nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Што беларусу да Кітая? (частка 2)

21 студзеня, 2008 | Каментары (1)

���ай 16.JPG

Гэтая частка адказу на пытаньне, пастаўленае рэдакцыяй, будзе прысьвечаная двум бакам “кітайскага эканамічнага цуду” (як у медаля). Хай пра механізмы гэтага “цуду”, а таксама пра яго экалагічныя ды медыцынскія наступствы, распавядуць 5 матэрыялаў, пададзеных ніжэй.

Рэдакцыя.

1. Пра бачныя кітайскія феномены

САМІ КІТАІСТЫ НЕ ПАСЬПЯВАЮЦЬ САЧЫЦЬ ЗА ПЕРАМЕНАМІ

Аляксей Багаслоўскі (паводле www.ari.ru/doc/?id=2222)

Здавалася б, у 1980-х Кітай разьвіваўся выключна як вытворца шырпатрэбу – вялікія прасьпекты, новыя высотныя гатэлі, масты, электрастанцыя на Янцзы ды іншыя аб’екты выглядалі толькі прыгожай вітрынай, якая дэманстравала посьпехі ў продажы пухавікоў, красовак, соевага соўсу ды паштовак з выявамі Вялікай Сьцяны.

У 1990-я гады ніхто і не заўважыў, як кітайскія фірмы кінулі ганяцца за нашымі [беларускімі, расейскімі й г.д. – Рэд.] трактарамі, вялікагрузнымі аўтамабілямі, судамі, самалётамі, энэргаабсталяваньнем ды іншымі дасягненьнямі цяжкай індустрыі. Ну, хто цяпер памятае, як пасьля чарговай аварыі КНР вярнула нам усе Ту-134, адмовілася ад шэрагу прапаноўваемых кантрактаў па будаўніцтву ТЭС з-за нашага зрыву тэрмінаў паставак па папярэдніх кантрактах, спыніла закупку рухомага чыгуначнага саставу ды іншых дробязяў?

Мы так і не ўсьвядомілі, што ў 1990-я гады Кітай мадэрнізаваў чорную металургію па нашых лепшых тэхналогіях, сам стаў экспартэрам пракату і, калі цяпер зноў пачаў рэзка павялічваць імпарт металічнага лому, дык гэта значыць, што рост машынабудаваньня ў Кітаі значна апярэджвае рост лёгкай прамысловасьці.

Большасьці простых жыхароў Зямлі нават невядома, што пад таварамі электронікі й электратэхнікі, якія прадаюцца пад маркамі вядучых фірмаў Карэі, ЗША, Японіі, Тайваня, хаваецца прадукцыя кітайскіх фірмаў. І ўжо цяпер адмова фірмаў пералічаных краін ад супрацоўніцтва зь Кітаем азначае скарачэньне вытворчасьці й банкруцтва ў канкурэнцыйнай барацьбе.

У 2003 годзе на Кітай прыпадала больш за 15% прыросту эканомікі ўсіх краін сьвету. Да 2010 года доля Кітая ў сусьветнай прамысловай вытворчасьці перавысіць 15%, а доля ў росьце сусьветнай эканомікі складзе больш за 20%. Пры гэтым трэба ўлічваць механіку коштавага вылічэньня росту вытворчасьці. Так, Францыя вырабляе дарагія мужчынскія касьцюмы ад модных куцюр’е, Кітай – танныя, скажам умоўна, разоў у 10 таньнейшыя і адпаведна разоў у 10 большай колькасьці. Уявім сітуацыю, калі Францыя ці Кітай спыняць вытворчасьць гэтай мужчынскай вопраткі. У першым выпадку багатыя бізьнесоўцы ўсяго толькі пачнуць насіць дарагія касьцюмы італьянскай вытворчасьці, а ў другім – увесь сьвет пачне хадзіць у старой, латанай вопратцы.

Гэта да пытаньня, хто каго інтэгруе – сусьветная эканоміка кітайскую, ці кітайская сусьветную.

У расейска-кітайскім гандлі пермены асабліва імклівыя. Нават у гандлі зброяй намеціўся крызіс.

Раней кітайцы куплялі нашыя СУ і ставілі на іх сучаснае абсталяваньне. У выніку самалёты маркі СУ, якія пастаўляліся ў Кітай альбо Індыю, атрымліваліся больш баяздольнымі, чым тыя, што пастаўляліся ў Расейскую Армію. Цяпер самалёты будуць зыходна вырабляцца па нашай ліцэнзіі ў самой КНР. Расея стаіць перад выбарам: альбо канчаткова пагадзіцца на ролю малодшага партнэра ў сучаснай вытворчасьці ўзбраеньняў і перадаць Кітаю вядучыя распрацоўкі, альбо экспарт упадзе да мінімальных адзнак. Расея ўжо ня можа выбіраць, што прадаць, а што прытрымаць для сябе. Выбірае Кітай і… акуратна наказвае Расею скарачэньнем заказаў за кожную схаваную тэхналогію.

Таваразварот расьце, але за кошт паставак сыравіны з нашага боку й імпарту кітайскіх прамысловых тавараў.

2. Пра кітайскія стратэгіяныя планы

СТРАТЭГІЯ ТРАНСНАЦЫЯНАЛЬНАГА ГАСПАДАРАНЬНЯ

Паводле www.duel.ru/200738/?38_3_1

Як расейцам ставіцца да геапалітыкі?

– Аптымісты вывучаюць англійскую мову,

песімісты – кітайскую,

рэалісты – аўтамат Калашнікава.

Далёка ня ўсім вядома, што міжнародная актыўнасьць кітайскага бізнесу ў Казахстане, Расеі ды іншых рэспубліках былога Саюзу праводзіцца ў поўнай адпаведнасьці з планамі, прынятымі 10 гадоў таму на гістарычным ХV зьездзе Кампартыі Кітая.

Тады, у адпаведнасьці з тэорыяй Дэн Сяапіна, КПК паставіла за мэту павялічыць да 2020 году ВУП да 3.000 даляраў на душу насельніцтва і на падставе гэтага рэалізаваць праграму стварэньня “грамадства сярэдняй заможнасьці”.

У сваім дакладзе тагачасны генсек КПК, таварыш Цьзян Цзэмін, адзначыў вычарпаньне сыравінных рэсурсаў і лішак таннай працоўнай сілы. На грунце гэтых двух фактараў было заяўлена, што патрабуецца разьвіцьцё “новай навука- і тэхнікаёмістай эканомікі, якая адрозьніваецца высокай выніковасьцю ды нізкім спажываньнем рэсурсаў”.

– На першым этапе, у 1997-2001 гадах, была праведзеная праца па “вырошчваньні групаў прадпрыемстваў” – ста найбольш персьпектыўным прамысловым аб’ектам была аказана падтрымка з боку дзяржавы і дадзена права на замежныя інвестыцыі ды экспартовыя аперацыі.

– На другім этапе, разьлічаным да 2010 году, гэтыя экспартна-арыентаваныя прадпрыемствы павінныя прыступіць да заваёвы вонкавых рынкаў (што мы і назіраем цяпер).

– Далей, трэці этап – калі замежная дзейнасьць прадпрыемстваў “сотні” стане асноўнай.

– Чацьверты этап прадугледжвае да 2020 году захоп “усіх найбольш выгадных раёнаў сьвету і міжнародны падзел працы на карысьць кітайскіх прадпрыемстваў за мяжой”.

Для пасьпяховай рэалізацыі гэтай Стратэгіі былі створаныя “тры арміі”.

У першую армію цэнтра былі ўключаны вядучыя цэнтральныя банкі й шэраг галіновых манаполіяў, такіх як Кітайская дзяржаўная нафтавая кампанія (CNPC), алейная, зерневая, прадуктовая (CNCOFC) і хімічная (SINOCHEM) карпарацыі. Гэтая армія ўзяла на сябе фінансавае забесьпячэньне Стратэгіі.

Другая армія асноўных прадпрыемстваў была сфармаваная з 400 прамысловых групаў. Іх мэта – праштурхоўваньне канкурэнцыйных тавараў, вырабленых у Кітаі, на сусьветныя рынкі (напрыклад, аўтамабіляў “Liebao” (“гепард”), зробленых канцэрнам “Changfeng Group”).

Склад трэцяй – Арміі прадпрыемстваў-насеньня, цалкам яшчэ не вызначаны. Пакуль у яе ўключаны 68 вядомых фірмаў, якія пастаўляюць сваю прадукцыю ў сумежныя краіны (напрыклад, швейная кампанія “Дружба”). Але ў будучыні гэтае “насеньне” плануюць пасадзіць па ўсім сьвеце сіламі хуацяа (кітайскіх дыяспараў).

І тут дарэчы будзе нагадаць пра яшчэ адну дактрыну Стратэгіі транснацыянальнага гаспадараньня, якая носіць назву “Пераўтварэньне слабасьці ў моц”. У ёй пад “слабасьцю” маецца на ўвазе лішкавая танная працоўная сіла. Для пераўтварэньня яе ў моц Пекін плануе перамясьціць яе туды, дзе ўжо замацаваліся кітайскія дыяспары [дзякуючы рэалізацыі прынцыпаў псеўда-лібералізму. – Рэд.] і працуюць кітайскія прадпрыемствы “арміі насеньня”.

Менавіта гэты працэс набірае моцы на малазаселеным Далёкім Усходзе і ў Сібіры зь яе велізарнай тэрыторыяй і малалічным насельніцтвам [насельніцтва ў Сібіры не “малалічнае”, яно адэкватнае экалагічным умовам жыцьця. – Рэд.].

3. Пра тэхналогію рэалізацыі планаў

ЯК ГЭТА РОБЯЦЬ У КІТАІ

Аляксандр Ліўшыц (паводле www.izvestia.ru/comment/article38946)

Прамыя інвестыцыі ў эканоміку Кітая дасягнулі 400 млрд. долараў [артыкул напісаны ў 2004 годзе. – Рэд.]. Гадавы рост вагі – парадка 45 млрд. долараў. Расея прыцягнула 20 млрд. долараў, прырост за год – каля 2 міліярдаў. Гэта даныя на 1 студзеня 2002 года. Потым, праўда, пайшло лепш. Але ўсё роўна адрозьненьні шакуюць [калі пералічыць у разьліку на аднаго жыхара, шок прападзе. – Рэд.].

У чым справа?

Многія лічаць: там моцная дзяржава – кітайская ўлада. На чале з кампартыяй. Не да забаваў. Стабільнасьць. Яна, маўляў, і прыцягвае інвестараў.

У Паўночнай Карэі, аднак, тое ж самае. Ёсьць кампартыя, ня горш кітайскай. Дзяржава бяз слабасьцяў. Дысцыпліна жалезная. А эканамічнага буму няма. Адны толькі “часовыя цяжкасьці сацыялістычнага будаўніцтва”.

Затое, скажам, у Паўднёвай Карэі кампартыі не відаць. Але грошы туды ўсё роўна ўкладаюць. У вялікіх колькасьцях.

Паглядзім на сябе. Разгул дэмакратыі спынены [у Расеі ніколі не было дэмакратыі. – Рэд.]. Дзяржава ўмацоўваецца. Вертыкаль улады ўсё даўжэй. Інвестары, аднак, не сьпяшаюцца. Вядома ж, моцная дзяржава – рэч пазітыўная. Але справа ўсё ж ня ў ёй. І ўжо тым больш не ў кампартыі.

Давайце пашукаем адказ… у стандартным падарачным наборы.

Яго ўручаюць любому, хто гатовы інвеставаць у Кітай. Асабліва ў заходні. Будуе там прадпрыемствы.

Адкрыем там вызваленьне ад падатку на прыбытак – таго, што ідзе ў бюджэт цэнтральнага кіраўніцтва. Тэрмін – 5 гадоў. У наступную пяцігодку плаціць прыйдзецца, але толькі па стаўцы ў 15%. А могуць зьнізіць і да 10%. Калі ня менш паловы вытворчасьці пойдзе на экспарт. Матыў зразумелы. Краіна ірвецца на сусьветныя рынкі. Хоча мець добры плацёжны баланс. Вось і падштурхоўвае. Значныя льготы. Паколькі звычайная стаўка роўная 33%. І гэта толькі па адным падатку!

А, між тым, ёсьць й іншыя. Прадпрыемства працягвае працаваць пасьпяхова. Улады тут як тут. З новым пернікам – адменай мясцовага падатку на прыбытак. Г.зн, заранёў папярэджваюць: спачатку пазалаці мясцовы бюджэт, потым ён пазалоціць цябе. Усё? Яшчэ не. Дапусьцім, новы завод набывае абсталяваньне – сучаснае, замежнае. Тады поўнасьцю зьнімаюцца ПДВ [падатак на дадатнюю вартасьць – Рэд.] і імпартныя пошліны. Толькі вязі. Мяняй тэхналогіі. Усе стымулы працуюць па прынцыпе “раз і назаўсёды”. Стабільнасьць падтрымліваецца няўхільна.

Праўда, інвестару важныя ня толькі падаткі. Бо акрамя дзяржавы ёсьць й іншыя зьбіральнікі грошай. Напрыклад, пастаўшчыкі электрычнасьці. Як быць зь імі? Кітайскі адказ – стабільная формула тарыфа. Прывязка да сусьветнай цаны. Куды яна – туды і тарыф. Кантракт на пастаўку. Дзейнічае 20 гадоў. Атрымайце. Падпішыцеся. І нясіце капіталы, не азіраючыся.

Дзіўна, сапраўды. Мы тут, у Расеі, нават на два гады не загадваем. Амаль усё ў змроку. Дакладна ведаем толькі адно: плаціць давядзецца больш. Але вось на колькі, калі й каму – невядома. Роўна як і тое, што будзе на месцы РАТ “ЕЭС”. А ўсходні сусед аперуе дзесяцігоддзямі.

Ды за такі час можа здарыцца ўсе, што заўгодна. Рэформы, крызісы, хвалі барацьбы з манаполіямі, палітычныя зьмены. Падаражэньне газу, альбо вугалю. І ўсё гэта пры параўнальна стабільным тарыфе. Што ж будзе зь беднымі энергетыкамі? Сумневы маюць рэзоны. Сам пад іх уплывам. Пытаўся ў кітайцаў. Патлумачылі: інвестыцыі ды хуткае разьвіцьцё – нашыя прыярытэты. Ім падпарадкаванае ўсё. Уключна зь энергетыкай. Яна служыць эканоміцы, а не наадварот. І так будзе заўсёды.

Правільныя словы, мы іх таксама кажам, але яны – яшчэ і робяць [а ўся эканоміка павінна быць падпарадкаваная народу! таксама “правільныя словы”, толькі некаторыя іх баяцца нават падумаць, а мы ў свой час будзем і казаць, і рабіць. – Рэд.].

Кітайскіх урокаў ня шмат. Ставіцца да інвестараў, як да прадстаўнікоў сваёй сям’і. Не адыходзіць ад формулы “Стымулы + прадказальнасьць”. Будаваць палітыку на ёй. Трымаць слова. Вось, уласна, і ўсё. Нішто не перашкаджае іх засвоіць. Калі, вядома ж, нам патрэбныя інвестыцыі, новыя тэхналогіі, устойлівы рост. Прычым несыравінны.

Усё гэта само сабой не складзецца. Патрэбная палітыка. А яе няма. Інвестараў пакінулі без салодкага. Ні піражка, ні вафелькі. Была падаткавая льгота. Адабралі. Чаму? Улады баяцца за бюджэт. Маўляў, так настымулюем, што правалімся. Тое ж калісьці было і ў Кітаі. Але там падлічылі. Ацанілі небясьпеку застою. Праявілі волю. І нічога, справіліся – без нафтадаляраў і стабілізацыйнага фонду. Цяпер жа так разагналіся, што пайшлі далёка наперад. Зьніклі за гарызонтам.

Ну, што тут казаць? Пра што пытацца?

4. А цяпер пагаворым пра наступствы

СТРАШЭННЫ КОШТ ЭКАНАМІЧНАГА ЦУДУ

Паведамляе ВВС (паводле www.izvestia.ru/economic/article542375)

Гіганцкія маштабы эканамічнай трансфармацыі ў Кітаі можна параўнаць толькі з маштабамі праблемаў і пагрозаў, якія пры гэтым узьнікаюць. І ніводная з гэтых праблемаў не стаіць так востра, як праблема аховы навакольнага асяроддзя.

Бясконцыя шэрагі шэрых фабрычных будынкаў і шматпавярховікаў усмоктваюць у сябе самую вялікую плынь мігрантаў зь сельскай мясцовасьці ў гісторыі чалавецтва. На працягу наступных 25 гадоў плануецца перамясьціць зь вёсак у гарады 400 млн. жыхароў. І гэтым людзям спатрэбяцца дамы, дарогі ды іншая інфраструктура ў гіганцкіх аб’ёмах.

Эканамічны бум прывёў да таго, што Кітай, які меў амаль самадастатковую эканоміку, цяпер імпартуе ня толькі зерне, але і вялікую колькасьць іншых рэсурсаў. Краіна стала найбуйнешым у сьвеце спажыўцом медзі, алюмінію, цэменту і займае другое месца па спажываньні нафты.

Энергетыка Кітаю і так на 75% залежыць ад вугалю. Аднак урад адрэагаваў на нядаўнія вымушаныя адключэньні электрычнасьці будаўніцтвам новых электрастанцый, большасьць зь якіх будзе працаваць на вугалі. Гэта толькі павялічвае колькасьць вугальнага пылу ў паветры і кіслотных дажджоў, якія праліваюцца на галовы грамадзянаў.

Пекін спрабуе змагацца з забруджваньнем паветра, заклікаючы жыхароў карыстацца газам, а не вугалем для ацяпленьня. Пры гэтым імкліва расьце колькасьць машын на вуліцах, што толькі пагаршае сітуацыю. Колькасьць кіроўцаў машын падвойваецца кожныя некалькі гадоў. Калі колькасьць машынаў на душу насельніцтва дасягне ўзроўню ЗША, дык Кітаю прыдзецца знайсьці месца для 600 млн. аўта. Гэта больш, чым ёсьць цяпер ва ўсім сьвеце.

Самая ж сур’ёзная з праблемаў, якія паўсталі – гэта недахоп вады і яе забруджваньне. “Калі я была маладой, вада была паўсюль”, – успамінае пісьменьніца Дай Цін. “На ўскрайках Пекіну было шмат сажалак, зарослых лотасам, і рысавых чэкаў. На сёньняшні дзень яны цалкам зьніклі. Бліжэйшая вада знаходзіцца на глыбіні 100 м пад зямлёй”.

Дай Цін праводіла беспрэцэдэнтную кампанію супраць будаўніцтва ГЭС “Тры цясьніны” на рацэ Янцзы. Гэтая плаціна, якая знаходзіцца на апошняй стадыі будаўніцтва, стане буйнешым гідратэхнічным збудаваньнем у сьвеце, якое будзе даваць электраэнергію кітайскім гарадам, якія растуць, і працягваць выклікаць пратэсты ў эколагаў. У праекце “Тры цясьніны”, па словах Дай Цін, ужо ўзьніклі сур’ёзныя праблемы з забруджваньнем, заільваньнем і паводкамі.

Эканамічныя рэформы ў Кітаі дапамаглі сотням мільёнаў людзей – палепшылі іх рацыён харчаваньня, узьнялі якасьць жыцьця. Аднак у той жа час, разам з увагай, якая зьвернутая на шкоду, якая наносіцца гэтымі рэформамі прыродзе Кітая, ня варта недаацэньваць і шкоды, якая наносіцца самым чульлівым слаям насельніцтва краіны.

Майкл Ма, бізнэс-кансультант, які сьпецыялізуецца на прыроднай тэматыцы, заяўляе, што кітайскія рабочыя працуюць у цёмных задымленых цэхах, якія нагадваюць яму еўрапейскую індустрыю ўзору XVIII стагоддзя. “Многія транснацыянальныя карпарацыі ў той жа ступені, што і мясцовыя кампаніі, слаба кантралююць ахову навакольнага асяроддзя і ўмовы працы”, – кажа ён. “Яны знаходзяць прагалы ў заканадаўстве, з дапамогай якіх яны могуць хутка зарабіць сабе грошы. І калі ўзьнікаюць праблемы, яны проста прасоўваюцца далей у сельскую мясцовасьць”…

5. Яшчэ пра наступствы

БРУДНАЯ СУПЕРДЗЯРЖАВА

Кай Штрытматэр (паводле www.inopressa.ru/sueddeutsche/2005/11/25/15:38:59/china)

Кітайскі эканамічны цуд

ставіць пад пагрозу жыцьці сваіх грамадзянаў,

і Захад гэта адчуе…

Харбін – гэта больш, чым проста катастрофа. Харбін – гэта злавеснае перадвызначэньне. Для палітбюро ў Пекіне, для ўсяго сьвету. Рака, поўная атруты, горад у паніцы, барацьба за чыстую ваду, людзі, якія ўцякаюць. Гэта нагадвае кадры з трылера. Але гэта карціны рэальнага жыцьця ў Кітаі ў 2005 годзе.

Пра краіну рэкордаў: ні ў адной дзяржаве няма больш высокіх тэмпаў эканамічнага росту, нідзе больш так не квітнее экспарт, які ў гэтым годзе павялічыўся на 30%. А цяпер гэтыя сцэны, якія, спадзяюся, цяпер бачаць усе: і тыя, хто змрочна папярэджвае (“Кітай – новая супердзяржава, якая нас праглыне!”), і тыя, хто трыюмфуе, п’яны ад лічбаў (“Кітай – новы суперрынак, які нас выратуе!”).

Прыйшоў час яшчэ раз кінуць позірк на краіну-цуд. І ў трэці раз зазірнуць за кулісы нястрымнага ўздыму.

Рэкорды краіна дэманструе ня толькі ў тым, што датычыць эксплуатацыі аўтамабіляў і вытворчых статыстык. Кітай ужо даўно стаў чэмпіёнам сьвету па колькасьці тых, хто памірае ад захворваньняў дыхальных шляхоў. І ён у дадатак экспартуе свой бруд: Лос-Анджэлес цяпер атрымлівае ня толькі джынсы і мабільныя тэлефоны зь кітайскіх фабрыкаў, але таксама чвэрць часьцінак бруду зь яго паветра – вецер пераносіць іх праз Ціхі акіян.

Але больш за ўсё пакутуюць уласныя грамадзяне краіны. Той, хто ня жыў у Кітаі, ня можа ўявіць сабе маштабы забруджаньня. У Буйным горадзе Чуньцін высокатаксічныя рэчывы цякуць зь неабароненых звалак зь атрутным сьмецьцем прама ў Янцзы. У Пекіне ночы ня чорныя, а шэрыя.

Вымярэньні, зробленыя са спадарожніка Еўрапейскім касьмічным агенцтвам, у кастрычніку прынесьлі Пекіну сумніўную славу самай забруджанай сталіцы сьвету: нідзе ў сьвеце няма больш такой высокай канцэнтрацыі дыаксіда азоту. 400.000 кітайцаў штогод паміраюць ад бруднага паветра. Утылізуецца і ачышчаецца менш за 20% адкідаў і сточных водаў. Сем самых буйных рэкаў краіны так атручаныя, што на працягу больш паловы сваёй даўжыні “абсалютна непрыдатныя” для выкарыстаньня людзьмі. У 100 гарадах Кітаю з 660 ўжо цяпер адчуваецца моцны недахоп вады.

На вытворчасьць тавараў коштам 100 даляраў Кітай выкарыстоўвае ў тры разы больш рэсурсаў, чым Індыя, і 7 разоў больш, чым Японія.

Адкуль такія дадзеныя? Ад ураду ў Пекіне.

Што яны значаць? Што разьвіцьцё Кітаю ня будзе доўжыцца вечна, што кітайскія кіраўнікі павінныя тэрмінова зьмяніць прыярытэты, інакш яны страцяць краіну. Гаворка ідзе пра годнае жыцьцё людзей [гэта і наша стратэгічная пазіцыя, але менавіта яе не разумеюць у таталітарных імперыях, дзе людзі – сродак у дасягненьні імперскіх мэт. – Рэд.], а таксама пра стабільнасьць.

Намесьнік галавы службы экалагічнай абароны Кітая Сепа Пан Юэ папярэджвае пра “150 мільёнаў экалагічных мігрантаў, нават бежанцаў”. І няма неабходнасьці зазіраць у далёкую будучыню: у красавіку 2005 года гнеў дзесяткаў тысячаў грамадзянаў у Чжэцьзяні ў сувязі з атручанай вадой і зьнявечанымі нованароджанымі выліўся ў працяглыя і жорскія хваляваньні [! – Рэд.].

Эканамічны рост Кітаю настолькі ж бліскучы, наколькі й бяздумны, тэмпы настолькі ж імклівыя, наколькі й неасьцярожныя. Гэта зьвязана з палітыкай, якая сьлепа капіруе мадэлі Захаду і, такім чынам, аднойчы пакажа Захаду яго ўласныя межы (таму што хто мы такія, каб забараняць кітайцам тое, ад чаго мы самі атрымліваем асалоду) [!!! – Рэд.].

Гэтая палітыка, акрамя ўсяго іншага, фатальна ўзмацняе памылкі, закладзеныя ў заходняй мадэлі разьвіцьця [ліберальнай мадэлі! – Рэд.] – бо ў Кітая няма тармазоў і ахоўных клапанаў.

Прычына ў тым, што партыя [кітайская імперыякратыя. – Рэд.] не жадае саступаць сваю ўладу, што яна зьвязвае па руках і нагах СМІ й юстыцыю, што яна не хоча прыслухоўвацца да арганізацыяў па барацьбе са СНІДам і аб’яднаньняў па абароне навакольнага асяроддзя і ўносіць карэктывы ў сваю дзейнасьць, а, наадварот, бачыць у іх толькі небясьпеку [для сябе, для сваёй улады! – Рэд.].

Навакольнага асяроддзя тычыцца тое самае, што і іншых палёў змаганьня, дзе бушуе “мадэрнізацыя”: калі камуністычная партыя нарэшце не пачне палітычныя рэформы, дык аднойчы яна захлынецца… у сваіх уласных “посьпехах”.

Ад рэдакцыі:

Цяпер мы можам вярнуць назад лібералу А.Ліўшыцу (гл. 3-і матэрыял) і яго пахвалу кітайскай імперыякратыі, і яго ж “Ну, і што тут казаць?”

Каментары (1)

  1. Беларус кажа:

    Вельмі цікава.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы