nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Прамаскоўскі рэжым, альбо Як адбываецца разбурэньне Беларусі (частка ІІІ)

10 жніўня, 2007 | 3 каментарыя

Зянон Пазьняк.

 

ТЭРАКТЫ

Акрамя “пустышак”, расейскія службы ўжываюць бесчалавечыя сродкі адцягненьня інфармацыйнай увагі – тэракты. На тэрактах пуцінскіх “байцоў нябачнага фронту” злавілі ня раз, напрыклад, узрывы дамоў разам зь людзьмі ў Маскве і Валгадонску і потым – спроба ўзрыву ў Разані (каб распаліць вайну ў Чачэніі), забойства Зелімхана Яндарбіева (калі гэбоўскіх тэрарыстаў злавілі і судзілі) і іншыя выпадкі. Расейскі КГБ з прыходам Пуціна аднавіў міжнародную тэрарыстычную дзейнасьць. Калі ўлічваць статыстыку фактаў тэрарызму, то лёгка вылучыць тыя, якія супадалі з пэўнымі палітычнымі падзеямі і адцягвалі ўвагу на сябе, спрыялі такім чынам разьвіцьцю зададзеных палітычных працэсаў дакладна гэтак жа, як і “пустышкі”. Розьніца толькі ў маштабах. Цана такой палітыкі – кроў. Аналіз наводзіць на думку аб каардынацыі тэрору з палітычнымі падзеямі ў Расеі і Беларусі.

Аб кіраваньні сусьветным тэрарызмам з Расеі пераканаўча (з дакумантамі ў руках) даводзяць былыя функцыянеры расейскай выведкі, што пасяліліся на Захадзе, а таксама рускія аналітыкі і дэсідэнты (А.Літвіненка, У.Букоўскі й інш.)

Вялікія тэракты папярэднічалі й істотна паўплывалі на сітуацыю з выбарамі ў Беларусі ў 2001 і ў 2004 гадах. Выбары 2006 года па значымасьці для пуцінскага і лукашысцкага рэжымаў пераўзыходзяць нават 2001 і 2004 гады. Змрочная статыстыка наводзіць на невясёлыя меркаваньні і трывожны прагноз. Але такая рэчаіснасьць.

Ці ведаюць на Захадзе пра тэрарыстычную ролю Расеі? На мой погляд – так. Каму трэба – ведаюць. Але кіруюцца, відаць, лёгікай “палітычнай мэтазгоднасьці”. І адпаведна – маўчаць.


АДЗІНСТВА НАЦЫІ

Дэмакратычная нацыя – жывы грамадзкі арганізм, дзе спосаб існаваньня вызначаецца большасьцю, з роўнымі гарантыямі для ўсіх. Дэмакратычны парадак тым ня менш нярэдка парушаецца (найгорш калі дыктатура ці аўтарытарызм) і бальшыня (ці частка) трапляе ў бяспраўнае становішча ці траціць гарантыі сваіх правоў. Але бывае стан, калі, ня гледзячы на супярэчнасьці, нацыя мусіць мець усеагульнае адзінства для захаваньня сябе, сваіх інтарэсаў і сваіх каштоўнасьцяў. Чым большая шкала гэтага адзінства і чым большая мабілізацыя, тым больш духоўна і пасіянарна мацнейшае ёсьць нацыянальнае грамадзтва і лепшая здольнасьць яго да выжываньня ў неспрыяльных абставінах. Якія б ні былі разьбежнасьці ідэалягічнага і палітычнага кшталту, здаровае нацыянальнае грамадзтва заўсёды здольнае дасягнуць адзінства ў адпаведных абставінах.

На зьнішчэньне гэтай здольнасьці найбольш і накіраваная разбуральная дзейнасьць зьнешняй выведкі Расеі ў Беларусі. У цяперашніх выступах некаторых палітрусіфікатараў з лукашэнкаўскай “палаткі” (В.Абрамава) мяне зьдзівіла іхняя азлобленая памяць пра непрыкметны эпізод у палітыцы БНФ – стварэньне Антыкрызіснага Камітэту. Пра гэты факт ужо мала хто памятае, але пэўным асобам ён памятаецца і ненавісны.

Антыкрызісны Камітэт быў створаны па ініцыятыве Беларускага Народнага Фронту і беларускіх патрыятычных арганізацыяў у 1992 годзе і ўяўляў сабой дамову паміж усімі апазыцыйнымі сіламі Беларусі, урадам і Вярхоўным Саветам аб адзінстве супольных дзеяньняў беларускай улады і апазыцыі на выпадак рэальнай пагрозы суверэнітэту ды незалежнасьці Рэспублікі Беларусь і неабходнасьці яе абароны.

Ня гледзячы на яўнае нежаданьне кантактаваць з Апазыцыяй БНФ, урад Кебіча ўсё ж пайшоў на гэтае пагадненьне. Паседжаньне і заключэньне пагадненьня адбылося ў малой залі Дома літаратара. Антыкрызісны Камітэт не засьведчыў нейкай рэальнай дзейнасьці, але сам факт такога паразуменьня паказваў на існаваньне здаровага грунту нацыі, якая здольная да кансалідацыі.

Гэта аказваецца моцна занепакоіла русіфікатараў і рускую выведку. Пагроза незалежнасьці Беларусі была толькі з боку Расеі, і расейцы ўбачылі, што беларусы здольныя сьведама арганізавацца супраць іхняй агрэсіі, што мэтад “падзяляй і ўладар” тут ужо можа не спрацаваць.

Тым часам акупацыйны рэжым Лукашэнкі, які стварылі цяпер у Беларусі крамлёўска-лубянскія нішчыцелі, выключае кансалідацыю ўлады і нацыянальнай апазыцыі пры любой пагрозе, нават, калі б Расея (ці НАТО) пагражалі вайной. Прычына ў тым жа – рэжым антыбеларускі, і для ягонай улады не існуюць кансалідуючыя нацыянальныя каштоўнасьці, ён іх топча гэтак жа, як нацыянальныя інтарэсы і нацыянальны аўтарытэт. Акупацыйны рэжым і нацыянальна-дэмакратычная апазыцыя ёсьць антыподы, ворагі, тут няма крытычных пунктаў яднаньня. Нават ягоная так званая “дэмапазыцыя”, створаная пры ўдзеле агентуры, як аказалася, ня мае зь ім бясспрэчных кропак нацыянальнай кансалідацыі. Гэта, дарэчы, праілюстравала дыскусія аб русіфікатарскім вяшчаньні на Беларусь “Нямецкай хвалі”. Агентура адкрыта выказала незадавальненьне сваёй “дэмапазыцыяй” за тое, што яна ў большасьці падтрымала беларускую мову ў эфіры.

Для ажыцьцяўленьня сваіх задумаў па расколу беларускай нацыі Масква знайшла актыўны тыпаж з псіхапатычнай мэнтальнасьцю; для яго ўсюды ворагі, ён любіць толькі крытыкаваць, пагражаць, “разносіць”, выказваць недавер, падазраваць і вечна змагацца з падкопамі, змовамі, варожымі намерамі і г.д. Але галоўны ягоны вораг – беларуская мова, беларуская культура і беларуская нацыя. Уплываць на такую асобу – псіхалягічная вывучка, а ў КГБ хапае ўсялякіх “вывучак”. Лукашэнка разламаў беларускае грамадзтва так, што ў дачыненьні да ягонай асобы і да ягонай “палітыкі” яно ня склеіцца ні пры якіх абставінах. Гэта нават ня Кастро, не Хусэйн і нават ня Кім Чэн Ір, гэта чужак для беларускай культуры, якога дэнацыяналізаваныя і ачмураныя яшчэ савецкай ідэалёгіяй людзі памылкова ўспрынялі за свайго.

 

АДРАДЖЭНЬНЕ і СТАТУС-КВО

Ідэалёгіяй беларускага Нацыянальна-Вызвольнага Руху, як і ў бальшыні паняволеных народаў Эўропы, было і ёсьць Адраджэньне.

Гэта значыць, што энтузіясты нацыянальнай свабоды, змагаючыся за незалежнасьць і стварэньне (аднаўленьне) нацыянальнай дзяржавы, ставяць задачу аднавіць разбуранае, адбудаваць зьнішчанае, адрадзіць нацыянальную культуру і ўсё страчанае ў выніку ўціску і акупацыі. І далей на грунце культурнага адраджэньня нацыі, абапіраючыся на народную гісторыю, яны імкнуцца адбудаваць нацыянальную дзяржаву, дачыненьні і разьвіцьцё. Гэта натуральны працэс існаваньня ўсяго жывога.

Ворагі нацыянальнай свабоды, акупацыйна-імпэрскія рэжымы і г.д. супрацьпастаўляюць адраджэньню нацыі грамадзкае “статус-кво”, гэта значыць, тое разбуранае, дэфармаванае становішча, якое яны стварылі ў выніку акупацыйнай палітыкі. Яны называюць яго па-рознаму: “грамадзтва”, “стабільнасьць”, “рэальнасьць”, “народ”, “здаровы сэнс” і таму падобнымі эўфэмізмамі.

Напрыклад, на Беларусі за ХХ-е стагоддзе расейцы (разам зь немцамі) забілі шэсьць мільёнаў беларусаў (палову нацыі, калі лічыць на пачатак ХХ-га стагоддзя). Расейскія акупанты-камуністы зьнішчылі беларускую школу, забаранілі беларускую мову і друк, сфальсіфікавалі гісторыю, расстралялі беларускіх пісьменьнікаў, разбурылі сьвятыні, задушылі сялянства і выхавалі цэлае племя манкуртаў ды рэнегатаў. Вынікі гэтага разбурэньня нішчыцелі спрабуюць выдаць за норму, за нармальнасьць, гэта, па іх лёгіцы, статус-кво, рэальнае становішча. Яны хочуць замацаваць стабільнасьць разбуральных вынікаў. Ня трэба, маўляў, нічога зьмяняць, нічога адраджаць, аднаўляць, бо гэта, маўляў фашызм, нацыяналізм. Пры гэтым яны выступаюць нібыта ў інтарэсах зьнявечанага імі народа. “Ня трэба беларускай мовы”, – крычаць нішчыцелі адраджэнцам, – усе гавораць па-руску, усе разумеюць”. Душыцелі шукаюць падтрымкі ў сваіх ахвяраў. “Давайце зыходзіць з рэальнасьці, – дэмагагічна вяшчаюць разбуральнікі нацыі, – будзем рэалістамі”, -нэрвуюцца сёньняшнія і ўчарашнія акупанты.

Аднак справядлівасьць і права, сусьветная практыка і закон разьвіцьця – на баку адраджэнцаў. Жывое павінна адрадзіцца, і калі жывы дух, то нават зьнішчанае паўстане зь мёртвых, забітае ўваскрэсьне.

Тым часам каб рэалізаваць культурна-нацыянальнае адраджэньне нацыі, неабходна зьдзейсьніць дзьве ўмовы: ажыцьцявіць нацыянальную асьвету народу і ўсталяваць нацыянальную ўладу. На Беларусі шмат разоў была вынішчаная нацыянальная эліта і, як вынік, ня быў ажыцьцёўлены да канца прынцып нацыянальнай асьветы ў межах аднаго пакаленьня. Адсюлі і праблемы беларускай ўлады. І нішчыцелі, у адрозьненьне ад многіх беларусаў, гэта добра разумеюць.

 

ВКЛ

Канцэпцыя Беларускага Нацыянальнага Адраджэньня грунтуецца на народнай гісторыі. Без каранёў нічога доўга не існуе. У беларусаў, бадай як мала ў каго іншага, ёсьць магутны гістарычны грунт – іхняя вялікая дзяржава, якую яны страцілі ў канцы ХVIII-га стагоддзя ў выніку міжнароднай змовы і наступнай затым расейскай акупацыі. Гэта – Вялікае Княства Літоўскае. На Вялікае Княства і абапіраецца Беларускае Адраджэньне.

Галоўны накірунак рускай акупацыйнай палітыкі (царскай і камуністычнай) заключаўся ў ліквідацыі беларускай мовы, беларускай культуры і зьнішчэньні ўсялякіх атрыбутаў, ведаў і напамінкаў пра Вялікае Княства. Руская імпэрская палітыка, руская палітычная гісторыя і дзяржаўная навука стагоддзі працавалі над заціраньнем, перакручваньнем і фальсіфікацыяй памяці пра Вялікае Княства Літоўскае. Пры камуністах афіцыйная “навука” дайшла да поўнага абсурду ў фальсіфікацыі і зьнішчэньні памяці пра ВКЛ (“канцэпцыі Л.Абэцэдарскага і інш.).

Аднавіць справядлівасьць да канца не ўдалося ні ў 1991 годзе, ні ў 1994-м. Пры прыняцьці пасьлясавецкай Канстытуцыі найбольш працяглая і жорсткая барацьба вялася за прэамбулу Канстытуцыі, дзе якраз павінна было быць адлюстравана Вялікае Княства, яго дзяржаўнасьць і законы як грунт Рэспублікі Беларусь, якая ёсьць працягам ВКЛ.

Нішчыцелі цудоўна разумеюць, што аднаўленьне народнай памяці пра Вялікае Княства будзе азначаць адраджэньне гістарычнай сьведамасьці беларусаў і аднаўленьне нацыянальнай дзяржаўнасьці ВКЛ. Імпэрская палітнавука праз сістэму забаронаў, абавязковай службы ў войску, выхаваньне і адукацыю пастаралася прывязаць гістарычную сьведамасьць беларусаў да гісторыі Расеі. Пры думках аб гісторыі ў галаве сярэдняга савецкага беларуса ўзьнікаюць вобразы рускіх цароў ды палкаводцаў, “кутузавых” ды “цароўгрозных”. Сам жа гэтакі беларус нібы вісіць у паветры.

З паветра ніякая сьведамасьць не ўзьнікае, а значыць нічога ня будзе адраджацца, аднаўляцца, стварацца і разьвівацца. Задача беларускай інтэлігенцыі, адукацыі, асьветы і нацыянальнай літаратуры – вярнуць гістарычную сьведамасьць народа ў родны дом – у Вялікае Княства Літоўскае.

Наступны абавязковы этап – палітычны: вярнуць афіцыйную назву дзяржавы. Калі гэтага не зрабіць – значыць будаваць незалежнасьць на пяску, запраграмаваць шчарбатае, трэснутае грамадзтва з кволай самаідэнтэфікацыяй, поўнае супярэчнасьцяў на роўным месцы, і абсурдных спрэчак па недыскусійных пытаньнях.

Гэта ўжо відаць цяпер (і было раней) у распаўсюджваньні маргінальных зьяваў: адны хочуць называцца “Літвой”, іншыя – “ліцьвінамі”, трэція – увесьці лацінку, чацьвёртыя супраць назвы “Беларусь”, пятыя – увогуле “крывічы” і г.д. Усё гэта – лякальнае адлюстраваньне незавершанасьці новага дзяржаўнага будаўніцтва, вынік нявырашанасьці таго, чаго не ўдалося вырашыць і зацьвердзіць у Канстытуцыі 1994 года. Канстытуцыя павінна засьведчыць гісторыю нацыі і дзяржавы ў намінальных (назыўных) тэрмінах. Сама назва дзяржавы павінна адлюстроўваць гэты важнейшы гістарычны аспэкт суверэнітэту і самастойнага існаваньня. Так прынята. Гэта істотна.

Афіцыйная назва Англіі (ці Вялікабрытаніі) гучыць так: Злучанае Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірляндыі. Амэрыка афіцыйна называецца Злучаныя Штаты Амэрыкі. Ёсьць яшчэ Вялікае Герцагства Люксэмбург, Каралеўства Нарвэгія, Каралеўства Бэльгія, Каралеўствы Швэцыя, Данія, Ісламская Рэспубліка Іран, Чачэнская Рэспубліка Ічкерыя і г.д. (мы ўжо не нагадваем пра СССР, БССР і інш.)
Шмат дзе (і там дзе гэта неабходна) афіцыйны назоў дзяржавы адлюстроўвае яе гістарычную, сацыяльную, альбо структурную сутнасьць. Становішча зь беларускай дзяржаўнасьцю і нацыяй па волі лёсу склалася такое, што вымагаецца адлюстраваньне гістарычнасьці ня толькі ў прэамбуле Канстытуцыі (чаго не было зроблена), але і ў назве краіны. Наша дзяржава на сёньняшні дзень – гэта ёсьць, фактычна, Вялікае Княства Літоўскае Беларусь (кароткая назва – Беларусь)
[рэдакцыя прапануе разгледзець назву Вялікая Літва – Беларусь. – Рэд.]. Гэта сутнасьць, якая павінна б была стаць афіцыйнай назвай.

Тады застаецца Беларусь і беларусы, але зьнікаюць усе “пустыя” (інакш не назавеш) і надуманыя палітычныя ды гістарычна-этнічныя пытаньні, скончыцца блуканьне ў трох соснах хіжага розуму і ўсё становіцца на месца.

Адразу скажу, што гэта настолькі сур’ёзна для Беларускай дзяржавы, што ніякі лямант, ніякае хіхіканьне нішчыцеляў (наконт Вялікага князя і т.п.) не павінна б было зьбіваць з тропу. Назва Беларускай дзяржавы мусіла б быць удакладнена на карысьць нацыі.

Для непасрэднага вырашэньня пытаньня з поўнай гістарычнай назвай дзяржавы нехапае фармальных прыкметаў статусу ВКЛ (хоць у прынцыпе справа не страчаная). Але дзеля гэтага патрэбны іншы ўзровень разуменьня і сьведамасьці нацыянальнага грамадзтва, чым той, які ёсьць цяпер.Тым ня менш да разумнай і адэкватнай прэамбулы ў Канстытуцыі краіны наша грамадзтва ўжо на шляху. Якраз пасьля ліквідацыі прамаскоўскага рэжыму і пры вяртаньні Канстытуцыі 1994 года гэтыя гістарычныя ўдакладненьні ў прэамбулу трэба ўнесьці.

Гістарызм дзяржаўнасьці і гістарызм назвы – гэта пытаньне, якое стаіць цяпер (пасьля сканчэньня савецкага парадку ў сьвеце) ня толькі ў нас. Балгары нават вярнулі ў палітыку балгарскага цара. Праўда, зрабілі памылку – аддалі ў яго рукі рэальную ўладу. Функцыя ангельскай каралевы, тым часам, – сьведчаньне гістарызму Вялікабрытаніі. І гэта шмат значыць. Так што нічога няма немагчымага для разумнага нацыянальнага грамадзтва, якое рэальна ўсьведамляе свой агульны нацыянальны інтэрас.

 

ДАЧЫНЕНЬНІ

Ёсьць адносіны і палажэньні, пра якія гаворыцца даўжэйшы час і якія павінны мы ўсьведамляць, усе беларусы. Але не зьнікае неабходнасьць паўтарацца ізноў.

Незалежная дзяржава Беларусь вярнулася ў эўрапейскі кантэкст, сталася суб’ектам міжнароднай палітыкі. Правілы кантэксту існуюць незалежна ад нас, і таму, ня гледзячы на тое, ведаем мы пра іх, ці не, разумеем, ці не, нарэшце, хочам, ці ня хочам, мы мусім па гэтых правілах існаваць.

Галоўнае правіла, якое павінна быць выканана ва ўнутранай палітыцы – мусіць быць рэабілітавана і ўдзяржаўлена мова нацыі – беларуская мова. Без вырашэньня гэтай задачы нічога іншага ня будзе вырашана ў Беларускай дзяржаве, будзе страчаны нават суверэнітэт.

Генэральнае правіла, якое трэба беларусам ўсьвядоміць у зьнешняй палітыцы – гэта тое, што пакуль існуе Расея ў якасьці імпэрыі, Беларусь ніколі ня будзе спакойнай за сваю незалежнасьць, эканоміку і вольны вобраз жыцьця.

Дзеяньні тут могуць быць розныя: нічога не рабіць, наладжваць мірнае суіснаваньне на грунце саступак, уступіць у Эўразьвяз, стварыць Балта-Чарнаморскую Супольнасьць (БЧС), нарошчваць уласную сілу і г.д. Але лёгіка застаецца адна: каб не было небясьпекі, трэба ліквідаваць прычыну небясьпекі. Беларуская зьнешняя палітыка заўсёды мусіць мець на ўвазе гэты стратэгічны аспэкт нацыянальнага выжываньня. Прытым трэба ўлічыць, што імпэрыя не рэфармуецца, імпэрыя развальваецца. Адсутнасьць (ці страта) геапалітычнай звышзадачы прыводзіць у гэтых умовах да страты пэрспэктывы. ВКЛ Беларусь павінна будзе займацца геапалітыкай у інтарэсах уласнага нацыянальнага існаваньня. Інакш геапалітыка зоймецца Беларусяй, што і было перад гэтым на працягу двухсот гадоў.

Трэцяе генэральнае правіла: Беларусь мусіць абавязкова ліквідаваць аднабаковую энэргетычную залежнасьць ад паставак рэсурсаў з Расеі. Спосабы вырашэньня гэтай праблемы вядомыя.

Пасьляялцінская сітуацыя складваецца так, што разьвіцьцё падзеяў увесь час будзе падводзіць да кансалідацыі Ўсходняй Эўропы. Ужо цяпер, калі дамінуе яшчэ ідэя Эўразьвязу, трэба хутчэй усьвядоміць, што ідэя БЧС – гэта добрая ідэя, якая дапаможа стварыць раўнавагу сілаў у Эўропе і гарантаваць бясьпеку незалежнасьці нацыянальных дзяржаваў.

Да БЧС падштурхне таксама зьяўленьне паўночнага газаправоду паміж Расеяй і Нямеччынай па дне Балтыйскага мора (газаправод плянуюць, безумоўна, і з палітычным разьлікам). Бо зразумела, якія магчымасьці маніпуляцыяў і ціску на Беларусь ды Польшчу ўзьнікнуць пасьля яго будаўніцтва. Стварэньне альтэрнатыўнай энэргетычнай лініі Поўнач-Поўдзень павінна стаць першачарговай задачай першага нацыянальнага ўраду Беларусі, які паўстане пасьля ліквідацыі акупацыйнага рэжыму.

Нью-Ёрк, Зянон Пазьняк.


3 каментарыя

  1. Siarhiej кажа:

    1- “Аб кіраваньні сусьветным тэрарызмам з Расеі… ” – не трэба перабольшваць ролю Расеі ў свеце.
    2- “Антыкрызісны Камітэт …” – быў жа Зянон калісці талерантным!
    3- “Вялікае Княства Літоўскае Беларусь …” – змена назвы гэта адхіленне ад тэмы, лавушка.
    4- “ідэя БЧС …” – вельмі спрэчнае пытанне і пакуль не актуальнае.
    З усім астатнім можна пагадзіцца.

  2. Перш за ўсе пра папярэдні каментар. Напісаў яго няйнакш як маскалб ці лукашыст.
    Пра тыя зверствы, якія здзейсніла Расея ў Беларусі варта былоб распаўсюдзіць улетку
    і дадаць прапанову змены назвы краіны, каб гэта дайшло да кожнага жыхара. Ні дзіўна,
    што заўседы знойдуцца абаронцы кацапска-маскальскай палітыкі на Беларусі. За шматгадовую
    акупацыю і этнацыд ім вельмі многа ўдаоося зрабіць у адносінах русіфіукацыі БЕЛАРУСАЎ..
    Каб лепш зразумець сутнасьць рускага нацыянал-шавінізму, папрашу рэдакцыю далучыць
    здымак з верасня 1939 года перад аблвыканкамам г.Брэста.
    .

  3. Vojša Miłavid кажа:

    Ja mianuju krajinu svaju – Vialikalitva-Biełaruś.
    A jak treba karaciejšaka, 🙂 dyk Vialikalitva, abo prosta – Biełaruś… 🙂

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы