nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

БТ, раёная прэса і прэзідэнт

13 лістапада, 2007 | Каментары (1)

Андрэй Якушонак (актывіст дэмакратычнага руху Мядзельскага регіёна)

Як��онок.JPG

 

Невыязны прэзідэнт марыць пра французкія палі?

“Як аказалась, заклапаціцца праблемамі палегласці зернавых прэзідэнта прымусіла велагонка Тур дэ Франс, сочачы за якой, галава дзяржавы звярнуў увагу на стан французкіх палёў, што прадэманстравалі ў тэлевізійнай карцінке раўнамерны рост зернавых. “І гэта нягледзячы на жудаснае надвр’е, іх там усіх заліло дажджом”, – пракаментаваў сітуацыю ў сельскай гаспадарцы Францыі А. Лукашэнка” – піша аналітычны штотыднёвік “Беларусы і рынак” у №30 ад 13.08.2007 г.

Так, ня дзіва, што ў нас паўсюль праблемы, і прэзідэнту трэба ўсё часцей і часцей з крыкам вучыць чыноўнікаў, як і што ім рабіць. Гэта ж трэба, прэзідэнт, які так грэбліва ставіцца да Еўропы і ўсяго заходняга, з цікавасцю глядзіць па тэлевізары велагонку Тур дэ Франс, а між тым і аб дзяржаве не забывае! Калі нельга паехаць у Еўропу з-за свайго савецкага сьветлагляду і ўладных амбіціяў, гэта не бяда: уключыў тэлевізар і глядзі, як яны там жывуць, якія ў іх палі і ўсё астатняе.

Здзіўленню прэзідэнта не было канца. Як жа так, іх і залівае, ураганамі і засухай Прырода мучыць, а палі ў іх стаяць і калосяцца без асаблівых стратаў. А варта толькі ў Беларусі прайсці з тыдзень добраму дажджу, або засушыць нас, як тут жа губляем адсоткаў 20 каштоўнага збожжа. А можам на гэтым зарабляць, як вучыць нас ведаючы справу прэзідэнт, па 150 даляраў з тоны пшаніцы. Тады, можа, ёсць сэнс спыніць дрэсіроўку бедных, запужаных старшыняў і брыгадзіраў калгасаў, а прыйсці ўсё ж да высновы, што рынакавая эканоміка заходніх дзяржаў лепей нейкай там “сацыяльна-арыентаванай” лукашэнкаўскай? Яно і праўда, быў бы ў нас прыватнік ці арэндатар на зямлі, каласілася б яна так сама, як і ў Францыі. І надвор’е было б не перашкодай.

А прэзідэнту сорамна павінна быць, што ён за Еўропай назірае толькі па тэлевізары. Куды ж так гадзіцца? Вось калі б не яго плачэўная палітыка ў адрас Еўропы, тады ён мог бы спакойна з’ездзіць з візітам у Францыю да тамашняга прэзідэнта і на месцы вывучыць сітуацыю, як жа навальніцы і спякота не перашкаджаюць мясцовым фермерам вырошчваць зернавыя, а не прахалоджвацца за праглядам тэлевізара.

І як гэта сацыяльна-арыентаваны прэзідэнт не ўцяміць, што прыватнік заўсёды будзе на галаву вышэй любога саўгасна-калгаснага брыгадзіра, звыклага з савецкіх часоў усё рабіць не па розуму, а па загадзе зверху. Як не ўцяміць прэзідэнт, які глядзіць на Еўропу толькі па тэлевізары, што фермер заўсёды будзе імкнуцца, каб яго прадукцыя прыносіла прыбытак, а не чакаць дзяржаўных датацыяў і падказак зверху. Бо ад таго, колькі замежны фермер вырасціць, колькі зможа прадаць, залежыць дабрабыт яго сям’і, узровень жыцця яго дзяцей. Дзеля гэтага ён будзе і новыя тэхналогіі ўжываць, і купляць болей эканамічную і прадукцыйную сяльгас-тэхніку. А на адну толькі “чарку са шкваркай” ён не пагодзіцца. Вось таму там немагчыма з’яўленне ва ўладзе такога, як у Беларусі, “сацыяльна-арыентаванага” прэзідэнта – адныя толькі фермеры не дазволяць такога, не гаворачы ўжо пра ўсіх астатніх грамадзян еўрапейскай супольнасці.   

“Гаспадаркі, якім мы дапамаглі, якія паднялі з кален дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы, павінны зарабляць САМІ. Усе датацыі ў наступным годзе скараціць гэтым прадпрыемствам на 50%”, – заявіў прэзідэнт і дадаў, што “яшчэ праз год, а менавіта – у 2009 годзе, добра працуючыя прадпрыемствы зусім не павінны атрымліваць ніякіх дзяржаўных сродкаў”.

Цікава, а што калі начальнікі гэтых прадпрыемстваў возьмуць, ды зразумеюць гэтыя словы Лукашэнкі па-свойму. Ды яшчэ і скемяць, што калі твая гаспадарка будзе да 2009 года паспяховай, цябе пазбавяць усіх дзяржаўных датацыяў. А без іх як выжыць, калі зверху камандуюць што, дзе і калі, у якой колькасці сеяць-вырабляць? А раптам гэтыя варацілы сяльгасгаспадарчага ці вырабляльнага “шоў-бізнесу” замест таго, каб рабіць добра, боячыся, што ў 2009 годзе пазбавяцца ўсіх дзярждатацый, возьмуць і пачнуць наўмысна працаваць кепска, каб не пазбавіць сябе незаменных датацый? А інакш як выжыць? Бо так прасцей, чым шукаць шляхі выгаднага і прыбытковага вядзення даручанай ім гаспадаркі – не свая ж уласная!

Так што баюся, што зразумеюць начальнікі “паднятых з кален” прадпрыемстваў усё зноў ня так і працягнуць дрэнна працаваць, каб атрымліваць стабільныя дзярждатацыі.

Лукашэнку, як “спецыялісту ў гэтай галіне”, трэба зразумець адно, што калгасніка прымусіць працаваць вынікова – гэта тое ж самае, што зрабіць нашага прэзідэнта дэмакратам. Калгаснік і фермер – паняцці несупаставімыя. І Запад гэта дакладна разумее. Таму не перашкаджае прыватніку ці арэндатару працаваць: сеяць, збіраць, прадаваць і мець ад гэтага столькі, каб годна забяспечыць сябе, сваю сям’ю, дый астатніх грамадзян не пакінуць без зернятка ў роце. Усім добра: уладзе, фермеру, народу такой дзяржавы. Сёння ж нашым калгаснікам-беларусам дрэнна, таму што яны не на сябе працуюць, а як у “старыя добрыя часы” – на эфемерны “агульны дабрабыт” [калі б так, яшчэ куды ні ішло; а так сяляне, рабочыя дый усе грамадзяне сёньня працуюць на дабрабыт мясцовай бюракратычнай мафііцяперцаў. – Рэд.]. Вось і атрымліваецца: ходзяць нашыя калгаснікі жабракамі, агульны дабрабыт людзей у шмат разоў ніжэй за еўрапейскі, а ўлады з года ў год вядуць “бітву за ўраджай”, закопваючы кожны год пры гэтым трыльёны нашых з вамі беларускіх рублёў. І ўсё ваююць і ваююць… А калгаснік ва ўмовах гэтакай вайны кожны год працуе больш, чым сярэдні яго еўрапейскі калега, а зарабляе ў шмат разоў менш фермераў-заходнікаў.

Дайшло да таго, што ў нас стала не прынята жыць заможна – многія з нас усё яшчэ савецкія людзі!  

 

БТ кліча безпрацоўных у лес?

Затое калі ўжо стане нашым калгаснікам і грамадзянам краіны зусім дрэнна жыць, карэспандэнты БТ заўсёды прыйдуць на дапамогу і падкажуць, дзе беларусу можна падзарабіць. Навокал лясы, грыбы, ягады. У час Другой сусветнай вайне ў партызанах былі, а тут і бяз войн пры такой ваяўнічай палітыцы прэзідэнта прыйдзецца беларусу паслухацца заклікаў карэспандэнтаў БТ і адпраўляцца ў лес па ягады ды грыбы.

Як сцвярджаюць “дасьведчаныя ў гэтай справе” журналісты БТ, у дзень можна да 100 кг лісічак збіраць, а калі з такой руплівасцю ўвесь месяц папрацаваць, нямнога-нямала, а 4500 даляраў у вашай кішэні з’явіцца (такая ўпэўненасьць пераканаўча вынікае з рэпартажа БТ, паказанага 12 жніўня г.г. у “Панараме тыдня”).

Я не ведаю, ці збіралі калі-небудзь грыбы ў такой колькасці карэспандэнты БТ, але са свайго шматгадовага, з часоў школы, досьведу я ведаю, што калі ты ў першы дзень нейкім цудам і збярэш нават завоблачныя 100 кг лісічак, то ня тое каб на наступны дзень, але ўжо і на ўвесь месяц у цябе адпадзе ўсялякае жаданне шастаць па лесе ў пошуках якіх бы ні было лісічак – стомленасць зробіць сваю справу.

Да такіх пафасных сюжэтаў на БТ мы ўжо прывыклі. Але далей у гэтым рэпартажы карэспандэнты БТ бессаромна намякнулі ўсім беспрацоўным, што тыя могуць увесь год нідзе не працаваць, а за лета на грыбах і ягадах забяспечыць сабе гадавы даход. Тады, паважаныя безпрацоўныя, не адчайвайцеся, а чакайце наступнага лета і, збіраючы па 100 кг лісічак у дзень напрацягу месяца, вы абавязкова азалаціцеся на 4500 даляраў. Сапраўды, можна год не працаваць – у месяц выходзіць па 375 даляраў, што вышэй сярэдняга заробку па краіне. Такі заробак большасць нашых людзей і бачыць ня бачылі.       

Але ў гэтым рэпартажы ёсць, як мінімум, тры неадпаведнасці. Па-мойму, усе тыя адабраныя ўладай карэспандэнты БТ, якія рабілі гэты рэпартаж, “трудзілісь-ездзілі” па вёсках у пошуках паказанай у кадры пенсіянеркі, якая збірае драбнюткія лісічкі, не паспеўшыя яшчэ як след з-пад імху вырасці, не зусім разумеюць, пра што яны вядуць гаворку, і што яны паказваюць у кадры. А ў дадатак да ўсяго ў кадр, як па шчупаковым жаданні дасціпнага гледача, пападае ў метрах 50-100 шаша і едучая па ёй машына, што для збірання лісічак зусім недазваляльна.

У юнацкія гады я вось такім жа спосабам зарабляў, каб не сядзець на шыі ў бацькоў. Я асабіста ведаю, што значыць абайсці лес кіламетраў 10, каб пры гэткім надвор’і знайсці хоць бы 3-5 кг лісічак. Але і пры ўсім маім старанні, сабраць за дзень 100 кг лісічак проста нерэальна. Гэта з вобласці фантастыкі. Затое я дакладна ведаю, што нельга збіраць такія малыя лісічкі, якія збірала задаволеная, што яе здымаюць карэспандэнты БТ, пенсіянерка. Таксама я жалезна засвоіў, што ў такой блізкасці ад шашы збіраць лісічкі недапушчальна, таму што яны выдатна накопліваюць у сабе ўсе шкодныя рэчывы з выхлапаў аўтамашын. За маім часам за гэта штрафавалі. Але, можа, дзеля здымачнай групы БТ мясцовыя леснікі зрабілі выключэнне, не аштрафаваўшы старую? А, можа, гэтая пенсіянерка – сваячка каго-небудзь высокапастаўленага і на яе закон не распаўсюджваецца? Тады чаму яна займаецца падпрацоўкамі?

А, можа, усё прасьцей – можа, супрацоўнікі БТ таксама, як і ўся дзяржаўная прэса, проста дэградуюць? З такой слаўнай прэсай мы, беларусы, не толькі кожнае лета збярэм у дзень па 100 кг лісічак каля праезжай часткі, але і паспяхова падглядаючы па тэлевізары велагонкі французаў, зможам павялічыць трываласць нашых збожжавых да засухі ці навальніцы, граду. Вось толькі трэба “часцей” глядзець БТ і ўважлівей слухаць Лукашэнку, а галоўнае, не думаць пры гэтым сваімі мазгамі, каб не ўмець аддзяліць праўду ад прыдумкі.

Ці не здаецца вам пасля ўсяго гэтага, што мы апошнія 13 год зноў жывём, як у СССР?

У СССР будавалі недасягальны камунізм, але з абагаўленнем глядзелі ў бок Захаду, радаваліся і ганарыліся магчымасцю дастаць у Саветах заходнія джынсы або іншыя замежныя эфектыўныя і эфектныя рэчы. Толькі ў сучаснай Беларусі гэта ўжо перадалося ад народу да ўладу-трымаючых. І прэзідэнт таму прыклад – будуе “сацыяльна-арыентаваную” эканоміку, але пры гэтым непрыкрыта зайздросьціць фермерам з Захаду і іхным палям. Проста як Хрушчоў: убачыў у Амерыцы палі кукурузы і ўсю краіну засеяў гэтай буржуазнай культурай. Але нават савецкі галава СССР мог сабе дазволіць злятаць у Амерыку і навочна пабачыць спелую кукурузу. А нашаму прэзідэнту ў 21-м стагоддзі даводзіцца задавольвацца праглядам телевізара (добра, тэхнічны прагрэс гэта дазваляе) і падмячаць карысныя моманты з так яму нялюбага Захаду.

А што нам перашкаджае жыць так жа? Можа, прэзідэнт?    

 

У раёне ўсё спакойна, акрамя прэсы?

А на закуску раю ўсім уважліва чытаць і перачытваць раённыя выданні. Калі адкінуць рапарты аб надоях-перадоях, аб павелічэнні-змяншэнні пагалоўя, не спыняць сваю ўвагу на мяркотных, аднатыпных, у савецкай манеры напісаных зацемках з палёў, тады дзесьці паміж усім гэтым магчыма знайсці тыя матэрыялы, якія паказваюць зваротны бок цяперашняга рэжыму. І ўсё гэта ў дзяржаўнай “раёнцы”.

Правы аглядальнік аналітычнага штотыднёвіка “Беларусы і рынак” Канстанцін Скуратовіч, калі піша: “Аб усім гэтым (і нават болей) можна прачытаць у звычайнай раённай газеце. Калі па БТ паказваюць, якія плады прыносіць дэмаграфічная палітыка дзяржавы дзе-небудзь у Мінску, а “тутэйшыя” мруць як мухі, то пры ўсім жаданні цяжка перакрасіць чорнае ў белае. А “раёнка” паведамляе, што ў тым жа Пастаўскім раёне за два месяцы нарадзіліся 73 младзенцы, а пайшлі з жыцця 129 чалавек”. 

Здаецца, карэспандэнты раённых газет так заўзята хочуць паказаць сваю адданасьць цяперашняй уладзе, што проста забываюць, пра што пішуць і чые інтарэсы адстойваюць. Часам на розум прыходзіць шалёная думка: а можа, мясцовая прэса даўно ўжо перайшла на бок апазіцыі? Хутчэй не, справа ў іншым. Проста ў раёнах жыццё, у адрозьненьне ад Менску, становіцца настолькі цяжкім, што, робячы сюжэт у падтрымку ўлады, раённым “тружанікам пяра” нявольна даводзіцца заўважаць і фіксаваць на старонках сваіх “раёнак” многія заганы рэжыма Лукашэнкі.

Як гаворыцца, з песні словаў не выкінеш. Вось і з артыкулаў раённых журналістаў тое самае.

Мяркуйце самі. Ніжэй даецца тэкст з артыкула, надрукаванага ў раённай газеце “Нарачанская зара” ад 5 траўня г.г. пад назвай “Волат на палетках”, з якой становіцца зразумелым, што нямецкія трактары эканамічней, прадукцыйней і эфектыўней нашых беларускіх трактароў. Тады ўзнікае рытарычнае пытанне, а для чаго і каго мы вырабляем нашы “БЕЛАРУСы”, калі ў цяжкую для краіны хвіліну іх так лёгка выціскаюць “немцы” з родных палёў:

«Мы пісалі аб магутнай, сучаснай тэхніцы, што паступіла напярэдадні вясенняй пасяўной у шэраг гаспадарак раёна. Маецца на ўвазе трактар нямецкай вытворчасці “FENDT-930”. У СВК “Занарацкі” гэтая машына прыйшлася даспадобы і была выкарыстана на палетках максімальна эфектыўна. Вось што, у прыватнасці, расказаў галоўны аграном гаспадаркі А.У.Бачко:

– Безумоўна, мы задаволены. Мяркуйце самі: з дапамогай “FENDTa” пасеялі практычна ўсе збожжавыя і зернебабовыя культуры – 807 гектараў… Машына вельмі эканамічная. На НАШАЙ тэхніцы, каб апрацаваць 1 гектар зямлі, трэба спажыць 23,4 літра саляркі. “FENDT” спажывае ўсяго 9 літраў. Падлічылі, што на 807 гектараў яравой сяўбы эканомія склала 11,6 тон дызельнага паліва. А яшчэ сюды трэба дадаць зэканомленую зарплату, бо раней такі аб’ём працы выконвалі чатыры механізатары… А вось кіраваць “фэндтам” лягчэй, чым звычайным “МТЗ”…” – раёная газета “Нарачанская зара”, № 67-69 ад 5 траўня г.г.

Вось і атрымоўваецца, калі прыйшлі часы эканоміць, лепшымі аказаліся нямецкія трактары, а калі пра эканомію гутарка не ішла, тады поўнасцю можна было працаваць і на неэканамічных беларускіх трактарах. Аказваецца, патрыятызм нашых раённых улад заканчваецца там, дзе пачынаецца патрэба ў эканоміі.

Калі раней галаву раёна маглі зняць з пасады за закуп нямецкага трактара замест беларускага – трэба ж было падтрымліваць уласнага вытворцу – то цяпер у час  нафтагазавага канфлікту і паўсюднай эканоміі галаву раёна могуць абвінаваціць у марнатраўстве і неэканамічнасці, калі ён будзе выкарыстоўваць неэфектыўны беларускі трактар. Але пры “немцы” можна яшчэ зэканоміць на зарплатах 2-3 механізатараў. Толькі вось страшна падумаць, а ці ня зробіць гэты “немец” статыстыку па безпрацоў’і ў раёне яшчэ значна горшай, чым таго патрабуе Лукашэнка?! Куды падзецца ўсім гэтым лішкавым механізатарам, калі ў раёне іншую працу яны наўрад ці знойдуць? У гэтым выпадку зноў прыйдзецца пераходзіць на неэканамічны “МТЗ”, каб захаваць “прыстойную” статыстыку па безпрацоў’і.

А вось яшчэ адзін канфуз у раённай прэсе, заўважаны зоркім вокам добразычлівага жыхара тых мясцінаў, за што яму вялікі дзякуй. Усё ў той жа “раёнке” пад назвай “Ваду лічыць ці трэба?”:  

«Сёння такое пытанне паўстае ў першую чаргу перад тымі, хто жыве сціпла і лічыць кожную капейку. А можа, падсумаваўшы ў сярэднім колькасць грошай, спажытых за дзень на чалавека, яно прымусіць задумацца і куды больш плацежаздольных грамадзян? Каб лепш разабрацца, выгадная гэта справа ці не, давайце паслухаем некаторых мядзельчанаў, якія ў сваіх кватэрах маюць прыборы уліку халоднай і гарачай вады. Расказвае Ірына Арцёмава, ПЕНСІЯНЕРКА:

– А тым, хто знаходзіцца на заслужаным адпачынку, без лічыльніка вады ну проста не абысціся. ПЕНСІЯ Ў НАС, ЯК ВЯДОМА, НЕВЯЛІКАЯ. Таму тут усё зразумела без лішніх каментароў.” – раённая газета “Нарачанская зара”, № 110-112 ад 21 ліпеня 2007 г.

Бачна, уладам настолькі трэба апраўдаць устаноўку лічыльнікаў вады для дзяржаўнай эканоміі, што ў ход ідзе адкрытая праўда, рэальнасць нашых раённых звычайных дзён –  “пенсія ў нас, як вядома, невялікая”.

І правым тады аказваецца аглядальнік аналітычнага штотыднёвіка “Беларусы і рынак”, кажучы пра раённую прэсу так: “Хто бы што ні казаў, але прэса ўсё ж застаецца вельмі важнай крыніцай паўнавартаснай і разнастайнай інфармацыі. Нават газеты, у значнай ступені ангажаваныя ўладамі. Нават такія, як нашы абласныя або раённыя газеты, дзейнасць якіх кантралюецца мясцовымі ідэалагічнымі аддзеламі… Прапаганда мае сваі межы, пераступіўшы якія яна робіцца контрпрапагандай”.

Непрыемна гэта ўсведамляць, але агульная дэградацыя дзяржаўных СМІ на ўсіх узроўнях у наяўнасьці. І Лукашэнка ідзе наперадзе гэтага працэсу.

 

 

Каментары (1)

  1. Siarhiej кажа:

    Ва Украіне 45 тысяч фермерскіх гаспадарак, у нас у 15-20 разоў меней, хаця насельніцтва у нас толькі ў 5 разоў меней.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы