nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Аляксей Знаткевіч прымусіў апраўдвацца кіраўніцтва Еўрапейскага гуманітарнага універсітэту (ЕГУ). Так трымаць!

9 жніўня, 2007 | 2 каментарыя

Рускамоўнасьць ЕГУ і “Дойча вэле”, татальная адсутнасьць падтрымкі беларускамоўным выкладчыкам ВНУ ў Беларусі й сапраўдным беларускім дэмакратам – ганебныя прыклады палітыкі Захаду, якія падкрэсьліваюць, што “беларуская дэмакратыя” для ўплывовых заходніх колаў ня больш, чым пусты гук. Мы адмыслова сочым за падобнымі справамі, таму не маглі не заўважыць інтэрвю, якое ўзяў карэспандэнт радыё “Свабода” Аляксей Знаткевіч у дырэктара цэнтру завочнай і дыстанцыйнай адукацыі ЕГУ Рыгора Мінянкова.

Рэдакцыя.

… А.Знаткевіч: На сайце вашага унівэрсытэту ehu.international.org працуюць расейская і ангельская вэрсіі. Яшчэ пазначаныя беларуская, нямецкая і француская, але толькі пазначаныя – гэтыя спасылкі не працуюць. Ёсьць і новы сайт у літоўскай зоне “lt” – там тры моўныя вэрсіі – расейская, ангельская і літоўская. Адсутнасьць беларускай мовы – гэта сьвядомая пазыцыя ўнівэрсытэту?

Р.Мінянкоў: Гэта ня так. Беларуская мова ва ўнівэрсытэце прысутнічае вельмі шырока. Што тычыцца сайту – вельмі хутка беларуская вэрсія будзе адчыненая, яна цяпер рыхтуецца, можа, ёсьць праблема з дакладнымі прафэсійнымі перакладамі. А што тычыцца ўнівэрсытэту, дык там выкладаньне ідзе на дзьвюх мовах – беларускай і расейскай, а таксама на замежных – ангельскай, францускай, нямецкай. Скажу нават больш – ёсьць некалькі праграмаў, якія ў асноўным беларускамоўныя. Гэта паліталёгія, гісторыя, культурная антрапалёгія. У іншых праграмах вельмі шмат курсаў на беларускай мове. Наша палітыка ў гэтым пляне якраз – вельмі падтрымліваць беларускую мову, беларускую культуру. Але яшчэ раз адзначу: у гэтай адкрытасьці, у гэтым супрацоўніцтве, у гэтым узаемадзеяньні зь іншымі культурамі. Таму тое, што яшчэ сайт ня зроблены – гэта ня знак таго, што мы не паважаем беларускую мову.

А.Знаткевіч: Тут пытаньне не пра непавагу, а пра першаснасьць і другаснасьць. Напрыклад, калі ў 2005 годзе газэта “Наша Ніва” апублікавала зацемку, што рэктар ЭГУ Анатоль Міхайлаў на лекцыі ў Нямеччыне нібыта казаў, што беларуская мова ў беларускіх школах – гэта гвалт, прэсавая служба ЭГУ выступіла з абвяржэньнем, але зноўку ж, па-расейску. Тут якраз можа стварыцца ўражаньне, што “сродак камунікацыі і ёсьць пасланьнем”. Вось, вы кажаце – яшчэ не гатовыя пераклады. Значыць, расейская мова – заўсёды прыярытэтная, а беларускае – нешта другаснае.

Р.Мінянкоў: Не, гэта не зусім так. Што тычыцца той справы выказваньняў, прыпісаных акадэміку Міхайлаву – дык гэта было не зусім так. Гэта няпраўда, і таму наш прэс-рэліз пра гэта пісаў. Я б не сказаў пра другаснасьць. Многае залежыць ад сытуацыі. Скажам, гэта тычыцца выкладаньня, дык далёка ня ўсе курсы гатовыя да таго, каб іх выкладаць па-беларуску, бо, скажам, няма перакладаў філязофскіх тэкстаў. Розныя нашы афіцыйныя паперы… Трэба сказаць, што ў самым унівэрсытэце афіцыйнымі мовамі зьяўляюцца расейская і літоўская, і гэта зьвязана з нашым знаходжаньнем у Літве, дзе ўсё ж такі, па-першае, літоўская мова – дзяржаўная, а па-другое, літоўцы ўсё ж разумеюць больш расейскую мову і мы павінны рыхтаваць усе дакумэнты на расейскай мове. Але я думаю, што гэтыя паперы, нашыя прэс-рэлізы будуць таксама на беларускай мове. Гэта ня другаснасьць. Я б сказаў – гэта сытуацыя, ня вельмі лёгкая моўная сытуацыя, у якой мы знаходзімся. Бо мы цяпер усё ж такі афіцыйна – літоўскі ўнівэрсытэт, і павінны працаваць так, каб нас разумелі тыя, хто прымае рашэньні, тыя, хто зацьвярджае нашы дакумэнты, хто глядзіць, як мы працуем.

А.Знаткевіч: Зараз ня моўнае, а хутчэй палітычнае пытаньне. Калі ў 2004 годзе зачынялі Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт, тады быў прэс-рэліз унівэрсытэту і адкрыты ліст студэнтаў, якія сябе, па-першае, пазыцыянавалі як дзеці, а, па-другое, складвалася такое ўражаньне, што вось, гэтыя людзі толькі што зразумелі, у якой краіне яны жывуць. Да таго, як зачынілі гэты ўнівэрсытэт, яны нібыта знаходзіліся ў нейкім вакуўме. А на той момант ужо былі зачыненыя некаторыя іншыя навучальныя ўстановы – хоць бы той самы коласаўскі ліцэй. Ці ёсьць доля праўды ў тым, што пакуль ЭГУ не зачынілі, было нейкае неадэкватнае разуменьне палітычнай сытуацыі ў Беларусі?

Р.Мінянкоў: Можа Вы тут трошкі і маеце рацыю. Але зноў жа, трэба глядзець на гэта ўсё шырэй. Так, калі мы былі ў Менску, мы сябе пазыцыянавалі – і ў гэтым мы адпавядалі закону – як установа па-за межамі палітыкі. Зразумела, гэта было вельмі цяжка, але мы спрабавалі ўсё ж такі нейкім чынам ствараць умовы, каб наш унівэрсытэт працаваў. Вядома ж гэта падзея, мабыць, паспрыяла нашаму ўсьведамленьню – і ня толькі студэнтаў, але і многіх выкладчыкаў – нашай прыналежнасьці да Беларусі, да беларускай культуры, хоць з самага пачатку мы працавалі не на нейкую пустую прастору, а на Беларусь, і нашая задача была ў тым, каб нашая гуманітарная навука, нашая спэцыяльная навука выходзіла на міжнародныя стандарты. Каб нас ведалі як беларусаў. ... Але, вядома, гэтая падзея неяк больш дапамагла ўсім нам, і мне таксама, усьвядоміць сваю беларускую місію, місію Беларусі ў Эўропе – як нам усё больш станавіцца эўрапейцамі. І, мабыць, калі Вы сочыце за тымі або іншымі сайтамі, дык можна ўбачыць, як актыўна апошнімі гадамі там працуюць, пішуць, публікуюцца прадстаўнікі ЭГУ. …

2 каментарыя

  1. Рыгор МФ кажа:

    Моцна й прыгожа.
    Спадзяюся, што ЭГУ ў гэтым пытаньні выправіцца.

  2. Siarhiej кажа:

    Дзякуй Аляксей Знаткевіч! Але дапамога цывілізаваных краін Беларусі, можа выявіцца дапамогай “халяўшчыкам”.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы