nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Заява Аляксандра Мілінкевіча ў сувязі з чарговым газавым канфліктам (+ наш каментар)

9 жніўня, 2007 | 2 каментарыя

Паводле www.milinkevich.org

��л�нкев��.JPG

Сёння за спіной беларускага народу адбываецца злачынны патаемны гандаль, які вядзе да распродажу нацыянальнага багацця і да страты суверэнітэту. У чарговы раз грамадзяне Беларусі сталі закладнікамі няздольнасці рэжыму асабістай улады весці адказную і эфектыўную знешнюю і ўнутраную палітыку.

За прыгожымі лічбамі афіцыйнай статыстыкі хаваецца банкруцтва і некампетэнтнасць кіроўных колаў паслядоўна адстойваць нацыянальныя інтарэсы і праводзіць неабходныя эканамічныя рэформы. Бюджэтныя грошы марнуюцца на нікому непатрэбную ідэалагічную вертыкаль і БРСМ, на шматлікія сілавыя структуры і органы кантролю, на стратныя прадпрыемствы, на будаўніцтва лядовых палацаў. Насельніцтва і прадпрыемствы ўжо даўно плацяць па рынкавых коштах за карыстанне газам, а выгандляваная ў Расіі розніца застаецца вузкаму колу прыўладных чыноўнікаў.

Прымаюцца келейныя дамоўленасці, схаваныя ад грамадскага кантролю. Рашэнне аб продажы Белтрансгазу – нацыянальнага здабытку ўсяго народа – было прынятае закрытым чынам насуперак жаданню абсалютнай большасці грамадзянаў Беларусі і ва ўрон нацыянальным інтарэсам.

Усё больш відавочнай становіцца тупіковасць і нежыццяздольнасць мадэлі развіцця Беларусі, якую насаджае Лукашэнка. Поўны крах палітычнага курсу ў адносінах з Расійскай Фэдэрацыяй востра ставіць пад пагрозу незалежнасць і суверэнітэт Беларусі.

Такая палітыка падрывае аўтарытэт Беларусі і яе грамадзянаў у вачах сусветнай супольнасці і нашых суседзяў.

Нармалізацыя дачыненняў з Расійскай Федэрацыяй на падставе цывілізаваных адносінаў дзвюх незалежных краінаў павінна стаць прыярытэтам усходняй знешняй палітыкі Беларусі. У безумоўным інтарэсе беларускага і расійскага народаў пераход на празрыстыя рынкавыя прынцыпы эканамічных дачыненняў і шанаванне бакамі суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласці.

Паступовы пераход на рынкавыя кошты пры аплаце за энерганосьбіты абавязкова азначае інвентарызацыю ўсяго комплексу двухбаковых дачыненняў, зыходзячы з нацыянальных інтарэсаў Беларусі. Павінны быць зроблены дакладны пераразлік коштаў за транзіт, пераапрацоўку, мытную службу, мяжу, вайсковыя аб’екты.

Ва ўмовах эканамічнага і палітычнага ціску з боку алігархічных колаў суседняй дзяржавы першачарговай задачай з’яўляецца ўмацаванне нацыянальнага адзінства праз шырокі дыялог ўнутры беларускага грамадства.

Абавязковыя ўмовы такога дыялогу – гэта спыненне палітычных рэпрэсіяў і вызваленне палітвязняў, стварэнне пераходнага ўраду народнага даверу, у склад якога павінны ўвайсці прадстаўнікі дэмакратычных сілаў краіны і які павінен распачаць эканамічныя і дэмакратычныя пераўтварэнні, змена выбарчага заканадаўства, фармаванне новай Цэнтральнай выбарчай камісіі і правядзенне датэрміновых прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбараў пад эгідай АБСЕ.


Ад рэдакцы:

Ну, вось, гэта ўжо нешта.

“Беларускі народ” у першым радку! А яшчэ “нацыянальныя багацьці”, “нацыянальны здабытак” і двойчы “нацыянальныя інтарэсы”.

Віншуем!

Але, з пазіцый ідэалогіі сапраўднай беларускай дэмакратыі ёсьць два ньюансы:

1. Заява пра шанаваньне намі іх расейскай “тэрытарыяльнай цэласьці” – гэта, як кажуць, “ці не зашмат на сябе бярэм?”. Некалькі стагоддзяў кіраўніцтва расейскай імперыі – расейская імперыякратыя – утрымлівае нашыя этнічныя тэрыторыі з этнічным беларускім насельніцтвам (Смаленшчыну, паловы Браншчыны і Пскоўшчыны), толькі ў ХХ стагоддзі расейскія імперыякраты гандлявала нашай тэрыторыяй (1920 г.), перадалі палякам Беласточчыну (1944 г.), захапіла сабе Прусію (1944 г.), якая пасьля Другой сусьветнай вайны павінна была адысьці нам. А што рабіць з забойствамі мільёнаў беларусаў, страшэннымі пакутамі таксама мільёнаў беларусаў, бессэнсоўнай стратай жыцьця з-за рабскага існаваньня ў імперыі (зноў мільёны беларусаў), якія спазнала незьлічоная колькасьць нашых продкаў з-за агрэсіі драпежна-паразітнай расейскай імперыі, кіруемай яе імперыякратыяй. Няўжо ўсё гэта ўзяць і забыць? Хто даў такое права? Пакажыце выдадзеную вам індульгенцыю на падобную заяву ад імя мінулых, цяпершніх і будучых пакаленьняў беларусаў?..

Падобны выраз у палітычным дакуменце груба памылковы па дзьвюх прычынах: першае – выразнае парушэньне ўсіх прынцыпаў міжнацыянальнай і сацыяльнай справядлівасьці (а яна патрабуе вярнуць назад адабранае, кампенсаваць страчанае і вымаліць прабачэньне ў паўкрыўджанага народу), а другое, ён таксама памылковы з пазіцый палітычнай тактыкі. Патлумачым усё на бытавым прыкладзе. Уявіце, што вы фермен і жывеце з суседам-фермерам, які ня толькі адцяпаў палову вашай зямлі, а яшчэ і пазабіваў палову вашых блізкіх, згвалціў дачку, уварваўся у ваш дом са зброяй і заявай, што цяпер ён тут гаспадар, пазабіраў з вашага дому і перанес у свой 99% самых каштоўных рэчаў. Праходзіць пэўны час і вы гвалтаўніку, рабаўніку, забойцу прапануеце: давай, маўляў, усё забудзем, “па нулях”, пачнем жыцьцё, як добрыя суседзі з “чырвонай крэскі”. Акрамя захаваньня ў парушаным стане ўсіх магчымых прынцыпаў сацыяльнай справядлівасьці, ці ня думаеце вы, што правакуеце суседа-злачынцу на чарговыя злачынныя ўчынкі? Ці не пачне ён цяпер думаць, што раней паступіў абсалютна правільна, што яму ўсё дазволена, і планаваць забраць у вас зямлю, якая яшчэ засталася, ды пазабіваць цяпер ужо ўсіх вашых блізкіх разам з вамі? Мы заяўляем, што падобнае “прабачэньне” ёсьць патураньне, фактычна падштурхоўваньне злачынцы на чарговыя нялюдскія дзеяньні…

Мы разумеем, што пададзеная вышэй заява – гэта дакумент палітычны, і ня ўсе ідэалагічныя прынцыпы ў ёй варта падаваць такімі, якія яны ёсьць. Тады іх ня трэба ўзгадваць увогуле. Ідэалогіі – ідэалагічнае, палітыцы – палітычнае. І ня трэба гэтыя рэчы блытаць.

2. Другая тэза, якая выклікала ў нас пярэчаньне – гэта выраз пра “ўрад народнага даверу”. Справа ў тым, што такога ўраду, нават у патэнцыяле, у нас пакуль няма. Як і няма Праграмнага вобразу будучай беларускай дзяржавы, якім ён павінен кіравацца. Усялякія выпадковыя незразумелыя людзі, якія цяпер аб’ядналіся ў “аб’яднанай апазіцыя”, у абсалютнай большасьці (ня менш, як на 80%) арганічна ня здольны ні тое, што бараніць інтарэсы беларускага народу, але і не ўяўляюць, што гэта такое! (многія да гэтай пары, як і цяпершнія бюракраты з мясцовых – цяперцы, не валодаюць беларускай мовай). Гэта азначае, што яны не зьяўляюцца дэмакратымі. Якія ж дэмакратычныя пераўтварэньні ў Беларусі яны могуць забясьпечыць?!

Таму ў адміністрацыі Лукашэнкі адносна вашай заявы маглі, ну, самае большае, дык гэта яхідна пахіхікаць. Што ў гэтай сітуацыі рабіць, здаецца, відавочна. Дый некаторыя з нас вам пра гэта шматкроць казалі…

І апошняе. Што гэта за “алігархічныя колы”, якія робяць “палітычны ціск” на Беларусь? На колькі нам вядома, расейскай імперыяй пакуль кіруе расейская імперыякратыя. Захоп палітычнай улады ў Расеі расейскай фінансавай алігархіяй (дарэчы, ня менш драпежнай і паразітычнай, толькі што дзеючай праз іншыя, фінансавыя, механізмы) быў спынены гэбісцкім рэжымам Пуціна. У выніку расейская фінансавая алігархія выкарыстоўваецца ім інструментальна, а не наадварот. Няўжо Мілінкевіч яшчэ разьлічвае на падтрымку Пуціна, каб спрабаваць “лавіраваць” і ў такіх пытаньнях?

2 каментарыя

  1. Siarhiej кажа:

    Заява някепская. Крытыка ред. заявы не зусім апраўдана, калі ўлічыць правілы дыпламатыі.

  2. Драб кажа:

    Да няма пакуль у афіцыйнай апазіцыі сапраўды БЕЛАРУСЛІХ лідараў.Усе спрабуюць лавіраваць,падавацца усім добрымі.
    Гэта добрая якасць для палітыка пасталелай ,рэалізаванай нацыянальнай незалежнай дэмакратычнай дзяржавы,да якой Беларусі
    пакуль далёка.Сёння нам патрэбны сапраўды нацыянальныя лідары,кшталту Пазьняка ,нажаль затаптанага маскоўска-лукашэнкаўскай
    прапагандай і шмат якімі дзеячамі сённяшняй афіцыйнай апазіцыі.Бескампраміснасць у абароне незалежнасці і нацыянальных інтарэсаў-
    галоўная якасць народных лідараў Беларусі сёння.НЕ ПЕРАМОВЫ,А ПЕРАМОГА!

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы