nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Расейская імперыя супраць Грузіі: на чый бок стаць беларусам (частка 2; Д пр-пы 16а, 103)

14 жніўня, 2008 | 5 каментарыяў

Віталь Хромаў, Алесь Астроўскі

Ð�Ñ�Ñ�зÑ�Ñ� 2.JPG 

4. Рэакцыя міжнароднай супольнасьці. Хто на чыім баку.

Калі аналізаваць сусьветную рэакцыю, дык атрымліваецца выснова, што на баку крэмлядзяў выступіла фактычна… толькі Куба. Пра іх спадзяваньні на “саюзьнічка” Лукашэнку трэба весьці асобную гаворку (апошні стаіўся і ні гу-гу – робіць выгляд, што з галавой заняты выбарчай кампаніяй у Палатку, сьвета белага ня бачыць…).  З-за гэтага вышэйшыя прадстаўнікі палітычнай галіны расейскай імпербюракратыі вымушаны псіхічна падтрымліваць самі сябе. Усё гэта бачна…

Што да Грузіі, дык тут сітуацыя адваротная. Як толькі “Расея” ўвяла свае войскі ў Грузію, падтрымка ёй, прынамсі маральная, была выказана практычна ўсім “заходнім” сьветам. Праўда, у рознай ступені. Найбольш заслугоўвае адзначэньня падтрымка, якая была ад афіцыйных структур, асабліва, калі яна была хуткай і адназначнай.

Адной з першых (ужо 8 жніўня) была Украіна. У заяве МЗС Украіны, у прыватнасьці, гаворыцца: “Ва Украіне з трывогай успрымаюць паведамленьні пра пераход канфлікту ў Паўднёвай Асеціі (Грузія) у новую фазу з прыцягненьнем ваеннага патэнцыялу трэцяга боку. На жаль, інфармацыя, якая паступае зь месца падзеяў, сьведчыць, што Расейская Федэрацыя, якая доўгі час выконвала ролю пасярэдніка ва ўрэгуляваньні, паступова становіца непасрэдным удзельнікам канфлікту. МЗС Украіны лічыць, што такое разьвіцьцё падзеяў можа яшчэ больш абвастрыць сітуацыю, пашырыць геаграфію канфлікту і ператварыць яго ў рэгіянальны зь непрадказальнымі наступствамі. Украіна заклікае Расейскую Федэрацыю, як сталага сябра Рады Бясьпекі ААН, вывесьці свае войскі з тэрыторыі Грузіі, выяўляць стрыманасьць у сваіх дзеяньнях і зьдзяйсьняць уплыў на сепаратысцкі рэжым Цхінвалі з мэтай вяртаньня яго прадстаўнікоў за стол перамоваў” (гл. kavkazcenter.com/russ/content/2008/08/08/59989).

У гэты ж дзень Грузію падтрымалі й Злучаныя Штаты. У пятніцу дзяржсакратар ЗША Кандаліза Райс выступіла са зваротам у бок Расеі, у якім заявіла наступнае: “Мы просім Маскву не бамбіць Грузію, паважаць яе тэрытарыяльную цэласьць і адклі́касць свае войскі з краіны”.

Праз суткі (10 жніўня), выступаючы па Першым нацыянальным тэлеканале TVP 1, прэзідэнт Польшчы Лех Качыньські назваў Расею агрэсарам і падкрэсьліў, што цяпер на Каўказе адбываецца парушэньне тэрытарыяльнай цэласьці Грузіі. Ён сказаў, што ў ЕЗ і НАТА да гэтага існаваў своеасаблівы спосаб выказваньня адносна Расеі, які хавае сапраўдную рэчаіснасьць. “А рэчаіснасьць ёсьць такой, якой мы яе бачым цяпер”, – заявіў ён. Качыньські падкрэсьліў, што ЗША павінны зразумець, што страта Грузіі азначае страту Азербайджана, Казахстана і Туркменістана. У заключэньні ён зьвярнуўся да гледачоў, каб не забывалі пра Грузію, як стратэгічнага партнэра Польшчы, бо “сёньня – Грузія, заўтра – Украіна. Так вернемся да сітуацыі, якая існавала дзясяткі гадоў таму” (maidan.org.ua/static/news/2007/1218318071.html).

У гэты ж дзень Baltic News Service (BNS) паведаміла з Таліна, што ўжо кіраўнікі трох Прыбалтыйскіх краін і Польшчы выказалі сур’ёзную заклапочанасьць дзеяньнямі Расеі. Яны асудзілі прымяненьне ваеннай сілы ў адносінах да сувярэннай Грузіі й паабяцалі, што зробяць усё магчымае, каб на расейскую агрэсію на Захадзе рэагавалі ня толькі пустымі заявамі. Ільвес, Затлерс, Адамкус і Качыньські падкрэсьлілі, што выданы Расеі міратворчы мандат яўна сябе вычарпаў, што Расея перайшла чырвоную рысу.

У гэты ж дзень МЗС Украіны заявіла, што ўкраінскі бок пакідае за сабой права ў адпаведнасьці зь міжнароднымі й украінскімі законамі забараніць вяртаньне на тэрыторыю Украіны караблёў Чарнаморскага флоту Расеі з базай у Севастопалі, якія будуць прымаць удзел у ваенных дзеяньнях супраць Грузіі.   

У адпаведнасьці з паведамленьнем агенцтва Associated Press, у гэты ж дзень заяву ад імя ЗША зрабіў памочнік па пытаньнях нацыянальнай бясьпекі Джэф Джэфры. Ён паўтона афіцыйна папярэдзіў Крэмль, што далейшая эскалацыя канфлікту ў Грузіі выкліча сур’ёзныя ўскладненьні паміж ЗША і РФ.

11 жніўня галава МЗС Швецыі разам зь генсекам Рады Еўропы прыбылі ў Тбілісі для сустрэчы з прэзідэнтам Грузіі й старшынём парламента. А генсек NATO Яап дэ Хооп Сьхефер заявіў, што Расея “парушыла тэрытарыяльную цэласьць Грузіі” й выкарыстала “празмерную ваенную сілу” ў час канфлікту ў ПА.

Былы дзяржсакратар ЗША Рычард Холбруг заявіў CNN, што Расея напала на Грузію і жадае скінуць яе ўрад. “Нікому не патрэбна халодная вайна, але Расея ўварвалася ў іншую, сувярэнную краіну … Гэта трагедыя гістарычных маштабаў”, – заявіў ён. У адказ на пытаньне журналіста дадаў, што ня думае, каб канфлікт перарос у рэгіянальны маштаб і Украіна ўвязалася ў вайну. “Аднак наступнай цэльлю Крамля будзе Украіна. Хаця там рускія не пасьмеюць дзейнічаць, як у Грузіі. Украіна – гэта 50 млн. чалавек, а ў Грузіі – 5 млн. Дый вайсковы патэнцыял розны”.

12 жніўня адбылося паседжаньне Рады NATO на ўзноўні амбасадараў сумесна з амбасадарам Грузіі. Па яго выніках генсек NATO Яап дэ Хооп Схефер заявіў, што сітуацыя ў ПА “не паўплывае на персьпектыву атрыманьня Украінай Плана дзеяньняў па сяброўстве ў NATO” і, што Грузія аднойчы таксама стане сябрам Еўраатлантычнага альянсу (kavkazcenter.com/russ/content/2008/08/12/60146).

У гэты ж дзень ужо сам Дж. Буш запатрабаваў ад Расеі вывесьці свае войскі з Грузіі. “Расейскія ўлады павінны паважаць тэрытарыяльную цэласьць Грузіі”, – падкрэсьліў ён і адзначыў, што Расея нанесла сур’ёзныя страты сваёй рэпутацыі [памятаецца, пан Джордж калісьці ў блакітныя вочы Пуціна зазіраў і нешта там добрае бачыў… – Рэд.].  

І, нарэшце, 12 жніўня адбылася без перабольшваньня беспрэцэдэнтная акцыя. Лідары пяці кран – Польшчы, Летувы, Латвіі, Эстоніі й Украіны – прыбылі ў Грузію, у якой ідзе вайна (!), каб выказаць падтрымку яе народу і прэзідэнту. Яны разам з Саакашвілі выступілі на вялікім мітынгу ў Тбілісі (гл. фота ўверсе – справа і ў цэнтры). Вось, кароткія цытаты зь іх выступаў (www.svaboda.org/content/Article/1190669):

– Прэзыдэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі: “Сёньня, калі акупанты на нашай зямлі, яны думаюць, што Тбілісі зломіцца, падпарадкуецца і здасца іх танкам, як гэта раней некалькі разоў было ў іншых эўрапейскіх краінах. Цяпер гэтага ня будзе. І вы стаіце тут з намі і падтрымліваеце нас”;

– Прэзыдэнт Польшчы Лех Качыньскі: “Упершыню за доўгі час наш сусед з паўночнага ўсходу паказаў сваё аблічча – аблічча, якое мы ведаем сотні гадоў. Гэты сусед лічыць, што народы вакол яго павінны яму падпарадкоўвацца. Мы кажам “не””;

– Прэзыдэнт Украіны Віктар Юшчанка: “Мы прыехалі сюды, каб сказаць: Грузія – наш сябра. Грузіны – нашыя сябры. Сёньня, у найцяжэйшыя часы для Грузіі, мы кажам, што вы маеце права на свабоду, на незалежнасьць”;

Прэзыдэнт Літвы Валдас Адамкус: “Дазвольце мне запэўніць вас, што вы не адны. Мы выступаем разам за адно і тое ж права самім вызначаць сваю будучыню. Як Літва вызначыла сваю, гэтак сама і Грузія павінна сама зрабіць свой выбар”;

– Прэзыдэнт Эстоніі Томас Ільвэс: “Калі свабода іншага народу пад пагрозай, калі дэмакратыя недзе пад абстрэлам, гэта значыць, што ў недалёкім часе і нашая свабода будзе пад пагрозай, і нашая дэмакратыя патрапіць пад абстрэл”;

– Прэм’ер-міністар Латвіі Іварс Годманіс: “Вы, грузіны, будзьце разам. Разам мы пераможам. Мы з вамі”.

 

Акрамя палітычных лідэраў падтрымку народу Грузіі аказалі самыя шырокія колы міжнароднай супольнасьці. Невялікі элемент гэтай падтрымкі прысутнічае нават на нашым сайце. Дадаткова адзначым толькі пару эпізодаў.

У Кіеве ўжо 11 жніўня пачалося фармаваньне ўкраінскіх дабраахвотных атрадаў, гатовых пайсьці на дапамогу грузінам (kavkazcenter.com/russ/content/2008/08/11/60086).

Сярод расейскіх апазіцыйных сіл першымі на бяду грузінаў адгукнуліся рускія нацыянал-лібералы, якія ставяць за мэту падзел крывавай імперыі на шэраг незалежных краін. У іх заяве сярод іншага сказана: “Мы, нацыянал-лібералы, падтрымліваем Міхаіла Саакашвілі ў яго барацьбе супраць бандыцкага марыянеткавага рэжыму Паўднёвай Асеціі … Мы рашуча асуджаем расейскі імперыялізм, які разьвязаў гэтую вайну, і заклікаем усіх аказваць інфармацыйную падтрымку рэспубліцы Грузія … Ня трэба прымаць ніякага ўдзелу ў дадзеным канфлікце на баку РФ. Мы не павінны праліваць сваю кроў дзеля імперскіх амбіцыяў Крамля!” (community.livejournal.com/nationalliberal/207627.html).

Аднак, у дадзеным непарыўным шэрагу падтрымкі народу Грузіі ёсьць адна цікавая прагаліна. За тры дні перад вайной Ізраіль спыніў пастаўкі ў Грузію вайсковай тэхнікі (kavkazcenter.com/russ/content/2008/08/05/59870). Тэль-Авіў патлумачыў гэта тым, што так ён адрэагаваў “на афіцыйную просьбу Расеі”…

 

5. Аргументы тых, хто на баку Грузіі.

Каб доўга не разважаць на даную тэму, мы вырашылі проста падаць паказальны прыклад. Вось заява УКРАІНСКАЙ НАРОДНАЙ ПАРТЫІ (узята з аддзелу пісьмаў КЦ; kavkazcenter.com/russ/content/2008/08/11/60084):

“Украінская Народная Партыя расцэньвае бамбардаваньне рускай авіяцыяй населеных пунктаў і жыцьцёва важнай інфраструктуры Грузіі й увядзеньня на яе тэрыторыю рускіх войскаў як ваенную агрэсію Расеі супраць Грузіі. Такія дзеяньні рускіх уладаў зьяўляюцца заранёў спланаванымі і ня маюць нічога агульнага з міратворчай дзейнасьцю.

Гэтай вайсковай агрэсіяй Крэмль сягае па некалькі мэтаў, якія выходзяць за фармат міратворнай дзейнасьці й за рамкі руска-грузінскіх стасункаў. У выніку ўварваньня рускіх войскаў на грузінскую тэрыторыю Масква пачала, перад усім, рэалізацыю на практыцы сваёй агрэсіўнай веннай дактрыны і зьнешняй палітыкі, якія цяпер накіраваныя ня толькі на ўзнаўленьне рускага палітычнага ўплыву на новыя постсавецкія дзяржавы, але і на анэксію іх тэрыторыяў і поўнамаштабную рэінтэграцыю ў найноўшую рускую імперыю.

Праз шматгадовую падтрымку розных сепаратысцкіх рухаў у постсавецкіх краінах, памежныя правакацыі, у прыватнасьці на украінскай Тузле, й іншыя сьпецаперацыі рускія ўлады ўжо доўгі час адпрацоўваюць механізмы сваёй экспансіянісцкай палітыкі. Таму цяперашняя руская ваенная агрэсія стварае рэальную пагрозу ня толькі для грузінскай дзяржаўнасьці, міру і стабільнасьці ў каўказскім рэгіёне, але і для іншых суседзяў Расеі і ўсёй Еўропы.

Украінская Народная Партыя рашуча асуджае ваенныя дзеяньні крамля ў Грузіі і заклікае ўсіх людзей добрай волі рашуча спыніць агрэсара. Ваенная агрэсія Расеі стала ў вядомай ступені вынікам палітыкі “замірэньня агрэсара” з боку некаторых урадаў “старой Еўропы” адносна Расеі, што выявілася, у прыватнасьці, у блакаваньні кіраўніцтвам Германіі й Францыі працэса далучэньня Украіны і Грузіі да Плана дзеяньняў па сяброўстве ў НАТА.

Другой мэтай, па якую сягае Масква ў гэтай вайне, зьяўляецца імкненьне шляхам анэксіі часткі тэрыторыі Грузіі зрабіць немагчымым стварэньне новых, дадатковых шляхоў транспартыроўкі энэрганосьбітаў з рэгіёна Каспія ў Еўропу, у прыватнасьці й ва Украіну. Працяглая антыеўрапейская і антыдэмакратычная палітыка крамля лагічна вывяла на першы план рускага энэргетычнага ціску ў міжнародных зносінах ваенныя сродкі.

Яшчэ адной прычынай уварваньня рускіх войскаў у Грузію зьяўляецца сталае нарастаньне апетытаў рускага ваенна-прамысловага комплексу. Для выпрабаваньня ды абнаўленьня зброі й атрыманьня звышпрыбыткаў рускі ВПК і рускія генералы маюць патрэбу ў новых ваенных канфліктах. Адсутнасьць шырокамаштабных вайсковых аперацый пасьля “зачысткі” Чачні (Ічкерыі) стварае для іх непрымальныя нязручнасьці.

Пошук зьнешняга ворага таксама традыцыйна вукарыстоўваецца крамлём для ўзмацненьня аўтарытарызму ўнутры Расеі. Агрэсія супраць Грузіі патрэбная Крамлю для ўзмацненьня ура-патрыятычных імперскіх настрояў сярод тых рускіх грамадзянаў, якія ня бачаць іншага спосабу прасоўваньня рускіх інтарэсаў, акрамя ваенных “аперацый па прымусу да міру”. Няма сумневу, што агрэсія таксама накіравана і на кансалідацыю ды мабілізацыю “пятых калонаў” Расеі ў суседніх дзяржавах.

Ваенная агрэсія Расеі супраць Грузіі стварае патэнцыйную пагрозу і для бясьпекі Украіны, якая імкнецца мець па ўсім перыметры сваіх межаў зону міру і стабільнасьці. Асаблівую небясьпеку для Украіны нясуць планы Расеі па выкарыстаньні ў канфлікце сілаў Чарнаморскага флоту РФ. Грамадзяне Украіны неаднаразова былі сьведкамі падтрымкі рускай уладай сепаратысцкіх рухаў на тэрыторыі постсавецкіх дзяржаваў.

Інфармацыйная кампанія асобных украінскіх СМІ, палітычных сілаў і палітыкаў па безпадстаўна шумнай крытыцы законнага продажу зброі сувярэннай дэмакратычнай дзяржаве – Грузіі – зьяўляецца таксама праявай антыўкраінскай дзейнасьці й накіравана на фарсаваньне сепаратысцкай “пятай калонай” Крамля, на “замірэньне” і дыскрэдытацыю ўкраінскай дзяржавы. Спробы паставіць на адну грань сепаратыстаў і сувярэнную дэмакратычную дзяржаву вядуць толькі да зьнява́жаньня міжнароднага права, правакуюць міжнародны разброд і ваенныя канфлікты.

Украінская Народная Партыя патрабуе ад Расеі вывесьці свае захопніцкія войскі з тэрыторыі сувярэннай дзяржавы Грузіі, спыніць падтрымліваць сепаратызм і парушаць тэрытарыяльную цэласьць ды суверэнітэт Грузіі.

Украінская Народная Партыя заклікае грамадзянаў Украіны, еўрапейскую і сусьветную супольнасьць, ААН і міжнародныя структуры бясьпекі (НАТА, АБСЕ) асудзіць ваенную агрэсію Крамля і выявіць усебаковую салідарнасьць з грузінскім народам.

Украінская Народная Партыя патрабуе ад міжнароднай супольнасьці замяніць гэтак званы “рускі міратворчы кантынгент” у Грузіі, які стаў непасрэдным удзельнікам канфлікуту і з-за яго доўгатэрміновай падтрымкі сепаратыстаў дыскрэдытуе статус міжнародных міратворчых сілаў.

Украінская Народная Партыя заклікае Прэзідэнта Украіны і Ўрад Украіны актыўна спрыяць наміжнароднай арэне мірнаму ўрэгуляваньню канфлікта і прыняць меры для невыкарыстаньня ў вайне сілаў чарнаморскага флоту РФ, якія часова дыслакуюцца ва ўкраінскім Севастопалі.

Украінская Народная Партыя заклікае ўкраінскія СМІ й журналістаў аб’ектыўна асьвятляць трагічныя падзеі на Каўказе і не дапускаць выкарыстаньня сябе як сродка для тыражаваньня рускай імперскай прапаганды.

Украінская Народная Партыя заклікае ўвесь дэмакратычны сьвет і людзей добрай волі аказаць дапамогу грузінскаму народу ў аднаўленьні міру, канстытуцыйнага ладу і тэрытарыяльнай цэласьці дзяржавы. Гэта той выпадак, калі прынцып “За вашу і нашу свабоду!” найпаўней адпавядае інтарэсам украінскай нацыі, еўрапейскай супольнасьці й усёй людскай цывілізацыі”.

Як кажуць, дадаць няма чаго.

 

6. А ў гэты час у Беларусі

6.1. Дзіўныя паводзіны “галоўнага саюзьніка” крэмлядзяў.

З пачатку ваенных дзеяньняў “саюзьнічак” Крамля Лукашэнка затаіўся і ціха памоўкваў у анучку. Відаць, разьлічваў на тое, што пра яго забудуць, і ён адсядзіцца. Аднак 12 жніўня цярпеньне ў крэмлядзяў лопнула (ніхто ж ня хоча іх, бедных, супакоіць, прыгалубіць) і яны паставілі Лукашэнку… “на від”. На прэсавай канферэнцыі ў Менску, якая адбылася 12 жніўня, пасол Расеі ў Беларусі А.Сурыкаў выказаў рэзкае абурэньне (гл. pahonia.org/str/2008-08/0401). «Нам вельмі незразумела, што дзяржаўныя ўлады Беларусі захоўваюць сьціплае маўчаньне», – заявіў ён. “За ўвесь час канфлікту з беларускага боку мела месца толькі выказваньне другараднага чыноўніка МЗС … А мы дык заўсёды падзяляем ваша гора ў міжнародных арганізацыях, у тым ліку, калі ўводзяцца эканамічныя санкцыі, калі міжнародныя арганізацыі па ініцыятыве некаторых краін пачынаюць абмяркоўваць адсутнасьць правоў чалавека ў Беларусі [рэдкае самавыкрыцьцё і здача саюзьніка. – Рэд.]. За гэтым заўсёды вынікаюць голасныя заявы з боку Расеі“, – заявіў А.Сурыкаў. Ён падкрэсліў, што “сціпла-маўклівае маўчаньне нас азадачыла … Больш выразна трэба выказвацца па такіх пытаннях, тым больш саюзнікам“. Сурыкаў нагадаў, што Беларусь і Расея “будуюць саюзную дзяржаву”. Такім чынам, “грамадзяне Расеі, трапіўшыя ў гуманітарную катастрофу, яны ж пэўным чынам і грамадзяне Беларусі[бачыце, куды вуда закінута? – Рэд.].

Атрымаўшы наганяй ад сваіх гаспадароў, ужо на наступны дзень і МЗС Беларусі, і Зімоўскі, і сам Лукашэнка пачалі апраўдвацца (www.svaboda.org/content/Article/1190782; www.svaboda.org/content/Article/1190753; www.svaboda.org/content/Article/1190689), цалкам раскрыўшы сябе, як сапраўдную каланіяльную адміністрацыю. Агіда, ганьба…

Але, з іншага боку, дадзены факт паказвае, што калі Лукашэнка адчувае, што сітуацыя вельмі сур’ёзная, яго жаданьне патрыньдзець па “яшчыку” зьнікае і верх бярэ страх…

Калі сюды дадаць падсьвядомаснае жаданьне Лукашэнкі зьністожыць беларускі народ (успомніце пра яго выказваньне пакласьці беларускі народ пад гусеніцы танкаў НАТА; больш падрабязны аналіз тут: /nashaziamlia.org/2006/10/01/308), дык наша сітуацыя пачынае выглядаць ня проста агідлівай, а яшчэ і пагражальна, надзвычай небясьпечнай…

6.2. Ня менш дзіўныя паводзіны афіцыйнай апазіцыі.

Як да гэтай пары, нашы “аб’яднаныя прыаб’яднаныя”, “дэмакрычныя найдэмакратычныя” не выказалі свайго стаўленьня да вайсковай агрэсіі расейскай імперыі супраць грузінскага народу і яго дзяржавы, якое б хоць блізка нагадвала тое, што ўжо даўно прадэманстравалі, напрыклад, беларусы Нямеччыны (гл. nashaziamlia.org/2008/08/11/1472). Відаць, чакаюць, калі іх выклічуць у адну з заходніх амбасадаў і ўздручаць, як сьлед…

З нагоды падзей, якія адбываюцца, неабходна нагадаць, што ў шэрагах аб’яднанцаў ёсьць шмат людзей, якія “за лепшую інтэграцыю з Расеяй, чым гэта робіць Лукашэнка”. Прычым, гэта ня толькі група Фралова, Скрабца, Парфяновіча (гл. nashaziamlia.org/2008/04/04/1303), а і вядомая ПКБ разам з АГП. Пратэсты супраць рэгулярных “інтэграцыйных” ініцыятыў апошняй таксама рэгулярна, пачынаючы з 2002 году, вымушаны былі рабіць сапраўдныя беларускія дэмакраты (якім, дарэчы, Захад не даваў ні капейкі; толькі ўдумайцеся, хто каму плоціць і хто за што выступае – цырк!; гл. nashaziamlia.org/2006/07/20/202; nashaziamlia.org/2007/07/09/760; nashaziamlia.org/2007/10/17/936).  

Такім чынам, сёньня, калі вось-вось можа пачацца сур’ёзная ваенна-палітычная заварушка, беларускі народ аказваецца без якой бы ні было апоры – ні ў выглядзе патрыятычных уладаў, ні нават у выглядзе дэмакратычнай партыі. Гэта вельмі небясьпечна, бо ўжо цяпер бачна, што Крэмль будзе эскалаваць свае пагрозы ў бок Беларусі, а с*ль Лукашэнка хутчэй за ўсё будзе аддаваць адну нашу каштоўнасьць за другой.

Што аддаваць? Пра мову, культуру, гісторыю, сімвалы мы ўжо пісалі. Пра небясьпеку страты эканамічных каштоўнасьцяў беларусаў – таксама. Самы час у чарговы раз заявіць пра небясьпеку размяшчэньня на тэрыторыі “саюзнай Беларусі” вайсковых фармаваньняў расейскай імперыі, улучна зь ядзернай зброяй… А маскалі гэтага пажадаюць пры ўсіх абставінах. Ужо ў гэтым можаце не сумнявацца. І хто ім тут будзе супрацьстаяць? Лукашэнка, які ў час сапраўды сур’ёзнага напружаньня пачынае хавацца па сарцірах, як кепскі салдат перад боем? А, можа, хто-небудзь з ураду, дзе ўсе пагалоўна сьхіляюцца нават перад ім?.. А, можа, АГП ці камуністы, якія “за інтэграцыю з Расеяй”?!..

Тое, што аднаўленьне ўсіх экспансіянісцкіх інстынктаў усходняй імперыі – гэта прамая небясьпека ня толькі для ўкраінцаў, прыбалтаў, народаў Сярэдняй Азіі й Каўказу, але ня ў меншай ступені – гэта і надзвычай вялікая небясьпека для саміх беларусаў! Бо можа паўтарыцца сітуацыя вайны ХVІІ стагоддзя, калі асноўныя ваенныя падзеі будуць зноў адбывацца на нашай шматпакутнай зямлі. Тады загінуў кожны другі беларус-літвін. Цяпер, у ХХІ стагоддзі зь яго вайсковымі магчымасьцямі, можа загінуць яшчэ больш!!!…

Ах, як многія могуць пачаць каяцца, што яны некалі абралі й столькі гадоў падтрымлівалі “такога харошага прэзідэнта”. Ведаем, гэта вельмі слабая кампенсацыя, але іншай, на жаль, няма…  

 

7. Далейшыя падзеі

Прагноз будучых падзей залежыць ад рашучасьці й арганізаванасьці галоўных палюсоў канфлікту – Расеі й заходняга сьвету.

Вельмі верагодным выглядае сцэнар, калі будзе перамагаць расейская імпербюракратыя на фоне бязвольнасьці Захаду, асабліва Заходняй Еўропы (пра дэградаваны стан апошняй мы ўжо шмат пісалі, напішам і яшчэ, бо, як бачыце, гэта адзін з ключавых момантаў у сучасных геапалітычных падзеях).

У адпаведнасьці з гэтым сцэнарам расейская імперыя, нягледзячы ні на якія ахвяры, можа захапіць і “замірыць” Грузію. Гэта адбудзецца прыкладна так, як яна зрабіла з Чачнёй, і пад такое ж шматзначнае маўчаньне Захаду (на заявы Мядзьведзева аб “спыненьні агню”, пра “завяршэньне аперацыі прымусу да міру” ўвагі не зьвяртайце, вайна супраць Грузіі як ішла, так й ідзе; гл. kavkazcenter.com/russ/content/2008/08/13/60183; kavkazcenter.com/russ/content/2008/08/13/60190). У канфліце праз пэўны час абавязкова зьявяцца цікавыя нюансы. Так, мы хутка ўбачым актывізацыю расейскай агентуры на Захадзе, найперш у выглядзе прадажных рэдактараў і журналістаў цэнтральных заходніх выданьняў, якія пачнуць “муціць ваду”, імкнучыся сьхіліць грамадскую думку на карысьць “беднай Расеі”. Затым, калі імперыякратыя кіне мільярды зялёных на подкуп заходніх палітыкаў, мы можам убачыць, што й іхная пазіцыя становіцца ўсё менш адназначнай (дарэчы, лідэры Францыі й Нямеччыны і цяпер паводзяць сябе даволі стрымана, як Лукашэнка). На гэтым фоне, натуральна, будзе “забыта” пытаньне аб уступленьні Грузіі ды Украіны ў НАТА. Расейская імперыякратыя ўспрыме ўсё гэта, як патураньне да чарговага этапу агрэсіі й пачне вайну з Украінай за Крым, затым за Усходнюю Украіну і г.д. – усё па сцэнары, абсалютна слушна заяўленым прэзідэнтам Польшчы панам Качыньськім.   

Натуральна, на нейкім з этапаў Захад можа ўскалынуцца і пачаць супраціўляцца агрэсіі Расеі. Тады можа пачаць перамагаць іншая хада падзеяў.

А ці ёсьць у Захада рэсурсы на гэта? (пра ядзерную зброю і касьмічныя тэхналогіі пакуль ня кажам, пагаворым пра іншыя). Так, ёсьць. Напрыклад, расейская імперыякратыя ды фінансавая алігархія асноўныя свае сродкі, а гэта сотні мільярдаў даляраў, трымае ў заходніх банках і акцыях заходніх кампаній. Там жа знаходзяцца значныя долі іх бізнесу, шмат што зь нерухомасьці – палацы, замкі й г.д. У заходніх універсітэтах вучацца дзеці імперыякратыі (свая ж вышэйшая адукацыя ў поўным заняпадзе, непрыстыжная), на Захадзе жывуць многія крэўныя расейскіх імперцаў…  Усё пералічанае ды іншае непералічанае практычна выключае выкарыстаньне ядзернай зброі расейскай імперыякратыяй супраць заходняга сьвету. Вайна, калі пачнецца, будзе адбывацца з дапамогай канвенцыйнай зброі.

Дык вось, каб выйграць, Захаду давядзецца тэрмінова і рэзка пашырыць зону канфлікту. Калі дазволіць “Расеі” “інтэграваць” усё поступова, крок за крокам (дарэчы, у Крыме і на ўсходзе Украіны ўжо пачалася актыўная выдача расейскіх пашпартоў; бачыце, куды ідзе?; гл. kavkazcenter.com/russ/content/2008/08/13/60192), яна будзе ўвесь час выйграваць. Калі ж адбудзецца рэзкая і маштабная эскалацыя канфлікту, напрыклад, на тэрыторыю Украіны (з-за расейскага ваеннага флоту ў Севастопалі ці з-за паводзінаў рускіх у Крыме ды на ўсходзе Украіны; дарэчы, пра магчымасьць выкарыстаньня рускага этнасу ў якасьці зброі мы нядаўна падрабязна пісалі), расейская імперыякратыя хутчэй за ўсё ня вытрымае, зломіцца. У яе няма ідэалаў, адныя гнілыя, імперскія (дэгенератыўна-спажывецкія) амбіцыі!..

Гэта ведаем мы – ідэолагі, гэта тым больш ня могуць ня ведаць заходнія стратэгі-прафесіяналы. Таму ёсьць верагоднасьць, што ўжо хутка пачне зьдзяйсьняцца другі сцэнар. І Грузія пры падтрымцы міжнароднай супольнасьці пераможа. А яшчэ праз пэўны час, галоўны прадстаўнік расейскай імперыякратыі – Муцін-Пукін-крывавы – апынецца… на лаве ў Гаазе. Ён жа нейкі трыбунал заказваў…

Але, як бы ні складваліся падзеі, мы гаворым: грузінскі народ, мы – беларусы – на тваім баку! За нашу і вашу свабоду!

 

8. Дактрынальныя прынцыпы.

І, нарэшце, апошняе. Вайна расейскай імперыі супраць Грузіі ня можа абысьціся без удакладненьня нашай Дактрыны. Вось у заключэньні гэтым і зоймемся.

Так, у нас ёсьць Д пр-п 16, які заклікае па-новаму рэінтэграваць расейскія тэрыторыі. Дадатем да яго Д пр-п 16а: у сувязі з рабаваньнем шматлікіх народаў, якія знаходзяца пад прыгнётам расейскай імперыякратыі, бесперапынным разьвязваньнем войнаў супраць народаў-суседзяў, сталай пагрозай усяму сьвету расейская імперыя павінна быць тэрмінова дэзінтэгравана на нацыянальныя дзяржавы, адпавядаючыя этнічнай тэрыторыі адпаведных народаў. Толькі так, праз дэзінтэграцыю “Расеі”, можна пазбавіць чалавецтва ад гістарычнай і страшнай расейскай праблемы.

Д пр-п 103: трэба настойваць, каб у міжнародным праве зьявілася палажэньне аб кампенсацыі людскіх, матэрыяльных і маральных страт, нанесеных народам, якія пацярпелі ад імперыі, шляхам перадачы ім часткі этнічнай тэрыторыі імперскага народу. Першымі, хто павінен атрымаць такую кампенсацыю непасрэдна ад расейцаў-маскоўцаў, павінны быць чачэнцы, затым беларусы, украінцы, эстонцы, латышы, летувісы й іншыя мірныя неэкспансіянісцкія народы, якія шмат пакутавалі з-за расейскай імперскай агрэсіі.

 

 

5 каментарыяў

  1. Актывіст кажа:

    Зноў жа, калі вы аналізуеце сітуацыю ў Беларусі, вы неяк бокам абыходзіце афіцыйную пазіцыю КХП БНФ. А на жнівеньскім сойме была прынята адназначная заява “Аб ваеннай правакацыі Расеі і вайне супраць Грузіі”:
    Правакацыйная палітыка расейскага гэбізму на Каўказе, імкненьне выкарыстаць супраць Грузіі Абхазію і Паўднёвую Асэцію прывялі да ўспышкі чарговай вайны ў гэтым раёне. Справакаваўшы чарговы збройны канфлікт, расейская ваеншчына тут жа ўключылася ў вайну супраць суверэннай Грузіі. Пачалі бамбаваць грузінскія нафтаправоды, гарады, шпіталі, жылыя раёны, цывільныя аб’екты і нафтавыя порты на Чорным моры. У чарговы раз Расея дэманструе ўсяму сьвету сваю агрэсіўнасьць і нізкія разбойныя дзеяньні ў дачыненьні да вольных народаў, паказвае, што зьяўляецца падпальшчыкам вайны і пагрозай свабоднаму чалавецтву.
    Мы патрабуем ад расейскага кіраўніцтва спыніць агрэсію. Мы зьвяртаемся да палітычных партыяў і арганізацыяў дэмакратычнай Эўропы прызнаць Расею агрэсіўнай краінай і запатрабаваць ад яе спыніць войны на вольным Каўказе.
    10 жніўня 2008 г., г. Менск
    Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ

    http://pbpf.org/art.php?art=69&cat=1&lang=be

  2. … дарэчы, у Крыме і на ўсходзе Украіны ўжо пачалася актыўная выдача расейскіх пашпартоў; бачыце, куды ідзе?…

    Калі на Украіне няма падвойнага грамадзянства, яна павінна без прамедленняў зрабіць наступныя крокі:
    1. заявіць, што усе замежнікі без разбору. якія не маюць украінскай візы павінны пакінуць краіну і пачаць высылку;
    2. грамадзяне, якія не пажадаюць з’еэжаць з Украіны павінны напісаць заявы, што яны адказваюцца ад чужаземных пашпартоў і падпарадкоўваюцца законам Украіны, паважаюць мову, культуру, сувэрнітэт недзе такія заявы пішуцца іншаземцамі, калі яны хочуць атрымаць грамадзянства Нямеччыны);
    3.грамадзяне, якія не захацелі прыняць ні 1, ні 2 пункт і прадаўжаюць дзейнічаць на падрыў дзяржаўнай улады павінны быць судзімы, як дыверсанты іншай краіны (і тут няма нічога антыгуманнага. гэта ёсць элементарныя крокі па забяспечэнню бяспекі краіны).
    Калі ж Украіна мае падвойнае грамадзянства – адмяніць і дзейнічаць як сказана вышэй. але нельга цянуць, каб не было позна. Падвоеннае грамадзянства небяспечная штука.
    У Нямеччыне падвоўнага грамадзянства няма, але ёсць шмат відаў дазволаў на пражыванне. Некаторыя расейскія (казахскія і г.д.) немцы меюць па 2 пашпарты. Потым едуць на быўшае месца жыхарства і жывуць. Але калі праходзіць паўгода, яны не вяртаюцца ў Нямеччыну, а нямецкія улады дазнаюцца пра гэта, то іх імгненна пазбаўляюць усяго. Немцы прызнаюць з боку іншаземцаў толькі асіміляцыю. многія Туркі. напрыклад. не прызнаюць асіміліцыі і многія з іх не бяруць грамадзянства Нямеччыны. У такім выпадку яны усяго толькі чужынцы (у любы час іх можна выселіць). Адна справа дазвол на пражыванне, а другая грамадзянства. Нельга направа і налева разкідвацца грамадзянствам.

    Сп. актывісту.
    Не карэктна абіжацца на рэдакцыю сайту, што яны не апублікавалі. бо сойм КХП не дасылаў сваёй заявы на сайт. Беларусы Нямеччыны афіцыйна даслалі заяву з просьбай апублікаваць. Акрамя таго, мы дасылалі сваю заяву і на “Нашу Ніву” і на радыё “Свабоду”, ЕЗ, амбасаду Расеі, Ў Грузіі і яшчэ вельмі шмат куды. З многіх месцаў прыйшлі адказы, і толькі “Наша Ніва”, і радыё “Свабода” захоўваюць грабавое маўчанне. Яны хутчэй надрукуюць Касцяна (проста звязда ) ды Гайдукевіча, чым нацыянальных патрыётаў.

  3. Актывісту.
    1. Дзякуй за пададзеную інфармацыю. Цудоўна, наша рэдакцыя і КХП працягваюць цалкам быць у адзінай плыні.
    2. Што да прэтэнзіяў у наш адрас – “вы неяк бокам абыходзіце афіцыйную пазіцыю КХП БНФ”.
    – у нас, сапраўды, не да ўсяго даходзяць рукі;
    – КХП да нас з просьбай надрукаваць заяву Сойма не зьвярталася. Калі б зьвярнулася, мы б, гарантуем, нягледзячы ні на што, такую заяву надрукавалі б;
    – паміж намі і КХП адбыліся пэўныя непаразуменьні: ужо шмат месяцаў, як Партал “Праўда” перастаў дасылаць нам матэрыялы, прычыну гэтага мы ня ведаем; адбыліся падзеі, якія адлюстраваны тут: nashaziamlia.org/2008/02/19/1199 і тут: nashaziamlia.org/2008/02/20/1200; на пастаўленыя у даных артыкулах пытаньні адказу няма дасёньня. У дадатак паглядзіце, колькі на нашым сайце выстаўлена матэрыялаў, напісаных лідарамі КХП, і колькі матэрыялаў сябраў нашай рэдакцыі выстаўлена на сайтах КХП (цікава, ці ёсьць хоць адзін?!). Цяжка ўвесь час працягваць руку людзям, а ў адказ яны альбо будуць біць па руцэ, альбо не заўважаць…
    3. Галоўнае. Але, нягледзячы ні на што, сябры рэдакцыі гатовыя сустрэцца зь кіраўніцтвам КХП, каб абмеркаваць сітуацыю. Мы гатовыя на ўсё, што на карысьць справы. Але, як на мой досьвед, пытаньне ў зусім іншым – ці гатовы супрацьлеглы бок да сапраўды адкрытай, сур’ёзнай размовы?!

  4. Актывіст кажа:

    Я не патрабаваў, каб асобным артыкулам змяшчалі заяву КХП. Усяго толькі трэба было ў гэтым артыкуле, калі вы разглядалі рэакцыю розных палітычных груповак, даць і стаўленне да гэтай праблемы і КХП. А то атрымалась вось так: улады – амаль нейтралітэт, псеўдаапазіцыя – цалкам нейтральна, і ўсё – больш ніякіх поглядаў не існуе.

  5. Siarhiej кажа:

    1. Камунякі ў свой час абапіраліся на дактрыну аб “непазбежнай перамогі сацыялізму ва ўсім свеце”.
    Пад “сацыялізмам” яны разумелі дзікі таталітарны рэжым. 1924 – Польшча, 1939 – Фінляндыя, 1956 г. – Венгрыя,
    1968 – Чэхаславаччына, Аўганістан… У крэмлядзяў у мазгах, напэўна, таксама засела нейкая шыза.
    2. Усё гэта вельмі небяспечна для нас. Можа наш пахан, з ягоным інстынктам самазахавання, не дасць
    нас уцягнуць у крывавыя разборкі?
    3. Некалькі маладых людзей выйшлі да амбасады РФ у Менску з патрабаваннем спыніць агрэсію. Іх арыштавалі.
    Трэба зрабіць масавы мітынг.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы