nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Расея і мадэрнізацыя

1 красавіка, 2010 | 3 каментарыя

Аляксей Шырапаеў (паводле www.inache.net/print/signs/426)

d0a8d18bd180d0b0d0bfd0b0d0b5d19e1У заключэньні кароткага шэрагу меркаваньняў, выказваемых рускімі нацыяналістамі й нацыянал-дэмакратамі што да бліжэйшай будучыні Расеі, выстаўляем артыкул добра вядомага нашым чатачам А.Шырпаева. На наш погляд, аўтар выказвае некалькі ідэй, якія маюць прынцыповае значэньне для паўнаты ахопу разглядаемай тэмы.

Рэдакцыя.


У сваім лістападаўскім пасланьні прэзідэнт Мядзьведзеў абвясьціў чарговы крамлёўскі лозунг дня: мадэрнізацыя. Добра было б разабрацца, што гэта такое ў дачыненьні да Расеі. Ня думаю, што гэта разумее і сам Мядзведзеў, ня кажучы ўжо пра большасьць расейскага народанасельніцтва.

Як паказвае гісторыя, мадэрнізацыя ў Расеі – гэта рэч чыста гаспадарчая, эканамічная. Гэта не мадэрнізацыя ў еўрапейскім сэнсе. У Расеі могуць рэфармавацца структурныя дэталі дзяржсістэмы, але палітычная матрыца застаецца недатыкальнай. Больш за тое: як правіла, расейская мадэрнізацыя нават ўзмацняе дэспатычны характар ўлады, умацоўвае яе. Прыклады навідавоку: Пётр Першы, Сталін. Расейская мадэрнізацыя – гэта актывізацыя сістэмы без зьмяненьня яе сутнасьці, гаспадарчае і часткова кіраўнічае абнаўленьне краіны без адмовы ад ранейшай гістарычнай парадыгмы. Культуролаг Ігар Якавенка так вызначае сутнасьць мадэрнізацыі па-расейску: у Захаду запазычваюцца тэхналогіі, але не сацыяльныя інстытуты, спараджаючыя гэтыя тэхналогіі (што выракае краіну на хранічнае адставаньне, на становішча “вечна ўчорашняй», даганяльнай).

На прыкладах Пятра і Сталіна бачна, што, нягледзячы на ўсю маштабнасьць бачных пераменаў, нязьменным ў Расеі застаецца галоўнае: «азіяцкі спосаб вытворчасьці», г.зн. сістэма, калі централісцкая дзяржава ў асобе сваіх функцыянераў выступае ў якасьці галоўнага ўласьніка і эксплуататара, зьяўляючыся па сутнасьці «дзяржавай-класам» [уладамі-класам. – Рэд.].

Адмовіцца ад гэтай сістэмы Расея ня можа ў прынцыпе. Яна ў сваёй аснове нетрасфарматыўная [!!! Пра гэта ж у адносінах да “Расеі” ўвесь час кажам і мы. – Рэд.]. Азіяцкі спосаб вытворчасьці – гэта сутнасьць Расеі, яе прырода, гэта сама гістарычная Расея. Векавыя аблуды нашых заходнікаў заключаюцца ў марах зрабіць Расею еўрапейскай краінай. Аднак, Расея ў сілу сваёй ардынска-імперскай прыроды проста ня можа быць такой. Не выпадкова нашы рэфарматары-еўрапеісты, як правіла, дрэнна заканчвалі: Ілжэдзьмітры Першы, Аляксандр Другі, Сталыпін… Правесьці ў Расеі сапраўдную, еўрапейскую мадэрнізацыю – значыць скасаваць гэтую краіну, а дакладней стварыць на яе месцы кангламерат новых краін, арыентаваных на заходнія каштоўнасьці свабоды і развіцьця, пра што будзе сказана ніжэй.

Мадэрнізацыя на базе «азіяцкага спосабу вытворчасьці» магчымая толькі за кошт экстэнсіўнай эксплуатацыі людскіх і прыродных рэсурсаў, а таксама тэрору. Менавіта такімі былі мадэрнізацыі Пятра і Сталіна.

Гэтым жа шляхам, з апорай на таталітарную дзяржаву, ідзе мадэрнізацыя ў Кітаі, дзе рост дасягаецца найперш за кошт велізарных укладаньняў капіталаў і жывой працы. Вялікімі ёсьць энэрга- і рэсурсазатраты, па-ранейшаму дамінуе экстэнсіўны метад гаспадараньня. Нізкая эфектыўнасьць капітальных укладаньняў, павольна прасоўваецца тэхнічны прагрэс. Кітайская бюракратыя, зыходзячы са «сваёй функцыянальнай ролі», выступае як уладальнік «улады-ўласнасьці», нярэдка ўплываючы на разьмеркаваньне прыбытку. Бізнэс як кармушка для чыноўнікаў – гэтая расейская праблема характэрная і для Кітая. Адсюль велічэзная карупцыя, якая, нягледзячы на драконаўскія меры па барацьбе зь ёю, застаецца ледзь не галоўнай праблемай краіны. Усё гэта суправаджаецца варварскім стаўленьнем да навакольнага асяроддзя – свайго і чужога.

Палітычная ж сістэма застаецца нязьменнай. Захоўваецца антызаходняя рыторыка, дысідэнты перасьледуюцца, улада ўвесь час нагадвае незадаволеным аб плошчы Цяньаньмэнь. Вось нядаўна там пасадзілі нейкага кітайскага Сахарава…

Дык што ж мае на ўвазе Мядзьведзяў?

Мабілізацыйная мадэрнізацыя па тыпу 1930-х гадоў, да якой заклікаюць сталіністы накшталт А.Праханаву і В.Карпеца, ёсьць немагчымай. Не таму, што Мядзьведзеў з Пуціным такія добрыя, а таму, што сістэма вычарпала патэнцыял масавага прымусу і тэрору. Яна гістарычна вырадзілася, бо вечных імперый не бывае. Ну, на самой справе: на чале дзяржавы стаіць чалавек, які заклікае да мадэрнізацыі й пры гэтым асуджае Сталіна. Праханаў яму крычыць: не чапайце Сталіна, ён – адзіны сьцяг нашанскай мадэрнізацыі, а Мядзьведзеў кажа, што «ніякае развіцьцё краіны, ніякія яе посьпехі, амбіцыі ня могуць дасягацца коштам людскага гора і страт». Гэта значыць, па сутнасьці ён асудзіў вечны прынцып палітыкі дзяржавы расейскай у стаўленьні да ўласнага народанасельніцтва: «Бабы яшчэ панараджаюць». Што гэта? Мядзьведзеў не разумее прыроду краіны, прэзідэнтам якой зьяўляецца? Мне здаецца, справа ў іншым.

Рускія – гэта, на шчасьце, усё-такі не кітайцы, хоць і жывуць у «кітайскай» дзяржаве. Супярэчнасьць паміж архаічным, усходне-феадальным характарам Расеі-імперыі й аб’ёмам назапашанай у ёй еўрапейскай культуры, еўрапейскай ментальнасьці дасягнула канчатковай мяжы [дый проста Расея выдахлася, усё жывое вынішчылі. – Рэд.]. І гэтая супярэчнасьць выяўляецца ў справах і рыторыцы самога кіраўніка дзяржавы.

Расея больш ня можа нарадзіць Сталіна, нават пры цяперашняй грамадска-палітычнай індыферэнтнасьці «электарату». Імітаваць, як у выпадку з Пуціным, можа, але нарадзіць – не. Яна безнадзейна гістарычна стамілася, яна вырадзілася як культурна-дзяржаўны феномен. Яна ўжо занадта «атручана» заходняй культурай, зь якой змагалася столькі стагоддзяў. Сталіна ня будзе, а безь яго ўся мадэрнізацыя будзе пасьпяхова раскрадзена. І наменклатура, якая з нахабнымі ўсьмешкамі слухала ў Крамлі пасланьне Мядзьведзева, гэта выдатна ведае. Ерархія фунцыянераў – вечная расейская сістэма – будучы пазбаўленай нагляду сапраўднага гаспадара – цара або правадыра – зацыклілася на абслугоўваньні ўласных карупцыйных патрэбаў, канчаткова ператварыўшы дзяржаву ў сваю кармушку. Яна ня здольная на дысцыпліну і служэньне, яна ня ведае страху, бо баяцца ёй ужо няма каго. Ня Пуціна ж з Мядзьведзевым! Што такое партыя «Адзіная Расея»? Гэта ня «ордэн мечаносцаў», гэта – ордэн кар’ерыстаў і карупцыянераў. «Пілаваць бабло» ён можа, а вось быць сацыяльна-палітычным «дэміўргам» па формуле “Цячэ вада Кубань-ракі, куды загадваюць бальшавікі» – наўрад ці.

Такім чынам, мадэрнізацыі ня будзе – і дзякуй Богу. Бо, як мы ўжо казалі, мадэрнізацыя ў Расеі – гэта інтэнсіфікацыя азіяцкага ліхалецьця, паскарэньне бесчасоўя, прабачце за каламбур. Сістэма, вядома, яшчэ здольная забіваць журналістаў у пад’ездах і весьці правакацыйную барацьбу з «экстрэмізмам», але яна ўжо ня можа спарадзіць ГУЛАГ, генерыраваць той самы мабілізуючы ўсіх і ўся «дзяржаўны жах», выбудоўваць татальную «падсістэму страху». А значыць, ніякай “аўтарытарнай мадэрнізацыі”, на якую спадзяецца Міхаіл Дзялягін, ня будзе. Будзе тая самая «аўтарытарная дэградацыя», кволацякучы недасталінізм (а ня нэасталінізм!) І канчатковы абвал у выглядзе сістэмнага крызісу.

Якая ж альтэрнатыва?

Нярэдка можна пачуць, што адзіна магчымы шлях – пераўтварэньні зьверху.

Уявім на секунду, што прэзідэнт Мядзьведзеў вырашыў стаць самастойнай фігурай, адаслаў «за Мажай» Пуціна, стварыў свой шырокі дэмакратычны рух і шчыра памкнуўся ў кірунку да сапраўднай мадэрнізацыі. З чаго яму трэба было б пачаць? Зразумела, не з адмены гадзінных паясоў. Пачаць яму трэба б з дэмантажу дапатопнай, непаваротлівай імперскай сістэмы, якая традыцыйна, з часоў цароў, грунтуецца на эканамічнай эксплуатацыі й нацыянальнай дыскрымінацыі рускай большасьці краіны [на жаль, і ў Шырапаева нярускія нябольшасьці ня лічацца… – Рэд.].

Паводле дзейнай Канстытуцыі, Расея зьяўляецца шматнацыянальнай краінай. Аднак рускі народ не прадстаўлены ў складзе Федэрацыі ні адным нацыянальным утварэньнем, што, несумніўна, зьяўляецца абуральным парушэньнем канстытуцыйных і міжнародных правоў рускіх як этнасу. Нагадаю, што яшчэ Барыс Ельцын у 1990 годзе прапаноўваў стварыць у складзе РФ сем рускіх рэспублік (Далёкаўсходнюю, Сібірскую, Уральскую, Паволжа, Цэнтральная Расея, Поўнач, Поўдзень) і, такім чынам, пераўтварыць Расею ў сапраўдную федэрацыю, ліквідаваўшы абуральны перакос у дачыненьні да рускіх, адкрыўшы дарогу іх нармальнаму нацыянальнаму станаўленьню і развіцьцю. (Больш падрабязна аб неабходнасьці й механізьме стварэньня рускіх рэспублік – гл. у праграмных Тэзісах праекта “Рэспубліка Залеская Русь»).

Дапусьцім, усё гэта зроблена. У выніку рэалізацыі такога праекта ўзнікла б прынцыпова іншая краіна, гэткія «злучаныя штаты Расеі» (умоўна – СШР), дзе славуты федэральны цэнтар меў бы невымерна меншую ролю, чым сёньня. У адрозненьне ад цяперашняй РФ, якая зьяўляецца т.зв. «Асіметрычнай федэрацыяй», СШР складаліся б толькі з раўнапраўных суб’ектаў – рэспублік, у тым ліку рускіх. Натуральна, не абыдзецца без дэмантажу «вертыкалі ўлады» і ўсталяваньня інстытуту выбарнасьці кіраўнікоў суб’ектаў новай федэрацыі. Менавіта свабодныя выбары ў рэспубліках СШР і сталі б своеасаблівай «люстрацыяй» палітычных эліт. Зразумела, не абыдзецца і без люстрацыі як такой: трэба выпалаць усе гэтыя чэкісцка-камунячыя кадры, зьліць усю савецкую наменклатурную спадчыну. І, вядома, Мядзьведзеў павінен скасаваць ФСБ і рассакрэціць архівы гэтай канторы.

Далей. А далей рэспублікі федэрацыі павінны прыняць дэкларацыю аб усталяваньні новай краіны і яе Канстытуцыю [?! – Рэд.]. Паўтараю, назавем цяпер гэтую краіну ўмоўна, у працоўным парадку, СШР. Менавіта так, зьнізу, былі ўтвораны Швайцарская канфедэрацыя і Злучаныя Штаты Амерыкі. Пры гэтым наўрад ці ў СШР знойдзецца месца, напрыклад, Чачэніі і ўсяму Паўночнаму Каўказу. Потым прэзідэнту Мядзведзеву належыць сысьці ў адстаўку, а на яго месца будзе абраны зусім іншы чалавек зь іншымі, зусім ня «царскімі» паўнамоцтвамі. (Усё гэта павінен быў зрабіць яшчэ Ельцын, але наменклатуршчык, апаратны «царок», які сеў у Крамлі й падпаў пад яго ўладарную чароўнасьць, аказаўся ў Б.Н. мацнейшым за дэмакрата і рэфарматара).

Вынікі. У СШР рашуча перагледжаныя паўнамоцтвы федэральнага цэнтра і рэспублік на карысьць апошніх. Калі ў РФ прыбыткі рэгіёнаў высмоктвае паразітарна-імперская Масква, разьмяркоўваючы іх потым па сваім меркаваньні, то цяпер яны застаюцца ў суб’ектах СШР і служаць рэальнаму развіцьцю краіны. Зьніжаюцца падаткі, разьвіваюцца малы і сярэдні бізнэс, інавацыйныя тэхналогіі, фермерства, сапраўдная дэмакратыя. Расьце ўзровень жыцьця і бясьпекі. Грамадзяне, адчуўшы годнасьць, сілу і смак да самаарганізацыі, выкідаюць этнамафію – разам зь яе карупцыйным чыноўным «дахам». Бо відавочна: гэтак жа, як народ складаецца зь людзей, краіна складаецца з рэгіёнаў. Лепш людзям – лепш народу. Лепш рэгіёнам – лепш усёй краіне. І ўвогуле – кампактныя сістэмы больш дынамічныя і лепш кіруюцца. Яны больш празрыстыя і ня маюць патрэбы ў грувасткай бюракратыі, якая плодзіць карупцыю. Возьмем Злучаныя Штаты Амерыкі – вялікая сістэма, але ж складаецца яна з малых самакіравальных суб’ектаў, якія маюць уласныя канстытуцыі, сваю паліцыю, свае законы і падаткі, і дбайна ахоўваюць свой суверэнітэт ад замахаў Вашынгтона.

Зразумела, што вызначальнымі ў СШР стануць гарызантальныя сувязі паміж суб’ектамі, а не сувязі суб’ектаў з цэнтрам, як цяпер. Прынцып пабудовы СШР – ад суб’ектаў да федэрацыі, а не наадварот, як у Эрэфіі. Відавочна, што гаворка ідзе не пра «падзел краіны», а пра перабудову расейскай прасторы на прынцыпова іншым падмурку: сапраўды дэмакратычным і сапраўды федэратыўным.

СШР убудоўваюцца ў гісторыю ў яе еўрапейскім разуменьні і ўваходзяць у цывілізацыю багатай Поўначы. Усе квасные супрацьпастаўленьні Расеі Захаду і зьвязаныя з гэтым палітыка-ідэалагічныя сьпекуляцыі застаюцца ў імпэрскай мінуўшчыне. Рэалізуецца мара Вадзіма Штэпы – футурыстычным мост праз Берынгаў праліў, а таксама супертрасса Лісабон-Уладзівасток. Кола «азіяцкага» ліхалецьця разарванае.

Такі вясёлкавы эскіз перабудовы зьверху.

У сапраўднасьці ўсё, вядома, ня так проста.

Пачаць з таго, што Дзьмітры Мядзьведзеў, як агульнавядома, сам зьяўляецца эманацыяй, калі не сказаць – адрыжкай імпэрскай сістэмы. Мякка кажучы, цяжка чакаць, што марыянетка кланава-наменклатурных сілаў разьвяжа мірную буржуазную, антыімперскую, антыфеадальную рэвалюцыю – а менавіта пра яе ідзе гаворка, ня менш. Мядзьведзева ў Расеі ніхто, да апошняга дворніка, не ўспрымае інакш, як прызначэнцам Пуціна. Акрамя таго, для ажыцьцяўленьня праекта СШР неабходна альтэрнатыўнае бачаньне гісторыі, а на гэта Мядзьведзеў, мяркуючы па яго пакланеньню «вялікай перамозе савецкага народу» – асноўнаму імперскаму міфу – загадзя няздольны.

Такім чынам, рэвалюцыйная перабудова зьверху, з Крамля – вельмі малаверагодная. Застаецца іншы, больш складаны шлях: рэалізацыя праекта СШР ў выніку мірнай, канстытуцыйнай буржуазна-дэмакратычнай рэвалюцыі зьнізу, на месцах. Зьнізу ж у гэтым выпадку павінны стварацца і новыя суб’екты федэрацыі – рускія рэспублікі (такога роду ініцыятыва цалкам канстытуцыйная). Усё трэба зрабіць нам самім, а ня добраму барыну.

Паўтараю, шлях гэты вельмі няпросты, але, здаецца – адзіны.

Складнікі працэса:

1). Далейшы рост самасьвядомасьці, палітычнай сталасьці й палітычнай арганізаванасьці сярэдняга класу – рухаючай сілы рэвалюцыі. Сярэдні клас павінен усьвядоміць, што яго інтарэсы знаходзяцца ў глыбокай супярэчнасьці зь імперскай кланава-наменклатурнай пірамідай, з усёй сістэмай дачыненьняў у расейскай дзяржаве, пабудаванай на феадальных перажытках.

2). Станаўленьне новага рускага нацыяналізму (НРН) – дэмакратычнага і антыімперскага. Гэта нацыяналізм антыкаланіяльнага і вызвольнага тыпу, выказаны формулай “рускія супраць імперыі“. НРН – антытэза расейскай патрыятычнай міфалагеме. Яго сутнасьць – разатаясамленьне інтарэсаў рускага народу зь інтарэсамі адзінай непадзельнай Расеі. Гэты нацыяналізм мае не «Усерасейскі», а рэгіянальны фармат (скажам, Далёкаўсходні, Уральскі й г.д.). Менавіта ён і стане ўмовай і пачаткам нармальнага нацыянальнага генэзісу рускіх, якія да гэтага часу застаюцца ўсяго толькі этнічным субстратам імперыі, псеўданацыяй [такая заява рускага філосафа дорага каштуе. – Рэд.].

Хтосьці скажа, што НРН падзеліць рускіх. Аднак канфедэратыўнае ўладкаваньне і нават разнамоўе чамусьці не перашкаджаюць швайцарцам заставацца адзінай нацыяй [Швайцарыя – ня нацыя, а канфедэрацыя нацый. – Рэд.]. Але нават калі з гэтага рускага этнасу ў персьпектыве сфармуецца некалькі белых нацый, якія маюць уласныя асаблівасьці й адрозьненьні – ня бачу ў гэтым нічога катастрафічнага. Гэта нармальны працэс, які на працягу шэрагу стагоддзяў здушваецца імперскім нівеліраваньнем.

3). Вызваленьне ад сістэмаўтваральных імперскага міфу – міфу аб «вялікай перамозе», ад дзяржаўнага культу 9-га траўня. Адзін блогер піша: «Канчатковае расстаньне з СССР і пачатак будаўніцтва нацыянальна-буржуазнай дзяржавы ў Расеі – гэта калі народ на легальных дэманстрацыях і мітынгах пойдзе з партрэтам генерала Уласава». Усё правільна, толькі расставацца трэба ня толькі з СССР, але і зь імпэрскай парадыгмай у цэлым. А па-другое, мітынгі й дэманстрацыі павінны быць МІРНЫМІ, але не абавязкова “легальнымі», дазволенымі. Наўрад ці варта пытацца ў закасьнелай бюракратыі дазвол на цалкам канстытуцыйныя дзеяньні.

Падкрэсьліваю: палітычная тактыка і стратэгія рэвалюцыі – апеляцыя да Канстытуцыі й масавыя негвалтоўныя акцыі. Прыклад: кіеўскі майдан. У выпадку падтрымкі значнай часткай насельніцтва – справа бяспройгрышная.

Яшчэ пытаньне: хто ўзначаліць? Я пра асобу. Міхаіл Касьянаў? Можа быць, але ён абцяжараны сваім наменклатурны мінулым. Зь іншага боку, Касьянаў мае досьвед кіраваньня на прэм’ерскім узроўні, шырокія рэгіянальныя сувязі, вядомасьць у грамадстве, ён сэнсоўна ацэньвае становішча ў краіне і прыроду цяперашняй улады. Многія, аднак, ня вераць, што ён пойдзе да канца. Уладзімір Букоўскі? Ідэальная фігура ў гэтым плане: мысьляр, цудоўная біяграфія антыкамуніста і антысаветчыка, вялікі асабісты шарм. Еўрапеец без забабонаў паліткарэктнасьці ды іншай левізны. Але вось бяда: Букоўскі дрэнна вядомы нашым шырокім масам. Вось калі б Уладзімір Канстанцінавіч пажыў у Расеі з годзік, пашумеў, паездзіў па рэгіёнах…

Як бачым, гаворку трэба весьці не пра нейкую мадэрнізацыю, а пра буржуазна-дэмакратычную антыімперскую рэвалюцыю як перадумову сапраўднай мадэрнізацыі. Гэта адзіная годная гістарычная альтэрнатыва, пры ўсёй яе хісткасьці ды ўразьлівасьці для крытыкі ў духу фінальнага маналога Вандроўніка з к/ф “Населены востраў”.

У нашага вядомага гісторыка В.Б.Кобрына ёсьць такая думка: «Ня можа рэальна існаваць і тым больш перамагчы альтэрнатыва, якая ня мае каранёў у гістарычным шляху краіны».

Так, у расейскай гісторыі дамінуе традыцыя цароў, традыцыя ўлады, традыцыя этатызму і рабства. Аднак жыве і традыцыя вольнасьці, традыцыя дэмакратыі, розуму і годнасьці. Гэта Андрэй Курбскі ды дзекабрысты, Тамбоўская сялянская рэспубліка 1920-21 гг. і рускі вызваленчы рух часоў Другой сусьветнай вайны. Гэта Яраслаўль 1918 г. і Новачаркаск 1962 г. Гэта голас наўгародскага вечавога звона, які ідзе скрозь тоўшчу стагоддзяў, так і не перасілены крамлёўскім цар-звонам.

Так, сярэдні клас пакуль слабы і канформны, народ падзелены ды інэртны, яго грамадзянскія навыкі не ўкараніліся, а масавай сьвядомасьцю валодаюць розныя сістэмныя міфы. Аднак, ці такія ўжо яны трывалыя? Узяць хаця б «вялікую перамогу» – памятаю, у часы ельцынскага антысаветызму грамадства прыкметна «цяплела» ў стаўленьні да таго ж Уласава. Я веру, што ардынска-імперскі бізун ня выбіў з нас канчаткова вольны вечавы дух. Быў жа зусім нядаўна далёкаўсходні паварот «права руля», які не на жарт напалохаў Маскву, быў жа піцерскі «марш нязгодных», які прарваў амапаўскі ланцуг вясной 2007-га. Паўстаюць жа маскоўскія жыхары супраць будаўнічай палітыкі Лужкова, а Хімкі – у абарону свайго запаведнага лесу.

А моладзь – па-еўрапейску мысьлячая, якая ўмее зарабляць і цаніць волю? Бо яна ёсьць, гэта велізарны патэнцыял, які ўсё яшчэ не знайшоў свайго адэкватнага палітычнага выразу. Пакуль застаецца час, трэба працаваць, прасьвятляць, арганізоўваць – карацей, рабіць «нашу безнадзейную справу». Бо калі цывілізаваная, дэмакратычная перабудова расейскай прасторы не адбудзецца, «адказам» на сістэмны крызіс можа стаць «бязьлітасны і бессэнсоўны» бунт і, як наступства, поўны хаос, катастрофа, выратаваньнем ад якой будзе толькі ўвядзеньне заходняга зьнешняга кіраваньня (варыянт аўтарытарна-імпэрскай рэакцыі , на мой погляд, паўтараю, зьяўляецца нерэальным).

Але гэта ўжо зусім іншая гісторыя…


3 каментарыя

  1. Актывіст кажа:

    Андрэй Піанткоўскі: “Пуцінізм як пародыя”. Артыкул вядомага расейскага палітолага Андрэя Піанткоўскага, апублікаваны 31 сакавіка 2010 года ў аўстрыйскай газэце “Der Standard”: http://www.bielarus.net/archives/2010/03/31/1805

  2. Беларус кажа:

    Крыху не ў тэму посту. Але можа рэдакцыя сама неяк вылучыць?

    http://baocinfo.blogspot.com/2010/04/blog-post_03.html

  3. Siarhiej кажа:

    1) “Ерархія фунцыянераў – вечная расейская сістэма” – Лука у нас стварыў нешта падобнае: вертыкальную мафію.
    2) “Сярэдні клас павінен усьвядоміць, што яго інтарэсы знаходзяцца ў глыбокай супярэчнасьці зь імперскай кланава-наменклатурнай пірамідай” – Беларусы-ліцвіна, як ахвяры этнацыду, таксама павінны ўсвядоміць, што іх інтарэсы прынцыпова супярэчаць інтарэсам вертыкалі і правадыра.
    3) Падзяка Рэдакцыі за сэрыю адукацыйных артыкулаў аб РФ.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы