nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

УКРАІНСКІ ДЗЁННІК

12 лістапада, 2007 | Каментары (1)

�анд��� помн�к.JPG

Падаем чарговы артыкул Сяргея Высоцкага. Ілюструем яго фотаздымкам помніка лідэру Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў (АУН) Сьцяпану Бандэру, які нядаўна адкрыты ў Львове.

Рэдакцыя.

 

Каб у поўнай меры стаць беларусам, варта пажыць ва Ўкраіне.

Украіна – вялікая дзяржава з вялікімі праблемамі і вялікай воляй. Маладая і бадзёрая нацыя, якая мае такі падобны да нас лёс і такі адрозны. Нацыя, якая любіць нас, можа, больш за каго. Нацыя казацкай гісторыі і бандэраўскіх ваяроў.

Знаходзім раптам адказы на пытанні, што доўга мучылі. Глыбейшае спасціжэнне сучаснасці, палітыкі, філасофіі. Дзякуючы сваёй шырыні і прасторавасці, украінцы адбудавалі найглыбейшы пласт інтэлектуальнага жыцця. Многія гуманітарныя праблемы, якія ў Беларусі яшчэ нават не ўсвядомленыя, ва Ўкраіне ўжо шмат гадоў разглядаюцца і даследуюцца. Напруга магутнай думкі паказвае Ўкраіну як моцную дзяржаву ды ўнутраную сілу ўкраінскай нацыі.

Адным з першых адкрыццяў, якія перавярнулі мой светагляд, стала знаёмства з ветэранамі вызвольнага супраціву АУН-УПА. Амаль кожная такая сустрэча пакідала глыбокі след. Ветэраны УПА – нескароныя волаты шалёнай пары – дапамаглі мне вярнуць павагу да нашага беларускага супраціву 1941-55 гадоў.

Што мяне найбольш уразіла – гэта тое, што амаль усе змагары УПА казалі, што сядзелі з беларусамі. У розных лагерах, у розных турмах, у самых нялюдскіх умовах побач з украінцамі сядзелі беларусы. Украінцаў было значна болей, але заўжды былі і беларускія патрыёты-нацыяналісты. Найбольш часты адказ: “Мала, але былі”. Той сябраваў, таму беларус уратаваў жыцьцё, іншы ўратаваў беларуса ад смерці.

Напачатку я не верыў многім фактам, перапытваў, удакладняў. Усё пацвярджалася. Паступова вымалёўвалася блізкая да рэчаіснасці карціна. І тое, што стала відавочным – цалкам перакрэсліла расейска-савецкі міф пра той час. Міф аб слабасці беларускага нацыяналістычнага руху, аб тым, што беларусы марылі жыць пад Масквой і камуністамі.

Адным з апошніх маіх знаёмых стаў Сцяпан Семенюк, былы ваяр УПА. Цяпер жыве ва Ўсходняй Польшчы, дзе большасць украінцы і беларусы. Пан Сцяпан сам падыйшоў да мяне, запытаў, ці магу напісаць яму словы беларускага нацыянальнага гімна. Зыходзячы з таго, што да прыходу Лукашэнкі большасць беларусаў прагаласавала за “Пагоню” – я напісаў тэкст “Пагоні”, які, дарэчы, і сам лічу адзіным сапраўдным гімнам Беларусі.

У часе нашай наступнай сустрэчы пан Сцяпан падараваў мне колькі кніжак і папрасіў бел-чырвона-белы сцяг (значок). Я зняў свой з піджака ды падараваў легендарнаму ваяку. У нас адбываліся нярэдкія сустрэчы, дзе абгаворвалі гісторыю і сучасны стан нашых краін.

– Пан Сцяпан, адкуль у Вас такая цеплыня да беларусаў?

– Мой камандзір ва УПА быў беларусам. Я сядзеў з беларусамі, сябраваў. Я сам украінскі нацыяналіст, а значыць спачуваю ўсім іншым нацыям, якія змагаюцца за свабоду. Беларусы нам, хіба, найбліжэй.

– У Беларусі існуе афіцыйная канцэпцыя, што беларускіх партызанаў-нацыяналістаў  было вельмі мала. І сам рух быў лакальным…

– Беларусы ў лагерах трымаліся нас – бандэраўцаў. Увогуле быў жорсткі падзел – “уркі, трацкісты і бандэраўцы”. У “трацкісты” запісвалі ўсіх камуністаў, камуністычных апанентаў Сталіна. Сярод “трацкістаў” было шмат беларусаў і ўкраінцаў з Заходняй Беларусі і Ўкраіны. Было сярод іх шмат талковых хлопцаў. Адным днём іх усіх сабралі з лагера і звезлі. Больш ні пра каго з іх ніхто і нічога не даведаўся. Але самым моцным аплотам лагернага супраціву былі мы – бандэраўцы. Ды нашага прыходу зэкі з палітычных здзекаваліся па-нелюдску.

– Якія былі стасункі з прадстаўнікамі іншых нацый?

– Лозунг нацыяналістаў “Свабоду народам – свабоду асобе!” падтрымоўвалі прадстаўнікі ўсіх нацыяў. Галоўнае пытаньне ў лагеры – пытаньне жыцця. Нельга вымяраць адносіны паміж людзьмі ў тых умовах з пазіцый сённяшняга часу, як і з часу самой вайны. Прадстаўнікі іншых нацый да нас прымыкалі, бо асобна выжыць шанцаў амаль не было. Усіх нацыяналістаў называлі “бандэраўцамі”.  Беларусаў было не мала. Беларусы агулам трымаліся спакойна, годна, умелі ваяваць і годна паміраць таксама…

– Сярод Вашых знаёмцаў у Польшчы шмат беларусаў?

– Польшча фармальна імкнецца выканаць еўрапейскія дырэктывы Еўразвяза ў палітыцы да нацмяншыняў, а насамрэч… робіць зусім іншае. Беларусы ў гэтым плане сталіся вялікай ахвярай, з імі апалячванне прайшло найбольш паспяхова. Зусім не дапамагае Праваслаўная Царква [Маскоўскага патрыярхату. – Рэд.]. У гэтым прадуманая палітыка польскіх чыноўнікаў. Служба вядзецца па-польску, а святары ледзь не ўсе настроеныя прарасейскі. Беларусы амаль пагалоўна называюць сябе “праваслаўнымі палякамі”. Дапамогі з Беларусі вы не аказваеце ім амаль ніякай. А што ідзе – тое ў кантэксце Расеі. Вашая афіцыйная Праваслаўная Царква нічога беларускага не мае. Польшчу гэта задавальняе [! – Рэд.].

З папярэдніх размоваў з гісторыкамі я ўжо ведаў, што НКВДыстам часта ўвогуле забаранялася гаварыць аб акцыях у Беларусі. Але замаўчаць народны рух АУН-УПА было немагчыма. Таму нярэдка ў прапагандысцкіх мэтах савецкае начальства адмыслова замоўчвала вызвольную барацьбу беларусаў, усё спісвала на украінцаў.

Ва Ўкраіне цяпер ідзе працэс аднаўлення гістарычнай справядлівасці. Ветэранам УПА вяртаеца статус ветэранаў Айчыннай вайны. У іх гонар называюцца вуліцы, ставяцца помнікі [гл. фота ў пачатку артыкула. – Рэд.].

 

Пасля Лукашэнкі беларусаў чакае шмат адкрыццяў. Адно з першых – гэта Другая невядомая вайна 1941-55 гг. беларускіх змагароў за незалежнасць.

Калі ж будуць помнікі беларускім патрыётам-нацыяналістам?!

Будуць!   І тады беларусы па-за межамі Бацькаўшчыны перастануць саромецца свайго паходжання.

(працяг будзе)

С.Высоцкі,

Старшыня БПС, выканаўчы дырэктар Беларускага Нацыянальна-Дэмакратычнага Цэнтра ў Кіеве.

 

Каментары (1)

  1. Siarhiej кажа:

    “Служба вядзецца па-польску, а святары ледзь не ўсе настроеныя прарасейскі.” – Гэта мяне непрыемна здзіўляе.
    Хіба няма ў Польшчы не абмаскаленых і неапалячаных беларусаў? Хіба няма там беларускіх пратэстантскіх і
    каталіцкіх цэркваў? Хіба ўсе артадаксальныя святары – пятая калона з Масквы?

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы