй. Мала таго, такой карціны не было ў Беларусі, яе няма і ў той жа РФ. Можна сабе толькі ўявіць вэрхал у Маскве, калі б у метро зайшлі чацвёра мужыкоў з аўтаматамі й абвешаныя магазінамі, на якіх не было б ні адзінаго знаку адрозьненьня…

Але гэта ня значыць, што такіх аналогій няма. Як мы ўжо пісалі, нешта падобнае можна было назіраць у Крыме. І там да гэтага часу ўсё гэта працягваецца… Паўночная Асеція і Абхазія — таксама могуць пахваліцца наяўнасьцю ўзброеных вайскоўцаў на вуліцах населеных пунктаў. Але там у іх на форменнай вопратцы адпаведныя шаўроны — знакі, якія паказваюць на род войскаў і вайсковае званьне. Бяз гэтых знакаў ходзяць выключна расейцы і выключна ў момант захопу чужых тэрыторый. Упершыню масава гэтая зьява была адзначана ў Крыме і на Данбасе ў выкананьні «их-там-нет» і «адпускнікоў».

Беларусы цяпер назіраюць першы акт драмы з назвай «Акупацыя», але не прыкметна ніякай рэакцыі.

Маўчаньне 2У сувязі з гэтым варта зьвярнуцца да вядомых нарысаў з крымінальнай псіхалогіі. Там ёсьць тэорыя выбару злачынцам ахвяры. Ён яе заўважае па вызначаных паводзінах. Яна, ахвяра, проста сігналізуе маньяку аб тым, што гатовая да яго нападу. У знакамітым фільме «Маўчаньне ягнятаў” кульмінацыя фільма прыпадае на момант, калі Кларыса, галоўная гераіня фільма, распавядае пра тое, як яна спрабавала выратаваць ягня і як статак пакорліва аддаўся на волю лёсу, які вёў яго на забой.

Дык вось, беларусы, ігнаруючы дэманстрацыю збройнага акупанта на сваіх вуліцах, сігналізуюць аб пакоры быць ахвярай. І можна быць упэўненым, што акупант прыме гэтыя сігналы і зробіць адпаведныя высновы. Сітуацыя выглядае амаль наканаванай, бо ніхто беларусам не стане дапамагаць, калі яны самі пакорліва падстаўляюць шыю пад нож забойцы. І гэтаму ёсьць простае тлумачэньне.

Цяпер адбываюцца даволі дзіўныя рэчы, якія павінны быць відавочнымі й самадастатковымі. Так, Масква аднавіла рыторыку пра «пераварот ва Украіне» і адначасна кажа, што «стабільнасьць» — гэта процівага «каляровым рэвалюцыям» ды іншаму. Уласна кажучы, для ўсіх кіраўнікоў краін, якія называюць сябе дэмакратычнымі, гэтага павінна быць дастаткова, каб кваліфікаваць рэжым як дыктатуру і пачынаць згортваць зь ёю дачыненьні да прагматычных, з тэндэнцыяй на іх спыненьне.

Справа ў тым, што асновай любой дэмакратыі зьяўляецца прыняцьце комплексу правоў чалавека, якія не абмяркоўваюцца, але выконваюцца [на самай справе асновай любой дэмакратыі зьяўляецца такая арганізацыя сістэмы ўлады ў краіне, каб тая была нацэлена на зьдзяйсьненьне аб’ектыўных інтарэсаў карэннага народу-этнасу на яго ўласнай зямлі. – Рэд.]. Крыніцай прававых нормаў, якія рэгулююць гэтыя пытаньні, у прыватнасьці, зьяўляецца Дэкларацыя аб незалежнасьці ЗША. Там былі апісаны ўзаемаадносіны ўлады і народа і заяўлены дзейсны механізм стрыманьня злачыннай улады. Там наўпрост замацавана права народа на ўзброеную барацьбу супраць той улады, якая імкнецца заняволіць свой народ шляхам самавольства і беззаконьня:

«Але калі доўгі шэраг злоўжываньняў і гвалтаў, нязьменна падначаленых адной і той жа мэце, сьведчыць пра жахлівую задуму вымусіць народ зьмірыцца зь неабмежаваным дэспатызмам, зьвяржэньне такога ўраду і стварэньне новых гарантый бясьпекі на будучыню становіцца правам і абавязкам народа» [як бачыце, усё адпавядае менавіта нашаму азначэньню дэмакратыі. – Рэд.].

То бок, дэкларацыя замацавала ня толькі права, але і абавязак народа зрынаць любога дыктатара. Прыкладна тое ж самае маюць на ўвазе і ўсе краіны, якія вызнаюць Заходні прынцып дэмакратыі. Гэта значыць, прамовы Пуціна пра «пераварот» і «каляровыя рэвалюцыі» паказваюць поўнае непрыманьне дыктатарам Пуціным прынцыпаў дэмакратыі. Ён амаль адкрытым тэкстам кажа пра тое, што будзе кіраваць столькі, колькі захоча, і называе гэта “стабільнасьцю”. А калі нехта стамляецца ад праўленьня дыктатара і прымушае яго сысьці, то гэтыя людзі, у вачах Пуціна — “злачынцы” і “каляровыя рэвалюцыянеры”.

То бок, Пуцін апаніруе Захаду на ўзроўні фундаментальных прынцыпаў, але многія кіраўнікі гэтых краін водзяць зь ім карагоды і прапануюць ўлічваць яго меркаваньне [сапраўды, а хто і калі на Захадзе ўлічваў меркаваньне беларусаў?; нас апошнія дзесяцігоддзі ніхто не заўважае… — Рэд.].

Але відавочнасьць таго, што Пуцін ня проста дыктатар, але дыктатар, які спрабуе насадзіць дыктатуру ў іншых краінах, павінна б мець зусім іншую рэакцыю ў той жа фраў Меркель, якая выкарміла гэтага монстра. Зразумела: многія еўрапейскія палітыкі забыліся, што такое вайна, танкі на вуліцах роднага горада і бомбы, якія валяць будынка, а таму яны лёгка прастытуяваліся на грошах, запрапанаваных Масквой.

Маўчаньне 3

У гэтай сітуацыі Штаты засталіся апошнім бастыёнам гэтай самай дэмакратыі, і яны гатовыя справай адстойваць гэтыя прынцыпы.

Але сітуацыя з Украінай паказала, што прынцыпы, якімі аперуюць Штаты, варта вывучаць ўважліва і тады — ня будзе ілюзій. Гэта тычыцца задэклараванага абавязка любога народа зрынаць дыктатара. Калі ж народ стала абірае дыктатара і не знаходзіць часу яго зрануць, то ўлазіць у гэтую памыйніцу — няма ніякага сэнсу, бо сам народ ня хоча выконваць свае абавязацельствы [?! — Рэд.].

З Украінай аказалася няпроста таму, што мы самі абіралі ва ўладу такую ​​адкрытую сволач. Як можна вылучаць на вышэйшую дзяржаўную пасаду асобу, за якой ідзе проста жахлівы шлейф крыміналу? Заўважым, што вельмі асаблівая праваахоўная і судовая сістэма Украіны не заўсёды, а дакладней, амаль ніколі не даводзіць справаў па такіх пытаньнях да прысуду. Фармальна гэтыя людзі не асуджаныя і ня могуць лічыцца злачынцамі, а ў кагосьці судзімасьць проста анулявана. Але для Штатаў няма розьніцы ў тым, асудзілі нейкую асобу ва Украіне ці не. Яны маюць дасье на ўсіх персанажаў, якія асабіста, як прыватная асоба, або апасяродкавана рабавалі краіну. Для іх гэтыя дзеячы — з чорнай пазнакай. Але, тым ня менш, яны і да гэтага часу ўзначальваюць партыйныя сьпісы і прэтэндуюць на вышэйшыя дзяржаўныя пасады [ва Ўкраіне].

Адсюль — дылема. Што рабіць з народам [?! — Рэд.], які просіць дапамогу ў барацьбе за дэмакратычныя прынцыпы, але да таго рэгулярна выбіраў асоб, якія былі кандыдатамі ў дыктатары? Між іншым, гэтая заганная практыка ня скончылася і цяпер. Так, што народу Украіны прыйшлося даказваць сваёй крывёю, што дэмакратычны і празаходні выбар зроблены не выпадкова. І таму толькі цяпер пачынаюць разгортвацца рэальныя механізмы дапамогі Украіне.

У Беларусі гэтага няма зусім. Там народ не жадае карыстацца сваім правам на зьвяржэньне дыктатара [?! — Рэд.], а таму, калі б надарылася акупацыя з боку РФ, ніякай асаблівай дапамогі, акрамя новага прэса санкцый у дачыненьні да РФ ня будзе. Будзе “заклапочанасьць” і нават “абурэньне”. Мы гэта ўжо праходзілі й ледзь-ледзь пачалі з гэтага вылазіць. Мы не прагнуліся пад акупанта, як гэта зрабіла Грузія, а змагаемся вось ужо чацвёрты год і разумеем, што вырашальныя баі яшчэ наперадзе. Толькі цяпер за акіянам сталі верыць у тое, што ўпёрся менавіта народ, а не нейкая палітычная сіла.

Выснова. Беларусь сёньня ніяк не рэагуе на фінальныя перадакупацыйныя сігналы, якія падаюцца Расеяй. На вуліцы не выходзяць грамадзяне, ніхто не пратэстуе і не патрабуе адмены вучэньняў ці хаця б разумнай рэакцыі на ўзброеных «зялёных чалавечкаў», якія зьявіліся. Гэта значыць, што самім беларусам пляваць на тое, ці будзе ў іх асобная краіна, ці яны ўвойдуць абласьцямі ў РФ [?! — Рэд.]. Калі анэксіі не адбудзецца, то здарыцца гэта не дзякуючы дзеяньням народа, а па іншых, не залежных ад насельніцтва краіны, абставінах. Альбо Расеі выставяць папярэдні прайс за анэксію, альбо ў яе проста ня хопіць грошай утрымліваць яшчэ адну акупаваную тэрыторыю, але ўжо дакладна не дзякуючы пратэстам і цьвёрдай пазіцыі беларусаў.

Тое, што яны цяпер дэманструюць як раз і апісвае аповяд агента ФБР зь фільма, прыведзенага ў якасьці прыкладу вышэй. Ягняты стаяць, глядзяць і … маўчаць”.

(канец артыкула)

=

Наш каментар:

Інфармацыя, вядома, важная. З многім можна пагадзіцца. Сапраўды ёсьць  прыкметы таго, што ў Беларусі рыхтуецца нешта нядобрае… Пра апошняе сьведчаць шматлікія факты, пра якія мы шырока паведамлялі на нашым сайце раней, а цяпер вось усплыў новы “віцебскі” факт, зь якога пачынаецца выстаўлены артыкул. Сапраўды падзеі ў Віцебску могуць азначаць і вывучэньне рэакцыі беларусаў на “зялёных чалавечкаў” з Расеі, і прывучэньне насельніцтва да перамяшчэньня нейкіх людзей са зброяй па вуліцах іх населеных пунктаў. Ад усяго гэтага сапраўды робіцца непрыемна, трывожна…

Але ёсьць моманты ў матэрыяле “Вольнага Віцебска”, да якіх варта паставіцца як мінімум крытычна. Адзін з галоўных – спроба закіду неіснучай віны ў бок таго, хто не адкажа – на адрас беларускага народу.

Гэта азначае, што, па-першае, аўтар ня ўлічвае (ці ня ведае) універсальна-аб’ектыўны закон грамадска-палітычнай рэчаіснасьці, што любы народ не зьяўляецца і ня можа быць суб’ектам сваёй гісторыі да таго часу, пакуль яго не арганізуе і не накіруе нацыянальная эліта (гл. Д пр-пы 6 і 31 Беларускай дактрыны).

Па-другое, аўтар не ўлічвае беларускіх рэаліяў, калі ўвесь “Захад” (не гаворачы ўжо пра “Поўдзень” і “Поўнач”) на дзесяцігоддзі “забыў” пра існаваньне беларускага народу (тым больш пра яго праблемы, інтарэсы) і ніякай дапамогі нашаму народу не аказваў – беларусаў-вялікалітвінаў (і найперш нацыянальную эліту) амаль на чвэрць стагоддзя пакінулі адніх змагацца з прамаскоўскім аўтарытарным рэжымам (калі нехта скажа, што за апошнія дзесяцігоддзі Захадам на змаганьне за дэмакратыю ў Беларусі былі выдзелены сотні мільёнаў даляраў, то мы, як непасрэдныя сьведкі падзей, адкажам, што гэтыя сродкі былі выдзелены на змаганьне за інтарэсы глабалісцкай ліберастыі на нашай зямлі, а не на змаганьне за зьмястоўную беларускую дэмакратыю, і што сродкі заходніх падаткаплатнікаў дзялілі паміж сабой заходнія бюракраты, з таго боку, і тыя “беларускія апазіцыянеры”, якіх метафарычна можна назваць “унучка́мі рабінаў”, з боку гэтага). Натуральна, што такая “падтрымка” Захаду вяла да зьняверваньня і грамадска-палітычнай пасіфікацыі беларусаў — працэсаў, у якіх Захад быў паўнацэнным саўдзельнікам прамаскоўскага рэжыму.

Па-трэцяе, аўтар сам прызнае́, што ва Ўкраіне была (шмат у чым застаецца і сёньня) абсалютна аналагічная грамадска-палітычная сітуацыя. Большая частка людзей ва Украіне яшчэ нядаўна пасіўна падтрымоўвала адкрытых агентаў Масквы (ды яшчэ з багатым крымінальным мінулым), сёньня пасіўна падтрымоўвае алігархаў…

Чацьвёртае. Асобным законам можна лічыць тое, што ва ўмовах дыктатуры прадстаўляць народ, яго інтарэсы на міжнароднай арэне могуць толькі прадстаўнікі нацыянальна-патрыятычнай эліты, бо толькі на іх ня дзейнічае праімперская прапаганда, яны здольны праігнараваць страх і спакусы — ня будуць паўзьці на каленках за грошамі заходніх ліберастызатараў. І вось тут трэба адзначыць, што прэтэнзіяў да беларускай нацыянальнай эліты ня можа быць ніякіх. Яна аддала на змаганьня за свабоду свайго народу за апошнія дзесяцігоддзі столькі ахвяр, што нават нацыянальна-патрыятычная эліта 40-мільённай Польшчы часой вайсковага становішча Яразэльскага (ды яшчэ ва ўмовах гіганцкай падтрымкі Захаду) столькі не аддала…

З нагоды гаворкі пра беларускую нацыянальна-патрыятычную эліту ўзгадаем і такія факты:

  • менавіта яе прадстаўнікі яшчэ тры гады таму зьвярталіся да патрыётаў Украіны, прыбалтыйскіх дзяржаў, Грузіі (зьвярніце ўвагу, беларусы зьвярталіся, а не наадварот) з прапановамі арганізаваць сумесны супраціў нашых народаў расейскаму імперскаму агрэсару (http://nashaziamlia.org/2015/08/05/7801/ ; http://nashaziamlia.org/2016/05/22/8586/);
  • у 2015 годзе (то бок, два гады таму) беларусы прапанавалі сябрам Альянсу банта-чарнаморскіх нацый правесьці міжнародную канферэнцыю на тэму: “Бясьпека ў геаграфічным цэнтры Еўропы”.

І не віна беларусаў, што гэтыя ініцыятывы былі… прафуканы (асноўная гіпотэза, што палітыкі Летувы ды Украіны аддалі перавагу паддобрываньню да Лу-кі перад саюзам з прадстаўнікамі беларускай нацыянальнай эліты, у якіх, натуральна, “ні грошаў, ні моцных СМІ няма”…).

Нарэшце, пятае. Аўтар сам прызнае, што замест падтрымкі беларускага народу і яго нацыянальнай эліты Захад шмат гадоў гадаваў Пуціна на паўнавартаснага дыктатара (гл. узгадку аўтара пра Меркель; нагадаем, тое ж рабілі Абама зь яго “перазагрузкай”, Буш малодшы зь яго зазіраньнем у вочы Пуціна; Сарказі ды Берлусконі зь іх агульным бізнесам з Пуцінымі, Шродар, які і ўвогуле перайшоў працаваць на пуцінскую бензакалонку…).

І вось сёньня набліжаецца час расплаты, пра надыход якога мы са старонак нашага сайта шмат і даўно папярэджвалі. У некаторых пачынаецца “ікрамятаньне”, якое выяўляе сябе ў тым ліку ў выглядзе пошуку вінаватых “ягнятаў”. Але гістарычная справядлівасьць патрабуе, каб кожны атрымаў тое, што заслужыў, а не займаўся перакідваньнем сваёй віны на… беларускі народ.

Там часам мы заўсёды былі й застаемся на баку справядлівасьці — нацыянальнай, сацыяльнай, гістарычнай. Бо ведаем яшчэ адзін закон: толькі падпарадкаваньне справядлівасьці ёсьць зарукай ад прыходу самых страшных бедаў.

Мы рабілі ў адпаведнасьці з гэтым законам усё, што маглі.

Усяго вам лепшага, сябры.

 

 

 

Каментары (3)

  1. Мандарын:

    А-а-а!!! Нам опять не помогли (Запад). Десятилетиями.

    Гм, а вы сами кого и что организовали в ГРодно и в Беларуси, с-р Островский?
    Ничего и никого. Так что ж все равно Запад виноват….который вы столько поливали помоями?
    Смешно.:))

    • Рэдакцыя:

      “а вы сами кого и что организовали в ГРодно и в Беларуси, сэр Островский?”
      — — —
      Адказ: напрыклад, гэты сайт, які працуе 12-ы год за ўласныя грошы 2,5 сябраў рэдакцыі.
      Цяпер да вас пытаньне, с-p Мандарын: колькі ў гэтым годзе плацяць у Ольгіна расейскім тролям?

  2. вася:

    Кто-нибудь наберётся в этой стране смелости провозгласить (хотя бы) создание Освободительной Армии? Ситуация уже как бы такая что пора…

Пакінуць каментар

*

  • Старонкі

  • Рубрыкі

  • Апошнія запісы

  • Архівы