nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Пра “Карту Муда́ка”, тэхналогію махлярства і падліньніка-сьцярвятніка, які косіць пад белага арла (частка 1)

30 снежня, 2008 | 7 каментарыяў

Барыс Керзач, Віталь Хромаў, Алесь Астроўскі

�а�одн�� �����.jpg

Адразу мусім папярэдзіць пра некалькі рэчаў. Па-першае, многія, напэўна, ужо здагадаліся, што гаворка пойдзе пра вэрхал вакол г.зв. “Карты паляка”, і падумалі (у адпаведнасьці са знакамітай беларуска-літвінскай культурай і сьціпласьцю – “барані Божа, каб каго не пакрыўдзіць”…): ці не занадта крута гучыць загаловак? Хочам запэўніць: не хвалюйцеся – не занадта. Кожнае слова тут адпавядае форме і зьместу матэрыяла, выкладзенага далей, і надзейна абгрунтаванае – нідзе мы ня выйшлі за сьцяжкі, выстаўленыя апанентамі. Па-другое, пасьля ўзгаданага вэрхалу, які ўсчаўся ў афіцыйных і “незалежных” СМІ РБ з нагоды “карты”, прайшло 11 месяцаў. Часу больш чым дастаткова, каб мог выказацца кожны, хто прэтэндуе на ролю палітычнага лідэра беларускай нацыі – ад Пазьняка, Вячоркі, Мілінкевіча, Шушкевіча да Лябедзькі, Калякіна, Казуліна, іншых. Яны не выказаліся. Дэманстратыўна. Што ж, зноў інтарэсы беларусаў-літвінаў будзем бараніць мы! (хаця, вядома, пытаньне цікавае: як ты хочаш быць лідэрам беларускай нацыі, калі ўхіляешся ад яе справядлівай абароны?). Па-трэцяе, заключны эпізод косаўскіх падзей і асабліва агрэсія Расеі супраць Грузіі, якія адбыліся ў названы прамежак часу, паказалі такія механізмы анэксіі, якія цяпер здольны прымусіць паставіцца сур’ёзней да акцыі польскіх імперскіх колаў нават закаранелых скептыкаў… І апошняе: паколькі гаворка ідзе пра “карту”, мы вырашылі пачаць артыкул з дэманстрацыі мапы беларуска-літвінскіх Заходніх крэсаў. Далей гэтая мапа нам яшчэ прыдасца…


1.

Пачнем са зьместу “Карты паляка”.

Тэкст, у якім падрабязна апісваецца зьмест акцыі, на польскай і беларускай мовах пададзены тут: www.poland.gov.pl/files/banery/KPbialorus.pdf (першая крыніца), а на польскай і расейскай мовах тут: www.kaliningradkg.polemb.net/index.php?document=101 (другая крыніца).

Ніжэй пададзена ўсё, што напісана на нашай мове ў першай з пададзеных крыніц зь нязначнымі праўкамі. У гэтым тэксьце намі падкрэсьлены тыя моманты, якія маюць істотнае значэньне для далейшага аналізу і высноваў.

КАРТА ПАЛЯКА – НОВЫЯ ПРАВЫ ДЛЯ ПАЛЯКАЎ НА ЎСХОДЗЕ

Рэспубліка Польшча

Плошча: 312.685 квадратных кіламетраў (68 месца ў свеце).

Колькасць насельніцтва: 38 мільёнаў 518 тысяч (32 месца ў свеце).

Сталіца: Варшава (каля 2 млн. жыхароў).

Буйнейшыя гарады: Кракаў (760 тыс.), Лодзь (760 тыс.), Вроцлаў (630 тыс.), Познань (580 тыс.), Гданьск (460 тыс.).

Палітычны лад: парламенцкая дэмакратыя.

Асноўныя дзяржаўныя святы: 11 лістапада – гадавіна здабыцця незалежнасці (1918 г.), 3 траўня – гадавіна прыняцця Канстытуцыі І Рэчы Паспалітай (1791 г.).

Насельніцтва: 96,6% – палякі, акрамя таго сілезцы (0,45%), немцы (0,40%), беларусы (0,14%), украінцы (0,05%).

Сярэдняя працягласць жыцця жанчын 78 год, мужчын – 69 год.

Рэлігіі: каталікі (34,2 млн – каля 90%), акрамя таго, у прыватнасці, праваслаўныя (0,5 млн), евангелісты розных плыняў (каля 130 тыс.), Сведкі Іегавы (130 тыс.).

Валюта: польскі злоты (100 грошы); на сённяшні дзень 1 еўра = 3,75 зл., 1 даляр = 3,72 зл.; інфляцыя: каля 1,5% (2006)

Гадавы ўнутраны валавы прадукт (УВП) – 560 млд даляраў (25 месца ў свеце ў 2006 г.); УВП у пераліку на кожнага жыхара – 14.500 даляраў

Шаноўнае спадарства! Палякі!

З вялікім гонарам, задавальненнем і, адначасова, вялікім узрушэннем я падпісаў адзін з найважнейшых дакументаў, падрыхтаваны урадам Рэспублікі Польшча, – Закон “Аб карце паляка”. Дзякуючы ёй, польскія ўлады аддаюць вялікі доўг у адносінах да некалькіх мільёнаў суайчыннікаў [відаць, маюцца на ўвазе супляменьнікі? а, можа, гэта намёк? – Рэд.], якія – звычайна не з уласнае віны, а у выніку пасляваеннага перасоўвання межаў на захад – апынуліся па-за межамі Бацькаўшчыны. Нягледзячы на самыя складаныя ўмовы: забарону выкарыстоўваць польскую мову, адсутнасць капліц і касцёлаў для малітвы, пагрозы трапіць у вязніцу ці страціць працу, моцнага савецкага ціску – палякі на тэрыторыі былога СССР заставаліся польскімі патрыётамі, падтрымлівалі традыцыі бацькоў, клапаціліся пра пахаванні продкаў, захоўвалі мову, хаця б у малітве. І вытрымалі! І сёння яны з’яўляюцца часткай ганаровага польскага народа.

Я сам ведаю, што значыць стаць ахвярай несправядлівага гістарычнага лёсу. Мае бацькі 1 верасня 1939 г. уехалі ў нядаўна набыты домік у Берасці, на Бугу. Праз тры тыдні туды ўвайшлі злачынныя савецкія падраздзяленні, а бацькі – уцякаючы ад рабункаў – трапілі ў родную Варшаву і там вытрымалі нямецкую акупацыю. Частка маёй сям’і з даўніх польскіх Крэсаў, і таму лёс землякоў на ўсходзе – тых, хто ніколі не адрокся ад сваёй Бацькаўшчыны, але з-за змены межаў перастаў быць яе грамадзянінам, – мне асабліва блізкі.

Карта паляка – гэта дакумент, які – хоць не дае польскага грамадзянства – вяртае нашым суайчыннікам з усходу многія належныя ім правы. Вы зможаце вучыцца і працаваць у нашай краіне, як іншыя грамадзяне. Вы зможаце прыязджаць, не плацячы за візы.

Я спадзяюся, што карта паляка – дакумент, які пацвярджае прыналежнасць да польскага народа – прынясе Вам задаваленне. На працягу шматлікіх год Вы насілі ў сэрцы белага арла. Сёння ўлады Рэспублікі Польшча вяртаюць Вам дакумент з арлом. Ганарыцеся ім! Польшча Вас чакае!

Лех Качыньскі, Прэзідэнт РП

Найважнейшыя прывілеі для суайчыннікаў

Карта паляка – гэта дакумент, які пацвярджае прыналежнасць да польскага народа. Уладальнік карты паляка мае правы, акрэсленыя Законам “Аб карце паляка”, прынятым сеймам Рэспублікі Польшча 7 верасня 2007 года. Закон уступае ў сілу праз шэсць месяцаў з дня абвешчання ў Моніторы Польскім, г.зн. ў апошнія дні сакавіка 2008 г.

Асоба, якая мае карту паляка:

– можа бясплатна атрымліваць побытавую, доўгатэрміновую, шматразовую візу для перасячэння мяжы Рэспублікі Польшча,

– можа легальна працаваць на тэрыторыі Рэспублікі Польшча без наяўнасці дазволу на працу,

– можа весці ў Рэспубліцы Польшча эканамічную дзейнасць на такіх жа ўмовах, як і польскія грамадзяне,

– можа карыстацца ў Польшчы бясплатнай сістэмай адукацыі на пачатковым, сярэднім і вышэйшым узроўні на такіх жа ўмовах, як і польскія грамадзяне, і, у той жа час, звяртацца з просьбай выдзеліць стыпендыю і навуковую дапамогу, прызначаную іншаземцам, якія вучацца ў Польшчы ці атрымліваюць вышэйшую адукацыю,

– у раптоўных выпадках можа карыстацца ў Польшчы бясплатнай медыцынскай дапамогай на такіх жа ўмовах, як і польскія грамадзяне:

– можа карыстацца 37% ільготамі падчас чыгуначных паездак на тэрыторыі Польшчы,

– можа бясплатна наведваць дзяржаўныя музеі ў Польшчы,

– можа ў першую чагу звяртацца па фінансавыя сродкі з дзяржаўнага бюджэту Рэспублікі Польшча ці з бюджэту гміннага самакіравання у Польшчы, прызначанага на падтрымку палякаў за мяжой.

Карта – гэта не грамадзянства

Увага! Атрыманне карты паляка не азначае надання польскага грамадзянства, права на сталае жыхарства на тэрыторыі Рэспублікі Польшча ці права перасячэння мяжы Рэспублікі Польшча без візы.

Простыя правілы

Карта паляка можа быць выдадзена асобе, якая лічыць, што належыць да польскага народа і, у той жа час:

– ведае польскую мову, прынамсі, на пачатковым узроўні і лічыць яе роднай;

– ведае і прытрымліваецца польскіх традыцый і звычаяў;

– у прысутнасці консула Рэспублікі Польшча або ўпаўнаважанага працаўніка падасць пісьмовую дэкларацыю аб прыналежнасці да польскага народа;

– пацвердзіць, што, прынамсі, адзін за бацькоў ці дзядоў, ці абодва прадзеда былі польскай нацыянальнасці ці мелі польскае грамадзянства. Альбо прадставіць пісьмовае пасведчанне польскай арганізацыі ці паланійнай арганізацыі аб сваёй актыўнай дзейнасці на карысць польскай мовы і культуры ці польскай нацыянальнай меншасці на працягу, прынамсі, апошніх трох год.

Карта толькі для палякаў на ўсходзе

Карту паляка выдаюць выключна асобе, якая не мае польскага грамадзянства альбо дазволу на сталае пражыванне на тэрыторыі Рэспублікі Польшча і мае грамадзянства Рэспублікі Арменіі, Азербайджанскай Рэспублікі, Рэспублікі Беларусь, Эстонскай Рэспублікі, Грузіі, Рэспублікі Казахстан, Кіргізскай Рэспублікі, Літоўскай Рэспублікі, Латвійскай Рэспублікі, Рэспублікі Малдовы, Расійскай Федэрацыі, Рэспублікі Таджыкістан, Туркменістану, Украіны ці Рэспублікі Узбекістан. Карта паляка можа таксама выдавацца той асобе, чыё польскае паходжанне пацверджана згодна з правіламі Закону “Аб рэпатрыяцыі” ад 9 лістапада 2000 г.

Як атрымаць карту паляка?

Найбольш частыя пытанні:

Хто мне выдасць карту паляка?

Карту выдае польскі консул (па месцы жыхарства асобы, якая хоча яе атрымаць). Калі ласка, памятайце, што заява на карту паляка падаецца пісьмова. У консульстве пры выдачы карты паляка не збірацца консульскі збор. Карта паляка з’яўляецца бясплатнай.

Што трэба напісаць у заяве на карту паляка?

У заяве неабходна падаць: імя і прозвішча асобы, якая хоча атрымаць карту паляка, дату і месца нараджэння, пол, адрас пражывання, грамадзянства, нацыянальнасць, грамадзянства і нацыянальнасць бацькоў, дзядоў і прадзедаў, калі на іх паходжанні грунтуецца асоба, якая хоча атрымаць карту паляка.

Да заявы трэба далучыць копію сапраўднага дакументу асобы і копіі дакументаў, якія пацвярджаюць дадзеныя заявы. Гэта могуць быць, напрыклад, польскія дакументы асобы; акты грамадзянскага стану ці іх копіі; метрыкі хрышчэння; школьныя пасведчанні; дакументы, пацвярджаючыя вайсковую службу ў польскіх вайсковых адзінках; дакумент,што пацвярджае факт дэпартацыі ці зняволення; дакумент рэабілітацыі дэпартаванай асобы з запісам аб польскім грамадзянстве ці паходжанні гэтай асобы; замежны пашпарт з пазначэннем польскай нацыянальнасці дадзенай асобы; пасведчанне з польскай ці паланійнай арганізацыі аб актыўнай дзейнасці на карысць польскай культуры, мовы ці польскай меншасці; правамоцнае рашэнне аб польскім паходжанні, выдадзенае ў адпаведнасці з палажэннямі Закону “Аб рэпатрыяцыі”.

Увага! Спіс польскіх i паланійных арганізацый, што маюць права выдаваць такія пасведчанні, будзе абвешчаны у выданні “МоніторПольскі” (даступны ў консульстве).

Заслужаныя асобы пазбягаюць фармальнасцей

Увага! Асабліва заслужаным асобам польскае консульства можа выдаць карту паляка без неабходнасці прад’яўлення пасведчанняў. Таксама консул падчас гутаркі ацэньвае, у якой ступені аўтар заявы, які імкнецца атрымаць карту паляка, ведае польскую мову.

Як доўга сапраўдная карта паляка?

Карта паляка сапраўдная 10 год ад даты выдачы. Не пазней, чым за 3 месяцы да тэрміну заканчэння карты паляка, неабходна звярнуцца з просьбай працягнуць яе на наступныя 10 год. Карта паляка становіцца несапраўднай, калі яе ўладальнік атрымае польскае грамадзянства ці сталы побыт у Рэспубліцы Польшча.

Хто выдае карту паляка?

Асобе, якой прызналі карту паляка, адпаведны дакумент выдае польскі консул ці ўпаўнаважаная ім асоба. Калі гэта толькі магчыма, уручэнне карты паляка павінна адбыцца ўрачыста. У выпадку згубы ці знішчэння карты паляка, консул на падставе заявы ўладальніка карты выдае яе дублікат.

Як карыстацца картай паляка?

Каб выкарыстаць правы, якія гарантуе карта паляка, неабходна прад’явіць яе разам з сапраўдным дакументам асобы.

Калі консул адмаўляе ў выдачы карты паляка?

Консул адмаўляе ў выдачы карты паляка, калі аўтар заявы далучыць да яе дакументы з несапраўднымі дадзенымі асобы ці хлуслівай інфармацыяй, альбо калі аўтар заявы паведаміць няпраўду ці ўтаіць праўду, падробіць дакумент ці нядобрасумленна выкарыстае сапраўдны дакумент. А таксама, калі аўтар заявы выехаў у якасці рэпатрыянта з Польскай Народнай Рэспублікі ў 1944–57 гг. на падставе дамоваў аб рэпатрыяцыі ў адну з краін-бакоў гэтых дамоваў. Карту паляка не атрымаюць таксама асобы, якія ўжо маюць польскае грамадзянства і тыя, хто дзейнічае на шкоду бяспекі, абароны, грамадскага парадку ці фундаментальных інтарэсаў Рэспублікі Польшча.

Яны дапамогуць

Фонд “Дапамога палякам на ўсходзе” дапаможа Вам падрыхтавацца да сустрэчы з консулам. У красавіку 2008 г. на тэрыторыі найбольш кампактнага пражывання палякаў будуць заснаваныя спецыяльныя аддзелы фонду, заданнем якіх будзе непасрэдная дапамога Вам у падрыхтоўцы поўнай і правільна запоўненай заявы з просьбай выдаць карту паляка. Фонд “Дапамога палякам на ўсходзе” больш за 15 год падтрымлівае польскае асяроддзе ў адукацыйнай, медыяльнай, культурнай і грамадскай дзейнасці.

Наш адрас: вул. Яздуф, 10А, 00-467 г. Варшава, www.pol.org.pl, тел.: +48 22 628 55 57

Калі карта паляка становіцца несапраўднай?

Консул анулюе карту паляка, калі яе ўладальнік паводзіць сябе ганебным чынам у адносінах да Рэспублікі Польшча ці палякаў, дзейнічае на шкоду Рэспублікі Польшча, а таксама,калі ўладальнік карты паляка атрымаў польскае грамадзянства ці стала пражывае ў Рэспубліцы Польшча альбо адмовіўся ад карты паляка. Уладальнік абавязаны неадкладна вярнуць консулу ануляваную карту паляка.

Як выглядае карта паляка?

Узор дакументу “карта паляка”, а таксама ўзор заявы, якую неабходна падаць, каб атрымаць карту паляка, акрэсліць Савет міністраў у спецыяльным распараджэнні.

Калі дзіцё можа атрымаць карту паляка?

Калі абодва бацькі маюць карту паляка ці яе мае адзін з бацькоў, а другі выражае ў прысутнасці польскага консула згоду на выдачу дзіцяці карты паляка.

Увага! Згода аднаго з бацькоў неабавязковая, калі яго пазбавілі бацькоўскіх правоў. Калі малалетняму споўнілася 16 год, ён павінен асабіста, у прысутнасці консула, выразіць згоду на атрыманне карты паляка. Карта паляка, выдадзенае малалетняму, становіцца несапраўднай праз год ад дня ягонага паўналецця. Каб гэтага пазбегнуць, неабходна не пазней, чым за тры месяцы да тэрміну заканчэння карты паляка падаць заяву на яе працяг на наступныя 10 год.

Тутaй знойдзеш дaпaмогу

Польскія дыпламатычныя прадстаўніцтвы [далей у тэксьце былі пададзены адрасы польскіх дыпламатычных прадстаўніцтваў; мы іх вырашылі не друкаваць. – Рэд.]

ПОЛЬШЧА І ЯЕ ГІСТОРЫЯ

Тысячагадовая спадчына

Гісторыя польскай дзяржавы сягае VIII – IX ст., а калыска польскай дзяржаўнасці – гэта сённяшняя Велькапольшча (са сталіцай у Познані). Першым гістарычным уладаром Польшчы лічыцца князь Мешка І, які пасля шлюбу з чэшскай князёўнай Дабравай у 966 г. прыняў хрост.

Пры яго кіраванні (да 992 г.) адбылося ўз’яднанне польскіх земляў (у межах, набліжаных да сучасных, за выключэннем не здабытых на той час Варміі і Мазураў) і хрысціянізацыя краіны.

Сын Мешка – Баляслаў Храбры – становіцца першым каралём Польшчы (ён пануе ў 992 – 1025 гг.).

Пераломныя даты ў больш чым 1000-гадовай гісторыі нашай краіны наступныя:

1076 – каранацыя Баляслава Смелага ў Кракаве (пасля больш чым 40-гадовага крызісу манархіі),

1138 – удзельная раздробленасць краіны пасля смерці князя Баляслава Крывавуснага, паасобныя рэгіёны атрымліваюць самастойнасць,

1320 – уз’яднанне краіны, каранацыя Уладзіслава Лакетка,

1364 – паўстае Ягелонскі універсітэт, першая вышэйшая навучальная ўстанова ў Польшчы (на два стагоддзі пазней за найстарэйшы ў свеце універсітэт – у Балоніі і на чатыры стагоддзі раней за першую ВНУ ў Маскве),

1385 – першая польска-літоўская унія, якая дала пачатак буйнейшай еўрапейскай дзяржавы XV стагоддзя, якая сягала ад Чорнага мора па Балтыйскае,

[дзіўна, але пра Грунвальд у XV стагоддзі – ні слова; а, можа, і ня дзіўна, бо разумеюць, што тады брацкі польскі народ ад крыжакоў на 500 гадоў сваёй крывёй абаранілі літвіны-беларусы; відаць, выказаць удзячнасьць ня здольныя… – Рэд.]

XVI ст. – залаты век гісторыі Польшчы, краіна вялікая і багатая, яе плошча: 990 тыс. км2 (у тры разы больш чым сёння), у ёй жыве 11 млн людзей, пануе рэлігійная талерантнасць і свабода сумлення [падкрэсьлім падмену: кажаца “Польшча”, а гаворка ідзе пра Рэч Паспалітую (Рэспубліку) як канфедэрацыю двух народаў – польскага і літоўска-беларускага; нагадаем, жыхары Польскага Каралеўства (Кароны) ня мелі права на набыцьцё зямлі на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага; паланізацыя ж беларуска-літвінскага народу адбывалася праз акаталічваньне і накіданьне, найперш палітычнай эліце, прапольскага сьветагляду. – Рэд.],

1569 – Люблінская унія, якая замацоўвала сувязь Польскай Кароны з Вялікім княствам Літоўскім, пачатак Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў [цяпер правільна; але тады цікава, пра што была гаворка ў папярэднім абзацы?! – Рэд.],

1573 – варшаўская канфедэрацыя забяспечвае поўню свабоды рэлігійнай практыкі, прынятае рашэнне аб свабодным выбары караля галасамі шляхты (каля 10% грамадства),

XVII ст. – срэбрны век, на працягу якога адбываліся войны Рэчы Паспалітай з Масквой, Турцыяй, Швецыяй і ўнутраныя канфлікты з украінскімі казакамі [гэта той “срэбрны час” для Польшчы, калі на тэрыторыі Вялікай Літвы-Беларусі адбыўся крывавы патоп – была вынішчана палова нашага народу! – Рэд.],

1683 – еўрапейскія войскі на чале з польскім каралём Янам ІІІ Сабескім перамагаюць турэцкія войскі пад Венай, пагроза мусульманскага заваявання адсунутая,

1772 – першы падзел Рэчы Паспалітай (чарговыя ў 1793 і 1795), край падзелены мацнейшымі на той час суседзямі: Прусіяй, Расеяй і Аўстрыяй [Вялікая Літва-Беларусь цалкам захоплена Расейскай імперыяй. – Рэд.],

1791 – Канстытуцыя 3 траўня – першая ў Еўропе і другая ў свеце сучасная напісаная канстытуцыя, у якой запісаны правы і абавязкі грамадзянаў,

1795 – страта незалежнасці прыводзіць да хуткага ўтварэння ўжо праз два гады Польскіх легіёнаў у Італіі, якія змагаліся за вольную Польшчу (параўнайце з “Мазуркай Дамброўскага”),

XIX ст. – стагоддзе нацыянальных паўстанняў супраць захопнікаў, кожнае пакаленне змагаецца за свабоду (1807–12 поплеч з Напалеонам; 1830–31 гг. – Лістападаўскае паўстанне; 1848 – Вясна народаў; 1863–64 гг. – Студзеньскае паўстанне; 1905–07 гг. – рэвалюцыя ў Царстве Польскім і Расеі) [цікава, што ўсё гэта – і беларуская гісторыя. – Рэд.],

1918 – здабыццё незалежнасці пасля 123 год няволі (сімвалічная дата: 11 лістапада, дзень перадачы рэгенцкай радай поўных паўнамоцтваў кіраўніку дзяржавы Юзэфу Пілсудскаму),

1919–21 гг. – польска-бальшавіцкая вайна, дзякуючы пераможнай абароне Варшавы (сімвалічная дата: 15 жніўня 1920 г. – пералом фронту і пачатак польскага наступлення) палякі ратуюць Еўропу ад камуністычнай навалы [тут забылі сказаць, што бальшавікі-сіяністы, каб ратаваць сваю ўладу, перадалі палякам палову тэрыторыяў Беларусі й Украіны; і адныя, і другія “забылі” запытацца ў карэнных народаў; адбіраньне этнічнай тэрыторыі народаў адным імперскім драпежнікам у другога імперскага драпежніка тут пададзена як “абарона Варшавы”. – Рэд.],

1939 – IV падзел Польшчы (сімвалічная дата – 23 жніўня 1939 г.: фашысцка-камуністычны пакт Молатава-Рыбентропа [Гітлера-Сталіна. – Рэд.]; 1 верасня 1939 г. – нямецкая атака, 17 верасня 1939 г. – савецкая атака) [забылі адзначыць, што тады заходняя мяжа Вялікай Літвы-Беларусі была адноўлена, але ўжо пад бальшавіцкай уладай. – Рэд.],

1945 – капітуляцыя Нямеччыны і пачатак савецкай акупацыі, а пазней дамінавання над Польшчай,

1980 – паўстанне першага ў камуністычным блоку незалежнага прафсаюзу “Салідарнасць” (да гэтага крывавыя пратэсты работнікаў у 1956 г. у Познані і ў 1970 г. на ўзбярэжжы, пазней у 1981 г. – здушэнне рухаў за свабоду, увядзенне ваеннага становішча),

1989 – здабыццё незалежнасці (сімвалічная дата: 4 чэрвеня, у першых, часткова вольных, выбарах камуністычная партыя ганебна прайграла кандыдатам “Салідарнасці”).

У сэрцы кожнага паляка

“Мазурка Дамброўскага” – гэта афіцыйны гімн Польшчы з 26 лютага 1927 г. Гэтая песня, на словы Юзэфа Выбіцкага, паўстала ў ліпені 1797 г. у мястэчку Рэдджыо-Эмілія ў Італіі (пачатковая назва – “Песня Польскіх легіёнаў у Італіі”). Аўтар мелодыі, заснаванай на матывах мазуркі, невядомы. “Песня легіёнаў” падтрымлівала ў баі паўстанцаў Лістападаўскага (1830-31 гг.) і Студзеньскага (1863-64 гг.) паўстанняў і ўдзельнікаў рэвалюцыі 1905-07 гг. Яе спявалі палякі падчас Вялікай эміграцыі (пасля 1831 г.) і на франтах Першай і Другой сусветных войнаў. Падчас Вясны народаў 1848 г., згодна з лозунгам “За нашу і вашу свабоду”, гэтая песня спявалася на вуліцах Прагі, Вены, Берліна; у рамах салідарнасці з Польшчай яна была перакладзеная ўжо у XIX ст. на 17 еўрапейскіх моваў.

Палякі ў свеце

Кожны трэці паляк жыве па-за Бацькаўшчынай. Дэмографы падлічылі, што колькасць палякаў, раскіданых па ўсім свеце, – каля 60 мільёнаў. З іх толькі каля 39 мільёнаў стала жыве ў Польшчы. Буйнейшыя цэнтры асобаў польскага паходжання: Злучаныя Штаты – 10 млн 600 тыс. асобаў, Нямеччына – 2 млн, Бразілія – 1 млн 800 тыс., Францыя – 1 млн 50 тыс., Украіна – 900 тыс., Беларусь – 900 тыс., Канада – 900 тыс., Вялікабрытанія – 500 тыс., Лiтва – 300 тыс., Расiя – 300 тыс., Чэхія – 100 тыс., Казахстан – 100 тыс., Швецыя – 100 тыс., Італія – 100 тыс., Латвія – 75 тыс., Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка – 40 тыс.

(Крыніца: дадзеныя польскіх арганізацый у краіне і у эміграцыі).

Польскія гарады па-за Польшчай

Буйнейшым цэнтрам знаходжання насельніцтва польскага паходжання на свеце з’яўляецца Чыкага (1,5 – 1,8 млн), за ім ідзе Н’ю-Йорк (700 тыс.) і Дэтройт (500 тыс.), а таксама канадскае Таронта (220 тыс.). Больш за 100 тыс. палякаў жыве ў Вільні ў Літве, а больш за 80 тыс. – у Гродне ў Беларусі.

USTAWA z dnia 7 września 2007 r. o Karcie Polaka

realizując postanowienia Konstytucji Rzeczypospolitej Polskiej w zakresie udzielania pomocy Polakom zamieszkałym za granicą w zachowaniu ich związków z narodowym dziedzictwem kulturalnym, wypełniając moralny obowiązek wobec Polaków na Wschodzie, którzy na skutek zmiennych losów naszej Ojczyzny utracili obywatelstwo polskie, spełniając oczekiwania tych, którzy polskimi obywatelami nigdy wcześniej nie byli, lecz ze względu na swoje poczucie tożsamości narodowej pragną uzyskać potwierdzenie przynależności do Narodu Polskiego, w celu wzmocnienia więzi łączących Polaków na Wschodzie z Macierzą oraz wspierając ich starania o zachowanie języka polskiego oraz kultywowanie tradycji narodowej, postanawia się, co następuje:

Art. 3.

1. Karta Polaka jest dokumentem potwierdzającym przynależność do Narodu Polskiego.

2. Karta Polaka poświadcza uprawnienia wynikające z niniejszej ustawy.

7 каментарыяў

  1. Але ж задужа спадарства на нармалёвага ” Бялэго Ожэла” накінуліся – у параўнаннні з расейскім “Двуглавым” мутантам ён прыстойная эўрапейская птушка. А тое, што хоча патаптаць “фігавую тэрыторыю” – то там даўно няма “Віцязя на кані”… Хай лепш будуць з картай паляка, чым з фігай у кішэні і нашым і вашым.

  2. Уладзімер Русаковіч кажа:

    “выказаліся”:
    1) “філёзаф і куртуроляг Валянцін Акудовіч” (артыкул ““Карта паляка” – пагроза для беларускай ідэнтычнасьці”, http://www.svaboda.org/content/Article/1115905.html або http://www.svaboda.org/articleprintview/1115905.html): “не магу ня бачыць пэўнай пагрозы для фармаваньня беларускай ідэнтычнасьці. Бо праз “карту паляка” гэтыя людзі ўжо не ўмоўна, а цалкам рэальна будуць зьвязваць сябе з Польшчай і тым самым адстараняцца ад Беларусі… калі сапраўды, як мяркуюць, іх можа быць 250 тысячаў (паводле намесьніка консульскага аддзела МЗС Польшчы Войцэха Тычыньскага, артыкул “Каля 250 тыс. грамадзян Беларусі могуць прэтэндаваць на «карту паляка»”, http://www.nn.by/index.php?c=ar&i=16363), дык гэта ў значнай ступені ўскладніць працэс фармаваньня беларускай нацыі… праблемы… Падыходы “карты паляка” былі сфармаваныя ў іншую эпоху, калі дзяржавы былі замкнёныя ў сабе… крокі павінна рабіць… ўлада… дзяржава і далей павінна пільна ўглядацца і аналізаваць гэты працэс”;
    2) “колішні дыплямат” “Пятро Садоўскі” (артыкул ““Карта паляка”: прагматычны патрыятызм”, http://www.svaboda.org/articleprintview/992149.html або http://www.svaboda.org/content/Article/992149.html): “інтарэсы (якія могуць трактавацца суседзямі… як эгаізмы… беларусы хутка інтэгруюцца і з “картачных” палякаў стануць грамадзянамі… трэба быць абсалютным ненавісьнікам свайго народу і ня вельмі разумным чалавекам, каб выцясьняць нацыянальных патрыётаў за мяжу і публічна ганарыцца тым, што да нас прыяжджаюць на жыхарства людзі з далёкіх краёў… горка, і сьмешна, і зайздросна… наш кіраўнік дзяржавы абяцае суседзям, што, прыехаўшы да нас, яны будуць “чувствовать себя лучше, чем дома””;
    3) “Cтаршыня рады міжнароднага грамадзкага аб’яднаньня “Згуртаваньне беларусаў сьвету “Бацькаўшчына” Алена Макоўская сказала, што яшчэ ў 2002 годзе абмяркоўвалася магчымасьць прыняцьця закону аб суайчыньніках, якія жывуць за мяжой. “Бацькаўшчына” накіравала свае прапановы ва ўрад” (артыкул “А.Макоўская: “Беларусы ў працы з дыяспарай адстаюць””, http://www.svaboda.org/content/Article/977459.html або http://www.svaboda.org/articleprintview/977459.html): ““У нашых прапановах мы такую тэрміналёгію, як картка ці пасьведчаньне беларуса, уводзілі… Польшча пайшла далей у гэтым пытаньні… дае шэраг прапаноў і льготаў… Беларусы, вядома, у гэтым пляне моцна адстаюць”;
    4) “Начальнік консульскай управы МЗС Беларусі Андрэй Гіро”: (артыкул “Будзе “Карта беларуса”?” (http://www.svaboda.org/articleprintview/1118059.html або http://www.svaboda.org/content/Article/1118059.html): “законапраект знаходзіцца ў першапачатковай стадыі распрацоўкі… Аднак гаварыць пра што-небудзь больш канкрэтнае заўчасна”.
    Такім парадкам, “эгаізмы” польскага ўрада “ўскладняць працэс фармаваньня беларускай нацыі” на “250 тыс. грамадзян Беларусі”.
    Тым часам урад Лукашэнкі з” 2002 года” “даабмяркоўваўся” за 6 год да “першапачатковай стадыі распрацоўкі” “закону аб суайчыньніках”.

  3. Рэдакцыя кажа:

    Уладзіміру Русаковічу.
    На жаль, заскочылі “перад бацькам у пекла” на паўгадзіны раней… (гл. частку 2).
    А калі сур’ёзна пра справу, дык ніводны з ПАЛІТЫКАЎ, які рвецца кіраваць беларусамі, сапраўды, ня выказаўся. ЖАХ! У трэцяй частцы артыкула мы пра іх тое-сёе скажам…

  4. Паважанае спадарства, як бачна з артыкулу палякі пачынаюць сваю гісторыю вось з гэтага моманту: “Тысячагадовая спадчына
    Гісторыя польскай дзяржавы сягае VIII – IX ст., а калыска польскай дзяржаўнасці – гэта сённяшняя Велькапольшча (са сталіцай у Познані). Першым гістарычным уладаром Польшчы лічыцца князь Мешка І, які пасля шлюбу з чэшскай князёўнай Дабравай у 966 г. прыняў хрост”.
    А вось што было да гэтага часу? Чамусьці і Польша маўчыць.
    А да гэтага часу былі арыі з беларускай мовай, была найцікавейшая цывілізацыя. А што было да белага арла? А да белага арла быў белы конь, конь арыяў, сёняшняя беларуская “Пагоня”. Арол – гэта герб Егіпта, герб арабскага свету, герб семітаў. Конь – гэта герб арыяў, абарыгенаў Еўропы. Дык хто тады самі палякі? А самі палякі (практычна ўсе польскія шляхецкія роды маюць гербы арыяў) тыя ж этнічныя беларусы, а больш дакладна арыі, толькі здрадзіўшыя сваім далёкім продкам, згубіўшыя іх мову і культуру. Калі пачаць раздзяваць гістарычна палякаў, то апынаецца, што у палякаў няма гісторыі, што большасць палякаў яшчэ раней за беларусаў аказаліся пад пятой семітаў. Праменяць белага арыйскага каня на белага семіцкага арла вельмі неабачліва. З усіх абарыгенаў Еўропы на сёняшні дзень толькі беларусы яшчэ захоўваюць мову і культуру арыяў і гэтым можна ганарыцца, а не бегчы за арламі.

  5. Polak кажа:

    Jak Białorusini /nacjonaliści białoruscy/ dojdą do władzy, dopiero wtedy spadnie na Polaków mieszkających w Grodnie i Ludzie kara – władze stworzą takie warunki dla Polaków, które będą nie do zniesienia. Ja bym porównał białoruskich nacjonalistów do UPA-owców na Ukrainie. Jeśli pozwalili sobie niszczyć naród kolaborując z Niemcami /niektórych “bohaterów” teraz wspominają białoruscy nacjonaliści z czcią i powagą/, cóż można oczekiwać po korzystnych dla nich zmianach politycznym na Białorusi. Polacy, jeszcze nie raz będziemy płakali. Więc, należy się szanować teraz na wzajem i bronić swoich interesów – polskich na Białorusi.

  6. Sabina кажа:

    Czamu Astrouskamu budze drenna, kali mae magczymasci pawialiczacca?
    Paskudnyja waszyja pryklady i miarzotnyja waszyja strachi….
    Wasz worag – adzin, i znachodzicca jon ne siarod Palakau.
    Bez pawagi.

  7. Рэдакцыя кажа:

    Сабіне, у якой няма прозьвішча.
    Нічога ня маю супраць, калі вам, сп-ня Сабіна, будзе добра, асабліва, калі вы гэтае “добра” заслужыце сваёй уласнай стваральнай працай. Тым больш, што я вас ня ведаю, а як дасёньня, ня ведаў нават пра тое, што на сьвеце ёсьць нейкая Сабіна… Таму паміж нашымі адчуваньнямі не магло быць ніякай адмоўнай карэлятыўнай сувязі : мне кепска – вам добра, і наадварот. Спадзяюся, што і далей вы ня будзе зводзіць узьнятае сайтам пытаньне да прыватных узаемаадосін, паколькі пытаньне знаходзіцца на ўзроўні ўзаемаадносін паміж народамі…
    Зусім іншая сітуацыя, і я буду катэгарычна супраць яе, калі вам будзе добра за кошт пагаршэньня ўмоў жыцьця майго народу. Такая сітуацыя завецца па-рознаму ў залежнасьці ад абставін: эксплуатацыя, агрэсія, крадзеж, сацыяльны паразітызм, рабаўніцтва і г.д. Ва ўсіх народаў сьвету, а тым больш ва ўсіх прыстойных людзей, падобныя ўзаемаадносіны заўсёды ацэньваліся, як абсалютна негатыўная, ганебная справа. Пры гэтым усе прыстойныя людзі ва ўсіх падобных выпадках становяцца на бок таго, хто вымушаны бараніцца ад злачынства. Калі вы – “Поляк”, і вы – “Сабіна” жадаеце належаць да гэтай групы людзей, вам лепш перагледзець свае погляды.
    Дадатковая заўвага “Поляку”. Калі вы сапраўды і далей зьбіраецеся “bronić interesów polskich na Białorusi” і ніяк не зьвяртаць увагі на інтарэсы беларусаў на іх уласнай этнічнай тэрыторыі – на Беласточчыне і ў Беларусі, дык цяпер, пры Лукашэнку, для якога этнацыд беларусаў – стратэгія, у вас гэта, несумніўна, атрымаецца. Заляцаньне палякаў да ўсялякіх дыктараў – вядомая зьява. У Леніна выпрасілі палову Беларусі й Украіны, у Гітлера вымальвалі Украіну і атрымалі частку Чэхіі, у Сталіна выклянчылі нашу Беласточчыну, пры іншых камуністычных дыктатарах і пры Лукашэнку істотна павялічылі свой уплыў у Беларусі. Неад’емныя польскія рэфлексы? Але сьпяшайцеся, бо дыктатары могуць закончыцца. І тады вы – палякі – застанецеся на ўсю гісторыю чалавецтва заплямленыя ганьбай…
    Калі ж вы пажадаеце вярнуць нашы стасункі ў нармальнае рэчышча – так, як павінна быць паміж добрымі суседзямі, спачатку лепш падумайце, як зрабіць так, каб на Беласточчыне ізноў зьявілася паўмільёна беларусаў. Бо гэтага ганебнага этнацыду мы вам ніколі не прабачым.
    Цяпер пра маю да вас павагу. Няма пра што казаць: паважаюць толькі людзей прыстойных, годных…

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы