nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Цывілізацыйныя каштоўнасці і геапалітыка

13 жніўня, 2009 | 2 каментарыя

Пётр Садоўскі

d0a1d0b0d0b4d0bed19ed181d0bad196

Гэты артыкул быў апублікаваны ў “Народнай волі” 30 красавіка г.г., а 6 траўня – на сайце ПБНФ (pbnf.org/2009/05/06/pjotr-sadoski.-cyvilizacyjjnyja-kashtonasci-i.html). Падаем яго як прыклад таго, што і ў Партыі БНФ пачалі зьяўляцца асобы, здольныя крытычна глядзець ня толькі на “Ўсход”, а і цьвяроза – на “Захад”.

Рэдакцыя.

 

Цывілізацыйныя каштоўнасці і геапалітыка

Здаецца, першыя хвалі гарачых спрэчак пра ўдзел Беларусі ва “Усходнім партнёрстве”, беларускую “лібералізацыю”, супрацоўніцтва апазіцыі з уладай паціху супакойваюцца. Беларускі карабель кладзецца ў дрэйф, балансуючы паміж “Саюзнай дзяржавай” і “Усходнім партнёрствам”. Што далей? Настае час спакойнага асэнсавання. Так бы мовіць, час одуму.

 

Ад самаўсхвалення да геапалітычнага песімізму

У гарачых дыскусіях мы загіпнатызавалі самі сябе і, падобна, самі таго не заўважаючы, стварылі з сябе вельмі важнага суб’екта міжнароднай палітыкі, без якога нашым суседзям – і ўсходнім і заходнім – аніяк не пражыць.

Не ў апошнюю чаргу гэтаму паспрыяў і тэмперамент нашага кіраўніка дзяржавы, які не стамляўся гаварыць ў сваіх інтэрв’ю і пра нашу “ключавую ролю” паміж Усходам і Захадам, і пра асобую ролю беларускага праваслаўя, прапаноўваў Кітаю сваю дапамогу пры навядзенні мастоў у Еўропу, Ізраілю дакляраваў сваё пасярэдніцтва з арабамі, калі габрэі таго пажадаюць, французскім банкірам абяцаў стварыць беспрэцэдэнтныя ўмовы для бізнэсу, а нядаўна з заклапочанасцю ўжо немаладога стомленага чалавека ў геапалітычнай скрусе прызнаўся расійскаму суразмоўцу, што беларускі прэзідэнт не вечны і што пры пэўным зьбегу абставінаў Расія можа страціць Беларусь …

Здаецца, што і нашыя незалежныя аналітыкі, калі разважаюць пра геапалітыку, ужываючы чорна-белыя аргументы, знаходзяцца пад моцным уплывам старой блокавай схематыкі, часта не пазбавіўшыся стэрэатыпаў канца 1980-х гадоў.

У новы час складаюцца новыя суадносіны паміж цывілізацыйнымі каштоўнасцямі [вось, даведацца бы толькі, што аўтар мае на ўвазе. – Рэд.] і геапалітыкай. Тэрмін “рэальная палітыка” становіцца выразна амбівалентным, траціць флёр знешнепалітычнага эгаізму, новыя рэгіянальныя тэндэнцыі эканамічнага і палітычнага развіцця прымушаюць адмаўляцца ад старых стэрэатыпаў. Пры нашым ладзе жыцця нашай грамадзянскай супольнасці не стае публічнага абмеркавання складаных палітычных, як, дарэчы, і рэлігійных, і культурніцкіх праблем. Наша цяперашняя дзяржаўная паліткарэктнасць занадта вузкая і дагматычная паводле сваёй аўтарытарнасці, а “паліткарэктнасць” незалежных аналітыкаў хварэе на карпаратыўны ідэалізм паводле прадэклараваных мэтаў. Таму нашыя чаканні не заўсёды спраўджваюцца, а тыя хвалі геапалітычных зрухаў, што з пэўным спазненнем даходзяць да нас праз нашу адносную ізаляванасць, выклікаюць у нас геапалітычны песімізм. Трэба зразумець свой пункт знаходжання ў вялікім акіяне зменаў. Тады будзе лягчэй.

Кітайскія метамарфозы

“Больш ніякіх стэрэатыпаў!”. Паводле еўрапейскіх СМІ, такі заклік утрымліваецца ў шматлікіх публікацыях галоўнай партыйнай газеты “Жэньмінь Жыбао” на працягу апошніх трох месяцаў, у якіх партыйныя аналітыкі ўпершыню ў гісторыі камуністычнага Кітаю дэманструюць “рэлятывізм” у адносінах да амерыканскай палітыкі глабальнага панавання і абвяшчаюць “эпоху ўсясветнага і мультыкультурнага спаборніцтва, эру супрацоўніцтва замест перыяду канфрантацыі”. Сваім амерыканскім і еўрапейскім партнёрам яны, як новыя місіянеры, кажуць: “Не бойцеся глабалізацыі, мы едзем да вас” (Гэта загаловак з “Франкфуртэр Альгемайнэ Цайтунг” за 9.03.2009). І едуць ратаваць сваіх заходніх супернікаў… [вось і будзе ў гэтых заходнікаў, як у вядомай прымаўцы: за што змагаліся, на тое і нарваліся. – Рэд.]

Паводле сакавіцкіх звестак часопіса “EURO” і “Financial Times”, кітайская інвестыцыйная карпарацыя CIC, што з’яўляецца найбуйнейшым у свеце дзяржаўным фінансавым фондам і мае першасны аператыўны капітал на 200 млрд. долараў, укладае першы транш на скупку збанкрутаваных прадпрыемстваў за мяжой 80 млрд. Першы дэсант кітайцаў высадзіўся ў Германіі, купіў пакуль мала, але заключыў дамову на 10 млрд. паставак нямецкіх высокатэхналагічных вырабаў. Частка дэлегацыі раз’ехалася па Еўропе прыглядацца да філіялаў “Вольва”. У ЗША карпарацыя СІС скупляе кантрольныя пакеты і не прамінае драбязу на 5-10%. Кітайцы скупілі такую колькасць амерыканскіх дзяржаўных грашовых абавязацельстваў, што зараз кожны амерыканец вінаваты Кітаю 4000 долараў (паводле нямецкай Die Zeit). “Палітыка нас не цікавіць, нас цікавіць прыбытак”, – кажа кіраўнік карпарацыі (паводле еўрапейскай транслітэрацыі яго імя Gao-Xiquing) [пачакайце, заходнікі, будзем вам і адно, і другое. – Рэд.].

Алегарычна-знакавай уяўляецца фігура самога старшыні фонда. У свой час ён быў актыўным апазіцыянерам, якому ўдалося ўцячы з-пад танкаў на плошчы Цянь-Ань-Мынь, потым адкрыць свой бізнэс, павучыцца за мяжой і, дзякуючы таленту і лаяльнасці да ўладаў, зрабіць кар’еру.

 

Штайнмаер: Германія можа нарваць сабе грыжу…

Падчас канцлерскай выбарчай кампаніі, калі крызіс яшчэ толькі ціхім чарвяком запаўзаў ў трэзоры еўрапейскай эканомікі, Ангела Мэркэль, дачка евангелісцкага пастара, ахвяраваўшы нават пастулатам хрысціянства ў праекце Канстытуцыі ЕС, сярод еўрапейскіх каштоўнасцяў на першае месца ставіла дэмакратыю і правы чалавека, абяцала не сябраваць геапалітычна з Расіяй “цераз галовы суседзяў” (гэта ў кантэксце будаўніцтва шрэдэраўска-пуцінскай “Паўночнай плыні”), патрабавальна ставіцца да аўтарытарных рэжымаў, умацоўваць падваліны еўраатлантызму, — адным словам весці збалансаваную знешнюю палітыку каштоўнасцяў і геапалітычных уплываў.

Года паўтара таму, калі ўжо з’явіліся першыя прыкметы хвалявання на фондавых рынках, у кааліцыйным урадзе ХДС-СДП сталі заўважныя разыходжанні паміж прагматычнай геапалітыкай і цывілізацыйнымі каштоўнасцямі. Калі Ангела Мэркэль прыняла (яшчэ перад Алімпійскімі гульнямі і перад тыбецкімі ўзрушэннямі) другі раз апальнага Далай-Ламу, сацыял-дэмакрат і міністр замежных справаў Франк-Вальтэр Штайнмайер (зараз ужо кандыдат ад СДП на канцлера) даволі рэзка заўважыў: “Калі ФРГ будзе і надалей паводзіць сябе як вялікая дзяржава, што можа дазволіць сабе змагацца за правы чалавека ва ўсім свеце, яна хутка нарве сабе грыжу…” Зрэшты, небеспадстаўна: Кітай пачаў пагражаць эканамічнымі санкцыямі і быў зрабіў першыя крокі на працягу двух тыдняў. На той час немцы адчувалі сябе яшчэ даволі ўтульна, і грамадзкасць успрыняла філіпіку Штайнмайера непрыхільна. Большасць была на баку канцлеркі. Тады я быў якраз у Берліне на канферэнцыі па агульнаеўрапейскім падручніку гісторыі і меў магчымасць назіраць дыскусію ў Доме Вілі Брандта, дзе ўжо вельмі немалады ўсясветна вядомы філосаф Юрген Хабэрмас крытыкаваў Штайнмайера за занядбанне цывілізацыйных каштоўнасцяў на карысць геапалітычнай схематыкі. Падумалася пра Беларусь. Мы, вядома, не Кітай, фондавых рынкаў Нямеччыны не абрынем, але ж ёсць наш геапалітычны “старэйшы брат” [ён не “старэйшы”, а большага памеру… – Рэд.], які, з газавай дубінкай цераз плячо, сябруе з Берлінам. Таму нашае месца ў гэтым трохкутніку як бы загадзя вызначанае, бо стрэйшы брат любіць свайго малодшага [як любіць, добра паказваюць далёка прасунутыя планы будаўніцтва “Паўночнай плыні”. – Рэд.].

Пад уплывам знешнепалітычных і знешнеэканамічных выклікаў (эканамічная экспансія Кітаю ды Індыі, пагроза мусульманізацыі, аслабленне эўрапейскіх пазіцый у Афрыцы, унутраны эканамічна-фінансавы крызіс, неабходнасць дыверсіфікацыі энергакрыніцаў, імпульсы сацыяльна-культурнага песімізму і г. д.) Нямеччына – і не толькі яна – змяніла знешнепалітычную тэрміналогію і практыку. Ужо больш як год у нямецкім МЗС афіцыйна гаворыцца пра змену падыходаў да патэнцыйных партнёраў. Падчас эканамічнага буму пасля здзяйснення плану Маршала на працягу амаль паўстагоддзя немцы кіраваліся прынцыпам Эгана Бара (міністр эканомікі ў 1960-я гады) – “збліжэнне праз змены” (“Annäherung durch Wandel“), дзе эканамічная моц і каштоўнасныя параметры заходняй цывілізацыі павінныя былі паступова правесці тую самую канвергенцыю, пра якую так шмат гаварылі ў гады халоднай вайны. Калі-небудзь ужывалася адваротная формула: змены праз збліжэнне. Цяпер, калі Еўропа адчувае сябе не так упэўнена, як паўстагоддзя таму, формула супрацоўніцтва з рознакаштоўнаснымі партнёрамі фармулюецца як “збліжэнне цераз перапляценне” (“Annäherung durch Verflechtung”).

Новае “Усходняе партнёрства” – частка гэтай дактрыны. Нічога нечаканага тут няма. Дарма прадстаўнік расійскага МЗС Андрэй Несцярэнка назваў нядаўна патэнцыйны ўдзел былых савецкіх рэспублік у гэтым праекце “ненатуральным выбарам” і “штучным супрацьпастаўленнем Расійскай федэрацыі і ЕС”. Гэта натуральны крок ЕС ў адносінах да сваіх суседзяў. Расія таксама прасоўвае сваю геапалітычную стратэгію да тых самых суседзяў і пры гэтым даволі актыўна, можа, не заўсёды разумна.

Разуменне ўсяго сказанага можа дапамагчы больш спакойна і адэкватна зразумець феномен “Усходняга партнёрства”. Яго не прыдумалі Польшча і Швецыя. Ідэя такой ініцыятывы неаднаразова агучвалася яшчэ ў той час, калі было “вялікае” пашырэнне ЕС і НАТО, калі фармуляваліся прынцыпы развіцця “новага суседства” ў перспектыве. Падзеі на Каўказе проста паскорылі абвяшчэнне праекту, які праартыкулявалі названыя краіны. Іншая рэч, як яно ўсё пойдзе. Што гэтае партнёрства неабходнае, стала зараз асабліва зразумела, калі нарэшце нават беларускае кіраўніцтва даўмелася, што не трэба было прывязвацца толькі да аднаго расійскага рынку.

“Перапляценне” з Беларуссю: памылковы накірунак?

Магчымым “памылковым накірункам” знешняй палітыкі сваёй дзяржавы назваў стратэгію нямецкіх зшешнепалітычных ініцыятываў апошняга часу ўпаўнаважаны Федэральнага ўраду Германіі, хрысціянскі дэмакрат, Гюнтэр Нокэ (Günter Nooke) пасля свайго вяртання з Мінску. У інтэрв’ю “Франкфуртэр Альгэмайнэ Цайтунг” (16.03. 2009 г.), якое выйшла пад рэдакцыйнай назвай “Памылковы накірунак” (“Falsche Richtung”), ён у сваіх адказах паміж іншым адзначае некаторыя асаблівасці “беларускага выпадку” (даю вытрымкі з інтэрв’ю ва ўласным перакладзе, у нашых СМІ пра інтэрв’ю ніхто не ўзгадваў. – П.С.). Перш, чым цытаваць асобныя фрагменты, звярну ўвагу на адну істотную дэталь. Еўрапейскія ўрадавыя ўпаўнаважаныя па правах чалавека ў адрозненне ад грамадскіх і парламенцкіх праваабаронцаў падыходзяць да праблемы больш “тэхналагічна”, з улікам магчымасцяў рэалізацыі канкрэтных праграмаў, а не зыходзячы з вербальных дактрынаў. Мне двойчы даводзілася сустракацца з урадавымі ўпаўнаважанымі ФРГ – адзін раз падчас амбасадарства, другі раз ужо, калі ў нас з’явіліся палітычныя зніклыя. Кожны раз падкрэслівалася, што ўсякія змены трэба планаваць з улікам таго, на што могуць рэальна пайсці кіроўныя асобы.

Замежны дыпламат павінен прытрымлівацца пэўнага палітэсу. Адпаведна сп. Гюнтэр Ноокэ толькі агульна адзначыў, што у Беларусі “працягвае існаваць улада прэзідэнта Лукашэнкі і ягонага дыктатарскага рэжыму, таму элементарныя свабоды і правы чалавека абмежаваныя або ўвогуле адсутнічаюць… Мінскай уладзе трэба выразна сказаць, што ад іх чакаюць субстанцыяльных зьменаў: істотнага паляпшэння становішча апазыцыі, няўрадавых арганізацыяў і незалежнай прэсы. Інакш беларускія ўлады могуць выкарыстаць момант зараз, калі ў некага складаецца ўражанне, што Брусэль можа бясконца йсьці на саступкі па прыкладу “адлігі” ў адносінах з Расіяй (пасьля агрэсіі ў Грузіі – П. С.), выкінуўшы за борт усе ранейшыя тэксты і дамовы ЕС аб правах чалавека…Тыя, хто робіць нямецкую зьнешнюю палітыку, павінныя ўвесь час падкрэсьліваць, што правы чалавека [спадяемся, не ў такім разуменьні, як ў пана Стонава з папярэдняга артыкула… – Рэд.] зьяўляюцца палітыкай інтарэсаў Нямеччыны, што нам важна павялічываць тэрыторыю астравоў свабоды і дабрабыту ў Еўропе, а не імкнуцца пашыраць сфэру геапалітычных уплываў… Важна, каб усе 27 членаў ЕС і ў адносінах да Беларусі гаварылі адным голасам. Канешне ж, неабходна, каб і наша амбасада ў Мінску, і наша МЗС і Ведамства канцлера гаварылі адным голасам. З майго досведу пасля наведвання Мінску і з таго, што я бачу ў нашым МЗС, я адчуваю пэўную небяспеку, што мы можам запіхаць адзін аднаго на памылковы кірунак. Мы павінныя прытрымлівацца таго, што стаіць на паперы і пра што мы гаворым на ўрачыстых пасяджэннях…”.

Нашыя палітыкі, праваабаронцы, лідэры рухаў, калі яны спрачаюцца, што ёсць найважней – змяніць паступова сістэму ці змяніць кіраўніцтва, здаецца, разумеюць горш за нямецкага Упаўнаважанага адну д’ябальскую дэталь, у якой у нашым выпадку хаваецца ісціна: беларускае кіраўніцтва спаліла свае масты для ганаровага адступлення і дэмакратычнай трансфармацыі, фізічна зніштожыўшы некаторых сваіх палітычных апанентаў. Сапраўдная лібералізацыя для яе – гібель. Бо першыя ж дэмакратычныя выбары ў парламент прывядуць да слухання па справах зніклых палітыкаў, і тады ўжо кіраўніку дзржавы не выкруціцца, нават адправіўшы на пенсіі і ў адстаўкі ўсіх генералаў і пракурораў. Цывілізацыйна-каштоўнасныя злачынствы, да якіх адносяцца і палітычныя забойствы, не маюць тэрмінаў даўніны [ах, вось што аўтар мае на ўвазе пад “цывілізацыйнымі каштоўнасьцямі; г.зн. нельга забіваць сваіх палітычных апанентаў; але мы думаем, заходняя “цывілізацыя” ў яе сёньняшнім стане здольная элементарна пераступіць праз іх…; выпадак заляцаньня да Пуціна – вядомага генацыдчыка – гэта выразна дэманструе. – Рэд.]. Так што наша кіраўніцтва, падобна, ўзяло курс на пабудову сінгапурскай мадэлі, дзе з 1959 па 1990 год кіраваў дыктатар Лі Куан Еў, а потым перадаў гаспадарку сыну Лі Хсіен Лоонгу. Баюся, што толькі ў нас экагамічнага цуду не атрымаецца. Што ж далей?

 

“Дабудова” нацыянальнай ідэнтычнасці – шлях да стабільнасці

Нашыя добразычліўцы з Еўропы кажуць: мы за вас вашае жыццё не зменім, рабіце самі свой выбар [але ж гэта «еўрапейскія добразычліўцы» вырашаюць, каму дапамагаць рабіць беларускую справу, а каму – не… – Рэд. ]. Патрыёты скардзяцца на злое наканаванне, што накінулася містычнай пятлёю на нашу старану. Паэты на гэтую тэму напісалі не адну сотню вершаў. Аднак жа ніякай містыкі няма. Мы – недабудаваная нацыя, як, напрыклад, украінцы, малдаване. Гістарычныя прычыны – агульнавядомыя. Адгэтуль і адсутнасць адзінай грамадзянскай супольнасці. Мы не перажылі свой гістарычны нацыяналізм, які ў канцы 18-га і на працягу 19-га стагоддзя перажылі, напрыклад, Францыя і Германія. Нашыя публіцысты пішуць сёння такія артыкулы, якія пісаў у 1810 годзе філосаф Фіхтэ ў сваіх “Лістах да нямецкага народу”, заклікаючы біць Напалеона і ўзносячы хвалу нямецкаму духу. І гэта было гістарычна да месца. Немцы больш позняя нацыя, чым французы. Палякі як нацыя маладзейшыя за немцаў. Яшчэ напачатку 20-га стагоддзя, калі Яўхім Карскі, знакаміты філолаг і наш зямляк, быў рэктарам Варшаўскага універсітэта і паводле пасады насаджаў там расійскі дух, новая польская мова толькі фармавалася, і варшавякі пры неабходнасці ўжывалі ў арыстакратычных салонах германізмы, а знаць Гданьску і Вроцлава, баючыся германізацыі, аддавала перавагу русізмам. Ламаносаў у 18 стагоддзі напісаў нацыяналістычны панегірык расійскай мове, і гэта было своечасова. Адам Міцкевіч параўноўваў сваю радзіму з укрыжаваным Хрыстом і пачаў фармаваць на грошы Ротшыльдаў легіён “Гусары Ізраіля” для змагання супраць Расіі на крымскім фронце, дзе і загінуў, ці то атручаны расійскімі шпегамі, ці то ад халеры.

Нядаўна немцы выдалі чатыры грунтоўныя манаграфіі, прысвечаныя другому тысячагоддзю “бітвы Варуса” (Varus-Schlacht, 8 год пасля Н.Х.), у якіх гераічнай нацыянальнай фігурай з’яўляецца “першы немец” Герман, якога так называюць толькі немцы. Ён нібыта перамог рымскага вайскавода Варуса і запачаткаваў нямецкі этнас. Для астатняга свету ён – Армініюс, ваяр з варварскага племені херускаў, які, будучы грамадзянінам Рыма, здрадзіў рымскаму авангарду і завёў яго ў пастку, перабег да сваіх херускаў, дзе быў хутка забіты ў сваім стане падчас племянных закалотаў. Чыста палітычны міф, але ж ён адыгрываў сваю ролю на працягу ўсёй нямецкай гісторыі. Немцы дагэтуль шукаюць той Таўтэбурскі лес, дзе нібыта адбылася “бітва Варуса”, як расійцы шукаюць Поле Кулікова. Крышталі першых міфаў усіх нацыяў – прыдуманыя. Потым на іх намотваецца сувой больш-менш праўдзівай гісторыі.

Сучасная “постнацыянальная” Еўропа забылася на свой гістарычны нацыяналізм і не заўсёды ўсведамляе, што ні правы чалавека, ні паспяховая эканоміка ў “недабудаванай” нацыі не могуць быць усталяваныя ў эпоху глабалізацыі [!!! – Рэд.]. Добра б нашым контрагентам з “постнацыянальнага” ЕС, што завязваюцца ў праграму “Усходняга партнёрства”, зразумець, што найкарацейшы шлях для пабудовы стабільнага суседства на прасторах Украіны ды Беларусі – падтрымаць дабудову нацыянальнай ідэнтычнасці карэннага насельніцтва ў гэтай частцы Еўропы [!!! – Рэд.]. А так гадамі дух магдэбурскага права будзе душыцца тут візантыйскай пірамідай улады [!!! – Рэд.].

Для тых, хто блытае “гістарычны нацыяналізм” з сучасным побытавым, рэгіянальна-гаспадарчым, ці з фашызмам 20-га стагоддзя, на заключэнне прывяду пераклад артыкула “Нацыяналізм” з еўрапейскага энцыклапедычнага слоўніка па сацыялогіі, які на розных мовах выдадзены ў 1993 годзе ў Парыжы, Мюнхене, Лондане і Нью-Йорку.

Нацыяналізм – ідэалогія, сацыяльны рух або групавая свядомасць, якая спрыяе ўсталяванню салідарнасці і легітымацыі нацыянальнай дзяржавы. Сярод насельніцтва, якое знаходзіцца пад чужым іншаземным панаваннем, нацыяналізм уяўляе сабою сукупнасць арганізаваных сацыяльна-палітычных поглядаў, мэтаў, адносінаў, эмацыйных прыметаў і дзеянняў, скіраваных на стварэнне палітычна незалежнай і самастойнай нацыянальнай дзяржавы, якая мае ўласнае дзяржаўнае кіраванне і геаграфічна акрэсленыя межы. Як адзін з найбольш моцных вызначальных чыннікаў у сучаснай гісторыі праявіўся ў 18-м стагоддзі, сфармаваў сацыяльны імідж вялікіх групаў людзей, іх ідэалы – рэальныя і ўяўныя (imagined) і зрабіў іх нацыяй…Французская рэвалюцыя, скасаваўшы класавыя прывілеі, унесла ў свядомасць грамадзянаў сярод іншага адну галоўную ісціну: дабрабыт краіны – справа ня толькі караля і ягоных райцаў, а ўсяго народу…”.

 

Ад рэдакцыі:

Сябры рэдакцыі былі вельмі ўсьцешаныя ўбачыць у паважана спадара Пятра абнародаваную ім пазіцыю

Асабліва вось гэтае месца: “… “постнацыянальная” Еўропа забылася на свой гістарычны нацыяналізм і не ўсведамляе, што ні правы чалавека, ні паспяховая эканоміка ў “недабудаванай” нацыі не могуць быць усталяваныя ў эпоху глабалізацыі … Нашым контрагентам з “постнацыянальнага” ЕС трэба зразумець, што найкарацейшы шлях для пабудовы стабільнага суседства на прасторах Украіны ды Беларусі – падтрымаць дабудову нацыянальнай ідэнтычнасці карэннага насельніцтва ў гэтай частцы Еўропы”.

Застаецца толькі закцэнтаваць, што гэта і нашы прэтэнзіі да “Еўропы”, і, у прынцыпе – галоўныя.

 

2 каментарыя

  1. Дзякуем cп.П.Садоўскага і рэдакцыю за своечасовы артыкул і падтымліваем яго.
    Больш за тое, Беларускі Міжнародны Дэмакратычны Рух асноўным накірункам сваёй дзейнасьці лічыць – вяртаньне нацыянальнай ідэнтычнасьці і сьвядомасьці беларускага народа, якую імкнуцца зьнішчыць імперыялісты як з Усходу так і з Захаду на працягу стагодзьдзяў.
    Аднак марныя іх спадзяваньні, беларусы ніколі і ні ў кога не будуць рабамі. Спадзяёмся, што у хуткім часе ад Расейскай імперыі (як у свой час ад Візантыі, Рыма і Асманаскай імперый, СССР -Я.М.) застануцца, адны успаміны.

  2. Вялікі дзякуй за артыкул. Звярніце увагу, як кітайцы захопліваюць эканомікі іншых краінаў. “Глабалізацыя” дазваляе кіраваць народам (любым) без захопу тэрыторыяў. Любы эканамічны паразіт з вас высмакча ўсе сокі. Але і рабы таксама гэта могуць рабіць, патрэбна толькі мець добрыя веды, а не дыпломы. Беларускія ВНУ такіх ведаў не даюць, бо з нас наўмысна робяць не прафесіяналаў, а жандармаў на прадпрыемствах. Але як бачыце жандармерыя на прадпрыемствах не здольна выжыць ў умовах крызісу. Карыстаючыся такой тэхналогіяй, любая група ў беларускім грамадстве можа выкарыставаць такія тэхналогіі і не працаваць на сваіх рабаўнікоў. Гэта павінна стаць адной з стратэгічных задачаў нацыянальна-патрыятычнага руху.
    “Нацыяналізм – ідэалогія, сацыяльны рух або групавая свядомасць, якая спрыяе ўсталяванню салідарнасці і легітымацыі нацыянальнай дзяржавы. Сярод насельніцтва, якое знаходзіцца пад чужым іншаземным панаваннем, нацыяналізм уяўляе сабою сукупнасць арганізаваных сацыяльна-палітычных поглядаў, мэтаў, адносінаў, эмацыйных прыметаў і дзеянняў, скіраваных на стварэнне палітычна незалежнай і самастойнай нацыянальнай дзяржавы….” Вось чаму я заву сябе нацыяналісткай, хаця гэта ёсць нацыянальны патрыятызм. А як інакш? Кожны беларус павінен усвядоміць, што ён нідзе нікому не патрэбны, як заможны і маючы правы чалавек. Ён патрэбны толькі як раб. І ахвочых жыць за кошт гэтай рабскай працы вельмі шмат. Толькі свая ўласная незалежная краіна можа даць умовы для жыцця. Але калі свая краіна не дае гэтых умоваў, значыць – чыясці калонія.
    Ніякіх падтрымак ні ў якім выглядзе і ні з якога боку дыктатару – толькі так павінен разумець свой кірунак нацыянальна-патрыятычны рух, інакш сваёй мэты мы ніколі не дасягнем. А мэта наша – высокакультурная, высокаадукаваная, шляхетная, заможная, свабодная, незалежная, не крымінальная, не карумпіраваная краіна. Адраджэнне нацыянальных каштоўнасцей – гэта ёсць другая стратэгічная задача нацыянальна-патрыятычнага руху. Бо гэта ёсць цэмент, які з’ядноўвае нацыю і дае магчымасці дасягнення пастаўленнай мэты. Усялякія іншыя ідэалогіі (інтэрнацыяналізм, глабалізацыя, рэлігія, міфічныя “правы чалавека над правамі нацыі”, міфічны славянізм, міфічнае братэрства і г.д.) вядуць да аслабленню сувязяў паміж асобамі і групамі ўнутры краіны, а гэта значыць падрывае краіну і вядзе яе да падпарадкавання нейкаму каланісту (любому).
    Скажыце, хто-небудзь з вас ставіць такую мэту – стаць чыімсці рабом? І каб вашы дзеці былі рабамі?
    Чаму нам наканаваны лёс рабоў? А таму што ў нас няма вось гэтага элементу: “Нацыяналізм – ідэалогія, сацыяльны рух або групавая свядомасць…”. Вось гэты элемент пасеклі ў перыяд чырвонага тэрору габрэйскія камісары ды кітайскія ізуверы, майстры катаваньняў. Яны іх пасеклі і пастралялі фізічна, але духоўна іх знішчыць немагчыма. З імі можна размаўляць, браць парады, кіравацца іх думкамі праз іх інтэлектуальную спадчыну, нават праз музыку, праз песні і гэтага забараніць немагчыма.
    Вазьміце музыку Агінскага. Хто можа забараніць яе. А як шмат яна можа сказаць людзям, перадаць усю боль за нашу Радзіму. Гэта ёсць наша духоўная эліта. Будаваць сваю краіну можна нават ва ўмовах дыктатарскага рэжыму, нават з-за мяжы. Было б жаданне. Але прымусіць будаваць немагчыма. Чалавек павінен усведамляць для чаго гэта патрэбна.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы