nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Адказ Г.Г.Віку: сярод нас лохаў няма! (Д пр-п 108)

30 лістапада, 2008 | 2 каментарыя

Рэдакцыя.

��к-�аган.JPG

Нядаўна радыё “Свабода” паведаміла (гл. www.svaboda.org/content/Article/1353789.html), што “доктар Ганс-Георг Вік (на фота зьлева) лічыць пазітыўным працэс паляпшэньня двухбаковых дачыненьняў” паміж рэжымам Лукашэнкі й кіраўніцтвам Еўразьвязу, бо, на яго думку, “ліберальныя эканамічныя рэформы ў Беларусі прывядуць да дэмакратыі”… Мы даўно заўважылі нездаровую цікавасьць да нашых эканамічных каштоўнасьцяў як з боку заходнікаў, у тым ліку і немцаў (гл. гл. www.svaboda.org/content/Transcript/1328893.html; www.svaboda.org/articlesfeatures/politics/2007/8/3CB8A170-D658-4A09-8F28-21C9E30FB3E7.html), так і з боку розных фрыдманаў, дзерыпасак, абрамовічаў з Усходу (гл. https://nashaziamlia.org/2008/07/17/1447). Акрамя таго, нам добра вядома стаўленьне Зянона Пазьняка да асобы Віка, які, на думку пана Зянона, асабіста вінаваты ў тым, што ператварыў беларускую нацыянальна-дэмакратычную апазіцыю ў сёньняшнюю афіцыйную практычна небеларускую апазіцыю, абсалютна бездапаможную ў адносінах да рэжыму. Але справа не ў асобах. Справа ў прыцыпе: ці сапраўды прыхватызацыя вядзе да дэмакратызацыі, ці словы Г.Г.Віка ўсяго толькі чарговая разводка, разьлічаная на неадукаваных недасьведчаных лохаў? Вось гэтае пытаньне мы і вырашылі паддаць нашаму аналізу.

1.

Варта пачаць з таго, што мы на нашым сайце ўжо неаднаразова выстаўлялі матэрыялы з крытыкай і ліберальных “рэформ”, якія на тэрыторыі былога СССР праводзіліся пад дыктоўку Захаду ў розных сьферах грамадска-палітычныга жыцьця, у т.л. эканамічнай, і крытыку думкі пра тое, што “ліберальныя эканамічныя рэформы спрыяюць дэмакратызацыі”, і крытыку самаго разуменьня дэмакратыі заходнімі псеўда-лібераламі.

Так, сталым чытачам нашага сайта вядомы, напрыклад, артыкул Сяржука Высоцкага “Параза беларускага лібералізму” (гл. https://nashaziamlia.org/2008/02/29/1216/#more-1216), дзе ён паказвае на абсалютна негатыўныя зьмены, якія адбыліся зь беларускай апазіцыяй пад уплывам заходніх лібералаў.

Можна нагадаць нядаўні вялікі артыкул, пададзены ў двух частках (гл. nashaziamlia.org/2008/10/12/1567; nashaziamlia.org/2008/10/24/1569), у якім паказана поўная безвыніковасьць усёй ліберальнай палітыкі з боку Захаду ў адносінах да дыктатарскага рэжыму Лукашэнкі. У гэтым ды іншых артыкулах, а таксама ў сфармуляваных намі шэрагу Дактрынальных прынцыпаў (Д пр-пы 5, 31, 44, 61, 62, 66, 67, 81, 88, 93, 104) паказана і зафіксавана, што ліберальная палітыка Захаду ў “змаганьні з рэжымам” ня мае персьпектывы, бо не стварае пазітыўную альтэрнатыву ў вачах беларускага народу. Па сутнасьці, мы бачым імітацыю змаганьня за дэмакратыю. Прычына ў тым, што стратэгічныя соцыяпаразітныя інтарэсы заходняй фіналігархіі – галоўнага ініцыятара сёньняшняй “ліберальнай” палітыкі ў сьвеце – шмат у чым супадаюць з дэструктыўнай, беларусафобскай, з элементамі сатанізму, палітыкай Лукашэнкі.

Тое, што “лібералы” разбураюць і саму заходнюю цывілізацыю, як сістэму нацыянальных дэмакратый, таксама даўно вядома. Тут цікавымі ёсьць ужо ня проста самі факты – іх больш чым дастаткова – а пратэсты супраць такой палітыкі з боку прадстаўнікоў аўтарытэтных заходніх навукова-дасьледчых цэнтраў, такіх, напрыклад, як Хадсанаўскі інстытут у ЗША. Яго супрацоўнік Поль Бельен нядаўна так і напісаў у “The Washington Times“ (nashaziamlia.org/2007/06/30/737): “Імкнучыся разбурыць нацыянальную адданасьць, Еўразьвяз адначасова зьнішчае свабоду, адказнасьць і дэмакратыю. Еўракратыя накіраваная на зьнішчэньне ранейшай нацыянальнай адданасьці еўрапейскіх народаў і на стварэньне на яе месцы касмапалітычнай абыякавасьці”.

Падыходзячы да больш вузкага пытаньня – пра сувязь паміж ліберальнымі рэформамі й дэмакратызацыяй – варта нагадаць дасьледваньне, зробленае брытанскім часопісам Economist аб эканамічнай і палітычнай сытуацыі ў краінах Усходняй Эўропы і былога СССР (nashaziamlia.org/2007/07/28/802). У справаздачы навукоўцаў сярод іншага гаворыцца: “… Бясспрэчныя эканамічныя посьпехі [у гэтым рэгіёне. – Рэд.] спалучаюцца з шэрагам крызісных зьяваў у палітыцы – у краінах (асабліва ў некаторых краінах СНД) узмацняюцца аўтарытарныя тэндэнцыі… Уступленьне ў Эўразьвяз зьменшыла рашучасьць краін [Усходняй Еўропы. – Рэд.] дамагацца кансалідацыі сваёй дэмакратыі [іншымі словамі, уступленьне ў ЕЗ затармазіла разьвіцьцё дэмакратыі ва ўсходне-еўрапейскіх краінах! – Рэд.]… Адзначаецца дысбаланс паміж палітычнымі й эканамічнымі адносінамі Захаду, у прыватнасьці, Эўразьвязу і Расеі. Эканамічнае супрацоўніцтва і плыні інвэстыцый імкліва растуць, але палітычныя адносіны абвастраюцца па ўсіх кірунках”.

Сёньня на Захадзе разуменьне таго, што ліберальныя рэформы НЕ ВЯДУЦЬ да дэмакратызацыі грамадстваў становіцца агульным месцам. У якасьці яшчэ адной ілюстрацыі гэтага мы падавалі артыкул Патрыцыі Коэн у “The New York Times” пад красамоўнай назвай “Рынак і свабода не такія ўжо неразлучныя” (nashaziamlia.org/2007/07/28/801). Для тых, каму няма часу чытаць увесь артыкул, прывядзем некаторыя вытрымкі:

– Разьвіцьцё падзеяў ва ўсім сьвеце – ад Кітая, які дамогся ўражвальнага эканамічнага росту, нягледзячы на кіраваньне Камуністычнай партыі, да Расеі, дзе прэзідэнт Уладзімір Пуцін разагнаў апазіцыю, і Венесуэлы, дзе нязгодным таксама не даюць слова – падрывае тэорыю, што капіталізм і дэмакратыя – два бакі аднаго медаля; тэорыю, якая была папулярнай ня толькі ў акадэмічных колах, але і ў адміністрацыях амерыканскіх прэзідэнтаў – як рэспубліканцаў, так і дэмакратаў. … Цяпер ад векавой тэорыі, у адпаведнасьці зь якой дэмакратыя і капіталізм ня могуць абысьціся адзін без аднаго (як Пэрыс Хілтан і папарацы), адступаюцца і ліберальныя, і кансерватыўныя інтэлектуалы, нават тыя, хто раней былі яе гарачымі прыхільнікамі.

– “У пачатку 1990-х былі вялікія спадзевы, – кажа Майкл Мэндэлбаўм, аўтар кнігі ‘Добрае імя дэмакратыі’, якая рыхтуецца да выданьня. – Існавала вера ў тое, што рост прыбыткаў створыць сярэдні клас, які стане выступаць за асабістую свабоду і змагацца за палітычную ўладу. Лічылася, што пераломны момант наступае, калі даходы на душу насельніцтва дасягаюць адзнакі 6-8 тысячаў даляраў”. Аднак калі свабодны рынак пры аўтарытарнай уладзе зьявіліся на Каўказе, у Цэнтральная Азіі, Лацінскай Амерыцы і Расеі, першапачатковы аптымізм адносна трыюмфальнага маршу дэмакратыі згас… Досьвед ЗША, дзе дэмакратыя і капіталізм узьніклі ў адзін час, – хутчэй анамалія, чым мадэль для ўсяго іншага сьвету.

– “Скрайне памылкова лічыць, што дастаткова мець канстытуцыю і выбары, і ў вас ужо гатовая дэмакратыя. Гэта сапраўды глупства, – кажа Брус Скот, эканаміст Гарвардскай школы бізнэсу. – Капіталізм цалкам неабавязкова вядзе да дэмакратыі. Адзінае, пра што можна казаць з упэўненасьцю, – гэта тое, што капіталізм безупынна вядзе да павелічэньня разрыву ў даходах, і гэта непазьбежна стане несумяшчальным з дэмакратыяй”.

– “Мала што здаецца такім важным для ўмацаваньня свабоды, – напісаў нядаўна лорд Дарэндорф, прафесар бярлінскага Цэнтру сацыялагічных дасьледваньняў, – чым аддзяленьне капіталізму ад дэмакратыі ў сьвядомасьці людзей”. Інакш будзе рост расчараваньня.

Такім чынам, заяву вядомага Віка, што “ліберальныя эканамічныя рэформы ў Беларусі прывядуць да дэмакратыі”, ужо даўно трэба лічыць альбо глупствам неадукаванага чалавека (першае), альбо наўмыснай дзейнасьцю, скіраванай на ўкараненьне ў пакуль непаінфармаванае беларускае грамадства памылковага меркаваньня, натуральна, з соцыяпаразітнымі мэтамі (другое). Якая з дадзеных гіпотэзаў больш адпаведная што да пана Віка, мы разьбіраць ня будзем, бо ён нам нецікавы. Нашмат цікавей пайсьці далей. Аказваецца, ёсьць людзі, якія заўважылі, што эканамічная лібералізацыя ў глабальным маштабе ня толькі не спрыяе дэмаратыі, але горш за тое – спрыяе ўмацаваньню і пашырэньню ў сьвеце дыктатарскіх рэжымаў. У доказ прыводзім артыкул Роберта Кагана (гл. фота ўверсе справа), які пададзены ніжэй.

2.

ДЫКТАТАРЫ ВЯРНУЛІСЯ: А МЫ ГЭТАГА НІБЫ НЕ ЗАЎВАЖАЕМ

Роберт Каган (артыкул быў надрукаваны ў “The Sunday Times“, Вялікабрытанія, у красавіку г.г.; аўтар лічыцца нэакансерватарам, быў дарадцам Дж.Макейна па вонкавай палітыцы). Друкуецца паводле www.inosmi.ru/translation/241035.html.

“Апошнія гады сталі часам пад’ёму вялікіх аўтакратый Расеі й Кітая; зноў узяліся за зброю радыкальныя ісламісты. Тым часам ліберальны сьвет раздроблены, ён стала адуважваецца на самыя розныя праблемы, як важкія, так і дробныя. Вялікія дэмакратыі лаюцца адна з адной, спрачаюцца, хто зь іх самы маральны; яны абмяркоўваюць глыбокія падпункты міжнароднага права; яны спрачаюцца аб тым, якая сіла лепшая – “жорсткая” ці “мяккая”; яны, нарэшце, не страчваюць ніводнага выпадку пазьдзекавацца на тэму маральна-этычных хібаў іншых.

Раскошу ўсіх гэтых дэмакратычных спрэчак цалкам можна сабе дазволіць пад час эры якой-небудзь уяўнай міжнароднай гармоніі. Але ў тых няпростых умовах, у якіх знаходзіцца наш сьвет, такое ні ў якім разе нельга сабе дазваляць сёньня. Гісторыя вярнулася, і сёньня народы ліберальнага сьвету павінны выбіраць: ці яны будуць яе пісаць, ці яе напішуць за іх.

Аптымізм пачатку 1990-х гадоў быў цалкам зразумелы. У той час многія верылі, што з надыходам эры глабальнай эканомікі ў любой краіны не застанецца выбару, апроч як лібералізавацца – спачатку эканамічна, а затым і палітычна [вось вам і прызнаньне. – Рэд.], – калі яна захоча захаваць канкурэнтаздольнасьць і ў выніку выжыць як краіна. Могія верылі ў тое, што жыхары любой краіны будуць натуральным чынам дамагацца эканамічнага дабрабыту і пакінуць ззаду такія атавізмы, як прага славы і міжпляменная нянавісьць, якая стагоддзямі вяла толькі да канфліктаў [няўжо была толькі нянавісьць; а, можа, усё ж была і распрацоўка механізмаў міжнароднага супрацоўніцтва на роўных? – Рэд.]. Трыюмф лібералізму ў вайне ідэяў быў відавочны [відавочна толькі тое, што гэта быў псеўда-трыюмф, ды яшчэ часовы. – Рэд.]. Згодна са знакамітым выразам Фрэнсіса Фукуямы (Francis Fukuyama), “прыйшоў канец гісторыі, калі ў ліберальнай дэмакратыі больш не засталося важкіх ідэалагічных канкурэнтаў”.

Тым ня менш, выявілася, што сьвет назіраў не трансфармацыю, а толькі паўзу ў бясконцым спаборніцтве нацый і народаў [на жаль, у такой форме адбываўся і пакуль адбываецца пошук аптымальнай мадэлі міжнароднага супрацоўніцтва. – Рэд.]. Нацыяналізм ня толькі ня быў зьнясілены хваляй глабалізацыі; яна, наадварот, спарадзіла новую хвалю нацыяналізму [зьвярніце ўвагу, такое мы чуем ад закаранелага псеўда-ліберала… – Рэд.]. Больш за тое, выявілася, што аўтакратыя цалкам сумяшчальная з узрастаньнем нацыянальнага багацьця. Аўтакраты прадэманстравалі здольнасьць да навучаньня і прыстасаваньня. Аўтакратыі Расеі і Кітая знайшлі спосаб дазволіць людзям ажыцьцяўляць адкрытую эканамічную дзейнасьць на тле ўсялякага ўцісканьня дзейнасьці палітычнай. Яны ўбачылі, што, пакуль чалавек робіць грошы, ён не суе нос у палітыку – асабліва, калі ведае, што ў адваротным выпадку нос можна і страціць.

У Расеі бальшыня жыхароў, бадай што, задаволеная сваёй аўтакратычнай уладай. У адрозьненьне ад бурлівай дэмакратыі 1990-х, цяперашні ўрад, прынамсі, здольны падняць узровень іх жыцьця. Намаганьні прэзідэнта Пуціна скампенсаваць прыніжальнае становішча, якое сфармавалася пасьля “халоднай вайны”, і аднавіць вялікасьць Расеі таксама надалі яму папулярнасьць. Яго палітычныя дарадцы лічаць, што “адплата за разбурэньне Савецкага Саюза” дапаможа нам утрымаць уладу”.

Свае высновы з савецкага досьведу зрабілі і кітайцы. Ліберальны сьвет чакаў, што пасьля падзеяў на плошчы Цяньаньмэнь Кітай адновіць курс на дэмакратычную мадэрнізацыю – гэта здавалася непазьбежным [вось вам і яшчэ адно прызнаньне. – Рэд.]. Аднак кіраўніцтва Камуністычнай партыі ізноў жорстка стала на чале нацыі [ды ня “нацыі”, а імперыі. – Рэд.] як даміінуючая сіла. Самыя праніклівыя дасьледчыкі кітайскай палітычнай сістэмы адзначаюць, што сёньня ў ёй кампетэнтнасьць і бязьлітаснасьць з боку кіраўніцтва, якія дапамагаюць яму пераадольваць праблемы па меры іх зьяўленьня, у дастатковай ступені спалучаюцца са спакойным стаўленьнем насельніцтва да аўтарытарнай улады – прынамсі, да таго часу, пакуль працягваецца эканамічны рост.

У доўгатэрміновай персьпектыве падвышэньне ўзроўню жыцьця, можа быць, і прывядзе да памацненьня палітычнага лібералізму – але толькі наколькі далёкая ад нас гэтая доўгатэрміновая персьпектыва? Ня выключана, што занадта далёкая для таго, каб сёньня мець хоць нейкую стратэгічную ці геапалітычную вагу [гэтая персьпектыва настолькі далёкая, што Захад можа сам пасьпець вырадзіцца – з такім бязглуздым, неадказным падыходам да жыцьця – у постліберальныя таталітарныя дыктатуры… – Рэд.]. Ёсьць стары жарт пра тое, што напрыканцы 19 стагоддзя Германія пайша па шляху эканамічнай мадэрнізацыі й праз шэсьць дзесяцігоддзяў усё ж стала паўнапраўнай дэмакратыяй – калі, вядома ж, не зьвяртаць увагу на тое, што паміж гэтымі дзьвюма кропкамі адбывалася. Іншымі словамі, пакуль сьвет чакае пераменаў, у дзьвюх найбуйных краінах гэтага сьвету, Расеі й Кітаі – а гэта больш за паўтары мільярды чалавек насельніцтва і другая ды трэцяя па колькасьці арміі планеты – да ўлады прыйшлі ўрады, якія маюць рашучы намер і далей кіраваць аўтарытарна. Больш за тое, у іх ёсьць усе магчымасьці для таго, каб заставацца ва ўладзе ў бліжэйшай будучыні.

Гэта ня можа не паўплываць на сістэму міжнародных зносін, прычым самым карэнным чынам. Сьвет ужо ня ўступіць у ідэалагічную барацьбу, накшталт “халоднай вайны”. Але новая эра будзе яўна ня эрай “агульналюдскіх каштоўнасьцяў”, а эрай нарастаньня напружанасьці паміж сіламі ліберальнай дэмакратыі й аўтакратыі – напружанасьці, якая часам будзе перарастаць у канфрантацыю.

У апошняе дзесяцігоддзе многім здавалася, што, як толькі кітайцы ды рускія перасталі верыць у камунізм, яны ўвогуле перасталі верыць хоць у нешта [вось, паглядзіце, усяго толькі адной фразай аўтар паказвае сваю абсалютную паліталагічную непісьменнасьць: ну, як можна не заўважаць, што Расея і Кітай – гэта САМЫЯ БУЙНЫЯ ІМПЕРЫІ нашага часу; гэта ж падставовая характарыстыка дадзеных дзяржаўных утварэньняў, зь якой вынікаюць усе іншыя іхныя ўласьцівасьці – у т.л. імкненьне імперыякратыі выкарыстаць што заўгодна для абгрунтаваньня свайго права на захаваньне імперыі; не, дадзены факт ігнаруецца, “перадавая ліберальная думка” яго не заўважае! А потым “лібералы” яшчэ зьдзіўляюцца, адкуль бяруцца праблемы і чаму не працуюць іхныя тэорыі… Цырк! І за што заходнія “навукоўцы” атрымліваюць грошы? Відаць, толькі за адно: ПРАПАГАНДУ ліберастызму. – Рэд.]. Многія думалі, што яны сталі прагматыкамі – людзьмі бяз веры й ідэалогіі, людзьмі, якія проста ідуць за сваімі ўласнымі да нацыянальнымі інтарэсамі. Аднак, як і аўтарытарныя ўладары мінулага, аўтарытарныя кіраўнікі Кітая й Расеі ўсё ж вераць у цалкам вызначаныя, канкрэтныя рэчы. І менавіта гэтыя перакананьні ёсьць рухальнай сілай іх вонкавай і ўнутранай палітыкі.

Яны вераць ў правільнасьць моцнага цэнтральнага ўраду і пагарджаюць слабасьцямі дэмакратычнай сістэмы [ды не “дэмакратычнай”, а ліберастычнай сістэмы; дый не “слабасьцямі”, а заганамі…. – Рэд.]. Яны вераць, што іх нацыям – вялікім і ўнутрана ня моцным – для эканамічнага дабрабыту неабходныя парадак ды стабільнасьць. Яны вераць, што няўстойлівасьць ды хаас дэмакратыі [лібералізму. – Рэд.] могуць уцягнуць іх народы ў жабрацтва ды раскол [пры зьмястоўнай дэмакратыі хааса быць ня можа; тады як усялякая хаатызацыя, а найперш інфармацыйная – гэта аснова лібералістызму. – Рэд.] – і ў выпадку Расеі яны вераць, што гэта так і было. Яны вераць, што, каб іх народы былі моцнымі ды паважанымі ў сьвеце, унутры краіны ім патрэбная “моцная рука”, здольная ахоўваць і прасоўваць іхныя інтарэсы.

Такім чынам, у асобе кіраўнікоў Кітая і Расеі мы маем справу ня проста з аўтакратамі. Гэтыя людзі сапраўды вераць у аўтакратыю. Яны лічаць, што, калі далі людзям парадак, стварылі ўмовы для эканамічнага посьпеху, утрымліваюць нацыю ад распаду і выводзяць яе на пазіцыі, дзе яна можа аказваць міжнародны ўплыў, карыстацца павагай і сілай, яны сапраўды служаць сваім грамадзянам. І сказаць – прынамсі, цяпер, – што большасьць гэтых самых грамадзянаў, жыхароў Расеі ці Кітая, з гэтым ня згодныя, было б даволі неразважліва.

Тым ня менш, як бы ні ўзрасталі багацьце ды ўплыў аўтакратыі, у сучасным сьвеце яна складае меншасьць. Зь дэмакратычных [ліберальных. – Рэд.] Вашынгтона, Лондана, Парыжа, Берліна альбо Брусэля сусьветны ландшафт пасьля “халоднай вайны” выглядае зусім інакш, чым з аўтакратычных Пекіна ці Масквы.

У 1990-я ліберальны сьвет пад кіраўніцтвам Злучаных Штатаў скінуў урады Панамы і Гаіці, двойчы ішоў вайной на Сербію Слабанада Мілошавіча. Міжнародныя няўрадавыя арганізацыі, шчодра фінансаваныя ўрадамі заходніх краін [пацьвярджаем: так і напісана. – Рэд.], навучалі апазіцыйныя партыі й падтрымлівалі выбарныя рэформы ў краінах Цэнтральнай ды Ўсходняй Еўропы і Цэнтральная Азіі. У 2000 годзе фінансаваныя з-за мяжы апазіцыйныя сілы разам зь міжнароднымі назіральнікамі нарэшце скінулі Мілошавіча. Праз год ён ужо стаяў перад Гаагскім трыбуналам.

У 2003-05 гг. заходнія дэмакратычныя краіны і НУА далі празаходнім ды прадэмакратычным партыям ды палітыкам фінансавую і арганізацыйную дапамогу, якая дазволіла ім зрынуць й іншых аўтакратаў – у Грузіі, Кыргызстане, ва Украіне і ў Ліване. У гэтых рэвалюцыях еўрапейцы ды амерыканцы бачылі праяву натуральнага імкненьня чалавецтва да адзіна магчымай кропкі палітычнай эвалюцыі – ліберальнай дэмакратыі [“ліберальная дэмакратыя – адзіна магчымая кропка палітычнай эвалюцыі”?; цырк у вар’яцкім доме!; “ліберальная дэмакратыя” – вышэйшая каштоўнасьць нэакансерватара!; яшчэ адзін цырк! – Рэд.].

Лідары ж Масквы і Пекіна, якія глядзелі зь іншага палітычнага ракурсу, бачылі дзяржаўныя перавароты, якія рабіліся на заходнія грошы, інспіраваліся ЦРУ і мелі ў якасьці мэты ўмацаваньне гегемоніі Амерыкі ды яе еўрапейскіх саюзьнікаў. Паўстаньні ва Украіне і ў Грузіі яшчэ больш атруцілі стасункі паміж Расеяй і Захадам; пасьля іх Крэмль яшчэ больш умацаваўся ў сваім рашэньні разгарнуць сваю вонкавую палітыку на 1800.

Пуцін спужаўся, што прыклады Украіны ды Грузіі могуць паўтарыцца і ў Расеі. Менавіта таму ў 2006 годзе ён паставіў дзейнасьць усіх НУА ў Расеі пад свой кантроль; дзе гэтага нельга было зрабіць – абмежаваў правы гэтых арганізацый альбо проста зачыніў іх. Некаторым падобныя страхі могуць падацца абсурдам альбо хітрасьцю – але нейкі грунт пад імі ўсё ж ёсьць, бо пасьля “халоднай вайны” трыюмфатары лібералізму вырашылі дадаткова ўмацаваць яго трыюмф і ўвесьці права “міжнароднай супольнасьці” ўрывацца ў справы сувярэнных дзяржаў, якія парушаюць правы сваіх грамадзян, у ранг новага прынцыпу міжнародных стасункаў.

Міжнародныя НУА ўрываюцца ва ўнутраную палітыку дзяржаў; такія міжнародныя органы, як Арганізацыя па бесьпецы і супрацоўніцтву ў Еўропе (АБСЕ), выносяць меркаваньні аб чысьціні выбараў; юрысты-міжнароднікі пачынаюць казаць пра такія навацыі ў міжнародным праве, як “абавязковасьць бараніць” альбо “дабраахвотная адмова ад суверэнітэту[нейкая новая псеўда-ліберальная лухта. – Рэд.]. У тэорыі гэтыя навацыі павінны прымяняцца да ўсіх без выключэньняў. На практыцы ж яны даюць ліберальным краінам права ўрывацца ў справы неліберальных краін.

Гэта і стала адной з вялікіх кропак расколу ў гісторыі міжнароднай сістэмы. На працягу трох стагоддзяў міжнароднае права зь яго канцэпцыяй недатыкальнасьці ўнутранай палітыкі сувярэнных краін фактычна бараніла аўтакратаў. Сёньня ліберальны сьвет паступова разбурае гэтую сьцяну [якія сьцены маюць права бурыць ліберасты, калі яны ня ў стане нават голасна заявіць пра ЭТНАЦЫД і схаваны ГЕНАЦЫД у Беларусі ці прамы ГЕНАЦЫД у Чачні?! – Рэд.], а аўтакраты прыкладаюць намаганьні, каб абараніць прынцып непарушнасьці суверэнітэту [вайна ў Грузіі паказала памылковасьць гэтага меркаваньня; аўтакраты парушаюць чужы суверэнітэт з такой жа лёгкасьцю, як і ліберасты; усе імперыялісты маюць падобныя звычкі. – Рэд.].

Для Расеі й Кітая вайна ў Касава [у Сербіі. – Рэд.] ў 1999 годзе стала нашмат большым раздражняльнікам, чым вайна ў Іраку ў 2003 годзе. Абедзьве краіны былі супраць умяшальніцтва НАТА – і далёка ня толькі таму, што пад бамбардаваньне з амерыканскага самалёта трапіла амбасада Кітая, а ўдар НАТА адбыўся па славянах-сербах – далёкіх крэўных рускіх. Справа ў тым, што, калі Расея ў Радзе Бясьпекі ААН заявіла, што заблакуе ванную аперацыю, НАТА проста пераступіла праз ААН і ўзяла на сябе права пачаць вайну – г.зн. неўтралізавала адну зь нешматлікіх геапалітычных прыладаў, якая была ў Расеі. Прайшлі гады, а Пуцін усё яшчэ не забывае казаць, што краіны Захаду павінны “спыніць ігнараваць міжнароднае права” і не павінны спрабаваць “выкарыстоўваць НАТА альбо ЕЗ у якасьці падмены ААН”.

Зь юрыдычнага пункту гледжаньня пазіцыі і рускіх, і кітайцаў былі моцнымі. У той час нават такі аўтарытэт, як Генры Кісінджар, папярэджваў, што “рэзкая адмова прызнаваць канцэпцыю нацыянальнага суверэнітэту” нясе ў сябе рызыку поўнага адвязваньня сьвету ад якіх бы ні было нормаў міжнароднага парадку. Злучаныя Штаты не зьвярнулі ўвагу на гэтыя папярэджваньні, што, у прынцыпе, для іх натуральна – урэшце, за сваю гісторыю яны дзясяткі разоў куды-небудзь урываліся і скідвалі ўрады сувярэнных краін. Але на гэты раз юрыдычныя тонкасьці адкінула нават постмадэрновая Еўропа, якая вырашыла, што інтарэсы маралі – як яна яе бачыць – для яе больш важкія.

І вось у гэты момант ліберальная мадэль і міжнароднае права ўступілі паміж сабой у канфлікт [зьмястоўна-дэмакратычная мараль у такі канфлікт не ўступіла б. – Рэд.], і ліберальныя дэмакратыі аказаліся ня ў стане прымірыць іх паміж сабой. Нездарма кітайскія чыноўнікі й сёньня працягваюць задаваць тое ж пытаньне, што і ў час падзеяў на плочы Цяньаньмэнь: “Якое права мае ўрад Злучаных Штатаў… на непрыхаванае ўварваньне ва ўнутраныя справы Кітая”?

А сапраўды, адкуль можа ўзяцца такое права? Толькі зь веры ў ліберальныя каштоўнасьці [не, гэтыя каштоўнасьці завуцца гуманістычнымі, але ліберасты да іх ня маюць ніякага дачыненьня. – Рэд.]; у тое, што ўсе людзі на Зямлі створаны роўнымі, і што ва ўсіх іх ёсьць неад’емныя правы [cярод іх права быць гаспадаром на ўласнай зямлі. – Рэд.], якія ня могуць быць абмежаваныя дзяржаўнай уладай [і ня толькі “дзяржаўнай”, а і ўладай міжнародных паразітаў. – Рэд.], што крыніцай улады і легітымнасьці ўлады можа быць толькі згода тых, на каго гэтая ўлада накіравана, і што абавязак уладаў – бараніць права сваіх грамадзянаў на жыцьцё, свабоду і ўласнасьць [а дзе пра абавязкі, без якіх не бывае соцыюма?.. – Рэд.].

З пункту гледжаньня тых, хто падзяляе гэтую ліберальную веру, вонкавая палітыка і нават вайна ў абарону гэтых прынцыпаў, як у Косава, ёсьць справа правільная, нават калі ў адпаведнасьці з усталяванымі прынцыпамі міжнароднага права яна ёсьць справай няправільнай. Аднак з пункту гледжаньня кітайцаў, рускіх і ўсіх, хто акрамя іх не падзяляе гэты погляд на сьвет, у Злучаных Штатаў й іхных саюзьнікаў атрымліваецца накінуць свае погляды іншым народам не таму, што яны правыя, але толькі з-за таго, што яны дастаткова моцныя, каб гэта рабіць. З пункту гледжаньня нелібералаў, ліберальны сусьветны міжнародны парадак – гэта не прагрэс, а прыгнечаньне [з пункту гледжаньня сапраўдных зьмястоўных дэмакратаў ліберальны міжнародны парадак – гэта не прагрэс, а сьвядомая хаатызацыя і дэградацыя сьвету ў імя соцыяпаразітных мэт глабалісцкай фінансавай алігархіі; і гэта ёсьць вялікай праблемай для сьвету. – Рэд.].

І гэта ня проста абстрактная спрэчка пра тэорыі й тонкасьці міжнароднай юрыспрудэнцыі. Гэтая спрэчка закранае фундаментальныя пытаньні легітымнасьці ўлады, якія для аўтакратаў могуць быць пытаньнямі жыцьця ці сьмерці. Кітайскія кіраўнікі не забылі, што, калі б сілы ліберальна-дэмакратычнага сьвету ў 1989 годзе перамаглі, дык пасьля плошчы Цяньаньмэнь яны сядзелі б не ва ўладных кабінетах, а ў турэмных камерах – а то і горш.

Амерыканскія й еўрапейскія палітыкі стала гавораць пра тое, што яны хацелі б інтэграцыі Расеі й Кітая ў ліберальны міжнародны парадак, але ў тым, што кітайскія і расейскія палітыкі не выказваюць асаблівай ахвоты гэта рабіць, няма нічога дзіўнага. Ці могуць аўтакраты ўвайсьці ў ліберальны міжнародны парадак, не саступіўшы ў нечым сілам лібералізму? [ну, вось, пра дэмакратыю ўжо ні слова! – Рэд.].

Яны баяцца пачуць адказ на гэтае пытаньне – і, зноў жа, няма нічога дзіўнага ў тым, што яны імкнуцца адсунуць ад сябе гэтую персьпектыву. І трэба сказаць, што робяць яны гэта не бяз посьпеху. Яны не прымаюць новыя прынцыпы абмежаванага суверэнітэту і аслабленай міжнароднай абароны аўтакратаў; больш за тое, Расея зь Кітаем імкнуцца ўсяляк умацаваць міжнародны парадак, дзе вышэйшай каштоўнасьцю прызнаецца нацыянальны суверэнітэт [напад на Грузію паказаў, што гэта ня так. – Рэд.], здольны абараніць аўтарытарныя ўрады ад замежнага ўмяшальніцтва [нацыянальны суверэнітэт прызначаны для таго, каб бараніць суверэнітэт нацыі, а не аўтакратычнай бюракратыі; але ліберастам гэтага не зразумець, а дакладней яны робяць выгляд, што не разумеюць гэтага; бо ім пазарэз патрэбна зьнішчыць аўтарытэт нацыянальнага суверэнітэту ў міжнародных зносінах… – Рэд.].

Расеі й Кітаю трэба, каб сьвет стаў для аўтакратыі больш бясьпечным. І яны – чаго і варта было чакаць – пасьпяхова рухаюцца да гэтай сваёй мэты. Так, яны больш не займаюцца экспартам ідэалогіі, але ў аўтакратаў зь іншых краін (асабліва, калі супраць іх выступілі ліберальныя дэмакратыі) зьяўляецца – і зьдзяйсьняецца – магчымасьць знайсьці зь імі блізкую душу. Кітайцы даюць нічым не абмежаваную дапамогу дыктатарам у Афрыцы ды Азіі, падрываючы спробы “міжнароднай супольнасьці” прымусіць гэтыя краіны пачаць рэформы – што ў практычным плане часта, напрыклад, як у Бірме ды Зімбабвэ, азначае зьмену рэжыму. Што да Расеі, дык яе мадэль “сувярэннай дэмакратыі” вельмі папулярная сярод аўтакратаў Цэнтральнай Азіі.

Іншымі словамі, у сьвеце ідзе глабальнае суперніцтва. Як выказаўся міністар замежных спраў Расеі, “упершыню за апошнія паўтары дзясяткі гадоў ствараецца рэальнае кункурэнцыйнае асяроддзе на рынку ідэй сьветаўладкаваньня”. І ў тым, што Захад “губляе манаполію на працэс глабалізацыі”, Расея бачыць толькі адныя плюсы.

Цяперашняе суперніцтва – не “другая серыя халоднай вайны”. Аднак нішто не перашкаджае думаць ужо сёньня пра тое, як будзе выглядаць сьвет, як будзе выглядаць Еўропа, калі дэмакратычныя рухі ва Украіне і ў Грузіі зыдуць у нішто альбо будуць зрынутыя звонку, калі дзьве гэтыя краіны стануць аўтакратыямі, шчыльна зьвязанымі з Масквой. Настолькі карысна было б падумаць і пра тое, які ўплыў будзе аказаны на Ўсходнюю Азію, калі Кітай сілай раздушыць дэмакратычную сістэму Тайваня і замест яе створыць сяброўскую ў адосінах да сябе аўтарытарную краіну.

Можа быць, вайны ня будзе [супакоіў… – Рэд.]. Аднак глабальнае суперніцтва паміж урадамі ліберальных і аўтарытарных краін у бліжэйшыя гады можа абвастрыцца. Будучы сусьветны парадак будуць вызначаць тыя, у каго хопіць на гэта сілы і калектыўнай волі. Пытаньне толькі ў тым, ці здолеюць ліберальныя дэмакратыі сьвету зноў напружыцца і вырашыць гэтую задачу”.

3.
Ад рэдакцыі:

У дадзеным артыкуле мы таксама знайшлі пацьверджаньне таго, што раней заходнія лібералы на поўным сур’ёзе лічылі, што лібералізацыя эканамічнага жыцьця вядзе да дэмакратыі, як і пазьнейшае самапрызнаньне памылковасьці гэтых поглядаў. Але адначасова мы дадаткова даведаліся шмат новага.

Сярод іншага, напрыклад, наступнае:

– што нэакансерватары – гэта на справе агрэсіўныя псеўда-лібералы;

– што яны лічаць усе рэжымы, акрамя ліберальнага, аўтарытарнымі, а псеўда-лібералізм, які цяпер пануе ў заходнім сьвеце – вяршыняй палітычнай эвалюцыі ўсёй людскай цывілізацыі (і гэта нягледзячы на тое, што яны ўжо самі бачаць некаторыя памылкі ў сваіх ранейшых поглядах); падобнае стаўленьне да сваіх поглядаў надзвычай нагадвае паводзіны камуністаў СССР ўсяго за некалькі гадоў да іх поўнага ганебнага фіяска;

– што лібералы, паколькі яны цяпер на кані, прапануюць укараніць у міжнародныя адносіны прынцып “абмежаванага суверэнітэту”;

– што лібералы называюць псеўда-лібералізм “ліберальнай дэмакратыяй, а бюракраты-аўтакраты свой лад – “сувярэннай дэмакратыяй”. На самой справе і тыя, і тыя замест вырашэньня праблемы прагрэсіўнага разьвіцьця сьвету ў гуманістычным кірунку раўнааддаліліся ад таго, што ёсьць сапраўднай, зьмястоўнай дэмакратыяй, і праз гэта стварылі патэнцыял чарговага глабальнага канфлікту. Гэта ёсьць вялікая праблема;

– што тармажэньне працэсу дэмакратызацыі сьвету і шырокае вяртаньне дыктатарскіх рэжымаў абумоўлена тым, што “Захад” апошнія дзесяцігоддзі падсоўвае сьвету не дэмакратыю, а псеўда-лібералізм (аўтар артыкула робіць выгляд, быццам бы гэтага не разумее – не баіцца выглядаць невукам, не баіцца быць абсьмяяным!). Як вынік, заходняя цывілізацыя пачынае здаваць свае пазіцыі, а дыктатарскія, аўтарытарныя, імперскія рэжымы ўмацоўваюцца. Гісторыя, закапаная ліберастамі на чале з Фукуямай у магілу “канца гісторыі”, паўстае адтуль у яшчэ больш страшным, небясьпечным выглядзе…

Мы лічым, што зыходная ж прычына таго, што Захад дэградаваў з дэмакратыі ў псеўда-лібералізм, заключаецца ў тым, што так жадае глабалісцкая фіналігархія. Апошняя вырашыла прапіхнуць свой соцыяпаразітны інтарэс на глабальны маштаб, а ўсялякія фукуямы ды каганы – гэта яе найміты. Усё гэта надзвычай небясьпечна для ўсяго сьвету, а таму варта таго, каб быць зафіксаваным у выглядзе чаргована прынцыпу Беларускай дактрыны.

Д пр-п 108: псеўда-ліберальная ідэалогія, грамадска-палітычная практыка і прапаганда, якія сёньня апанавалі ўвесь заходні сьвет і актыўна накідаюцца сьвету незаходняму, прэтэндуючы быць “вяршыняй грамадска-палітычнай эвалюцыі” людскай цывілізацыі, вельмі далёка адышлі ад таго, што ёсьць сапраўднай дэмакратыяй. На справе яны зьяўляюцца тым, што адводзіць чалавецтва ў бок ад шляху сапраўды гуманістычнага прагрэсіўнага разьвіцьця, зьвязана з фармаваньнем гарманічнай сістэмы шматлікіх нацыянальных дэмакратый. “Лібералізацыя эканомікі”, дэмаграфічная і культурная касмапалітызацыя, якія настойліва прасоўваюць сёньня заходнія псеўда-лібералы, ня толькі не вырашаюць актуальных грамадска-палітычных праблем чалавецтва, а і спрыяюць ўмацаваньню ды разьвіцьцю аўтарытарна-дыктатарскіх рэжымаў (прычым, ня толькі праз ускосную, а і праз прамую падтрымку дыктатараў, як сёньня ў Беларусі). Гэтым яны небясьпечна падзяляюць сьвет на ўсё больш варожыя лагеры. Апошняе нясе ў сябе вялікую гістарычную небясьпеку для мірнай будучыні ўсяго чалавецтва. Галоўным ініцыятарам глабальнага прасоўваньня псеўда-ліберальнай ідэалогіі й практыкі зьяўляецца такая соцыя-паразітная сіла, як глабалісцкая фінансавая алігархія.

2 каментарыя

  1. Вялікі дзякуй рэдакцыі за такі змястоўны артыкул. Сярод беларускіх СМІ – гэта адзіны сайт, які так падрабязна і дакладна разпавядае аб тым, што робіцца за кулісамі. Свет сапраўды падзелены на два варожыя лагеры і ні адзін з іх не думае пра людзей. Вельмі уражвае тое, што фіналігархія хоча увесці такі статус, як агранічаны сувернітэт нацыі. Гэта хто ім даваў на гэта права? Па якому праву яны лічаць нас недачалавекамі? І як можа наша апазыцыя ісці на нейкія стасункі (ці з Усходам, ці з Захадам) не маючы такога аналітычнага цэнтру, як гэты сайт? Як кажуць “суюся ў воду, не знаючы броду”. Я ведаю адно, што ў краінах Захаду вядзецца палітыка нацковання грамадзянаў супраць іншаземцаў. А іншаземцы (выхадцы з абкрадзеных краінаў) імкнуцца пазбавіцца ад рабаўнікоў бегствам у больш развітыя краіны. Вось і завязваецца канфліктная сітуацыя паміж народамі. Толькі яе чамусці не тушаць, а наадварот разпальваюць. Каму гэта выгадна? Каму заўгодна, але не нам, бедным беларусам.

  2. Siarhiej кажа:

    У артыкуле Роберта Кагана не ўлічаны вельмі істотны фактар: Тэхналогіі. Новыя техналогіі дазволілі дыктатарам падвысіць узровень жыцця без палітычных зменаў. Не ўзгадываецца такая з’ява як фармаванне Інфармацыйнай магістралі.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы