nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Перадвыбарчыя разборкі ў апазіцыі. Акт І (частка 2)

10 чэрвеня, 2009 | 10 каментарыяў

Аляксандр Мілінкевіч

d0bfd0b0d0bbd18fd0bad196-d0bcd0b0d181d0bad0b0d0bbd196

 

 

У адказ на зьяўленьне артыкула М.Падаляка ў рэдакцыю “НВ” быў дасланы ліст А.Мілінкевіча і яго артыкул. І.Сярэдзіч нэрвова адрэгаваў на пасланьне Мілінкевіча, але яго артыкул надрукаваў (26.05.2009   №79-80). Ніжэй мы падаем усе гэтыя дакументы – ліст Мілінкевіча, адказ на яго Сярэдзіча, артыкул Мілінкевіча сё ўзята з http://www.nv-online.info/index.php?c=ar&i=14494) – а затым і наш кароткі каментар.

Рэдакцыя.


1.

Ліст Мілінкевіча.

d09cd196d0bbd196d0bdd0bad0b5d0b2d196d187d0b0-d0bbd196d181d182

 

2.

Адказ рэдактара “Народнай волі” І.Сярэдзіча.

Спадар Мілінкевіч!

Шчыра кажучы, 14 гадоў я выдаю “Народную Волю”, але такіх пагрозлівых лістоў не атрымліваў нават ад Аляксандра Лукашэнкі і яго Адміністрацыі. Не трэба нас пужаць. Друкуючы матэрыял “Отбеливатель “М.“, мы нічый заказ не выконвалі. Чаму змясцілі на старонках газеты версію вядомага журналіста М.Падаляка — аб гэтым сказана ва ўрэзцы: праблема ўжо каторы тыдзень абмяркоўваецца ў апазіцыйных колах, але яна выходзіць далёка за рамкі палітычнага бамонда, мае лёсавызначальнае значэнне для мільёнаў беларусаў. Менавіта гэта, і толькі гэта, падштурхнула “Народную Волю” разгарнуць на сваіх старонках дыскусію, звязаную з вострай палітычнай сітуацыяй, якая склалася ў краіне. Што, мы не маем такога права?

Вы, Аляксандр Уладзіміравіч, лічыце, што “матэрыял, пададзены ў №№75-76 “Народнай Волі” за 19 мая 2009 года, мае яўна паклёпніцкі, “заказны” характар“. А вось я так не лічу. Урэшце, кожны мае права на сваё бачанне праблемы. І меркаванні, развагі, версіі аўтара нельга ўспрымаць як паклёп. З імі можна толькі пагаджацца альбо не пагаджацца. Яны, дарэчы, не патрабуюць і нейкіх доказаў, гэта — не канкрэтныя факты, а толькі здагадкі.

Зыходзячы з прынцыпаў плюралізму, “Народная Воля” з задавальненнем друкуе сёння Ваш ліст да дэмакратычных актывістаў, у якім, Аляксандр Уладзіміравіч, выкладзена Ваша асабістая пазіцыя “адносна сітуацыі ў краіне і вакол яе“.

Іосіф СЯРЭДЗІЧ, галоўны рэдактар газеты “Народная Воля”.

3.

Аляксандр Мілінкевіч.

У сувязі з апошнімі палітычнымі падзеямі хачу выказаць свае меркаванні адносна сітуацыі ў краіне і вакол яе. Мне важна, каб Вы ведалі маю пазіцыю непасрэдна ад мяне.

 

Ацэнка былой палітыкі Еўрасаюза адносна Беларусі

Як вядома, пачатак шырокага эканамічнага і гуманітарнага супрацоўніцтва з Беларуссю Еўрапейскі Cаюз ставіў да нядаўняга часу ў залежнасць ад выканання нашай краінай вядомых “12 ўмоў”. Гэта прынцыповыя ўмовы, якія базуюцца на каштоўнасцях еўрапейскай супольнасці. І з парадку дня яны, відавочна, не павінны быць знятыя. Тым не менш, ранейшая палітыка не прынесла пазітыўных вынікаў. Больш за тое, сітуацыя пагаршалася. Краіна працягвала самаізалявацца, эканоміка рабілася ўсё больш неканкурэнтаздольнай і “падсела” на расійскую энергетычную “іголку”. Рэпрэсіі супраць палітычных апанентаў і грамадзянскай супольнасці ўзмацніліся, а ўплыў дэмакратычных сіл на грамадства зменшыўся.

Палітыка Еўрасаюза ўспрымалася беларускімі ўладамі як ультыматум і не дазваляла ім, не згубіўшы твару, весці хоць які канструктыўны публічны палітычны дыялог з аб’яднанай Еўропай. Прыняць згаданыя ўмовы рэжым не мог. Бо іх выкананне прывяло б да дэмантажу сённяшняй палітычнай сістэмы і страты ўлады дзеючым кіраўніком краіны.

Да таго ж “12 ўмоў” не былі падмацаваны хоць якімі сістэмнымі дзеяннямі, якія дазвалялі б ствараць адпаведныя механізмы карэкціроўкі беларускай дзяржаўнай палітыкі. А пазіцыя Еўрасаюза адносна Беларусі выглядала з названай вышэй прычыны фармальнай і пасіўнай.

 

Сённяшнія ўзаемаадносіны Беларусі і Расіі

Перспектывы развіцця адносін РБ і РФ на сённяшні дзень наўпрост звязаны з палітычным праектам “Саюзная дзяржава”, лёс якога застаецца нявызначаным. Ад пачатку бакі ставілі перад сабой абсалютна розныя мэты. Расія — паступовае паглынанне Беларусі, а беларускія ўлады разлічвалі на доўгатэрміновае атрыманне велізарных датацый у выглядзе танных энерганосьбітаў ды спрыяльны доступ на расійскі рынак. Цяпер жа перад Масквой стаіць новы выбар: альбо настойваць на працягу праекта і прымушаць беларускае кіраўніцтва выконваць свае абавязкі па фактычнай інкарпарацыі РБ ў склад РФ, альбо шукаць іншыя падыходы, каб захаваць Беларусь у сваім геапалітычным полі. Расія ўсё больш схіляецца да пабудовы “рынкавых адносін” з нашай краінай, каб, паступова ліквідаваўшы эканамічны суверэнітэт, пазбавіць нас і палітычнай самастойнасці. Яна пачала падвышаць цэны на газ, і беларускія ўлады вымушаны браць у яе чарговыя кабальныя крэдыты, скатваючыся ў даўгавую яміну. Па ацэнках МВФ, у гэтым годзе беларуская эканоміка патрабуе ўжо 10,7 мільярда долараў крэдытаў.

Відавочна, што адмова ад палітычнага праекта “Саюзная дзяржава” робіць незразумелымі перспектывы адносін паміж яго ўдзельнікамі. А таму ніхто не хоча браць на сябе адказнасць, каб прызнаць, што праект праваліўся. Для расійскага кіраўніцтва гэта азначала б канстатацыю геапалітычнай паразы. А для беларускага — глыбокі эканамічны крызіс, а можа быць, і поўны калапс нашай нерэфармаванай гаспадаркі, якая пакуль трымаецца на плыву дзякуючы расійскім датацыям.

Да нядаўняга часу адсутнасць хоць якіх палітычных перспектыў у заходнім кірунку рабіла сітуацыю для беларускіх улад “патавай”. Рэжым не мог спыніць праект “Саюзная дзяржава” і не меў магчымасці распачаць палітычны дыялог і эканамічнае супрацоўніцтва з ЕС. А гэта адзіны рэальны партнёр па мадэрнізацыі беларускай гаспадаркі, без чаго мы рызыкуем пазбавіцца нашага суверэнітэту.

 

Новая палітыка Еўрасаюза

Еўрапейскі Саюз, прагматычна ацаніўшы неэфектыўнасць сваёй ранейшай палітыкі адносна Беларусі, спрабуе змяніць яе. Стратэгія засталася той жа, а менавіта — скіраванай на палітычную дэмакратызацыю і эканамічную лібералізацыю нашай дзяржавы. Змянілася тактыка: яна стала пакрокавай. Не адмаўляючыся ад ранейшых умоў, ЕС мяркуе, што рух мусіць адбывацца з абодвух бакоў. Першымі крокамі насустрач былі вызваленне палітвязняў і прыпыненне візавых абмежаванняў для шэрагу беларускіх чыноўнікаў.

Сёння ЕС пачынае праводзіць новую міжнародную палітыку. Яе сутнасць — у павелічэнні ўплыву на геапалітычныя працэсы ў нашым рэгіёне. У прыватнасці, датычна Беларусі інтарэсы ЕС палягаюць на ўзмацненні бяспекі, забеспячэнні стабільнага транзіту, падтрымцы незалежнасці, развіцці палітычнага і эканамічнага супрацоўніцтва. Вырашальную ролю ў прыспешванні зняцця палітычнай ізаляцыі з нашай краіны [а колькі словаў было пра тое, што будзе ізаляцыя для прадстаўнікоў рэжыму, але ня будзе для звычайных беларусаў; практыка паказала, што было ўсё наадварот. – Рэд.] адыграла расійска-грузінская вайна.

Еўрасаюз пачаў праводзіць больш гнуткую палітыку крытычнага дыялогу і дазаванага супрацоўніцтва, ступень якога будзе залежаць ад рэальных крокаў у кірунку дэмакратызацыі краіны. Мэта гэтага дыялогу і супрацоўніцтва — уцягванне беларускіх улад у паступовы працэс рэфармавання эканамічнай і палітычнай сістэмы краіны, які раней ці пазней павінен прывесці да трансфармацыі сённяшняй мадэлі палітычнага ладу. Рэалізацыя новай палітыкі ЕС павінна адбыцца праз далучэнне Беларусі да праграмы “Усходняе партнёрства”.

“Усходняе партнёрства” — важны крок Еўрапейскага Саюза насустрач нашай краіне, прызнанне яе прыналежнасці да еўрапейскай цывілізацыйнай прасторы. Нарэшце, гэта шанц паступова інтэгравацца ў агульнаеўрапейскія структуры, а ў будучым і ўступіць у Еўрасаюз.

Разам з тым збліжэнне з аб’яднанай Еўропай праз “Усходняе партнёрства” — гэта гістарычны выклік для нашай краіны, улад, грамадзянскай супольнасці і грамадзян [тут ёсьць усё акрамя беларускага народу. – Рэд.]. Гэта магчымасць мадэрнізаваць і еўрапеізаваць Беларусь. Мы не маем права згубіць яе. Удзел у праграме адкрые рэальныя перспектывы стварэння зоны свабоднага гандлю з Еўрасаюзам, атрымання інвестыцый [чытай, захопу нашай уласнасьці. – Рэд.], удзелу ў еўрапейскіх энергетычных праектах, змяншэння кошту віз, а з часам і далучэння Беларусі да Шэнгенскай прасторы. Прывёўшы наша заканадаўства ў адпаведнасць з еўрапейскімі прававымі нормамі і стандартамі, “Усходняе партнёрства” можа дазволіць нам мець такія ж дачыненні з ЕС, што сёння маюць Нарвегія, Швейцарыя, Ісландыя [а вось гэта – іншая сітуацыя. – Рэд.].

 

Дыялог і апазіцыя

Збліжэнне Еўрасаюза і Беларусі выклікае ў прадстаўнікоў дэмакратычных сіл супярэчлівыя пачуцці.

Доўгі час апазіцыя лічыла сябе адзіным прадстаўніком дэмакратычнага свету на беларускай зямлі. Нам цяжка прымірыцца з тым, што не мы з’яўляемся аўтарамі сцэнарыя дыялога. Некаторыя лічаць, што сустрэчы Хаўера Саланы ці Бенедзікта ХVІ з “апошнім дыктатарам Еўропы” непрымальныя і яны не мусілі адбыцца. Гучаць абвінавачанні ў бок аб’яднанай Еўропы ў “недальнабачнасці”, “наіўнасці”, “здрадзе дэмакратыі”, “легітымізацыі рэжыму”. Еўрапейскім палітыкам нават пагражаюць “адказнасцю” за тое, што яны не дамагліся ў Беларусі дэмакратыі.

Падзел унутры сённяшняй беларускай апазіцыі палягае на тым, што адны працягваюць змагацца выключна супраць Лукашэнкі, а другія — перадусім за Беларусь і яе еўрапейскі выбар [тут не названыя трэція – тыя, хто змаецца за аб’ектыўныя інтарэсы беларускага народу; яны – г.зн.мы – не ўзгаданы тут невыпадкова, нас няма нідзе, нас спрабуюць ігнараваць… – Рэд.]. Спадзяванні першых — на крызіс, які нібыта аўтаматычна ліквідуе дыктатуру. Другія, і я ў тым ліку, не бачаць ніякага лепшага альтэрнатыўнага палітычнага праекта, чым збліжэнне Беларусі з ЕС [а мы бачым лепшае выйсьце ў імкненьні да сітуацыі, якую адлюстроўвае лозунг: “Беларусь – другая Швайцарыя!” – Рэд.].

Ніхто ў Еўропе не лічыць, што ў нас квітнее дэмакратыя. Таму галоўнай умовай паўнавартаснага ўдзелу ў праграме “Усходняга партнёрства” якраз і з’яўляецца ўстойлівы прагрэс у справе дэмакратызацыі [за гэтым “прагрэсам” варта прасачыць. – Рэд.]. Удзел ва “Усходнім партнёрстве” — гэта не гарантыя змен да лепшага ў нашай краіне, гэта шанц на такія змены. Сёння мы маем толькі стрыманы аптымізм. А каб дадзены нам шанц ажыццявіўся, патрэбны воля і адказнасць.

Уключэнне ў поўнамаштабнае супрацоўніцтва з ЕС — працэс вельмі складаны і далёка не аўтаматычны. Ён нясе шмат выклікаў як для ўлад, так і для грамадзянскай супольнасці. Але разумнай альтэрнатывы яшчэ ніхто не прапанаваў [рэдакцыя нашага сайта ўвесь час гэтую альтэрнатыву прапануе; іншая справа, што ўсе агенты небеларускіх сіл дэманструюць стандартную рэакцыю на ўсе нашы прапановы – робяць выгляд, што іх няма. – Рэд.]. Сёння адмова ад еўраінтэграцыі стварае наўпроставую пагрозу для незалежнасці Беларусі [галоўная прычына «пагрозы для незалежнасці Беларусі» заключаецца ў захаваньні расейскай імперыі, якую “Захад” ў чарговы раз захаваў і падтрымаў. – Рэд.].

Сёння структуры Еўрасаюза спрабуюць шчыльна працаваць з уладай, каб з дапамогай эканамічных стымулаў спрыяць працэсам павароту нашай краіны да большай адкрытасці і прадказальнасці. Улады са свайго боку падаюць сігналы, што яны могуць пайсці на некаторую эканамічную лібералізацыю. Пры гэтым вядома, што дэмакратызацыя грамадска-палітычнага жыцця — далёка не прыярытэт для беларускага рэжыму. А таму галоўная роля ў гэтай справе мусіць належаць грамадзянскай супольнасці. Аб’яднаная Еўропа не будзе вырашаць за нас пытанні дэмакратызацыі беларускага грамадства [вышэй казалася нешта супрацьлеглае – пра цікавасьць менавіта да гэтага з боку ЕЗ. – Рэд.]. Гэта марныя спадзяванні. Весці наўпроставую няспынную працу з грамадзянамі нашай краіны можам і абавязаны толькі мы.

Сёння выключна важна адзінства і аб’яднанне патэнцыялу беларускіх праеўрапейскіх сіл. Мы мусім прадэманстраваць, што нас шмат, што мы разам у імкненні далучыць Беларусь да працэсаў еўрапейскай інтэграцыі, што мы гатовы да рашучых дзеянняў дзеля таго, каб “еўрапейскі выбар” Беларусі быў зроблены канчаткова і незваротна.

Першым крокам нашага яднання павінен стаць Кангрэс праеўрапейскіх сіл Беларусі з удзелам вядучых палітыкаў аб’яднанай Еўропы. Мы павінны разам абмеркаваць еўрапейскія перспектывы для нашай краіны, вызначыць практычныя крокі. Гэты Кангрэс мусіць стацца форумам усіх прыхільнікаў еўрапейскай Беларусі.

Таму я сёння заклікаю актывістаў усіх палітычных партый, грамадскіх арганізацый, ініцыятыў, усіх грамадзян Беларусі, якія падзяляюць ідэю еўрапейскага выбару для нашай краіны, распачаць працу па падрыхтоўцы Кангрэса праеўрапейскіх сіл. Пачаткам гэтай працы мусіць стацца стварэнне ініцыятыўных груп па правядзенні рэгіянальных сходаў, каб вылучыць дэлегатаў Кангрэса. Ідэя і каштоўнасць еўрапейскай, свабоднай і дэмакратычнай Беларусі важней за нашы палітычныя разыходжанні і супярэчнасці.

Беларусь вяртаецца ў Еўропу!

Аляксандр Мілінкевіч.

 

4.

Ад рэдакцыі

Карыстаючыся падказкай Сярэдзіча, што “меркаванні, развагі, версіі, здагадкі аўтара нельга ўспрымаць як паклёп. Яны не патрабуюць доказаў, гэта — не факты”, найперш узгадаем меркаваньне, якое сустракаецца ў беларускім апазіцыйным асяродку, што Падаляк – агент расейскім імперскіх сіл.

Гэта ж, на наш погляд, пацьвярджае і яго артыкул, пададзены ў першай частцы дадзенага матэрыяла. Так, Падаляк не гаворыць пра тое, што прымушае некаторых беларусаў і частку беларускай апазіцыі імкнуцца ў Еўразьвяз. А між тым гэта ўсім вядомы факт – шматсотгадовы негатыўны досьвед жыцьця беларускага народу пад расейскім імперскім прыгнётам… Акрамя таго, ён ніводным словам не ўзгадаў іншыя праеўрапейскія сілы ў Беларусі (напрыклад, “праеўрапейская кааліцыя” Саньнікава), якія таксама кажуць пра “эўрапейскі выбар Беларусі”. Гэтых фактаў у артыкуле Падаляка няма. Значыць, у яго было жаданьне схаваць прычыну галоўных беларускіх бедаў у апошнія стагоддзі і, па-магчымасьці, узмацніць супрацьстаяньне ў апазіцыі па еўрапейскім пытаньні. Усё гэта сапраўды адпавядае паводзінам расейскага агента.

Але, з іншага боку, немагчыма і не пагадзіцца з характарыстыкай, дадзенай спадаром Падаляком еўрапейскай бюракратыі й фіналігархіі. Характарыстыка гэтая даволі трапная і цалкам адпавядае той пазіцыі, якая прапануецца ў гэтым пытаньні нашай рэдакцыяй.

Цяпер пра Мілінкевіча. Здаецца, і слушна тое-сёе тлумачыць, але… Але чаму ён перад прапагандай новага кірунку еўрапейскай палітыкі што да Беларусі “забыў” узгадаць, куды пайшлі дзесяткі мільёнай даляраў-еўра, якія выдавалі ЗША і ЕЗ на “барацьбу за дэмакратыю ў Беларусі” (грошы ж выдаваліся ня ўсім апазіцыянерам раўнамерна – яны камусьці даваліся, а камусьці – не). Хто канкрэтна вінаваты ў тым, што гэтая “барацьба” не дала ніякіх вынікаў (вінаваты як на Захадзе, так і ў Беларусі)? Калі ніякіх вынікаў “барацьбы” няма, чаму “беларускі” апазіцыйны палітбамонд застаецца ў некранутым складзе?! Як цяпер складаецца лёс тых, хто даваў раней слушныя парады ці рабіў слушныя крытычныя заўвагі, якія проста ігнараваліся? Чаму яны і ў гэтых абставінах не зьявіліся на паверхні беларускага грамадска-палітычнага жыцьця? Хто ці што канкрэтна гэтаму перашкаджае?

Усё гэтыя ды іншыя пытаньні цяпер вельмі важкія. Без адказу на іх зусім некарэктна казаць пра новы курс еўрапейскай палітыкі. Як бы там ні было, за намі 15 гадоў надзвычай цяжкага змаганьня. Як без аналізу мінулых памылак і знаходжаньня вінаватых можна ісьці ў будучыню?…

Па-другое, а што дае падставы Мілінкевічу сьцьвярджаць, што “еўрапейскаму выбару Беларусі няма альтэрнытавы”? Вось мы, у рэдакцыі, такую альтэрнатыву прапануем. Яна ў нейтральным статусе будучай Беларусі на тэрыторыі пэўнай геапалітычнай мяжы. Беларусь – другая Швайцарыя!

Між іншым, Швайцарыя – таксама еўрапейская краіна. Дый пад “еўрапейскасьцю” мы разумеем сапраўдную цывілізаванасьць, незалежнасьць, дабрабыт. А што разумее пад “еўрапейскім выбарам” спадар Мілінкевіч? Можа, “еўразьвязаўскі” выбар, дзе “старыя” краіны Еўропы абмяжоўваюць правы “маладых”, дзе Польшча праводзіць адкрытую імперскую палітыку ў адносінах да Беларусі, дзе на вуліцах дэмаграфічна касмапалітызаванай Францыі гараць аўтамабілі, дзе ў многіх краінах Еўропы дазволены аднаполыя шлюбы, дзе краіны мусяць цалкам адкрыць шлях міжнародным карпарацыям да багацьцяў, якія належаць канкрэтным народам…

Дык вось, мы лічым менавіта нашу пазіцыю адзінай сэнсоўнай, абгрунтаванай геапалітычнай альтэрнатывай для нашага народа й заяўляем, што тая “альтэрнатыва”, якую прапануюць Мілінкевіч, Саньнікаў і Ко, можа прывесьці да паўтарэньня сітуацыі 1920 года, якая адлюстравана на малюнку ў пачатку дадзенай часткі артыкула (нагадаем, тады дзьве імперыі – расейская і польская – падзялілі Беларусь на два кавалкі й гэтыя кавалкі мы нават сёньня ўсё яшчэ не сабралі ў межах адзінай незалежнай беларускай дзяржавы; на тым жа малюнку Беласток і Смаленск пазначаны чырвонымі кропкамі).

Беларусы – яднайцеся! Толькі ад нашай уласнай самаарганізацыі залежыць як лёс кожнага з нас, так і лёс усяго нашага шматпакутнага народа!

 

 

10 каментарыяў

  1. Siarhiej кажа:

    Рэд.: “Беларусь – другая Швайцарыя!”
    Гэта ідэальны варыянт, які немагчыма ажыццявіць. Мы франтавая краіна на усходе Эўропы. Далей пачынаецца Азія, калі не геаграфічна, дык палітыча. Нам трэба NATOўскі парасон і тэхналагічная, эканамічная дапамога Эўразвязу і ЗША. Задарма нам ніхто нічога не дасць, але мы можам выціснуць максімальную выгаду калі пастаянна, на кожным кроку думаць пра нацыянальныя інтарэсы, найперш пра адраджэнне.

  2. Siarhiej кажа:

    У нас таксама ёсць моцны саюзнік на поўдні – Украіна.

  3. Дарафей кажа:

    Уся зацікаўленасць і змена палітыкі ЕЗ да Беларусі абумоўлена толькі прагматычнымі інтэрэсамі. Становішча, у якім апынулася Еўропа сёлетняй зімой (перакрыццё газавай трубы праз Украіну), вымусіла ЕЗ разглядаць іншыя шляхі транспарту энерганосьбітаў. І, адпаведна, перагледзець сваё стаўленне да становішча ў Беларусі. А тут і пэўнае пахаладанне у адносінах Масквы і Менска вымушае існуючы рэжым па-іншаму глядзець на Захад. А калі Лукашэнка ў сваем “паходзе на захад” гатоў будзе ісці яшчэ далей, дык глядзіш, у каментарыях еўрачыноўнікаў мы ператварымся з “апошняй дыктатуры Еўропы” у “маладую дэмакратыю” (ім жа зараз нішто не першкаджае сустракацца з Кадафі, які зрабіў “значныя крокі ў бок дэмакратыі”, а яшчэ ў яго ёсць газ і нафта). Толькі тыя ж еўрачыноўнікі чхаць хацелі на этнацыд цэлага народа, знішчэнне яго мовы і культуры, абы толькі шляхі пастаўкі энерганосьбітаў былі “надзёжнымі”. Але Мілінкевіч гатоў ісці і таго далей,- уключэнне Беларусі ў склад ЕЗ, каб замест расейскіх ціскоў нас прэсаваў еўрапейскі каток. Пра якія роўныя ўмовы ў ЕЗ можна казаць? Ёсць краіны старой Еўропы, якія і робяць Еўрапалітыку, а ёсць і абслуга, з якой асабліва не лічацца.
    Спадар Мілінкевіч, у нас у краіне ўжо ёсць адзін “інтэгратар”, не наступайце на тыя ж граблі.

  4. На пачатку 1990-х па расейскім тэлебачанні нам паказвалі “залатыя горы пры капіталізму”. Потым, як высветлілася, “залатыя горы” аказаліся ў руках бандытаў. Народ стаў абсалютным жабраком. Вось чытаю я гэты абсурд Мілінкевіча і дзіву даюся, як у чалавека паварочваецца язык так хлусіць народу сярод якога ён жыве. Вось рэдакцыя падкрэсліла, што Мілінкевіч супрацьпастаўляе сам сябе. І гэта так. Мілінкевіч нават не ўзгадвае аб наступствах, якія могуць адбыцца ў выніку гэтай палітычнай гульні. Вось у мяне пытанне: якія матывы кіруюць еўрапейцамі, каб заплюшчыць вочы на ўсё, што робіцца з беларускім народам у Беларусі? У любым выпадку бачна – не ад шчодрасці сваёй яны гэта робяць. І як можна давераць словам Мілінкевіча? Колькі сябраў налічвае рух Мілінкевіча? 100 асоб ці 100 тысячаў? І наколькі сур’ёзная гэта арганізацыя? У ёй што, ёсць аналітычная група? І хто ачольвае гэтую групу? А якой дзейнасцю гэты рух займаецца? Дзе іх праграма? Дзе іх справы? Назавіце, калі ласка, іх. Ва ўсім нуль. Пустышка, а не рух. Дык, ці можна з пустышкай справу мець? Калі жадаеце, каб вас абдурылі, можаце мець. А калі жадаеце сваі інтарэсы абараніць, то, калі ласка, аб’ядноўвайцеся вакол мэты – інтарэсаў беларускага народа.
    Што такое еўрапейская краіна? Хто бы вось ўзяў бы ды і апісаў гэты ідэал.
    Асабіста я змагаюся за шляхетную Беларусь, за высокую культуру, за вышэйшую адукацыю для ўсіх беларусаў, за маральную, духоўна і фізічна здаровую нацыю, за свабодную, незалежную, паважаную краіну, за заможных людзей. Чым гэты ідэал не падабаецца Мілінкевічу і ўсім астатнім, яму падобным? Мы не толькі гаворым словы, мы маем праграмы – што і як рабіць. Мы адпрацоўваем тэхналогіі на практыцы. Мы кожны дзень працуем у гэтым рэчышчы.
    Вось стары анекдот: Далёкі Усход радасна аб’явіў вынікі рэферэндыму аб аб’яднанні з Японіяй. Усе былі “за” і адзін “супраць”. А хто быў супраць? – Японія.
    Так і ў нас.

  5. Franciszak кажа:

    Wiuel’mi aktual’na. Kamientary supier! U mianie pytan’nie da spadara Milienkiewicha na jaho wykazwan’nie:
    A khto pierashkadzhgau apazicyi uwies’ hety chas wies’ci niaprostuiu, niaspynuiu pracu z hramadzianami nashaj krainy? Pra jakoje adzinstwa idzie haworka, kali inshadumcy, jak adznachana redakcyjaj, paprostu, u liepshym wypadku ihnarawalisia, kali nie ashal’mouwalisia i usprymalisia warozha. Ab mnoha pisalasia raniej. Na hetuju temu redakcyja maje maje mierkawan’ni i spadziajusia wystawic’ ikh.

  6. З нагоды пададзеных вышэй каментароў, якія ўсе (!) радуюць душу і дазваляюць думаць, што больш чым трохгадовая праца рэдакцыі сайта сапраўды мела сэнс, хачу, як рэдактар сайта, асабліва падзякаваць пані Галіне Арцёменцы за вялікія каментары да многіх матэрыялаў сайта, а асабліва (!) за практычна абсалютна дакладныя пастаноўку і аналіз грамадска-палітычных праблем.

  7. Siarhiej кажа:

    Як сведчыць Сп. Арцёменка, эўрапецам (палітыкам) пляваць на чужое гора – этнацыд беларусаў.
    А я сведчу, што большасць беларусаў гэтай праблемы нават і не заўважаюць – прынюхаліся, прызвычаіліся, задаволеныя тым што маюць і не бачаць наякага гора ў страце культуры. Нават пытанне пра этнацыд і яго наступствы для іх незразумелае. Толькі некаторых беларусаў з не абы-якой мараллю і IQ гэта хвалюе. А палітык мусіць арыентавацца на шырокае кола электарата.

    “…за шляхетную Беларусь, за высокую культуру, за вышэйшую адукацыю для ўсіх беларусаў, за маральную, духоўна і фізічна здаровую нацыю, за свабодную, незалежную, паважаную краіну, за заможных людзей…” – гэты ідэал падабаецца ўсім беларусам, за рэдкім выключэннем. Іншая справа ЗМАГАЦЦА за яго.

    Калі б Сп. Арцёменка пахадзіла “ад дзверы да дзверы” з нагоды якіх-небудзь выбараў (лахатрона) сёння, яна была бы шакавана ўзроўнем “свядомасці” электарата.

  8. Алесь кажа:

    Сяргею.
    Вы таксама кажаце слушна, калі гаворыце пра рэальны грамадскі стан.
    Але з вамі наўрад можна пагадзіцца, калі вы сцвярджаеце, што “палітык мусіць арыентавацца на шырокае кола электарата”. Толькі ў якасці зыходнай кропкі. Калі ж так рабіць увесь час, будзе далейшая дэградацыя грамадства. Калі ставіць злачынныя мэты, імкнучыся да ўлады, таксама будзе далейшая дэградацыя грамадства. Гэта ўсё якраз і дэманструе Лукашэнка. Па мне, ён якраз і трымаецца ва ўладзе з-за таго, што з кожным годам усё далей і далей апускае наш народ у нейкае балота, гуляючы на “жаданнях электарата”. Потым з гэтага балота будзе ўсё цяжэй выкараскацца.
    Пані Галіна і, як я разумею, рэдакцыя сайта гавораць пра тое, як з гэтага стану будзем выбірацца, калі зноў з’явіцца шанц. І яны сцвярджаюць, што лепшыя беларускія людзі, пра якіх вы таксама ўзгадваеце, павінны заранёў рыхтавацца, аб’ядноўвацца і арганізоўвацца. Толькі тады будзе шанц на прагрэс.
    А, між тым, ТАКОГА АБ’ЯДНАННЯ ПАКУЛЬ НЯМА! Праўда? Значыць НЯМА І ШАНЦУ на прагрэс. Не лічыць жа сёняшнюю “аб’яднаную апазіцыю” ці Мілінкевіча тымі, на каго можна разлічваць. Пазняк таксама паказаў, на што ён здатны.

  9. Паважаны сп.Siarhiej, я вас вельмі добра разумею. Проста каб ведалі: пачынаючы з 1989 года я змагаюся за шчасце народа, абхадзіла не адну вёску і не адну вуліцу. Сваю кар’еру па службовай лесніцы я прамяняла на абавязак змагацца за народ. Я маю 20-ці гадовы стаж практычнай работы з людэьмі, пры тым рознага узроўня – ад псіхічнахворых да высшага рангу. Скажу вам так: беларусы ні чуць не горшыя за іншых, такі ж народ як і ва ўсім свеце. Справа ў тым, што ў грамадстве адсутнічае эліта. Эліта беларускага народа была знішчана фізічна ў сталінскія часы. Акрамя гэтага былі знішчаны грамадскія інстытуты, якія фарміравалі свядомасць народа і мараль ў грамадстве. Для таго каб наш народ выйшаў з дэпрэсіўнага стану – вось гэтага і не хапае ў беларускім грамадстве. На вялікі жаль, ў Беларусі улада не беларусаў, а улада – чужынцаў (збярыце, калі ласка, інфармацыю аб уладных чыноўніках, аб іх паходжанні, і ўсё стане на сваі месцы) і яна (улада) не зацікаўленна ў развіцці нацыі ў бок цывізацыі. Акрамя таго, партыі і НГА таксама не займаюцца гэтымі пытаннямі (хутчэй за ўсё ім гэта непатрэбна, бо ў іх проста іншыя мэты). Я ж лічу, што для беларусаў – гэта ёсць лёсавызначальныя пытанні: будзе ў беларусаў паважаная. мэтанакіроўваючая сіла – значыць не будуць рабамі, не сфармуецца такая сіла – значыць ўсіх чакае вечнае жабрацтва і праца на чужога дзядзю.
    Я з вамі згодна, што сам народ не ў стане змяніць сваю свядомасць, запужаны і г.д. Тут і слоў не патрэбна казаць, патрэбна толькі паглядзець ў статданыя і ўсё бачна. Народ вымірае, жыццё скарачаецца. Гэта ж катастрофа. А спраў да гэтага нікому няма. Але тут нічога дзіўнага няма. Гэта ж рэзервацыя для беларусаў, а не краіна беларусаў. Адчуваеце разніцу ў сказаным?
    У любым грамадстве патрэбен важак. Але правадыра можна заўсёды злопаць. Па-гэтаму я прапаноўваю ў якасці важака мэту, якую нельга злопаць, ў якасці кіруючага воргана – калектыўны разум, а ў якасці будаўнікоў – народ (усе ж хочуць жыць шчасліва і заможна). А вось тэхналогіі і метады такой працы – сакрэт, бо ў нас вельмі шмат ворагаў.

  10. Партызан кажа:

    “У нас таксама ёсць моцны саюзнік на поўдні – Украіна.”
    Siarhiej напісаў(ла):
    Чэрвень 10, 2009 у 13:45

    Вельмі жадаю спытаць аўтара дадзенага сьцьверджаньні: Ці чытаў ён украінскія выданьні? Ад памяркоўных (лібэральных) да нацыяналістычных? На маю думку, аўтар сьцьверджаньні падобных выданьняў не чытаў, а зь нацыянальна сьвядомымі ўкраінцамі ніколі не размаўляў шчыра.
    Украіна ніколі не была і не будзе саюзьнікам Беларусі.
    Калі не верыцы, дык пачытайце тут:
    http://www.forum.vosvoboda.info/viewtopic_6882.php
    Асабліва гэта:
    “Я рахую Україні потрібно створювати з Білорусю єдину державу. Наприклад, під назвою Русь. З двома державними мовами Українською і Білоруською. Кінец кінцем, 8 ми мільйонний білоруський народ розмиється в Україні, як пиво в горілці.
    Для нас це буде дуууже впливова держава в самому сердці Європи. Притому я знаю що білоруси не проти.”

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы