nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Расея прызнала незалежнасьць правінцый Грузіі і… абнадзеіла ўласных сепаратыстаў

17 верасня, 2008 | Каментары (1)

Элен Бары (The New York Times; паволе  www.inopressa.ru/nytimes/2008/09/10/11:47:35/sep; увага: дадзены адрас адчыняў артыкул адзін дзень, затым і дасёньня пачало высьвечвацца, што “артыкул ня знойдзены!”…)

Ð�апа РаÑ�еÑ� 1.JPG 

Анэксія “Расеяй” некаторых правінцый Грузіі з прызнаньнем іх незалежнасьці ня толькі ў нас павялічыла цікавасьць да нацыянальна-сепаратысцкіх рухаў у межах самой імперыі. Артыкул, які мы падаем ніжэй, быў нядаўна надрукаваны ва ўплывовай газеце ЗША “The New York Times”  і зьяўляецца яскравым сьведчаньнем гэтаму.

Рэдакцыя.

 

Паўднёвай Асеціі далёка да Татарстана. Паўднёвая Асеція – бедная памежная вобласьць Грузіі, скалечаная вайной, а Татарстан – асяродак бурлівага разьвіцьця эканомікі ў сэрцы Расеі, і яго нафтавыя радовішчы і палітычная стабільнасьць прыцягваюць інвестараў, нібы валяр’янка катоў.

Але паміж абедзьвюма вобласьцямі ёсьць нешта агульнае: пасьля распаду СССР і там, і там сталі разьвівацца сепаратысцкія рухі. І калі два тыдні таму прэзідэнт Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў афіцыйна прызнаў самаабвешчаныя Паўднёвую Асецію і Абхазію незалежнымі дзяржавамі, актывісты ў Казані, сталіцы Татарстана, прынялі гэта да ўвагі.

Асацыяцыя нацыяналістычных арганізацый “Усетатарскі грамадскі цэнтар” пасьпяшалася апублікаваць зварот, у якім гаворыцца, што “ўпершыню ў навейшай гісторыі Расея прызнае дзяржаўную незалежнасьць сваіх падданых” [фрагмент гэтага звароту мы выставілі на сайце раней. – Рэд.], і выказваецца гарачае жаданьне, што чарга за Татарстанам. Аўтары гэтага дакумента самі ведаюць, што гэтыя заявы занадта аптымістычныя: адным з заўважальных дасягненьняў Уладзіміра Пуціна на прэзідэнцкай пасадзе, пазьней перададзенай Мядзьведзеву, было здушэньне сепаратызму. Рух татар знаходзіцца ў найбольшым заняпадзе за апошнія 20 гадоў.

Але рашэньне Масквы прызнаць Паўднёвую Асецію і Абхазію робіць імкненьне Татарстана гіпатэтычна “небезнадзейным”, як выказаўся Рашыт Ахметаў. Ахметаў, галоўны рэдактар казанскай апазіцыйнай газеты “Зорка Паволжа”, заявіў: “Расея страціла маральнае права не прызнаваць нас”.

Рашэньне Мядзьведзева афіцыйна прызнаць незалежнасьць двух спрэчных вобласьцяў Грузіі – гэта крок, пра які доўга дыскутавалі ў маскоўскім зьнешнепалітычным істэблішмэнце, – мае далёка сягальныя наступствы.

Самым тэрміновым стала паглыбленьне расколу паміж Расеяй і яе былымі партнэрамі па перамовах на Захадзе. Але некаторыя таксама лічаць, што Масква адыходзіць ад пазіцыі, якую доўгі час займала, і спыняе настойваць на прынцыпе тэрытарыяльнай цэласьці, ствараючы лазейку, на падставе якой народы, якія жывуць на расейскай тэрыторыі, могуць патрабаваць аўтаноміі альбо незалежнасьці. 

У доўгатэрміновай персьпектыве яны, магчыма, самі сабе падпісалі сьмяротную дамову, – кажа Лорэнс Скот Шытц, дырэктар праграмы вывучэньня Каўказу у International Crisis Group, незалежнай арганізацыі, якая спрабуе папярэджваць і вырашаць глабальныя канфлікты. – У цяперашні момант гэта абстракцыя, але праз 20 гадоў сітуацыя будзе менш абстрактнай”.  

Масква заяўляе, што выпадак Паўднёвай Асеціі й Абхазіі экстраардынарны, і стымулам да прыняцьця рашэньняў была сьмяротная пагроза іх жыхарам. Расейскія войскі масава перасяклі мяжу ў пачатку жніўня пасьля таго, як грузінскія сілы абстралялі ракетамі й артылерыяй грамадзянскія раёны горада Цхінвалі, сталіцы Паўднёвай Асеціі.

З-за нападу вяртаньне Паўднёвай Асеціі пад уладу Грузіі стала абсалютна немагчымым, заявіў Дзьмітры Пяскоў, прэсавы сакратар Пуціна. Па словах Пяскова, Расея цьвёрда падтрымлівае прынцып тэрытарыяльнай цэласьці й не назірае буйных сепаратысцкіх рухаў на сваёй тэрыторыі.

“Так, у нас ёсьць пэўныя сепаратысцкія рухі, такія-сякія экстрэмісцкія элементы, асабліва на Паўночным Каўказе, але яны скрайне малалікія, – сказаў ён. – Яны моцна раздробленыя, гэта вельмі малалікія групы людзей”. Ён дадаў, што абставіны, у якіх апынуліся Паўднёвая Асеція і Абхазія, “цалкам іншага роду”.

Да прыходу Пуціна ва ўладу карціна выглядала цалкам інакш. У 1990-я прэзідэнт Барыс Ельцын заклікаў лідараў рэгіёнаў узяць столькі сверэнітэту, колькі яны здолеюць праглынуць. Рухі, якія дамагаліся самакіраваньня, пускалі карані на землях, якія ўяўлялі для Расеі вялікую каштоўнасьць: у Татарстане, дзе акрамя нафтавай прамысловасьці ёсьць таксама буйны завод па вытворчасьці грузавікоў і авіяцыйны завод; у Башкірыі, дзе ёсьць буйныя радовішчы прыроднага газу, у паўночнай вобласьці Комі – вуглездабывальным рэгіёне.

З усім гэтым было скончана ў Чачні, багатай на нафту маленькай латцы Паўночнага Каўказу. Чачня стала адзіным рэгіёнам, які адкрыта абвясьціў сваю незалежнасьць. У 1994 годзе Расея ўвяла ў Чачню войскі, і ў выніку баявых дзеяньняў, якія працягнуліся два гады, загінулі дзясяткі тысячаў чалавек. У 1999 годзе, на фоне нарастаючай хвалі гвалту на ўсім Паўночным Каўказе, Пуцін, у той час прэм’ер-міністар, кіраваў другой вайной, якая скончыла з чачэнскім паўстанцкім рухам [так у тэксьце. – Рэд.].

Масква, якая ўзмацнілася і нядаўна разбагацела дзякуючы нафтадалярам, выразна выказвала сваю волю. “Расея прадэманстравала, што за захаваньне сваёй тэрытарыяльнай цэласьці гатовая плаціць нялюдскі кошт, – кажа палітолаг Сяргей Караганаў, галава Рады па вонкавай палітыцы. – У Чачні ваявалі ня толькі з чачэнскімі мяцежнікамі, але і з рухамі па ўсёй краіне”. Практычна пагроза сепаратызму ў цэлым выпаравала з расейскага палітычнага жыцьця, а Пуцін даў многім расейскім гарачым кропкам дастатковую свабоду для таго, каб суцішыць унутраную апазіцыю. Нават на Паўночным Каўказе, у адным з самых выбухованебясьпечных рэгіёнаў Расеі, дзяржава цяпер дапамагае мусульманам атрымліваць візы і аплочваць авіябілеты для зьдзяйсьненьня хаджу – паломніцтва ў Меку. Адначасова Пуцін моцна ўмацаваў сваю выканаўчую ўладу: у 2004 годзе ён адмяніў выбарнасьць губернатараў. Начальнікі, якія адбіраліся ім асабіста, умацоўвалі эканоміку на месцах і жорстка ўціскалі апазіцыйныя арганізацыі. Гэта ілюструе лёс Татарстана. Татары дасёньня адзначаюць смутную гадавіну таго дню ў 1552 годзе, калі Іван Грозны ўзяў Казань і далучыў іх краіну да Сьвятой Русі.

Калі Ельцын пачаў заахвочваць суверэнітэт рэгіёнаў, Татарстан ахвотна выкарыстаў яго рэкамендацыі – увёў уласныя налогі й нумарныя знакі для аўтамабіляў. З цыбулінамі царкоўных купалоў у Казані пачалі супернічаць бліскучыя новыя мячэты, і этнічныя татары, якія складалі там 48% насельніцтва (этнічных рускіх 43%), адчынілі свае ўласныя школы. Парламент Татарстана пастанавіў, што мясцовыя жыхары, прызваныя ў войска, ня маюць права ўдзельнічаць у баявых дзеяньнях за межамі Паволжа.

Калі Пуцін скасаваў выбары старшыняў рэгіёнаў, прэзідэнт Татарстана Мінцімер Шайміеў гучна пратэставаў, называючы гэты план вымушанай і балючай мерай. Але ў апошнія гады Ахметаў – рэдактар апазіцыйнай казанскай газеты, пра якога ўзгадвалася вышэй – назіраў, як персьпектывы аўтаноміі яшчэ больш звузіліся.

“Нам стала ясна, што нашага прэзідэнта могуць зьняць у любы момант, за 24 гадзіны”, – патлумачыў Ахметаў. Але рашэньне Мядзьведзева прызнаць Паўднёвую Асецію і Абхазію, па словах Ахметава, “стварае прэцэдэнт, нешта накшталт кіраўніцтва” па набыцьці незалежнасьці. Масква ўпэўнена, што жорстка кантралюе палітыку ў перыферыйных рэгіёнах, сказаў ён, але праз 10-20 гадоў сітуацыя можа зьмяніцца.

У аўтарытарную сістэму зыходна закладзены насеньні самаразбурэньня, – кажа Ахметаў. – Масква зрабіла памылку”.

Падобныя рухі заварушыліся і ў Башкартастане, буйным нафтахімічным цэнтры, дзе этнічныя башкіры складаюць каля 30% насельніцтва. Маленькая арганізацыя “Кук Бурэ”, якая выступае за абавязковае вывучэньне башкірскай мовы ў дзяржаўных школах, выпусьціла маніфест, у якім Масква абвінавачваецца ў “падвойных стандартах” – у ім гаворыцца, што яна падтрымлівае народы накшталт абхазаў і асецін, але палітычную платформу башкірскіх арганізацый ігнаруе.

“Прыйшоў час спытаць з кожнага федэральнага чыноўніка – а ў апошнія гады ў Башкартастане яны пладзяцца тысячамі – “Што вы робіце для башкірскага народу?” – сказана ў маніфесьце, разьмешчаным на сайце арганізацыі [тэкст заявы, пра якую гаворка, можна прачытаць і на нашым сайце; яна была разьмешчана раней. – Рэд.].

Юрыст Цімур Мухтараў, адзін з заснавальнікаў руху, сказаў, што мэты яго арганізацыі куды больш сьціплыя, чым абвяшчэньне незалежнасьці. Праўда, некаторыя могуць абмяркоўваць гэтую ідэю ў кулуарах, але публічна яе падтрымліваць небясьпечна, паколькі прынятыя законы супраць экстрэмізму.

31-гадовы Мухтараў адчувае лёгкую настальгію па ельцынскіх часах, калі было “больш хаасу, але менш страхаў”.

Падтрымка Расеяй самавызначэньня абласьцей Грузіі, магчыма, ня зьменіць адносінаў Масквы і Башкартастана, кажа ён, “але, прынамсі, яна дае нам нейкую глебу для абмеркаваньня”.

Дзеяньні Расеі могуць таксама ажывіць рухі на Паўночна-Заходнім Каўказе, дзе ў пачатку 1990-х некаторыя арганізацыі заклікалі да аўтаноміі альбо аддзяленьня ад Расеі, кажа Чарльз Кінг, прафесар міжнародных зносін і дзяржаўнага кіраваньня ў Джорджтаўнскім унверсітэце. Гэтыя заклікі сьціхлі пасьля таго, як да ўлады прыйшоў Пуцін.

Але мала хто так уважліва сачыў за падзеямі ў Абхазіі, як крэўны абхазам народ – чаркесы. Многія чаркесы і сёньня жывуць у Расеі, у рэспубліках Кабардзіна-Балкарыя, Карачаева-Чаркесія і Адыгея, але абсалютная большасьць жыве за межамі Расеі й усё яшчэ ўспамінае пра Каўказ, як пра сваю бацькаўшчыну.

“Яны ў захапленьні, – кажа прафесар Кінг, аўтар кнігі “Прывід свабоды: гісторыя Каўказа”. – Іхныя кузэны набылі незалежнасьць. Яны ўспрымаюць гэты факт як буйную падзею, якая таіць у сабе рэальныя наступствы для Расеі”.  

 

Каментары (1)

  1. Уладзімер Русаковіч кажа:

    У сувязі з тым, што выданьню “Нью-Ёркскіх часоў” належыць газета “Міжнародная апавяшчальная трыбуна”, на месьціве апошняй мажліва сустрэць дадзены артыкул у вольным доступе (http://www.iht.com/bin/printfriendly.php?id=16027688 або http://www.iht.com/articles/2008/09/10/europe/10separatists.php).

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы