nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Март Хэльме: Вялікі план Імперыі зла

14 верасня, 2008 | 2 каментарыя

ПаводлеDelfi“, Эстонія, адрас: rus.delfi.ee/projects/opinion/article.php?id=19794036

Ð�Ñ�Ñ�Ñ�н-Ð�ендÑ�лÑ�.JPG 

Март Хэлме – былы амбасадар Эстоніі ў Маскве. У студзені 2007 года (паўтары гады таму) ён напісаў артыкул, у якім сярод іншага заявіў: “Сёньняшняя Расея – гэта монстар, якога сьвет у сваёй гісторыі яшчэ ня бачыў. Гэты монстар расправіць плечы ў 2008 годзе пасьля прэзідэнцкіх выбараў, і вось тады мы ўбачым, якая пачвара выпаўзе з варотаў Крамля. Палітыка, якую яна будзе праводзіць, будзе абсалютна агрэсіўнай з выкарыстаньнем вымагальніцтва, палітычна матываваных зьнікненьняў людзей і забойствамі. Прычым, ня толькі ў Расеі, але і ў іншых краінах. Ня пройдзе і двух гадоў, як ў асобе Расеі [так у аўтара. – Рэд.] мы будзем мець справу з самым жахлівым тэрарыстычным рэжымам у сьвеце, экспартэрам тэрарызму, побач зь якім усялякія там ХАМАСы і “Аль-Кайды” паблякнуць” (гл. тут: nashaziamlia.org/2007/02/14/533). Тады гэты артыкул мы разьмясьцілі пад рубрыкай “Праверым прагноз”. Настаў час праверыць правільнасьць прагнозу на фоне новых падзей і новага артыкула…

Рэдакцыя.

 

… Тое, што адбываецца цяпер у Грузіі, стала пачаткам укараненьня ў жыцьцё дэталёва распрацаванага сьпецслужбамі Расеі Вялікага плана. Мэтай гэтага плана ёсьць ня толькі аднаўленьне свайго ўплыву і пазіцыяў на былой тэрыторыі Савецкага Саюзу.

Грузія – пралог Вялікага плана.

Так, дасягненьне кантролю над Грузіяй азначае для Расеі адразаньне Азербайджана і багатых на нафту ды газ сярэднеазіяцкіх дзяржаваў ад заходняга рынку і перанакіраваньне атрыманых грошай на палітычны ўплыў Крамля.

Так, прызнаньне незалежнасьці Прыднястроўя паставіла б Малдову на калені, канчаткова падпарадкавала яе ўплыву Масквы і ўзяла б у ціскі Украіну.

Так, усталяваньне ў Крыме суверэнітэту Расеі ўцягнула б Украіну ў вір канфліктаў, у выніку якіх гэтая дзяржава развалілася б.

Так, натхненьне міжнацыянальных сутыкненьняў у важных для Расеі ў транспартным ды стратэгічным плане Эстоніі ды Латвіі дала б Маскве магчымасьць ваеннага ўмяшальніцтва ў тутэйшыя падзеі, і магчымасьць дыктаваць Захаду – якія “незалежныя” Балтыйскія дзяржавы задавальняюць Маскву. 

Але ўсё гэта толькі пралог Вялікага плана. Галоўнай мэтай плана ёсьць усталяваньне кантролю Масквы над энэрганосьбітамі, якія ёсьць  у Старым Сьвеце, і забесьпячэньне палітычнага дамінаваньня ва ўсёй Еўразіі. А затым – і ва ўсім сьвеце.

Утопія? Ні ў якім разе. Старая Еўропа ўжо зьвязана з Расеяй энэргетычнай залежнасьцю. Ад энэргетыкі й сыравіны залежыць стабільнасьць дабрабыту заходняга грамадства – і Масква, у выпадку неабходнасьці, не вагаючыся ні хвіліны, пакажа палітыкам Нямеччыны, Фінляндыі ды іншых пасьпяховых кріан, як выбіваць з-пад іх такія, здавалася б, устойлівыя крэслы. Гэта, вядома, у выпадку, калі яны асьмеляцца паказаць Расеі зубы. На жаль, мы хутчэй убачым, як тамтэйшыя палітыкі будуць перакуплены Крамлём [пра гэта ж раней пісалі і мы. – Рэд.].

Ды й слуп заходняй дэмакратыі – ЗША – паралізаваны праблемамі на Блізкім Усходзе пры актыўным саўдзеле Крамля [будзем шчырымі, і Ізраіля… – Рэд.]. Успомнім толькі, наколькі ўпэўнена Расея падтрымлівала на працягу шмат гадоў Іран, Хамас, Паўночную Карэю ды іншых гангстэраў, якія выкарыстоўвалі тэрор у якасьці элементарнай прылады ў міжнародных адносінах [думку аўтара пра Іран і Хамас мы цалкам падзяліць ня можам… – Рэд.]. Варта таксама ўспомніць словы аднаго аналітыка Пентагону, які пажадаў застацца невядомым і які ў адказ на пытаньне, ці сапраўды “Аль-Каіда” самастойна зьдзейсьніла аперацыі 9/11, сказаў: “Гэта далёка пераўзыходзіць іх інтэлектуальны патэнцыял”.

Пуцін пераймае Гітлера

Такім чынам, Масква выкарыстала для дасягненьня сваіх мэтаў беспасярэднюю пагрозу ісламізацыі Еўропы і ЗША [а саму “пагрозу ісламізацыі Еўропы і ЗША”, што, таксама Масква стварыла? відавочна, што не! тады ХТО падступна і разбуральна дзейнічаў у пары з расейскай імепрыякратыяй?! Вось яно, пытаньне, у адносінах да якога на Захадзе табу…; у беларускай інфармацыйнай прасторы толькі мы на яго даем адказ. – Рэд.] ды ісламскі тэрарызм, неўтралізаваўшы пры гэтым – прынамсі часова – уплыў ісламскага тэрарызму ў самой Расеі [думку аўтара пра “ісламскі тэрарызм у Расеі” мы таксама цалкам падзяліць ня можам… – Рэд.].

І Кітай ёсьць для Расеі далёка не такой небясьпекай, як у нас любяць паўтараць. Так, у Расеі цяпер жывуць ужо мільёны кітайскіх імігрантаў. Але як дзяржава, якая адчувае ўсё большы сыравінны голад і разьлічвае на расейскія ўзбраеньні, Кітай стаў у адносінах да Расеі прынамсі неўтральным [апошняе ёсьць сітуацыяй тактычнай; мільёны кітайскіх імігрантаў у Расеі – чыньнік стратэгічны. – Рэд.].

Мільярду трыста мільёнам кітайцаў патрэбная праца – і гэта ім (як і немцам) у значнай ступені гарантуе сыравіна, якая паступае з Расеі. Ня кажучы ўжо пра бяздонны расейскі рынак, куды можна выкідаць свой тавар. І камуністычная верхавіна Кітая, якая баіцца свайго народу, аддае перавагу стабільнасьці ў параўнаньні з авантурызмам, які можа прадпрымацца супраць Расеі.

Але самы парадаксальны нюанс усяго цяперашняга посьпеху Расеі заключаецца ў тым, што ў той час, як Масква ставіць у падмурак прамыўкі мазгоў вялікую перамогу над фашызмам, Пуцін і Ко ў сваёй дзейнасьці вельмі дакладна капіруе Гітлера. Блеф і цынічныя агрэсіі, на якія нясьмелы і расьпешчаны Захад ня ў стане аператыўна адказваць, гарантуюць сёньня Расеі такое ж пасьпяховае, як і Гітлеру ў 1930-я гады, падпарадкаваньне свайму кантролю рэсурсаў, якія належаць іншым дзяржавам.

Менавіта рэсурсы (карысныя выкапні) і стратэгічныя пазіцыі (Каўказ, Крым, Прыбалтыка ды іншыя) ёсьць тым, што павінна забясьпечыць Расеі перавагу ў міжнародных зносінах і прастору для маніпуляцый. Менавіта гэта Масква пачала цяпер паступова зьдзяйсьняць. Калі Расея дасягне аднойчы дамінуючай пазіцыі ў Еўразіі, яна, нарэшце, сапраўды зможа адчуць, што ня толькі дагнала Злучаныя Штаты, але і перагнала іх. Як некалі пра гэта марыў савецкі лідар Мікіта Хрушчоў.

Выклік Захаду і дэмакратыі

Такім чынам, Масква кідае сёньня выклік ня столькі сваім маленькім суседзям, колькі ўсяму заходняму грамадскаму ладу. Дэмакратыі, калі жадаеце [заходні грамадскі лад і дэмакратыя – на жаль, істотна розныя рэчы; у гэтым, дарэчы, галоўная праблема нашай сёньняшняй цывілізацыі. – Рэд.]. Таму што ўмацаваньне панаваньня Расеі азначае адначасова шырокае ўмацаваньне пануючай там аўтарытарна-крымінальнай сістэмы [такая “сістэма” там была заўсёды, таму што Расея – гэта імперыя; і таму гэтую ўніверсальную імперскую “сістэму” мы прапануем зваць яе сапраўдным імем – расейская імперыякратыя. – Рэд.]. Гэта азначае сталінскі валюнтарызм, фармальную судавытворчасьць, журналістыку аднаго меркаваньня, зьвядзеньне палітычных рахункаў і замацаваньне поўнаўладзьдзя сьпецслужбаў.

Гэта азначае таксама генацыд і этнічныя чысткі для вырашэньня гістарычна складзеных міжнацыянальных праблем, ня кажучы ўжо пра фізічнае зьнішчэньне ня згодных з крамлёўскімі правіламі нацыянальных элітаў.  

Зрэшты, у Берліне, Хельсінкі ды іншых сталіцах памыляюцца, спадзеючыся, што калі ахвяраваць Крамлю Грузін, прыбалтаў, украінцаў [і, дададзім, беларусаў. – Рэд.] і не правакаваць Расею, дык да іх чарга ня дойдзе. Вялікі план непасрэдна датычыць іх таксама.

І ў Крамля ёсьць сродкі, якія пасьля завяршэньня першага этапу Вялікага плана пачнуць выкарыстоўвацца і да старой Еўропы. Выведчыя і тэрарыстычныя сеткі часоў Савецкага Саюзу, арганізаваная злачыннасьць, саюзныя тэрарысты зь ісламскага сьвету ды іншых месцаў, распальваньне этнічных, расісцкіх і сацыяльных бязладдзяў, шантаж і подкуп – гэта толькі кароткі сьпіс зброі, якая пасьля скарэньня г.зв. бліжняга замежжа будзе выкарыстана ў адносінах да старой Еўропы, каб запужаць і прывесьці да паслухмянства. Зрэшты, выкарыстаньне гэтых сродкаў мы ўжо бачылі на прыкладах Паліткоўскай і Літвіненка.

Каб стрымаць Расею, для Захаду наступіў апошні момант апрытомнець ад сваіх зманлівых мрояў і надзеі схавацца за чужыя сьпіны. Для пачатку варта паставіць трывалую сьцяну перад пакуль яшчэ слабым і бляфуючым сьмяротным ворагам. Нават, калі гэта азначае часовае спыненьне паставак нафты ды газу і ўнутрыпалітычны крызіс у краінах заходняга дабрабыту. Кошт, які пазьней прыйдзецца заплаціць, будзе ў разы большым.  

Перадумовай утаймаваньня Расеі ёсьць, вядома, аднаўленьне еўраатлантычнай салідарнасьці й выкарыстаньне дэкларуемых Захадам маральных ды прававых прынцыпаў [ну, вось вы і самі бачыце: аўтар прызнае, што дэклараваныя Захадам маральныя і прававыя прынцыпы на справе не выкарыстоўваюцца. – Рэд.]. Бяз гэтага дэмакратыю чакае сьмерць [наш аналіз вяде да некалькі іншага паратоўнага рэцэпту: Захаду трэба прыняць больш высокаўзроўневую гуманістычную ідэалогію, якую ў т.л. распрацоўваем і мы; толькі гэты шлях надзейна прывядзе да посьпеху; рэцэпт аўтара, нават, калі зьдзейсьніцца, толькі паўторыць заганны гістарычны цыкл… – Рэд.]. За гібельлю дэмакратыі ў сьвеце можа пачацца толькі анархія, пераможцамі зь якой выйдуць таталітарныя рэжымы.

Ад рэдакцыі:

На гэты раз Сп-р Март у прапановах выйсьця зь сітуацыі быў больш асьцярожны. А тады, 1,5 гады таму, на пытаньне: “Што ж рабіць?”, ён прапанаваў: “Расеі, якая, па сутнасьці, слабая, трэба навязаць новае, непасільнае для яе эканамічнае спаборніцтва, гонку ўзбраеньняў й ідэалагічную вайну. У выніку гэтага Расея, якая знаходзіцца ў дэмаграфічным калапсе, разваліцца. Далей на кавалках імперыі трэба будзе дапамагчы нарадзіцца нацыянальным дзяржавам малых народаў й іншым дэмакратычным утварэньням з рознай геапалітычнай і геаграфічна-эканамічнай арыентацыяй. Развал Расеі вызваліць сьвет ад гэтага монстра, якога Рональд Рэйган ахрысьціў “імперыяй зла”…

На апошні асьпект – неаб’ходнасьць дапамагчы нарадзіцца на кавалках імперыі нацыянальным дзяржавам – мы хочам зьвярнуць увагу ў сваіх далейшых матэрыялах.

І яшчэ адно. Мы прачыталі дзесяткі артыкулаў, дзе заяўляецца пра небясьпеку імперскай агрэсіі супраць Грузіі, Украіны, Малдовы, Прыбалтыкі. Маўляў, з Грузіі гэтая небясьпека пачала рэалізоўвацца. Але нідзе, ні ў адным артыкуле, не ўзгадваецца Беларусь! Атрымліваецца, нас ужо даўно здалі. Таму тое, што цяпер робіцца ў Грузіі й будзе рабіцца далей – гэта не пачатак агрэсіі “Расеі”. Гэта яе працяг. Пачаткам была  Беларусь і ранейшая здрада нашаму народу з боку Захаду! Потым была Чачня… Маўчаньне пра наш лёс, а таксама недарэчная падтрымка псеўдааб’яднанай псеўдабеларускай псеўдадэмакратычнай псеўдаапазіцыі (замест таго, каб дапамагаць сапраўдным беларускім дэмакратам) – гэтаму найяскравае сьведчаньне.  

Калі Захад не ачуняе ад ліберастычнага ачмурэньня і не пачне дапамагаць зьмястоўна-дэмакратычным рухам, ён сапраўды будзе зьнішчаны агрэсіўнымі тэрытарыяльнымі імперыямі, зь якіх расейская – найпершая. У гэтым будзе і наша помста яму…

2 каментарыя

  1. Siarhiej кажа:

    1. “аўтарытарна-крымінальная сістэма” – вось вызначэнне якое адпавядае рэчаіснасці !
    Такое вызначэнне больш зразумелае людзям чым палітычна-карэктнае “імпербюракратыя”.
    2. КГБ больш небяспечная арганізацыя чым Аль-Каеда.

  2. Рэдакцыя кажа:

    Сяргею.
    Мы – сайт ідэалагічны, а гэта значыць, што мы павінны карыстацца ня проста паліт-карэктнай тэрміналогій, а НАВУКОВАЙ, акая ў найбольшай ступені адлюстроўвае ЗЬМЕСТ рэчаіснасьці (гэта, калі мы жадаем мець посьпех у стратэгічнай персьпектыве). Іншая справа, калі настае час грамадска-палітычнай дзейнасьці, тады пытаньне стаіць пра найбольш выніковы PR-аўскі ўплыў на грамадства, пра найбольш выніковую ФОРМУ. Тады словы могуць мяняцца – але АБ’ЕКТ застаецца тым жа.
    На жаль, на сайце мы далёка не заўсёды дыферэнцуем гэтыя рэчы. Гэта наш істотны недахоп. Мы яго ўсьведамляем, але не заўсёды зь ім спраўляемся. Спадзяемся ў будучыні паправіцца…
    На конт КГБ. Вядома, вы правы. На баку гэтай арганіўзацыі ўсе рэсурсы дзяржавы і легальны статус.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы