nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Завабліваньне ў “дэмакратыю” пернікам (Частка 2: чаму вынікаў ня будзе; Д пр-п 104)

24 кастрычніка, 2008 | 5 каментарыяў

Барыс Керзач, Алесь Астроўскі

12 па��абаван�н�� 2.JPG

“Нацыя ўсё глыбей падае ў прорву злой бяды, ня маючы права хоць бы гучна заплакаць. Ня кажучы ўжо пра крык, каб памаглі. Не паможа ніхто, як не памагаў ніколі.

Васіль Быкаў.

Як узгадана ў папярэднім артыкуле, “пуга” ў “змаганьні з рэжымам” не дапамагла і Захад перайшоў на “пернік” (і гэта, падкрэсьлім, нягледзячы на цалкам антыдэмакратычныя выбары ў “палатку”, якія толькі што адбыліся).

1. Новы зьмест выказваньняў і новыя дзеяньні заходнікаў (“пернікі”).

Пасьля таго, як “парламенцкія выбары” 2008 году былі Лукашэнкам і яго цяперскімі памагатымі звыкла сфальшаваныя, прычым, ня менш нахабна, чым у 2004 годзе, Захад нечакана замест таго, каб дакладна прааналізаваць памылкі сваёй папярэдняй шматгадовай палітыкі (а на гэта мелі права разьлічваць усе нармальныя беларусы), раптам без развагаў (такія, значыцца, мы разумныя, дасьведчаныя, усёведаючыя) перайшоў да палітыкі злагоджваньня сваіх стасункаў з прастаўнікамі рэжыму, у т.л. і з самім Лукашэнкам.

Вось асноўныя публічныя выказваньні, зафіксаваныя намі:

25 верасьня (за тры дні да выбараў) у інтэрвю радыё “Свабода” Крысьціна Галяк – прэсавы сакратар Хавіера Саляны, вярхоўнага прадстаўніка Эўразьвязу ў пытаньнях супольнай замежнай палітыкі і бясьпекі, паведаміла: “Спадар Саляна і прэзыдэнт Лукашэнка ўчора гаварылі адзін з адным …. Літаральна некалькі дзён таму, падчас спатканьня міністраў замежных справаў ЭЗ, міністры і спадар Саляна выразна заявілі, што ЭЗ хоча поўнай нармалізацыі адносін зь Беларусьсю і што ЭЗ гатовы разьвіваць гэтыя адносіны на ўсіх дзялянках, улучна з гандлёвай і культурнай” (гл. www.svaboda.org/content/Article/1291558.html);

– 1 кастрычніка (прайшло ўсяго тры дні пасьля “выбараў”) афіцыйны прадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША Робэрт Вуд сказаў “РИА Новости”, што адміністрацыя Джорджа Буша хоча працаваць з урадам Беларусі, каб “скіраваць яго на правільны шлях” (гл. www.svaboda.org/content/Article/1292981.html);

“ЗША не прызнаюць беларускіх выбараў, але будуць шукаць магчымасьці, каб будаваць адносіны… ЗША разьлічваюць, што дыялёг з Беларусьсю будзе больш прадуктыўным”, – заявіў 1 кастрычніка агенцтву БелаПАН часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Джонатан Мур (гл. www.svaboda.org/content/Article/1292985.html);

– у той жа дзень “EUobserver” інфармуе, што большасьць краінаў ЭЗ – за паслабленьне санкцыяў супраць Менску. “Нягледзячы на недэмакратычнасьць і непразрыстасьць беларускіх парлямэнцкіх выбараў 28 верасьня, у аднаўленьні дыпляматычных сувязяў з рэжымам зацікаўленая большасьць краінаў эўрапейскай супольнасьці. … Польшча і Літва таксама настойваюць на прагрэсе ў дачыненьнях дзеля таго, каб Беларусь пасьля каўкаскіх падзеяў цалкам ня трапіла пад уплыў Расеі ў новай сітуацыі халоднай вайны. … Размова ідзе пра спыненьне забароны ЭЗ, уведзенай у 1997 г., на сустрэчы з высокімі беларускімі чыноўнікамі і пра скарачэньне сьпісу асобаў, якім забаронена выдаваць візы на ўезд у Эўразьвяз. У гэтым сьпісе цяпер 41 чалавек” (www.svaboda.org/content/Article/1293046.html). [дарэчы, усе вядомыя сьпісы, дзе падаваліся неўязныя ў ЕЗ чыноўнікі РБ, улучалі 31 чалавекі; ці то памылка карэспандэнтаў, ці то ёсьць яшчэ 10 чалавек, пра якіх нічога не вядома. – Рэд.]

Пасьля гэтых ды іншых заяваў дыпляматаў і палітыкаў заходніх краін пачаліся дзеяньні:

Хавіер Саляна (вярхоўны прадстаўнік Эўразьвязу ў пытаньнях замежнай палітыкі і бясьпекі) запрасіў міністра замежных справаў Беларусі Сяргея Мартынава на перамовы ў Брусэль. Запрашэньне было прынятае (www.svaboda.org/content/Article/1293813.html);

– Рада Эўразьвязу замарозіла (адмяніла) візавыя санкцыі супраць А.Лукашэнкі і шэрагу ягоных чыноўнікаў на паўгоду (уяўляеце? гэта азначае, што Лу-ку мы хутка можам убачыць у Брусэлі!..). Прадстаўнікі Эўразьвязу падкрэсьлілі, што гэта павінна паспрыяць дэмакратызацыі ў Беларусі (www.svaboda.org/content/Article/1329338.html). Неўязнымі ў Эўрапейскі Зьвяз застаюцца Шэйман, Навумаў, Паўлічэнка, Сівакоў і Ярмошына. Прыпыненьне санкцыяў будзе перагледжана праз шэсьць месяцаў, за гэты час мяркуецца ацаніць, якія зрухі ў дэмакратызацыі зроблены беларускімі ўладамі (www.svaboda.org/content/Article/1329365.html).

Такім чынам, вобразна сітуацыя выглядае так: Лукашэнка звыкла і нахабна дзе сфальшаваў, дзе здушыў парламенцкія выбары, адначасна паказаўшы ці то кулак, ці то дуліну Захаду, а гэты Захад вазьмі дый пачні гэтыя кулак-дуліну, нібы дваравы сабака,… лізаць!

Мала таго, тое ж самае ён пачаў прымушаць рабіць і апазіцыю. І што вы думаеце, апазіцыйныя лідары таксама пачалі лізаць кулак Лу-кі ды яшчэ навыперадкі…

На гэтым асьпекце тэмы варты затрымацца адмыслова.

2. Лідэры “апазіцыі” – марыянеткі Захаду?

Істотным ва ўзгаданым вышэй павароце Захаду тварам да Лукашэнкі зьяўляецца тое, што для агітацыі за “новую палітыку” “ў адноснах да Беларусі” Захад пачаў актыўна выкарыстоўваць створаную ім апазіцыю і “незалежныя” СМІ. Першым, нашмат раней за заходніх палітыкаў, з новымі ідэямі аб’явіўся… Мілінкевіч (яму больш за ўсіх з-за гэтага і дасталося). Было гэта яшчэ да выбараў.

Яшчэ 9 верасьня г.г. на сайце “Хартыі” са спасылкай на Deutsche Welle (www.dw-world.de/dw/article/0,2144,3624652,00.html) і сайт самаго Мілінкевіча зьявіўся матэрыял, у якім сьцьвярджалася, што той разам з Казуліным быў у Вільнюсе, дзе сустракаўся зь лідэрамі Еўрапейскай народнай партыі. Там Мілінкевіч заклікаў Захад зьмяніць стратэгію, пачаць “больш прагматычна ставіцца да сітуацыі ў Беларусі і актыўна пачынаць дыялог нават з цяперашнім рэжымам”. Там жа ён заклікаў Еўразьвяз спрасьціць патрабаваньні, выстаўленыя “беларускаму” рэжыму: “Я выступаю за тое, каб тыя 12 пунктаў, выстаўленыя Еўракамісіяй, былі напачатак скарочаныя, можа, да трох”.

У адказ пад гэтую навіну зьявіліся дзясяткі каментароў абураных чытачоў (гл. www.charter97.org/ru/news/2008/9/9/9977). Таму пазьней Мілінкевічу давялося апраўдвацца ў вялікім інтэрвю радыё “Свабода” (гл. www.svaboda.org/forum/35258.html), каб хоць неяк выправіць сітуацыю, падлатаць свой імідж.

Аднак, нягледзячы на гэта, праз месяц у час супольнай канферэнцыі Мілінкевіча і Казуліна, якая адбылася ў Еўрапарламенце, Мілінкевіч паўтарыў прыкладна тую ж пазіцыю, а Казулін падтрымаў яго ў тым, што “дыялёг паміж Менскам і Эўразьвязам сапраўды неабходны” і санкцыі трэба прыпыніць (www.svaboda.org/content/Article/1328349.html).

Затым да кампаніі апраўданьня “новай палітыкі ЕЗ у адносінах да Беларусі” далучыліся чарговыя дзеячы “беларускай апазіцыі”. Так, намесьнік старшыні АГП Я.Раманчук, надаючы паразе палітыкі Захаду ў адносінах да беларусафобскага рэжыму форму ледзь ні паэтычнага (праўда, трохі зацёганага) апраўданьня, заявіў перад канферэнцыяй у Бундэстагу Нямеччыны: “Беларусь пасьля выбараў — гэта загадка, якую трэба разгадваць… Трэба размаўляць і з Захадам, і з Усходам, і зь Нямеччынай, і з Польшчай…” (www.svaboda.org/content/Article/1330226.html). Тады ж П.Севярнец, таксама ўдзельнік канферэнцыі, дадаў: “Тая роля, якую мы можам адыгрываць зараз, роля дарадцаў Эўропы ў справе збліжэньня, — яе трэба выконваць па меры магчымасьці. Было б неабачліва адмаўляць наагул усялякія кантакты сёньняшняй улады з Эўразьвязам”.

Але, відаць, больш за ўсіх вылучыўся ў дадзенай ролі журналіст “Свабоды” Ю.Дракахруст. Той, апраўдваючы рашэньне ЕЗ дазволіць дыктатару Лукашэнку “ездзьць па еўропах”, параўнаў апошняга зь… імператарам Японіі Хірахіта, якому, маўляў, таксама прабачылі ўдзел у Другой сусьветнай вайне (!; гл. www.svaboda.org/content/Article/1329486.html).

Аднак выкарыстаньне Захадам сваіх апазіцыйных марыянетак для агітацыі за непапулярныя ідэі й дзеяньні (а так робіцца для таго, каб выглядала, што быццам беларусы самі папрасілі Захад адмяніць санкцыі дыктатарскаму рэжыму Лукашэнкі) ёсьць не адзінай істотнай асаблівасьцю “новай палітыкі” Захаду ў адносінах да Беларусі. Справа ў тым, што такая адмена санкцый ужо аднойчы адбывалася. Каб уявіць тое, што будзе (якія будуць вынікі чарговай “адмены санкцый”), варта зьвярнуцца да гісторыі й узгадаць тое, што ўжо было.

На Захадзе напэўна разьлічваюць, што беларусы ўсё забылі. Таму давайце тое-сёе ўспомнім.

3. Гісторыя накладаньня і адмены санкцый.

Памятаецца, недзе ў другой палове 1990-х мы абодва на ўласныя вочы бачылі (натуральна, па тэлевізары), як Лукашэнка пасьля аднаго са сваіх рэдкіх наведваньняў Еўропы, сышоўшы па трапу прэзідэнцкага самалёта, сказаў: “Побывал я на Западе. Ну, што сказаць. Зверинец!..”.

Пасьля гэтага пачаліся першыя санкцыі, якія сярод іншага ўжо ўключалі забарону на ўезд у ЗША і Еўразьвяз (тады там было 14 краін) для Лукашэнкі й яшчэ 7 найвышэйшых кіраўнікоў Беларусі…

Аднак ужо праз некалькі гадоў, у лютым 2003, Парламенцкая асамблея Еўропы прыпыняе санкцыі на ўдзел “беларускага парламенту” ў АБСЕ. Гэта адбылося таксама нягледзячы на тое, што “Беларусьсю” не былі выкананы чатыры ўмовы АБСЕ (зьвярніце ўвагу, тады іх было 4), пагоршылася сітуацыя з прэсай, прафсаюзамі, выбарамі, не было прагрэсу з правамі чалавека і ў справах зьніклых палітыкаў. Тады на сесіі ПА АБСЕ прысутнічалі Лябедзька і Раманчук. У спрэчках яны не выступалі. Аднак пасьля прыняцьця рашэньня Лябедзька сказаў: “Я думаю, для нас і так ёсьць добрым вынікам, што 6 гадоў мы не дапускалі легітымізацыі Нацыянальнага сходу. Мы не разглядаем гэта [прыпыненьне санкцый. – Рэд.] як трагедыю, ужо зроблена пэўная карэктыроўка тактыкі нашай дзейнасьці”. І ўсё гэта адбывалася на фоне, калі ўплывовая газета ЗША “Washington Post” уключыў Лукашэнку ў дзясятку найгоршых дыктатараў сьвету….

У красавіку 2003 года і Еўразьвяз, і ЗША… скасоўваюць візавы байкот Лукашэнку.

Больш поўна гісторыя санкцыяў Эўразьвязу супраць афіцыйнага Менску нядаўна пададзена журналістам Валерам Каліноўскім тут www.svaboda.org/content/Article/1329319.html.

Падаем аўтарскі тэкст з указаньнем памылак у датах:

“Эўразьвяз меў праблемы ў адносінах зь Беларусьсю фактычна з пачатку кіраваньня Лукашэнкі. У 1997 годзе Эўразьвяз вырашыў абмежаваць дапамогу Беларусі, не скіраваную на гуманітарныя патрэбы альбо дэмакратызацыю краіны [пасьля таго, як Лу-ка абазваў “цывілізаваны Захад” зьвярынцам. – Рэд.]. Тады ж было вырашана, што толькі цэнтральныя органы Эўразьвязу маюць права на сустрэчы зь беларускімі міністрамі. У 2002 годзе, пасьля спыненьня ўладамі Беларусі працы Кансультатыўна-назіральнай групы АБСЭ ў Беларусі, калі афіцыйны Менск адмовіў у візах усім яе супрацоўнікам, Эўразьвяз у адказ увёў забарону на выдачу візаў 8 беларускім чыноўнікам, уключна з Лукашэнкам. Забарона была зьнятая ў 2004 годзе [на справе гэта быў 2003 год. – Рэд.], калі ўлады Беларусі дазволілі адкрыць новы офіс АБСЭ ў Менску. У красавіку 2006 году пасьля несумленных прэзыдэнцкіх выбараў і разгону масавых дэманстрацыяў у Менску Эўразьвяз зноў увёў забарону на выдачу візаў Лукашэнку і яшчэ каля 30 беларускім чыноўнікам, адказным за зьнікненьні чатырох апанэнтаў улады, фальсыфікацыі выбараў і атакі на мірных дэманстрантаў. У траўні 2006 года Эўразьвяз ухваліў рашэньне аб замарожваньні рахункаў і маёмасьці важнейшых фігур беларускага рэжыму на тэрыторыі краін Эўразьвязу. Сьпіс быў пашыраны ў 2006 годзе. Усяго візавыя і фінансавыя санкцыі дзейнічаюць супраць 41 беларускага чыноўніка, уключна з А.Лукашэнкам. З 2004 году дзейнічала забарона на кантакты ў рамках Эўразьвязу зь Беларусьсю на вышэйшым і высокім узроўні, якая ўпершыню была парушаная толькі цяпер [у 2008 годзе. – Рэд.], калі францускае старшынства Эўразьвязу міністра замежных справаў Сяргея Мартынава запрасілі ў Люксэмбург на сустрэчу ў кулюарах чарговага паседжаньня Рады Эўразьвязу з так званай “тройкай” – з эўракамісарам па зьнешніх сувязях і палітыцы добрасуседзтва Бэнітай Фэрэра-Вальднэр, кіраўніком МЗС Францыі Бэрнар Кушнэр і вярхоўным прадстаўніком Эўразьвязу па зьнешняй палітыцы і бясьпецы Хавіерам Салянам”.

Такім чынам, на сёньня ў скароце мы маем такую гісторыю санкцый супраць “беларускага” рэжыму: яны ўжо двойчы накладаліся на Лукашэнку і яго атачэньне, і двойчы адмяняліся.

На Захадзе дадзеныя паводзіны, відаць, лічаць высокай палітыкай – выніковым сродкам змаганьня за “дэмакратызацыю беларускага рэжыму”… Але мы, як і ўсе нармальныя беларусы, так ня лічым. Мы лічым падобныя ваганьні, як мінімум, бессэнсоўнымі – дзеяньнямі, якія як ня мелі ніякіх вынікаў раней, так і ніякіх вынікаў не дадуць у будучыні.

А гэта, у сваю чаргу, прымушае паставіць ключавое пытаньне: у чым прычына абсалютна бездапаможнай палітыкі Захаду ў адносінах да беларусафобскага дыктатарскага рэжыму, які апанаваў Беларусь?

4. Прычыны “бездапаможнасьці” Захаду ў спробах “дэмакратызаваць” Беларусь.

З падтрымкай рэжыму Масквой усё зразумела. З параноіднай зацятасьцю самога рэжыму – таксама. Але ўсё гэта не тлумачыць заходняй бездапаможнасьці ў Беларусі.

У чым жа яе сапраўдная прычына?

Элементарны аналіз паказвае, што асноўная прычына дэмакратызатарскай недзеяздольнасьці Захаду заключаецца ў тым, што ён такой задачы перад сабой ня ставіць. Сапраўды, зьвягі пра гэта шмат, грошы выдзяляюцца мільёнамі, а выніку няма. Усё гэта і азначае, што такой мэты, як сапраўдная дэмакратыя ў Беларусі, у “Захаду” проста няма.

Што такое дэмакратызацыя Беларусі? Гэта значыць, перадаць найперш уладу і ўласнасьць беларускаму народу; гэта значыць, кіраваць палітыкай, эканомікай, дэмаграфіяй, культурай, ідэалогіяй, “экалогіяй” і г.д. у інтарэсах беларускага народу, ствараючы беларусам умовы, каб яны на сваёй уласнай зямлі маглі жыць напоўніцу.

Ці да гэтага імкнуцца заходнікі?

Мы ўжо даўно вывелі Д пр-п 5, у якім заяўляецца: “Цяперашні «Захад», калі браць у цэлым, у адносінах да нашага народу калі і ня вораг, дык ні ў якім разе ня сябра! Спадзявацца на яго сёньня нельга”.

У свой час такое заключэньне было зроблена на падставе таго, што мы пабачылі вынікі “дэмакратызацыі” ў Расеі й ва Украіне, бачым зьмест палітычнай барацьбы ў Польшчы і Прыбалтыцы, бачым, якія кадры падбірае сабе Захад у “беларускую аб’яднаную апазіцыю” і каго фінансуе. У гэтым жа шэрагу знаходзяцца і рускамоўнасьць ЕГУ і “Дойча вэле”, як і адсутнасьць нават узгадваньня палітыкамі ЕЗ адной з нашых найвялікшых праблем у сёньняшні час – татальнага этнацыду беларусаў… Усё гэта і многае іншае (напрыклад, і тое, што Васілю Быкаву не далі Нобелеўскай прэміі) дазваляе з упэўненасьцю сьцьвярджаць, што пад прыкрыцьцём запэўніваньняў у дэмакратызацыі, на справе Захад імкнецца стварыць у Беларусі ўмовы для яе будучай… лібералізацыі.

Больш за тое, узьнікла цьвёрдае падазрэньне, што Лукашэнка са сваёй адкрытай беларусафобскай палітыкай, якой пайшоў ужо 15-ы год, цалкам задавальняе ня толькі расейскую імперыякратыю, а і Захад (дарэчы, гэта зафіксавана ў Д пр-пе 67 нашай дактрыны). Растаптаўшы ўсё беларускае (культуру, эканоміку, уладу і г.д.) і разам з гэтым зьнішчаючы грунт для магчымай будучай дэмакратызацыі, Лукашэнка, сам не ўсьведамляючы таго, адначасна рыхтуе глебу для будучай… лібералізацыі.

Пры ўсім тым становіцца ўсё відавочней, што лібералізм – гэта ня проста дэградаваная форма дэмакратыі, а ў многім яе альтэрнатыва. Лібералізм – гэта ідэалогія і палітычная практыка, прыдуманая для абслугоўваньня інтарэсаў заходняй фінансавай алігархіі (гл. Д пр-п 88). Дэмакратыя ж – гэта ідэалогія і палітычная практыка для забесьпячэньня інтарэсаў канкрэтнага народу, які жыве ў сваёй дзяржаве на сваёй этнічнай тэрыторыі. Розьніца, як бачыце, істотная.

Дактрынальныя прынцыпы для таго і фармулююцца, каб зафіксаваць пэўныя ўстойлівыя заканамернасьці нашага грамадскага жыцьця. Таму яны і самі зьяўляюцца досыць устойлівымі – тыя ці іншыя павароты нашага жыцьця іх, як правіла, не мяняюць (тым больш, не адмяняюць), а толькі пацьвярджаюць. Давайце паглядзім, якія дадатковыя пацьверджаньні Д пр-пу 5 прынеслі апошнія палітычныя падзеі вакол Беларусі:

– уводзім санкцыі, адмяняем іх, зноў уводзім санкцыі й зноў адмяняем. І гэтая бессэнсоўшчына завецца “палітыкай па дэмакратызацыі Беларусі”…;

– у канцы першай часткі дадзенага артыкула мы параўналі, як бачыць Захад нашыя праблемы, і як бачым іх мы – беларусы-літвіны. Гэтае параўнаньне якраз і дэманструе розьніцу паміж ліберальным і дэмакратычным сьветаглядамі;

– не маглі мы не заўважыць і наскокі, ськіраваныя супраць беларускага народу з боку падстаўнікоў “апазіцыйнай” АГП. Мы ўжо падавалі выказваньне старшыні АГП А.Лябедзькі, які ў адным з інтэрвю заявіў: “Мы на першае месца ставім грамадзяніна, асобу, чалавека, а не Нацыянальны сход ці абстрактны народ” (гл. www.svaboda.org/content/Article/1107430.html). Зусім нядаўна Вольга Карач заявіла аналагічнае: “Нельга быць палітыкам усяго беларускага народу. Той, хто прадстаўляе ўвесь народ, не прадстаўляе нікога” (гл. www.svaboda.org/content/Transcript/1331303.html). Паколькі гэтыя выказваньні прадстаўнікоў АГП зьяўляюцца абсалютна несправакаванымі, і паколькі дадзеная партыя зьяўляецца найбольш блізкай “цывілізаванаму Захаду”, можна лёгка ўявіць ня толькі, якое стаўленьне пануе ў АГП у адносінах да тых, хто імкнецца прадстаўляць інтарэсы беларусаў на іх уласнай зямлі, а і ўявіць, хто гэтыя настроі ў АГП індукуе. Працягваючы дэдукцыю, можна сьмела выказаць гіпотэзу: відаць, сапраўды заходнія лібералы ў якасьці галоўнай перашкоды сваім планам што да Беларусі, бачаць сёньня ня столькі Лукашэнку і яго памагатых, колькі сапраўдных беларускіх дэмакратаў.

– цікавы факт справакаваў успомніць Роджэр Патоцкі, які ў сваім нядаўнім інтэрвю, крытыкуючы беларускую апазіцыю, заявіў: “Апазыцыя (на выбарах) выстаўляе рэжыму прэтэнзіі ў пытаньнях працэдуры, а не ідэяў. І такім чынам падмацоўвае “выбарчы план” уладаў” (гл. www.svaboda.org/forum/35693.html). Крытыка правільная. Але вось у чым справа. Мы шмат разоў прапаноўвалі “аб’яднаным апазіцыянерам” і абранаму ім “адзінаму” заняцца ідэалагінай працай – пачаць ствараць Праграмны вобраз будучай беларускай дзяржавы. Актыўна гэта пачалося з 2000-02 гг. Напрыклад, у канцы 2005 году Аляксандру Мілінкевічу быў перададзены артыкул “Наша галоўная праблема – этнацыд, наша мэта – беларуская дзяржава!” (гл., пачынаючы адсюль: nashaziamlia.org/2006/04/04/14/#more-14). Рэакцыя была і дасёньня застаецца нулявой. Яе прычына выявілася ў канцы 2006 году, калі Віктар Карняенка, бліжэйшы паплечнік Мілінкевіча, заявіў: “Галоўнае цяпер ня нейкая адметная праграма, адрозная ад праграмы ўладаў, а менавіта альтэрнатыва ў вобразе лідэра … Не павінна быць праграмная альтэрнатыва, каб не ствараць канфлікт вобразаў – Беларусь з Лукашэнкам і Беларусь бяз Лукашэнкі” (nashaziamlia.org/2006/12/16/448/). Ужо тады было зразумелым, што падобная пазіцыя індукавана Захадам – не патрэбныя яму беларусы ў Беларусі са сваёй сфармуляванай грамадска-палітычнай мэтай, бо тады яны стануць арганізаванай суб’ектнай сілай (апазіцыі дазвалялася займацца толькі “мясцовым самакіраваньнем”). Цяпер жа за старанна выкананую адсутнасьць ідэяў і праграмы “апазіцыя” выстаўляецца сваімі ж апекунаму-лялькаводамі хлопчыкамі для біцьця. Сэнс апошняга дэшыфруецца так: трэба ж на кагосьці сьпісаць бесперапынныя паразы ў “змаганьні з дыктатурай”…

Але найбольш прычыны бездапаможнай палітыкі Захаду ў адносінах да Беларусі выпіналіся ў выказваньнях некаторых палітолагаў.

Пачнем зь нядаўняга выказваньня Віталя Сільцкага, зробленага, праўда, у пачатку лета, да грузінскіх падзей (гл. www.svaboda.org/articlesfeatures/politics/2006/7/F6D65852-1061-47E4-B95E-8AA9B0065E4B.html): “Давайце ня мець ілюзіяў наконт таго, што для Эўропы, для Эўразьвязу беларускае пытаньне – нумар адзін, ці нават нумар тры, і яго трэба тэрмінова вырашыць і яны спаць з-за яго ня могуць. На жаль, але я ведаю, што кажу. Яны ў сваіх брусэлях, парыжах і бэрлінах будуць спаць спакойна. У іх няма адчуваньня, што сітуацыя ў Беларусі перашкаджае ім жыць. Яны могуць дазволіць сабе нейкі час працягваць тую палітыку, якую яны зараз вядуць. Яны могуць дазволіць сабе працягваць гэтыя, даруйце, абсалютна ліпавыя санкцыі супраць лукашэнкаўскага рэжыму. Яны могуць дазволіць сабе актыўны бег на месцы”, – заявіў знаўца сітуацыі.

Гэта фон. А цяпер яшчэ больш цікавыя выказваньні.

У свой час мы ўжо зьвярталі ўвагу нашых чытачоў як аднойчы прагаварыўся Аляксандр Рар: “Зразумела, Расея хоча транспартныя сеткі на тэрыторыі Беларусі, Расея хоча скупаць беларускую эканоміку, яе стратэгічныя структуры. Дарэчы, Захад хоча таго ж самага” (гл. www.svaboda.org/articlesfeatures/politics/2007/8/3CB8A170-D658-4A09-8F28-21C9E30FB3E7.html).

Апошні час прынес дадатковыя выказваньні-факты. У адной зь нядаўніх перадач радыё “Свабода” Валер Карбалевіч браў інтэрвю ў двух палітолагаў (гл. www.svaboda.org/content/Transcript/1328893.html). Эксьперт з Варшавы Войцех Бародзіч-Смалінскі, адказваючы на пытаньне пра сувязь паміж прыватызацыяй і дэмакратызацыяй, заявіў: “Шмат эўрапейскіх палітыкаў і бізнэсоўцаў глядзяць на Беларусь не як на краіну, куды не дайшла дэмакратыя, а як на краіну зь невялікім, але пэрспэктыўным рынкам, дзе можна зарабляць грошы. Таму стратэгія ЭЗ арыентаваная акрамя ўсяго на тое, каб аблегчыць эўрапейскім прадпрымальнікам інвэставаньне ў Беларусь”. А эксьперт зь Менску Ігар Лялькоў дадаў: “Ня думаю, што можна казаць пра дэмакратызацыю. Слушней казаць пра лібэралізацыю. Сапраўды, Захад найбольш цікавяць лібэральныя правілы гульні для інвэстараў”. На што вядоўца Карбалевіч дадаў сваё: “На жаль, досьвед Расеі паказвае, што рынкавыя рэформы, прыход заходняга капіталу прывялі не да дэмакратыі, а да аўтарытарызму. Таму такой наўпроставай сувязі паміж рынкавымі рэформамі і дэмакратыяй не існуе”.

Выкрытыя ліберальна-прыватызацыйныя памкненьні заходняй алігархіі, праваднікамі інтарэсаў якой зьяўляецца большасьць заходніх палітыкаў, істотна пярэчаць тым эканамічным інтарэсам, якія ёсьць у саміх беларусаў (падрэсьлім, на іх уласнай зямлі) і якія часткова, напрыклад у асьпекце прыватызацыі, мы адлюстравалі ў выглядзе Д пр-паў 51, 51а і 65 нашай Дактрыны. Натуральна, што ў такіх абставінах многія заходнія палітыкі будуць лічыць нас ворагамі іхных планаў. А як лічыць іх нам?…

Тое, што сітуацыя ў разгляданым асьпекце толькі істотна пагоршылася ў апошнія паўтара-два гады, сьведчыць наступны факт. У 2006 годзе мы на сайце завялі рубрыку “Замежныя сябры беларускага народу”. Першыя месяцы яна рэгулярнага папаўнялася прозьвішчамі заходніх палітыкаў, якія пратэставалі супраць некаторых тэндэнцый на Захадзе ў адосінах да Беларусі, спрачаліся зь іншымі палітыкамі, выказвалі каштоўныя заўвагі, адпавядаючыя інтарэсам беларускага народу і беларускай дэмакратыі. У выніку мы склалі сьпіс амаль зь дзесятка чалавек, зь якімі, як мы разьлічвалі, у будучыні можна будзе канструктыўна размаўляць (гл. nashaziamlia.org/2006/10/14/343). Аднак вось ужо паўтара гады сьпіс не папаўняецца… Гэта можа азначаць, што на Захадзе ў адносінах да Беларусі пошук палітычнай стратэгіі закончыўся, сфармулявана канчатковая пазіцыя (мы ведаем, што некарысная для беларусаў і бесперсьпектыўная для дэмакратычных зьмен), а любыя спробы выказаць ёй пярэчаньне, як можна меркаваць, хутчэй за ўсё, жорстка здушваюцца пад прэтэкстам “адзінства, дысцыпліны”.

Што мы маем у сухім астатку? Як выглядае тая карціна, якая тлумачыць усе выяўленыя факты?

1. Цяперашні Захад, як пэўную геапалітычную плынь, у Беларусі найбольш цікавіць патэнцыйная прыхватызацыя – такая, якая ўжо адбылася ў суседніх Расеі, Украіне, Польшчы… Гэтая мэта можа быць дасягнута, лічаць заходнія стратэгі, калі беларусам пад выглядам “дэмакратызацыі” будуць накінуты псеўдакаштоўнасьці лібералізацыі, як уяўнай “альтэрнатывы” цяперашняму беларусафобскаму рэжыму Лукашэнкі.

2. Аднак гэтыя інтарэсы і метады “Захаду” адназначна пярэчаць аб’ектыўным інтарэсам беларускага народу, як і магчымасьцям усталяваньня ў будучай Беларусі сапраўднай дэмакратыі. Ператварэньне Беларусі ў ліберастычнае нешта не ўяўляе ніякай каштоўнасьці для беларускага народу, не стварае ў яго ўяўленьні альтэрнатыву “стабільнасьці” пад дыктатарам. А таму не вядзе да перамогі. Дадзеныя абставіны пачынае ўсьведамляць усё большая колькасьць сапраўдных беларускіх дэмакратаў, якія, такім чынам, самі ня ведаючы таго, пераўтвараюцца ў перашкоду соцыяпаразітным інтарэсам заходніх фіналігархаў.

3. Таму “Захад” культывуе ў Беларусі толькі такую апазіцыю, якая будзе праводзіць яго інтарэсы. Таму “Захадам” цяпер не падтрымліваюцца (і далей ня будуць падтрымлівацца) сапраўдныя каштоўнасьці беларускага народу (напрыклад, мова); генацыд, этнацыд, небясьпека страты нашай дзяржаўнасьці ігнаруюцца і будуць ігнаравацца далей; спробы сфармуляваць Праграмны вобраз будучай беларускай дзяржавы – галоўнага інструменту фармаваньня беларускай суб’ектнай сілы і выніковага змаганьня за будучую Дэмакратычную Беларусь – маюць такі ж лёс. Замест гэтага і далей будуць працягвацца спробы дыскрэдытаваць тых, хто настроены адстойваць аб’ектыўныя інтарэсы беларускага народу на ўласнай зямлі. Натуральна, ім і далей ня будзе аказвацца з Захаду ніякай падтрымкі. “Тлумачэньне” і далей будзе прыкладна такім: “вы нацыяналісты”…

4. Беларускім дэмакратам варта ўсьвядоміць, што праімперская, беларусафобская, дэструктыўная амаль да сатанізму палітыка Лукашэнкі ў Беларусі й стратэгічныя інтарэсы заходняй фіналігархіі ў адносінах да будучыні беларускага народу шмат у чым супадаюць. Таму барацьба цяперашняга “Захаду” супраць дыктатуры Лукашэнкі, як і аналагічная дзейнасьць створанай ім г.зв. “аб’яднанай дэмакратычнай апазіцыі”, ёсьць ня больш чым імітацыйная. Гэта выразна праяўляе сябе у т.л. і ў перыядычным накладаньні “санкцый” на рэжым, а затым іх адмене… Сапраўднага змаганьня за дэмакратычную Беларускую дзяржаву з боку Захаду і яго апазіцыі яшчэ не было і пры цяперашнім раскладзе ня будзе. Сітуацыя можа толькі пагоршыцца.

І апошняе. Нам, вядома, прыемна, што ўсе папярэднія ацэнкі “беларускай аб’яднанай апазіцыі” й Захаду, зробленыя намі на падставе ранейшых фактаў, аказаліся вернымі. А гэта значыць, што ацэнкі й высновы, якія мы робім на грунце, узмоцненым новымі фактамі, таксама маюць вялікія шанцы быць адэкватнымі будучыні.

Высновы:

Такім чынам, на сёньняшні дзень сітуацыя ўсё больш выглядае так, што нібы гаворыць: беларусы, не разьлічвайце на Захад. Абсалютная большасьць палітыкаў “Захаду”, якія праводзяць яго стратэгічныя інтарэсы, усё больш ператвараюцца ў сілу, апазіцыйную да аб’ектыўных інтарэсаў беларускага народу ў сьферах палітыкі, эканомікі, культуры, ідэалогіі, экалогіі, іншых – у т.л. і ў імкненьні беларусаў да пабудовы сапраўды дэмакратычнай беларускай дзяржавы. Пакуль мы ня можам заявіць, што фінансавая алігархія ліберальнага Захаду ператварылася ў аднаго з ворагаў беларускага народу. Але, калі справа і далей пойдзе ў гэтым кірунку, можа стацца, што выкананьне “аб’яднанай апазіцыяй” заходняй палітыкі ў Беларусі, узяцьце ёю грошай з Захаду будзе расцэньвацца як варожыя дзеяньні ня толькі прадстаўнікамі цяперскага рэжыму, але і сапраўднымі беларускімі дэмакратамі… Фіксуем дадзенае палажэньне як чарговы прынцып нашай Дактрыны (Д пр-п 104).

Што рабіць

Беларусам даўно варта спыніць быць наіўнымі, перастаць чакаць дапамогі “Захаду”. Толькі ўласныя сілы і самаарганізацыя. Толькі інтэрнацыянальнае ўзаемадзеньяне зь іншымі дэмакратычнымі сіламі, найперш у суседніх краінах…

Беларускі народ пойдзе за тымі, хто дасьць яму ўладу, уласнасьць, бясьпеку, створыць умовы для нацыянальнай і сацыяльнай справядлівасьці, верне годнасьць і забясьпечыць сьветлую будучыню дзецям, унукам, усім чарговым пакаленьням беларусаў.

Зрабіць гэта могуць толькі сапрадныя беларускія дэмакраты.

Беларускія дэмакраты ня супраць вырашэньня праблемаў іншых сацыяных груп (напрыклад, розных іншых нацыянальных, рэлігійных, сацыяльных ці полавых меншасьцяў, якія ёсьць на тэрыторыі Беларусі), але беларускія дэмакраты выступаюць за тое, каб найперш былі вырашыны ўсе праблемы беларусаў. Іншае, на чым настойваюць лібералы, ня ёсьць дэмакратыя. Іншае ёсьць яе зьнішчэньне.

5 каментарыяў

  1. Uciakach кажа:

    Piers za usio, sto adbylosia ci moza liepiej caho ni adbylosia pad cas toj “wybarcaj” kampanii?
    Toje sto ni prajsou ni wodzin “demakrat” u palatku – heta piersaja surioznaja parazka luki. Maskalskia
    halui zrabili usio pawodlie swaikh planau kab bielarusy piscom liezli u lapy katau.
    Zakhad dauno zrazumieu sto bioelaruskaja pseudaapazycyja na nisto ni zdolnaja akramia wykarystannia
    u znacnaj stupieni u karysnykh metakh HRANTAU i wos kali im bols ni swiacila pryjemnaja perspektywa
    jany wymusany byli zmianic nakirunki.
    Heta publika dla was wiadomaja, ad jakoj dla Bielarusi spadziawacca niecaha pazytyunaha ni warta. Tykh
    khto haworyc praudu jany buduc akhajwac, abmauliac, asalmouwac – usio sto zauhodna, tolki nikoli ni siaduc
    za stol razam kab wyslukhac krytycnyja mierkawanni swaikh apanentau. U takim wypadku, cym jany liepsyja
    za luku, kali ni dapuskajuc insaj dumki? Khlusnioj z khlusnioj ni zmahajucca, a z hetym dawodzicca dawoli
    casta sustrakacca. Sankcyi jakia uwodzilisia byli ni efiektyunyja, byli wyhadnyja tolki maskaliam i tut warta
    pryznac wialikia mahcymasci rasiejskaj ahientury.
    Ni zdiuliajciesia kali u najblizesym casie zmianicca WIZawaja palityka u adnosinakh da Bielarusi i budzie
    pasyracca supracounictwa sa usimi uradawymi strukturami Bielarusi i nawat Polsaj budzie pryznany wynik
    “parlamanckikh wybarau.
    Trymajciesia i praciahwajcie rabic swaju sprawu. Zywie BIELARUS!

  2. Малайцы аўтары, ўсё сказалі вельмі дакладна. Мы для Захаду “недачалавекі”. Яны гэтага не скрываюць і аб гэтым кажуць проста ў вочы. Мы з нямецкімі чыноўнікамі вырашаем так праблемы: прыходзім да іх кажам, што нам патрэбна тое і тое. Яны адказваюць, а мы не павінны вам дапамагаць. Мы ў адказ, што гэта дыскрымінацыя, пішыце пісьмо. Яны нам ў адказ, што не, не дыскрымінацыя, не падабаецца езжайце дамоў. А мы ўсёроўна ў адказ, што гэта дыскрымінацыя. пішыце пісьмо. У канцы размовы яны бачаць, што мы не з пужлівых і робяць тое, што патрэбна. Патрэбна усвядоміць, што мы не горшыя за іх, а можа і лепшыя. І ўсё як рукой зніме. Пра Лу-ку можна сказаць: “Браво, Лу-ка! Чаго хоча, таго і дабіваецца.” Апазыцыя яшчэ не пазбавілася ад рабскай залежнасці (не мае значэнне ад чыёй). Тады пытанне, а ці можна такую апазыцыю дапускаць да улады? І навошта тады ісці пад дубінкі? У турмы? Чым тады гэта ўсё скончыцца? Ужо, дакладна, што нічым добрым не скончыцца. І усё ж трэба зразумець, што ў народа, ў тым ліку і кожнага з нас, мэты не супадаюць ні з апазыцыяй, ні з Лу-кой. У Лу-кі мэта мець з нас рабоў. Ён настолькі абнаглеваў, што заявіў ў адкрытую, калі сказаў, што вельмі шмат граматных развялося, а хто будзе працаваць ў калгасах і на прадпрыемствах. Апазыцыя таксама ужо глядзіць на нас, як на “недачалавекаў”. Ты яшчэ паспрабуй паразмаўляць на роўных. Ага, як бы не так. А вось нам патрэбна думаць пра сябе і не толькі нам, а і кожнаму з вас. Думайце людзі, думайце, бо спахваціцеся да будзе позна.

  3. На мой погляд, сёньня пагроза для Беларусі сыходзіць не ад Лукашэнкі. Ён робіць ўсё магчымае каб утрымацца ва уладзе. І усе яго дзеяньні лягічны. Як і лягічны дзеяньні псеўдаапазыцыі.Некалькі годоў таму, сп. С.Багданкевіч сказаў літаральна наступнае:
    “Мы должны быть готовы к тому, когда власть упадёт нам в руки” Гэта і ёсьць мэта усялякіх лябедзяккалякіныхвячорак. Сёньня мы маем два франты – Усходні і Заходні плюс “пятую” калёну у выглядзе лідараў “апазыцыі”
    Таму змагацца патрэбна не супраць іх, а за кожнага грамадзяніна нашай Бацькаўшчыны, Каб у выніку, калі беларус будзе адчуваць сябе гаспадаром сваёй зямлі, ён не дазволіць быць “сферай уплыву” а ні Захаду, а ні Ўсходу.
    А тых, хто чакае, калі улада упадзе ім у рукі, нельга і на гарматны стрэл падпускаць да улады, бо яны здадуць Беларусь ў імгеньне вока. Ім без розніцы каму – абы грошы і харч харошы.

  4. Siarhiej кажа:

    1. Я не згодны са Сп. Мурашка. Калі да ўлады прыдуць (што малаверагодна) лябедзькікалякінывячоркі, магчамасці ажыццяўлення Адраджэння і спынення Этнацыду значна палепшацца. Тады уцекачы могуць без праблем вярнуцца на Бацькаўшчыну.
    2. Звярніце ўвагу на фінансава-эканамічную крызу, якая запусцілася ў ЗША і распаўсюджваецца з узмацненнем па Свету. Гэта крыза стварае праблемы развітым краінам, але можа зруйнаваць слабыя, ці “надзмутыя” краіны ў тым ліку нашу дыктатуру.
    3. Звярніце ўвагу на “Белую Русь” – схадняк вертыкальшчыкаў, яны рыхтуюцца да захавання кантролю над краінаю, калі Лука ляснецца.
    4. Калі Беларусь стане “сферай уплыву Захаду” магчымасці для Адраджэння значна павялічацца. Гістарычны прыклад: у міжваенны час у Заходняй Беларусі быў этнацыд, а ва Усходняй – генацыд.
    5. Згодны з тым што ідэальна, калі да ўлады прыдзе Шляхта (як яе акрэсліла Сп. Арцёменка), але дзе яе ўзяць?

  5. Winampov кажа:

    Спасибо за статью, всегда рад почитать вас!

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы