nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

АСНОВЫ ДЗЯРЖАЎНА-НАЦЫЯНАЛЬНАЙ ІДЭІ (кБНІ)

30 студзеня, 2007 | Каментары (1)

Максім Пуранок, Валянціна Забароўская

У сённяшні неспрыяльны для існавання беларускай нацыі час глабальных працэсаў знікнення культурных межаў, складанай палітычнай сітуацыі ў краіне і г.д. мы лічым недастатковым развіццё нацыянальнай ідэі ў традыцыйна прынятым на Беларусі разуменні гэтай ідэі. Улічваючы рэальную пагрозу існаванню асновы нацыі – гаранта яе захавання і развіцця дзяржавы, – мэтазгодна распрацоўваць менавіта ДЗЯРЖАЎНА-НАЦЫЯНАЛЬНУЮ ІДЭЮ, стрыжнем якой будзе ўмацаванне беларускай дзяржавы, што ў сваю чаргу забяспечыць магчымасці ўсебаковай самарэалізацыі нацыі. Пры гэтым дзяржаву мы разумеем не толькі як асноўны інстытут палітычнай сістэмы грамадства, але шырэй – як пэўную тэрыторыю са своеасаблівымі духоўнымі і матэрыяльнымі багаццямі, а нацыю – не проста як гістарычна складзеную ўстойлівую спалучнасць людзей, якая ўзнікла на базе агульнай мовы, культуры, тэрыторыі, эканамічнага жыцця і псіхалагічнага складу, але як спалучнасць людзей незалежна ад паходжання, веравызнання, адукацыі, месца жыхарства і г.д. з агульнымі пэўна вызначанымі духоўнымі ідэаламі і жыццёвымі мэтамі, акрэсленым жаданнем захавання сваёй непаўторнасці і адасобленасці [у рэдакцыі мы лічым, што абавязковым (!) ядром беларускай нацыі заўсёды павінен быць беларускі народ. – Рэд.]. Пры ўмове стварэння такой ідэі, добра распрацаванай тэарэтычна і выказанай у дасціпнай лаканічнай форме, можна разлічваць на аб’яднанне вакол яе насельніцтва краіны.

Трэба спяшацца з вызначэннем такой ідэі, бо стан нявызначанасці і падвешанасці не дае дзейнічаць актыўна, скоўвае патэнцыйна дасціпныя сілы. Нельга марудзіць і з тае прычыны, што сярод нацыянальна свядомай часткі грамадства пасля вядомых падзей 1994-96 гадоў расце песімізм і паразныя настроі…

З другога боку, назіраецца спроба “віртуалізацыі” рэшткаў беларушчыны, захавання іх у нейкай ілюзорнай прасторы (так мы расцэньваем кампанію запісу ў грамадзяне БНР). Гэтыя, здавалася б, рамантызм і ідэалізм, стварэнне “паралельнай Беларусі” небяспечныя сваімі магчымымі наступствамі пры захаванні сучасных падыходаў і тэндэнцый, бо прывядуць пэўную частку грамадства да самаізаляцыі, замкнення ў сабе ці пэўных кампаніях-рэзерватах, неадэкватнага ўспрыняцця навакольнага жыцця (тым самым, між іншым, знізяць эфектыўнасць дзеянняў у розных, асабліва складаных, лёсавызначальных для краіны сітуацыях), што з’яўляецца паказнікам парушэння псіхічнага здароўя. І ўрэшце рэшт, гэта спрыяе расколу нацыі, паглыбленню антаганізму паміж асобнымі яе часткамі.

Пры распрацоўцы і дапрацоўках дзяржаўна-нацыянальнай ідэі трэба памятаць, што яна павінна мець стратэгічны характар і быць прыстасаванай да ролі дзяржаўнай ідэалогіі, якую ёй рана ці позна давядзецца адыгрываць. Неабходнае і захаванне балансу інтарэсаў, улік сваімі асноўнымі палажэннямі патрэбаў шырокіх пластоў грамадства. Асабліва ж важна вызначыцца з прыярытэтамі, каб ведаць, што галоўнае і якой магістральнай лініі трымацца, а што другаснае і ў чым можа быць карэкцыя.

1. “Узяць з былога не попел, а полымя” (Ж.Жарэс).

Чарговая хваля нацыянальнага адраджэння, распачатая ў 1980-я гады і прывёўшая да аднаўлення беларускай незалежнасці, востра паставіла пытанне аб нацыянальнай ідэі. Але вырашэнню гэтай праблемы не было нададзена дастатковай увагі, асноўныя падыходы былі аднабаковыя і зводзіліся ў асноўным да паўтарэння памылак адраджэнцаў пачатку ХХ стагоддзя. Такая «нацыянальная ідэя» зводзілася ў разуменні большасці грамадства да патрабаванняў тэрміновага абавязковага пераходу на забытую і амаль зніклую мову продкаў і змены звычайнага адміністрацыйнага ладу, наяўнай палітычнай сістэмы. Такое ўспрыняцце ідэі не дазваляла разлічваць на дапамогу з боку бюракратыі, бо яна адчувала занепакоенасць сваім лёсам; кансерватыўнай часткі грамадства, бо гэта зусім не адпавядала іх шматгадовым звычкам і стэрэатыпам; інтэлігенцыі, бо тут яна бачыла пагрозу “правінцыялізацыі”, адарванасці ад сусветных працэсаў у навуцы і мастацтве грамадзян небеларускага паходжання; і ўвогуле многіх сацыяльных групаў, бо гэта парушала традыцыйныя дзелавыя і сямейныя сувязі, пагражала радыкальна парушыць спакойны ход жыцця. Інфармацыйныя рэсурсы нацыянальна-дэмакратычных сілаў не былі выкарыстаныя на неабходную змену грамадскай думкі па адпаведных пытаннях. Усё гэта прывяло да неразумення і неўспрыняцця нядаўніх сацыяльна-палітычных зменаў і было стыхійна выражана ў форме пратэсту вынікамі выбараў і рэферэндумаў 1994-96 гадоў.

Галоўнай памылкай мы лічым слабую аргументацыю такога базавага прынцыпу нацыянальнай ідэі, як ДЗЯРЖАЎНАСЦЬ. Бо дзяржава – гэта яе неабходны (а ў нашых умовах і абавязковы) элемент, крыніца і прастора паўнавартаснага нацыянальнага працэсу. Няцяжка ўбачыць, што дзяржаўная самастойнасць выгадная бюракратыі, палітычнаму істэблішменту і інтэлігенцыі, бо адразу павышае яе ўзровень і аўтарытэтнасць, спрыяе прагрэсу нацыянальных культур і спорту, бо знікае шмат перашкод, можа быць скарыстана бізнэсам і моладдзю. Менавіта ў недастатковым падкрэсліванні гэтых і многіх іншых пераваг прычына вельмі нізкай ацэнкі незалежнасці, той лёгкасці, з якой некаторыя беларусы згаджаюцца на інкарпарацыю сваёй Радзімы. Існуе тут і яшчэ адзін недагляд – тое, што нашу краіну не ўспрымаюць усур’ёз як самастойную (асабліва ў Расіі, якая ў сваю чаргу негатыўна ўплывае на сітуацыю ў Беларусі праз сваё ТБ, радыё і прэсу, што пераважаюць на інфармацыйнай прасторы РБ і дадаткова пагаршаюць стаўленне да нашай незалежнасці). Нявырашанасць з захаваннем нацыянальнай незалежнасці не дазваляе прыцягваць у краіну патэнцыйна магчымыя і неабходныя для рэфармавання сродкі, што паглыбляе крызіс, пагаршаючы перспектыву эканамічнай самастойнасці.

Другі элемент дзяржаўна-нацыянальнай ідэі – адукацыя. Істотная змена нацыянальнай асветы, якая дазволіць змяніць стаўленне да гісторыі, мовы і незалежнасці Радзімы, паспрыяе і хутчэйшаму вызначэнню з мэтамі нацыі, яе інтарэсамі, выпрацоўцы канкрэтных спосабаў іх рэалізацыі і дазволіць своечасова карэктаваць асобныя палажэнні нацыянальнай ідэалогіі ў адпаведнасці з сітуацыяй.

2. “Нават волаты-дубы вырастаюць усяго з маленькіх жалудоў” (Народная мудрасць).

Адукацыя і асвета (нацыянальныя і зместам, і формаю) дазволілі б параўнальна хутка павысіць узровень самасвядомасці, зрабіць сталы падмурак і надзейную апору дзяржаўнасці. Але паколькі гэта не адпавядае сённяшнім інтарэсам улады, афіцыйна змяніць асвету зараз немагчыма. Таму трэба СТЫМУЛЯВАЦЬ ГРАМАДСКІЯ НЕДЗЯРЖАЎНЫЯ АРГАНІЗАЦЫІ НА КАНЦЭНТРАЦЫЮ СВАЁЙ ДЗЕЙНАСЦІ МЕНАВІТА НА АДУКАЦЫЙНА-АСВЕТНАЙ НІВЕ. Неабходна ўсяляк спрыяць пераходу на працу, замацаванню ў навучальных установах свядомых грамадзянаў, дапамагаць прыхільным і, наадварот, дамагацца змены месца працы нелаяльнымі да нацыянальных інтарэсаў педагогамі і выхавальнікамі.

Вельмі карыснай была б рэалізацыя задумы аб стварэнні беларускай ВНУ (ужо хаця б таму, што выпускнікам беларускамоўных школ было б дзе працягнуць адукацыю) [значэньне беларускамоўных ВНУ значна большае. – Рэд.]. Безумоўна, важнымі будуць намаганні, каб любым коштам адчыніць ВНУ еўрапейскага ўзроўню, дзе была б магчымасць атрымаць сапраўдную нацыянальную адукацыю [цяпер ёсьць ЭГУ у Вільнюсе, але ён, наадварот, беларусафобскі; ня ўсіх ворагаў мы яшчэ ведаем. – Рэд.]. Бо свядомая моладзь маральна падрыхтаваная да гэтага. Пры адсутнасці такой магчымасці ім амаль не застанецца іншых варыянтаў, як трапіць у пераважна рускакультурнае асяроддзе звычайных дзяржаўных ВНУ. Як сцвярджае С.Шушкевіч паводле польскага часопісу (Часопіс №3 (86) за 1998 год, стар.3), у 1920-я гады беларуская эміграцыя ў Чэхіі мела магчымасць атрымання вышэйшай адукацыі, і гэта дало ёй вялікую карысць, а зараз у гэтым плане ён прапануе звярнуць увагу на Польшчу, дзе найбольш верагодна і можна будзе рэалізаваць гэтыя планы ў бліжэйшы час.

Вельмі вялікую ўвагу ў рамках асветы трэба надаць мове, бо гэта адна са святыняў нацыянальнай ідэі. Да таго ж трэба ўлічваць, што калі кожны грамадзянін будзе свабодна валодаць беларускай мовай (а гэта патрабуе больш акцэнтаванага падыходу пры яе выкладанні ў школе), то ён ужо не зможа так лёгка ёю грэбаваць, бо калі ён ужо атрымаў тут моцныя веды, дык трэба ж іх недзе і выкарыстоўваць, а значыцца, у пэўных сітуацыях карыстацца мовай.

Асаблівую ўвагу трэба звярнуць на ПРАВІНЦЫЮ, бо менавіта там і жыве большасць насельніцтва. Менавіта вёскі і мястэчкі ў большай ступені, чым гарады, захавалі элементы народнай культуры, і там пакуль у большасці беларускамоўныя школы. Адтуль павінны выйсці новыя лідары нацыянальнага руху, адтуль трэба выводзіць народную ідэю і там трэба шукаць яе падтрымкі. Таму неабходна ўлічваць інтарэсы правінцыі і ставіцца да яе з пашанай ды не забывацца інфармаваць яе аб падзеях у краіне. Укладванне сродкаў у перыферыю дасць з цягам часу найбольшую аддачу.

У цэлым уся гэтая праца ў значнай ступені павінна мець больш глыбокі сэнс і быць скіраванай на паляпшэнне грамадскай звязанасці, на пэўныя элементы нацыянальнага менталітэту.

3. Недавер да сябе – вось прычына большасці нашых няўдач (Н.Боўі).

Гістарычныя абставіны моцна паўплывалі на станаўленне і развіццё беларускага характару, у выніку чаго з’явілася своеасаблівая ментальнасць нашага народу. Менталітэт беларускага народу абавязкова ўключае талерантнасць, рахманасць, памяркоўнасць. Малахарактэрнымі рысамі з’яўляецца ўменне пастаяць за сябе, узаемадапамога, канкрэтная самаідэнтыфікацыя, высокі ўзровень свядомасці. Усё гэта надае непаўторны каларыт нашай нацыі, але ў той жа час часта з’яўляецца перашкодай на шляху яе самарэалізацыі, нават пагражае знішчэннем нацыі.

Прычыны і вынікі слабай самасвядомасці беларусаў патрабуюць многіх грунтоўных даследаванняў, але мы хацелі б спыніцца на некаторых блізкіх праблемах.

Малазразумелым і шкодным з’яўляецца адсутнасць у беларусаў КАРПАРАТЫЎНАСЦІ (калі ў цяжкай сітуацыі, асабліва ў замежжы, пошук кола зносінаў і пошук дапамогі не звязаны ў першую чаргу з пошукам суродзічаў, як гэта характэрна для прадстаўнікоў многіх іншых народаў). Таму вельмі важна змяніць такі падыход, выхоўваючы людзей у духу нацыянальнай ідэі “беларус беларусу брат”. Гэта будзе спрыяць яднанню нацыі і зробіць беларусаў больш паспяховымі ў барацьбе за свае жыццёвыя інтарэсы, за існаванне, бо разам, ва ўзаемадапамозе рабіць лягчэй.

Для беларускай нацыі характэрны і вялікі, глыбокі комплекс прыгнечанасці, пакрыўджанасці. Гэта ёсць прычынай фатальнай “забитости” беларусаў, пастаянных пошукаў старэйшага брата, аўтарытарнага кіраўніка. Прычым гэты комплекс характэрны і нацыянальна арыентаванай частцы грамадства: тыя ж “сіндром знешняй дапамогі” і міф аб уплывовай і вялікаколькаснай беларускай эміграцыі на Захадзе з гэтай серыі. Такія рэчы неабходна выкрываць і выкараняць як дэструктыўныя і шкодныя, бо яны заглушаюць самаактыўнасць, скіроўваюць энэргію не на стваральную працу, а на чаканне раптоўных зменаў да лепшага. Тым больш не варта забывацца, што НАМ НІХТО НЕ АБАВЯЗАНЫ ДАПАМАГАЦЬ будаваць лепшае жыццё і ніхто не будзе рабіць у нашу карысць дармова. Таму заўсёды ў першую чаргу трэба шукаць менавіта ўнутраныя рэзервы.

Гэтымі недахопамі паспяхова карысталіся і карыстаюцца суседзі Беларусі. Бязвольнасць беларусаў яны расцэньваюць як нежаданне самастойнага існавання і гатоўнасць паступіцца сваімі інтарэсамі, каб толькі трапіць пад патранаж больш моцнай дзяржавы. Гэтую думку змяніць трэба як мага хутчэй, і яе змена магчымая зараз ТОЛЬКІ ПРЫ ВЫКАРЫСТАННІ САМЫХ РАДЫКАЛЬНЫХ СРОДКАЎ і ПРЫНЦЫПУ “розум ёсць – не пашкодзіць і сіла”.

Вышэйназванае, а таксама адсутнасць у беларускага руху моцных фінансавых сродкаў, заможных людзей спрыяе таму, што быць беларусам нявыгадна і непрэстыжна (вось прычына лёгкай змены некаторымі сваёй нацыянальнасці і пытання аб узбагачэнні беларусаў). Тут выклікае цікавасць меркаванне, што шмат хто з асобных прыхільнікаў базавых прынцыпаў беларускай дзяржаўна-нацыянальнай ідэі самастойна, не ўступаючы ні ў якія арганізацыі і не агалошваючы свае прыхільнасці, трымаюцца гэтых ідэяў і, рэалізуючы сваю кар’еру (бізнэсмена, палітыка, кіраўніка і г.д.), дабіваючыся ўплыву ў грамадстве, гэтым самым набліжаюць магчымасць змены афіцыйнага курсу на нацыянальную ідэю. Аднак падобны падыход абяцае (але зусім не гарантуе!) сур’ёзную падтрымку толькі на перспектыву, у той час як актыўная праца неабходная ўжо зараз. Патрэбная рэальная распрацоўка забеспячэння МАТЭРЫЯЛЬНАЙ (і маральнай, безумоўна) САМАДАСТАТКОВАСЦІ як у цэлым нацыянальнага руху, так і асобных яго прыхільнікаў.

Патрыятычныя сілы павінны спрыяць падкрэсліванню большай рэльефнасці пазітыўных рысаў беларускага характару, адточваючы ўменне заваяваць сваё месца ў жыцці (скажам, ператварыўшы прыстасавальніцтва ў здаровы кар’ерызм і г.д.), а негатыўныя рысы (як залішняя мяккасць, нежаданне пастаяць за свае правы, за свой гонар) – выпраўляць, згладжваць, нівеліраваць. Пазбавіцца ад шкодных, больш развіваць станоўчыя рысы, навучыцца лепш выкарыстоўваць іх з выгадай для чалавека і ўсёй нацыі ды ўвогуле ўдасканаліць менталітэт павінна дапамагчы новая беларуская літаратура. І хоць задача вельмі складаная і доўгатэрміновая, але ж вельмі неабходная. У цэлым УДАСКАНАЛЕННЕ МЕНТАЛІТЭТУ ПАВІННА ВЕСЦІСЯ Ў КІРУНКУ “МЕНШ КАНФАРМІЗМУ, АЛЕ БОЛЬШ ПРАГМАТЫЗМУ”. І безумоўна, дзеячы нацыянальнага руху павінны карыстацца прынцыпам “перабудову пачні з сябе”.

Адмоўна ўплывае на грамадзянскія працэсы і такая з’ява, як раскіданасць сіл актывістаў па многіх разнапланавых арганізацыях. Звычайна сацыяльна актыўны грамадзянін адначасова супрацоўнічае з некалькімі грамадскімі арганізацыямі. Гэта зніжае эфектыўнасць працы (бо проста фізічна немагчыма выканаць поўнасцю ўсе задумы), адбіваецца на здароўі нацыі і стварае памылку колькасці (эфект мультыплікацыі), калі звонку ствараецца ілюзія шматколькаснасці ўдзельнікаў патрыятычных арганізацый, а насамрэч большасць арганізацый мае касцяк з адных і тых жа асобаў. А калі сюды дадаць вымушаныя часам ананімнасць ці выкарыстоўванне псеўданімаў, то выходзіць, што пры чаканні падтрымкі якойсьці акцыі пэўнай колькасцю людзей рэальная падтрымка заўсёды меншая, і гэтая неадпаведнасць тлумачыцца потым малой сацыяльнай актыўнасцю грамадзян. Сапраўднае ж павелічэнне колькасці прыхільнікаў грамадскіх арганізацый часам немагчымае з-за паводзін сяброў гэтых суполак. Яны нярэдка не ўлічваюць, што, каб уцягнуцца, поўнасцю ўключыцца ў дзейнасць, патрэбны пэўны час (адаптацыйны перыяд), калі чалавеку трэба агледзецца, вывучыць склад арганізацыі і яе папярэднюю дзейнасць, мэты, метады. А сталыя сябры схільныя разглядаць гэта як пасіўнасць ці нават рэвізіянізм і беспадстаўную крытыку. Звычайна навічку ці выпадковаму чалавеку не надаюць дастатковай ўвагі, і ён не можа адразу зразумець правільна характар арганізацыі, да таго ж перажывае стрэс, апынуўшыся ў незнаёмым асяроддзі. У выніку арганізацыі губляюць сваіх патэнцыйных сяброў, а грамадзянін не знаходзіць блізкую яму арганізацыю, якой ён гатовы аддаваць час, намаганні і пэўныя сродкі. І ўжо зусім недапушчальнай з’яўляецца нярэдка назіраная намі фанабэрыстасць сталых сяброў дэмакратычных арганізацый, іх ганарыстасць, прэтэнзіі на элітарнасць, адчуванне абранасці, паказная дзелавітасць і занятасць, бо гэта не толькі адштурхоўвае новых людзей ад канкрэтнай арганізацыі, а можа і паўплываць на стаўленне наогул да грамадскіх і патрыятычных арганізацый. Пажаданні большай уважлівасці і далікатнасці сябрам NGO`s з’яўляюцца больш неабходнымі, бо няўмелая праца з асобнымі людзьмі шкодзіць усяму нацыянальнаму руху!

4. “Не ведаеш, што зрабіць, – зрабі крок наперад” (Кітайская мудрасць).

Безумоўна, найважнейшая задача ўсяго нацыянальнага руху на сучасным этапе – ЗАХАВАННЕ НЕЗАЛЕЖНАСЦІ. Гэта галоўны прынцып беларускай ідэі, і кожны патрыёт павінен, безумоўна, карыстацца ў сваім жыцці пастулатам “НЕЗАЛЕЖНАСЦЬ АБМЕРКАВАННЮ НЕ ПАДЛЯГАЕ!”, пры гэтым не забываць, што незалежнасць, гонар якой не бароняць, не вартая існавання. Захаваўшы любым коштам незалежнасць, неабходна спрыяць станаўленню адкрытага грамадства [зьява “адкрытага грамадства” не такая простая, таму ня варта без аглядкі прымаць дадзены тэзіс. – Рэд.]. Пры гэтым важна АДКЛАСЦІ ДА ЛЕПШЫХ ЧАСОЎ ВЫРАШЭННЕ ЎСІХ СПРЭЧНЫХ І НЕПРЫНЦЫПОВЫХ ПЫТАННЯЎ, такія як нормы граматыкі, дзяржаўная сімволіка, дэталі будучай палітычнай сістэмы, роля некаторых асоб у гісторыі краіны і г.д.

Не блага навучыцца выкарыстоўваць афіцыйную прапаганду ў сваіх мэтах: дапаўняючы ідэалогію панславянства і славянскага адзінства заўвагамі аб арыентацыі большасці славянскіх народаў на рынкавую эканоміку; інтэрпрэтуючы ідэю інтэграцыі як далучэнне Расіі да Беларусі з усталяваннем у першай “новага, беларускага парадку”, што дасць магчымасць адплаціць за ранейшыя крыўды і разбурэнні, якія нам Расія прынесла.

Знайсці агульныя пункты датыкнення з уладамі можна праз папулярызацыю менавіта айчынных беларускімі тавараў. Лозунг “ДОБРАЕ, БО БЕЛАРУСКАЕ” паспрыяе развіццю пачуцця паўнавартасці ў беларусаў.

Толькі актыўная, мэтанакіраваная і шчырая дзейнасць беларускіх арганізацый зможа аб’яднаць народ вакол дзяржаўна-нацыянальнай ідэі, якая пры яе дынамічнай рэалізацыі забяспечыць перадавыя пазіцыі беларускай нацыі і дзяржавы ў свеце. Для гэтага неабходныя большыя РАШУЧАСЦЬ, ГНУТКАСЦЬ І ЎЗАЕМАДЗЕЯННЕ ўсіх зацікаўленых бакоў. І самае галоўнае – пачаць; ПАЧАЦЬ ДЗЕЙНАСЦЬ, ТРЫМАЮЧЫСЯ АСНОЎ ДЗЯРЖАЎНА-НАЦЫЯНАЛЬНАЙ ІДЭІ.

Ад рэдакцыі:
На час правядзеньня канферэнцыі, Максім Пуранок – студэнт Гомельскага дзяржаўнага універсітэта, сьпецыяльнасьць – практычная псіхалогія (Гомель); Валянціна Забароўская – настаўніца беларускай мовы і літаратуры (Гомель).

Каментары (1)

  1. 1autor кажа:

    Выпадкова трапіў на гэты сайт. Быў трохі здзіўлены, сустрэўшы мой стары артыкул тут. Многае зараз, азіраючыся назад бачыцца іначай, але некаторыя рэчы (думкі)аказаліся амаль прарочыя

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы