nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

“Чорны крук” з Грузіі праляцеў… Зьбіраем яйкі (Частка 7)

25 жніўня, 2008 | 4 каментарыя

���� 8.JPG

Ня так даўно мы спрагназавалі, што вайна ў Грузіі пачне праяўляць сябе сярод іншага і ў тым, што ў многіх заходніх выданьнях пачнуць “засьвечвацца” агенты ўплыву Крамля. Цяпер так і ёсьць. У прыватнасьці, у брытанскіх “The Guardian” і “Daily Mail” зьявіліся тэндэнцыйныя артыкулы, якія спрабуюць апраўдаць чарговую імперастычную авантуру на Каўказе. У якасьці ілюстрацыі мы абралі адзін з такіх атрыкулаў, паколькі ён, сярод іншага, стварыў цудоўную нагоду паразважаць на тэму ўзаемаадносін сучасных версій лібералізму і кансерватызму. Мы – сайт ідэалагічны, а таму не скарыстацца з нагоды было б грахом (паводле www.inosmi.ru/stories/06/06/13/3482/243208).

Рэдакцыя.

БУШ ПАПРАКАЕ РАСЕЮ? ПУЦІН, ВІДАЦЬ, З ЗАДАВАЛЬНЕНЬНЕМ СЬМЯЕЦЦА (“The Guardian“, Вялікабрытанія)

Сайман Джэнкінс (Simon Jenkins), 13 жніўня 2008 г.

Адно можна сказаць пэўна. Аперацыя, праведзеная на гэтым тыдні ў Грузіі, прадэманстравала няўдачу заходняй палітыкі ваяўнічасьці ў адносінах да Расеі Уладзіміра Пуціна. Гэтая палітыка была паклікана аслабіць Расею, але ўзмацніла яе. Гэтая палітыка была паклікана прынізіць Расею шляхам атачэньня яе краінамі НАТА, а на самой справе распаліла яе нэаімперыялізм. Гэтая палітыка была паклікана паказаць, што Расея “разумее толькі жорсткасьць”, а замест гэтага выставіла Захад зграяй балаболак з грознымі мінамі.

Расея дала жорсткі ўрок сілавой палітыцы Грузіі, якая лічылася саюзьніцай Захаду і кандыдатам у сябры НАТА. Захад згубіў усе свае рычагі й ня можа зрабіць нічога. Рэдка калі палітыка была настолькі катастрафічна бязглуздай.

Пуцін памёр бы ад сьмеху, калі б прачытаў сьвежыя амерыканскія газеты. Прэзідэнт Джордж Буш абвясьціў уварваньне Расеі ў Грузію “непрапарцыйным і непрыймальным”. Можна лічыць, што тым самым ён асадзіў віцэ-прэзідэнта Дзіка Чэйні, які заявіў, што ўварваньне Расеі ў Грузію “не застанецца без адказу” – гэта ж не зусім тое ж самае. Буш кажа, што вялікія дзяржавы не павінны “займацца ў ХХІ стагоддзі зрынаньнем урадаў”, быццам ён нічога падобнага ніколі не рабіў. Чэйні кажа, што ўварваньне “нанесла страты пазіцыі Расеі ў сьвеце”, быццам яго гэта так хвалюе. Лабіраваньне на карысьць санкцый супраць Расеі зьвялося да пагрозаў байкоту зімовай Алімпіяды. Грандыёзна.

Кожны, хто вывучае Каўказ, ведае, што пасьля распаду савецкай імперыі гэтая частка сьвету была парахавой бочкай, гатовай выбухнуць у любы момант. Пасьля адыходу Чырвонай Арміі й ліквідацыі камуністычнай дысцыпліны раскол па лініях этнічнага, рэлігійнага і нацыяналістычнага супрацьстаяньня на тле газу і нафты быў справай часу. Занадта шмат было застарэлых крыўдаў, занадта шмат спрэчных тэрыторый і багацьцяў – гэтае змаганьне бліскуча паказаў Курбан Саід у сваім класічным рамане “Алі і Ніно” пра Азербайджан пачатку ХХ стагоддзя.

Пры любым крызісе Захад ня можа абысьціся бяз “добрых” і “кепскіх”. СМІ ня здольны асьвятляць сучасныя канфлікты бесстаронна. Асьвятленьне падзей у Югаславіі, дзе ў 1990-я адбылося аналагічнае сутыкненьне паміж сепаратысцкі настроенымі меншасьцямі, было настолькі тэндэнцыйным, што Косава па сёньня застаецца “сьмелай крохай”, а сербы па-ранейшаму ня могуць мець рацыі.

Відаць, у Паўднёвай Асеціі абодва бакі зьдзейсьнілі жахлівыя зьверствы і таму могуць спарадзіць пачуцьцё абурэньня перад любой тэлекамерай, накіраванай на іх. Урад Грузіі заявіў, што ён мае права ўсталяваць ваенны кантроль над дзьвюма правінцыямі, якія адкалоліся: Паўднёвай Асеціяй і Абхазіяй, нягледзячы на тое, што яны яўна знаходзяцца ў саюзе з Расеяй [а калі нехта “знаходзіцца ў саюзе з Расеяй”, дык яму можна толькі саступаць… – Рэд.]. Роўным чынам Расея лічыла сябе ў праве [не было ў гісторыі яшчэ выпадку, каб “Расея” не лічыла сябе ў праве нешта рабіць, калі ёй хочацца… – Рэд.] спыніць хвалю высяленьняў і забойстваў сваіх грамадзян у гэтых правінцыях, у якіх яна выконвала гуманітарную функцыю “міратворца”.

Складанасьць заключаецца ў тым, што адчуваньне праваты і здаровы сэнс рэдка ідуць поруч [гэта ня так, здаровы сэнс стратэгічнага памеру заўсёды арыентуецца на праўду і справядлівасьць, інакш – на правату; іншая справа, што ўсе вузкалобыя “прагматыкі” й цынікі гэтую сувязь імкнуцца дыскрэдытаваць… – Рэд.]. Магчыма, Грузія мела права на такія дзеяньні [увага, адбылася падмена: правата і міжнароднае права – розныя рэчы; другому яшчэ доўга эвалюцыянаваць у кірунку першага. – Рэд.], але зрабіла яна яўна неразумна, зьдзейсьніўшы іх [гэта пакажа толькі больш аддаленая будучыня. – Рэд.]. Магчыма, Расея мела права дапамагчы сваім людзям адбіць напад [калі два правы пярэчаць адно аднаму – гэта яскравае сьведчанье далёкасьці да праваты, прынамсі, у аднаго з бакоў. – Рэд.], але гэта ня тое ж самае, што запускаць у правінцыю сваю армію, якая “славіцца” некампетэнтнасьцю і жорскасьцю, ня кажучы ўжо пра бамбардаваньні Тбілісі й патрабаваньне зьмены ўраду.

Аднак ясна, што прэзідэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі – кепская рэклама гарвардскай адукацыі. Ён лічыць, што можа зноў заняць Паўднёвую Асецію і раскрыць блеф Расеі, пакуль Пуцін знаходзіцца на Алімпіядзе. Высьветлілася, што гэта ня блеф. Менавіта такога запрашэньня чакаў Пуцін, каб прынізіць чалавека, якім ён пагарджае, і адбіць у любога іншага суседа Расеі жаданьне да ўступленьня ў НАТА – арганізацыю, у якую Расея сама спрабавала ўвайсьці, пакуль ёй не адказалі грубай адмовай [а вось гэта ўжо надзвычай цікавы факт, які варты запоініць для аналіза геапалітычных падзей. – Рэд.].

Саакашвілі лічыў, што ён можа разьлічваць на падтрымку сваіх нэакансерватыўных саюзьнікаў у Вашынгтоне. Тбілісі – адзін зь нямногіх гарадоў у сьвеце, дзе сьцены ўпрыгожваюць партрэтамі Буша, і ў яго гонар названы праспект. Але гэтая падтрымка аказалася выключна слоўнай. Бо Амерыка сама ўдзельнічае ў войнах, якія надзвычай нагадваюць тыя, якія вёў Пуцін. Яна бараніла курдскія анклавы ад Садама Хусэйна. Яна імкнулася да зьмены рэжыму ў Сербіі й Аўганістане. У той жа час, як войскі Пуціна ў Паўднёвай Асеціі пасьпяхова капіявалі ўступленьне 101-й паветрана-дэсантнай дывізіі ЗША ў Ірак, Буш у Пекіне ўважліва назіраў за матчам па пляжным валейболе.

Праўда такая, што ў сьвеце няма канцэптуальных рамак для ацэнкі, ня кажучы ўжо пра вырашэньне гэтых неслабеючых канфліктаў вакол межаў [такія канцэпцыі ёсьць; іншая справа, што яны не задавальняюць ні “Захад”, ні “Расею”. – Рэд.]. Калі пануе беднасьць, для таго, каб пачаліся сутыкненьні, дастаткова кланавых супярэчнасьцяў і паставак зброі. Адзінае пытаньне – як стрымаць іх эскалацыю.

Некалі можна было папярэдзіць распаўсюд такіх канфліктаў, пагадзіўшыся на патрабаваньне ААН аб павазе нацыянальнага суверэнітэту. Дзякуючы ліберальнаму інтэрвенцыянізму Джорджа Буша і Тоні Блэра, гэта больш не працуе [працавала б і далей, проста некаторыя імкнуцца пакарыстацца нагодай, зробленай Бушам… – Рэд.]. Вынікам стала ўзмацненьне сепаратысцкіх рухаў па ўсім сьвеце [асноўная прычына ня ў Бушу, а ў тым, што дасёньня застаюцца нявырашынымі галоўныя праблемы шматлікіх народаў сьвету, дарэчы, і беларуска-літвінскага ў тым ліку. – Рэд.]. Існаваньне малых дзяржаў – ня зло само па сабе: паглядзіце на іх каляровае сьвята, якое паўтараецца кожныя чатыры гады на Алімпійскіх гульнях [аўтар хаця б прызнае этнічную разнастайнасьць сьвету, гэта ўжо добра; калі б ён яшчэ ведаў, што этнічная разнастайнасьць чалавецтва – галоўная ўмова гуманістычнага прагрэсу, было б яшчэ лепш. – Рэд.]. Але працэс іх узьнікненьня звычайна бывае балючым і крывавым [а гэта ўжо залежыць толькі ад тых, хто трымае народы ў няволі; у іх ліку і ад такога соцыяпаразітнага монстра, як расейская імперыякратыя; няма чаго станавіцца ўпоперак прагрэсу – ня будзеш крывавым…. – Рэд.].

Калі Захад дэманстраваў гатовасьць да ўмяшальніцтва з мэтай падзелу краіны, самыя яркія прыклады якой – Югаславія, Ірак і Судан, ён ня проста лез у чужыя справы. Дзякуючы гэтаму, кожнаму прыгнечанаму народу захацелася стаць “мышшу, якая зарычэла” і думаць, што вялікія краіны можна пераканаць, каб яны адстойвалі іх справу [зьвярніце ўвагу тут і далей: аўтар адстойвае пазіцыі наплявацельскага стаўленьня да народаў, якія прыгнечаны, і называе гэта “кансерватыўнай пазіцыяй”. – Рэд.].

Паралелі кідаюцца ў вочы. Калі мы падтрымлівалі Косава супраць сербаў, дык чаму б не падтрымаць Паўднёвую Асецію супраць грузін? [дый таму, што галоўны інтарэс тут не асецінскі, а расейска-імперастычны. – Рэд.] Але калі мы падтрымлівалі курдаў супраць іракцаў [і гэта добра: курды павінны мець сваю дзяржаву. – Рэд.], дык чаму не грузін супраць Расеі? [таму што кожны народ мае на зямлі сваё месца і павінен быць там гаспадаром; інакш, калі ўсе народы захопіць імперыя/імперыі, міру і прагрэсу ня будзе. – Рэд.] Сапраўды, калі б Грузія стала паўнавартасным сябрам НАТА, дык невядома, якія жахі рабіліся б на Каўказе ў выніку выкананьня саюзьніцкіх абавязальніцтваў [ніякіх жахаў не было б – “Расея” не палезла б у Закаўказьзе. – Рэд.]. Рашэньні, якія ў Вашынгтоне і Лондане могуць здавацца спантанным жэстам ідэалагічнай салідарнасьці, на месцы могуць азначаць вайну ці мір.

Я адданы архаічнай думцы, што стары ААНаўскі прынцып неўмяшальніцтва ў спалучэньні з прызнаньнем сьфераў уплыву “вялікіх дзяржаў” ў духу Realpolitik уяўляе зь сябе больш-менш стабільную аснову міжнародных адносін [толькі з-за таго, што ты не грузін, латыш, украінец, чачэн ці беларус… – Рэд.]. Зрэдку ён можа зьмягчацца дыпламатыяй “мягкага ўплыву” і аказаньня гуманітарнай дапамогі. Ён можа патрабаваць адмовы ад рэфлекторных рухаў на карысьць неўмяшальніцтва (як у Зімбабвэ) [у Зімбабвэ ідзе працэс дэкаланізацыі – негры адваёўваюць сваё; як умеюць… – Рэд.]. Але ліберальны інтэрвенцыянізм, асабліва, калі ён вядзе да ваеннай і эканамічнай агрэсіі, цягне за сабой чаргу дарагіх авантур – і звычайна правалаў.

Захад зрабіў усё для таго, каб ізаляваць Пуціна [гэта дзіўная заява, таму што Расея, у адрозьненьне ад, напрыклад, Беларусі, уключана практычна ва ўсе найбольш аўтарытэтныя міжнародныя клубы ды структуры за выключэньнем СГА. – Рэд.], паколькі той абраў курс адраджэньня Расеі на грунце шматвяковай традыці дыктатуры [аўтар лічыць, што “Захаду” адраджэньне расейскіх радзімых плямаў – таталітарызму, дыктатуры, шавінізму, імперыялізму – варта было не заўважаць. – Рэд.]. У выніку, меркаваньне сьвету яго цяпер ніколькі не клапоціць. Разам з тым, Захад заахвочваў Саакашвілі да ўсё новых нападак на Пуціна [напрыклад, з нагоды таго, што той раздаваў пашпарты РФ грамадзянам ПА, зьбіваў грузінскія самалёты, бамбаваў тэрыторыю Грузіі, уводзіў усё большую колькасьць вайскоўцаў у Абхазію і Самачабла; ва ўсіх гэтых і таму падобных выпаках Саакашвілі павінен быў маўчаць і адзінае, што рабіць – выціраць соплі й адступаць ды адступаць. – Рэд.], пакуль гэта ня стала невыносным. У нечым вінаватая і Масква. Але вайну ў Грузіі распаліла заходняя палітыка ліберальнага інтэрвенцыяналізму – менавіта гэтая палітыка.

Калі й ёсьць на сьвеце такі рэгіён, які лепш пакінуць у спакоі, дык гэта, безумоўна, Каўказ [і “Расея” навядзе тады там поўны парадак, на ўзор… Чачні; выдатна… – Рэд.].

Ад рэдакцыі:

Мы даўно чакалі артыкул, які створыць нагоду прааналізаваць і паразважаць па праблеме дамінуючых на сёньняшнім Захадзе ідэалогій. Таму ў дадатак да асноўнай задачы – праілюстраваць працу заходніх журналістаў – агентаў Крамля, пададзены вышэй артыкул уяўляе яшчэ і вялікую ідэалагічню цікавасьць. Давайце пра яе і пагаворым.

Спачатку, нагадаем аўтарскі выклік. Маўляў: “… у сьвеце няма канцэптуальных рамак для ацэнкі канфліктаў за тэрыторыі”. Мы ўжо пракаментавалі, што гэта ня так. Вось тут мы запрапанавалі наш падыход і рашэньне – nashaziamlia.org/2008/08/12/1474. Але яно, натуральна, не заўважаецца і ў бліжэйшы час, напэўна, заўважана ня будзе, таму што задача заходнікаў прапагандаваць іншыя ідэалогіі, патрэбныя тым ці іншым суб’ектным сілам Захаду.

Па пазіцыі аўтара бачна, што ён адстойвае класічны кансерватыўны сьветагляд (са слоў самога аўтара – “архаічны”), вядомы з ХІХ стагоддзя. У яго, як ён сам кажа, уваходзіць наступны набор каштоўнасьцяў: “прынцып неўмяшальніцтва”, прызнаньне існаваньня “вялікіх дзяржаў” і іх права мець “сьферы ўплыву”, “realpolitik”, “адмова ад рэфлекторных рухаў” у адказ на тыя ці іншыя падзеі ў сьвеце, адмова ад “інтэрвенцыянізму” і да т.п. Зразумела, што гэты сьветагляд адлюстроўвае інтарэсы тых, хто жыве і кіруе “вялікімі краінамі”, мае вялікі, “стары” капітал. Ім патрэбна стабільнасьць у сьвеце (прычым, любым коштам – у т.л. праз “падзел сьфераў уплыву”), і спакойнае сумленьне – маўляў, гора і несправядлівасьці ў сьвеце шмат, але лепш ніякіх праблем не чапляць, не імкнуцца іх вырашаць, бо будзе толькі горш. Карацей, вядомая формула: “найлепшая навіна – адсутнасьць навінаў”.

Гэтаму падыходу да сусьветных праблем супрацьстаіць ідэалогія і палітыка тых, каго на Захадзе сёньня называюць “нэакансерватарамі” (скарочана, нэаконамі), якія праводзяць, як ня дзіўна, палітыку “ліберальнага інтэрвенцыянізму” – палітыку ваеннай, эканамічнай і, дададзім, інфармацыйна-псіхалагічнай агрэсіі. Аўтар не расшыфроўвае прынцыпы гэтай палітыкі, але мы ведаем, што яна адбываецца пад лозунгамі “глабалізацыі” (так, як яе разумеюць “лібералы”), “касмапалітызацыі”, “правоў чалавека” (без нагадваньня пра абавязкі), сексуальнага “разняволеньня” (а на справе разбэшчваньня), “адкрытага грамадства” і зьнясеньня міждзяржаўных межаў, “дэмакратыі” (на справе, лібералізму), “свабоды СМІ” (без іх адказнасьці), “выбары – гэта працэдура”, педаляваньня “грамадзянскасьці” замест этнічнасьці, і г.д. Сюды ж сёньня абавязкова дадаецца “халакост” і “барацьба з тэрарызмам”. Дадзены сьветагляд актыўна распаўсюджваецца тымі, хто мае вялікі малады капітал і хоча яго істотна павялічыць, а таму жадае здабываць грошы ў глабальным маштабе, ігнаруючы нацыянальныя межы. Гэтую групу, у значнай ступені паразітную, мы называем глабалісцкай фінансавай алігархіяй. У больш шырокай інфармацыйна-ідэалагічнай прасторы яе часьцей называць “транснацыянальныя карпарацыі” (з нашага пункту гледжаньня гэтая назва малапрадуктыўная).

Адмыслова зьвяртаем увагу: і кансерватары, і лібералы актыўна (і, найверагодней, сьвядома) ігнаруюць той факт, што галоўнай, натуральнай дыскрэтнай адзінкай чалавецтва зьяўляюцца народы – этнасы. Пры гэтым лібералы, каб дасягаць такога ігнараваньня, сьвядома прапагандуюць эгаістычныя інтарэсы індывіда, адчужанага ад свайго народу, а кансерватары – інтарэсы “вялікіх дзяржаў” й іх элітарна-кіроўных груп.

Гэтыя дзьве групы заходняга сьвету – кансерватары і лібералы – на справе вельмі блізкія. І інтарэсы іх блізкія. Акрамя таго, гэтыя інтарэсы найгалоўнымі, стрыжневымі для сёньняшняй цывілізацыі не зьяўляюцца. Але, нягледзячы на гэта, яны сёньня настойліва прапануюць нам (укладаючы велізарныя сродкі ў PR-прапаганду) зьвесьці толькі да простага дыхатамічнага выбару – кансерватызм ці лібералізм – усю сістэму людскіх сьветаглядаў (як у свой час камуністы ўсё зводзілі да дыхатаміі: камунізм – капіталізм).

Раней мы ўжо пісалі, што паколькі наша рэчаіснасьць зьяўляецца, як мінімум, 4-мернай (ёсьць тры прасторавыя восі й адна вось часу), зьвядзеньне яе адлюстраваньня да аднамернай лінейнай прасторы ўжо ёсьць альбо памылкай, альбо падманам (nashaziamlia.org/2007/03/01/545).

Каб прадэманстраваць і патлумачыць апошняе, возьмем кубік Рубіка, які мы ўжо аднойчы выкарыстоўвалі для дэманстрацыі разнастайных сацыяльных феномнаў (nashaziamlia.org/2007/04/07/615).

На малюнку ўверсе (справа ад задаволенага Пуціна на фоне заходняга друку) у зваротнай перпектыве паказаны кубік Рубіка, у якім расстаўлены па сваіх месцах амаль усе яго маленькія кубічкі за выключэньнем двух, разьмешчаных на самым верхнім, трэцім, узроўні. Калі перадаць кубік Рубіка ў такім стане ў якую-небудзь непадрыхтаваную аўдыторыю і папрасіць завяршыць яго зборку, людзі ў ёй падзеляцца на дзьве групы. Адныя сапраўды паспрабуюць завяршыць зборку і, натуральна, разбурыўшы тое, што ёсьць, перавядуць кубік у яшчэ горшы, больш дэградаваны стан. Другая група, баючыся падобнай персьпектывы, заявіць, што лепш яна нічога ня будзе чапаць, бо рызыка разбурэньня той гармоніі, якая ёсьць, з-за няўмелых дзеяньняў перавышае каштоўнасьць магчымага дасягненьня больш высокай гармоніі. Вось і атрымалася, што людзі падзяліліся на дзьве групы: першыя выступаюць за тое, каб не чапаць тое, што ёсьць, другія за тое, каб рызыкнуць і паспрабаваць зрабіць лепш. Гэта і ёсьць “кансерватары” і “лібералы”.

Уявіце сабе, якія б вакол кубіка Рубіка ў аўдыторыі былі жарсьці, калі б яго “лёс” вызначаў нешта больш каштоўнае (напрыклад, набыцьцё ці страту 1 мільёна $). Гэта каштоўнае (і значна большага памеру) ёсьць у грамадства. Таму мы не адмаўляем тое, што спрэчкі паміж сапраўднымі лібераламі ды кансерватарамі могуць быць даволі зацятымі. Гаворка ідзе пра іншае. А менавіта пра тое, што такія спрэчкі аніяк не адлюстроўваюць галоўную супярэчнасьць нашага часу. Выбар паміж ліберальнай і кансерватыўнай ідэалогіямі ня ёсьць найгалоўным гістарычным выбарам нашай цывілізацыі ў наш час. І таму, што аднамерная прастора выбару аптымальнай ідэалогіі, як адзначана, не адпавядае чатырохмернай рэчаіснасьці, і таму, што гэты выбар (лібералізм ці кансерватызм?) не адпавядае галоўнаму кірунку прагрэсіўнага разьвіцьця чалавецтва. Апошні скіраваны ня ўлева ці ўправа, а наперад і ўверх – у кірунаку больш дасканалага гуманістычнага стану…

Гэты кірунак прагрэсіўнага разьвіцьця ўверх можна паказаць з дапамогай усё таго ж кубіка Рубіка, які паказаны на малюнку. Для яго канчатковай зборкі трэба ВЕДАЦЬ усяго адзін алгарытм. Будзеце ведаць – складзеце яго. І тады вы адначасова і захаваеце тую ступень уладкаваньня, якая была дасягнута да вас (кансерватыўны пачатак), і ўзьнімеце ступень уладкаваньня кубіка на яшчэ больш высокі ўзровень, што ёсьць сэнсам любых станоўчых, прагрэсіўных зьмен. Як бачыце, такое рашэньне забясьпечвае і ПЕРАЕМНАСЬЦЬ, і ПРАГРЭС – якраз тое, за што выступаем мы ўсёй нашай рэдакцыяй. Атрымліваецца, што мы і кансерватары, і лібералы адначасова…

На справе гэта азначае, што ў нас проста іншая галоўная вось сістэматызацыі ідэалогій-сьветаглядаў.

Вы думаеце, гэтага ня ведаюць лібералы-кансерватары? Не сумнявайцеся, ведаюць! Іншая справа, што гэта ім непатрэбна (нават шкодна – пра апошняе пазьней), а з іншага боку – патлумачанае сапраўды невядома шырокай грамадскасьці. Таму ёй і накідваецца гульня ў выбары ідэлогіі “адной з дзьвюх” пад прэтэкстам, што “ў сьвеце няма іншых канцэптуальных рамак…”.

Як бачыце, ёсьць.

Навошта ж тады сьвету накідаецца падманка ў выглядзе “адзіна магчымага выбару” “паміж лібералізмам і кансерватызмам”? Скажам груба, “па-сучаснаму”: “навошта лохаў разводзяць”? (як раней “разводзілі” на ідэалізм-матэрыялізм, каб ня бачылі й ня думалі пра рэалізм; на капіталізм-камунізм, каб ня думалі пра натуральны, аптымальны стан грамадства, дзе ёсьць і прыватная ўласнасьць і пэўная сацыяльная абароненасьць…)

Па-першае, прагрэсіўнае сацыяльнае разьвіцьцё, як і любое іншае структураваньне-дасканаленьне, ёсьць зьява антыэнтрапійная. Гэта значыць, што гэты працэс ніколі ня дае энэргіі, наадварот, забірае яе (у варыянце людскага грамадства – не дае капіталу, грошай, практычна абавязкова забірае іх). Па гэтай прычыне ўдзельнічаць у прагрэсіўным разьвіцьці грамадства могуць толькі самаахвярныя людзі. Тыя ж чалавекі, якія маюць нейкі капітал, у сваёй абсалютнай большасьці па сваёй сутнасьці такімі не зьяўляюцца… І капіталы ў іх узьнікаюць (асабліва вялікія), як правіла, якраз у выніку разбуральнай, паразітнай, проэнтрапійнай у адносінах для грамадства дзейнасьці (дакладна такой зьяўляецца тая частка іх капіталу, якая перавышае справядлівы памер аплаты іх працы; што такое справялівасьць гл. адпаведны Д пр-п). .

Па-другое, узьняцьце чалавецтва на больш высокі ўзровень гуманістычнага ўладкаваньня практычна аўтаматычна азначае для соцыяпаразітных груп звужэньне арэалу іх паразітаваньня. Дадзеныя падзеі зьвязаныя паміж сабой, як вада ў двух сасудах праз гумовыя шлангі, зваротна-прапарцыйнай сувязьзю – чым больш узровень гуманістычнага разьвіцьця грамадства, тым менш памеры соцыяпаразітных ніш. Таму падвышэньне грамадскай арганізацыі ўспрымаецца ўсімі сацыяльнымі паразітамі як пагроза іх існаваньню, як іх будучае ссыханьне (як засыхаюць ніжнія галінкі сасны па меры таго, як вырастаюць верхнія…).

Вось чаму ўсялякія “лібералы і кансерватары” так зацята робяць усё магчымае, каб не ўзгадваць пра народы – аснову натуральна-гуманістычнага ўладкаваньня чалавецтва, а тым больш пра ўладкаваньне адносін паміж нацыянальнымі дзяржавамі на гуманістычнай аснове. Яны дзеля гэтага гатовыя прыкінуцца нават дурнямі… Цікава было назіраць (а назіраць даводзілася), як заходнія прапагандысты абстрактных “правоў чалавека” рэагуюць на пытаньне пра, напрыклад, правы беларускага народу. Дый вы і самі калі-небудзь можаце паглядзець…

Што ж такое павінна быць у людзей, каб яны не ўцягваліся ў зманлівыя гульні “моцных гэтага сьвету”, а самі маглі знайсьці й правільнае рашэньне гуманістычных праблем, і канкрэтна змагацца за яго? На сьхеме, якая знаходзіцца справа ад кубіка Рубіка, паказана, што гэта ВЕДЫ пра тое, куды, да якога стану на справе павінна рухацца чалавецтва, каб яно перайшло на больш высокі ўзровень гуманістычнай уладкаванасьці. Мы такую ідэалогію распрацоўваем на вашых вачах і некаторыя канкрэтныя прапановы, якія зь яе вынікаюць, падалі нядаўна (https://nashaziamlia.org/2008/08/12/1474/). Дадзенай прапановай мы вяртаем усёй сістэме наяўных ідэалогій галоўную натуральную вертыкальную вось вымярэньня, якая ідзе зьнізу ўверх. На гарызантальнай лініі запрапанаванага заходнікамі выбару мы – вертыкальныя, мы – тырчок! А што з гэтым рабіць, хай будзе іх праблемай…

Натуральна ўверх расьце сасна, натуральна прагрэсіўна ўверх адбываецца біялагічны прагрэс. Але рост сасны генетычна запраграмаваны і адлюстроўвае г.зв. біягенетычны закон, а прагрэсіўнае разьвіцьцё прыроды грунтуецца на механізмах біялагічнай эвалюцыі, якія аўтаматычна зьяўляюцца разам са зьяўленьнем жывых арганізмаў.

У адрозьненьне ад дадзеных сістэм, у людскім грамадстве ўсё (у т.л. яго ўласная арганізацыя) зьяўляецца штучным – у тым сэнсе, што ўсё, што ў ім ёсьць, зьяўляецца прадуктам дзейнасьці людзей, іх волі, розуму, творчасьці, энэргіі. Але гэта не адмяняе факт, што разьвіцьцё людскага грамадства ёсьць адначасова і натуральным феноменам, бо прагрэсіўнае разьвіцьцё любой складанай шматузроўневай сістэмы ёсьць яе неад’емная натуральная ўласьцівасьць.

Адсюль дзьве высновы:

– як бы хто ні жадаў, у стратэгічнай персьпектыве будучыня чалавецтва абавязкова будзе больш сьветлай, больш гуманістычнай, больш высокаўзроўневай; пытаньне толькі ў часе;

– такая будучыня не прыйдзе сама па сабе; яе надыход абавязкова будзе зьвязаны з самаахвярнай дзейнасьцю людзей, якія і ёсьць сапраўдныя героі.

Для тых, хто паспрабуе абвінаваціць нас у ненавуковасьці, утапізме ці ідэалізме, мы, у сваю чаргу, прапануем паглядзець на апошні малюнак справа, на якім сьхематычна паказаны рост елкі (ці сасны). Тое, што замалявана больш цёмным колерам, адпавядае елцы ў час t1. Гэта, напрыклад, наш сёньняшні час. Праз год (у час t2) елка набудзе выгляд, які паказаны на малюнку абодвума адценьнямі шэрага колеру.

Але сёньня елка выглядае, як t1.

Скажыце, ці ёсьць ідэалізмам-утапізмам перакананьне, што яна праз год БУДЗЕ адпавядаць БОЛЬШ ВЫСОКАЎЗРОЎНЕВАМУ стану t2? Нам відавочна, што сьцьвярджэньне апошняга – гэта не ідэалізм-утапізм, а рэалізм, хаця, здавалася б, гаворка адбываецца пра неіснуючае. Хто мае сумневы, прыйдзіце роўна праз год і паглядзіце на елкі ці сосны, якія вы бачыце сёньня, і падумайце, чым жа ўсё ж адрозьніваюцца ідэалізм з матэрыялізмам ад РЭАЛІЗМУ. І кім вы былі год таму…

Прагрэс (г.зн., падвышэньне ўзроўню арганізаванасьці й, адпаведна, выніковасьці, дасканаласьці праз пераемнасьць) спыніць немагчыма. Можна загінуць, можна зьнішчыць усё, але зрабіць так, каб нейкія паразіты бясконца доўга адчувалі сябе ўтульна і бяспраблемна – не.

Ужо гэта мы ВЕДАЕМ дакладна.

Усяго лепшага, сябры!

4 каментарыя

  1. Вялікі дзякуй за такую працу. Вы паказалі свет вуснамі тых, хто кіруе сёння светам. Яны нават нісколькі не чырванеюць, калі гавораць пра сферы уплыву. З якой брэзглівасцю яны адносяцца да малых народаў і малых краінаў. Яны даўно ім адвялі ролю рабоў, якія будуць іх усё жыццё абслугоўваць. Фактычна ні адзін чалавек не можа разлічваць на нейкія перспектывы ў сваім жыцці. І тады на якія справядлівыя выбары можна разлічваць ў Беларусі, калі ніткі ад гэтага рэжыму цягнуцца ў нейкую скрытую закулісную нару, дзе і жыве монстр. Гэты монстр кіруе і лібераламі, і кансерватарамі, адной рукой кіруе Расеяй, другой ЗША. І гэты монстр вырашае каму жыць, а каму здохнуць. Адзінае чаго баіцца гэты монстр, дык гэта адраджэння нацыянальнай самасвядомасці народаў, адраджэння культураў народаў, бо яны разумеюць, што такімі народамі ім не прыйдзецца дзергаць за нітачкі. Тут не трэба быць вялікім мудрацом, каб зразумець гэтую рэч: што больш за ўсё знічтажаецца гэтым монстрам? – культура народаў, мовы. Яны знічтажаюць тое, што ім перашкаджае. З канфлікту ў Грузіі бачна адно, што міжнародная мафія ніколі ў жыцці не дасць ні аднаму маламу народу выйсці з рабства. Нават калі ў маленькай краіне да улады прыйшлі свае нацыянальныя сілы, гэта не дае магчымасці вырвацца з гэтага стану. Некаторыя народы спрабуюць вырвацца з рабства са зброяй ў руках і іх вынішчаюць фізічна. І ніхто не лічыць, што адбыўся генацыд, а наадварот пакажуць, што гэта былі бандыты. Некаторыя пачалі наогул займацца піратствам і іх таксама вынішчаць да шчэнту. А я прапанавала зусім іншы метад – інтэлектуальны. Толькі розумам можна перамагчы гэтага монстра. І не трэба яго баяцца. Галоўнае – не трэба гэтага монстра падпітываць.

  2. Позиция РНЕ указана на официальном сайте Российской нацистской партии: http://www.rne.org/

  3. Уладзімер Русаковіч кажа:

    Дадзены артыкул Саймана Джэнкінса хоць і быў выдадзены ў “Ахоўніку” 13 жніўня (http://www.guardian.co.uk/commentisfree/2008/aug/13/russia.georgia або http://www.guardian.co.uk/commentisfree/2008/aug/13/russia.georgia/print), але ж апошняя яго праўка датаваная пакуль 16 жніўня па прычыне блытаніны ў адукацыі прэзідэнта Грузіі Міхася Саакашвілі.
    Ён скончыў ня Гарвардскі ўніверсітэт (“гарвардскай адукацыі”), а Калумбійскі (“a Columbia University education”).

  4. Уладзімер Русаковіч кажа:

    Сумна тое, што спадар Джэнкінс у 2004 годзе атрымаў званьне рыцара, значыць гэты 65-гадовы журналіст быў прызнаны даволі ўплывовым у Англіі.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы