nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

І тыя, хто ідзе ім на зьмену… Да 15-годдзя беларусафобскай дыктатуры ў Беларусі

4 жніўня, 2009 | 6 каментарыяў

Рэдакцыя.

d0a6d18bd0b3d0b0d0bdd0bad0bed19eПайшоў 16-ы год прамаскоўскага этнацыднага дыктатарскага рэжыму ў РБ. У 1994 годзе Лукашэнка, прыйшоўшы да ўлады, абяцаў пабудаваць “нябачную ў сьвеце дзяржаву”. У канцы ліпеня г.г. ў Менску прайшла нарада Рады Міністраў РБ, на якой падводзіліся эканамічныя вынікі першых шасьці месяцаў 2009 году. Гэта стварыла магчымасьць абмеркаваць эканамічныя вынікі ўсяго 15-гадовага “будаўніцтва” “нябачнай у сьвеце дзяржавы”. Грунтуючыся на перадачы Віталя Цыганкова (фота №3) на радыё “Свабодна” “Вечныя аптымісты ва ўрадзе мусяць знайсьці яшчэ 5 мільярдаў” (www.svaboda.org/content/transcript/1787520.html), давайце паспрабуем гэта зрабіць.


1.

Пачнем з думак, выказаных эканамістам Леанідам Злотнікавым (2) і выкладчыкам Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўнівэрсытэту Аляксандрам Кавалёвым (1).

Цыганкоў: “28 ліпеня ў Менску прайшла нарада Савету Міністраў, на якой падводзіліся вынікі сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця краіны за першыя шэсьць месяцаў году. Віцэ-прэм’ер Уладзімер Сямашка заявіў, што хаця ў першым паўгоддзі аб’ём прамысловай вытворчасьці скараціўся на 3,6 працэнта, па выніках году ўрад чакае аб’ём прамысловай вытворчасьці 99-100% да леташняга ўзроўню. З гэтым прагнозам не пагадзіўся памочнік прэзыдэнта Беларусі Сяргей Ткачоў, які назваў яго занадта аптымістычным і заявіў на паседжаньні: “На чым будуецца ваш аптымізм, калі цяпер прадпрыемствы 80-90 працэнтаў заробку выплачваюць за кошт крэдытаў?“ З кім бы вы больш пагадзіліся, якое меркаваньне вам здаецца больш абгрунтаваным?”

Злотнікаў: “З майго пункту гледжаньня, Ткачоў бліжэй да праўды. Ніякіх чыньнікаў, якія б прывялі да павелічэньня вытворчасьці ў Беларусі, няма. У Расеі зьніжэньне аб’ёмаў вытворчасьці чакаецца 15-20 працэнтаў. Калі ў Расеі няма разьвіцьця прамысловасьці, то ня будзе попыту і на многія беларускія тавары. Гэта будзе галоўным чыньнікам, які паўплывае на вынікі другога паўгодзьдзя”.

Цыганкоў: “Акурат учора Аляксандар Лукашэнка казаў пра тое, што трэба падключаць бізнэсмэнаў, каб яны дапамаглі разгрузіць склады беларускіх прадпрыемстваў. Сёньня ж прадпрымальнікі накіравалі ў МЗС прапановы па спрашчэньні працэдуры замежнага гандлю. Можа, урад спадзяецца прадаваць не ў Расею, а ў іншых кірунках?”

Злотнікаў: “Наша машынабудаваньне, тавары лёгкай прамысловасьці, прадукцыя сельскай гаспадаркі і харчовай прамысловасьці — амаль усё гэта ідзе выключна ў Расею. Ня думаю, што прадпрымальнікі тут чым-небудзь дапамогуць, — можа, на некалькі працэнтаў павялічаць наш збыт, ня болей”.

Цыганкоў: “Спадар Кавалёў, наколькі рэалістычным вам падаецца прагноз віцэ-прэм’ера Сямашкі?”

Кавалёў: “Ведаеце, я яшчэ большы пэсыміст у гэтай справе, чым дарадца прэзыдэнта Ткачоў. Зусім ня верыцца ў тое, пра што казаў Сямашка. Апошнія паўтара года ў Расеі пачаўся спад у крэдытаваньні многіх галінаў прамысловасьці. А паколькі ўсё беларускае абсталяваньне і машыны звычайна куплялася за банкаўскія крэдыты, то моцна ўпаў попыт на беларускія тавары. Ці здолеем мы пераключыцца, дзякуючы прадпрымальнікам, на іншыя рынкі? У гэта таксама мне ня верыцца, бо ўзровень беларускай прадукцыі (асабліва той, што ляжыць на складах) ня вельмі адпавядае патрабаваньням эўрапейскіх пакупнікоў ці любых іншых пакупнікоў не з краінаў трэцяга сьвету. Таму, на маю думку, спад вытворчасьці па выніках году будзе нават большы, чым цяперашнія 3,6 працэнта. Падзеньне будзе працягвацца”.

Цыганкоў: “Прэм’ер-міністар Беларусі Сяргей Сідорскі на пасяджэньні Савету Міністраў заявіў, што “ў Беларусі прынята дастаткова рашэньняў па выкананьні пастаўленых перад эканомікай задач“. Сэнс ягоных словаў у тым, што рашэньні ўжо прынятыя, і трэба толькі іх выконваць. Ці сапраўды ўрад ужо зрабіў настолькі добрыя крокі, што застаецца толькі іх выконваць?”

Кавалёў: “На маю думку, найлепшая эканоміка тая, дзе не патрэбны ніякі ўказ уладаў, каб яна працавала, дзе яна працуе без рэгуляваньня і ўмяшаньня. Спадар Сідорскі — нейкі надта вялікі аптыміст. Сёньня ён казаў пра тое, што будаўніцтва павінна стаць нейкім лякаматывам эканомікі. Але амаль дзесяцігодзьдзе эканоміка атрымлівала дадатковае банкаўскае крэдытаваньне. Гэтых крэдытаў было выдадзена занадта шмат. І справа тут не ў амэрыканскай банкаўскай сыстэме, якая нібыта спарадзіла крызіс, а ў сваёй, беларускай. І гэтыя крэдыты часта ішлі ў тыя галіны эканомікі, тавары якіх канчатковым пакупнікам былі ня вельмі патрэбныя. Напрыклад, мы доўга “будавалі будаўніцтва” як галіну. А выявілася, што гэта людзям ня так і патрэбна па рэальных цэнах”.

Цыганкоў: “Вы казалі, што добрая эканоміка тая, дзе ўлады ня ўмешваюцца. Але нават Маргарэт Тэтчэр у Брытаніі ў 1980-я гады вымушаная была жалезнай рукой дзяржавы рабіць рыначныя пераўтварэньні, праводзіць прыватызацыю. Што зараз павінна, на вашу думку, зрабіць беларуская ўлада, каб правесьці лібэралізацыю эканомікі?”

Кавалёў: “Сёньня найперш патрэбны нармальны фондавы рынак, нармальны рынак каштоўных папер, калі прадпрыемствы могуць выпускаць свае акцыі і аблігацыі. І, адназначна, трэба праводзіць прыватызацыю. Па-другое, каб разгрузіць склады, трэба зьнізіць цэны. І першае, што тут трэба зрабіць, — распусьціць усе аддзелы па кантролі за цэнаўтварэньнем”.

Злотнікаў: “Сідорскі ўвогуле заўсёды быў аптымістам, як і віцэ-прэм’ер Сямашка. Яшчэ напрыканцы лютага яны сьцьвярджалі, што эканоміка пачне разьвівацца ўжо ў другім квартале, і што мы ўжо ў сярэдзіне году выйдзем на 5-6 працэнтаў росту. А ў канцы году атрымаем нашы прагнозныя паказьнікі — 10 працэнтаў. Мы бачым, што нічога гэтага не адбываецца, што ня вельмі ўрад разумее, як працуе эканоміка. Па-другое, а што было такое ўрадам прынята? Размовы ідуць пра лібэралізацыю і пра будаўніцтва жыльля як лякаматыў эканомікі. Што да лібэралізацыі, то яе пакуль няма. Дзяржава найперш павінна адысьці ад рэгуляваньня цэнаў і адысьці ад усталяваньня розных загадаў і паказьнікаў — што і каму рабіць, што будаваць, вырабляць і куды экспартаваць. І пакуль гэтага не адбудзецца, то ў Беларусі ня будзе эфэктыўнай эканомікі. Што да жыльлёвага будаўніцтва, то гэта вельмі страшная памылка ўраду — рабіць яго прыярытэтам і выдаваць пад гэта такія вялізныя крэдыты”.

Кавалёў: “Прагнозы на тое і прагнозы, каб іх пераглядаць, калі мяняюцца ўмовы. А ў нас прагноз атрымаў форму нейкага абавязковага пляну, які трэба выконваць усімі мэтадамі, якімі можна. І атрымалася пастка для эканомікі — прадпрыемства мае заданьне, дырэктар ведае, што будзе звольнены, калі яго ня выканае, і ён проста працуе на склад”.

Злотнікаў: “Акрамя сацыялістычных мэтадаў кіраваньня эканомікай, наш урад разам з прэзыдэнтам іншага ня ведаюць. І яны разам у разгубленасьці, бо ня ведаюць, што рабіць. І на рынкавую эканоміку пераходзіць ня ўмеюць, і адкінуць гэтае сацыялістычнае кіраваньне таксама ня могуць”.

Цыганкоў: “Наколькі на эканамічную сытуацыю можа ўплываць павелічэньне замежнага доўгу Беларусі? Ці магчыма ўтрымаць курс рубля ва ўмовах нарастаньня даўгоў?”

Злотнікаў: “Сёлета мы павінны вярнуць ад 5 да 6 мільярдаў даляраў. На абслугоўваньне пазык і выплату дывідэндаў на прамыя інвэстыцыі — каля мільярду. Акрамя таго, трэба закрыць гэтую “дзірку”, якая ўтвараецца ад нэгатыўнага сальда замежнага гандлю — каля 4 мільярдаў на гэты момант. Такім чынам, у год патрэбна 10-11 мільярдаў даляраў, каб ня падаў узровень жыцьця насельніцтва, каб не адбывалася дэвальвацыі. На гэты момант сёлета пазычылі каля 6 мільярдаў, патрэбна яшчэ 5. Калі да канца году ня знойдуць, дзе ўзяць такія грошы, то будзе вельмі цяжка ўтрымаць даходы насельніцтва хаця б на цяперашнім узроўні”.

Кавалёў: “На маю думку, мы ня знойдзем гэтыя 5 мільярдаў і не ўтрымаем курс. Калі паглядзець на сёньняшняе рашэньне Нацбанку пра забарону крэдытаваньня фізычных асобаў у валюце, то там ясна напісана прычына. Бо мы атрымліваем заробкі ў беларускіх рублях, і калі „нешта здарыцца“, то ў чалавека ня хопіць грошай, каб гэтую пазыку вяртаць. Гэта азначае, што Нацбанк трымае ў галаве нейкую наступную дэвальвацыю”.

Злотнікаў: “Сітуацыю можна было б утрымаць, калі б удалося хутка прадаць дзяржаўную маёмасьць на мільярды даляраў. Але, на маю думку, гэта малаверагодна”.

 

2.

Ад рэдакцыі:

Сярод сябраў рэдакцыі эканамістаў па адукацыя няма – усе мы эканамічныя самаадукаванцы. Жыцьцё прымушае. Але і гэтага дастаткова, каб сфармуляваць некалькі дакладных высноў, якія значна лягчэй трымаць у галаве, чым доўгія разважаньні.

Па-першае, “будаўніцтва” Лукашэнкам і яго цяперскай камарыльяй “нябачнай у сьвеце дзяржавы” завершылася поўным швахам. Для падтрыманьня жыцьня людзей на больш-менш прыстойным узроўні, нават не параўнальна ніжэйшым, чым, напрыклад, у заходнееўрапейскіх краінах, патрэбна кожны год аднекуль звонку выклянчываць у пазыку па 10-11 млрд. даляраў, перакладаючы гэты доўг на плечы наступных пакаленьняў беларусаў. Раней грошы “давала” расейская імперыякратыя – у асноўным праз істотна больш нізкія цэны на энэрганосьбіты. Наўзамен яна патрабавала зьдзяйсьняць татальны этнацыд беларускага народа, будаваць “Саюзную дзяржаву”, далучацца да вайсковых, мытных, гандлёвых ды іншых дамоваў. Цяперцы ўсё гэта і рабілі. Сёньня імперыякратыя ўсё больш нахабна патрабуе ад Лу-кі здачы ўзамен за эканамічную і палітычную падтрымку яго рэжыма ўсё большых кавалкаў эканамічных, палітычных і культурных каштоўнасьцяў беларускага народа. Лу-ка і цяперцы, якія наколаты на яго “вертыкаль”, нарэшце зразумелі, што так яны здадуць усё, а самі застануць ні з чым, і, як наступства, – стануць нікім (на народ ім пляваць – толькі на сябе ім не пляваць).

Але кіраваць эканомікай, дый усім дзяржаўным арганізмам, па-сучаснаму, а не па-сацыялістычнаму, цяперцы – посткамуністычная бюракратыя – ня ў стане. Правесьці прыватызацыю яны ня могуць. Яны ў разгубленасьці й ня ведаюць, што рабіць. Перафразуючы сп-ра Злотнікаваў, можна сказаць: ніякіх чыноўнікаў, якія б прывялі да павелічэньня вытворчасьці ў Беларусі, няма.

Другое. Гэта азначае, што сёньня Лу-ка і цяперцы ўжо ўсур’ёз трапілі ў сітуацыю глыбокага сістэмнага эканамічнага крызіса, які можа мець і сацыяльна-палітычныя наступствы. Цяперцы апошняга страшна баяцца (што натуральна – грахоў накапілася цэлы воз) і хутчэй за ўсё пойдуць па шляху далейшай здачы Ўсходу і Захаду (хутчэй за ўсё і тым, і тым) нашых эканамічных ды іншых каштоўнасьцяў. Тым больш, што некаторыя прадстаўнікі “апазіцыі” накшталт Злотнікава-Кавалёва яшчэ і падзужваюць цяперцаў вырашаць іх праблемы шляхам “хуткага продажу дзяржаўнай маёмасьці на мільярды даляраў” ці выпускам і продажам на вонкавым рынку акцый прадпрыемстваў.

Тое, што цяперцы – гэта апошнія мярзотнікі, якім пляваць на лёс будучых пакаленьняў беларусаў, мы введаем і гаворым даўно. Раней ці пазьней іхная ўлада абрынецца і наступіць час падрабязнага разбору палётаў з раздачаў “усім сёстрам завушніцаў”. Натуральна, мы за цывілізаваную форму такой “раздачы” – праз дакладнае рассьледаваньне і… суд. Таму нас больш цікавіць ня тое, як сёньня цяперцы дрыгаюцца на сваёй “вертыкалі”, а хто ідзе ім на зьмену.

Трэцяе. А на зьмену ім ідуць… апазіцыйныя лібералы. Іх заявы сьведчаць, што яны, як лібералы, за адкрытае акцыянаваньне прадпрыемстваў, за хуткі продаж дзяржаўнай маёмасьці (г.зн. маёмасьці, якая створана рукамі беларусаў) “на мільярды даляраў”, за перадачу нашай зямлі ў прыватную ўласнасьць і за т.п. ліберастычныя выверты.

Гэта выклікае наша адкрытае незадавальненьне і пратэст. Але ня толькі ў нас – нават у тых сур’ёзных эканамістаў, якія бачаць сістэмныя заканамернасьці нашмат глыбей, чым павярхоўныя лібералы.

Нядаў на сайце “Свабоды” быў выстаўлены матэрыял з красамоўнай назвай: “Леанід Заіка: “Падчас крызісу прадаюць толькі дурні””“. (www.svaboda.org/content/transcript/1768157.html). Прыводзім вялікую цытату з гэтага артукула.

Карэспандэнт (Дашчынскі): “У кіраўніцтве Беларусі прыкметна актывізаваліся размовы пра магчымасьць удзелу замежнага капіталу ў інвэстпраектах. А павелічэньне фінансаваньня з боку МВФ сьведчыць пра тое, што мы апынуліся на парозе прыватызацыі…”

Заіка (фота ўверсе, №4): “Мы апынуліся на парозе недахопу грошай. І як у звычайная сям’і — калі грошай няма, пачынаюць распродаж “фамільнага срэбра”, а потым усяго астатняга, заканчваючы бялізнай і ўласнымі нагавіцамі. Таму тут нічога прынцыпова новага няма. Гэта ня ёсьць нейкае лібэральнае жаданьне зрабіць эфэктыўнай беларускую эканоміку. Гэта позна і ня час. Тое, што адбываецца, гэта проста распродаж уласнасьці. Калі хапае фантазіі, тады гэта можна назваць прыватызацыяй. Продаж уласнасьці — гэта азначае: узяць і прадаць прадпрыемства, якое будавалі цяперашнія пэнсіянэры, якія ўсё сваё жыцьцё недаатрымлівалі заробкі. А цяпер хлопцы з ураду будуць усё гэта прадаваць, і гэта будзе называцца прыватызацыяй дзеля нечага незразумелага. Эканамічны зьмест таго, што адбываецца, — гэта няздольнасьць палітычнай эліты забясьпечыць высокі ўзровень разьвіцьця вытворчасьці і рынку. У зьвязку з гэтым рыхтуецца проста распродаж уласнасьці.

Уся краіна ў ап’яняльным экстазе абмяркоўвае, што і каму лепш бы прадаць. Дзьве прастытуткі, якія думаюць, каму б лепш аддацца — расейцам ці амэрыканцам? А потым дзеці будуць гэта вывучаць і казаць: якія ж ідыёты былі гэтыя дзядулі і таты”.

Дашчынскі: “Прадстаўнікі МВФ кажуць пра тое, што ініцыятыва актывізацыі прыватызацыйных працэсаў у Беларусі ня ставіць перад уладамі канкрэтных умоваў продажу актываў прадпрыемстваў. Гаворка ідзе пра пляны прыватызацыі дзяржаўных банкаў. Відаць, па гэта і прыяжджаў у Беларусь Герман Грэф?”

Заіка: “Нават яшчэ больш сьмешна. Там беларускі ўрад абавязаны да канца жніўня знайсьці высокакваліфікаванага экспэрта па прыватызацыі банкаў. Усе гэтыя пазыцыі, якія былі падпісаныя з МВФ, у мяне выклікаюць пачуцьцё горычы, бо сьведчаць пра нізкі ўзровень нашых чыноўнікаў, нізкую культуру палітычнага бачаньня. МВФ — гэта камэрцыйная, а не дабрачынная арганізацыя. Яна бярэ грошы ў адных, дае іншым і зарабляе на працэнтах. Гэта звычайны пасярэднік. У Беларусі больш за 70% уласнасьці дзяржаўнай, таму спакойна можна яшчэ павялічыць крэдыт, бо беларусы будуць прадаваць свае дзяржаўныя прадпрыемствы. Падчас крызісу прадаюць толькі дурні, а купляюць разумныя. Таму, калі мы будзем масава прадаваць сваю ўласнасьць, нас можна назваць Краінай дурняў.

Дашчынскі: “Але ці ёсьць на чым зарабіць грошы ў Беларусі?”

Заіка: “Да прыкладу, усе банкі беларускія можа прыватызаваць адзін Грэф.Там 4-5 мільярдаў даляраў хапіла б, каб кантраляваць усе беларускія банкі. Калі Раману Абрамовічу надакучыць катацца на сваёй падводнай лодцы, ён можа зрабіць гэта адзін. Беларусь зараз лёгка купіць. Бо пасьля ліпеня пачнецца падзеньне платаздольнасьці прадпрыемстваў. У іх засталося ўласных абаротных сродкаў недзе каля 10% ад таго, што трэба. Аб’ём прыбытку нашых прадпрыемстваў — усяго толькі 30% ад узроўню мінулага году. Пачынаецца такі даволі цікавы працэс сьнежнага кома, калі прадпрыемствы не вяртаюць крэдыты, якія бралі яшчэ ў лістападзе-сьнежні. Пачынаецца невялікая паніка. Потым да прэзыдэнта дойдзе інфармацыя ад яго “чэсных спэцслужбаў”, што ўвесь фінансавы сэктар ператвараецца ў чорную дзірку, крыху нэрваў — і пачнуць распродаж. Намэнклятура канвэртуе сваю палітычную ўладу ў эканамічную. Мы праходзім тое, што ў Расеі было ў 1992-94 гадах. Працаваць трэба, а не абмяркоўваць, што трэба прадаць”. (канец цытаваньня).

У сувязі з усім пададзеным, чацьвертае.

У нас пытаньне да інфармацыйнай прасторы сеціва: а што, акрамя Заікі й нашай рэдакцыі ва ўсёй “аб’яднанай дэмакратычнай апазіцыі” няма нікога, хто здольны запратэставаць супраць нахабных планаў цяперцаў і іх падзужвальнікаў-ліберастаў з “апазіцыі”, супраць планаў ВЫКРАДАНЬНЯ ЎЛАСНАСЬЦІ БЕЛАРУСКАГА НАРОДА (!), адзіны сэнс якога – далейшае ўтрыманьне ва ўладзе ў РБ цяперскай прамаскоўскай беларусафобскай этнацыднай дыктатуры на чале з Лукашэнкам?!

І яшчэ (у якасьці P.S.). Нам вядома, што ў такіх умовах звычайна знаходзіцца шмат ахвочых, хто задае пытаньні накшталт такіх: А калі не продаж, дык што? Вы супраць прыватызацыі?

Адказваючы на гэта прыхільнікам апазіцыйных ліберастаў прапануем пачытаць наступныя прынцыпы Беларускай дактрыны, якая распрацоўваецца намі: Д пр-п 4, 31, 49, 51, 51а (!), 59, 60, 65, 67, 68, 69, 71, 79, 80, 85, 88, 99, 104, 108, 114, 116. З гэтых прынцыпаў бачна: мы за прыватызаюцыю! Але мы за сапраўдную прыватызацыю ў імя інтарэсаў нашага беларуска-літвінскага народа, мы за прыватызацыю, якая дасьць істотны эканамічны рост, а не за “прыватызацыю”, якая трапна завецца прыхватызацыяй і якая проста прывядзе да зьмены адной формы рабаўніцтва над нашым народам (расейскі імперыялізм, таталітарызм, сацыялізм) іншай формай (ліберастызм).

Больш за тое, мы катэгарычна супраць таго, што рыхтуецца, мы пратэстуем, будзем змагацца самі й заклікаем далучацца іншых!.. Хаця б сваім каментарамі…

Жыве Беларусі – наша зямля!!!

 

6 каментарыяў

  1. Siarhiej кажа:

    Здаецца, сітуацыя падобная на тую, што была на пачатку 90-х гадоў. Тады была ідэя прадаць (перадаць) прадпрыемства працоўным калектывам. Такім чынам маёмасць магла б размеркавацца сярод грамадзян Беларусі, але гэтага не было зроблена. Мяне ў 1993 г. выштурхнулі з працы за спробу арганізаваць прыватызацыю прадпрыемства, дзе я працаваў, працоўным калектывам і ператварыць яго ў ЗАТ (закрытае акцыянернае таварыства). Верагодны сцэнар: цяперцы (вертыкаль) часткова прыхватызуюць, часткова раскрадуць, часткова прададуць маёмасць, якая пакуль фармальна лічыцца дзяржаўнай. Людзі нічога не атрымаюць.

  2. Рэдакцыя кажа:

    Сяргею.
    Дакладна так, як вы напісалі.
    1) І тады ў 1990-я была ідэя, было разуменьне, і сёньня яны ёсьць – найперш беларусы на сваёй зямлі павінны стаць уласьнікамі таго, што павінна быць прыватызавана (мае сэнс быць прыватным па законах эфектыўнай эканомікі). Гэта завецца нацыянальнай справядлівасьцю, прынамсі, аднім зь яе падставовых элементаў.
    2) У 1990-я гэтаму працэсу не далі адбыцца – ён быў спынены Лукашэнкам, натуральна, пры падтрымцы Масквы. “Прыватызаваць-прыхватызаваць” так, як гэта адбылося ў Расеі, БНФ бы нікому ня даў. Яго вырашылі зьнішчыць лукашызмам… Прайшло 15 гадоў, за якія чорныя сілы зьнішчалі БНФаўцаў фізічна, праз подкупам, прапагандысцкі (памятаеце? “Бнфаўцы – гэта фашысты!”), прымушалі эміграваць унутрана ці вонкава. Пытаньне, як бачна, “паўстала” зноў.
    3) Але зьвярніце ўвагу. Цяпер зноў прапануецца запусьціць прыватызацыю па мадэлі, якая ў 1990-я адбылася ў Расеі (нібы вынікаў той “прыватызацыі” мы ня бачым), – каб беларускі народ застаўся зь нічым, а маёмасьць захапілі ксенаэтнічныя алігархі і прымітыўная жлобская бюракратыя (“канвертацыя палітычнай улады ў эканамічную”). І тут цікавае ня толькі тое, што недзе ў сьвеце ёсьць сілы, якія жадаюць такой “прыватызацыі”, а таксама і тое, хто ў Беларусі гатовы выканаць гэтую юдаву справу. Як вы маглі бачыць па матэрыялах сайта, мы за гэтым асьпектам сочым, выяўляем і называем магчымых кандыдатаў на ролю беларускіх чубайсаў-бальцаровічаў. Па нашых дадзеных на сёньня на гэту юдаву ролю рыхтуюць Раманчука, Злотнікава, і вось цяпер усплыў яшчэ нейкі Кавалёў…
    4) Прынцыповым пытаньнем у гэтай сітуацыі зьяўляецца таксама тое, хто яшчэ, акрамя нашай рэдакцыі, так бачыць праблему (якая на шчасьце яшчэ не паўстала ва ўсім аб’ёме) і так фармулюе задачу. Калі вы ці хто-небудзь яшчэ ведаеце такія групы, асобаў, дапамажыце ім знайсьці нас, а нам знайсьці іх…

  3. Siarhiej кажа:

    У год патрэбна 10-11 мільярдаў даляраў (пазыкі) – кажа Л. Злотнікаў. Гэта каля 90 даляраў на месяц на кожнага жыхара. На гэтыя грошы можна жыць і нічога не рабіць. Але людзі нічога не атрымаюць, усё распіліць і падзеліць мафіёзная вертыкаль разам з правадыром. Усе рэсурсы краіны “купіць” вертыкаль, Масква, Пекін, Страсбург…. Як можна такі сцэнар прадухіліць, чым замяніць?

  4. Францішак кажа:

    Паважаная рэдакцыя!
    Пры размяшчэньні падобных марэтэрыялаў на сайце, варта было б даваць кароткую характэрыстыку “экспэртаў”, каб людзі дакладна велалі, на чый млын пальецца вада, ці дакладней кажучы, каму хочуць прадаць наш беларускі народ і за якую цану.
    На вялікі жаль, купцы ёсьць і яны нічым ня грэбуюць. Сьвет звар’яцеў, людзі бачаць і прагнуць толькі дабрабыту, а на першым месцы – грошы, нібы за іх можна душу купіць.
    А якая душа ў чалавека, каторы не ведае, прадстаўніком якога народа ён з’яўляецца? Вядома ж гнілое нутро ў яго, а гнілое нічога не вартае, хіба што толькі… на ўгнаеньне.
    Толькі гэта самае апошняе да чаго даходзіць жывая істота – будзь то расьліна ці жывёліна.
    Дый, жывёла больш каштоўная за бездушнага чалавека. Не варта на такіх зьвяртаць увагу.
    Жыве Беларусь!

  5. Паважанае спадарства, вы пытаецеся ці можна прадухіліць намечаны сценар і што можна зрабіць, калі людзі згубілі душу?
    Калі наша сем’я прыехала ў Нямеччыну, спачатку я была ў шоку, потым плакала, а потым села за распрацоўку праграмы. Нямеччына цудоўная краіна, але для немцаў, хаця гэтая краіна і вельмі шмат робіць для чужынцаў, якіх яна бярэ пад сваю апеку. Асабіста я б шмат чаго пераняла з нямецкай сістэмы, але з карэктыроўкай на свядомасць нашага народа. Гады 4-5 таму, усведамляючы, што развіццё краіны пойдзе па-гэтаму сценары і Лу-ка ніколі не зыйдзе, пакуль не давядзе краіну да жабрацтва, я разпрацавала праграму разлічаную на даную сітуацыю. Беларускі народ сёння жыве пры рабаўладальным ладзе. Ён не з’яўляецца ні гаспадаром на сваёй зямлі, ні суб’ектам палітычных працэсаў. Усё, што належыць народу скрадзена ці раскрадаецца да канца. На вялікі жаль, сёння ў краіне няма і той палітычнай сілы, якая б з’яўлялася альтэрнатывай гэтаму рэжыму. Сапраўды, гэты сайт адзіны, які сур’ёзна падыходзіць да падзеяў і аналізуе наступствы для народа адбываючыхся працэсаў.
    Мая праграма разлічана на выжыванне народа ў склаўшыхся умовах, але не ў сэнсе, каб падпарадкавацца рабаўладальнікам і каланізатарам, а ў сэнсе застацца свабоднымі. Даная праграма спрацуе, калі будзе 3 чалавекі і калі будуць тысячы.
    У першую чаргу пачынайце з адукацыі і інвестуйце свае грошы ў сваіх дзяцей. Для пачатку дзейнасці па праграме, патрэбна арганізацыя. Але сёння пакуль толькі ёсць арганізацыйны камітэт па стварэнню гэтай арганізацыі. Каб вы адчувалі вынікі гэтай дзейнасці вы павінны самі далучацца да гэтай арганізацыі.

  6. Актывіст кажа:

    Мой каментар да арт. “Рэйтынг эканамістаў”: http://nn.by/index.php?c=ar&i=28049
    “Такім “эканамістам” не будзе месца ў беларускім урадзе. Іх дзеянні, заявы і паводзіны цалкам супярэчаць нацыянальным інтарэсам. Яшчэ на самым пачатку атрымання незалежнасці Злотнікаў усё ні як не мог уцяміць, як гэта ў Беларусі будзе свая нацыянальная валюта і навошта яна патрэбна (як паказаў час, адной з галоўных прычын жудаснай інфляцыі і спаду эканомікі тых часоў было замаруджванне ўвядзення нац. валюты).
    Раманчук увогуле зусім нядаўна прапаноўваў скасаваць Саўмін (галоўны ворган выканаўчай улады!) і стварыць нейкі камітэт пры адміністрацыі прэзідэнта. Цікавая б дзяржава атрымалась без выканаўчай улады. Наступным крокам мабыць мусіў быць роспуск судовай ці заканадаўчай?
    Заіка ўвогуле ўвесь час падштурхоўвае да таго, што нам трэба выкінуць сваю валюту і як мага хутчэй увесці расейскі рубель, які па яго словах у хуткім часе стане рэгіянальнай валютай. Для любога разумнага чалавека гэта тое ж самае, што несці свае грошы ў банк, які хутка лопне.
    Багданкевіч ужо паказаў, чаго ён варты, калі быў старшынёй НБ. Таму тут без каментароў.
    А галоўнае, што абядноўвае гэтых “аналітыкаў” – гэта тое, што яны ўсе сцвярджаюць: “Беларусь увесь час сядзіць на шыі Расеі, што мы ёй увесь час нешта павінны, яе падманываем і разводзім на грошы, не выконываем саюзных дамоваў і без яе нам проста няма куды”. Такая рыторыка назіраецца ўвесь час. Таму, спадарства, падумаеце, навошта яны гэта кажуць…”

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы