nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

У гэтым пытаньні будзе, як ва Украіне

26 чэрвеня, 2009 | 11 каментарыяў

Барыс Керзач

d093d0b5d0bdd0b0d186d18bd0b4Мяне трохі зьдзіўляе пазіцыя некаторых нашых беларускіх дзеячаў, для якой якраз і прызначаны выраз “101-е кітайскае папярэджаньне”. Я кажу пра перадпапярэдні матэрыял, прысьвечаны ініцыятыве і працы сп-ра Якавенкі. У цэлым добрая справа, але я пра стыль. Вы думаеце, цяперскае начальства РБ ня ведае, што робіць этнацыднае злачынства? Ведае! Вы думаеце, яго пра гэта не папярэджвалі? Папярэджвалі! Шмат разоў і ўсе апошнія 15 гадоў. Для гэтага былі створаны і ТБМ, і ТБШ, і ТБВШ. Дарэчы, сп-р Астроўскі – ініцыятар стварэньня і кіраўнік ТБВШ [Таварыства беларускай вышэйшай школы. – Рэд.] – яшчэ ў 1996 годзе сабраў подпісы ледзь не сотні выкладчыкаў усіх трох універсітэтаў Гародні пад зваротам, у якім новае начальства заклікалася да пераводу Вышэйшых навучальных устаноў Беларусі на беларускую мову [зварот быў перададзены ў Вярхоўны Савет РБ, у Раду міністраў, у Гродзенскі аблвыканкам. – Рэд.]. Пару гадоў таму была выдатная акцыя КХП з папярэджаньнем чыноўнікаў аб адказнасьці за этнацыд [гл. nashaziamlia.org/2007/08/31/868 – Рэд.]. Вось цяпер ініцыятыва Белага і Якавенкі… Аналагічных зваротаў дзясяткі, але з вынікамі пакуль слабавата. Таму мне здаецца, варта зайсьці і зь іншага боку. На пачатак давайце пазнаёмімся зь некаторымі падзеямі ва Украіне (узята адсуль: http://top.rbc.ru/politics/25/05/2009/305908.shtml).


1. Паведамленьне “РБК-Україна”.

“Служба бясьпекі Украіны ўзбудзіла крымінальную справу па факце зьдзяйсьненьня генацыду ва Украіне ў 1932-33 гг., г.зн. па прыкметах злачынства, прадугледжанага ч.1 арт. 442 Крымінальнага кодэкса краіны.

Падставай для ўзбуджэньня справы сталі звароты старшыні Украінскага інстытута нацыянальнай памяці Ігара Юхноўскага, шэрагу дэпутатаў Украіны, а таксама заявы грамадзянаў краіны з патрабаваньнем правесьці рассьледаваньне абставін галадамора, ахвярамі якога сталі мільёны ўкраінцаў у 1932-33 гг.

Пасьля разгляду заяваў і паведамленьняў пра злачынства – генацыд, Служба бясьпекі Украіны ў супрацоўніцтве зь Генеральнай пракуратурай Украіны і Украінскім інстытутам нацыянальнай памяці зьдзейсьніла праверку, у ходзе якой выяўлена, што ў 1921 годзе на тэрыторыі Украіны бальшавіцкі рэжым пачаў актыўныя супрацьпраўныя дзеяньні адносна недапушчэньня стварэньня незалежнай украінскай дзяржавы, накіраваныя на дэнацыяналізацыю Украіны, яе ўніфікацыю [выдзелена і падкрэсьлена мной – Б.К.] ў якасьці адміністратыўна-тэрытарыяльнай адзінкі СССР.

З гэтай мэтай праводзілася гвалтоўная калектывізацыя сельскай гаспадаркі, раскулачваньне і дэпартацыя ўкраінскіх сялянскіх сем’яў, незаконная канфіскацыя маёмасьці, зьдзяйсьняліся рэпрэсіі й фізічнае зьнішчэньне грамадзян. Супрацьпраўныя дзеяньні былі накіраваныя на галадамор украінцаў як нацыянальнай групы. Ад гэтых злачынстваў улады пацярпелі й прадстаўнікі іншых нацыянальнасьцяў.

Пад час праверкі сабраныя паказаньні відавочцаў і сьведак падзей, якія адбываліся ва Украіне ў час галадамора 1932-33 гг., атрыманы рассакрэчаныя архіўныя савецкія тайныя дакументы, навуковыя дасьледваньні айчынных і замежных навукоўцаў, гісторыкаў, грамадскіх дзеячаў.

Узбуджаючы крымінальную справу, СБУ кіравалася нормамі й прынцыпамі міжнародных канвенцый, а менавіта Канвенцыяй ААН ад 1948 г. аб папярэджаньні генацыду ды пакараньні за яго і Канвенцыяй ААН ад 1968 г. аб непрымяненьні тэрміну даўнасьці да ваенных злачынстваў ды злачынстваў супраць чалавецтва, а таксама Еўрапейскай канвенцыяй аб абароне правоў чалавека і асноўных свабодаў 1950 г.

25 траўня 2009 г.”.

 

2. Пазіцыя нашага сайта вядомая.

Мы ўжо даўно аб’явілі, што ў будучай беларускай дзяржаве галоўныя адказныя за этнацыд беларускага народа ў лукашысцкай Беларусі будуць падлягаць суду (гл. Д пр-пы 3, 3б, 29, 36, 46, 47, 80). Прычына відавочная: этнацыд – татальнае вынішчэньне культуры, мовы, нацыянальных сімвалаў, гістарычнай памяці ды іншых агульнанацыянальных каштоўнасьцяў народа – гэта адна з тэхналогій зьнішчэньня народа (адзінае, што больш прыхаваная, падступная, чым генацыд, але з-за гэтага толькі больш выніковая) і, як модна цяпер казаць, парушэньня правоў асобы.

Але пазіцыя аднаго невялікага сайта можа падацца цяперскім чыноўнікам малаістотнай. Таму прапаную ім уявіць фармулёўку зь іх будучых крымінальных спраў:

“Пасьля разгляду заяваў і паведамленьняў пра злачынства – этнацыд, Служба бясьпекі Беларусі ў супрацоўніцтве зь Генеральнай пракуратурай і Беларускім інстытутам нацыянальнай памяці зьдзейсьніла праверку, пад час якой выяўлена, што ў перыяд з 1995 па 2011 гады ў Беларускай дзяржаве рэжым праімперскіх узурпатараў, які называў сябе “прэзідэнцкай вертыкальлю”, праводзіў актыўныя супрацьпраўныя дзеяньні адносна недапушчэньня стварэньня незалежнай Беларускай дзяржавы, у т.л. скіраваныя на дэнацыяналізацыю Беларусі, яе ўніфікацыю з суседняй расейскай імперыяй”.

Вось такая простая і ёмкая фармулёвачка.

Каму зь цяперцаў усё гэта падаецца пустой і нязбыўна далёкай “нацыяналістычнай” мрояй, нагадваю: гэта фармулёўка ўжо дзейнічае ў суседняй зь Беларусьсю краіне – прычым, патэнцыйна магутнай краіне, сябры ААН – і адпавядае ўсім асноўным міжнародным канвенцыям.

Таму гэта ня проста нейкая там “фармулёвачка” – гэта ўжо міжнародная праўная ацэнка, якая, нагадваю, ня будзе мець тэрміну даўнасьці.

 


11 каментарыяў

  1. Дарафей кажа:

    Знайшоў дзіўны факт, у той час калі нашай мове трэба падтрымка, існуюць людзі, якія гатовы загнаць нож у спіну і пачынаюць дзяліць мову на беларускую і ліцьвінскую , больш таго яны дзеляць насельніцтва на беларусаў і ліцвінаў, тым самым пяючы ў адно горла з маскоўскімі ідэолагамі (дарэчы, сайт на якім я знайшоў гэту інфармацыю рускамоны : http://litvania.org ). Папахівае сепаратызмам, а што больш верагодна, замежнымі грошамі (злотымі). Ліцвінская мова- гэта і ёсць беларуская мова. Ліцвіны- гэта і ёсць беларусы. Сапраўдная Літва- гэта і ёсць Беларусь. Гэтыя два паняці непадзельны!

  2. Праўду кажа сп. Дарафей. Сапраўды, некаторыя ўносяць падзел. Спачатку патрэбна разабрацца ў генафондзе нацыі, вызначыць этнагенез беларусаў, вызначыць крыніцы ўзнікнення беларускай мовы, культуры, а потым рабіць нейкія высновы. На вялікі жаль шматлікія людзі займаюцца стварэннем сварак. І такіх людзей трэба лічыць пятай калонай, якая наўмысна стварае хаас ў грамадстве. Гэта пераслед іншых мэтаў насуперак інтарэсаў беларускага народа. Скрайне неабходны навуковыя канферэнцыі па актуальных пытаннях:
    1. этнагенез беларусаў ў свеце новых генетычных адкрыццяў;
    2. беларуская мова, як вялікая старажытная каштоўнасць – не толькі Беларусі, але і ўсёй Еўропы;
    3. дуда, як нацыянальны музычны інструмент;
    4. вынаходніцтва баявой каменнай сякеры (бердыша);
    5. народныя беларускія мелодыі ў творах Бетховена;
    6. культавыя прадметы ў беларускай культуры і г.д.
    І яшчэ вельмі шмат рэчаў, якія кажуць аб нашай адметнасці, аб нашым патэнцыяле, вынаходніцтвах, уплыву на свет. Гэта ёсць наш гонар, наша слава, наш імідж ў свеце.
    Добрае веданне сваёй гісторыі, культуры дапаможа стварыць унікальныя брэнды беларускай прадукцыі (напрыклад вядома, што гарэлку вынайшлі беларусы, недзе на памежжы Магілёўшчыны і Смаленшчыны). І тады Беларусь можа прэтэндаваць, каб гэты назоў ніхто не выкарыстоўваў ці прадаваць гэты брэнд, ці даваць на этыкетцы інфармацыю аб вынаходніках.
    На вялікі жаль сёняшняя ўлада настолькі не адукаваная, што нават проста не разумее сваёй выгады.

  3. Siarhiej кажа:

    Сп. Арцёменка піша” “На вялікі жаль сёняшняя ўлада настолькі не адукаваная, што нават проста не разумее сваёй выгады.”
    Лічу такі падыход трохі наіўным. Мафіёзная вертыкаль і яе правадыр добра разумеюць сваю выгаду, якая прынцыпова не супадае з выгадамі (нацыянальнымі інтарэсамі) беларусаў. Напрыклад цэлыя кварталы ў Менску выкупленыя і забудаваныя маскоўскімі браткамі са згоды вертыкалі. Себекошт 1 кв. м прыкладна $300, а прадаецца за $2000.
    Шмат беларусаў сталі ахвярамі этнацыду, ім задурылі галаву, і яны не разумеюць сваёй выгады. Нацыянальныя інтарэсы, для пачатку, можна разглядаць як абагульненне “скурных” інтарэсаў кожнага з нас.

  4. Сп-ру Сяргею.
    Пад інтарэсамі беларускага народа мы маем на ўвазе ня толькі й ня столькі “скурныя інтарэсы”, у якіх можа быць кантэкст жыцьця за кошт іншых. Мы маем на ўвазе найперш АБ’ЕКТЫЎНЫЯ інтарэсы беларусаў, якія маюць межы, і дзеля якіх немагчыма не ахвяраваць часткай сваіх суб’ектыўных (скурных) інтарэсаў. Найперш гэта сумленная праца беларусаў на ўласнай зямлі, гэта вяртаньне сабе статуса народа-гаспадара на ўсёй беларускай этнічнай тэрыторыі й абарона гэтага статуса, гэта шчырасьць і справядлівасьць у стаўленьні да іншых, гэта недапушчальнасьць эксплуатацыі іншых і захопу чужых тэрыторый… Акрамя таго, аб’ектыўныя інтарэсы беларускага народа – гэта ня сумма інтарэсаў асобных індывідаў. Гэта – аб’ектыўныя інтарэсы нашага народа як сістэма, якая ерархічна арганізаваная і ўнутрана ўладкаваная…

  5. Выкарыстанне дасягненняў нашых продкаў на карысць сёняшніх пакаленняў – гэта не зусім наіўны падыход. Я бы сфармулявала так: кожны народ мае энергетычны, духоўны і матэрыяльны патэнцыял астаўлены нашымі продкамі. У кожнага народа ёсць эліта, якая складаецца з мінулай, сённяшняй і будучай. Дык вось, у нас у беларусаў ўсё ёсць, але ў мінулым часе. Але ўсё гэта жывое, чым мы карыстаемся. Напрыклад, мы слухаем творы Агінскага ці натхняемся карцінамі Драздовіча. Такім чынам, мы карыстаемся мінулым. Сёння нам не хапае павагі ў свеце – свет нас успрымае як рускіх і за гэта не паважае. Але свет не ведае, што мы нашчадкі носьбітаў культуры баявой сякеры ці стваральнікаў праславянскай мовы. Павага ў свеце матэрыялізуецца ў грошы.
    “Скурныя” інтарэсы – гэта адна з ідэалагічных дактрынаў, да якой мы яшчэ не падступалі. “Скурныя інтарэсы” ў запале можна пераблытаць з жыццёвазабеспечальнымі інтарэсамі, без якіх немагчыма існаванне жыцця, падоўжанне чалавечага роду.

  6. rbd54 кажа:

    На фотцы Барыс Керзач?

  7. махім кажа:

    Дарафей напісаў(ла):
    Чэрвень 28, 2009 у 04:52
    (дарэчы, сайт на якім я знайшоў гэту інфармацыю рускамоны : http://litvania.org ).

    – што ж зробіш, як кажуць прырода не церпіць пустаты. Калі адкінуць эмоцыі – то ўзнікненне такога сайту і такой ідэялёгіі палягае перадусім у слабасці нашае ідэялёгіі. Пры моцнай Беларускай Дзяржаве такіх адгалінаванняў бы не ўзнікала б.

  8. Рэдакцыя кажа:

    rbd54. “На фотцы Барыс Керзач?”
    Не. Фотка паказвае, што чакае этнацыдчыкаў…

  9. Сп. Махім правільна кажа, што ідэалогія слабая. Але ў дзяржаве наогул не існуе нацыянальнай ідэалогіі, якая б служыла інтарэсам народа. Ідэалогія дзяржавы служыць чужому народу, але не беларусам. У апазыцыі ў большасці партыяў і грамадскіх арганізацыяў ідэалогія таксама служыць чужым інтарэсам і таксама не на карысць беларускага грамадства. У БНФ і КХП-БНФ толькі агучаны намеры, але далей праца не пайшла. Вось ужо 20 гадоў ўсё знаходзіцца толькі ў зачаткавым стане і не болей. Наш сайт толькі яшчэ пачаў працу, а ініцыятыўная група па стварэнні Беларускага дэмакратычнага руху створана толькі ў гэтым годзе. Вельмі мала часу, каб стаць уплывовай сілай. Акрамя таго, для ўсёй гэтай працы патрэбны грошы. Мы прынцыпова не жадаем працаваць за гранты, бо гранты патрэбна адпрацоўваць, а гэта значыць працаваць для чужых інтарэсаў. Сёння мы працуем над тэхналогіямі, якія б навучылі людзей вясці міжнародны бізнес. Гэта вельмі складана. Вучыць людзей тэаратычна недастаткова. Каб атрымаць высокія веды, патрэбна спалучаць тэорыю і практыку. Мы адалеем гэту вяршыню і навучым тысячы беларусаў і такім чынам будзе ўтворана нацыянальная бізнес-эліта -гарант незалежнасці краіны і свабоды яе градзян, апора эканомікі.

  10. Siarhiej кажа:

    Галіна Арцёменка: “…Але ў дзяржаве наогул не існуе нацыянальнай ідэалогіі,….”

    На прадпрыемствах, у райвыканкамах і іншых месцах існуюць ідэалагічныя камісіі і аддзелы. Ідэалогія існуе, але не нацыянальная. Яна падобная на “вучэнне Чучхэ” Кім Ірсэна: набор безсэнсоўных сказаў пра шчасце народа. Бігвордамі з такімі сказамі, кшталту “Беларусь для народа”, “За шчаслівую Беларусь” і з малюнкамі ў стылі сталінскай прапаганды, застаўленыя ўсе гарады Беларусі. Гэтая дурнота каштуе шмат грошай падаткаплатнікаў.

  11. Партызан кажа:

    Спадарства!
    Няўжо вы не разумееце, што Беларусь сёньня знаходзіцца ў стане марыянетачна-каляніяльнага прыдатку Расеі. І галёўнае гэта не камерцыйныя прадпрыемствы “браткоў”, бо пры нармалёвым падыходзе нацыянальнае ўлады іх канфіскацыя ў дзяржаўную скарбніцу зойме 5 хвілінаў. Галёўнае – духоўны этнацыд беларускае нацыі. Сёньня духоўнасьць беларусаў актыўна зьнішчаецца РПЦ (БЭ РПЦ) РКЦ ды іншымі падобнымі рэлігійнымі інстытуцыямі сузедніх дзяржаваў. Але хто на гэта зважае? Ніводная “апазіцыйная” партыя альбо група не жадае сур’ёзна разглядаць рэлігійнае пытаньне, талеруе яго.
    Дык пры падобнае духоўнае акупацыі, без вяртаньня сапраўднае, кананічнае БАПЦ (не блытаць з самасвяцкай правакацыйнае сэктай “гушча-акаловіч і к”); Без РКЦ з беларускім біскупствам і выкіданьнем польскага элямэнту – мы будзем толькі марыць аб сапраўдным нацыянальным адраджэньні і пакараньні арганізатараў этнацыду беларусаў.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы