nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

У НЯМЕЦКАЙ АКУПАЦЫІ (частка 2)

26 лютага, 2009 | 3 каментарыя

Вячаслаў Бойка


Паліцыя і самаахова. Уласаўцы.

З павелічэннем колькасці і актыўнасці партызан немцы вымушаны былі шукаць сілы і сродкі барацьбы з імі. Адным з метадаў было павелічэнне колькасці паліцэйскіх. У паліцыю акрамя добраахвотнікаў бралі аселых у вёсках на легальных умовах чырвонаармейцаў-акружэнцаў, ставіўшы іх перад выбарам: ідзі або ў паліцыю, або ў лагер для ваеннапалонных. Яны ж часам рабілі трэці выбар – ішлі ў партызаны, хоць гэта было не так проста. І немалая колькасць «акружэнцаў» часова апынулася ў паліцыі. Падобным чынам у паліцыі апынуліся і некаторыя вясковыя хлопцы. Іх позвай выклікалі ў раённую паліцыю і прапаноўвалі ісці на службу ў паліцыю.

– У выпадку адмовы будзем лічыць вас памагатымі партызан з усімі вынікаючымі з гэтага наступствамі, – казалі ім, не даючы часу на абдумванне сітуацыі. І хлопцы вымушаны былі даваць згоду. Ды ў іх у той час і ў тых абставінах, здаецца, і выйсця лепшага не было. Немцы з нашымі людзьмі не жартавалі. Так прымусова на службе ў чыгуначнай паліцыі апынуліся мае стрыечныя браты Горкі Васіль, Грыша Бойка і Канаплянік Мікалай. І складаліся часам галаваломныя сітуацыі, як гэта адбылося ў сям’і майго дзядзькі Бойкі Платона: адзін сын служыць у Савецкай арміі, другі – у партызанах, а трэцяга прымусілі ісці ў паліцыю.

Ці мог трэці адмовіцца ад службы ў паліцыі і ісці ў партызаны? Мог, але тады старыя бацькі, дзве сястры і малодшы брат станавіліся закладнікамі ў немцаў. Забіраць іх у партызанскі атрад – азначала б вешаць цяжар на шыю партызан: карміць, апранаць і абараняць іх. Вось і мусілі часова ісці ў паліцыю, каб потым у зручны момант перайсці да партызан, што потым Грыша і Васіль здолелі зрабіць, а вось Мікалая немцы расстралялі. Расстралялі яны і сям’ю Грышынага брата Гаўрылы – жонку і двух дзяцей, як партызанскую сям’ю. І потым да канца свайго жыцця Гаўрыла не мог дараваць свайму брату Грышы таго, што ён, няхай сабе і прымусова, няхай сабе і кораткачасова служыў у паліцыі. А Грыша, у сваю чаргу, не паехаў на пахаванне Гаўрылы, калі той памёр.

Акрамя павелічэння колькасці паліцыі для барацьбы з партызанамі немцы спрабавалі стварыць так званую «самаахову», куды запісвалі маладых мужчын. Ім выдавалі вінтоўкі, патроны і патрабавалі, каб яны не пускалі партызан у сваю вёску. Такая самаахова была створана ў вёсцы Крывічы. Там каля школы на невялікай пляцоўцы, абнесенай калючым дротам, было зроблена некалькі ДЗАКаў (драўляна-земляныя абарончыя кропкі) – гэта была стадола немцаў, у абавязкі якіх уваходзіла кіраваць самаахоўнікамі і наглядаць за імі. Самаахоўнікі жылі дома. Напэўна, можна думаць, што як самаахоўнікі, так і тыя немцы адчувалі сябе не вельмі ўтульна.

Самаахова ў Крывічах існавала нядоўга. У адну з начэй партызаны напалі на Крывічы, раззброілі самаахоўнікаў, бо тыя і не надта супраціўляліся, а вось немцаў выбіць з ДЗОТаў не здолелі. Але тыя неўзабаве і самі з’ехалі.

Нямецкі гарнізон, заснаваны ў першыя месяцы вайны ў раённым цэнтры Старобін, што ў 30 км на поўдзень ад Слуцка, за два гады значна ўзмацніўся. На ўсіх уездах у мястэчка былі выкапаны траншэі, пабудаваны ДЗАКі, створаны прапускныя пункты, камендатура, Управа.

Партызаны зрэдку рабілі напады на гарнізон, але каб захапіць яго, сіл у іх было недастаткова. Немцы і паліцыя былі лепш узброены і лёгка адбівалі гэтыя напады, а затым самі рабілі рэйды па лясных дарогах і вёсках у пошуках партызан. У адной са зробленых імі засад загінуў дырэктар нашай чырвонадворскай школы-сямігодкі (пахаваны на ўездзе ў Старобін з боку Слуцка ў брацкай магіле).

Асаблівай смеласцю і жорсткасцю вылучаўся начальнік паліцыі Логвін. Перад вайной ён быў старшынём аднаго з калгасаў раёна, добра ведаў не толькі размяшчэнне вёсак раёна, але і многіх людзей, ведаў усе дарогі і нават сцяжынкі. З прыходам немцаў ён адным з першых добраахвота ўступіў у паліцыю, а пазней за асаблівую стараннасць па службе быў прызначаны начальнікам паліцыі. Логвін трапна страляў і часам нават выхваляўся гэтым: збіваў птушак наляту, разбіваў ізалятары на слупах, перабіваў куляй дрот, нацягнуты паміж слупамі. Нават з невялікім атрадам ён не баяўся выязджаць з гарнізона ў аддаленыя лясныя вёскі, дзе рабіў суд і расправу.

Узімку 1943 года паліцэйскія везлі ў Старобін двух сялян з вёскі Крывічы, западозраных у сувязі з партызанамі. Праязджаючы праз вёску Чырвонадворцы, паліцэйскія спыніліся, арыштаваных паставілі ўзбоч дарогі і Логвін уласнаручна забіў іх стрэламі з нагана ў галаву. Паліцэйскія паехалі, а мы падышлі да забітых. Яны ляжалі побач, апранутыя ў паношаныя кажушкі, шапка ў аднаго з іх звалілася і з прастрэленага чэрапа разам з крывёй выцякаў мозг.

Партызаны былі б вельмі ўдзячныя за галаву Логвіна і спробы забіць яго рабіліся неаднаразова, але яму заўсёды ўдавалася застацца жывым.

Аднойчы невялікая група паліцэйскіх з тых, хто быў прымусова прызваны ў паліцыю і служыў у Старобінскім гарнізоне, уначы нечакана напала на ўмацаваны ахоўны пункт паліцыі, дзе старшым быў Логвін. Забіўшы некалькі паліцэйскіх, смельчакі вырваліся з гарнізона і перайшлі да партызан, але сам Логвін быў пры гэтым толькі лёгка паранены. Іншым разам паліцэйскія зрабілі засаду на партызан недзе на памежжы Старобінскага і Любанскага раёнаў. У тым баі загінуў камандзір партызанскага атрада, які ехаў наперадзе. Але сілы партызан на гэты раз былі большыя і яны разбілі паліцаяў. Ацалелыя паліцаі разбегліся па навакольных вёсках, а партызаны вышуквалі і забівалі іх. Праз два-тры дні ў Старобіне было пахаванне больш двадцаці забітых паліцаяў. Аднак Логвін і тут ацалеў.

Толькі значна пазней, недзе ўжо, мабыць, вясной 1944 года Логвін з групай паліцэйскіх усе ж патрапіў у партызанскае атачэнне. Гэта каля вёскі Заўшычы, на памежжы Старобінскага і Чырвонаслабодскага раёнаў. Бой быў жорсткі, бязлітасны. Паранены Логвін адстрэльваўся, але трапіў-такі жывым у палон. Партызаны павесілі яго ўніз галавой на тэлефонным слупе, дзе ён і вісеў каля двух дзён, пакуль са Слуцка прыехалі немцы і знялі свайго паслугача.

На службе ў немцаў у той час былі вайскоўцы ўзброеных сіл розных краін Еўропы: Італіі, Польшчы, Венгрыі, Чэхаславакіі, Летувы. Апрануты яны былі ў нямецкую вайсковую форму, мелі сваіх камандзіраў. Яны хоць і служылі немцам, але да мясцовага насельніцтва ставіліся больш лаяльна. Былі чуткі, што чэхі мелі нават сувязь з партызанамі і часам дапамагалі ім.

Былі на службе ў немцаў і ўласаўцы – вайскоўцы арміі генерала Уласава, якая здалася ў палон. Па тым, што мы бачылі, як паводзілі сябе ўласаўцы – гэта быў зброд разбэшчанай погані. Яны п’янствавалі, здзекваліся з людзей, нібы помсцілі, самі не ведаючы каму, за свой такі няўдалы лёс. Немцы глядзелі на гэта абыякава і толькі зрэдку каралі іх за надта грубыя свавольствы.

Аднойчы ўзімку на вуліцы насупраць нашай хаты спынілася фурманка. З саней злезлі два немцы, як выявілася пазней – гэта былі ўласаўцы. Фурман прывязаў да плоту каня, падкінуў яму шматок сена. Адзін уласавец, малады, невысокі, чарнявы, з вузкімі шчылінамі вачэй, мабыць, казах ці калмык, пайшоў некуды ўглыб двара, а другі – рослы, немалады ўжо, з грувастым тварам, зусім п’яны, з вінтоўкай у руках зайшоў у хату, а з ім і фурман.

– Хозяин! Водку давай! – адразу запатрабаваў уласавец.

– Добра, – сказаў бацька і паставіў на стол пляшку з самагонам. Але ж, можа, вам не трэба больш піць, бо зусім сп’янееце.

– Не твоё дело! – вышчэрыўся на бацьку ўласавец. – Давай сало, хлеб!

– Можа, я вам гарачай стравы дам, вы ж, мабыць, замерзлі? – спыталася маці, дастала з печы суп і наліла ў дзве талеркі.

Уласавец выпіў шклянку самагонкі і стаў чэрпаць лыжкай страву. Паеўшы, крыху пасядзеў, а потым зусім нечакана ўзяў вінтоўку, што стаяла з ім побач, і стаў, седзячы за сталом, страляць у столь. Мы спалохаліся, не ведалі, што рабіць. Першай схамянулася маці. Яна схапіла з калыскі двухгадовую Марусю і кінулася ўцякаць з хаты. За ёй з хаты кулём выкаціліся ўсе астатнія. Уласавец выйшаў з хаты і стаў страляць, куды папала: то ў неба, то ў сцены суседніх хат. Пастраляўшы, уласавец лёг у сані, на якіх прыехаў, і заснуў.

Другі ўласавец з наганам у руцэ хадзіў нечага па двары. Сабака, адчуўшы небяспеку, стаў брахаць на яго, знаходзячыся па другі бок высокага частаколу. Уласавец нацэліўся на яго і стаў раз за разам націскаць на курок нагана. Але стрэлаў не было.

«Можа, патронаў у нагане няма?» – падумаў я.

Мы з бацькам сталі адганяць сабаку. Убачыўшы нас, уласавец загадаў:

– А ну, становитесь к стенке!

Ён наставіў на нас наган і стаў шчоўкаць курком. У барабане нагана, мабыць-такі, не было патронаў. А што, калі ён дастане патроны з кішэні? Што рабіць? Уцякаць? Але куды ты ўцячэш ад кулі? Абяззброіць яго п’янага? Але гэта будзе напад на нямецкага вайскоўца, а за гэта па галоўцы не пагладзяць.

Пакуль усё гэта думалася, уласавец сунуў наган у кішэню і пайшоў да саней, дзе спаў яго таварыш.

– Адкуль і куды вы з імі едзеце? – спытаў бацька ў фурмана, які стаяў у двары, не ведаючы, што яму рабіць.

– Я з вёскі Млынка, што пад Слуцкам. Да мяне вось так жа, як да вас, прыйшлі яны, загадалі запрэгчы каня і везці іх у Старобін.

– А чаго ж вы з’ехалі са Старобінскай дарогі?

– Даводзіцца ехаць, куды загадваюць.

– Поехали! – загадаў фурману той, што быў з наганам.

Фурман узяў у рукі лейцы, цмокнуў на каня і паехаў у бок Старобіна. Убачыўшы дзяўчыну, што ішла па вуліцы, уласавец загадаў:

– Иди садись сюда!

– Не, Не! Што вы? Я баюся!

– Я тебе что сказал? Не сядешь – застрелю!

Перапалоханая дзяўчына мусіла сесці ў сані і ехаць. На яе шчасце, крыху ад’ехаўшы, п’яныя ўласаўцы заснулі, а фурман шапнуў дзяўчыне:

– Уцякай, дзеўка, пакуль спяць.

Дзяўчына ціхенька саскочыла і, азіраючыся, пабегла назад у вёску.

Што было з уласаўцамі потым – невядома. Мабыць, давёз-такі іх той чалавек да Старобінскага гарнізона.

А жыццё не спыняецца – жыццё пад страхам.

Час ішоў. У небе штодзень, а часцей уначы, гулі з падвываннем самалёты, часам недзе бамбілі. Гухкалі выбухі, уздрыгвала ад іх зямля. То ў адным, то ў іншым напрамку трывожна свяціліся зарывы пажараў. На чые галовы падалі бомбы? Чые жытло і маёмасць гарэлі ў агні вайны? Чыя чарга гарэць і гінуць будзе ў наступны раз? Людзі жылі і чакалі, як кажуць, нібы вол доўбні. Некаторыя, зрабіўшы свой выбар, узялі зброю і змагаліся. Але большасць сялян, не кажучы ўжо пра жанчын, старых і дзяцей, адседжваліся дома, бо лепшага выбару ў іх, здаецца, і не было. Яны стала адчувалі небяспеку, якая ў любы час магла прыйсці нечакана і немаведама адкуль.

У адзін з марозных зімовых дзён 1943 года я ішоў па вуліцы да сваякоў з нейкай нязначнай гаспадарчай патрэбай, здаецца, каб пазычыць нешта. Прыкрываючы твар каўняром і адварочваючыся ад халоднага ветру, я толькі зрэдку глядзеў наперад, сабе пад ногі. Стаяла цішыня, толькі снег рыпеў пад нагамі. Раптам моцны стрэл узарваў гэтую цішыню. Я глянуў у напрамку стрэла і ўбачыў недалёка перад сабой немца. Ногі мае прыраслі да зямлі, хоць розум падказваў, што трэба ўцякаць. Немцы часам прыязджалі ў вёску, каб забраць каго-небудзь з моладзі для адпраўкі на працу ў Нямеччыну. Такія наезды людзі называлі «хапуном». Немец страляў зноў і зноў. Скарыстаўшыся тым, што ён на хвіліну адвярнуўся, я збочыў з дарогі ў нечы двор, схаваўся за хлеў, а потым загуменнямі падаўся дамоў. У нашым двары каля плоту ляжала вялікая куча дроў, у якой я яшчэ раней зрабіў часовую хованку, дзе я і адседжваўся пад час «хапуна».

Трапляць у розныя пераплёты даводзілася не адзін раз. Улетку 1943 года ў лесе было многа грыбоў і мы, 15-16-гадовыя падлеткі, нягледзячы на небяспеку, да якой, здаецца, ужо ўсе сталі прывыкаць, хадзілі ў лес за Дубеі і абшуквалі яго ад самага Старобіна і на ўсход да вёскі Тычыны. У адзін з такіх грыбных «рэйдаў» мы з Іванам Новікам ледзь была не патрапілі пад нямецкую лясную аблаву. Пакінуўшы Івана збіраць яго чарговую грыбную знаходку я падаўся ў бок дарогі Слуцк-Старобін, паабапал якой быў высечаны і спалены лес. Там, па краі лесу, як і па ўскрайку лясных дарог, часам можна знайсці сямейку добрых грыбоў. Толькі я абышоў невысокую разлапістую сасну, як амаль натрапіў збоку на ланцуг нямецкіх аўтаматчыкаў. Яны ішлі з сабакамі на павадках і з аўтаматамі напагатове ўздоўж дарогі ў напрамку Старобіна. Выратавала нас тое, што яны ўжо параўняліся з намі і глядзелі наперад, а не ўбок, дзе былі мы. Я кінуўся назад за сасну, далей ад дарогі, і ледзь не збіў з ног Івана, які ішоў да мяне.

– Немцы! – выдыхнуў я.

Убачыўшы мой збялелы твар, ён усё зразумеў і мы з усіх ног кінуліся наўцёкі. Выбегшы на дарогу, што вяла да нашай вёскі, мы, ужо не заходзячы ў лес, пайшлі дамоў. Пасля гэтага бацькі катэгарычна забаранілі нам хадзіць у лес.

Другі раз уначы некалькі мужчын і нас, падлекаў, былі на начлезе – пасвілі сваіх коней недалёка ад лесу на паўночны захад ад вёскі Дубеі. Спутаныя коні, пафыркваючы, скублі росную траву, а начлежнікі, захутаўшыся ў суконныя шынялі, ляжалі на поплаве, палажыўшы пад галаву аброць або невысокую купіну, паціху перагаворваліся. Вогнішча не распальвалі, як гэта рабілі раней – баяліся прыцягнуць да сябе нечыю ўвагу. Цяпер было лепш затаіцца, быць нябачным і нячутным. Трывога і страх пранізвалі ўсё, былі з намі паўсюль і заўсёды. Вызваліцца ад гэтага агіднага пачуцця было немагчыма. Гэта трэба было цярпліва перажываць. Інстынкт самазахавання дапамагаў людзям вытрымаць і выжыць.

Начлежнікі чуйна драмалі. Часам хто-небудзь уставаў, каб паглядзець коней. Коні трымаліся ўсе разам каля людзей, мабыць, спадзяваліся на іх абарону. Насцярожаная начная цішыня ахутала зямлю. На ўсходзе ўжо пачынала ледзь святлець палоска неба. І тут у звыклы ўжо далёкі гул матораў і выбухаў пачаў уплятацца нейкі новы гул, ён хутка мацнеў, набліжаўся. Некуды ляцелі самалёты.

Раптам над вёскай Дубеі ўспыхнулі ракеты. Яны не ўзнімаліся і не падалі, як гэта бывае, калі іх пускаюць з зямлі, а нерухома віселі над вёскай на парашутах. Стала светла, як удзень. І тут пачуліся выбухі, кулямётныя чэргі. Загарэліся хаты, чуліся крыкі людзей. Самалёты бамбілі і абстрэльвалі вёску. Чые гэта былі самалёты і чаму яны бамбілі мірную вёску, ніхто не ведае і цяпер. Можа, савецкія лётчыкі памыліліся і замест нямецкага гарнізона ў Старобіне разбамбілі вёску Дубеі, якая знаходзілася зусім побач. А можа, гэта нямецкія лётчыкі палічылі вёску партызанскім паселішчам і зрабілі на яе напад.

Тым часам ціхі вецер зносіў ракеты ў наш бок і яны ўжо віселі над намі. Мы аж уліплі ў зямлю, бо чакалі, што нас зараз пачнуць бамбіць і абстрэльваць. Схавацца не было куды: блізка не было ні кусціка, ні ямкі – і мы, і коні былі, як на далоні.

Хацелася стаць маленькай казюлькай, незаўважнай мурашкай, зашыцца ў траву, каб не ўбачылі. Ад страху вочы зажмурыліся, цела сціснулася ў чаканні нечага страшнага. Імгненні здаваліся вечнасцю… але гул самалётаў пачаў сціхаць, ракеты адна за адной патухлі. На гэты раз смерць, здаецца, прайшла міма. Цела паступова расслабілася, узнікла цяжкая, агідная стомленасць. Мы сталі паднімаць галовы, перагаворвацца. Патрохі світала. Пачуліся адзінкавыя, яшчэ нясмелыя галасы ранніх птушак. Хутка ўжо трэба распутваць коней і ехаць дамоў. Вайна вайной, а трэба працаваць.

Пасля гэтага выпадку людзі ў Чырвонадворцах сталі рабіць бліндажы: выкопвалі глыбокую яму, пакрывалі яе бярвеннем, а зверху зямлёй, і затым замаскіроўвалі дзёрнам і галінкамі дрэў. У бліндвж занеслі пасцелі і ў трывожныя ночы, калі ўзмацняўся гул самалётаў, ішлі спаць туды.

Пад час сваіх вылазак з гарнізона ў Старобіне паліцаі карысталіся для свайго перамяшчэння з месца на месца падводамі, якія яны бралі ў вёсках. Аднойчы і я вымушаны быў запрэгчы нашу кабылу і разам з іншымі прымусовымі фурманамі вазіў паліцаяў па вёсках. Калі яны вярталіся і мы ўжо ўязджалі ў Старобін, здалёк пачуліся стрэлы, сталі свістаць кулі. Гэта з боку Лістападавіч наш абоз абстралялі партызаны. Паліцаі пасаскоквалі з вазоў і сталі страляць у адказ. Нашы коні спалохаліся, сталі рвацца ад нас. Мне часова ўдавалася стрымліваць сваю кабылу ад шалёнага галопу, але дзядзька Хведар крыкнуў мне:

– Пускай, а сам кідайся ў канаву! Коней потым знойдзем!

Я так і зрабіў. Калі страляніна закончылася, мы на розных вуліцах Старобіна адшукалі сваіх коней і паехалі дамоў.

З падвышэннем актыўнасці партызан немцы сталі праводзіць супраць іх жорсткія акцыі. Вясной 1943 года яны атачылі вялікі раён Палесся, акрэслены Старобінам-Мікашэвічамі-Лунінцом-Ганцавічамі, дзе знаходзіліся значныя сілы партызан. У акцыі былі задзейнічаны артылерыя, самалёты, танкі. Цяжка давялося партызанам. Немцы ўсё знішчалі на сваім шляху: палілі вёскі, забівалі і спальвалі іх жыхароў, нібыта за сувязь з партызанамі, знішчалі тым самым базу жыцця партызан. Партызаны або прарываліся праз кола атачэння, або рассейваліся і хаваліся ў патаемных месцах. Часам зарываліся нават у мох. У выключных выпадках жанчыны мусілі прыдушваць сваіх плакаўшых немаўлятаў.

Многа загінула ў той час партызан і мірных жыхароў. Менавіта тады загінула і сям’я майго стрыечнага брата – партызана Бойкі Гаўрылы. Яго жонка і двое дзяцей жылі ў вёсцы Капацэвічыц Старобінскага раёна. Немцы атачылі вёску, пастралялі ўсіх жыхароў, а вёску спалілі. Між іншым, жонка Гаўрылы была немкай, дачкой немца, які застаўся ў Беларусі з часоў Першай Сусветнай вайны.

Гэты стары ўжо немец нейкім чынам даведаўся, што будзе праводзіцца акцыя супраць партызан, паехаў у нямецкі гарнізон, што быў у Старобіне, сказаў, што яго дачка з дзецьмі жыве ў Капацэвічах і што ён хоча забраць іх. З запіскай ад каменданта і некалькімі паліцэйскімі, што былі дадзены для яго суправаджэння, ён прыехаў у Капацэвічы, але было ўжо позна, чорная справа была ўжо зроблена: яго дачка і двое яе дзяцей былі забітыя; гестапаўцы нават не дазволілі яму забраць іх целы для пахавання, а спалілі іх разам з хатай. На Хатыньскіх могілках сярод вёсак, спаленых фашыстамі, узгадваюцца і Капацэвічы.

Наша вёска знаходзіцца ў полі, на ўзлессі, на поўнач ад блакаванага немцамі партызанскага раёна. Мы бачылі дым палаючых вёсак, ведалі, што там робіцца, бо часам адтуль, з лесу, прыбягалі цудам ацалелыя людзі. Было вельмі страшна. Нам, палявым людзям, нават не было куды схавацца, калі прыйдуць немцы, а магчымасць таго, што і нас будуць забіваць і спальваць, была вельмі рэальнай. Страх, пачуццё безвыходнасці пранізвалі ўсё.

Але нас Бог мілаваў, нашу вёску не спалілі.

Першыя ластаўкі. Вызваленне.

Ішла вясна 1944 года – трэцяга года нямецкай акупацыі. З розных крыніцаў: па чутках, ад партызан, з «Беларускай газеты», якая выходзіла ў Мінску і зрэдку трапляла да нас – мы ўжо ведалі, што немцы не толькі не ўзялі Масквы, але пацярпелі паразу пад Сталінградам, дзе аточаныя нямецкія салдаты «змагаліся да апошняга набою», як пісала газета, і як іх самалётамі вывозілі з атачэння. Пісала газета і аб тым, што нібыта для скарачэння лініі фронту і тым самым для змяншэння людскіх страт немцы пакінулі некаторыя гарады і раёны СССР. А нам з гэтага было бачна, што немцы адступаюць. Даведаліся мы, хоць і са значным спазненнем, аб тым, што немцаў разбілі і пад Курскам. Нам стала лягчэй. З’явілася надзея на тое, што немцы адступяць і з нашай мясцовасці.

Аднойчы раніцай напрадвесні 1944 года пачуўся гул самалётаў, да чаго мы ўжо даўно прывыклі, але глянуўшы ўгару, мы ўбачылі многа падаючых улётак. Вось некаторыя з іх ужо зусім нізка, падаюць на яшчэ не зусім адталую пасля ночы зямлю. Я з вялікай цікаўнасцю і радасцю бягу, нават не баючыся суседкі – жонкі паліцэйскага, лаўлю лістоўкі, падымаю іх з зямлі. Першае, што я ўбачыў, гэта была пяцікутная зорка ўверсе і словы: «Смерць нямецкім акупантам!». А ўнізе: «Прачытаў, перадай іншаму!».

Упершыню ад закліку «Смерць!» мне стала не страшна, а радасна. Гэта ж нашы ідуць! Узнікла нават пачуццё нейкай злараднасці: «Так вам і трэба, немчура праклятая! Смерць вам!»

Вечарамі ў вясковай цішыні мы слухалі выбухі ўжо не на ўсходзе, а на поўдні і паўднёвым захадзе. Значыць, баі ідуць ужо за вызваленне Украіны. Усё запаўнялі напружанасць і чаканне, але яшчэ быў і страх. Расла надзея на доўгачаканае вызваленне. Расло спадзяванне на тое, што ліміт чалавечага гора, страху і пакут быў вычарпаны.

Нарэшце ў адзін з чэрвеньскіх дзён у Чырвонадворцы прыйшла чутка, што нямецкі гарнізон збіраецца пакінуць Старобін і будзе рухацца ў напрамку Слуцка, да чыгуначнай станцыі. Перад жыхарамі вёскі паўстала галоўнае пытанне – ці будуць немцы пры адступленні паліць на сваім шляжу вёскі і знішчаць жыхароў? Прыклады знішчэння вёсак Капацэвічы, Бярозаўка і іншых сведчылі аб тым, што гэта вельмі верагодна. Нават смяротна паранены звер можа быць надзвычай небяспечным. Марудзіць было няможна.

Праз якія паўгадзіны людзі ўжо запрагалі коней, садзілі на воз дзяцей, кідалі ў палукаш самыя неабходныя пажыткі, ззаду да драбін прывязвалі карову, і ў хуткім часе з вёскі ў бок лесу і балота, што паміж вёскамі Дубеі і Плянта, пацягнуўся вялікі абоз. Вёска апусцела, засталіся толькі зусім састарэлыя і нямоглыя. Яны не захацелі ехаць.

Уцекачы размясціліся ў лесе на начлег. Вогнішчы запальваць баяліся. Сцямнела. Было глуха, як у яміне. Уначы некаторыя мужчыны наважыліся схадзіць у пакінутую вёску паглядзець, што там робіцца. Хадзіў і мой бацька і ледзь, была, не натрапіў на немца, які шукаў у вёсцы коней. Ноч у часовым лясным лагеры прайшла спакойна. Раніцай то там, то сям запалілі вогнішчы, чулася ціхая гамонка. Жанкі падаілі кароў, сталі варыць ежу, карміць дзяцей. Скрозь густы ранішні туман людзі ўглядаліся на дарогу, што вяла ў бок вёскі Дубеі і далей на Старобінска-Слуцкую дарогу, гадалі, ці прайшлі ўжо немцы міма лагера ў напрамку Слуцка?

– Немцы! – раптам закрычаў нехта.

Удалечыні з-за кустоў паказаліся тры постаці ў страшнай чорнай форме.

Увесь лагер у адно імгненне ўскалыхнуўся, пачалася мітусня. Людзі, схапіўшы на рукі малых дзяцей, кінуліся ўцякаць у балота, парослае вялікімі лазовымі кустамі. Беглі ў бок вёскі Плянта, дзе пачынаюцца Пінскія балоты, каб знайсці там паратунак. Страх гнаў людзей, як апантаных. Сэрцы калаціліся, ногі беглі самі, на разбіраючы дарогі.

– Стойце! Спыніцеся! Гэта не немцы! – пачуліся крыкі ззаду.

Уцекачы, азіраючыся, паступова спыніліся і сталі вяртацца на сваё месца. Аказалася, што на наша часовае седлішча выйшлі трое паліцэйскіх, якія не захацелі адпраўляцца з немцамі ў Нямеччыну і па дарозе ўцяклі ад іх. Яны сказалі, што абоз Старобінскага гарнізона ўжо пайшоў у напрамку Слуцка і што вёсак па дарозе паліць не будуць – для гэтага немцам ужо няма часу, трэба хутчэй адступаць.

Людзі сталі збірацца ў групкі, абмяркоўваць, што рабіць далей. Праз якую гадзіну пачалі запрагаць коней, супакойваць дзяцей, збіраць на вазы свой скарб, і фурманкі адна за адной пацягнуліся ў, была, пакінутую вёску – дамоў, назаўсёды.

З гэтага часу ў мяне ўзнікла новае, спачатку незразумелае пачуцце. Яно было нейкім усеабдымным, лёгкім, нават радасным.

Эўрыка! Дык гэта ж пачуццё адсутнасці страху!

Страх, які вісеў над намі, душыў нас гадамі амаль няспынна, цяпер прапаў. Яго ўжо няма. Аб гэтым адчуванні, мабыць, немагчыма дакладна распавесці. Каб яго зразумець, яго, мабыць, трэба самому перажыць. Я перажыў яго, перажыў з двух бакоў. З аднаго боку, я адчуваў гэты страх, жыў з ім, а ён быў як бы зліты са мной. З другога боку, я перажыў яго ў сэнсе часу: ён знік, а я застаўся.

Першыя два-тры дні было безуладдзе: немцы ўжо адступілі, а нашы яшчэ не прыйшлі. Групамі і па адным праляталі самалёты, чуліся выбухі, гарматныя стрэлы, нейкі гул, страляніна, уначы былі бачныя зарывы пажараў. Але гэта былі ўжо не тыя выбухі, не той гул, не тая страляніна – мы іх не баяліся.

Аднекуль дайшла чутка, што савецкім салдатам вельмі патрэбны коні. Забіраючы каня, вайскоўцы даюць гаспадару распіску аб гэтым, і ён мог разлічваць на тое, што ў будучыні яму каня аддадуць, калі не гэтага, дык іншага. Але распіска распіскай, а на полі саспела збажжына, трэба касіць, жаць, а потым і бульбу капаць. Як выконваць усю гэтую работу без каня? Конь ай як патрэбны селяніну! І ўзнік парадокс: мы доўга (цэлыя тры гады!) чакалі сваіх, а калі яны прыйшлі, нам шкада аддаваць ім коней. Каб захаваць сваіх коней, некалькі мужчын, падлеткаў, у тым ліку і я, выехалі на іх з вёскі да балота ў кусты, дзе нашы коні пасвіліся, а мы чакалі, што будзе далей.

Калі я вярнуўся, бацькі дома ўжо не было – усіх мужчын прызвалі ў Савецкую Армію. Я даведаўся, што яму і брату Саламеі Міхайлаўны – Ціхану, як былым калгасным актывістам, прапаноўвалі застацца і аднаўляць разбураны калгас. Але яны адмовіліся, каб не чуць ад людзей папрокаў за тое, што пад час такой вялікай вайны адсядзеліся дома і камандуюць удовамі. Яны пайшлі ў армію і абодва загінулі ў 1945 годзе незадоўга да канца вайны. У аднаго засталіся сіротамі двое дзяцей, у другога – пяцёра.

Смутак па бацьку – шчырым, добрым, цікавым чалавеку, з якім я перад яго адыходам у армію нават не паспеў развітацца – застаецца ў маім сэрцы да гэтага часу. Парой я адчуваю сябе нават у некаторай ступені вінаватым у гібелі бацькі. Калі ён, ужо знаходзячыся ў арміі, даведаўся, што і мяне, 17-гадовага юнака, таксама забралі ў армію, ён вельмі засмуціўся, шкадуючы мяне. Можа, гэта засмучэнне знізіла яго пільнасць і асцярожнасць на вайне і ён не збярог сябе.

Вельмі шкада мне майго любімага, разумнага, добрага тату! Мне і самому нялёгка было потым у адзіночку прабівацца па сваіх няпростых дарогах жыцця. Толькі праз 25 гадоў пасля вайны я здолеў адшукаць магілу бацькі. Мы з жонкай Ірынай Віктараўнай і трохгадовым сынам Алёшкай ездзілі ва Ўсходнюю Прусію, дзе непадалёку ад горада Чарняхоўска, у саўгасе «Свабода» (былая вёска Брэнхоў) у брацкай магіле быў пахаваны мой бацька. Мы паклалі на магілу кветкі і жменьку роднай Беларускай зямлі.

Амаль праз тыдзень пасля эвакуацыі Старобінскага гарнізона зусім нечакана з лесу каля вёскі Дубеі выйшла група немцаў – чалавек 10. Гэтая вёска, можна сказаць, стаіць адной нагой у лесе, а другой у полі: яна аддзяляе Старобінскае палессе ад бязлесай Случчыны. Выйшаўшы з лесу, немцы краем балота, у абход вёскі Чырвонадворцы, рушылі на захад. Адкуль яны ўзяліся? Фронт жа адкаціўся ўжо недзе за Баранавічы. Чаму яны не здаліся ў палон? Якая ў іх мэта? Ці ўзброены яны?

Вестка аб немцах маланкай абляцела вёску. Нехта з сельсавета патэлефанаваў у Старобін і адтуль вельмі хутка прыехалі на палутарцы ўзброеныя партызаны – міліцыі, мабыць, яшчэ не было. Крыху не даехаўшы да немцаў, партызаны спешыліся і крыкнулі, каб тыя сппыніліся. Немцы спыніліся, партызаны атачылі іх і сталі нешта гаварыць. Аб чым ішла гутарка – невядома, але ўжо праз некалькі хвілін пачалася страляніна, якая хутка скончылася. Партызаны, ажыўлена гамонячы і лаючыся, вярнуліся да машыны і адразу паехалі, пакінуўшы забітых немцаў.

Цікаўныя жыхары вёскі, больш жанкі і дзеці, падышлі паглядзець на немцаў. Два з іх былі яшчэ жывыя, стагналі. Усе немцы былі без зброі. Двух хлопчыкаў паслалі ў вёску прынесці вады, каб напаіць параненых. Старэйшы з падлеткаў Валодзя Новік, які ведаў некалькі нямецкіх словаў, спрабаваў задаваць параненым пытанні, але яны нічога не адказвалі – не да таго ім было, ды, можа, яны і не разумелі Валодзінай «нямецкай» мовы. Жанкі спрабавалі паіць параненых, але яны былі вельмі слабыя і хутка сканалі.

Назаўтра забітых немцаў на некалькіх падводах вывезлі ў лес і там закапалі на конскіх могілках.

Гэтая падзея ўзрушыла людзей, выклікала многа пытанняў і спрэчак. Чаму гэтыя немцы не здаліся ў палон рэгулярным часткам Савецкай арміі, што выратавала б ім жыццё, а ішлі, хаваючыся, на захад за адыходзячым фронтам? Няўжо разлічвалі, што пройдуць незаўважанымі? Чаму былі бяззбройнымі – разлічвалі на спачуванне пры захопе іх у палон?

Разважлівы па-даросламу Валодзя Новік казаў:

– Чаму не здаліся ў палон? Таму, што здача ў палон – гэта ганьба для салдата любой арміі. Акрамя таго, яшчэ, мабыць, нідзе і нікому ў палоне добра не было.

– Але ж партызаны зрабілі неяк нядобра – пазабівалі бяззбройных людзей, – разважалі спачувальнікі. Хоць яны і немцы, нашы нядаўнія ворагі, але ж гэта людзі, у іх недзе ёсць бацькі, можа, жонкі і дзеці, якія чакаюць іх.

– Так дык яно так, але чаго ж яны прыходзілі да нас без запрашэння? – пярэчылі ім больш прынцыповыя.

– То яны ж салдаты! Вось і паслалі на вайну, не пытаючы іх згоды.

– А што яны рабілі тут у нас? Хіба не забівалі нашых людзей, нават жанчын, старых і дзяцей? Дык на якое спачуванне яны разлічвалі, асабліва ад партызан, якіх немцы таксама ў палон не браліі нават іх сем’і знішчалі?

– І ўсё ж забойства ёсць забойства. «Вока за вока, зуб за зуб» – не лапшы прынцып і не заўжды. Можа хто з тых забітых немцаў і не быў вінаваты, а жыццё яму ўжо не вернеш. Дык, мабыць, лепш дараваць вінаватаму, чым забіць хоць аднаго невінаватага.

– Дык вайна ж ідзе, а вайна – гэта і ёсць той час і тое месца, дзе забіваюць невінаватых, – філасофскі пажартаваў Новік, нібы падводзячы рысу пад спрэчкай.

Пасля вызвалення

Фронт і на гэты раз абышоў старобіншчыну, не прынесшы ёй значных разбурэнняў, пакаціўся на захад, у бок Польшчы і Прыбалтыкі. Усе мужчыны ад 18 да 50 гадоў пайшлі на фронт. Засталіся толькі старыя дзяды, жанчыны, інваліды, падлеткі і дзеці. На іх плечы і лёг увесь цяжар сялянскай працы. Ішла нарыхтоўка кармоў для жывёлы, затым жніво, уборка бульбы, сяўба азімых. Не хапала коней, інвентару, вупражы, прадуктаў харчавання, фізічнай сілы. Але трэба было выстаяць, справы патрабавалі. І людзі стараліся, працавалі, як мурашкі, як пчолы.

Адразу ж пасля вызвалення старых людзей цікавіла пытанне: зямля будзе ў прыватнай уласнасці ці зноў будуць калгасы? Было спадзяванне на тое, што «калі ў армію вярнуліся пагоны, то будуць і загоны» – палоска сваёй зямлі. Жыла яшчэ ў людзей цяга да сваёй зямлі! Але гэтыя надзеі не спраўдзіліся. Калгасы былі адноўлены.

Малодшае ж пакаленне цікавілася іншым: як будуць адбудоўвацца разбураныя гарады, заводы і фабрыкі? Там жа таксама спатрэбяцца рабочыя рукі! Нарэшце, як і дзе можна будзе вучыцца? Людзі пачалі думаць не толькі пра сённяшні дзень, але і пра заўтрашні і нават на гады наперад.

Але пакуль што трэба было працаваць тут, у вёсцы. Каб паехаць на працу ў горад, трэба было атрымаць пісьмовы дазвол на гэта ці, як казалі, «адпускную» ў старшыні калгаса. Без гэтага нельга было атрымаць пашпарт. А старшыні не хацелася адпускаць з вёскі людзей, бо рабочых рук было вельмі мала.

На першы погляд сялянская праца хоць і цяжкая, але простая, здаўна вядомая і звыклая – усе жыхары вёскі з ранняга дзяцінства бачылі яе і ўдзельнічалі ў ёй. Але калі ўсе мужчыны пайшлі на фронт, аказалася, што сялянская работа патрабуе не толькі моцнай фізічнай сілы, але і пэўнага спрыту, тонкага ўмення нават, здавалася б, у дробязях. Так, не адкляпаўшы роўна і не «запрогшы» добра касу, не адмянташыўшы яе як след, многа не накосіш – сілы не хопіць. А тут яшчэ з-за адсутнасці дастатковых практычных навыкаў каса не слухаецца маладых касцоў: то слізгае паверх травы, не зразаючы яе, то нос яе залазіць глыбокаў зямлю, ды так, што яе ледзь выцягнеш за коссе. Ужо сухое сена трэба скласці ў стагі, бо з гразкага балота ўлетку яго не вывезеш, трэба чакаць зімы, калі балота замерзне. Але зрабіць пад стог добры адонак на балоце, каб сена знізу не падмокла, а галоўнае так скідаць стог, каб пад час дажджу сена не прамакала зверху стога і каб вецер не паваліў стог – усяго гэтага жанчыны і падлеткі рабіць не ўмелі, гэта заўсёды была мужчынская работа. І вось у гэты час спатрэбіліся парады і дапамога старых людзей, іх таксама мусілі браць на сенакос.

Не лягчэй было і з ворывам. Як конь, так і плуг не слухаліся слабых і неўмелых рук. Плуг, натрапіўшы на найдробную перашкоду, выскоквае з зямлі, пакідае агрэх. Асабліва цяжка было заворваць зялёны лубін пад пасеў азімых. Густыя і тоўстыя сцябліны лубіну набіваліся пад дышаль плуга і выштурхоўвалі яго на паверхню зямлі нават тады, калі ручкі плуга ўзнімаеш высока ўгару, каб плуг заглыбляўся. Каб пазбегнуць гэтага, на дышаль плуга вешалі чыгунную гіру, але і гэта мала дапамагала. Даводзілася па краі баразны перад аратым зломваць ці зрэзваць лубін і класці яго ў баразну і араты яго заворваў.

На прысядзібных участках зямлю спрабавалі ўзорваць каровамі, адзеўшы на іх, як на валоў, ярмо. Але карова не конь – ідзе, куды папала, аратага не слухаецца, нібы кажа: «Не мая гэта справа – плуг цягаць, мая справа-малако даваць». Пры такім ворыве больш натурзаешся, чым наарэш. Але што зробіш, калі добрых коней на вайну забралі, а тыя, што засталіся, выбіваліся з сіл, як і людзі.

Трэба было нарыхтаваць паліва на зіму. У нас асноўным палівам быў торф. Накапаць яго – вельмі цяжкая работа. Адрэзаную мокрую тарфяную цагліну трэба падняць на разаку і выкінуць з ямы ды так, каб яна не зламалася. Ад ямы гэтыя цагліны адвозяць на калясцы і складваюць крыж-накрыж ў хаткі, каб яны праветрываліся і сохлі.

Саспелае ў полі жыта жанкі жалі сярпамі, а звозілі яго ў гумны падлеткі, старыя мужчыны, а часам і жанкі. Гэта таксама даволі складаная справа. Трэба роўненька скласці снапы на драбіны калёс, пад’язджаючы ад бабкі да бабкі, затым рублём і вужышчам моцна ўціснуць воз, каб ён па дарозе не раз’ехаўся, а, едучы, глядзець, каб на калдобінах воз не перакуліўся.

Але, мабыць, найцяжэйшым было псіхічнае напружанне. Амаль у кожнай сям’і нехта быў на фронце: бацька, муж, сын. Адтуль прыходзілі вельмі чаканыя салдацкія лісты-трохкутнікі, на якія замест паштовых марак стаяў штэмпель – «Солдатское». Зроблены яны былі з аркуша паперы, складзенага накшталт папяровай лодачкі, што дзеці пускаюць у раўчуках. Напісаны яны былі звычайна алоўкам, няроўна, малаграматна. Але як іх чакалі дома! Прыйшоў ліст – значыць, яшчэ жывы салдат! Прачытвалі іх па некалькі разоў: і дома, і суседзям, якія прыходзілі даведацца, ці не напісана што-небудзь і пра іхняга салдата, можа, дзе бачыліся.

Цяжка было слухаць, калі то тут, то там на вёсцы чуліся жалобныя галашэнні. Гэта яшчэ ў адну сям’ю прыйшло паведамленне аб тым, што «Ваш муж(сын) геройски погиб в бою и похоронен в братской могиле». У тым галашэнні была і жаль да блізкага, дарагога, заўчасна загінулага чалавека, і жаль да сябе, сваёй адзіноты, неадбылых мараў і спадзяванняў, і разгубленасць перад цяжкасцямі будучага жыцця. Усё гэта прыгнятала, сціскала, як абцугамі, сэрца. Але паступова слёзы выплакваліся, боль прытупляўся і хоць смутак заставаўся, але неадкладныя справы клікалі да дзейнасці, і людзі трымаліся. Праца – лепшы лекар душэўных нягод.

У той час, калі ў нас ішло напружанае працоўнае жыццё, у Польшчы, Венгрыі, Нямеччыне яшчэ працягвалася жудасная бойня. Фашысты не здаваліся, хоць было ўжо відавочна, што распачатая імі вайна скончыцца поўнай іх паразай. Але ім, мабыць, не хацелася прызнацца ў гэтым перш за ўсё перад самімі сабой. Акрамя таго, у іх існаваў яшчэ нейкі прывід надзеі на завяршэнне распрацоўкі ў лабараторыях звышмагутнай сакрэтнай зброі. І фашысты, адцягваючы час сваёй гібелі, кідалі ў полымя вайны ўсё новых і новых сваіх салдат. Дайшла чарга да падлеткаў – быў створаны “Гітлерюгент”

У Савецкай Арміі страты ў жывой сіле былі яшчэ большыя і хоць вайна ў Нямеччыне заканчвалася пераможна, але на Далёкім Усходзе была яшчэ саюзніца Нямеччыны – мілітарысцкая Японія. Такім чынам, прадбачыліся яшчэ разборкі з японцамі, а для гэтага патрабаваліся зноў-такі салдаты. Так дайшла чарга да прызыву ў армію хлопцаў 1927 года нараджэння, у тым ліку і да мяне. З парушэннем Асноўнага Закона – згодна савецкай Канстытуцыі, у Армію прызываюцца грамадзяне СССР, якім споўнілася 18 год – улетку і ўвосень 1944 года ў армію былі празваны 17-гадовыя юнакі 1927 года нараджэння – стварыўся своеасаблівы “Сталінюгент”.

У ногі паклонімся

Ад’езд з вёскі 17-гадовых юнакоў яшчэ больш пагоршыў становішча ў калгасе – яшчэ менш стала рабочай сілы.

Становішча ў нашай сям’і, як яно было і ў многіх іншых сем’ях, стала амаль катастрафічным. Дома заставалася мая другая мама – малаграматная Саламея Міхайлаўна, з трохгадовай дачушкай – маёй сястрычкай Маруськай, і сам-насам з усімі складанасцямі сялянскага жыцця.

Трэба было даглядаць дамашнюю жывёлу, абрабляць зямлю на прысядзібным участку амаль у 40 сотак і ўсё гэта ў паслярабочы час, бо трэба ж было хадзіць на працу ў калгас, каб выпрацаваць усталяваны мінімум працадзён, інакш брыгадзір не дасць каня, каб узараць гарод, прывезці торф ці сена і гэтак далей.

Нават уявіць сабе цяжка, як яны спраўляліся з усім гэтым, як выкручваліся з усіх складанасцяў. Калі да гэтага дадаць яшчэ тое, што ў лютым 1945 года, за два з паловай месяцы да канца вайны, яны атрымалі пахаронку на бацьку, што рабіла іх становішча амаль безнадзейным, дык на памяць прыходзяць словы расейскага паэта М.Някрасава:

“Мыкать горе, век трудиться,

Нищим умереть, –

Вот где надо бы учиться

Верить и терпеть».

І яны верылі, цярпелі. Ідучы працаваць на калгаснае поле, маці брала маленькую Марусю з сабой на ўвесь дзень, або пакідала яе дома адну, зачыніўшы ў двары і пакінуўшы ёй сякую-такую яду, паклаўшы яе ў дрывотні або проста на плоце. Так і расла Маруся з курамі і парасятамі каля бясконца занятай, затурканай и стомленай мацеры.

Я ў гэты час служыў у арміі, авалодваў курс маладога байца, не ведаючы, што мяне чакае. Саламея Міхайлаўна і Маруся чакалі мяне, майго вяртання дамоў. Яны не ведалі, калі прыйдзе той час, але спадзяваліся на гэта.

А недзе напрадвесні 1945 года Саламея Міхайлаўна і яшчэ адна жанчына з вёскі Крывічы, да гэтага ні разу не бачыўшыя цягніка, прыязджалі праведаць нас, маладых салдат, у Калужскую вобласць. Невядома, як яны рашыліся на гэта, і цяжка ўявіць, як дабраліся да нас, а затым дадому на таварных цягніках.

Хочацца звярнуцца да цяперашніх жанчын і сказаць ім: «Не думайце і не кажыце, што вам цяжка жывецца – вы не ведаеце, што такое цяжка». І яшчэ хочацца пакланіцца ў ногі жанчынам ваеннага часу, пацалаваць іх засмаглыя вусны, дачасна ссівелыя галовы і шурпатыя мазолістыя рукі. Але тых жанчын ужо няма. Яны пайшлі ў лепшы свет, адкуль назад вяртання няма. А мы засталіся.

Будзем жа памятаць аб іх. Хай будуць яны для цяперашняга пакалення сімвалам веры, мужнасці і стойкасці, працавітасці, дабрыні і самаахвяравання.

Я не кажу, што цяперашнія жанчыны павінны мець такі ж лад жыцця. Кожнае новае пакаленне жыве ў іншых, змененых умовах, жыве інакш, і гэта натуральна. Але новае пакаленне павінна ведаць, як жылі яго продкі, асабліва бліжэйшыя, каб атрымаць эстафету жыцця ад мінулага і перадаць яе ў будучыню новаму пакаленню.

Веды, жыццёвы досвед, людская мудрасць – гэта гістарычныя паняцці.

3 каментарыя

  1. Пад уражаннем ад артыкула па шэрагу прычын. Паспрабую патлумачыць.
    Першае: бачна, што аўтар – сумленны, шчыры беларус, якому шмат давялося перажыць. Другое: вельмі цікавыя, паказальныя і павучальныя факты, якія лепш за ўсялякія занудныя і фальшывыя тэксты паказваюць рэальны стан беларускага насельніцтва, якое ў час вайны апынулася пад двайным ціскам – і з боку немцаў-паліцаяў, і з боку чырвоных партызан (пра беларускую нацыянальную партызанку, якая імкнулася бараніць і ратаваць беларусаў, аўтару, на жаль, невядома). Наш народ у той час, як бачна з прыведзенага дакумента, не шкадаваў ніхто. На Заходняй Беларусі было яшчэ горш. Там быў трайны прыгнёт. Былі яшчэ гэтак званыя “палякі”…
    Разам з тым, бачна і тое, што аўтар у свой час падпаў пад уплыў расейска-бальшавіцкай прапаганды. Таму бесстаронны падыход у яго, на жаль, не атрымаўся. Каго лічыць “нашымі”, а каго “ворагамі”? Што лічыць “вызваленнем”, а што “акупацыяй”? Аўтарская інтэрпрэтацыя тут дастаткова адназначная, але факты ўпарта вылазяць зь яе. Знакамітае “шыла ў мяху не схаваеш”, толькі ў павялічанай колькасьці. Напрыклад, аўтар распавядае, што немцы прымушалі беларусаў разьмініраваць дарогі. Быццам партызаны не ведалі, хто будзе размініраваць іх міны, калі яны іх ставілі? Ён піша, што немцы кепска ставіліся да ваеннапалонных. А сам у канцы распавядае, як чырвоныя расстралялі бяззбройных немцаў. Ён піша, як немцы заганялі ў паліцыю, а потым сам піша, як бальшавікі ў 1944 бралі ў войска 17-гадовых падлеткаў, якіх потым кідалі на дзоты Кенігзберга, Як забіралі коней, без якіх сялянам было амаль не выжыць. Можна параўноўваць яшчэ… Бесстаронны чытач запытаецца: і дзе тут свае?
    І цяпер пра самае галоўнае – чацвёртае. Нам, беларусам, вось ужо шмат стагоддзяў не даводзіцца хоць троху пажыць пры сапраўды СВАЁЙ беларускай уладзе! Але людзі павінны кагосці прыймаць за свайго, а кагосьці за чужога. Так пабудавана іх псіхіка. Ва ўмовах адсутнасці сапраўдных СВАІХ, чалавек абірае ў якасці такіх таго, да каго ён больш прывык. Натуральна, аўтар з дзяцінства прывык жыць пры бальшавіках. Таму і лічыў іх “сваімі”. Якое “свае”? Для каго? Для сотняў тысяч лепшых беларускіх сялян, якіх абазвалі кулакамі і закатавалі? Для сотняў лепшых беларускіх пісьменнікаў, паэтаў, навукоўцаў, прафесараў, інжынераў, якіх бальшавікі пазабівалі толькі з-за таго, што яны былі беларусамі? Для тых сотняў тысяч беларусаў, адмыслова забітых пад Кенігзбергам у 1944 годзе, калі іх без зброі кідалі на кулямёты немцаў? “Абое рабое”, – сказаў бы любы бесстаронны чалавек. І гэта ў лепшым для бальшавікоў выпадку.
    Артыкул выдатна паказвае, што з беларусамі можа быць зноў у любы час, калі ў нас не будзе сапраўды СВАЁЙ УЛАДЫ. А пакуль такой няма. І бальшавікі ёй таксама НЕ БЫЛІ.

  2. Дарафей кажа:

    Аляксандр Сяргеевіч напісаў(ла):
    Люты 27, 2009 у 05:44 Каго лічыць “нашымі”, а каго “ворагамі”? Што лічыць “вызваленнем”, а што “акупацыяй”? Згодны , што бальшавікі не былі СВАЁЙ УЛАДАЙ, але мне здаецца ,што “свае” , “нашы” выкарыстоўваецца ў дачынені да бацькоў , братоў, сыноў, якія былі прызваны і ваявалі на бакуў Чырвонай Арміі, у партызанах і тым самым атаясамлевалі яе з імі.Бо безумоўна перамогу саветаў над немцамі звязвалі з вяртаннем да дому блізкіх.І толькі з гэтым ,бо адзін жорсткі рэжым змяняўся не меньш жорсткім.Зразумела так сама ,што для тых, хто ваяваў супраць і немцаў і саветаў, а таксама калабарцыяністаў ваяваўшых за немцаў,-гэта было інакш. Увогуле,нам – беларусам сёнешняга, складана зразумець не адчушы на сабе ўсе жахі таго часу, нашых дзядоў ,прадзедаў. Не трэба дзяліць іх на нашых і нянашых.Яны ўсе нашы продкі. Мы павінны ім быць удзячны толькі за тое ,што яны выжылі ва умовах сталінізму і фашызму, перадаўшы нам права жыць.А тое ,якой мы перададзім Беларусь нашым дзецям ,залежыйь ад нас сёння.

  3. Святлана кажа:

    Вялікая падзяка паважанаму аўтару. З асабістай зацікаўленасцю прачытала гэты матэрыял. Мая бабуля таксама перажыла акупацыю ў адной з вёсак Зельвенскага раёна. Мама кажа, што бабуля амаль нічога не прыгадвала пра дзеянні немцаў, аднак часта спамінала, як няшчадна рабавалі іх партызаны, як забіралі апошнюю свойскую жывёлу і адчынялі куфры. У свой час я не змагла распытаць бабулю пра той час, бо была яшчэ малая. А гэтае апавяданне дае ўражанне, што сама пабыла там. Выдатна, што аўтар пакінуў гэта на паперы, і шмат людзей змогуць даведацца непрыаздобленую праўду пра жыццё беларускай вёскі пад час акупацыі.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы