nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Да пытання пра прусаў – перасяленцаў на тэрыторыі Беларусі ў Сярэднявеччы

17 красавіка, 2009 | Каментары (1)

Ала Квяткоўская (http://kryuja.org/artykuly/inszyja_autary/da_pytannia_pra_prusau_pierasialiencau_na_terytoryji_bielarusi_u_siaredniavieczczy.html)

d09ad180d18bd19ed18f

У сувязі з войнамі Тэўтонскага ордэну й польскіх князёў на тэрыторыі Прусіі, частка тамтэйшага жыхарства была змушаная міграваць на ўсход, часткова ў Верхняе Панямонне, на землі роднасных прусам яцвягаў. Гэта адбылося ў апошняй траціне ХІІІ ст. У Іпаццеўскім летапісе ёсць запіс, у якім паведамляецца, што ў 1276 г. прыйшлі Прусы да князя Трайдзеня, прыгнечваныя праз немцаў са сваёй айчыны. Ён жа прыняў іх да сябе і пасадзіў частку ў Горадні, а частку – у Слоніме.


Уладзімер Васількавіч з Ільвом Данілавічам выправілі войска да Слоніма ўзяць яго, з тым, каб прусы зямлі не падседжвалі. У звязку з гэтым Трайдзень выправіў брата свайго Сірпуця ваяваць каля Каменя. Уладзімер жа супраць гэтага выправіў войскі ўзяць у яго Турыйск на рацэ Нёман і ўзяў вёскі каля яго. Пасля гэтага яны замірыліся.

З гэтага летапіснага паведамлення вынікае, што перасяленцы з Прусіі былі паселеныя ў двох пунктах на тэрыторыі Беларусі – у Горадні (цяпер вёска ў Воранаўскім раёне); менавіта сюды князь Трайдзень пасяліў прусаў, а ня ў Гродне (таксама “Гародня”), як памылкова мяркуюць даследнікі. Другім пунктам пасялення прусаў быў Слонім.

Польскі гісторык Е.Ахманьскі адзначаў, што размяшчэнне прусаў-борцяў абмяжоўваецца менавіта паўднёваю Літвою, наднёманскай і надвялейскай, куды ўцякалі са свае радзімы пад ціскам крыжакоў і яцвягі, шукаючы паратунку ў Літоўскім гаспадарстве. Е.Ахманьскі мяркуе таксама, што пад Радунню знаходзілася пруская калёнія Скалёва-Сколва, што складалася з групы вёсак, узнікненне якіх трэба звязваць з выправаю Кейстута й Альгерда на Скаловію ў 1365 г.

Ва Ўставе на валокі, выдадзенай каралём Жыгімонтам Аўгустам для Вялікага княства Літоўскага 1 красавіка 1557 г. у артыкуле ідзецца пра вызначэнне павіннасцяў для падданых гаспадарскіх баяраў путных, борцяў, конюхаў сядзельных, стральцоў і г.д. А ў артыкуле 2 гэтае Ўставы – пра борцяў – адзначаецца, каб былі выдзеленыя валокі для жаўнераў, што называліся борці, для ўзвядзення мастоў. Далей кажацца, што, як і раней, застаюцца борці свабоднымі ад усякіх павіннасцяў і каб ад валокаў плацілі грашыма. Калі ж ісці ім на вайну, дык на гэты год яны свабодныя ад усякіх плацяжоў.

Другая, гэтага сама караля, Устава замкаў, дзяржаваў і палацаў нашых Вялікага княства Літоўскага і г.д. (бяз даты), у якой сярод іншых, хто не нясе цяглай службы, зноў прыгадваюцца борці, якія падчас вайны масты чынілі.

Такім чынам, у XVI ст. пад назваю борці мелася на ўвеце пэўная катэгорыя гаспадарскіх падданых, якія сядзелі на каралеўскіх землях і ня мелі звычайнай цяглай службы да каралеўскага двара й плацілі ў каралеўскую казну пэўную суму грашыма. Былі яны прыраўнаныя да пасяленцаў. Па загадзе караля павінны былі борці хадзіць на вайну, адпаведна, з гледзішча абавязання на іх выконваць воінскую службу займалі месца побач са шляхтаю. Апроч таго, як ужо згадвалася вышэй, на борцях быў абавязак утрыманне мастоў як падчас міру, так і падчас вайны.

У 1545 г. князі, паны й зямяне ўладзімерскага павету паведамлялі каралеўскаму рэвізору пра тое, што калі падчас праўлення караля Казімера ўладзімерскі замак згарэў, дык кароль Казімер, будучы ўва Ўладзімеры з каралеваю, загадаў яго аднавіць працаю воласці літоўскай і іншымі воласцямі ды борцямі ожскімі й пераломскімі. Адпаведна, выкарыстоўвалі борцяў калісь і пры будаўніцтве замкаў. У часы Жыгімонта служылі борці ў літоўскай артылерыі, адкуль літоўскія артылерысты зваліся Борці.

Пасля правядзення земскае рэформы расслаенне грамадзтва ў Вялікім княстве Літоўскім пайшло вялікімі тэмпамі. Ужо ў Літоўскім Статуце 1588 г. борці фігуруюць у рубрыцы Людзі простага стану.

Для лякалізацыі месцаў пражывання перасяленцаў-прусаў на тэрыторыі Беларусі істотнымі зьяўляюцца звесткі з дакумантаў. Гэтак, 14 сакавіка 1499 г. вялікі князь Аляксандар за верную й старанную службу князя Васіля Львовіча Глінскага даў таму цэлы дзясятак людзей сваіх, борцяў клевіцкіх, з усякімі землямі – ворнымі, бортнымі, пусткамі, сенажацямі, азёрамі, рэкамі, бабровымі гонямі й г.д.

На месцазнаходжанне гэтых барцянскіх пасяленняў указваюць: Гельвяны – мястэчка на мяжы старых паветаў віленскага й вілкамірскага; в.Меднікі, Клевіца – маёмасць і вёска ў павеце Ашмянскім і інш.

У XV ст. у складзе намесніцтва ці воласці Ожы й Пералому знаходзіліся землі, населеныя борцямі, якія, паводле назову іхнага жыхарства, называліся і воласцю Борцкаю, і паветам Борцкім, і проста Борцямі. З наяўных дакумантаў XV і XVШ стст. вынікае таксама, што борці жылі ў двох цэнтрах: у наваколлі мястэчка Жалудка і ў наваколлі мястэчка Радуні, і што менавіта гэтыя два цэнтры складалі адзіную воласць Борці, або павет Борцкі. З дакумантаў таксама вынікае, што борці мелі ў сваім уладанні надзелы зямлі рознае велічыні, што некаторыя з іх мелі лішкі зямлі, якія прадавалі іншым асобам. Гэта цягнула за сабою тое, што землі барцянскія палягалі ў шахматным парадку з землямі іншых катэгоряў гаспадарскіх людзей.

Памера валочная земляў барцянскіх, пачатая каля 1558 г., скончылася ў 1561 г. У выніку яе на старажытных землях барцянскіх пераломскае воласці, на Панямонні, у наваколлі мястэчка Жалудка, на валоках былі ўтвораныя вёскі: Турыйск (Борці Турэйскія), Ясялевічы, Менантовічы, Піпіроўцы (пасля заканчэння земскае рэформы населеная шляхтаю-борцінамі), Талочкі, Вялікія Буцілы, Малыя Буцілы й Панямунцы. На адлегласці 50 км на поўнач ад гэтага войтаўства ў наваколлі мястэчка Радуні, таксама на старажытных землях барцянскіх узніклі вёскі: Лелюшы, Пеляса (стары назоў вёскі – Барцянская Пеляса), Пілуны, Паўлокі, Падзітвы, Памедзь, з якіх утворанае войтаўства Пяляскае; а далей вёскі: Старыя Віганы, Новыя Віганы, Палашкі, Дубінцы, Куркаданы, Ятолты, Скірэйкі, з якіх утворанае войтаўства Скалвенскае. Апошняе войтаўства Гарадзенскае абдымала зноў заселеныя вёскі: Складанцы, Вайткуны й Паройсць. Значная частка ўладання Ліпічны над Нёманам, на поўдзень ад мястэчка Жалудка, узнікла з земляў барцянскіх і іх пасяленцаў.

23 жніўня 1560 г. кароль Жыгімонт Аўгуст сваім рашэннем, выдадзеным у Эйшышках, сем’і барцянскія з прозвішчамі Барташэвічы, Сянкевічы, Пасевічы, Радзівіловічы, Міцкевічы, Насевічы, Пашкевічы, Фяткевічы, Янушкевічы, Багдановічы, Лукашэвічы, Казакевічы, Ямантове, Вілбікове, Запаснікове, Войшвілове, Бутрымове, Пятрашкі й інш., як тых, хто паходзіць ад Крупаса (у мужчынскай і жаночай лініі, і якім князь Вітаўт за ўдзел у вайне з крыжакамі ў 1410 г. даў у воласць Радуньскую зямлю ва ўласнасць), прызнаваліся за шляхту, а зямлю іх, як шляхцянскую, выключылі з памеры валочнай.

Польскі даследнік Я.Віснеўскі зазначаў, што на працягу XV ст. прускія пасяленцы перасунуліся ад Буга на поўнач, у напрамак Нарэва вузкім клінам паміж вёскамі мазавецкімі на захадзе й р.Арлянкаю на ўсходзе, за якімі ўтрымлівалася яшчэ пушча, што сягала Камянца, Кобрыні й наваколляў Ваўкавыску. Па сканчэнні войнаў з Тэўтонскім Ордэнам князі літоўскія, каб узмацніць сваё валадаранне на гэтых землях, пасялілі каля гарадоў і пры галоўных дарогах значную колькасць шляхты паходжання літоўскага (яцвяскага) і прускага, абавязаных да ваеннай і замкавай службы. Ня ўласна літоўцы тут не сяліліся. Прыгадваюцца борці таксама і ў дакумантах канца XVI, XVII-XIX стст.

Да канца XVIII ст. прускія перасяленцы ўтваралі самастойную адміністрацыйную адзінку – Барцянскае староства, у склад якога, згодна з інвэнтаром 1765 г., уваходзілі чатыры войтаўствы: Пеляскае (вв. Пеляса, Памедзь, Падзітва, Павалока, Пілюнцы, Лелюшы), Скалвенскае (вв. Віганцы, Смільгімі, Дубінцы, Скірэйкі, Ворлі, Палойкішкі, Куркі, Каргоўды), Гарадзенскае (Складанцы, Вайкунцы, Паройсць), Панёманскае (вв.Турыйск, Ясялевічы, Талочкі, Пілароні, Мінейтовічы).

Паводле паведамлення Т.Нарбута, нашчадкі борцяў да гэнага часу (XIX ст. – А.К.) ёсць у Лідзкім павеце, на правым беразе Пелясы, а апроч таго і ў іншых мясцовасцяў старажытных ваяводзтваў віленскага й трокаўскага.

М.Любаўскі адзначаў, што перасяленцы прусы-барты амаль да апошняга часу (пач. ХХ ст.- А.К.) захоўвалі адметнасці свае мовы спасярод літоўцаў Гарадзенскае губэрні.

М.Я.Грынблат адзначаў, што ў беларусаў-каталікоў сустракаюцца балцкія прозвішчы: Паруліс, Борціс, Кодзіс, Тэртэль, Юралайціс, Ясюкайціс, Жэмпа, Лукша, Павілойць, Андзюль, Кірмель, Тункель, Мікшта і інш., зафіксаваныя ў Гарадзенскай, Менскай, Віцебскай і Брэсцкай вобласцях.

Т.М.Суднік зазначае, што дыялектныя матэрыялы з наваколля Радуні, сабраныя ў 1970-я гг. даюць падставы меркаваць пра ўдзел заходнебалтыцкага элемэнту ў лёсе сучаснае пеляскае гаворкі. Гэтаму не супярэчаць гістарычныя сведчанні пра пасяленне прусаў у раёне Пелясы колькі стагоддзяў таму.

Засведчанае пісьмовымі крыніцамі й дакумантамі пасяленне прусаў на тэрыторыі Беларусі, пачынаючы з апошняе чвэрці ХІІІ ст. і пазней, мела быць адлюстраванае і ў археалягічных дрэўнасцях. Населеныя пункты, у якіх жылі прусы, ведамыя пэўна. Цяжэйшая справа з лякалізацыяй могільнікаў прусаў на тэрыторыі Беларусі, і вось чаму.

Вышэй ужо згадвалася, што на землях Верхняга Панямоння й Сярэдняга Пабужжа жылі яцвягі, як і родасныя ім прусы, што прыналежаць да заходнебалтыцкіх плямёнаў. Як неаднакроць падкрэслівалі даследнікі, для плямёнаў заходніх балтаў на працягу даўгога часу было ўласцівае ўжыванне камяня ў пахавальных узвядзеннях. Ужыванне камяня ў выглядзе кладак-вымастак захоўвалася ў прусаў ажно да XIII-XIV стст. Хоць ужо з ХІІ ст. ідзе паступовая замена іх адзінкавымі камянямі. У яцвягаў кладкі-вымасткі па-над пахаваннямі захоўваюцца да канца ХІХ – пачатку ХХ стст. Г.зн. па канструктыўных адметнасцях пахавальныя дрэўнасці прусаў і яцвягаў былі вельмі блізкія. Адрозненні былі і ў пахавальным абрадзе. Гэта – пахаванне коней разам з памерлымі або побач у асобных магілах – у прусаў.

Аднак да канца ХІІІ ст. гэтая частка пахавальнага рытуалу сыходзіць у нябыт. Прыняццё хрысціянства напрыканцы XIV ст. у якасці афіцыйнае рэлігіі ў Вялікім княстве Літоўскім спрыяла сціранню адметнасцяў пахавальных традыцыяў у этнічна розных групаў жыхарства й цягнула за сабою яго ўніфікацыю. Аднак працэс гэты расцягнуўся быў на колькі стагоддзяў. Трэ’ прыгадаць і пра тое, што толькі каля 1490 г. быў пабудаваны касцёл у в.Гожа.

На тэрыторыі Верхняга Панямоння й Сярэдняга Пабужжа выяўленыя шматлікія пахавальныя збудаванні XIXVII стст., што дасталі ў айчыннай археалягічнай літаратуры назоў каменных магілаў. Канструктыўныя адметнасці, пахавальны абрад і інвэнтар дазволілі інтэрпрэтаваць гэтыя помнікі як заходнябалцкія, яцвяскія.

Аднак на пазначанай тэрыторыі ёсць могільнікі, якія дзеля асаблівасцяў уладкавання пахавальнага абраду й інвэнтару цалкам маглі быць пакінутыя перасяленцамі-прусамі. Гэта грунтовыя могільнікі XV-XVI стст., даследаваныя В.А.Шукевічам. Асаблівасці іхнага ўладкавання й інвэнтару маюць аналёгіі і ў дрэўнасцях прусаў. Магчыма, прускім апынецца й могільнік каля в.Мухлядзішкі.

Прускімі, найхутчэй, зьяўляюцца асобныя пахаванні ў могільніках каля вв. Шчурок і Куклі. Гэтак, у могільніку ля в.Шчурок (тр.1, маг.2) выяўленая фібула. Яна выкананая з нейкага белага мэталу (магчыма, алавяністы сплаў). Паводле хормы нагадвае кветку з пялёсткамі (разэтка). Гэтак як язычок-засцібка адсутнічае, прымацоўвалася яна да вопраткі з дапамогаю шнурка ці нітаў. Ляжала на правым плячы шкілета. Кулакоў У.І. адзначае, што гэткія фібулы ведамыя адно ў Прыбалтыцы ў XIII-XIV стст. у дрэўнасцях прусаў. У могільніку каля в.Куклі (р.4, маг.1) знойдзеная бронзавая падковападобная фібула з S-падобнымі канцавінамі, на скураным шнурку, размяшчалася яна на рабрынах шкілета, злева. Фібулы такога кшталту ведамыя таксама ў дрэўнасцях прусаў XIII-XIV стст.

У могільніку каля в.Беліца ў шурфе 1 (1981 г.) выяўленае пахаванне мужчыны з часткамі каня, што размяшчаліся зверху, на магіле. На карысць прускае прыналежнасці беліцкага грунтовага могільніка (датуецца канцом XVI-XVII стст.) можа сведчыць наступнае. Як ужо згадвалася вышэй, значная частка маёнтку Ліпічны над Нёманам на поўдзень ад Жалудка, узнікла з земляў барцянскіх і іх пасяленцаў. Уладанні гэтыя, з прычыны безнашчадкавае смерці Станіслава Андрэевіча Давойны, полацкага ваяводы, перайшлі да караля Жыгімонта Аўгуста, які памяняў іх у 1567 г. на Індуру, уласнасць князя Мікалая Радзівіла. У 1572 г. пры смерці кароль Аўгуст са складу ваяводзтва Панёманскага выдзяліў вёскі: Вялікія й Малыя Буцілы, а таксама Панямунцы, і землі гэтых вёсак з людзьмі, жонкамі й іхнымі дзецьмі падараваў ва ўладанне князю Юр’ю Радзівілу. Гэтая зямля разам з усімі нявольнікамі, уцекачамі, а таксама й набытая князем Радзівілам, утварылі маёнтак Андрушоўшчыну над Нёманам, які потым прыналежаў радзівілаўскаму ключу Беліца.

У 1994 г. падчас правядзення выведкавых працаў у Камянецкім раёне Брэсцкае вобласці каля в.Млыны, паводле сведчання мясцовых жыхароў, знаходзіўся могільнік з каменнымі кладкамі й вялікімі валунамі, што стаялі ў галавах пахаванняў. Падчас выпраставання дарогі помнік зазнаў разбурэнне. Выяўленыя былі шкілеты людзей і конскія чарапы, зброя й іншыя прадметы. Сёння ад першапачатковае плошчы могільніка неразбуранаю засталася нязначная частка яго.

Каля в.Пруск Жабінкаўскага раёну Брэсцкае вобласці таксама ёсць могільнік з каменнымі канструкцыямі. Прыналежыць ён прусам ці яцвягам, пакажуць штудыі. Каля в.Лозы Ваўкавыскага раёну быў могільнік з каменнымі канструкцыямі. На некаторых камянях былі цяжкавызначальныя надпісы, знакі. Паводле паведамлення жыхароў вёскі, побач знаходзіліся ямы з пахаванымі коньмі. У цяперашні час помнік збольшага разбураны. Магчыма, і гэны помнік пакінулі былі прусы.

На тэрыторыі Беларусі й сёння ёсць населеныя пункты, назовы якіх паходзяць ад этнонімаў барты ды прусы. Трэба сказаць, што тапонімы, вытворныя ад этноніма барты, засяроджаныя збольшага на паўночным захадзе тэрыторыі Беларусі, асобныя назовы зафіксаваныя ў Брэсцкай вобласці (паўднёвы захад Беларусі). Тапонімы, вытворныя ад этноніма прусы, фіксуюцца больш на ўсход. Ці заснаваныя гэныя пасяленні толькі перасяленцамі-прусамі або яцвягамі – на гэтае пытанне можна будзе адказаць адно пасля правядзення даследаванняў.

Такім чынам, падсумоўваючы вышэйсказанае, трэба заўважыць, што крыніцы фіксуюць некалькі перасяленняў насельніцтва з Прусіі на землі Беларускага Панямоння. Першае – у 1276 г., другое – у 1365 г., звязанае з выправаю Кейстута й Альгерда на Скаловію, трэцяе – па сканчэнні войнаў з Тэўтонскім ордэнам (г.зн. пасля 1410 г.). Магчыма, былі й іншыя перасяленні. Цалкам магчыма, што тое былі ня толькі прусы, але й яцвягі. Перасяленцы-прусы ў сярэднявеччы й пазней жылі на тэрыторыі Беларусі кампактна, уяўлялі з сябе досыць шматколькасную групу насельніцтва ў складзе Вялікага княства Літоўскага й займалі даволі высокае грамадзкае становішча. Іхны статус, правы й абавязкі зафіксаваныя ў розных дакумантах. Дзякуючы дакумэнтальным крыніцам ведамыя нават імёны й прозвішчы прусаў, што пасяліліся на тэрыторыі Беларусі. Адзначаныя дыялектныя асаблівасці мовы ў жыхароў на тэрыторыях, дзе колісь былі пасяліліся прусы.

Каментары (1)

  1. Гэта вельмі цікавы матэрыял і толькі даказвае, што Беларусь сапраўды венедцкі кацёл. Я знайшла яшчэ і другія балцкія і германскія плямёны, якія пасля прыходу крыжакоў на іх тэрыторыі прыйшлі на тэрыторыю ВКЛ (куршы, ругі, судавяне і г.д.). Крайне важна гэта выясніць, каб ведаць дакладна, хто ёсць беларусы. За нас рабіць гэтага ніхто не будзе. Яшчэ больш цікавейшае пытанне: Адкуль узяліся прусы? І чаму на прускіх землях назовы беларускіх паселішчаў? Так што сябры за працу, за вялікую працу.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы