nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Не апазіцыйны афіцыёз, а нацыянальны інтарэс

4 лістапада, 2007 | 3 каментарыя

Сяргей Высоцкі (старшыня БПС)

���о�к�.JPG


Беларусы нікому не вінныя

Калі прачытаў у Інтэрнеце папрокі, што часова даводзілася перабываць ва Украіне, спачатку было крыўдна. Вядома, разумею пачуцці людзей, стомленых бездарнасцю і прадажнасцю “аб’яднанай апазіцыі”. Але ўсё ж “не па адрэсе заяўкі”. Нічога не маю супраць, што мне прад’яўляецца такі суровы вердыкт. Да тых, хто на сябе бярэ ролю заступнікаў Бацькаўшчыны, трэба вылучаць высокія патрабаванні. Аднак, было б нядрэнна такі самы падыход скіроўваць і на “галубчыкаў” з афіцыйнай апазіцыі. А калі б так, то, пэўна, іх усіх ужо даўно гналі б доўгай мятлой з іх пасадаў і крэслаў. Гэтага не адбываецца! Наадварот, яны атрымоўваюць чарговыя гранты, прамое і прыхаванае фінансаванне з Захаду, апазіцыйная прэса з нумару ў нумар апісвае іх віртуальныя вычыны. Усталяваўшы з дапамогай мафіяў – заходняй, расейскай і лукашэнкаўскай – сваю манаполію, яны цынічна і па-бальшавіцку бязлітасна блакуюць рэальных байцоў нацыі. Дапамагаюць акупантам і чужынцам кантраляваць беларускі палітыкум, паглыбляюць дэградацыю.

Вядома ж, я ведаю, што абсалютная бальшыня нават інтуітыўна прадчувае няпраўду, няшчырасць такога становішча. У беларусаў надзвычай развіты гэткі нюх на праўду, нават пры адсутнасці інфармацыі. Як з тым праславутым “Еўрапейскім маршам”. 5 месяцаў на ўсіх апазіцыйных сайтах, у газетах і радыёстанцыях грымела рэклама. Грошы былі кінутыя велізарныя (эх, калі б хоць палова ад гэтай сумы ў свой час патрапіла да абаронцаў Курапат). Яшчэ шмат налепак, улётак. Спрыянне ўсіх заходніх структур… А на выхадзе – “не больш за 4 тысячы ўдзельнікаў”. З іх абсалютная большасць – моладзь да 20-ці гадоў. А дзе ж 30-гадовыя, дзе тыя, каму за 40. Баюся, яны страчаныя назаўжды гнілой атмасферай і хлуснёй апазіцыйнага афіцыёзу.

Не падтрымалі патрыёты гэты “марш” – факт. Ды і тыя, хто падтрымаў – ці надоўга з “легальнікамі”?

Распад пачаўся не сёння і не ўчора. Яшчэ да прэзідэнцкіх выбараў 2006 г. “кліент” быў хутчэй мёртвы, чым жывы. І ўся гэтая наскрозь брыдкая гісторыя ўзнясення свайго і праверанага на грантах спадара А.Мілінкевіча, абранага дэлегатамі на кангрэсе па ліпавых мандатах. Куды хоць якую апазіцыю, нават голас праўды не пусцілі. Не дапусцілі нават нацыянальную эліту. Р.Барадуліна, старэнькага і чыстага чалавека, напярэдадні скарыстаўшы для раскруткі (тая ж “Хартыя”), адсунулі з лёгкасцю. Праваслаўнага бацюшку БАПЦ Івашкевіч і кодла сцягнулі з трыбуны. Эх, БНФ, заходняе бабло Боскую і нацыянальную праўду не заменіць!

Ва Украіне меў магчымасць размаўляць з рознымі заходнімі функцыянерамі аб беларускай сітуацыі. Пераканаўся, што многія ўсё цудоўна разумеюць. І іх задавальняе такое становішча. Трапляюцца і сумленныя людзі, якія прама кажуць: “Рашэнні тут не прыймаюцца. Едзьце ў Брусэль і Вашынгтон” (Толькі за сродкі патрыёта, якога пераследуюць, і ездзіць у Брусэль і Вашынгтон).

Таму мы маем права задаваць прамыя і жорсткія пытанні тым, хто афіцыйна дэкларуе “дапамогу ў адбудове дэмакратыі на Беларусі”. Дзе апынаюцца тыя мільёны “для дэмакратыі”? Куды год за годам і на што яны выдаткоўваюцца? Вось я, як і мае сябры, ні аднаго гэтага даляра не бачылі. Мы – не апошнія людзі ў Беларусі. Нямала людзей нас паважаюць. Ад імя свайго народу мы патрабуем спыніць гэтую брыдкую гульню. Калі такое хранічнае “неразуменнне і няведанне”, дык не трэба ўвогуле ўкідваць свае сродкі сюды. Бо яны фактычна ідуць на тое, каб душыць супраціў беларусаў.

Адзін прадстаўнік сур’ёзнага фонду сказаў, што па іхных падліках каля 70% складу кіраўніцтва легальных партый – агентура (?!).

Такім чынам, у пэўнай меры яны ведаюць, што фінансуюць спецслужбы. Вось і адказ, чаму такія двайныя стандарты да БПС, да Пазьняка, да беларускіх патрыётаў-нацыяналістаў. Мафіі маюць тэндэнцыю злівацца.

Захад – розны, і там дастаткова годных людзей. Натуральна, нам прыйдзецца супрацоўнічаць з еўрапейскімі і амерыканскімі палітыкамі. Хай не стараюцца махляры “блытаць” патрыётаў з ізаляцыяністамі. Мы – не ізаляцыяністы. Але на падхопе ў іншаземных чынушаў не будзем. Гэта дакладна. Мы прапануем супрацоўніцтва на канкрэтных, дакладных прынцыпах. Без двайных стандартаў, без махлярства, без чарговых начальнікаў над беларусамі. Урэшце, мы нікому нічога не вінныя!

Са свайго боку мы заяўляем, што не прызнаем аніякія заходнія ды ўсходнія крэдыты апазіцыі, акром дапамогі рэпрэсаваным (Агульна гэта невялікая сума).

І ні мілінкевічы, ні міхалевічы ды іншыя “хартыі” не змогуць ускласці гэтыя даўгі на плечы нашага народу.

Дзе праўда, брат?

Акром крытыкі прачытаў шмат падтрымкі. Дзякуй, сябры! Без перабольшвання але і без самапрыніжэння: без беларускіх патрыётаў-нацыяналістаў у нашай краіны і народу няма ніякіх шанцаў на ўздым.

Недзе ў сваёй глыбіні кожны беларус усведамляе, што без сумлення Быкава, без утрапёнасці Пазьняка, без стратэгіі Астроўскага, без ахвярнасці Севярынца, без актывізму Высоцкага беларуская нацыя – непаўнавартасная.

Сілу роднай зямлі, волю продкаў, любоў да свайго народу дэмагогіяй пра шчаслівую і хуткую “еўраінтэграцыю” не заменім. На ідэях “інтэграцыі” дзяржаву не будуюць. Адныя інтэгратары – за Московію, іншыя – за Еўропу. А хіба мы не ў Еўропе?! І мы, і Украіна маем цалкам еўрапейскую ментальнасць, традыцыі, аблічча. Але пакуль нешта не вельмі спяшаецца еўрабюракратыя прыймаць нашых суседзяў у Еўразвяз. А прасіцца, як бедны сваяк, хоць на падворак да заможнага пана – гэта ізноў на старыя граблі.

За ўпэўненай рыторыкай правадыроў афіцыйнай апазіцыі – тая ж ідэйная галеча. “Захад – блізка, Захад нам паможа!” Лукашэнка хутка на вушы стане, каб неяк дамовіцца з Еўразвязам. Ён з усімі дамаўляецца… коштам нашага народу. Прынесшы беларусам столькі зла, растаптаўшы традыцыі і памяць нацыі, яму, вядома ж, даводзіцца зараз танчыць палітычную ламбаду.

Але і рэжым, і афіцыйная апазіцыя амаль ні слова, нідзе не кажуць пра нацыянальныя памкненні беларусаў, пра нацыянальныя інтарэсы, пра нацыянальную волю народу.

За ўсім гэтым лямантам нешта не чутно ўласна саміх беларусаў. А вось сацыёлагі, нават далёкія ад сімпатыяў да нас, фіксуюць: каля 50% беларусаў паслядоўна абіраюць нейтралітэт! За той месяц, што я ў Беларусі, паўсюль чую ад простых людзей: “не трэба спадзявацца ні на Захад, ні на Ўсход”, “пражывем сваім розумам”, “Лукашэнку, вядома ж, трэба адпраўляць да ягоных свінаматак, але ж не на гэтых жа чарцей мяняць”. Людзі хочуць чуць не адныя і тыя ж прыелыя галасы афіцыёзу, а сваіх аўтарытэтаў. Хіба мала ў беларускай нацыі вялікіх людзей, якія не жадаюць падыгрываць апазіцыйным дзеячам?! Але не чуваць іхнага голасу: і рэжым, і кішэнная апазіцыя баяцца словаў беларускіх дысідэнтаў і ветэранаў нацыянальнага супраціву 1944-55 гг., пісьменнікаў, хрысціянскіх святароў.

Таму на сённяшні дзень складаецца ўражанне, што ўся гэтая прафанацыя пра Еўразвяз ёсць няшчырая гульня. Для адных – гэта вымушанае ратаванне ад смяротных абдымкаў Расейскай імперыі, а для другіх – проста дэмагагічны PR дзеля ўласнай раскруткі.

Прыйдзе час, і беларусы абяруць свой шлях – самі, ва ўмовах свабоднага выбару – альбо нейтралітэт, як у Швейцарыі ці Швецыі, альбо сяброўства ў Еўразвязе.

Але, каб прыйсці да таго часу, спачатку трэба вырашыць папярэднія задачы – здабыць сваю нацыянальную свабоду, вярнуць спрадвечную сымболіку, мову, дапамагчы духоўна акрыяць свайму народу, каб беларусы сталі гаспадарамі сваёй краіны, вярнуць народу зямлю, уласнасць. А там ужо можна глядзець варыянты… Калі ж будзе просты перадзел паміж расейскімі ды заходнімі ўласнікамі з беларусамі ў якасьці парабкаў – гэта проста другая серыя прыгону і няшчасця.

Што рабіць

Наш падмурак – гэта традыцыя, культура, гісторыя. У свеце мала народаў з такой велічнай гісторыяй, як у нас – беларусаў-літвінаў. Гэта самае нязручнае для ўсіх акупантаў.

Кожны акт услаўлення вялікіх людзей нашага народу, кожнае імя, адваяванае ў акупантаў з цемры забыцця і хлусні – гэта цаглінка ў наш Беларускі Дом. Беларусы мусяць ведаць, што наказваў Каліноўскі нашчадкам, якія шляхі для свайго народу адстойваў Абдзіраловіч, у чым быў сэнс палітыкі Вітаўта Вялікага, за што паміралі слуцкія паўстанцы і партызаны-нацыяналісты, якіх, дарэчы, народная памяць больш шануе, чым савецкіх партызан.

Народ наш зрабіў ужо вялікі крок у сваім развіцці. Ён ужо не той, што быў у 1994 г. У глыбіні народнай нараджаецца такі шалёны голад да нацыянальнага слова, такая прага сваёй волі, што ёсць усе падставы глядзець з аптымізмам у заўтрашні дзень. Нават такая каланіяльная дзяржаўнасць не здолела спыніць рост нацыянальнага загартавання. Нараджаецца новая хваля асэнсавання сябе, сваёй гісторыі.

Колькі ёсьць сёньня цудоўных гісторыкаў, літаратараў, настаўнікаў, кінутых гэтым гнілым палітбамондам. Паціху будуць расці магчымасці падтрымоўваць такіх асветнікаў, святых у сваім нацыянальным ахвяраванні.

Мы праводзілі паэтычныя чытанні, службы, вечарыны. Іншыя арганізоўвалі дыскатэкі, узбагачаныя нацыянальнай музыкай. Ёсць іншыя формы, і вулічная барацьба словам – не апошняя справа.

Перыядычна даходзіць інфармацыя пра чыноўнікаў, якія, нават рызыкуючы пасадай, спрабуюць адстаяць тое ці іншае беларускае. Не пужаць, не зрывацца – несці свой крыж. Калі б беларусы пабачылі, наколькі яны блізкія да свайго нацыянальнага ўздыму…

Урэшце, мы ж – адзін вялікі беларускі народ!

Нас шмат! Толькі тых людзей, якія дэкларуюць гатовасць змагацца за незалежнасць, больш за 10%. А тых, хто падтрымоўвае дзяржаўную незалежнасць, больш за 95%. Поле для дзейнасці вельмі шырокае.

Яшчэ жывыя некалькі сотняў (а, можа, і тысячы) ветэранаў нацыяналістычнай партызанкі, сяброў Беларускай Незалежніцкай партыі, СПБ і г.д. Нельга на радасць акупантам пакінуць прадстаўнікоў БЦР, БКА, СБМ. Ведаю балючыя да слёз гісторыі гэтых ужо старых людзей, забытых няўдзячнымі нашчадкамі. За каго ж яны ваявалі?! Падумайце, сябры. У нас яшчэ ёсць шанец уратаваць годнасць нашага пакалення – дапамагчы сваёй пашанай сапраўдным барацьбітам за наш народ.

Акружыць павагай жывых і ўшанаваць памерлых! Гэтую справу фактычна кінуў БНФ. Прыйдзе час, і хваля змяце гэтую падлую кантору. Гэтая дзейнасць: аднавіць лучнасць з традыцыямі вызвольнай барацьбы – не менш важная, чым любая палітычная дзейнасць.

Асобная размова наконт рэлігійнага змагання. Святары могуць выканаць ключавую ролю. Мы справядліва наракаем на святароў Праваслаўнай Царквы Маскоўскага Патрыярхату. Але ж як часта кожны з нас размаўляў, пераконваў іх?…

Два асноўныя напрамкі, якія бачацца перад намі і нашымі аднадумцамі:

1. Патрыятычна-асветніцкая праца.

2. Арганізацыйна-кадравая.

Пры гэтым актуальна на дадзеным этапе ўстрымацца ад удзелу ў палітычных акцыях афіцыйнай апазіцыі. Нельга дазваляць прайдохам выкарыстоўваць нас як гарматнае мяса. Наадварот, ствараць свае асяродкі. Выхоўваць моладзь, якую нельга было б купіць, падмануць банальным вэрхалам. Бо “легальнікі” хутка спаганяць гэтую моладзь пад сцягам рваных джынсаў. Запатрабаванне на палітыкаў, на ідэі, на пошук нечага надзейнага, будзе трывалага расці.

Не кан’юнктура, а цвёрдая ідэя і група надзейных людзей. Калі будзе такі касцяк – астатнія будуць далучацца.

Відавочна, што акром маскальшчыны нашым апанентам з’яўляецца і ліберальны касмапалітызм. З іх оперы прапаганда наркотыкаў, гомасексуалізму, педафіліі й да т.п. Не моднае чужое, а сваё! Прыймаючы тэхнічныя вынаходніцтвы, якія з’яўляюцца праявай генія ўсяго чалавецтва, ва ўсё ўкладаць сваю традыцыю, слова і змест. На ўсёй зямлі няма народу, які б меў больш чыстую, сапраўды людскую спадчыну, традыцыю!

Не каляровая рэвалюцыя, а нацыянальная трансфармацыя

Пэўна, камусці гэта будзе забаўна чуць ад паслядоўнага прапагандыста Нацыянальнага Паўстання. Аднак усё магчыма. І 11, і 7 гадоў таму нацыянальны лагер быў мацнейшы. Нават самыя вытанчаныя махляры на Ўсходзе і на Захадзе былі вымушаныя лічыцца з пазіцыяй нацыянальна-дэмакратычнага лагера. Цяпер гэтая пазіцыя рэальна перайшла да незарэгістраваных структур, да Народнай апазіцыі. БНФ без Севярынца і Астроўскага, без Фёдарава і Грыцкевіча, без сотняў іншых сапраўдных патрыётаў – гэта жалосная пародыя. А сілы Народнай апазіцыі пакуль недастатковыя, каб гарантаваць нашую перамогу. Гэта жорсткая рэчаіснасць.

З іншага боку, досвед Украіны больш чым павучальны. “Памаранчавыя” павыкідвалі з эшэлонаў улады большасць герояў рэвалюцыі. Раскалолі і раздрабнілі “Пару”, адсунулі УНА-УНСО, КУН, УНП. Украінскай палітыкай сёння кіруюць алігархі і “міжнародныя інстытуты”. Але ва ўкраінцаў ёсць магутны “нізавы” нацыяналізм. Маршы з паходнямі, штомесяц розныя “бандэраўскія і пятлюраўскія” акцыі. Гэта – нацыя, якая да 1960-х гадоў смяротна пужала крамлёўскіх уладароў. Але нават украінцы многае не могуць адстаяць, найперш эканоміку – зямлю, заводы, сыравіну, уласнасць!

У нашым выпадку рызыкі яшчэ на парадак больш. Нацыянальны імунітэт толькі адраджаецца. Таму сёння пры кепскім сцэнары звяржэння рэжыму можа паўстаць і пытанне прыхаванай аўтанамізацыі (некаторыя з “суседзяў” і цяпер ахвотней дапамагаюць сваёй “меншасці”, чым беларускай дэмакратыі), і нават пагроза для дзяржаўнай Незалежнасці.

Патрабуецца быць не палітыкам, а дзяржаўным дзеячам вышэйшага гатунку. А гэта значыць, у першую чаргу думаць пра наступныя пакаленні. Апазіцыйныя “лідэры” і да палітыкаў не дацягваюць, больш падобныя да палітыкаў-наймітаў.

Калі глядзець цвяроза, дык сёння з апазіцыйнага лагеру ўзяць уладу можа толькі план Мілінкевіча, узброены заходнімі сродкамі. Але ад гэтых палітгандляроў, як і ад лідэра “не рыба, не мяса” ў нашых умовах нічога добрага не чакаецца. Могуць усё прадаць, і вельмі спрытна! Так, што і не заўважыш!..

Паняцце рэвалюцыі ёсць больш шырокае, чым паняцце вэрхалу ці бунту. У Беларусі нацыянальная трансфармацыя таксама можа быць рэвалюцыяй. Форма можа быць рознай. Галоўнае, каб у народзе выспела цвёрдая нацыянальная воля, каб была падтрымка ад самых нізоў. Тады ніякія махляры не змогуць нічога зрабіць. Як у прыбалтаў: колькі даляраў лібералам не кідаецца, а нацыянальных дэмакратаў заўжды пад 50% у парламенце!

Лукашэнка неўзабаве сыдзе. Але скідаць яго цяпер ды яшчэ за любы кош мы не збіраемся! Скінуць аднаго злодзея, каб займець сотню новых?..

Лепшы варыянт быў бы ў кампрамісе паміж патрыятычнай часткай чынавенства і патрыётамі – нацыянальнымі дэмакратамі [спроба такога варыянту ў 2001 годзе закончылася поўным крахам; “вертыкаль” нават не варухнулася! – Рэд.].

Каб гэта спраўдзілася, прыйдзецца загартоўвацца. Трэба любым чынам вызваляць нацыянальную стыхію народу. Ёсць усе падставы для нацыянальнага аздараўлення масаў. Час, каб загартаваць нашу беларускую Нацыянальную Сілу, яшчэ ёсць!

3 каментарыя

  1. Андрэй Я. кажа:

    Паважаны Сяргей, падтрымліваю вашу думку і згодны з вамі на ўсе сто!!!

  2. Siarhiej кажа:

    Шукаць Трэці шлях, калі знаходзішся паміж Эўразвязам і Расеяй вельмі цяжка. Можна падохнуць, як бурдыянаў
    асёл паміж дзьвумя купамі сена. Лепш выбраць Эўразвяз і NATO і ў іх межах адстойваць свае нацыянальныя інтарэсы.
    І ня трэба трымацца ілюзіі наконт беларускасці жыхарой Беларусі. У нас саўковасць пераважае, нават да ўкраінцаў далёка.

  3. Алесь кажа:

    Сяргею-каментатару.
    Хачу выказаць вам сваю нязгоду і падтрымаць сайт і паважанага спадара Сержука Высоцкага. Прычына “саўковасці” беларусаў, як вы пішаце, не ў тым, што яны (мы) такія біялагічна слабыя, а ў дзеяннях Расійскай імперыі напрацягу стагоддзяў і дзеянняў яе агента – Л. – у апошнія 13 гадоў. Рэдакцыя правільна адзначае ў шмат якіх яртыкулах, па якой тэхналогіі адбываецца разбурэнне беларускага нацыянальнага светагляда, прызначанага аб’ядноўваць усіх беларусаў. У выніку, падкрэслю, у выніку гэтага беларусы сапраўды слаба адчуваюць сябе адзінай нацыяй, слаба ўяўляюць, што гэта яны (мы) – гаспадары Беларусі. ГЭТА НАША БЯДА, А НЕ НАША ВІНА!!! Гэта трэба ведаць і заўсёды памятаць. Пазбавіцца ад гэтай накінутай нам праблемы-бяды і ёсць наша галоўная, найпершая задача! Да гэтага, якраз, і заклікаюць і Высоцкі, і рэдакцыя сайта (Астроўскі). Я іх у гэтым поўнасцю падтрымліваю.
    Другое. асёл, пра якога вы пішаце, здох якраз з-за таго, што выбіраў паміж адной капной сена і другой. Яму б, дурню, пайсці наперад, на луг… А так, на самай справе гэта вы, Сяргей, прабачце, больш нагадваеце таго асла – паспытаў адну капну сена (Расійская імперыя), пераканаўся, што горкая, гнілая і думае, што другая (ліберальная Эўропа) лепш. Паглядзіце, што робіцца ў Францыі – дзяржаве магутнай 80-ці міліённай нацыі! Цяпер яе проста знішчаюць дэмаграфічнай зброяй. Ну, хай сабе, Францыя – былая імперыя, цяпер гэта ёй пакаранне. Тады паглядзіце, што робяць з Польшчай, Прыбалтыкай, Грузіяй, нават, Украінай (перачытайце яшчэ раз інфармацыю, якую дае Высоцкі, пра тое, як паступілі “памаранчовыя” з украінскімі народнікамі) гэтыя заходнія псеўда-сябры. Калі мы, беларусы, без сваёй моцнай сілы, без унутрага аб’яднання на глебе нашай беларускасці ўвойдзем у Эўразвяз – ад нас, нацыі беларусаў-літвінаў, застанецца толькі ўспамін у гісторыі. І ні водны, падкрэслю,
    ні водны беларус ад гэтага не выіграе!!!
    Уявіце,  Сяргей, яшчэ раз. Вам трэба ехаць з Мінска ў Вільнюс (ці Кіеў), а вам прапаюць паехаць у Маскву ці Варшаву. І толькі гэты выбар прапануюць, як быццам іншага няма… Ну, і хто дурань? Хто мае большыя магчымасці наблізіцца да сваёй мэты? Той, хто паедзе ў Варшаву, ці той, хто пойдзе пешшу ў Вільнюс?! Падумайце Сяргей.
    І апошняе, на сайце ёсьць цудоўны артыкул Астроўскага пра “трэці шлях” (а на справе, адзіна правільны), там ёсць цікавая мадэль, здаецца “росту сасны” – пра тое, як галінкі адсыхаюць… Пачытайце яго паўважлівей…

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы