Сёньня 29 кастрычніка. А таму мы часова перапыняем выстаўленьне кнігі Алеся Астроўскага “Адэкватная сьхема нашай рэчаіснасьці”, каб адзначыць 70-ю гадавіну піка рэпрэсій у Беларусі і на ўсёй тэрыторыі былога СССРа, якія былі арганізаваныя ўсё яшчэ з невядома якімі мэтамі (гэта думка аўтара пададзенага ніжэй матэрыялу). 1937 г. лічыцца найбольш крывавым за ўсю гісторыю савецкіх рэпрэсій. Чаму камуністычная ўлада ўзяла на ўзбраеньне масавыя расстрэлы і высылкі? Якім быў агульны маштаб рэпрэсій? У якім ракурсе гісторыя сямідзесяцігадовай даўніны ўспрымаецца ў сённяшняй Беларусі? На гэтыя й іншыя пытаньні Алеся Кудрыцкага – прадстаўніка “Офісу за дэмакратычную Беларусь”, адказвае Ігар Кузняцоў, кандыдат гістарычных навук, дацэнт, каардынатар беларускага аддзяленьня Міжнароднага гісторыка-асветнага, дабрачыннага і праваабарончага таварыства “Мэмарыял”, сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў. На фота ўверсе – Крыж пакутаў у Курапатах, адрэстаўраваны сябрамі й прыхільнікмі КХП БНФ.
Словы “сталінскія рэпрэсіі” ўжо даўно зрабіліся трывалым словазлучэньнем. Але ці слушна абмяжоўваць рэпрэсіі рамкамі перыяду кіраваньня Іосіфа Сталіна?
Актыўныя рэпрэсіі [у сучасным успрыняцьці трэба пісаць – самы сапраўдны крывавы масавы тэрор. – Рэд] пачаліся нашмат раней, а менавіта – адразу пасьля кастрычніцкага перавароту. У сьнежні 1917 г. была створана спецслужба ВЧК на чале з Дзяржынскім, якая ўпершыню выпрабавала на практыцы пазасудовыя расправы. Зь яе дапамогай без усялякай бачнасьці судоў ці трыбуналаў зьнішчаліся палітычныя ворагі.































































