nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Паліткарэктнасьць горш за ленінізм

18 ліпеня, 2010 | 2 каментарыя

Уладзімір Букоўскі

Вядомы і аўтарытэтны расейскі дысідэнт і пісьменьнік Уладзімір Букоўскі (гэта пра яго была частушка “абмянялі хулігана на Луіса Карвалана”) цяпер жыве ў Вялікабрытаніі. Нядаўна ён наведаў Баўгарыю па запрашэньні тамтэйшых выдаўцоў. Яго выступ перад чытачамі, прысьвечаны крытыцы ідэалогіі “Паліткарэктнасьці”, выклікаў бурны скандал [патрабаваньне паліткарэктнасьці – адна з праяў ліберастызму, які ахапіў заходні сьвет; паліткарэктнасьць не зьяўляецца асобнай ідэалогіяй. – Рэд.]. Падаем у перакладзе з баўгарскай, а затым расейскай, некаторыя фрагменты з выступленьня спадара Букоўскага ў час прэзентацыі яго новай кнігі (паводле http://community.livejournal.com/ru_ds).

Рэдакцыя.

“Падзеі, 20-годдзе якіх мы адзначаем – крах і распад Савецкага Саюзу – нас, дысідэнтаў, не зьдзівілі.

Але затым адбылося нешта дзіўнае.

Пасьля Другой сусьветнай вайны і краху нацызму ўвесь палітычны сьпектр у сьвеце ссунуўся ўлева. Гэта вытлумачальна: фашызм і нацызм атаясамляюць з правымі ідэалогіямі (на самой справе атаясамляюць цалкам несправядліва, але гэта ўжо іншая тэма). Абрынуўся камунізм – і, здавалася б, палітычныя настроі павінны былі б пасунуцца ўправа. Але нічога падобнага не адбылося. У 1992-94 гадах да ўлады ў Еўропе прыходзяць левыя…

Распад сацыялістычнага блоку супаў са з’яўленьнем на Захадзе новых утапічных ідэалогій. Паліткарэктнасьць як міжнародная зьява пачалася з 1990-х, але як рух яна існавала і раней. Я ўпершыню зь ёю сутыкнуўся ў 1983 ці 1984 годзе. Я ішоў у сваю лабараторыю [Букоўскі – нейрафізіёлаг. – Рэд.], а насустрач па лесьвіцы спускаліся дзьве дзяўчыны. Я прытрымаў для іх дзьверы. Яны паглядзелі на мяне з пагардай і сказалі: “Мужчынская шавіністычнай сьвіньня”. Я нічога не зразумеў і вельмі зьдзівіўся. Распавёў калегам, яны сталі сьмяяцца: “Так гэта з універсітэта Берклі. Адтуль ідуць усе леварадыкальныя рухі. Гэта нейкая новая мода – феміністкі; яны кажуць, што калі мы, мужчыны, абыходзімся з жанчынай, як з жанчынай, мы яе гэтым прыніжаем”.

Феміністкі вучаць, што “жанчына” – гэта сацыяльная канцэпцыя. Маўляў, калі б мужчыны трымаліся з жанчынамі, як з мужчынамі, жанчыны б і сталі мужчынамі: жанчын зь іх робяць нашы паводзіны ў адносінах да іх, жанчына – ахвяра мужчынскіх стэрэатыпаў. Гэтая канцэпцыя, нарадзіўшыся ў Берклі, надзвычай хутка распаўсюдзілася па ўсім сьвеце. У 1984 годзе мы над ёю сьмяяліся – праз 10 гадоў яна захапіла ўвесь сьвет. Усе ўніверсітэты адкрылі філіі “гендэрных даследаваньняў“. Па мне, дык у адносінах полаў за мільён гадоў нічога не зьмянілася, але гэтыя псеўданавукі аб мужчынскіх хібах распладзіліся жахліва: ня так мы на жанчын глядзім і ня так мы зь імі абыходзімся.

І пачаўся чысты Оруэл: нельга, маўляў, зьвяртацца да жанчыны “міс” ці “місіс”, таму што гэта вызначэньне жанчыны праз яе шлюбны статус. Уводзіцца немагчымае для англійскай мовы “міз”… Яны ўвесь час прыдумляюць новыя словы, і калі ты ня кажаш, як загадана, ты – мужчынская шавіністычнай сьвіньня. Нават Біблію перапісваюць так, каб Бог быў у жаночым родзе.

Я дык у савецкіх псіхушках прывык да таварыста вар’ятаў. Але бяда ў тым, што амерыканскае грамадства ўсялякую ідыёцкую навінку адразу робіць ледзь не агульнаабавязковай. У Амерыцы, як, зрэшты, і ў Еўропе, насельніцтва паводзіць сябе неверагодна па-канфармісцку. Усё, што табе ўцюхваюць, трэба ўспрымаць як норму. Каб быць пасьпяховым, трэба быць канфармістам. І вось амерыканскія шаблоны распаўсюджваюцца паўсюль як непарушныя правілы, адбіваючыся нават на заканадаўстве.

Феміністычныя рухі заявілі, што мужчыны – “сэксісты”, глядзяць на жанчын выключна як на сэксуальныя аб’екты, і, такім чынам, усё, што мае дачыненьне да полу, павінна быць выключана са штодзённых зносін мужчыны і жанчыны. Флірт абвясьцілі агрэсіяй і імкненьнем заняволіць жанчыну. Цяпер у ЗША працадаўца ня сьмее размаўляць са сваёй супрацоўніцай сам-насам – павінен прысутнічаць хаця б адзін сьведка, інакш таго могуць абвінаваціць у сексуальных дамагальніцтвах, а гэта азначае гібель кар’еры і становішча ў грамадстве.

Дакладна гэтак жа свае патрабаваньні сталі прад’яўляць й іншыя меншасьці – гомасэксуалісты, цёмнаскурыя, сектанты і г.д. Зьявіліся законы аб “hate speech” – “мове нянавісьці”, нешта накшталт 70 артыкула савецкага Крымінальнага кодэксу, па якім мяне судзілі. “Мовай нянавісьці” абвясьцілі любую згадку аб расавых адрозьненьнях або сэксуальных схільнасьцях. Вы ня маеце права прызнаваць відавочныя факты. Калі вы іх згадваеце публічна – гэта злачынства.

У Англіі ў мінулым годзе адмянілі ўсе калядныя грамадскія мерапрыемствы: брытанскі сьцяг утрымлівае крыж св. Георгія, а гэта нібыта пакрыўдзіць мусульман, нагадваючы ім пра крыжовыя паходы. Пры гэтым самі мусульмане нічога падобнага не патрабуюць. Мусульманін, які трымае лавачку непадалёк ад майго дома, вывесіў у вітрыне сьцяг з крыжом, каб прадэманстраваць, што ён ня згодны з гэтай крэтынскай забаронай – але хто яго пачуе

Гэта прывяло да такой цэнзуры, што ў нашы дні Шэксьпір бы жыць ня мог. Так палову яго п’ес ужо і ня ставяць: “Венецыянскі купец” – антысемітызм, “Атэла” – расізм, “Утаймаваньне свавольнай” – сэксізм… Адна настаўніца ў Лондане адмовілася весьці свой клас на “Рамэа і Джульету”, назваўшы сьпектакль “агідным гетэрасексуальным відовішчам“.

Масавая цэнзура падмацоўваецца крымінальным заканадаўствам. За жарт аб гомасэксуалістах можна трапіць у турму. Зьвярніце ўвагу, як хутка справа дайшла да рэпрэсій.

Быў такі філосаф – Герберт Маркузэ, ревізіяніст-марксіст. Ён быў нязгодны з Марксам у адным пункце: Маркс лічыў рэвалюцыйным класам пралетарыят (што відавочна ня так), а Маркузэ вучыў, што сапраўдны рэвалюцыйны клас – гэта разнастайныя меншасьці. Паталогію трэба абвясьціць нормай, а норму – паталогіяй [!!! – А.А.]. “Толькі тады, – піша Маркузэ, – мы, нарэшце, разбурым буржуазнае грамадства”.

Актывісты, якія нібыта абараняюць правы меншасьцяў – гомасэксуальныя і феміністычныя арганізацыі – на самой справе аб меншасьцях не клапоцяцца. Яны, як у свой час Ленін – працоўных, выкарыстоўваюць іх як інструмант ціску і кантролю над грамадствам і прыносяць ім больш шкоды, чым усім астатнім. У Амерыцы жонка майго сябра 7 гадоў таму заснавала рух “Жанчыны Амерыкі супраць фемінізму”. Пачынала яна зь некалькімі сяброўкамі, а цяпер у іх часопіса тыраж – 2 млн. Жанчыны пачынаюць разумець, што фемінізм ім варожы, што ён разбурае іх жыцьцё, што ён не дае ім выбіраць тое, што хочацца ім, а не тое, што ім навязваюць розныя актывісткі.

Карацей кажучы, мы маем справу з сур’ёзнай ідэалогіяй, якая пад шыльдай палітычнай карэктнасьці спрабуе разбурыць наша грамадства. Чым меншасьцям горш, тым лепш іх лідэрам: будзе што абараняць. Але іх задача – зьнішчыць нашае грамадства, і гэта – новая, больш злосная версія марксізму.

Цэнзура, якую ўвялі абаронцы “палітычнай карэктнасьці”, пазбавіла іх ад дыялогу. Калі б я зь імі спрачаўся, я б разабраўся зь імі за некалькі хвілін. Але хто ж мне дазволіць? Я, паўнапраўны грамадзянін Вялікабрытаніі, не магу напісаць на гэтую тэму артыкул, апублікаваць кнігу, прыняць удзел у грамадскіх дэбатах на гэтую тэму – таму што такіх дэбатаў няма. Вы па тэлевізары ніякіх довадаў за ці супраць паліткарэктнасьці не пачуеце.

Гэтую ідэалогію нам навязваюць. Нічога супраць вар’ятаў я не маю, я ў псіхушках правёў шмат гадоў і цалкам да іх талерантны. Адзіная мая ўмова – не навязвайце мне чужых ідэй.

Я памятаю сваю першую спрэчку са следчым ў КДБ. Мне тады 16 было. Ён мяне спытаў: “За што вы нас так ненавідзіце?” Я адказаў: “Я вас не ненавіджу. Я проста вам ня веру. Вы хочаце будаваць камунізм – выдатна, будуйце. А я не хачу. Магу я сабе дазволіць 2 квадратныя метры, дзе ня будзе камунізму?””

Ад рэдактара сайта:

Многія, магчыма, памятаюць, што пару месяцаў таму радыё “Свабода” актыўна праводзіла кампанію за гомафілію, супраць агульнай грамадскай нормы і традыцыйнай беларускай культуры. Я ў гэтай кампаніі прымаў актыўны ўдзел разам з тымі, хто не жадае, каб грамадская культура ў Беларусі разбуралася з дапамогай гей-парадаў. Гэты артыкул паважанага сп-ра Букоўскага я вырашыў выкарыстаць як аргумент у спрэчках з гомафіламі-норманенавісьнікамі. 10 разоў (гэта дакладна) я падаваў яго ў якасьці каментара да аднаго з матэрыялаў радыё “Свабода”. Цэнзура г.зв. “свабоды” яго так і ня выставіла…

Думаю, высновы з гэтага факту здольны самастойна зрабіць кожны прыстойны чалавек.

2 каментарыя

  1. Яўген Мурашка кажа:

    ГОДНЫЯ СЫНЫ ТВАЕ, БЕЛАРУСЬ!

    Гродзенскі прафесар аднавіў «гістарычныя» шахматы беларусаў

    Шахматы Алеся Астроўскага карэнным чынам мяняюць сэнс гульні, набліжаючы іх да рэаліяў сучаснай палітыкі і гістарычнай праўды мінуўшчыны.
    Напрыканцы 90-х гадоў доктар медыцынскіх навук, прафесар Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Алесь Астроўскі ўзяўся за справу стварэння беларускага нацыянальнага брэнда — сувеніра, дзеля якога ў нашую краіну прыязджалі б госці нават з далёкага замежжа. У выніку доўгіх роздумаў сувенірным аб’ектам былі выбраны шахматы.
    ARCHE (17.07.10г.) “Белпартызан” (16.07.10г.)

    Нашы віншаваньні і удзячнасьць
    З павагай
    Я.Мурашка, Г.Арцёменка.

  2. На 100% згодна і са сп. Букоўскім і з рэдакцыяй. Такая ідэалогія вельмі шкодная для грамадства. Сапраўды, нам спрабуюць замест свабоды падсунуць разбэшчанасць.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы