nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Яраслаў Качыньскі: Катастрофа самалёта не была трагічным выпадкам… Дысьпетчары ў Смаленску дэзынфармавалі пілотаў (частка 1 інтэрвю)

14 снежня, 2010 | Каментары (1)

Пайшоў 9-ы месяц са дня авіякатастрофы пад Смаленскам, у выніку якой загінула 96 польскіх грамадзян, у тым ліку прэзідэнт Польшчы Лех Качыньскі. З гэтай нагоды яго брат-блізьнюк Яраслаў Качыньскі даў вялікае і даволі сенсацыйнае інтэрвю (якое, між тым, аказалася ў кантэксьце апошніх матэрыялаў сайта) украінскаму агенцтву ЎНІЯН (браў інтэрвю даволі ўедлівы ўкраінскі журналіст Раман Кісель). Былы прэм’ер-міністар, а цяпер лідар самай уплывовай у Польшчы апазіцыйнай партыі “Права і справядлівасьць (PIS) закранае ў сваіх адказах прычыны і абставіны трагедыі, каментуе польска-расейскія і польска-украінскія стасункі. Інтэрвю вялікае, падаем яго ў дзьвюх частках. Даная частка ўзята адсюль http://www.unian.net/rus/news/news-410775.html.

Рэдакцыя.


– Пан Яраслаў, прайшло восем месяцаў пасьля Смаленскай катастрофы. Ці ёсьць штосьці новае ў рассьледаваньні яе прычынаў? Што ў рэшце рэшт прывяло да аварыі?

– Я магу рабіць высновы пераважна на падставе агульнадаступнай інфармацыі, зь якой для мяне адна рэч цалкам відавочная: дысьпетчары Смаленскага аэрадрома інфармавалі пілотаў самалёта аб тым, што ён быў на правільным курсе, а ў рэчаіснасьці ён ня быў. Гэта я ведаю дакладна. Ці было гэта вынікам бардака або мэтанакіраваных дзеяньняў? Не хаваю, што ў рэчаіснасьці мне вельмі цяжка ўявіць, як гэта магло стаць вынікам толькі бардака або тэхнічнай няспраўнасьці. Тое, што дысьпетчары інфармавалі экіпаж аб правільным курсе, па вялікім рахунку вядома яшчэ зь лета, калі былі апублікаваныя запісы “чорных скрыняў” – на самай справе самалёт толькі паўсекунды быў на правільным курсе… Магчыма, калі б яны ляцелі на больш сучасным самалёце, які можа вокамгненна набіраць вышыню, у іх быў бы яшчэ шанец, якога ня меў ТУ-154.

Лічу скандалам тое, што польскія ўлады не дамагліся агульнага правядзеньня сьледства, у адпаведнасьці з польска-расейскай дамовай ад 1993 года. Відавочна таксама тое, што палёт быў вайсковым – на ўсёй дакументацыі палёту стаіць літара “М”, якая азначае military (вайсковы). Пры выкарыстаньні вайсковых працэдур дысьпетчар аэрадрома вызначае, ці можна самалёту ісьці на пасадку ці не. Дысьпетчар Смаленскага аэрадрома даў згоду. Ведаю таксама, што ён кансультаваўся зь кімсьці з Масквы. Гэтыя факты ўстаноўлены падчас сьледства, і ўсё гэта не выглядае вельмі добра.
У цэлым назваць “скандалам” пазіцыю польскіх улад у гэтай сітуацыі – значыць выказацца вельмі мякка…


– Вы сьхільныя больш верыць у адмыслова арганізаваны замах або ў трагічны зьбег акалічнасьцяў?

– У самым пачатку я быў перакананы, што гэта трагічны зьбег абставінаў, але цяпер у мяне ўсё менш падстаў у гэта верыць. На падставе ведаў, якія ёсьць на сёньня, вымушаны лічыць, што гэта ня быў трагічны выпадак.


– Калі замах, то хто яго арганізаваў? Расейцы?

– Гэта тая справа, якую трэба дасьледаваць.


– Па неафіцыйных даных, Міждзяржаўны авіяцыйны камітэт (МАК) у сваім праекце рапарту, які перадаў польскім уладам у кастрычніку, усклаў асноўную правіну на пілотаў, якія рашыліся пасадзіць самалёт ва ўмовах моцнага туману. На вашу думку, польская камісія, якая цяпер аналізуе гэты рапарт, зацьвердзіць яго ў такім выглядзе?

– Думаю, што ў іх будуць заўвагі, але ўскладаньне правіны за аварыю на пілотаў зьяўляецца цалкам адарванай ад рэальнасьці версіяй. Пілоты атрымалі згоду на пасадку, іх інфармавалі, што яны на правільным курсе, а гэта на нармальнай мове азначае, што яны трапляюць на пачатак узлётна-пасадкавай паласы. У чым іх віна? Нават калі дапусьціць, што не было замаху, у катастрофе вінаватыя дысьпетчары і тыя асобы ў Маскве, якія вырашылі даць згоду на пасадку, нягледзячы на такое дрэннае надвор’е. Яны павінны былі зачыніць аэрадром і не дазволіць пасадку. Гэта нармальная практыка. Майму брату і мне таксама неаднаразова адмаўлялі ў пасадцы з-за дрэннага надвор’я. У мяне нават быў выпадак, калі падчас апошняй выбарчай кампаніі нам адмовілі ў пасадцы на двух аэрадромах, і мы змаглі прызямліцца толькі на трэцім.


– Прадстаўнік Польшчы ў МАКу Эдмунт Кліх стварае ўражаньне ледзь не адзінай афіцыйнай асобы, якая крытычна ацэньвае расейскае сьледства. Ён таксама сказаў, што не паставіць свайго подпісу пад рапартам МАК, калі ня будуць улічаныя яго заўвагі. Польская камісія, якую ўзначальвае міністар унутраных спраў Ежы Мілер, можа праігнараваць яго перасьцярогу?

Камісія Мілера дзейнічае ў межах інтарэсаў ўраду, для якога прызнаньне віны расейцаў у катастрофе было б вялікай кампраметацыя. Кіраўнік польскага ўраду Дональд Туск павінен быў не згаджацца на публічнае прыняцьце выразаў спачуваньня ад прэм’ер-міністра Уладзіміра Пуціна на ўзлётна-пасадачнай паласе ў Смаленску. Мне таксама прапаноўвалі, але я адмовіўся. Ён павінен быў выстаўляць патрабаваньні, таму што справа, зьвязаная з катастрофай, выклікала шмат пытаньняў.

Дзіўна, зь якой хуткасьцю былі прыбраныя целы ахвяраў катастрофы зь месца падзеньня самалёта. Асабліва з улікам млявасьці ў іншых справах. Калі я туды дабраўся позьнім вечарам, там былі толькі тры целы, сярод якіх – і майго брата. Ускрыцьці целаў, зь якіх можна было шмат даведацца, праводзіліся без удзелу польскіх эксьпертаў. Майму брату, у якога былі адарваныя рука і ногі, даклалі адну з ног, якая належала іншаму чалавеку. Гэта было відавочна, паколькі яна была ў вайсковай форме і належала аднаму з генералаў, які, як і мой брат, быў невысокага росту.

Гэта ўсё выглядала вельмі-вельмі дзіўна. На сёньня не паверу ніякім рапартам, акрамя тых, якія падрыхтуе міжнародная камісія эксьпертаў.


– Ці атрымалі вы адказ на ваш ліст да кіраўнікоў ЕС, НАТА, ААН і Кангрэсу ЗША аб стварэньні такой камісіі?

– Гэта ня быў ліст. Гэта трохі перабольшана. Мы вывучаем магчымасьць стварэньня такой камісіі, а апошні візіт у ЗША прадстаўнікоў “Права і справядлівасьці” служыў прагрэсу ў гэтай справе. Гэта сапраўды ня будзе лёгкая і хуткая справа, але цяпер ёй дадзены пачатак. Мы будзем дамагацца дбайнага высьвятленьня абставін справы, паколькі цяпер, па вялікім рахунку, нічога невядома, паколькі сьледства вядзе зацікаўлены бок. Расейцы па сутнасьці – апошнія людзі, якія зацікаўленыя ў высьвятленьні прычын катастрофы, якая адбылася на іх тэрыторыі й забрала жыцьцё Прэзідэнта, якога яны сапраўды не любілі, генералаў НАТА і многіх палітыкаў, якія падтрымлівалі Грузію ў канфлікце з Расеяй.


– Калі гэтая камісія можа быць створаная і як яна будзе працаваць?

– Гэта дакладна не справа некалькіх месяцаў. Шчыра кажучы, у нас не было выразнага плану, як яна павінна дзейнічаць, але менавіта зацікаўленасьць міжнароднай супольнасьці ў рассьледаваньні катастрофы стане дадатковым ціскам на Расею. Тым, хто захоча схаваць праўду, павінна быць кожны раз складаней.

Справа павінна быць вынесеная на міжнародную арэну, паколькі польскія ўлады не выкарыстоўвалі тых інструментаў, якія мелі для высьвятленьня прычын катастрофы. Па-першае, за аснову супрацоўніцтва прынятая чыкагская канвенцыя, якая рэгулюе справы грамадзянскіх, а не вайсковых палётаў. Не выкарыстаная дамова ад 1993 года. Але нават чыкагская канвенцыя давала Польшчы магчымасьць зьвярнуцца да расейцаў з просьбай перадаць вядзеньне сьледства. Расея магла не пагадзіцца, але гэта б ужо нешта значыла.

Кіраўнік ураду Туск сказаў, што ня можа зьвярнуцца, паколькі гэта стала б сьведчаньнем недаверу да расейцаў. Аднак узьнікае пытаньне: адкуль павінна была б быць вера да іх у сітуацыі, калі яны вельмі круцілі перад гэтым палётам, у прыватнасьці падзялялі візіты кіраўніка ўраду і прэзідэнта, а затым мела месца катастрофа? Дзе тут падставы для даверу? Літаральна за дзень ці два да вылету Прэзідэнта ў Смаленск РФ кажа, што нічога ня ведае аб гэтым. Дадаткова вылучаюцца нейкія дзіўныя патрабаваньні, сярод якіх забарона на зброю работнікам польскага Бюро аховы ўраду (БАУ), якія павінны былі сустракаць Прэзідэнта на аэрадроме. Як ахова можа ня мець зброі?


– Як расеяне гэта аргументавалі?

– Ня ведаю. Ведаю, што было вельмі шмат дзіўных падзей, а галоўнае – гэта падзел візітаў прэм’ера і прэзідэнта. 70-годдзе Катыньскай трагедыі – настолькі важная дата ў польскай гісторыі, што туды разам павінны былі паляцець і кіраўнік дзяржавы, і кіраўнік ураду. Штогод 10 красавіка ў Катыні праходзілі мерапрыемствы ў памяць ахвяраў, у якіх прымалі ўдзел польскія службовыя асобы і сваякі рэпрэсаваных. З нагоды круглай даты ва ўрачыстасьцях, каб падкрэсьліць яе важнасьць, таксама вырашыў прыняць удзел Прэзідэнт Польшчы, які запрасіў шэраг іншых высокапастаўленых службовых асоб, якія загінулі ў катастрофе. У цэлым трагедыя забрала жыцьці 50% вышэйшай партыйнай эліты PIS, а я не загінуў толькі таму, што павінен быў быць каля ложка вельмі хворай маці (на фота зьлева браты Качыньскія).


– Гэта расейскі бок ініцыяваў падзел візіту?

– Цяпер не магу сказаць, хто ў сапраўднасьці. Кажуць, што фармальна гэта быў кіраўнік расейскага ўраду Ўладзімір Пуцін, які патэлефанаваў прэм’еру Туску і запрасіў на асобную сустрэчу. Сьвятым абавязкам Туска было адмовіцца ад гэтай прапановы і сказаць, што ён прыедзе разам з Прэзідэнтам. Ён гэтага не зрабіў, былі падзеленыя візіты, а затым мела месца катастрофа. Гэтыя акалічнасьці надзвычай падазроныя. Наогул лічым, што ўласна Туск, Браніслаў Камароўскі (кіраўнік Сейму на момант катастрофы), міністр абароны Богдан Кліх і кіраўнік канцылярыі ўраду Томаш Арабскі нясуць палітычную адказнасьць за гэтую катастрофу, паколькі ўласна іх дзеяньні за апошнія гады прывялі да таго, што яна магла адбыцца. Тэхнічныя прычыны, чаму разьбіўся самалёт, павінны быць асобна дбайным чынам высьветленыя.


– Вы ведалі асабіста генерала Анджэя Бласіка?

– Не. Зь генералаў, якія загінулі, ведаў асабіста толькі шэфа Генеральнага штабу Войска польскага Францішка Гангора.


– Некаторыя медыі актыўна пішуць пра тое, што генерал Бласік мог загадаць пілотам пасадзіць самалёт пры любых абставінах. І наогул сама яго прысутнасьць у кабіне пілотаў магла быць чыньнікам, з-за якога пілоты паспрабавалі пасадзіць машыну ў такіх складаных умовах. Дапускаеце такую магчымасьць?

Гэта поўная лухта. Ніхто з гэтых людзей ня быў самагубцам. Дарэчы, ужо афіцыйна аспрэчаная версія, што Бласік кіраваў Ту-154 на момант яго пасадкі ў Смаленску. Пілотам выразна сказалі, што яны могуць паспрабаваць пасадзіць самалёт. Можна ж прызямліцца ва ўмовах туману, калі цябе правільна вядуць на пасадку. З польскага Як-40, які прызямліўся раней, сказалі, што сітуацыя дрэнная, але могуць паспрабаваць выйсьці на вышыню прыняцьця рашэньня. Яны выйшлі на тыя 100 метраў, дзе ім пацьвердзілі правільнасьць курсу, і таму яны пайшлі далей на зьніжэньне. Усё паказвае на тое, што пілоты былі перакананыя: самалёт трапляе на пачатак узлётна-пасадкавай паласы.

Памятаю, што сам, калі быў прэм’ерам, дзівіўся, як некалькі разоў пры пасадцы самалёта ва ўмовах туману мы “вынырвалі” зь яго над самымі жылымі дамамі. Калі туман быў настолькі моцным, што пасадка была немагчымая, аэрадромы зачыняліся. Тое ж павінна было быць у Смаленску, таму што умоў для пасадкі там сапраўды не было, і аэрадром трэба было закрыць.


– Расейцы кажуць, што баяліся дыпламатычнага скандалу…

– А катастрофы самалёта не баяліся?


– Кажуць, што разьлічвалі на тое, што пілоты не адважацца на пасадку ў такіх складаных умовах або на скрайні выпадак на вышыні 100 метраў, калі не ўбачаць зямлю, паляцяць на запасны аэрадром.

– Чаму тады паўтаралі ім, што яны на правільным курсе? Я ў сілу сваіх абавязкаў лятаў некалькі соцень разоў і ведаю, што ёсьць агульнапрынятыя правілы: калі дысьпетчар кажа, што самалёт на правільным курсе, то ён ідзе на пасадку. Вядома, на пэўным этапе пілот павінен убачыць зямлю. Ня ведаю, ці быў там такі туман, што нават на вышыні 20 метраў не было відаць узлётна-пасадкавай паласы. Але ў любым выпадку яны атрымалі каманду аб неабходнасьці ісьці на другі круг, калі ўжо былі ў безнадзейнай сітуацыі [гэта было на вышыні 50 метраў, а не “на вышыні прыняцьця рашэньня” 100 метраў. – Аўт.].


– Выходзіць, занадта даверыліся дысьпетчарам?..

– Пілоты давяраюць дысьпетчарам. Расейцам няма чым сябе апраўдваць, яны павінны былі зачыніць аэрадром. Аргументацыя пра страх дыпламатычнага скандалу проста сьмешная, калі гаворка ідзе пра жыцьцё амаль 100 грамадзян, у тым ліку Прэзідэнта іншай дзяржавы. Яны былі абавязаныя адправіць самалёт на запасны аэрадром.

Дарэчы, зусім нядаўна даведаўся, што найбліжэйшы да Смаленскага аэрадром у Віцебску па невядомых прычынах таксама быў зачынены. Ня ведаю, што з Бранскім, які таксама недалёка. Гэтыя два аэрадромы знаходзяцца на адлегласьці каля 100 кіламетраў…


– Ці абмяркоўвалі вы з братам канфлікт зь пілотам урадавага самалёта, які адмовіўся ляцець у Тбілісі падчас грузінска-расейскай вайны ў жніўні 2008 года? Ёсьць розныя версіі. Што на самай справе адбылося?

– Сітуацыя была вельмі простая… Было пяцёра ўжо немаладых мужчын – самаму старэйшаму 80 гадоў (прэзідэнты Польшчы, Украіны, Эстоніі, Літвы і кіраўнік урада Латвіі), – якія хацелі ляцець у Тбілісі. На той момант не было ніякай пагрозы, таму што скончыліся ваенныя дзеяньні. Пілот не хацеў ляцець, таму што атрымаў забарону з Варшавы [няўжо з Варшавы? – Рэд.]. Галоўнай прычынай было ня тое, як аргументаваў пілот (пагроза для жыцьця), а жаданьне кіраўніка польскага ўраду Дональда Туска нашкодзіць Леху Качыньскаму: каб ён пазьней патрапіў у Тбілісі, што паменшыла б яго заслугі ў вырашэньні гэтага канфлікту. Дарэчы, тагачасны палёт майго брата ў Грузію падтрымаў прэзідэнт ЗША Джордж Буш, які адзначыў важнасьць яго грузінскай місіі. У той жа час пілот, які адмовіў Прэзідэнту Польшчы і не паляцеў у Тбілісі, пазьней атрымаў за гэта ўрадавую ўзнагароду.


– Некаторыя медыі тагачасны канфлікт пераносяць на Смаленск, заўважаючы, што камандзір экіпажу ТУ-154, які разьбіўся 10 красавіка, Аркадыюш Пратасюк быў другім пілотам падчас грузінскага палёту. І нібыта для таго, каб пазьбегнуць канфлікту, рызыкнуў пасадзіць самалёт…

– Па-першае, тады падзеі адбываліся на зямлі, а не ў паветры. Па-другое, не было ніякай пагрозы. Вылет быў заблакаваны выключна па палітычных прычынах. Прашу не думаць, што чацьвёра прэзідэнтаў і адзін кіраўнік ураду такія неразумныя, што страшна хацелі ляцець у месца баявых дзеяньняў. Хацелі ляцець, таму што ведалі, што той час нічым не пагражаў.

Пратасюку не было чаго баяцца, бо пілот, які тады адмовіў, быў узнагароджаны, а не пакараны. Прашу таксама памятаць, што адмысловы авіяполк, які абслугоўвае палёты вышэйшых польскіх службовых асоб, кантралюецца ўрадам. Прэзідэнт ня мае на яго ніякага ўплыву, і былі выпадкі, калі майму брату нават не давалі самалёт для вылету.

Такі спосаб мысьленьня ў рэчаіснасьці абсурдны. Ня кажучы ўжо пра тое, што мой брат таксама ня быў самазабойцам. Ён хацеў змагацца за пераабраньне Прэзідэнтам Польшчы. Я размаўляў зь ім за 15 хвілін да катастрофы, і ён цікавіўся здароўем мамы і маім, а не нейкімі ідэямі самазабойчага прызямленьня ў Смаленску. Гэта ўвогуле нейкая дурнота…


– Уласна, ёсьць гіпотэза, што Лех Качынскі мог паслаць Бласіка ў кабіну пілотаў, каб прымусіць іх пасадзіць самалёт…

– Гэты міф стварылі, каб зваліць віну на Прэзідэнта і зрабіць немагчымым захаваньне добрай памяці аб Лехе Качыньскім. Мой брат быў змагаром за незалежную і моцную Польшчу, а таксама Ўкраіну, Балтыйскія дзяржавы, і ў будучыні – Беларусь [гэта шляхам падпісаньня “Карты паляка”,? Этнацыду беларусаў Беласточчыны? Падтрымкай ідэі “Крысаў всходніх”?! Дзякуй, ня трэба нам такой дапамогі. Мы ўжо самі як-небудзь… – Рэд.], спрабаваў супрацьстаяць экспансіі Расеі й вёў цьвёрдую палітыку Польшчы ў Еўрапейскім Зьвязе. Цяперашні ўрад праводзіць прама процілеглую палітыку. Ня ведаю, чым гэта наканавана. Можа, урадавыя службоўцы маюць падставы баяцца Расеі, якіх не было ў Леха Качыньскага? У камуністычныя часы ён прабіўся з апазыцыйнага дзеяча да віцэ-кіраўніка прафсаюза “Салідарнасьць”, а ў сапраўднасьці кіраваў гэтым першым незалежным прафсаюзам у Польшчы, паколькі Лех Валенса – мякка кажучы – не быў да гэтага гатовы.

Гэта ўсё вельмі не падабаецца цяперашняй кіруючай партыі. Прашу памятаць, што паміж PIS (“Права і справядлівасьць”) і PO (“Грамадзянская платформа”) ў рэчаіснасьці палітычная бездань – гэта цалкам адрозныя канцэпцыі разьвіцьця Польшчы. Яны вельмі баяцца, што будзе створаны міф пра Леха Качыньскага, і спрабуюць пасьля сьмерці яго ачарніць – уласна, гэта і зьяўляецца крыніцай усіх тых гіпотэз. Яны нават казалі, што брат быў пад узьдзеяньнем алкаголю, чаго, вядома, не пацьвердзілі вынікі ўскрыцьця.

Наогул супраць Леха Качыньскага ўжо доўгі час вялася кампанія ачарненьня, паколькі ён быў для іх апошняў перашкодай для рэалізацыі іх планаў, а ва Усходняй Еўропе – апошняй перашкодай для экспансіі расейцаў. Гэта сказала майму брату прэзідэнт Літвы за два дні да катастрофы.

Паўтараю, маральную і палітычную адказнасьць за гэтую трагедыю нясе Дональд Туск і кіруючая партыя, якая вяла такую кампанію супраць Леха Качыньскага, дапусьціла падзел візітаў. Візіт Прэзідэнта быў цалкам непадрыхтаваны, паніжаны ўзровень бясьпекі, а юрыдычная адказнасьць “вядзе” ў Расею.


– Прайшло амаль 70 гадоў пасьля іншай авіякатастрофы, якая забрала жыцьцё кіраўніка эміграцыйнага ўраду Польшчы генерала Уладзіслава Сікорскага. Ці верыце, што сапраўдную прычыну Смаленскай катастрофы ўдасца высьветліць раней?

– Сікорскі загінуў падчас вайны. Там сапраўды ёсьць шмат таямніц, але эксгумацыя не пацьвердзіла тэорый, што яго забілі да авіякатастрофы. Гэта першае. Акрамя таго, вялікая частка дакументаў па гэтай справе да гэтага часу знаходзіцца пад грыфам “сакрэтна” у ангельскіх архівах.

Тагачасны польскі ўрад у эміграцыі ў рэчаіснасьці ня мог анічога зрабіць, нават адкрыць труну генерала. Сёньняшняя ўлада Польшчы, калі б хацела, можа нашмат больш.

Ня думаю, што гэта будзе так доўга працягвацца. Ужо цяпер можна шмат сказаць, і думаю, неўзабаве настане момант, калі можна будзе сказаць нашмат больш.


Гутарыў Раман Кісель, Варшава (працяг будзе)


Каментары (1)

  1. Уладзімер кажа:

    Летучы ў Смаленск, лепш нават сказаць, атрымаўшы дазвол ад Крэмля на гэта, палякі думалі, што нарэшце яны перамаглі ЗЛО і Крэмль урэшце “здаўся”.
    А вось чым гэтая выправа абярнулася.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы